Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 23

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 23 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 17 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Ізноў на Маскву!

Часам вялікаму канцлеру Княства здавалася, што не будзе канца з выплатамі войску. Пасля смаленскага і «сталічнага» жаўнера надыйшла чарга інфлянцкага. 23 лютага 1614 года ў Вільні Леў Сапега ў значнай меры прафінансаваў належнасці скарба Княства сканфедэраванаму войску, узяўшы ў арэнду новападвышанае мыта. Заадно атрымаў значныя асабістыя карысці. Накінутыя соймавымі канстытуцыямі дэпутацтва па недаплочаных падатках у Вялікім Княстве і камісарства да мірных перамоваў з Масквою таксама належала вытрымаць. Нездарма кажуць, дужы конь і цягне дужа.

– Мушу прызнаць, Найяснейшы пане, – Леў Сапега пахіліў галаву ва ўдаванай скрусе, – місія пана Доннэрсмарка не прынесла поспеху.

Жыгімонт махнуў зграбнай далоняй. Акурат на пераломе гадоў разам учынілі марную спробу пасярэдніцтва цэсара ў стасунках з Масквою.

– Марныя з нас рыбалкі ў гэтай справе. Як любіць казаць мой сын, справа ўжо за сеткаю. Зоймемся іншымі.

Канцлер адказаў на прызнанне ветлівай усмешкай.

– Паведамленні пра намер Міхаіла Раманава выслаць пасольства ў справе абмену палоннымі пацвердзіліся, – вялікі канцлер пазбягаў тытулаваць маскоўскага ўладара вялікім князем, а тым больш царом.

– Што ж, яго можна зразумець: бацька ў палоне, дзядзькі.

Жыгімонт здагадваўся, што канцлер схільны адгукнуцца на маскоўскія памкненні, каб не абрываць ніводнай, нават кволай сувязі.

– Было б згодна з нашымі мэтамі, Міласцівы пане, прапанаваць баярам перамовы ў адказ на гэтыя намеры. Міхаіл Раманаў слабы ўладар, але вяртанне бацькі можа ўчыніць яго моцным.

Вызваленне мітрапаліта Філарэта было палітычна мэтазгодным і адначасна небяспечным. Канцлер прымоўк у чаканні мажлівага пярэчання караля, але той маўчаннем выразна паказаў згоду і Сапега працягваў: – Масква хутчэй схіліцца да мірных перамоваў, калі выправім каралевіча з войскам да Смаленска. Маскавітаў можа змусіць толькі вайсковая сіла, тым больш, што не адмовіліся ад свайго шведы.

Жыгімонт узняў на канцлера дапытлівы погляд.

– Але ж прынц Філіп не прыняў маскоўскага прастолу. Ці вестка была памылковаю?

– Вестка дакладная, Міласцівы пане, з той папраўкай, што менавіта Масква не прыняла прынца, – падкрэсліў Сапега. – Але ў студзені Эверт Горн, новы камандуючы шведскім войскам у Ноўгарадзе, прапанаваў наўгародцам прысягнуць самому шведскаму каралю.

Паварот шведскай палітыкі быў істотны і ў чымсьці нагадваў нядаўнія захады самога Жыгімонта… У такой наўгародзка—шведскай вуніі стакгольмскі прастол не вырвеш. А на Маскве канкурэнцыя з Густавам Адольфам была б яшчэ цяжэйшай. Асабліва калі памятаць пра яго здольнага дваццацівасьмігадовага канцлера Аксэля Оксэнштэрну.

– А дзе ж падзеўся Дэлагардзі? – кароль пабочным пытаннем выгадваў час на роздум.

– Дэлагардзі незадоўга выправіўся да Швецыі, – патлумачыў вялікі канцлер. – Я мяркую, атрымае новыя задачы. Адна з мажлівых – вайна з Рэчай Паспалітай разам з маскоўскім хаўруснікам.

– Можна чакаць, што маскавіты не дазволяць Ноўгараду такой здрады? – з ноткай надзеі прамовіў кароль.

– Нават недасведчаны ўладар не прыстане на страту такой важнай зямлі, – супакоіў Сапега. – Пачакаем далейшых крокаў Масквы і Стакгольму. Маскве, Міласцівы пане, належыць першы, – удакладніў ветліва. – З дазволу Вашай міласці дапамагу ў гэтым абодвум…

Нешта ў словах вялікага канцлера падалося каралю падкрэсленым. Ці не спрабуе намёкаў наконт Смаленшчыны?

Прапанова Густава—Адольфа не прайшла, то восенню 1614 года ён сам заявіўся ў маскоўскія абшары. Пасля двух прыступаў захапіў Гдоў, але пара была позняя, і кароль вярнуўся ў Швецыю, паабяцаўшы незгаворлівым маскавітам аблажыць Пскоў, калі не пагодзяцца на выгадны яму мір.

Што там наперадзе, а пакуль Масковіі ўсё ж крыху палепшала. Яшчэ ў першыя дні ліпеня на Мядзьвежым Астрогу ракі Яік былі схоплены Зарудзкі і царыца Марына з сынам. На Маскве атамана чакаў кол, трохгадовае дзіця – шыбеніца. А Марыну ці то спалілі, ці то задушылі, альбо ўтапілі. Найбольш міласэрныя пераконвалі, што памерла ў каломенскай вязніцы. Як бы ні сталася насамрэч, усе прысуды цар—бацюшка Міхаіл нібыта зацвердзіў з прыемнасцю. Ад гэтай пары пагражаць яму мог толькі Уладыслаў Жыгімонтавіч з той баярскай граматай, званай лаціннікамі дыпломам. А каралевіч не толькі пагражаў… Хадкевіч вырушыў на вайну ў лістападзе1614года з разбітым сэрцам, не адгараваўшы смерць адзінага сына. Можа і гэтым тлумачыцца ліст да караля, у якім гетман, зганіўшы палітыку Жыгімонта адносна Масквы, звінаваціў яго ў скупасці, недальнабачнасці і няспраўнасці. Асабліва абурала гетмана прапанова пачаць з маскавітамі перамовы аб міры, без падтрымкі дастатковай ваеннай сілай.

«Без войска…вабіць непрыяцеля трактатамі тое ж, што галоднаму прасіць хлеба ў таго, хто мае ў сваіх руках вольнае ім распараджэнне.»

Хадкевіч спрабаваў давесці, што Сойм не выконвае свайго прызначэння і не прыносіць карысці краіне. Заканчваў ліст горкімі словамі: «Служылася досыць працавіта Вашай Каралеўскай Мосьці і Рэчы Паспалітай ад першага квету маёй маладосьці, астатак веку рады быў бы прысвяціць сабе. Ужо і компас мне паказвае з палудня на вечар. Доўга мяне поле, доўга мяне зброя трымала, час пры каміне аддыхнуць.»

Гетман суворым поглядам нагадаў пісарчуку, што балбатаць пра напісанае не варта нават з самім сабою!

Але Жыгімонт адпачыць не дазволіў, нават папомсціўся, абыходзячы ўпартага гетмана, заадно і родзічаў, пры чарговай раздачы авансаў і добраў.

На думку гетмана Смаленск быў ключом да ўсходніх абшараў Вялікага Княства і менавіта тут патрабавалася моц. Шчуплы гарнізон пакуль што адбіваўся ад шматлікіх маскоўскіх сіл, па ўсёй усходняй мяжы Вялікага Княства ішла “шарпаная вайна” малымі рухлівымі атрадамі. Як заўсёды, не было грошай, неставала войска, а што горш, нехапала разумення ўрадоўцамі сваіх задач.

«Пра ніякую абарону межаў ведаць не хоча, – скардзіўся гетман Янушу Радзівілу на падскарбія Княства. – Interim, тым часам, бярэ сілы непрыяцель, не толькі сцісканнем Смаленска, які я ўжо аплакваў, але таксама няспынным дзяржаў Яго Каралеўскай Мосьці infestovaniem, загражэннем.“ Але шчыры каталік ніколі не здаваўся на адно божае спрыянне.

– Штож, вашмосьці, пацяплела, палягчэла, красавік, – Хадкевіч пахмурна выглянуў у ваконца. – пара падумаць, чым азвацца да незычлівага суседа.

Перавёў вочы на сваіх ваяводаў.

– Застаяліся коні, яснепане! – зухавата адклікнуўся Аляксандр Лісоўскі. – Ды і зухі мае тлушчам аплываюць.

– Не дужа тое пагражае на каралеўскім харчу, – засмяяўся Ян Кішка*, полацкі ваявода. – Але прабегчыся па суседзкіх абшарах не зашкодзіць.

Здагадваўся, дзеля чаго гетман паклікаў іх абодвух. Іхнія «зухі» найлепш прыдаваліся да кавалерыйскіх рэйдаў, майстрам якіх сам гетман быў змоладу. Калі ўдасца спустошыць тыл маскавітаў і збянтэжыць тамтэйшыя ўлады, ўзяцце Смаленска ці ўварванне на Беларусь стане немагчымым. Хадкевіч менавіта на гэта разлічваў.

– Гарнізон мы заправіянтавалі, порах маюць, выстаяць з Божай і нашай дапамогай. А вы, паны—браты, па пяць тысяч пад штандар і для пачатку на Старадуб і Бранск!

– Як я разумею, пане гетман, – пахіліў галаву Лісоўскі, – войска блізу горада не трывожыць?

– Не трывожце, – усміхнуўся Хадкевіч. – Бо што нам застанецца? Мы ім не дамо драмаць. Думаю, цар пашле на вас Пажарскага. На сёння, мабыць, самы здольны. Хіба яшчэ Бутурлін.

Ваяводы кіўнулі на згоду.

– Пакуль Пажарскі вырушыць, мы да Калугі даляцім, – Лісоўскі падміргнуў сябру па набегу.

Ян Кішка адказаў упэўненай ухмылкай. Яго казакі не саступалі лісоўцам, а паслухмянасць была вышэй.

– Усё ж будзьце пільнымі і памятайце, што ваша задача ўзбаламуціць тылы і не так знішчыць, як адцягнуць на сябе пабольш маскоўскага войска, – напомніў гетман на развітанне.

Цар сапраўды паслаў на Лісоўскага князя Пажарскага з ваяводам Ісленьевым. Сутыкнуліся ля Арлова гарадзішча. Маскавіты не выстаялі і пабеглі разам з Ісленьевым*. З Пажарскім засталося ў калёсным лагеры шэсць соцень супраць двух тысяч лісоўцаў. Усё ж Пажарскі выстаяў, адбіў сцягі і літаўры, нават захапіў у палон трыццаць чалавек, а Лісоўскі адыйшоў за Арол. Ісленьеў вярнуўся і ўсе разам пагналіся за Лісоўскім. Але той за дзень і ноч праляцеў паўтары сотні вёрст, ледзь не захапіў Болхаў і кінуўся да Белева. Ваявода Міхаіл Далгарукі* ў страху кінуў горад і ўцёк у чыстае поле. Такім жа чынам быў пакінуты Пярэмышль. Сваім звычаем Лісоўскі абодва гарады падпаліў і скіраваўся да Калугі, але Пажарскі паспеў паслаць туды дапамогу. Толькі ратнікаў у Пажарскага ўсё менела, разбягаліся па дамах і гарадах. А тут і самога князя, захварэўшага, адвезлі ў Калугу амаль паміраючага. Казанская раць, ледзь з'явіўшыся, дачулася пра хваробу князя і пабегла да Казані. Адной раці Пажарскага пераследваць Лісоўскага было не пад сілу. Таму адкрыўся шлях ва ўсе бакі і ён прайшоў па ўсёй ваколмаскоўскай старане. Фёдар Шарамецеў* з вялікім войскам ледзь адседзеўся ад Лісоўскага ў Ржэве на шляху да Пскова. Ніводзін з пасланых царом ваяводаў не мог насцігнуць лісоўцаў. Раззлаваны цар наклаў на няздар апалу, а князя Даўгарукага і іншых ваяводаў, пакінуўшых гарады, загадаў біць бізуном. На стратэгію гэта нажаль не ўплывала.

Затое Льву Сапегу лягчэй размаўлялася з царскім пасланцом Жэлябужскім* падчас Сойму 1615 года, хоць і паспрачаліся наконт двух уладароў Масковіі: Міхала ў Крамлі, Уладыслава ў Рэчы Паспалітай. Хто з іх цар, а хто вялікі князь, ці абодва адно і другое? Пасланцу дазволілі размову з мітрапалітам Філарэтам і перадачу лістоў ад цара—сына, але толькі ў прысутнасці Льва Сапегі. – Пасадзілі сына твайго на Маскоўскую дзяржаву адны казакі, – прамовіў вялікі канцлер. – Сачы, мітрапаліт, за баярамі.

Ведаў, што ўзрадуе палоннага сваім выказваннем, шмат пастараўся бацька для сына і не азвацца з гэтай нагоды было б нягжэчнасцю. Філарэт Раманаў узняў на Сапегу стомленыя вочы.

– Хто б ні пасадзіў, але ж усселіся! Па нашаму атрымалася, не па вашаму. Час міне, імянітыя таксама прыхіляцца. Пакінуць лаціннікаў, сушчых акі псоў, вядомых ворагаў Божыіх!

Давялося канцлеру праглынуць горыч. Але выстасаваць грамату ад паноў—рады Вялікага Княства да маскоўскіх баяраў з прапановай міру не забыўся. Прапанова была своечасовая, тым больш, што раптоўна ўскладнілася сітуацыя на поўдні Рэчы Паспалітай. На Сойме Сапега выказваўся за мірныя перамовы, аднак падтрыманыя аргументамі мілітарнай сілы, каб атрымаць як найбольш карысьці. – Нажаль, як шмат разоў раней, ад мінулага году ўвесь цяжар абароны ад усходняга суседа лёг на Вялікае Княства, – прывычным тонам папроку даводзіў Леў Сапега. – На плечы такіх ваяроў, як Крыштап Радзівіл. Паколькі Карона не паспяшалася з дапамогай, мы былі змушаны на пасіленыя старанні дзеля атрымання грошай на вялікалітоўскае войска. Лічу патрэбным паведаміць, што ўчынена ўладамі Княства, дзеля пакрыцця коштаў вайны і мажлівасці правесці неабходныя наступальныя дзеянні.

Канцлер кінуў погляд на лавы вялікалітоўскіх паслоў. Адтуль былі патрэбны ўхвальныя воклічы і прыхільны гул. Не ўсе густавалі ў наступальных войнах. Але шмат хто з каронных быў схільны вінаваціць Сапегаў у жаданні вярнуць Вялікаму Княству моц і значнасць часоў Вітаўта. У тыя гады не адзін манарх прагнуў мець яго хаўруснікам, бо ад Вялікага Княства часта залежала быць ці не быць міру ў Еўропе. Перамога над Масковіяй вельмі паспрыяла б сапежанскім марам.

– Пасля Канвакацыі сэнатараў ад жніўня 1615 года мы правялі соймікавую кампанію перад галоўным з’ездам у Вільні, – працягваў Леў Сапега. – Літоўская канвакацыя ў першай дэкадзе кастрычніка, у якой я прыняў удзел асабіста, закончылася адпаведнымі ўхваламі. Баюся, нам ізноў давядзецца склікаць Канвакацыю, каб атрымаць сродкі на вядзенне вайны.

Ухвальнага гулу з паслоўскай гурмы не дачакаўся. Давядзецца Княству бараніць усходнюю мяжу сваім шчуплым войскам, ды рознымі палітычнымі хітрыкамі.

Як і прадбачыў Леў Сапега, Сойм скончыўся правалам. Добра ўжо тое, што пры ягонай падтрымцы швагер Крыштап Радзівіл нарэшце атрымаў булаву польнага гетмана. Сам канцлер на пераломе мая і чэрвеня заняўся вялікалітоўскай Канвакацыяй, падчас якой ліцьвіны пагадзіліся на два паборы.

Кароль Густаў—Адольф, як і абяцаў, летам 1615 года паспрабаваў аблажыць Пскоў, але мусіў адыйсці, а 6 снежня нарэшце падпісаў перамір’е з Масквою. Але з—за Смаленска даходзілі трывожныя весткі і трэба было рыхтавацца да горшага, бо Масковія вызваляла значныя сілы.

Усё ж пакуль Масковія была занята замірэннем, крыху ачомалася і Рэч Паспалітая. Вясенні Сойм 1616 года для вялікага канцлера Сапегі выдаўся вельмі працавітым. Ад поўначы пагражалі шведы, з усходу – маскавіты, а на поўдні не слабела турэцка—татарская небяспека. Не дзіва, што паслоў найбольш займалі справы абароннасці дзяржавы.

– Небяспека ад поўдня будзе існаваць, пакуль мы дыпламатычнымі размовамі не паслабім непарушны татарска—турэцкі хаўрус, – даводзіў вялікі канцлер Княства. – Пакуль не спынім свавольства можных на поўдні Рэчы Паспалітай… Канцлер прыпыніўся, сцягваючы ўвагу да палітычна завостранай часткі прамовы. Гул, сапраўды, прыцішыўся.

– Лёгкадумныя людзі неаднораз ставілі Рэч Паспалітую перад пагрозай, – Сапега ўзвысіў голас. – не з прычыны нападу непрыяцеля, а дзеля пыхі, на якую так хварэюць можныя паўднёва—ўсходніх ваяводстваў Кароны. Паны Міхал Вішнявецкі* і Самуэль Карэцкі* ўварваліся да Малдовы і памянялі гаспадара, нібы аканома на фальварку. От так, па—сваяцку уладкаваўшы замест Стэфана Томжы* ўласнага швагра Аляксандра Магілу*! Ім нават не засвітала ў галаве, што ў адказ на межы Рэчы Паспалітай рушыць Іскандэр—паша*! А ў Стамбуле падобныя выбрыкі заўсёды ацэньвалі па дзяржаўнаму цвяроза.

У пасольскай грамадзе і між прысутнай шляхты загуло. Адны падзялялі думку вялікага канцлера Княства, іншыя крыўдавалі за Карону, трэція ўхвалялі зухвалы набег.

– Што там той гаспадар на турэцкіх паслугах! – гукалі прыхільнікі ваяўнічых паноў. – Было каго шкадаваць! Няхай сядзе свой!

Як ні дзіўна, нават на каралеўскім двары шмат каму танны поспех авантурнікаў закружыў у галовах.

– Ганьба басурманам! Меч на антыхрыстаў! Смерць ворагам святой каталіцкай веры!

– Бач, усхадзіліся! – няўхвальна загаварылі ў вялікалітоўскіх лавах. – Нездарма іх той біскуп спакушае днястроўскімі ды дунайскімі нізамі. Украінскіх зямель ім ужо мала!

Валерыян Лубянецкі*, валошскі біскуп, узяў на свае плечы неадпаведную сану ролю магнацкага дарадцы. Смешыкамі, як надуманую, ацэньваў моц татараў, прыпамінаў трыюмфы Карэцкага ды Міхала Ваяўнічага.

– Дадуцца яшчэ караняжам у косьці бязглуздыя мройкі святога айца, – злосна пляваўся зацяты вызнаўца мірнага жыцця. – Ні ў Малдовы ні ў Валахіі згоды не пытае. Прыходзь і займай, нібы там і татараў няма і султан змаўчыць!

– Гэта ж смех казаць! Каралевічу Трансільванію прапануе.

– Але як аддасць? – з’едлівы тон пасла не зычыў дабра ваяўнічаму біскупу. – А нам з—за таго ж каралевіча з масквою самім грызціся ды апошнія грошыкі класці.

Вялікі канцлер Кароны Фэлікс Крыскі, высокі і здольны ўрадовец, разумеў бязглуздасць набегу на Малдову. Ад пачатку зганіў уварванне ў рэзкіх словах, не змяніў стаўлення і на гэты час. Збіў ваяўнічы запал першымі словамі.

– Якую сілу Рэч Паспалітая можа выставіць супраць дзесяці тысяч муштраванага войска з адпаведнай колькасцю артылерыі пад бунчукамі Іскандэр—пашы? Толькі паспалітае рушанне, бо гетман Жулкеўскі не ўхваліў правакавання турак і свядома не пайшоў на дапамогу авантурнікам.

Гетман, непахісна трымаючыся права, не цярпеў самаволі. Наўмысна менаваў нахабнага магната “пан Карэцкі”, не прызнаючы дынастычнага ліцьвінска—рускага тытулу “князь”. У адказ, ледзь прыгадалася імя Жулкеўскага, загула, загалёкала процьма зайздроснікаў і непрыяцеляў гетмана. Толькі ж “дэмасфен” Крыскі меў дастаткова маладых сіл і досведу, каб не страціць імпэт.

І на маю думку гетман дзеяў слушна! – тонам неаспрэчнасці выгукнуў канцлер Кароны, перакрываючы вэрхал. – Можа хто—небудзь скажа за Іскандэр—пашу, ці пойдзе ён далей ці запатрабуе сатысфакцыі ў нейкім іншым выглядзе?

Вялікі канцлер Кароны кінуў на крыклівую гурму патрабавальны позірк, чакаючы смелага дарадцы. Такога не знаходзілася.

Маршалак пакарыстаўся момантам разгубленасці крыкачоў і кінуўся з дапамогай, патрабуючы цішыні і павагі да вялікага канцлера.

– Не лягчэй будзе, калі паша выправіць перад сабою адданых васалаў – татар. Дык хто ж тады абароніць Рэч Паспалітую? – выгукнуў соймавы “Дэмасфен” у напрамку абаронцаў наезду, сувора звёўшы бровы. – Бязладныя купы памянёных паноў? Як бы не давялося ім самім бразгаць ланцугамі на шляху да Стамбула!

Змрочнае прадказанне магло лёгка спраўдзіцца. Даходзілі чуткі, што войскі адчайных паноў пачалі распаўзацца. Іскандэр—паша гэта табе не малдоўскі гаспадар!

– Але ж тады будуць спадзявацца на спагаду і старанне паслоў Яго каралеўскай мосьці, – з’едліва працягваў Крыскі. – Чаму ж не падумалі, якую шкоду Маястату нясуць бязглуздыя попісы ваярствам? Чаму ж не павялі свае харугвы пад Смаленск?

Крыскі быў бы не супраць скіраваць казацкія і магнацкія збройныя гурмы ў рэчышча рашучай, як усе спадзяюцца, сутычкі з Масквою. Тым больш, што Жулкеўскі падпісаў суседскую дамову з наступнікам Аляксандра Магілы Радулам, а цэлы шэраг паслоў Рэчы Паспалітай павінны ўласкавіць султана.

Калі ж вырушым? Калі ж вайну скончым?

Самы час быў Сойму вярнуцца да маскоўскіх клопатаў. Леў Сапега чарговы раз выклаў генэзу вайны з Масковіяй і адмовіўся ад яе аўтарства.

– Нельга спыняць падрыхтоўку для адбіцця нападу з кожнага напрамку, – падкрэсліў настойліва. – Камісія да спраў абароны прапануе шаноўнай Ізбе ўхваліць набор дзесяці тысяч жаўнераў, дастатковых для забеспячэння ўсіх накірункаў знешняй пагрозы. Дадаткова раіў бы на якія дваццаць тысяч злотых заангажаваць лісоўцаў і выслаць іх пад Смаленск. Падобная мера спраўдзіла сваю прыдатнасць неаднораз!

…Гаманкая гурма шляхты не спяшалася разыходзіцца. Усе яшчэ былі пад уражаннем прамовы Льва Сапегі. Не ўдалося вялікаму канцлеру ўсталяваць каралевіча Уладыслава на маскоўскім Крамлі, але відаць не лічыў справу канчаткова прайгранай.

– Яснепан Леў ніколі не грэбаваў чым бы то ні было, калі можна мець з таго нешта вартаснае, – прамовіў ці то з насмешлівым націскам, ці то з падкрэсленай павагай немалады пасол.

– Асабліва для роду Сапегаў, – смела ўставіў, па ўсім выглядала, блізкі прыяцель.

– Але ж і для ўсяго Княства! – нібы пакрыўджаны, горача запярэчыў маладзён, міжволі крануўшы шаблю.

Старэйшы заўважыў рух і паблажліва ўсміхнуўся. У такіх пеўнікаў шабля часта была неабвержным довадам слушнасці імі выказанага.

– Ну, вядома ж і Княству, – шляхціц памарудзіў са словамі і закончыў,– бо ладны абшар нашага Княства ці не ўласнасць таго роду.

– Куме, – паўшчуваў шляхціца аднагодак, стрэліўшы вокам на маладзёна. – Не вучы каня чытаць: толькі час змарнуеш, а конь стоміцца.

Бражына не чакаў працягу, пасунуўся далей, стараючыся нікога не штурхнуць, каб не нарвацца на падобнага пеўніка. Ані сварка ані залішняя ўвага былі непатрэбны.

– Вайна канешне не забава, – пачулася збоку і ён міжволі прыслухаўся. – Але яснепан Сапега мае рацыю. Разумее і, як ні кажы, умее пераканаць паноў—братоў, што Масковія пойдзе на мір толькі пад вайсковым ціскам.

Насмешлівы тон нязгоднага сведчыў, што пастулаты вялікага канцлера закранулі ці не большасць прысутных, а не толькі паслоў.

– Бо яснепан Сапега ведае, на якога жыўца злавіць грэчкасея, не кажучы пра мацнейшых. Усё—ткі атрыманыя землі трэба замацаваць. А як тое зробіш, калі не засяленнем. І нам і караняжам. Ім жа Севершчына не менш даспадобы, бо мяжуе з Украінай. Алеж пасяленцаў трэба ахоўваць, забяспечыць, інакш маскавіты зрабуюць усё, уключна з людзьмі.

Гурт шчыльней падступіў да прамоўцы. Пасыпаліся сустрэчныя меркаванні.

– Гэта праўда. Калі Масква не змірыцца, то сама на нас пойдзе, як не раз было. А тут яшчэ са шведамі клопат.

– Так. Як той казаў, тут маскаль а там швяды, то наробяць нам бяды. Нясоладка можа быць на тых новых землях.

Пярэчанняў Бражына не пачуў. Ды і не думаў, што такія будуць. Хіба ад неразумнай моладзі, што не была пад Смаленскам.

– На мой розум, самая пара была замірыцца са шведам, як нацерлі яму дупу пад Кірхольмам. Хай там караняжы пра тую карону стараліся б. А нам наконт гандлю дамовіцца, сплыў па Дзвіне. Шведам жа без нашага збожжа таксама цяжкавата.

– Так то яно так, – уздыхнуў дасведчаны. – Але пакуль швед будзе панаваць у Рызе, будзе як і ў Гданьску. Альбо пасярэдніка ўжые і таму грош кладзі, альбо, як гданьскі купец па вясне ці перад жнівом дамову навяжа. А ты, не маючы грошай, возьмеш на сябе рызыку і плёну і перавозу. А ўсе выгоды купцу, бо даў табе грошы авансам, збіўшы цану ніжэй немагчымага.

– А калі не так, то ўжые пасярэдніка і кожны урве свой грош, – падтрымаў іншы.

Нехта ўздыхнуў аж надта вымоўна. Бражыну міжволі прыгадаліся скаргі Батарэвіча. Гандаль збожжам быў падставай гаспадарчай незалежнасці шляхты і, трацячы прыбытак, яна рызыкавала сваім бытаваннем, улучна з усім сэрцам мілаванай вольнасцю. – Можа так і было б ляпей, замірыцца, дык жа нам, ліцьвінам, Сойму не пераканаць. Урэшце і пад Кірхольмам не адны нашы змагаліся. Вунь і супраць маскавітаў караняжы ішлі…І на Крамлі разам сядзелі… – А я вось ізноў пра тое засяленне, – немаладому шляхцюку рупіла важнейшая на ягоную думку асаблівасць. – Канцэпт вось які. Гэта ж чалавеку не трэба будзе ламаць галаву, як даць надзел усім сынам з марнага лапіка…

Лёгка здагадвалася, што менавіта такі клопат сваім часам дапякаў ягонаму бацьку, а зараз, мажліва яшчэ вастрэй, прыперла яму.

– Там жа на ўсіх хопіць…

Бражына падумаў, як старанна гэтыя людзі адганяюць ад сябе думку, што ў выпадку вайны шмат каму з іх сыноў зямлі “там” можа дастацца ў сажань углыб і ўдоўжкі. Засціў розум поспех палякаў, што рушылі сваім часам на прылучаную да Кароны Украіну, але ж і там бяда з казацтвам!

– Ці назбіраецца досыць грошай, – рупіўся малады шляхціц, збіваючы на лоб фацэтную шапачку з пяром, каб з мудрым выглядам паскрэбсці патыліцу.

– Так, без грошай не наваюеш, – падтрымаў размову аднагодак. – Раз—два і пачнуць раз’язджацца. У каго чвэрць канчаецца, у каго жонцы акурат прыспела…

Тон сведчыў, што сам ваяр ні з памянутых, ні з якой іншай прычыны шэрагаў не пакіне. Але ж у прогаладзь то і шаблю не ўтрымаеш.

– Бяда, што паслы нібы не супраць вайны, але ж соймікі, ведаю, на іншае іх настаўлялі.

– Ну, старым то шкада лішні грош моладзі кінуць, – з выразным асуджэннем старэчай сквапнасці ізноў азваўся першы.

– Баяцца старыя, што шмат тых грошай і да войска не трапіць.

Старэчы голас сведчыў абазнанасць у такой хваробе.

– А вось на гэта ёсць лекі! – рашуча ўсклікнуў самы ваяўнічы. – Чуў я ад надзейнага чалавека… – слухачы павінны зацеміць такую дробязь, – дык вось чуў дакладна, што адмысловыя камісары будуць наглядаць за выправай, куды ідуць грошы, ці не зашмат іншаму плоціцца. – Няблага замыслена, – пахваліў другі. – Але і камісарам лішні грош кішэні не прапаліць. Каб не змарнавалі задуму. – Калі ўхваліцца Соймам, не павінны, – трэці спадзяваўся, адольваючы ўласныя сумненні.

– Адным словам іх задача, ne quid detrimenti Respublica, каб Рэч Паспалітая не панесла шкоды., – як прысуд і загад прамовіў маладзён.

Ён раптам прыўзняўся на дыбачкі, згледзеўшы некага ў натоўпе. Рослы, статны афіцэр прабіваўся акурат міма ваяўнічай купкі.

– Пане Клімэнце! А, пане Клімэнце, – загаласіў будучы ваяр. – Што там чуваць, калі вырушым? Бо чулі ж думку яснепана Жулкеўскага? Сконьчыць гэту вайну трэба, бо ніколі канца не будзе!

Маладзён зірнуў на суразмоўнікаў: канчаць вайну намерваўся толькі перамогай.

– Ад’ютант вялікага канцлера, – пахваліўся знаёмствам з важнай асобай.

Асоба сапраўды пачула, прыпынілася і з падкрэсленай сур’ёзнасцю паведаміла: – Як толькі вашмосьць ушыхтуе сваю гусарыю, ні пан гетман Хадкевіч, ні вялікі канцлер не дазволяць сабе марудзіць. І нават пан Жулкеўскі перастане сумнявацца, а мо і спытае дазволу далучыцца.

Перачакаўшы вясёлы рогат са свайго жарту, Клімэнт Вялічкевіч паспяшаўся выбрацца з людской гурмы. Бражына здагнаў і неўпрыкмет пайшоў побач. Гледзячы перад сабою ціха прамовіў.

– Лісты ад пана і да пана, – скоса зірнуў, як той ледзь заўважна кіўнуў.

– Ведаю пана Бражыну, – злёгку ўсміхнуўся Вялічкевіч. – Кроч за мною ў аддаленні. Ёсць паблізу адпаведнае месца…

Бражына запаволіў, неўпрыкмет азіраючы наваколле і дзверы, за якімі знік пан Клімэнт. Нічога не трывожыла, як найзвычайней праслізнуў услед. Запрошаны, прайшоў у невялікі пакой і прысеў да стала.

– Доўга не забавім, – патлумачыў Вялічкевіч. – Выйдзеш адсюль першым, я застануся. Павязеш на Украіну важнае ўдакладненне. Толькі на словах, ліст будзе на адчэпнае, калі трапіш у бяду. Супакоіш гетмана Сагайдачнага*, што нічога на яго не абрынецца, удзел казакоў, як і было абяцана, яснепан Леў з каралём узгодніў. Кароль разумее, што сваёй тысячай рэестровых ён каралевічу не дапаможа. Сабраць тысячы – клопат гетмана. Можа пусціць чутку пра новы паход на мора. Гэта лічы будзе ягонай платай за пакрыццё набегу і на Кафу і на Стамбул. А сам атрымае, што дасць шабля. Грошай і на войска вобмаль.

Пан Клімэнт не чакаў, што Бражына падкажа, дзе ўзяць Канашэвічу—Сагайдачнаму казакоў для паходу на Маскву. Спадзяваўся, што той ведае, пра што йдзецца. Прыбягуць на заклік пакуль яшчэ не запрыгоненыя гурмы казацтва, паўцякаюць ад паноў прыгонныя.

– Тота ж і яно! – задаволены прачытаным з твару пасланца, прамовіў сапежанскі ад’ютант. – І на Сойме, калі ўнюхаюць, шмат каму гэта не спадабаецца. Асабліва з тых, каго ўшчувалі абодва канцлеры. Змовяцца і захочуць перашкодзіць. Так што часцей азірайся. Караля звінавацяць у пакрыцці гэтага самавольства пры першай нагодзе, але яму лягчэй адбівацца, чым табе, – усміхнуўся Вялічкевіч.

Бражына нямала наслухаўся захапленняў славутым набегам Канашэвіча. Казакі высадзіліся з васьмідзесяці чаек на прадмесцях Канстантынопаля, зрабавалі і спалілі Архіоку і Мізэўну. А султан Ахмед Першы, мог толькі бяссільна гэтаму прыглядацца. Напад быў нечаканы. Ваенны флот не заўважыў казацкай армады, а высланы ў пагоню, панёс паразу ў марской бітве. Капудан—паша, адмірал, трапіў у палон. Ад помсты Рэчы Паспалітай султана стрымала вайна з Персіяй, абыйшлося абяцаннямі каралеўскіх дыпламатаў зацугляць Січ і зменшыць колькасць рэестровых. Казакі захваляваліся, але Канашэвіч мусіў падпісаць у Ольшаніцы ўклад на абмежаванне рэестру да марных тысячы галоў. Так што новы паход падтрымае казацкую гурму і збярэ процьму ахвочых. Дзе ва ўсім гэтым апынуўся Воўк, падумалася Бражыну, слухаючы настаўленні пана Клімэнта, як ні кажы, таксама ваўковага знаёмца?

У рэшце рэшт Сойм паддаўся красамоўству, угаворам і подкупам.

– Што ж, можам адзначыць пэўныя зрухі ў нашых стараннях, – задаволена падвёў вынікі маршалак. – Канстытуцыя «Аб Маскве» дазваляе каралевічу забяспечыць спакой дзяржавы. Ухваленых падаткаў павінна хапіць на два гады. Але і клопатаў дзяржаве хапала. На памежжы Гасеўскі з цяжкасцю адганяў наскокі маскавітаў, а ў Смаленску некалькі соцень гарнізону білі ў хамут і неахвотна падпарадкоўваліся свайму начальніку Шчуцкаму*.

Гул пакаціўся па залі. Маршалак вымоўным рухам ляскі нагадаў, што яшчэ не скончыў.

– Дзеля паспяховага бегу будучай выправы і належнага паведамлення Сойму, адпаведна традыцыі прызначым здольных і правалюбных камісараў пры каралевічу. Спадзяюся, прапануемыя асобы не сустрэнуць пярэчанняў, бо ўсе яны незалежныя бо заможныя, асвечаныя і ў шырокім свеце абазнаныя.

Зала прыціхла, пакуль на знак маршалка сакратар выходзіў са сваімі паперамі. Крэкнуўшы, дзеля праверкі голасу, сакратар гучна і выразна прадэклямаваў: – Яго правялебнасць луцкі біскуп Андрэй Ліпскі!

Стрыманым гулам паслы апрабавалі кандыдатуру.

– Яснавяльможны пан Станіслаў Журавіньскі, кашталян бэлскі!

І тут не было пярэчанняў.

– Яснавяльможны пан Канстанцін Пліхта, кашталян сухачэўскі!

Хто ж бы пярэчыў супраць маршалка двара каралевіча Уладыслава, ваяра з—пад Масквы і Хоціна. Слову такога і каралевіч падпарадкуецца.

– Яснавяльможны пан Леў Сапега, вялікі канцлер літоўскі.

Пошум быў мацнейшы, чым вакол папярэднікаў. Вось хто будзе галоўным між камісараў! Несумненна! А хто ж бы іншы? Ліцьвінскія лавы суцішыліся апошнімі.

– Пан Пётр Апаліньскі!

– Пан Андрэй Мэнціньскі!

– Пан Якуб Сабескі!

І гэтыя адпавядаюць. Трэба ж некаму пісарчукамі кіраваць, з паперамі ўпраўляцца, ганцоў рассылаць, а то і прыватным чынам з якім маскавітам пагутарыць. Пана Якуба ў такіх выпадках нельга перахваліць. Міру будзе дабівацца, як і на Соймах, дзе не раз быў дырэктарам.

– Задача камісараў,– урачыста прамовіў маршалак, – сцерагчы найперш дабро Рэчы Паспалітай ва ўсіх абставінах, асабліва ж у выпадку, не дай Божа, няўдачы выправы. І кожным разам схіляць каралевіча Уладыслава да рэспектавання менавіта такіх падыходаў. На гэта павінны прысягнуць камісары, перш чым мы ўхвалім сваю важную дэклярацыю.

Паслы згодным маўчаннем ухвалялі пачутае і чакалі працягу.

– Калі ж шчаслівым збегам вайсковых і перамоўных высілкаў каралевіч зойме прапанаваны яму раней пасад, абавязкам камісараў будзе патрабаваць ад яго прысягі, што выканае ўсе дамоўленасці.

Дэклярацыя была ўхвалена 4 чэрвеня, як тады казалася, ad archivum, г. зн. не дзеля публікацыі.

Пан Якуб Сабескі, вялікі прыхільнік мірнага існавання дзяржавы, выпраўляючыся на вайну, не хацеў выглядаць проста цывільным. Адразу па прызначэнню камісарам з’явіўся да каралевіча ў Варшаву на чале добра экіпіраванай і прыгожа апранутай гусарскай харугвы, неўзабаве названай залатой ротай.

Хоць выправа ішла на падставе трактату Жулкеўскага, сам гетман адмовіўся ў ёй удзельнічаць. Кароль 20 чэрвеня 1616 года задобрыў вялікага гетмана літоўскага Хадкевіча пасадай віленскага ваяводы, найвышэйшай свецкай годнасцю Вялікага Княства, і атрымаў здольнага кіраўніка выправы. Але і гэты настойліва выпрошваў дапамогі, спасылаючыся на малалікасць войска Вялікага Княства. Калі маскавіты даб’юць торгу са шведамі і канчаткова памірацца, вызваляць сілы, звязаныя дасюль на поўначы, стане яшчэ цяжэй. Узважыўшы ўсё гэта, Жыгімонт ІІІ стараўся прыспешыць апошні высілак дзеля атрымання каралевічам царскага пасаду. Леў Сапега, як і Жулкеўскі, не верыў у поспех выправы. Лічыў, што адкінуўшы сваім часам дыплом, кароль назаўсёды пахаваў шанцы Уладыслава на царства. Спасылаючыся на век, вялікі канцлер, паспрабаваў адмовіцца ад удзелу, але здольны вучань езуітаў знайшоў лекі на старэчыя немачы хітрага Льва.

– Калі ўжо такія прыкрасці са здароўем, то як пан канцлер паставіцца да свайго перамяшчэння, скажам, на жмудзкае староства? – кароль наставіў на Сапегу цяжкі, дапытлівы погляд.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации