-------
| bookZ.ru collection
|-------
|  Кляшторны Тодар
|
|  Вершы
 -------


   Тодар Кляшторны
   ВЕРШЫ


   «Белыя паляны, белыя гаі…»


     Белыя паляны, белыя гаі…
     Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі,
     Кружацца раямі, сыплюцца на дол,
     Апушылі хвоек срэбраны прыпол.
     А з-за лесу-гаю скача па лугах
     Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях.
     З сіняватых даляў, з сіняватай цьмы
     Хтосьці напявае залатыя сны.
     Хай галосяць ветры ў цемені начной,
     Сядзем, дарагая, пасядзім з табой.
     Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, —
     Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?!
     Хто замёў снягамі у душы вясну?
     Сэрца хто параніў – вымеў цеплыню?!
     Хто распяў з каханнем сэрца на крыжы,
     Раскажы мне праўду, любая, скажы?!
     І маўчаць пацёмкі… любая маўчыць....
     Ледзянеюць словы, і душа баліць…
     Белыя паляны, белыя гаі,
     Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі.
     І мярцвеюць змрокі між сівых завей,
     Прытуліся бліжай, сэрца абагрэй…

   [1926]


   Восень

 //-- I --// 

     Слаўны вечар… Пагода ліпнёвая,
     А у садзе красуецца верасень…
     Колькі яблыкаў восень ружовая,
     Залацістая восень развесіла.


 //-- II --// 

     Блудзяць хмаркі – вандроўнікі дальнія,
     Месяц косіць абмежкі ліловыя,
     Загарэлі затоны крыштальныя,
     Засмуцілася сінь вераснёвая.


 //-- III --// 

     Плачуць гусі – асеннія здраднікі,
     Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны…
     Заглядзеліся ў даль канаплянікі
     Над бялявым вянком павучыння.


 //-- IV --// 

     Эх вы, сцежкі, – дарожанькі вузкія,
     Эх ты, просінь, тыняная просінь…
     Хоць прыгожа вясна беларуская, —
     Прыгажэй беларуская восень.


 //-- V --// 

     Як прыгожы сады вераснёвыя…
     Закахаўся я ў казачны верасень…
     Колькі яблыкаў восень ружовая,
     Беларуская восень развесіла.

   [1928]


   «Завечарылася бярозавая просінь…»


     Завечарылася бярозавая просінь,
     У далях вечар дым пераліваў.
     А Млечны Шлях
     На сіняватых плёсах
     Заранкамі дарогу вышываў.
     Мне марыцца:
     Нібыта той дарогай
     З адвечнасці вярнуліся гады…
     Я не паэт,
     А хлопчык басаногі, —
     За рубяжамі свет і гарады.
     Нібы з туманаў выплыла паданне
     Пра гэта возера,
     Як сведку дзіва-дзей;
     Я ўспамінаю першае каханне
     І першы хмель разбураных надзей.
     З тае пары я шмат перамяніўся
     (Цвітуць да часу ў жыце васількі),
     О вечар, вечар,
     Што завечарыўся,
     Куды сплылі ружовыя вянкі?!

   [1927]


   «Задыміўся імжою сыр-бор…»


     Задыміўся імжою сыр-бор,
     Дробны дожджык – туман заімжыўся…
     Мне прысніўся квяцісты прастор,
     Мне наш край беларускі прысніўся.
     Бачу сон:
     Дзе у цемры вякоў
     Смуткавалі рачныя затоны,
     Зняты палкія душы з крыжоў,
     І няма ні жальбы, ні праклёнаў.
     І вось тут прыдняпроўскую Русь
     Прадавала панам Кацярына,
     Прамяняў селянін-беларус
     Сашнікі і саху на машыну.
     У вячэрнюю цемру і стынь
     Не палае лучына у хаце,
     Прамяняў беларус-селянін
     Сінявую страху на палацы.
     І пад новай жалезнай страхой,
     Дзе спляліся світальныя цені,
     Нарадзіўся Шэкспір і Талстой,
     Заспяваў беларускі Ясенін…
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Мы ідзём не плятні апяваць,
     Мы складаем паэмы машынам…
     О краіна – азёрная гладзь,
     О мая дарагая краіна…

   1927


   Зазімак


     Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
     Перасыпаў азёрную сінь.
     Стыне ўсё…
     Ледзянымі сярпамі
     Выйшла восень рабіну касіць.
     Тоўпы зор снегавым пералівам
     Разматалі ў палях павады.
     Быццам коні з намыленай грывай,
     У пацёмках застылі сады.
     Хтосьці там, у шырокім прыволлі,
     Дзе узмежкі гараць серабром,
     Заспяваў пра шырокае поле,
     Засвістаў ледзяным салаўём…
     Эх, як рвецца душа у прасторы,
     Штосьці хочацца вечна кахаць
     І дзіцячае радасці зоры
     Ў ледзяных перазвонах збіраць.
     Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
     Перасыпаў азёрную сінь.
     Стыне ўсё…
     Ледзянымі сярпамі
     Выйшла восень рабіну касіць.

   [1927]


   «За кроснамі часу не прыкмеціш…»


     За кроснамі часу не прыкмеціш,
     Дзень прабег так хутка, хоць не вер…
     Што-та робіцца цяпер на свеце,
     Што на свеце робіцца цяпер?
     Вечар гасіць сонечныя плёсы.
     Усплываюць зоры ў сіняве.
     Нудна звон надломлены галосіць
     У заседжанай варонамі царкве.
     А у клубе чуюцца цымбалы, —
     Многа чутак, радасці, надзей…
     Дзень папоўз за сонныя абвалы,
     Лёг туман на дрэмлючай вадзе…
     У душы дзяўчыны парыванні
     Сэрца паляць радасцю надзей.
     Нат пастылае зблудзілася ў тумане,
     Нат нялюбае зрабілася мілей.
     Смуту дзён кудысьці ветры гоняць,
     Гоняць марныя нязбыўчывыя сны…
     Сёння ўсё на свеце камсамоліць
     Ціхаструнным водгуллем вясны.
     І цяпер,
     Калі ў нябесных плёсах
     Усплываюць зоры ў сіняве,
     Нудна звон надломлены галосіць
     У заседжанай варонамі царкве.
     Стары поп гнусавіць ад сівухі
     За прагорклы ладанам прастол…
     Дзве ці тры бяздомныя старухі
     Галавой схіляліся на дол.
     За амбонам свечкі дагараюць.
     На мурах, як лапы мерцвякоў,
     Пахавальнай дрожжу паміраюць
     Светацені пройдзеных вякоў.
     А у клубе чуюцца цымбалы, —
     Многа чутак, радасці, надзей…
     Дзень папоўз за сонныя абвалы,
     Лёг туман на дрэмлючай вадзе.
     Што-та робіцца цяпер на свеце, —
     Што на свеце робіцца цяпер…
     За кроснамі часу не прыкмеціш,
     Дзень прабег так хутка, хоць не вер…

   1927


   «Зацвілі сярэбраныя росы…»


     Зацвілі сярэбраныя росы
     У кілішках выцвілых лістоў,
     Запалілі зоры папяросы
     Над буланай грывай туманоў.
     Залатой мякінай лістападу
     Сыпле клён над скронямі акон,
     А ў галлі абветранага саду
     Месяц сплёў паўтысячы карон.
     Ледзянее ў шэрані рабіна
     Па адцвіўшай сонечнай вясне.
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Уміраюць палкія гадзіны,
     І зямля бялее пакрысе.
     Але дні златымі павадамі
     Не завяжуць сонечных пуцін.
     Не заплача сэрца з журавамі
     У туман ажвіраных далін.
     Не шкада рассыпаных гадзінаў:
     «Мы жылі, жывём і будзем жыць»,
     Бо зіяюць зоры над краінай
     І ў туман схіляюцца крыжы.
     Залатой мякінай лістападу
     Пашумяць, сумуючы, гаі…
     Скора ў сінь сталёваю брыгадай
     На палях засвішчуць салаўі.
     Зацвітуць сярэбраныя росы
     У сталёвым колеры машын,
     І запаляць зоры папяросы
     Над зялёнай пражаю далін.

   1926


   «Зноў вясна…»


     Зноў вясна.
     Зноў купаюцца далі ў разлівах,
     Зноў так чыста блакітная гладзь…
     І так хочацца ў думках маўклівых
     Залатыя палі цалаваць.
     Зноў так радасна шэпчуць дубровы,
     Зноў гамоніць аб нечым быльнёг…
     Надрываецца плачам карова
     На прыволлі ў шырокіх палёх.
     Цэлы дзень снегавыя праталкі
     Цэдзяць мутныя пырскі з гары…
     На страсе агалцелыя каўкі
     Не сціхаюць да позняй пары.
     А як вечар датлеіць за хатай,
     А як змрокі прылягуць к акну,
     За аколіцай ходзяць дзяўчаты
     І гукаюць красуню вясну…
     Эх, вясна!
     Нат нялюбаму хочацца верыць, —
     Нат пастылае стала мілей…
     Зноў палае бунтарскае сэрца
     У бязмежжы юнацкіх надзей.
     Цэлы дзень снегавыя праталкі
     Цэдзяць мутныя пырскі з гары…
     На страсе агалцелыя каўкі
     Не сціхаюць да позняй пары.

   [1927]


   Кляновыя завеі


     Як сумна, любая, дакоры
     З твайго кілішка дапіваць,
     Калі так свецяць,
     Свецяць зоры,
     Калі так зоры зіхацяць.
     Пайсці б у ноч,
     Пайсці далінай,
     Пайсці чорт ведае куды…
     Не ўсе пратоптаны пуціны,
     Не ўсе стаптаны гарады.
     Пайсці, дзе ветры на азёрах
     З лістоты выткалі абрус…
     Люблю я шыр,
     Люблю я поле,
     Люблю я маці Беларусь.
     Тут кожны куст пяе каханне,
     Тут рэчка казкаю журчыць,
     Аповесць доўгую змагання
     Тут навявае кожны крыж.
     Дарогай ў далечы пайду я,
     Пайду часамі без дарог
     І кожны кусцік расцалую
     У растрывожаных палёх.
     Калі над цінаю імшараў
     Засвішча волат гарадоў,
     Я разаб'ю пустую чарку
     На полі выпітых гадоў.
     Не буду, любая, дакоры
     З твайго кілішка дапіваць,
     Калі над шляхам будуць зоры
     Сталёвай раніцай зіяць.

   1926


   Ліст да дзяўчыны


     Скацілася сляза на чыстую паперу,
     А думкі кружацца, як тысячы лістоў…
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Патоптаных дарог ужо не мераць,
     Не заплятаць расплеценых вянкоў.
     Усё мяняецца,
     Усё ў жыццёвых хвалях
     Ляціць у небыццё, згубіўшы павады.
     Зачым я сэрца кволае параніў,
     Калі любоў закрэслілі гады?
     Цябе я не люблю…
     Ніколі не бывае,
     Каб двойчы мералі жыццёвыя пуці.
     Я новыя зарніцы сустракаю,
     Ды толькі шчырасці мінулай не знайсці…
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Жыццёвы спад мяняецца прыбоем,
     А па далёкаму далёкі перазвон…
     Ў душы знайшоў я месца для другое,
     Акорды свежыя у пералівах дзён.
     Зіялі зорамі, то крыліся туманам
     Нямыя далечы нязведаных шляхоў.
     Я па другой нашу другія раны,
     Ды толькі шчырасці ўчарашняй не знайшоў.
     Кругом снягі і мёрзлыя шыпшыны,
     Кругом балоціцца атручаная муць.
     Не вінавачу я
     Няшчырую дзяўчыну,
     Калі за грошы шчырасць прадаюць.
     Мне не шкада, што сэрца пакалечыў,
     Узбіў душу на стынучую квець;
     На сечы быць і выйсці з поля сечы
     Не тое, што прыйсці на сеч.
     Усё мяняецца,
     Усё ў жыццёвых хвалях
     Ляціць у небыццё, згубіўшы павады.
     Зачым я сэрца чулае параніў,
     Калі любоў закрэслілі гады?
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Мінае сум…
     Я расчыняю дзверы
     Ў прастор яшчэ нязведаных шляхоў…
     А ноч бялёсая, нібыта на паперы,
     Скрыпіць марозамі на аркушах снягоў.
     І хочацца сказаць:
     Жыццёвыя крыніцы
     Ну хто, ну хто слязамі не муціў?!
     Хто не збіраў срабрыстыя зарніцы
     На пустырах завеяных пуцін?!
     Але ў марозах сэрца не астыне,
     Калі вясною вее з-за гаёў…
     Мы ўсе нясём,
     Нясём сваёй краіне
     У падарунак сілу і любоў.
     І мы па-рознаму з табою, дарагая,
     Прыносім дані сонечным гадам.
     Але ідзём адзінымі шляхамі,
     Адзінай сцежкаю к вялікім маякам…

   [1927]


   Ліст у Сібір


     Засыпан Менск халоднымі снягамі,
     Пад палазамі гойсае зіма…
     Астрыжан клён асеннімі сярпамі —
     Лістоў няма…
     А помніш ростань,
     Помніш, дарагая,
     Як дагарала восеньская медзь,
     Так і душа ў шуканнях дагарае,
     Каб не гарэць…
     Тады плылі,
     Плылі на поўдзень гусі,
     Будзіў лясы
     Асенні свіст і гуд…
     А ты мяняла поле Беларусі
     На дальнюю тайгу…
     Цяпер зіма скрыпіць пад палазамі,
     Заледзянела дарагая шыр…
     І часта, часта
     Думаю начамі
     Я пра Сібір.
     За тою хмураю,
     Таемнаю тайгою,
     Шукае золата
     І ненец і тунгус…
     Здружыўся з лыжамі
     І цёплаю дахою
     Там беларус.
     Хачу да слёз расквечанай вясною
     Паездзіць там
     І ўдоўж і папярок,
     Дзе між сібірскіх зёлак галавою
     Ківае васілёк.
     Цяпер снягі…
     Вячэрняю зарою
     З пунсовай шклянкі белая зіма
     Частуе Менск наліўкай ледзяною…
     …Цябе ж няма…

   1927


   Мая любімая


     Сумна тут у мурах да адчаю,
     Здэцца, просіцца сэрца ў палі,
     Дзе вясна залатымі ключамі
     Адмыкае таемнасць зямлі.
     Эх, вясна!.. Жартаўлівая казка…
     Што папішаш?! Вядома, вясна…
     Нават камень,
     Засыпаны камень,
     Зварухнуцца прымусіць яна.
     Дайце рады!..
     На гэтай кватэры
     Кот-мурлыка ў зямлю паглядаў,
     А сягоння такім кавалерам
     Выглядае,
     Ну проста бяда!..
     Свецкім тонам гарэзлівым дамам
     Спазаранку спявае амаль:
     «Ваши лапки пахнут ладаном,
     А в ресницах спит печаль».
     Сумна тут у мурах да адчаю,
     Здэцца, сэрца – не сэрца, а лёд.
     Колькі тут сінявымі начамі
     Напаткаеш шчаслівых істот…
     Я адзін…
     Мо за гэтым і горна,
     Але што?! Хіба свет у акне?!
     Не журыся, таварыш Кляшторны,
     Не рыдай аб далёкай вясне.
     Не рыдай!..
     Там пад месяцам недзе,
     Дзе склікаецца тайна начэй,
     У гаі беларускую лэдзі
     Аклікае паэт-салавей.
     І яна – векавая бяроза —
     Лепш умее каханне дарыць…
     Ты прыпомні юнацкія крозы,
     Ты прыпомні далёкія дні.
     Помніш тую?!
     Калісьці, калісьці
     (Мабыць, горна аб тым памінаць)
     Вы ля гэтай бярозы кляліся, —
     Абяцаліся вечна кахаць.
     А пасля?!
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Вы пайшлі… Разышліся… Чужыя…
     Ты рыдаў,
     Безнадзейна рыдаў…
     Дзеўку сваталі людзі чужыя,
     Сівы конь на канюшні іржаў.
     Галасілі вятры да адчаю,
     Сумавала асенняя даль…
     Дарагую з другім заручалі, —
     Ты радзіму сваю пакідаў.
     Без радзімы,
     Пад небам чужацкім,
     За гадамі ляцелі гады,
     І гарэзлівасць гордай казачкай
     Уступала шляхі маладым.
     Шмат нязвыклага блудзіць па свету,
     Шмат з'яўляецца новых імён…
     Ты прыехаў на вёску паэтам,
     Апрануўшы другі палітон.
     І сябе не пазнаў і здзівіўся:
     Кожны жук ад цябе уцякаў,
     Кожны шпак з перапуду маліўся,
     Кожны певень з пуці саступаў,
     Не смяяліся дальнія мілі,
     Не схіляла вярба галавы…
     Прывіталася мілая з мілым
     Афіцыйна, далёка, на «вы»…
     А калісьці яна шкадавала…
     Безнадзейна рыдала без слоў…
     Праклінала,
     Сябе праклінала,
     І жыццё, і няўдалых сватоў.
     Муж – гультай,
     І на ніве, і ў клеці
     Пустата… недарод… неўмалот…
     «З-пад чужое рэдакцыі дзеці»
     У яе прыбывалі штогод.
     Што за проза?!
     І слёзна, і горна…
     І міжвольна заплакаць гатоў…
     Але што?!
     Не журыся, Кляшторны,
     На закаце юнацкіх гадоў.
     І цябе шмат разоў разлюбілі…
     Перамераны дальнія мілі,
     І не трэба ні марыць, ні сніць.
     Недзе там векавая бяроза
     Лепш умее каханне дарыць…
     Ты прыпомні жыццёвую прозу,
     Ты прыпомні далёкія дні…
     Ля кастра сінявога світання,
     У малінава-дымнай цішы,
     Яна скажа адвечную тайну,
     Зразумелую толькі душы.
     Колісь прадзед яшчэ за прыгонам
     Тут слязамі яе паліваў…
     На плакучых галінах з праклёнам
     Ён бярозавы гальштук прыдбаў.
     А пад вечар і слёзна і горна…
     Ад вяльможнага пана загад:
     «Ўсю сям'ю катаваць без разбору,
     На падмогу паклікаць салдат».
     Астрыгалі з бярозы убранне,
     Без віны катавалі дзяцей…
     Нават месяц хаваўся ў тумане,
     Назіраючы скаргі людзей…
     Дні ішлі…
     На бярозе галіны
     Адрасталі і зноўку раслі…
     Ад бацькоў пераходзіла к сыну
     Векавечная крыўда зямлі.
     І нібы неразгаданы клічнік
     Над каронай павіс уначы…
     Падышоў неўзабаве Кастрычнік,
     Загулялі на полі мячы.
     За адвечную крыўду і слёзы
     Меч паднялі і бацька, і сын…
     Ты з сябрамі ля гэтай бярозы
     Партызанскі трымаў карабін.
     І цяпер векавая красуня
     Так жа ветла шуміць і шуміць…
     Навакол маладое красуе,
     Ў Беларусі адменныя дні…
     Час ідзе, і нярэдка, нярэдка
     Саступаем з дарогі другім…
     Раскажы, векавечная сведка,
     І пра наша жыццё маладым.

   [1927]


   На зары


     На зары іскрыцца снег сыпучы,
     І мароз пушысцей на зары…
     Калі пройдзены абрывістыя кручы,
     Перайдзём дрымучыя бары.
     На зары і радасць пунсавее,
     Весялее скрыпак пераліў…
     Маладосць у казачныя шлеі
     Запрагае сонечныя дні…
     Перайдзём застыўшыя даліны,
     Перастанем верыць міражам,
     Будзем знаць сапраўдныя пуціны
     К дарагім далёкім маякам.
     Застанецца той за рубяжамі,
     Хто ў глухіх аснежаных палёх
     Вечна жыў сляпымі міражамі
     І блудзіў заўсёды без дарог.
     На зары іскрыцца снег сыпучы,
     І мароз пушысцей на зары…
     Калі пройдзены абрывістыя кручы,
     Перайдзём дрымучыя бары.
     На зары паблёкшыя начніцы
     Скрыжавалі вострыя мячы,
     Але наша ранне серабрыцца,
     Нашым зоркам граюць скрыпачы.
     На зары і радасць пунсавее,
     Весялее скрыпак пераліў…
     Маладосць у казачныя шлеі
     Запрагае сонечныя дні.

   1926


   «На палёх не шумела калоссе…»


     На палёх не шумела калоссе, —
     Цішыня… Супакой на палях…
     У рабінавым колеры восень
     Гаспадарыць пайшла у садах…
     Адвячорак… Зацішна, зацішна
     У спакоі зямной пекнаты…
     Даспявалі апошнія вішні,
     Дзе-нідзе ападалі лісты.
     Гэта фарбы жывога мастацтва,
     Пекната над усёй пекнатой…
     У вітрыне асенняга царства
     Апатычна-багаты настрой.
     Кожны вечар асенняй парою
     Абуджаюцца мары і сны…
     І плывуць вераснёўскай зарою
     На азёрную ціш туманы.
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Кажуць людзі: як падала лісце
     Над азёрамі роднай зямлі,
     Беларускія птахі калісьці
     На чужыну далёка плылі.
     А цяпер – паглядзіш і не верыш, —
     Дайце рады… не тое зусім…
     За прапелерам рэжа прапелер
     Непамерна высокую сінь…
     І тады, вось у той адвячорак,
     Як зніжалася сонца за дах,
     Дзе красуюць палі і азёры,
     Апусціўся сталёвы птах.
     І выходзілі людзі маўкліва
     (Баючыся два словы сказаць)
     Паглядзець нечуванае дзіва, —
     Нечуваных гасцей спатыкаць…

 //-- * --// 

     Спахмурнела чамусьці заранка,
     Спатыкаючы скаргі гусей…
     Пакахала да болю сялянка
     Нечуваных дагэтуль гасцей.
     Гаварылі ёй сталыя людзі:
     – Выкінь з думак турботы і сум,
     Ён паедзе… Пакіне… Забудзе…
     Не губі ты, дзяўчына, красу!..
     Ты загубіш дзявоцкі убор,
     Каб сказаць: «Гэта птахі чужыя,
     Гэта птахі не наскіх азёр».
     Ой, дзяўчына, пабойся ты бога!..
     Гэткіх птахаў мы бачылі шмат…

 //-- * --// 

     Не сказала дзяўчына нічога,
     За яе адказала душа…
     Ці таму, што мо вельмі кахала,
     Ці прывабна святло за акном,
     Яна кінула родныя далі,
     Свой пасаг… калаўрот… палатно…
     Вечарэла… Зацішна… Зацішна
     На экране зямной пекнаты…
     Даспявалі апошнія вішні,
     Дзе-нідзе ападалі лісты…
     Гнала восень туман на азёры…
     Асыпаў свае колеры мак…
     А дзяўчына у той адвячорак
     Прамяняла сяло па рабфак…

   [1927]


   Пад шум ветру


     Верас сплёў залатыя вянкі,
     Чорны бор зажурыў свае бровы,
     І галосяць тугой ветракі
     У завеях пажоўклай дубровы.
     Сумна мне!.. Ў ціхай казцы лістоў
     Чую нешта, таемнае чую:
     Быццам коні – пад свісты вятроў
     Паняслі ад мяне дарагую.
     Што ж,
     Пазвоняць на ростань лісты,
     Пагалосяць імжою застрэшшы,
     А ў бялёсы туман журавы
     Прачытаюць апошнія вершы.
     Пасумуюць кляны ля акна,
     Ветры буйныя смуту разгоняць…
     Нашых дзён залатая вясна
     Не пакіне ў душы камсамоліць.
     Нашых дзён залаты пераліў
     Панясе мяне ў далеч нямую.
     І між сівых жыццёвых далін
     Напаткаю яшчэ дарагую.
     Верас сплёў залатыя вянкі,
     Чорны бор зажурыў свае бровы,
     І галосяць тугой ветракі
     Ў жоўтым золаце любай дубровы.

   1926


   «Плачуць асеннія клёны…»


     Плачуць асеннія клёны…
     Месяц лісты палічыў…
     Нехта знайшоў міліёны,
     Нехта душу загубіў…
     Нам вось нічога не трэба,
     Наша пры нас заўсягды…
     Дальш ад цнатлівага неба,
     Дальш ад смяртэльнай бяды.
     Сядзь, дарагая Галіна,
     Годзе, аб чым сумаваць…
     Шчасце заўсёды – хвіліна,
     Шчасце няможна губляць.
     Нам не патрэбна багацце,
     Клець і чужая павець…
     Будзем над горам смяяцца,
     Праўдзе у вочы глядзець.
     . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
     Прыйдуць другія варункі,
     Будзеш далёка – не плач…
     Я і ў лістах пацалункі
     Буду табе пасылаць…

   1927


   «Раніца…»



     Раніца…
     Сонца з-за ўзгоркаў не выйшла
     Ў росах свой твар паласкаць.
     Шэпчуць калоссямі ўзвышшы,
     Пахне расой сенажаць.
     Гай апушыўся туманам,
     Гай заглядзеўся у высь, —
     Кудрамі лісцяў з кургана
     Ў прозалаць возера звіс.

   1926


   У дарозе

 //-- (З паэмы) --// 
 //-- * * * --// 

     Дзень згараў…
     Заціхалі ў палёх перазвоны.
     Майскі вечар чаромху не мёў…
     Захлынуліся вокны вагона
     Сіняватым вячэрнім агнём.
     А за вокнамі цені скакалі
     Табунамі ліхіх рысакоў…
     Ціха таялі
     Ў звонкія далі
     Пераліўныя хвалі палёў.
     Бедных ніў
     Залатое прыволле
     Задрамала ў тынянай цішы…
     Эх ты, поле,
     Бязмежнае поле!
     Люба мне беларуская шыр!
     Хай сягоння сявалкамі вёсен
     Сее смуту ў палёх недарод…
     Нашы дні —
     Не журботная восень,
     Нашы дні —
     Грамавы веснаход.
     Хоць палі нашы
     Бедны вясною,
     Але час наш
     Святлей і мілей,
     Бо над нізкай сялянскай страхою
     Палымнеюць зарніцы надзей.

   1927


   Успамін


     Вячэрнія сцені апалі…
     Над рэчкаю дрэмле сасна,
     А там,
     У бярозавых далях,
     Блакіт асыпае вясна.
     Я першую песню калісьці
     Складаў а такой жа пары…
     Шапталася соннае лісце
     Ў вячэрніх агарках зары.
     Дрыжалі зыбучыя хвалі,
     Каціліся ў сінь туманоў…
     Гуслярылі звонкія далі
     На струнах лясных салаўёў…
     Мінаюць і дні і нядзелі
     (Мінулага зноў не сустрэць),
     Агаркі зары дагарэлі,
     А песні ў душы не згарэць…
     Я першую песню калісьці
     Чароўнай вясне падарыў,
     Тады залацістае лісце
     Цвіло ў пералівах зары.
     Вячэрнія сцені апалі,
     Над рэчкай драмала сасна.
     А там,
     У бярозавых далях,
     Блакіт асыпала вясна.

   1927


   «Ўпрадае дым у залатую гладзь…»


     Ўпрадае дым у залатую гладзь,
     Па-над прасторамі бярозавая просінь,
     Ружовы дзень спусціўся падрамаць
     За верхавінамі смалістых сосен.
     Мядовы водар кружыць галаву…
     У цішыні задумаліся далі.
     Рамашкі белыя аснежылі траву
     І ў туманах салодка задрамалі.
     О родны край, – саломеныя хаты…
     Люблю прастораў казачную муць.
     Іду адзін,
     А тысячы крылатых
     Мне пра любоў адвечную пяюць.
     Тут паланець душа не перастане,
     Тут не астыне ў жылах кроў…
     Тут кожны крыж – адвечнае змаганне,
     Тут кожны куст – адвечная любоў…
     О, тут усё…
     Так хочу жыць і верыць, —
     Аддаць душу прыгожасці палёў,
     Гатоў скакаць вясёлым піянерам
     Пад залатыя гуслі салаўёў.
     Па-над прасторамі
     Бярозавая просінь
     Ўпрадае дым у залатую гладзь,
     За верхавінамі смалістых сосен
     Ружовы дзень спусціўся падрамаць.

   [1928]