-------
| bookZ.ru collection
|-------
| Каганец Карусь
|
| Бывалы Юр у Менску
-------
Карусь Каганец
БЫВАЛЫ ЮР У МЕНСКУ
– Трэк… мг… трэк… трэба пайсці за імі паглядзець, што такое трэк, бо хоч не мала свету з'ездзіў, а трэка не бачыў.
Так размышляў Юрко Мілюк, ідучы па самай доўгай вуліцы нашага горада.
– А бач!.. Здаецца, Пракоп?
– Ён самы, а вы чы не Юры Мілюк?
– Але ж.
– А я і не пазнаў бы, каб не загаварылі.
– Бо даўно ж і бачыліся, гэта ж яшчэ як я на Капказі не быў. А ты тутака служыш, чы што?
– А як жа, вось у гэтым доме дворнікам, а вы докуль ідзеце?
– А вось іду трэка пабачыць, што за штука такая. Іду – чую, гэтыя паны кажуць да сябе: «Пойдзем на трэк». Я думаю, што за трэк, і пайшоў за імі назіркам. А ты бачыў калі трэк?
– А-ей, чы раз!.. Толькі там дарам не пусцяць, трэба білет браці.
– А шмат плаціці трэба?
– Не лішняе… па залатоўцы.
– А можа маеш час, так пойдзем разам, я і за цябе заплачу?!
– Ну што ж, хадзема! Ну што ў вас чуваць? Здаровы ўсе?
– Ат, што… Ад ліха ціха, добрага не чуваць. Жывём сяко-тако, дзякаваць богу. А гэта што за гай?
– Губернатарскі сад называецца, тут гарадскія гуляць ходзяць. Тутака і трэк, і тэатр ё, і рэстаран… Вось і трэк. Тутака ў гэтай будцы білеты браць трэба.
– А дзе гэта музыка іграе?
– А тутака ж на трэку…
– Так на ж табе, Пракоп, дзве залатоўкі, вазьмі білеты! Чы бачыш які кленнік харошы?.. Эх каб мне такі.
– Та вот лепей пойдзем! Наце білет! Толькі схавайце добра, каб не згубіці!
– А гэта што за паветка? Там нейкія цацкі відаць.
– Гэта тут у цэль страляюць, у гэтыя цацкі.
– Хіба яны плату вялікую бяруць за гэта, бо адкуль жа б гэтых цацак набралася!
– Та з гэтай стрэльбы нічога не папсуеш, толькі лясне, як бы гарошынай кінуў. А бяруць, добра не ведаю колькі, здаецца, чы ні па грыўні, а мо і па саракоўцы… не ведаю.
– А гэта шыбеніца што азначае?
– Гэта ж гімнастыка, тутака панскія дзеці чапляюцца, а гэта гыганы…
– Але… Гэта я зразу не разабраў. Вот мой божа! І гарадскія маюць ахвоту чапляцца… Нашы то за птушкамі, а яны птушак не маюць, так вось яку штуку прыдумалі. А дзе ж той трэк? Нешта я ніяк не цямлю, што гэта трэк.
– А вось гэта кругловіна.
– Так вось што трэк!.. Гэта ж тут на ласіпедах ганяюцца адзін за другім. А гэна пасярэдзіне што?
– Гэта?.. ай, та я і забыўся. Сапраўды, чакай!.. Здаецца, тры… гу… на. Ага, трыгуна – тутака пузатыя паны засядаюць і глядзяць, як падхорцістыя панічы кругом лятаюць, каторы каторага абгоніць.
– Цяпер я цямлю. А, бач, што гэта, чы гэта яны нарокам так у кучу ссыпаліся?
– Да дзе ў ліха нарокам… Адзін як скінуўся, так другі, разагнаўшыся, не можа здзержаці і валіцца на яго, а на таго трэці, і так усе.
– Калі так, то, пэўна, ім не да смеху, але здалёку гледзячы, так дужа ўцешна. Быў я ў цырку, так і там хораша скачуць, то ўсе на адзін лад, а тутака: той выпучыцца, той скуліцца, той набок перакрывіцца, той носам, той патыліцай, а ўсе рукамі і нагамі махаюць, быццам што злавіці хочуць. О! так аднача ім добра падаставалася… Бачыш, як крыўляюцца? Адзін так сам і не ўстане… Вось так забава! А паветкі гэтыя навошта?.. Ага, тут у невашта іграюць… у шашкі, чы што?
– Не, гэта не шашкі; у шашкі – так усе хвігуркі аднакай формы, толькі адны белыя, другія чорныя, а тут, бачыце, усякія: і малыя, і вялікія, то як бы вежы, то як коні, а гэта сама вышша то караля азначае, трошкі меншая – то каралева… Гэта па-расейску «шахматы» называецца, а паны называюць «шахы». А ў той паветцы нейкія галкі кідаюць, адно не ведаю, як ту ігру называюць.
– Давай лепш музыкі паслухайма! Гэта лепш за ўсё.
– Так сядзьма вось у лаўкі! Яны ж дзеля таго пастаўлены.
– Калі блізка вельмі, неяк глушыць. Пойдзем хіба на гору, у гэны хвойнічак, там пасядзім!
– Ідзема!
– Але тут такі месца харошае…
– Ат, нішто; і ўсё ж такі троха маркотна па старане, злашча як касьбу згадаеш.
– А каб гэта, Пракопе, нам у тэатр пайсці? Яшчэ ні разу не быў.
– Абы грошы.
– А колькі ж трэба?
– Зараз пабачым. Хадзем! Вось бачыце, вашэць, чырвону паперу наклеену! Там напісана.
– Гэта на той стадолі?
– Але… Гэта не стадоля, а тэатр.
– Ага. Я перш думаў, што гэта провар, але бачу – вокан няма, ні комінаў, так змеркаваў, што стадоля. Ажна гэта тэатр, мг…
– Сягоння іграць будуць «Хаджы-Мурата», а найменша плата, на галёрцы – семнаццаць капеек, толькі там стаяці трэба.
– Ну то што?.. чы мы не прывычны?
– Толькі яшчэ рана… тут пішуць, што зачынаюць прастаўляці ў дзевяць часоў, а тапер восьмы. Вашэць, мяне тутака пачакайце. Я толькі збегаю…
– А ты мяне знойдзеш?
– Знайду, толькі не адходзьце далечэ…
– Хаджы-Мурат… гэта штось як бы капказкае. Як бы бісурманьскае імя… Бачыш як здароўкаецца… адно мак зацвіў… вось зачырванелася… А вот і Пракоп.
– Вашэць тут? Хадзема білеты браць!
– Каб ты, Пракопе, ведаў… ха-ха-ха!.. што я тутака чуў і бачыў… ха-ха-ха!..
– Потым скажаце, тапер бярыце білеты! А то дайце грошы, я вазьму!
– На, браце. Ха-ха!.. вось так пацеха…
– Наце! хадзема месца заняці, а то потым не ўбіцца! Што вы такое смешнае ўбачылі?
– Та як тут не смех? Стаю я гэта, бачу: ідуць тры панічы як панічы, а насустрэчу ім якась пані садзіць. Пані маладая, ніштавата сабою, у капелюшы з рашато. Толькі мя зацікавіла, што яна на аднаго з тых панічоў неяк углядаецца. Ён пакланіўся і далей хацеў ісці, та яна яго прытрымала: «Чаму гэта, пытае, пан к нам ніколі ўжо не заходзіць?» – «Часу не маю, усё занят». – «Так ідзём тапер!» – «Не магу». – «Чаму?» – «Так… у тэатр іду». – «Ага… так прыходзь, пан, заўтра!» – «Добра… а калі пані дома бывае?» – «Хоч калі, буду чакаці». – «У восьмым часу можна?» – «Чаму не? Але прыходзь, пан, раней, штоб даўжэй разам пабыць!» – «Што?.. можа і даўнейшы часы можна будзе памянуць?» Пані пачырванела і кажа: «А што ж…» – «А муж?..» – «Мужа дома нямашака, але каб і быў, то нічагутка… Ён добры… Ну, бывай, пан, здароў! Чакаю». І гэтак пры народзе, чы ж гэта не смех? Ха-ха-ха!
– Чы гэта навіна! У нас гэта часта бывае. Нашто ўчора, вось на гэтай дарожцы, на той вось лаўцы, тры панічы і тры паненкі па пары абняўшыся сядзяць і чым дужы цалуюцца, Ну, але годзі! Трэба ісці, бо зараз прастаўленне зачнецца.
– Э… а на трэку такі музыка харашэй іграла… Ну, а чаму гэта ніякага прастаўлення не відаць?
– Чакайце, зараз гэту завесу чырвону падымуць.
– А бач! Вось дзе завеса прадрана, так праз тыя дзіркі відаць, як якіясь людзі там варушацца.
– Цсы, ужо вось падымаюць.
– Уга, так іх тутака шмат! І што гэта за народ прастаўляецца? Хіба запарожцы?.. Бо я на малюнках бачыў – так такая ж вопратка. Та як мне паведаў, то ў нас усё дваранства ў гэтакіх кунтушках хадзіла.
– Сказаў бы, та сам не ведаю.
– А гэты, што сядзіць і гарэлку п'е, то саўсім расейскі ямшчык, адно браню мае. Чакай, хіба гэтага паніча спытаю.
– Што ж, ён, пэўна, знае.
– Выбачайце, панічыку, што я ў вас спытаю!
– А што такое?
– Што гэта за народ і што яны прастаўляці будуць?
– Гэта грузіны, а прастаўляці будуць, як лезгін грузінску дзеўчыну ўкраў, нарачону аднаго малайца, а яна ад лезгіна ўцякла, і калі яго грузіны злавілі, хацелі расстраляці, аказалася, што гэта яе брат быў.
– Выбачце, панічыку, але яны неяк на грузінаў не пахожы… Я, бачыце, троха жыў на Капказі. Яны-то носяць кунтушы, та не такія зяхратыя. Што я бачыў, так суконныя цёмныя, а найболей саўсім чорныя, або шаўковыя серабрыстыя з лелевым пералівам. Толькі падбіўку зяхрату даюць, і кунтушы іхнія доўгія, аж па костачкі, а рукавы аж па лыткі вісяць. І гэта толькі старшыя дваране, а маладзеж, то ўсе ў чаркесках гуляюць.
– А хто іх знае. Можа ў тэатры вопратак грузінскіх няма.
– А хто гэта? Мяснік якісь, чы што?
– Гэта ж Хаджы-Мурат, лезгін, каторы мае грузінку ўкрасці.
– Цікавасць! Я колькі быў на Капразі, так пузатага лязгіна не бачыў, бо і дзе ж яму па гэтакіх гарах пуза цягаці. А яны ж як козы чапляюцца… Яны ж не жывуць пры месцы, як другія, бо яны гарачыні не любяць… На лета ідуць у самыя горы, а на зіму на ніз спускаюцца.
– Так вы бывалы чалавек.
– Ат, паездзіў па свеце. Бачыце, я ў дохтара служыў… Так за ім…
– А вось і грузінкі выйшлі. А вось і маладая… Гэта яны нарачонага выйшлі спаткаці.
– Мг!.. Чаму гэта я, што бачыў, то ўсе ў чорнай вопратцы, як манашкі, толькі на лобі абручок залацісты, так у пальцы два шырыні… Гэта лезгінкі і татаркі ў чырвонае адзяюцца, толькі татаркі паверх белае пакрывала яшчэ накідаюць. Дзякую, панічу, што аб'яснілі.
– Ну, Пракопе, мо пойдзем да мяне, павячэраем?!
– Яшчэ ж гэта не канец. Яшчэ дзве часці будуць.
– А бог з імі, калі нічога ўцешнага няма… А то паглядзім другой часці. Аднака звоняць ужо… Можа будзе весялейша.
– Ну што, як гэта спадабалася вашэці?
– Ат, мала. Адно гэты Давыдка так уцешны. Найболей як стаў прыказваць, а злашча пра Манджурыю, як нашы рускія храбрацы ўсё ліха забралі… ха-ха-ха!.. Но!.. Але ідзём!
1902 г.