Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 24

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 24 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 17 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ого, які ход! Непрыяцель Хадкевіч атрымаў віленскае ваяводства, канцлерам стане яшчэ нейкі апанэнт, а то і вораг. Такія лекі—саступкі горш хваробы. Але проста так адкідаць каралеўскую думку не ў звычаі палітыка.

– Падумаўшы, я мог бы саступіць вялікую пячаць Княства, – прамовіў Сапега, нібы ўзважваў дадатныя і адмоўныя вынікі такога ўчынку для спраў дзяржавы. – Але ў такім разе бачыў бы на пасадзе падканцлера свайго старэйшага сына Яна Станіслава. Здавён даўна рыхтую яго да дзяржаўных абавязкаў і, натуральна, на пачатку меў бы над ім апеку.

А вось гэта было б зусім не па мыслі караля! Апека ці парада, а Сапегі амаль не страцілі б нічога ў сваіх уплывах. Леў яшчэ не такі слабы, як удае на гэты дзень, сам сабе хмыкнуў Жыгімонт. Будзеш мець з ім клопат праз сына, як зараз асабіста. Цяжкія павекі прыкрылі незадаволены позірк караля. Сапегу было даволі такога знаку.

– Калі ж не, – лагодна прамовіў дасведчаны палітык, – то маім намерам будзе рачэй пячаці трымацца, хоць яна мне вельмі апрыкрыла.

Кароль мусіў пагадзіцца, а Сапега пачаў рыхтавацца да паходу на Масковію.

Прымаючы каманду, Хадкевіч не так цікавіўся ўсталяваннем на Крамлі каралевіча, як разлічваў змусіць Маскву да міру. Мір быў крайне патрэбен, бо шведы, замірыўшыся з Масковіяй, зоймуцца важнейшым у разуменні гетмана абшарам вайны, Інфлянтамі. А галоўны распарадчык і нібыта натхніцель выправы Леў Сапега спачатку мусіў заняцца красавіцкай канвакацыяй Княства дзеля грашовай падтрымкі паходу. Пры дапамозе іншых міністраў схіліў ліцьвінаў прызначыць на выправу каралевіча новападвышанае мыта і чопавае за два гады. Такім ходам вялікі канцлер атрымаў маральнае права без цырымоній падганяць Уладыслава, каб не адцягваў паходу на Маскву і не змарнаваў апрошняга шанцу на атрыманне царскага трона.

Другая палова 1616 года сыйшла на падрыхтоўцы. Каралевіч з—за турэцкай пагрозы знаходзіўся з войскам на Валыні. Тым часам па Рэчы Паспалітай разляцелася вестка пра сумны лёс выправы паноў Вішнявецкага з Карэцкім. У першых днях жніўня Іскандэр—паша знёс польска—малдаўскі лагер Карэцкага, а самога Карэцкага разам з Магілам і мноствам палякаў павалок у няволю. Але ці задаволяцца туркі гэтым, бо казакі, насуперак колішнім забаронам, разбілі на лімане флот Алі—пашы* і зрабавалі Крым, вызваліўшы шмат ясыру.

Каралевіч сцярог межы і пакуль што пісьмова раіўся наконт маскоўскай выправы з польным гетманам Княства Крыштапам Радзівілам, бо той хацеў быць карысным, належна цанёным і любімым. Уладыслаў шкадаваў, што пан падчашы Януш Радзівіл з вышынь свайго досведу, на шэсць год багацейшага, перасцерагаў брата Крыштапа перад Жулкеўскім, перад інтрыганцкай вынаходлівасцю Хадкевіча, перад швагром Львом Сапегам і безліччу іншых нядобразычліўцаў радзівілаўскага дому. Януш Радзівіл нагадваў пра бацькоўскі запавет, занатаваны ў тэстаменце, не ісці пад руку Хадкевіча, вялікага не так здольнасцямі, як прысабечваннем велічы Княства да свайго тытулу. Калі і йсці, то маючы бязмежную, Богам дараваную цярплівасць. Не дадзена было Крыштапу гэтай цярплівасці. Затое меў неадольную прагу вялікай булавы і пяршэнства ў кожным выпадку. Малады, амбітны прыяцель каралевіча рваўся да вялікіх чынаў, да гучнай вайсковай славы. Але жадання брата Януша служыць у брандэнбургскага электара, дзе абяцаліся дачыненні з цэсарам ды каралямі, з важнымі і ўплывовымі князямі, не падзяляў. Хацеў славы тут, між сваімі. Калі не ў маскоўскай выправе, то на інфлянцкім тэатры. А пакуль служыў каралевічу добрай радай і вайсковым досведам. Зласлівыя выказванні пана падчашага мала ў тым дапамогуць.

Каралевіч не пагарджаў ніводным з дарадцаў. Дамаўляўся з літоўскім падстолім Янам Станіславам Сапегам* наконт двухсотконнай гусарскай роты. Прыяцельскі настаўлены пан падстолі, як і бацька, вялікі канцлер, выключна прыхільна ставіўся да выправы каралевіча. Не абыйшлося без лісоўцаў пад камандай Станіслава Чаплінскага*. 15 снежня 1616 года цар і ўладар, вялікі князь маскоўскі Уладыслаў Зыгмунтавіч абвясціў сваім падданым, што вырушыць да Масквы з вядомым ім гетманам Жулкеўскім. А гетман Жулкеўскі мала што ўхіліўся ад удзелу ў выправе, дык на працягу лета вывеў частку свайго войска на Днестр, і на некалькі месяцаў спазніў выправу каралевіча.

Тым часам 27 лютага 1617 года ў вёсцы Сталбова на рацэ Сясь Масква падпісала вечны мір з Швецыяй. Год таму ўхваленыя Земскім саборам умовы былі цяжкімі для Масковіі з—за страт значных абшараў і выплаты дваццаці тысяч срэбных рублёў кантрыбуцыі. Але суцяшала спадзяванне, што шведы звяжуць значную частку войск Рэчы Паспалітай на Памор’і і ў Інфлянтах.

Нарэшце 7 красавіка 1617 года, як сваім часам каралю Жыгімонту, у варшаўскай катэдры прымас Гэмбіцкі ўручыў каралевічу Уладыславу асвячоны меч і харугву, бласлаўляючы на маскоўскі трон.

– Якое табе прызначэнне рыхтуюць Нябёсы, не людзям дадзена даследаваць, – урачысты голас прымаса нёсся над слухачамі, здавалася, да тых спрыяльных Нябёсаў. – Калі загадаюць, каб раз абраны асеў на троне маскоўскім, дабрачынна кіруючы гэтай велізарнай дзяржавай, не забывайся ніколі зямлі Ягелаў і Пястаў…

Прымас нагадаў каралевічу, што Рэч Паспалітая па ранейшаму не прызнае царскага тытулу, таму лепш падпісвацца «electus Magnus Dux Moscoviae,” выбраны вялікі князь маскоўскі, як ад пэўнага часу і Міласцівы кароль Жыгімонт настойваў. Навакольным дзяржавам ізноў паведамлялася пра выправу крыжакоў новага часу супраць схізмы. Нібыта дзеля агульнага спакою Еўропы, хоць тая Еўропа сама ані не дбала пра яго захаванне і нікога не прасіла.

Невялікае войска нарэшце вырушыла з Варшавы праз Люблін і Луцк да Уладзіміра Валынскага. Каралевіч, акружаны маладымі падпяваламі, бачыў выправу трохі як поле попісу, трохі як забаву. Трыюмфальны паход прынясе карону, ваярскую славу і захапленне шляхты ягонымі рыцарскімі здольнасцямі. Сардэчным таварышам быў роўны гадамі Станіслаў Казаноўскі, сын какенгаўзенскага старасты. Яму і брату Адаму патранаваў каралеўскі ротмістр Мацін Казаноўскі, стрыечны брат іх бацькі. Гэты самаўпэўнены і зухвалы, але заслужаны і дасведчаны ваяр намерыўся паслужыцца ўплывам адданых яму пляменнікаў на каралевіча дзеля пасады камандуючага войскам. У Варшаве гэта не ўдалося, бо Жыгімонт ІІІ часова, пакуль войска не пярэйме гетман Хадкевіч, даверыў пасаду Канстанціну Пліхту, сахачэўскаму кашталяну. Пан Пліхта ад маладосці на каралеўскім двары, чалавек рыцарскі, правы і разважлівы. Марцін Казаноўскі бачыў у гэтым прызначэнні ледзь не асабістую знявагу, бо ўганараваны самім каралём кашталян вымагаў паслушэнства і быў суровы да ўсіх без выключэння. Марцін Казаноўскі пачаў нашэптваць каралевічу, што каралеўскі выбар памылковы, бо пан Пліхта няздольны і нелюбімы рыцарствам самахвал. Найлепш было б перадаць каманду здальнейшаму. Стрыя горача падтрымліваў пляменнік і Уладыслаў паддаўся. Але пан Пліхта не вельмі праймаўся меркаваннем дваццаці двухгадовага галоўнакамандуючага.

– Што то, то не, Ваша Каралеўская мосьць, – рашуча заявіў кашталян, пачуўшы загад. – Ад караля, пана майго, маю кіраванне войскам даручанае і не аддам яго нікому, толькі яму самому, альбо яго гетману. Іншы хтокольвек бы хацеў мне яго выдзерці, трэба каб перш на карку маім сеў!

Каралевіч зразумеў, што і на карак ніхто кашталяну не сядзе, адступіўся. Казаноўскія дайшлі да шаленства і амаль не скончылася кровапраліццём. Маглі цешыцца толькі тым, што ад гэтага часу каралевіч дражніў Пліхту gonfio ballon, надзьмутым балёнам.

Ва Уладзіміры Валынскім каралевіч прыняў з рук вуніяцкага біскупа штандар з двухгаловым расійскім арлом, але ў Крамянцы затрымала паведамленне гетмана Жулкеўскага пра рух туркаў да польскай мяжы. Па настаянню гетмана каралевіч мусіў выправіць туды Марціна Казаноўскага з шасцю ротамі цяжкіх гусараў, пяцёркай панцырных харугваў і чатырма сотнямі пехацінцаў. Сам з чатырма ротамі гусарыі, чатырма панцырнымі і некалькімі райтарскімі харугвамі пры двух тысячах пяхоты вырушыў на паўночны ўсход. Ізноў Рэч Паспалітая адначасна выступала супраць двух непрыяцеляў.

Уладыслаў паўсюдна цалаваў крыжы і паказваў, што мае пры сабе Юрыя Трубяцкога, Івана Шуйскага, Салтыковых і Шэінаў. Пачалася спешная перапіска з баярамі на Крамлі. На пачатку ліпеня 1617 года Сапега прыбыў на каралеўскі двор да Варшавы, а затым прымаў Уладыслава ў сваіх рэзідэнцыях: Ружанах і Слоніме. Толькі ў палове жніўня войска каралевіча пацягнула насустрач свайму прызначэнню. На пачатку верасня ў беларускім Магілёве яго віталі маскоўскія ўцекачы. Тут соймавыя камісары, памятаючы наказы паслоў, паспрабавалі павесці перамовы з Масквою наконт дабраахвотнага прыняцця Уладыслава на цара. Вымушаны былі прызнаць, што без ваенных дзеянняў не абыйсціся.

Хадкевіч сустрэў каралевіча пад Смаленскам 30 верасня 1617 года. Дзве сотні гусараў і сотню пяхоты з уласных уладанняў прывёў асабіста вялікі канцлер Леў Сапега. Мелі разам больш шасці тысяч войска, пазней наскраблося да дзесяці. Малавата, але дзе возьмеш больш? Затое хто на чале войска? Пераможца з—пад Кірхгольму!… Менавіта з такой думкай Уладыслаў павярнуўся да гетмана.

– Ці не пара, яснепане, разгортваць войска да штурму?

Гетман адмоўна пакруціў галавою. Імпульсыўнаму і залішне амбітнаму каралевічу здавалася, што шмат спасціг у вайсковасці, яшчэ больш мае ад нараджэння, а насамрэч патрабаваў стараннай школы.

– З маршу, міласцівы пане, штурмы не часта ўдаюцца і нездарма, – прамовіў Хадкевіч павучальна. – Жаўнер стомлены, вайсковыя парадкі не спраўджаны. Найперш патрэбныя харугвы не абавязкова будуць пад рукою. Ardor nimius laudis, празмерная прага славы часта вядзе да памылак.

Каралевіч незадаволена надзьмуў вусны. Нездарма яго папярэджвалі!

– Errand discisimus, памылкі вучаць, неаспрэчна. Але на мой погляд гэты Дарагабуж не здольны доўга пратрымацца.

– Мажліва і так. Але рукі да шаблі не прыкладу, – цвёрда прамовіў гетман, каб папярэдзіць непатрэбныя спрэчкі. – Даў бы рады сваімі спосабамі, але тут, міласцівы пане, гульня ідзе за царства.

Хадкевіч вымоўна замоўк, даючы каралевічу мажлівасць усведаміць сваю прамашку. Не гарадкі і крэпасці іх мэта, а шапка Манамаха за крамлёўскімі сценамі.

– А за гэтымі сценамі, міласцівы пане, – гетман паказаў далёка наперад у напрамку горада, – не вораг, а падданыя вашай міласці.

– Тады якая рада пана гетмана?

– Pro suo maturo iudicio, згодна са сваім сталым меркаваннем, раду падам простую: паслаць здольных людзей і перамовіцца.

Гетман сапраўды пераканаў месцічаў прыняць Уладыслава як прававітага ўладара Масковіі. Ваявода Ададураў* 11 кастрычніка здаў горад і прысягнуў з усімі людьмі. Ваявода Пронскі*, пакінуўшы моцна фартыфікаваную Вязьму ваяводу князю Нікіту Гагарыну*, пабег на Маскву. Гагарын рашыўся сесці ў аблогу, але ратнікі разбегліся і ваявода з мусу пайшоў да Масквы, а 28 кастрычніка Вязьма расчыніла вароты перад “царом” Уладыславам.

Пакуль што Леў Сапега быў задаволены першымі поспехамі, хоць Мажайск няпрошаным гасцям паказаў зубы і ня даўся. Затое быў узяты Мяшчоўск, прысягнуўшы каралевічу, здрадзіў Казельск. Але пачаўся сыход нясплочаных, каму выйшла чвэрць. Усё ж, пабіўшы Пажарскага, здабылі Мяшчэрск і населі на Сергіеўскі манастыр.

Раззлаваны цар загадаў баязлівых князёў Пронскага і Беласельскага* біць бізуном і саслаў у Сібір. Ізноў захваляваўся люд, нагледзеўшыся ўцёкаў і здрад ваяводаў. Калужскія людзі, пакінутыя царскімі ваяводамі, а з імі народ навакольных гарадоў сталі слёзна прасіць гасудара не выдаваць Калугі літоўскім людзям і паслаць ім князя Пажарскага. Па ранейшаму бачылі ў ім надзейнага заступніка. Цар Міхаіл яшчэ 18 кастрычніка адпусціў князя галоўным ваяводам, даўшы ў таварышы калужскага ваяводу князя Афанасія Гагарына*. Пажарскі ледзь праслізнуў у горад між варожымі палкамі. Сабраўшы сілы, у тым ліку казакоў, якім з ласкі цара дараваў правіны, двойчы адбіў ворагаў. Так што непрыяцель адступіўся да Вязьмы з немалымі стратамі. Але неўзабаве Пажарскі захварэў і мусіў пакінуць пасаду.

Пасланы да князя з гасударавым міласцівым словам стольнік Юры Тацішчаў* заерапеніўся, што ехаць да Пажарскага яму “невместно”. Але, каб “впредь неповадно было”, гасудар меў адпаведныя сродкі: ганарысты стольнік быў біты бізуном і выдадзены “недастаткова знатнаму” Пажарскаму галавою. На шчасце небаракі князь не быў крывяжэрны, а царскае слова прывёз князь Валконскі*.

Скончыў свой паход Пажарскі, асланяючы адыход, ці праўдзівей уцёкі раці Барыса Лыкава*, даўняга недабразычліўца, з Мажайска да Масквы па загаду цара.

А тым часам надыходзіў гетман Канашэвіч—Сагайдачны з чаркасамі—запарожцамі. Цар скіраваў Пажарскага на Серпухаў, але цяжкая хвароба зваліла ваяводу, і войска выправілі на Каломну. Канашэвіч свабодна перайшоў Аку і намерыўся на Маскву. Здавалася, абставіны спрыяюць каралевічу.

Ды з зімою жарты кепскія як і з нясплочаным войскам. Гетман Хадкевіч часта і цяжка хварэў, а каралевіч не ўпраўляўся з войскам, страціўшым дысцыпліну, агаладалым і ахаладалым. Усё часцей прасіў дапамогі гетмана, які суровымі карамі стараўся ўтрымаць парадак. Дапамога ад караля не надыходзіла. Лаяльны Хадкевіч прапанаваў на зіму размясціць войска па захопленых замках, каралевіча з дваром на смаленскім, а казакоў трымаць паблізу Масквы. Камісарам выехаць на Сойм, дзеля выбіцця грошай на жолд, а ранняй вясной працягнуць так патрэбную каралю і каралевічу вайну.

Каб выціснуць з шляхты грошай на працяг кампаніі, кароль са сваімі дарадцамі пастанавіў склікаць Сойм у палове лютага 1618 году. Прыбочныя камісары вырушылі на Сойм з лагера пад Вязьмай. Леў Сапега ехаў як асабісты прадстаўнік Уладыслава дзеля ўсё тых жа грошай. Напачатку студзеня канцлер удзельнічаў у абрадах віленскага сойміка, а ў лютым у перадсоймавым з'ездзе Вялікага Княства, так званым генерале, у Слоніме.

“Штокольвек вашмосьці для нас і нашай славы ўчыніце, сцягне то вашмосьцям несмяртэльнае імя ў іншых народаў”, – звяртаўся каралевіч да соймікаў. Але вялікі канцлер бачыў, што палымяныя заклікі каралевіча, як і дынастычныя мары Жыгімонта, іхмосьцяў не ўзрушаюць. Дабро Рэчы Паспалітай за імі не праглядвалася. – Скажу табе, суседзе, – ціха даводзіў кемны пан—брат менш дасведчанаму, – Люблінскую вунію мы прынялі дзеля вайсковай дапамогі. Ну на пэўны час пагроза адступіла, зменшылася.

– Так кажуць старыя людзі, – патульна адгукнуўся слухач.

– Але ж пазней! – насцярожыў палітычны тлумач. – Зірні шырэй! Нібыта мір, нібыта непрыяцель панёс паразу, але нешта мне падказвае, што вагі перахіляюцца на карысць Масковіі, калі ізноў, каторы ўжо раз, патрабуюцца грошы.

– Але ж, куме, – нясмела запярэчыў сусед з другога боку. – спрабуюць наша Княства нішчыць звонку, а лад яго, выглядае, неадпаведны дзеля вытрымання такіх нападаў.

– Узяць хоць бы тое, – рашыўся на самастойную думку маладасведчаны, – што войска нашага заўжды замала і выходзіць яно ў поле запозна.

– Затое гетманы ў нас здатныя! – падвёў вынік кемны пасол.

Да Варшавы Сапега трапіў толькі пасля соймавых дэбатаў. Паслухаўшы рэляцыі камісара Андрэя Ліпскага* і вялікага канцлера Льва Сапегі пра цяжкую сітуацыю жаўнераў у Вязьме, паслы Сойму выказалі незадаволенасць. Чарговы раз супрацьстаянне з Масковіяй патрабавала гранічнага высільвання Рэчы Паспалітай і асабліва Вялікага Княства, стала выпрабаваннем дзяржавы на трываласць. Нават маршалак Сойму накінуўся на ініцыятараў, папракаючы ў змане шляхты ўяўнымі карысцямі выправы. Наспявала небяспека зрыву абрадаў.

Але Леў Сапега здолеў уратаваць становішча і вывеў імпрэзу з тупіка на пэўны шлях цвярозай палітыкі. Прапанаваў Сойму ўхваліць падаткі з умовай закончыць вайну на працягу года і дасягнуў саступкаў. Грошай далі вельмі мала і даручылі соймавым камісарам ”каб да канца года тую вайну скончылі мірным трактатам і далей яе на Рэч Паспалітую не зацягвалі,» не аглядаючыся на ваенныя поспехі каралевіча.

Вялікі канцлер у душы не мог не прызнаць, што паны—браты не спадзяюцца тых поспехаў і ацэньваюць патрэбу вайны за маскоўскі Крэмль разумней, чым каралеўскі двор. Хоць раней Сапега выразна настойваў прадугледзець інтарэсы каралевіча ў мірных перамовах, гэтым разам уласным подпісам акцэптаваў рашэнне паслоў. Можа з гэтай прычыны кароль падчас Сойму ізноў прапанаваў Сапегу аванс з канцлерства на віленскую кашталянію? Сапега і гэту прапанову адкінуў. Быў пэўны, што з вялікай пячаццю лягчэй адстойваць справу Княства, а значыць і роду Сапегаў. Нездарма столькі часу аддаў Статуту, каб ім не карыстацца.

Канцлер не спяшаўся пасля Сойму да лагеру каралевіча, але пра вайсковую дапамогу не забываўся і выслаў да яго татараў. Пра мізэрныя шанцы дапамогі ад караля паведаміў Хадкевічу яшчэ з Сойму, не марнуючы часу, вярнуўся ў Вільню і сабраў грошы для войска. Едучы з Вязьмы да Варшавы, Сапега перамовіўся з гетманам Канашэвічам—Сагайдачным і казацкай старшынай. У выніку наляганняў вялікага канцлера кароль вырашыў выслаць дваццаць тысяч запарожцаў да Масквы. Падмацаванне для Хадкевіча значнае.

У чэрвені 1618 года Леў Сапега справіў вяселле сваёй дачкі Ганны з сынам Радзівіла—Сіроткі Альбрыхтам Уладыславам і пакінуў Вялікае Княства.

Гетман і Каралевіч

Каралевіч уганараваў прыбыццё вялікага канцлера гарматнай стралянінай, хоць той прывёз больш абяцанак чым грошай. Галадалі і хварэлі ўсе, не выключаючы пяцідзесяцішасцігадовага гетмана, частка войска адмовіла послуху, але Леў Сапега настойліва схіляў каралевіча да маршу на Маскву.

– Я разумею, што мінавалі дні, калі armati sunt et animati quasi vir unus, universi, узброеныя і натхнёныя былі ўсе, як адзін, але нельга марнаваць часу. На Маскве даўно зразумелі, што наша выправа не можа доўжыцца бясконца, – пераконваў канцлер. – Спробы перамоваў аб перамір’і выдатна высвецілі, што Міхаіл Раманаў разлічвае зацягнуць кампанію, пакуль знойдзе хаўруснікаў.

Уладыслаў з недаверам пакруціў галавою.

– Сумніўна мне, што здолее іх знайсці, калі дагэтуль не ўдалося.

– Калі не хаўруснікаў, то надзейных пасярэднікаў,– зазначыў Сапега. – Такіх, з якімі нам нельга не лічыцца. Прыкладам у Вене, Канстантынопалі, у Крыме нават. А значнай падмогі чакаць няма падстаў, сам міласцівы пан разумее.

Усё ж вясною 1618 года, заняўшы па дарозе Старадуб, прывёў падмогу ў шэсць тысяч Марцін Казаноўскі. Але фанабэрысты палкоўнік адразу ж заклаў уласны лагер і нават загадаў насіць перад сабою гетманскі знак. Большай знявагі Хадкевічу не прыдумаў бы злейшы вораг!

Гетман запатрабаваў ад Уладыслава прыструніць пыхлівага фаварыта, але каралевіч пачаў бараніць кампаньёна па келіху, не крыючыся з намерам пакінуць гетману толькі вялікалітоўскія палкі, а каронныя даверыць Казаноўскаму. Хадкевіч не збіраўся пагаджацца і чатыры дні ўпарта патрабаваў ад каралевіча пераканаць палкоўніка падпарадкоўвацца гетману. Казаноўскі перабраўся да галоўнага лагера, дзе атрымаў месца ля самага плоту, які акаляў намёты, але надалей пахаджваў пад гетманскім знакам. Хадкевіч з'явіўся да каралевіча і выклаў яму з парогу: – Няхай Казаноўскі гэты знак схавае да торбы, бо загадаю стаўчы яго яму на галаве.

Назаўтра палкоўнік не заняў прызначанага гетманам месца ў калоне і не выканаў загаду аддаць частку свайго палка пад іншую каманду. Разлічваў на заступніцтва Уладыслава і не памыліўся. Пасля безвыніковых таргоў разгневаны Уладыслаў крыкнуў: – Няхай пан гетман сцеражэцца, каб гэты гаршчок, які прыставіў да агню, не трэснуў на яго галаве!

Гэта была не так пагроза як абраза. Але гетмана нездарма называлі ўпартым ліцьвінам. І смеласць меў роўную ўпартасці.

– Толькі зараз бачу, тое праўда, што ўсе кажуць, нібы каралевіч ягамосьць са сваімі прыяцелямі гарэлку сабе папівае, – не цырымонячыся, прамовіў Хадкевіч, без павагі зірнуўшы Уладыславу ў вочы. – Бо такое да мяне, даўняга слугі бацькоўскага, гетмана добра заслужанага і пярэдняга сэнатара, выказванне не можа быць з цвярозай галавы. Vinum locutum est, віно прамаўляла – не чалавек! – падкрэсліў гетман і назідальна закончыў: – Не быў ні адзін Хадкевіч кухарам і я гаршчкоў не прыстаўляю, а галавы маёй ніхто не ткне, хто сваёй не падставіць!

Уладыслаў зніякавеў. Урэшце, перад ім старэйшы векам і славуты ваяр. Не ён, каралевіч, здольны ўправіцца з гэтым войскам і не пыхлівы Казаноўскі. Але дух Вазаў не мог пагадзіцца з папрокамі падданага. Каралевіч нічога не адказаў і павярнуўся спіною да гетмана.

Назаўтра, крыху супакоены, гетман папрасіў у каралевіча размовы сам—насам. Патлумачыў матывы сваіх паводзінаў.

– У войнах, міласцівы пане, пыха не лепшы дарадца ваяра. Нахабным можна быць з непрыяцелем, а камандуючаму вінен послух і дысцыпліну. Defensivum альбо offensivum paratur bellum, абарончая ці наступальная вайна рыхтуецца, без гэтага не будзе ніякіх перамог, нават пры наяўнасці колькаснай перавагі.

Уладыслаў слухаў моўчкі. Звычка жыць сваім одумам, глыбока прытоеная непавага да традыцый шляхецкай рэспублікі не давалі прызнаць слушнасць патрабаванням гетмана. Адначасна разумеў, што не бачыць яму не тое што маскоўскага трона, але і вежаў Крамля без дапамогі гэтага халерычнага старога. Бачыў і дзівіўся, што шмат хто з разумнейшых з яго ўласнага атачэння льгнуць да суровага гетмана і гатовы ісці за ім як за пуцяводнай зоркай. Няма таго вакол Марціна Казаноўскага пры ўсіх яго ваярскіх здольнасцях.

– Узважыўшы ўсе pro et contra, прыйшоў да адзіна мажлівай высновы, – цвёрда прамовіў Хадкевіч. – Калі пан Казаноўскі не будзе міласцівым панам схілены да паслушэнства мне, гетману, прызначанаму каралём, я пакіну лагер з большасцю войска. Я звык ваяваць cum aperto hoste, з яўным ворагам, а не, за панскім прабачэннем, з nebulo nebulonum, шэльмамі з шэльмаў.

Уладыслаў збялеў ад гневу, але стрымаўся і не выбухнуў. Пасля хвілі цішыні зачэпліва ўсклікнуў: – Яшчэ невядома, ці пойдзе тая большасць за панам гетманам!

– Пойдзе, – пахіліў галаву гетман. – І не так з павагі да мяне, як з нежадання бліжэйшым часам скласці галовы пад вяршэнствам іншых камандуючых, улучна з міласцівым панам, – бязлітасна закончыў Хадкевіч.

Гетман пакінуў Уладыслава ў цяжкіх роздумах, як прымусіць упартага старога да рэспектавання каралеўскіх звычак адначасна са стараннем у вайсковых абавязках.

Камісары Сойму даведаліся пра намер Хадкевіча кінуць выправу і ўстрывожыліся не на жарты.

– Калі ўпарты Бэльзэбул такі impiger et iracundus, неспакойны і гнеўны, можна чакаць, што peremptorie, канчаткова прыме фатальнае рашэнне! – выказаў Якуб Сабескі агульнае апасенне.

Сам належаў да самых прыхільных “упартаму ліцьвіну” і добра ведаў ягоную натуру.

– Зыход гетмана, калі яшчэ не забыта адмова Жулкеўскага, можа прывесці да поўнага раскладу войска, а з тым і да яго гібелі, – падтрымаў думку сэнатара Леў Сапега.

– Разумею і падзяляю настрой гетмана, – прызнаўся Сабескі, – але мусім ужыць кожнага захаду, каб пераканаць яго ў немагчымасці адыходу.

Абураныя падтрымкай каралевічам нядобразычліўцаў Хадкевіча, камісары здолелі ўгаварыць яго застацца і настаялі рушыць на сталіцу, хоць на ваенным савеце ў Вязьме на пачатку лета 1618 года гетман прапанаваў свой план кампаніі. Перад выправай даўно паўстаў выбар: перанесці лагер у заможнейшыя ваколіцы Калугі, ці ісці проста на Маскву.

Каралевіч выбраў Якуба Сабескага на пасярэдніка прымірэння пасвараных начальнікаў. Схіліў, праўда, свайго фаварыта да рэспектавання прызначанага гетманам шыхта, аднак падгаварыў не аддаваць аніводнай харугвы пад каманду людзей Хадкевіча. Змірыцца стары Вельзевул, нідзе не дзенецца! Калі 5 ліпеня перад гетманам пачалі па чарзе дэфіляваць усе атрады, Хадкевіч заўважыў, што ў адным палку нехапае некалькіх харугваў.

– Чаму васпан вядзеш так мала людзей? А дзе рэшта? – запытаўся незадаволены ў камандзіра, шрэмскага старосты Пятра Опаліньскага*.

– Палкоўнік Казаноўскі не пусціў тых людзей пад мае знакі, хоць я яго пераконваў, – адказаў Опаліньскі.

Пасля ўсіх размоў—перамоў! Гэта ўжо было занадта! Раз'юшаны гетман кінуўся да Казаноўскага і замахнуўся булавой. Як то кажуць, галава не булава, мазгі не пілавінне. Гетманская адзнака магла паслужыць важкай зброяй. А яшчэ страшней было для пыхлівага палкоўніка прыніжэнне на вачах усяго войска. Павярнуўшы каня, кінуўся наўцёкі. Не могучы дастаць Казаноўскага, гетман прыпыніў каня.

– Аccipe hoc, прымі гэта! – шпурнуў булаву, трапляючы ў плечы палкоўніка. Лаючы яго самымі абразлівымі словамі, пагнаў далей, пакуль Казаноўскі не схаваўся між харугвамі. Непаслухмяныя роты без каманды, нібы цкаваныя сабакамі, перабеглі на вызначанае гетманам месца.

– Praesentissimum remedium, цудадзейнае лякарства! – сцішана прамовіў Опаліньскі да свайго ад'ютанта.

– Дурнога вучыць, як мёртвага лячыць, – задаволена прашаптаў ад'ютант да бліжэйшага паручніка. – Атрымаў, на што напрошваўся.

Гетман, усё яшчэ трасучыся ад гневу, не зірнуў на жаўнераў і далей ехаў перад войскам. Не павярнуў галавы і да збялеўшага нібы крэйда каралевіча. Супраціў гетману падчас выправы, у дзеючым войску мог паставіць Казаноўскага перад вайсковым судом! Пра ацаленне галавы пайшла б мова.

А гетман разгрызаў цяжкую крыўду лаяльнага ваяра. Не пра бітвы і аблогі павінен думаць, не пра належную аправізацыю войска, а змагацца са спрытнымі лісьліўцамі, з нахабамі пад крылом каралевіча. Не адразу вярнулася здольнасць нешта прамовіць, аддаць патрэбныя загады. Толькі па пэўным часе падабрэў і войска ў добрым настроі маршыравала далей. А перапалоханы Казаноўскі пры першай нагодзе кінуўся вымольваць заступніцтва каралевіча перад гетманам.

У чэрвені 1618 года шэсць палкоў: каралевіча Уладыслава, гетмана Хадкевіча, парнаўскага старасты Яна Кішкі, полацкага кашталяна Мікалая Зяновіча*, шрэмскага старасты Пятра Опаліньскага і паверніка каралевіча Марціна Казаноўскага, вырушылі проста на Маскву. На працягу лета войска ўзрасло з дзесяці да чатырнаццаці тысяч жаўнераў. Пакрысе вярнуліся размовы гетмана з Уладыславам па вайсковых справах. Адным такім днём, гетман нечакана для каралевіча парушыў нядаўнюю падзею.

– Вось, міласцівы пане, мелі выпадак назіраць адну з нехвалебных рысаў нашага войска, – прамовіў Хадкевіч. – Непаслухмянасць, малая ўстойлівасць на голад, холад і труды лагернага жыцця. Адсюль і дэзэрцыя, наша неадольнае бедства. А ўсё разам гэта прадвесце ганебнай calamitas, паразы.

Уладыслаў удаваў паслухмянага вучня. Не хацелася яму вярэдзіць ні сваіх ні гетманавых болек.

– А шведы ў адрозненне ад палякаў і ліцьвінаў, – працягваў Хадкевіч, – зносяць ваенныя невыгоды цярпліва, больш здысцыплінаваныя, хоць і яны часта сядзяць sine nervo, без грошай. Часам здзіўляе іх нязвыклая ўпартасць. Нават у нешчаслівых для іх войнах ніколі не прызналі сябе пакананымі і настойліва імкнуцца вярнуць панесеныя тэрытарыяльныя страты. Змагаюцца ad extremum spiritum, да апошняга дыхання.

– Але ж пан гетман нямала ім дакучыў, – усміхнуўся Уладыслаў.– Хіба не так слабейшае наша войска?

Хадкевіч хмыкнуў на нязграбную пахвалу. Памаўчаў хвіліну—другую.

– Fas est et ab hoste doceri, і ў ворага, міласцівы пане, дазволена вучыцца. Прызнаваць яго здольнасці, пераймаць, калі гэта на карысць. Шведы выказваюць высокія баявыя якасці ў абароне фартэцый, у аблозе ці ў пазыцыйнай вайне. Але я ніколі і нідзе не адмаўляў ваяўнічасці нашым жаўнерам як і здольнасцяў нашым гетманам.

Ён усміхнуўся неяк вінавата і здаўся каралевічу зусім людзкім, таварыскім і моцна згараваным ад клопатаў і хвароб.

– Я тое хацеў нагадаць, – паспяшаўся ўдакладніць Уладыслаў, – што войска Рэчы Паспалітай не раз перамагала непрыяцеля, меўшага велізарную перавагу. А гэта мажліва толькі дзякуючы здольнасцям вайскаводцаў.

Хадкевіч сквапліва кіўнуў на пацверджанне.

– Шчырая праўда вашай міласці. Але перамагаць лягчэй і страт менш, калі прыкладацца cum toto corpore regni, yсімі сіламі дзяржавы. А наша апошняя вайна са шведамі паказала, што Швецыя мае большыя фінансавыя запасы, чым значна багацейшая Рэч Паспалітая, таму, трэба прызнаць, у яе большыя шанцы на канечную перамогу.

А ў Рэчы Паспалітай усё больш гаварылася пра неабходнасць спыніць вайну і пачаць перамовы, што і вылілася на Сойм 1618 года.

– Калі не памыляюся, на мінулы Сойм пан надворны маршалак паславаў ад Слоніма?

Пытанне польнага гетмана Княства Крыштапа Радзівіла было з тых, якім спадзяюцца завязаць размову. Зварот поўным тытулам павінен быў падкрэсліць павагу вайсковага міністра да маладога сэнатара. Не бяда, калі спроба не ўдасца. Пачуўшы адказ, паклоняцца і разыйдуцца.

– Так, абіраўся на сакавіцкім сойміку, – ветліва адказаў Ян Станіслаў Сапега*, не ўдаючыся ў непатрэбныя абодвум удакладненні.

– Спадзяюся, пан надворны маршалак паверыць, што панская прамова мне спадабалася. Рады быў пачуць пастулаты, якія сам мог бы выказаць.

– Чаму ж не паверыць? – усміхнуўся Ян Станіслаў. – І чуць прыемна, паколькі гэта першая прамова ад часу майго сэнатарства.

Старэйшы сын вялікага канцлера, колішні падстолі, год з нечым як атрымаўшы пасаду надворнага маршалка, стаў сэнатарам.

– Адчуваецца школа нямецкай рыторыкі, – ухвальна сцвердзіў Радзівіл. – Калі не памыляюся, пан дасканаліўся ў гэтай матэрыі ў Брунсбэрдзе?

– Там былі настаўнікі multarum scientarum, вялікіх ведаў, але то гады юнацкія, – прыязна ўсміхнуўся Сапега. – Больш мяне асмелілі Вюрцбург і Сарбона. Без іх ці рашыўся б кранаць замежную палітыку дзяржавы нa такім forum.

Тры гады падарожжаў і перабыванне ў некалькіх універсітэтах Еўропы Ян Сапега выкарыстаў старанна. У Парыжы быў вучнем прафесара Касабонуса, бібліятэкара Генрыка IV, затрымаўся ў Лювэне і Нюрнбергу. Не дзіва, што па вяртанні быў узяты на каралеўскі двор пакаёвым дваранінам.

– Слухаючы пана маршалка, – Радзівіл зірнуў у вочы суразмоўніку, – раз—пораз прыходзілі на розум асновы нашага права. Трэба прызнаць, яснепан Леў даў нам моцны грунт. Забяспечыў надзейна, хоць гэта не спыніла Варшавы. Сёння і не ўявіць Княства без Статута. Абавязак можных радоў unitis viribus, агульнымі сіламі бараніць кожны яго артыкул.

– Маеце на думцы…, – запрасіў удакладніць Сапега.

Радзівіл толькі і чакаў падобнага запрашэння.

– Пры ўсіх рознагалоссях у адным мы павінны заўсёды быць у згодзе, – патлумачыў: – землі Вялікага Княства належаць Княству, а не каралеўскай фаміліі. Палякі і сёння мараць пра інкарпарацыю. І задача можных радоў памнажаць землі Княства, а не ўшчупляць дзеля суцяшэння нечыяга самалюбства! Альбо, што горш, для стварэння падстаў absolutum dominium.

Сапега з разуменнем узняў палец, нібы на вучоным дыспуце.

– Вы пра той славуты рэверс! Не ведаю, хто яго складаў, але ніяк не прыяцель ліцьвінаў. Si fabula vera, калі аповесць праўдзівая, – засцярогся Сапега, – яшчэ да маніфэста каралевіча, аўстрыйскі пасярэднік Эразм Гайдэ фон Розэнштайн жадаў для Рэчы Паспалітай узамен за ненапад ад цара Міхала Фёдаравіча не толькі Смаленска і Севершчыны, але нават Тарапца і межаў 1449 года. А тут Кароне аддаць Полацак! Ці не занадта тых абяцанак?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации