Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 25 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
Пімен Панчанка (1917–1995)
Не здамся!
Бяссоннаю працай спалю
Сябе, ды ад праўды я не адступлюся.
I словам я сцверджу усё, што люблю
Ў народзе сваім і ў сваёй Беларусі.
Пімен Панчанка. Творчасць
Сапраўдная паэзія – пакутлівая споведзь. Незвычайны сплаў “пропаведзі і споведзі”, глыбокай узрушанай лірыкі і палымянай трыбуннай публіцыстыкі ўяўляе сабою паэзія народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Вынік творчасці П. Панчанкі – сапраўды глыбокая грамадзянская лірыка самай высокай пробы.
П. Панчанка пражыў вялікае і няпростае жыццё, насычанае рознымі, у тым ліку і драматычнымі, падзеямі. Ён прайшоў нялёгкімі франтавымі дарогамі ваеннага часу, заўжды падзяляў лёс і трывогі свайго народа. П. Панчанка – паэт з абвостраным пачуццём праўды, справядлівасці, шчырасці, дабрыні. Яго заўжды вылучала актыўная жыццёвая пазіцыя. Гэта творца бескампрамісны, які не баяўся пайсці насуперак традыцыйным поглядам і ідэалагічным догмам.
Жыццё паэта – яго вершы. П. Панчанка прыйшоў у літаратуру яшчэ ў даваенны час, але росквіт ранняй яго паэзіі прыпаў на перыяд ваенных гадоў. Тады і была напісана шчымлівая і баявая лірыка маладога яшчэ паэта. Франтавая лірыка П. Панчанкі – яркая старонка не толькі ў ягонай творчасці, але і ва ўсёй беларускай паэзіі ваеннай пары. Яна цесна змыкаецца з вершамі і баладамі ваеннай пары А. Твардоўскага, К. Сіманава, А. Суркова, А. Куляшова.
Вайну паэт сустрэў у вайсковым страі, пад Беластокам, дзе ён служыў у радах Чырвонай Арміі. Яму давялося зведаць горыч адступлення, калі байцы пакідалі родны край, калі сэрца заходзілася ад жалю і смутку, ад усведамлення сваёй віны, што не можаш спыніць ворага, і разумення велізарнай бяды, якая абрынулася на родны край.
Увесь шлях байца-паэта праз страты і пакуты вайны, горкія хвіліны адступлення і цяжкі час наступлення можна прасачыць па паэтычных зборніках франтавой лірыкі П. Панчанкі (“Дарога вайны”, 1943; “Далёкія станцыі”, 1945). У творах выявіліся асабістыя, глыбока выпакутаваныя пачуцці паэта. Адказнасць за лёс Радзімы адчувае паэт разам з героем лірычных вершаў-споведзяў. Для кожнай з’явы ён знаходзіць характэрныя вобразы, прыкметы, як напрыклад, тая ачалавечаная хата, што ў час бамбёжкі “вочы закрыла дашчатымі пальцамі”, каб не бачыць гора гаспадароў. У вершы “Сінія касачы” любімыя кветкі ля бацькоўскай хаты нібы ўсміхаюцца здалёк, а цяпер іх топчуць боты чужынцаў. Боль за свой край і заклік да ўсенароднай помсты гучаць у вершы “У мяне не забілі нікога”. Франтавая лірыка паэта – паэтычны дзённік суровай барацьбы і выпрабаванняў.
У П. Панчанкі надзвычай мала чыста пейзажных вершаў. І родная прырода, і ўсё наваколле ў вершах паэта “ачалавечваюцца”, ажываюць, кожная сцяблінка і кожная кветачка, як жывыя істоты, перажываюць боль і трывогі роднай зямлі.
Прадчуваннем найвялікшага гора, якое абрынулася на такі крохкі і нетрывалы свет, усведамленнем бездані гора, куды можа быць уцягнута і ягоная родная старонка, напоўнены верш “Журавы” (“Ты чуеш, дружа мой, як плачуць журавы / Над зарывам асенніх журавін?”). Думаецца, што не толькі ўдала знойдзеныя выдатная рыфмоўка (“Журавы – журавін”) і цудоўны гукапіс, якія перадаюць каларыт, хараство і непаўторнасць беларускага краю, прымусіў паэта ўзяцца за пяро.
1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна, гітлераўскі фашызм рынуўся на ўсход і на поўдзень, захапіў Польшчу, вогненным смерчам пранёсся па многіх краінах усяго Еўрапейскага кантынента.
У нашых краях надыходзіла сцюдзёная зіма, яе прыход зрушваў з прывычных месц птушак, якія “ад родных ніў”, “ад ціхае ракі”, “з цёплых хатак” ляцяць у вырай “праз вір вятроў”, “праз лютасць хваль касматых”, падпарадкоўваючыся прыроднаму інстынкту. Што іх чакае наперадзе? Там, за гарамі, за марамі, куды скіраваны “іх шлях, далёкі і цяжкі”, лютуе ненажэрны і “крывавы” вогненны віхор, на “жураўлінай радзіме” ідзе вайна.
Там гнёзды спалены,
Там птушаняты знішчаны,
Смяротны дым плыве над папялішчамі.
Двойчы паўторанае “там” разам з унутранай рыфмоўкай апошніх слоў у вершаваных радках (“знішчаны папялішчамі”) ствараюць своеасаблівы настрой, які далёкі ад бязвыхаднасці, хутчэй, нараджае ўнутраны пратэст і асуджэнне развязанай крывавай бойні, бо “пад залатымі сонечнымі промнямі / Не хочацца і птушкам паміраць”.
Багдановічаўскае “ад родных ніў” (“Слуцкія ткачыхі”) і купалаўскае двухкратнае “там” з ягонага верша-закліку “Там” (1906), якія рэхам адазваліся ў вершы паэта, сведчылі аб сувязях маладой паэзіі перадваеннага часу з беларускім класічным вершам, умацоўвалі глыбокую ўпэўненасць у жывучасці, плённым наследаванні традыцый беларускай паэзіі.
Жураўліны крык – крык развітальны. А тут журавы “плачуць”. Плач нясецца з-пад аблокаў. Бо не проста сабраліся ў далёкую дарогу мілыя сэрцу паэта птушкі роднай зямлі, ляцець ім няма куды, і ляцяць яны, ляцяць і, магчыма, будуць лятаць, як выгнаннікі, вечныя выгнаннікі. Праз трагічнае прадчуванне расстання з роднымі гняздоўямі ідзе паэт да ўсведамлення неабходнасці трываласці пачуцця глыбінных сувязей з Радзімай. Гэта скразная тэма паэзіі П. Панчанкі.
І будуць доўга галасамі сумнымі
Радзіму жураўліную гукаць.
Журавы ў вершы ляцяць насустрач бядзе. Але падтэкст мае аптымістычнае гучанне. Пакуль будзе жыць у сэрцы вобраз Радзімы, будзе жыць вера і надзея на хуткае яе вызваленне ад злыдняў-чужынцаў, усё мацней будзе ўсталёўвацца ўсведамленне адказнасці за лёс роднага дому.
У вершы “Журавы” гучаць матывы агульначалавечыя (“шкада мне іх”), матывы еднасці паэта з усім жывым перад пагрозай вайны, перад усеагульным вынішчэннем, не дапусціць якога можа толькі чалавек з высокімі гуманістычнымі ідэямі, адказны за лёс усяго чалавецтва.
І ўсё-такі вайна – усеагульная бяда – не абмінула родны дом, як ні хацелася б паэту адвесці навалу ліхалецця. З фронту П. Панчанка “пасылае” ўжо верш-зварот “Краіна мая”, напоўнены замілаваннем, любоўю, шчырым сыноўскім прызнаннем у вечнай адданасці роднай зямлі, гатоўнасцю ахвяраваць сабой дзеля таго, каб бачыць сваю Радзіму вольнай ад чужынцаў-рабаўнікоў. Звяртае ўвагу глыбокі патрыятычны пафас ваенных вершаў П. Панчанкі. Гераічнае і трагічнае ў вершах аб Радзіме сплаўлена ў адзінае цэлае. Пры гэтым паэт зыходзіць з народнага ўяўлення пра віну і бяду, гаворачы пра агульначалавечае гора, пра людскую бяду, якую нельга адвесці, але здавалася б, можна аблегчыць хоць крыху, ахвяруючы сабой, будучы гатовым на подзвіг, абы толькі “залячыць” раны, адвесці пакуты ад роднай старонкі.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла —
так піша паэт з франтавых дарог. А перад усім ён спавядаецца, прыгадвае краявіды роднай зямлі, “мілыя вобразы роднага краю” (Я. Колас), апісвае самыя яркія ўспаміны пра родныя гоні, тыя хмаркі, птушкі, дажджынкі, якія часта сняцца яму (“І сняцца сны аб Беларусі…” Я. Купала) тут, на фронце, удалечыні ад Радзімы, куды ляцяць яго словы-прызнанні. У тым, што нічога няма смачней за скібу “матчынага хлеба”, “харашэй за агонь зарніц”, які “на дне азёр дагарае”, мілей таго, як “жыта шуміць”, “ярчэй за сонца на родным небе”. Гэта тыя вечныя агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці жыцця, якія павінен і можа зберагчы ў сваім сэрцы кожны чалавек, каб горда глядзець у вочы наступным пакаленням. І сэнс жыцця – у самім жыцці, у тым, каб радавацца і цешыцца старонкай, дзе жывуць твае маці і бацька. Сэрца сына баліць, крывавіць таму, што “топча, катуе тваю зямлю вылюдак ашалелы”. Паэт называе сваю краіну “Маці мая!”. Ён не хацеў бы “ні славы, ні скарбаў”, адно “зямлю сваю пад нагамі адчуць”, “надыхацца родным паветрам”. Зразумелы тады становіцца і задорны, радасна-ўзнёслы патрыятычны пафас паэта-франтавіка, які эмацыянальна ўсклікае напачатку верша-зварота, верша-споведзі:
Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.
Абагульняльным вершам пра родны дом, які заўжды жыве ў сэрцы чалавека, каб чалавек мог “да старасці чэрпаць адтуль успаміны”, з’яўляецца верш “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток…”. Тут развіваюцца матывы глыбінных сувязей з роднай зямлёй, як і ў вершах “Журавы”, “Краіна мая”. Верш навеяны пачуццямі, перажытымі пры адступленні, калі паэт адчуваў горыч расстання з роднай вёскай, са “слядамі” ног, якія заўжды прыводзілі да роднай хаты. Паэт перадае шчымлівае пачуццё невыноснай страты (“Я схаваў твар у травы”), гневу за “растаптаны кут”, за тое, што родны край пакутуе ад нашэсця ворагаў-чужынцаў. Разам з тым паэт адчувае сваю еднасць з усёй зямлёю, якая, безабаронная, нібы дзіця, да яго “прытулілася целам магутным”. Адчуванне сябе сынам Радзімы дае паэту сілы. Ён хоча “запомніць усё”, убачыць усё, каб думаць штохвілінна пра помсту і пра хутчэйшае вызваленне роднага кута. Верш напісаны ў 1942 г. Паэт нібыта бароніць усю зямлю, усё чалавецтва ад навалы і глуму, і гэты гуманістычны пафас выходзіць на першае месца ў вершах ваеннай пары.
Вершы П. Панчанкі прасякнуты глыбокім рэалістычным зместам. У іх няма адцягненай рыторыкі, умоўных вобразаў, агульных планаў. Ад канкрэтнага, рэалістычна-праўдзівага паэт ідзе да агульначалавечага, сцвярджаючы каштоўнасці чалавечай цывілізацыі, дзе зямля – агульны дом.
Пімен Панчанка – майстар рыфмаванага верша. Рыфма ў паэта – нечаканая, звонкая, гэта – цэлы вобраз: “гарадоў – гора ўдоў”, “хат – хальт”, “труну – турну”. Радкі вершаў – часам маральныя тэзісы: “Хто ўладарыць, той і ўдарыць”, “А цяпер – біць дык біць!”, “Ёсць тытунь – будзем жыць”, “Я іду, я прыйду…”, “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”.
“Герой” – верш з пярэдняй лініі фронту – з акопаў, дзе часам прыходзіцца самааддана, на першы погляд, спакойна і лёгка, ахвяраваць жыццём, каб іншыя маглі наступаць. Гэты гераізм – непаказны, але ён так патрэбны на фронце. Гераізм, які падрыхтаваны ўсім папярэднім жыццём чалавека. Вось чарговая атака захлынулася каля самых варожых пазіцый, калі кінжальны сустрэчны агонь і нечакана ўзнікшая драцяная агароджа не даюць магчымасці прарывацца наперад. І тады першым падняўся ён, безыменны герой, і з глыбока прыхаванай іроніяй, крыху грубавата і з выклікам звярнуўся да аднапалчан:
Злосна сказаў: “Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне”.
I лёг на змяіныя скруткі дроту.
I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
Верш “Герой” – адзін з лепшых узораў франтавой паэзіі. Ён сціслы, лаканічны, эканомны ў мастацкіх сродках. Верш кранае сваёй стрыманай праўдзівасцю, ідэйнай глыбінёй, перакананасцю. Паэзія подзвігу тут пададзена без знешніх эфектаў, без экзальтацыі, залішняй траскучасці і пампезнасці. Аўтар знарок “прызямляе” перажыванні героя, падае іх нібыта на будзённым узроўні. Высокае, абагульненае, пафаснае, узнёслае суседнічае ў вершы з канкрэтным, рэалістычным, прыземленым. Гэта верш трагедыйнага гучання, але з аптымістычнай канцоўкай. Пайшлі ў атаку, “калолі фрыцаў”, “палілі танкі” сябры, узнялі “сцяг перамогі” на “заваёваным рубяжы”. А ён, ён застаўся тут, – “зваліўся на травы”, – невыносны боль, невыноснае гора, самаахвярнасць, унутранае парыванне не абрываюцца на гэтай трагічнай ноце, а, як і ў “Журавах”, нібыта абагульняюцца. У вершы перадаецца не толькі стан чалавека, які свядома пайшоў на смерць, але раскрыты пакуты зямлі і неба: “стала балюча і травам, і росам, і ветрам гаючым, што прыляцелі з валдайскіх азёр”. Верш – рэквіем геройскаму ўчынку салдата на вайне. Аўтар не дапускае рыторыкі, псеўдапаэтычнага фальшу. Верш мае свой сюжэтны пачатак, сваю “інтрыгу”, заяўленую адразу і без падрыхтоўкі (“Злосна сказаў…”). На цяжкім уздыху, на душэўным шкадаванні абрываецца верш. Мы не ведаем, ці застаўся жыць салдат, ці залячыў ягоныя раны “гаючы вецер”. Песняй-жальбай, дзе трагічнае злучаецца з гераічным, песняй-гімнам подзвігу стаў гэты твор.
Лёс франтавіка, сцвярджае паэт, не трагічны лёс героя-адзіночкі. Салдату лягчэй паміраць ці старацца выжыць з адчуваннем сваёй далучанасці да лёсу ўсеагульнага, салдацкага, лёсу, які не выбіраюць. Такая абагульненасць лёсу чалавека, прыроды, зямлі – характэрная рыса паэзіі П. Панчанкі як ваеннай, так і пасляваеннай пары.
У 1944 г. П. Панчанка як франтавы журналіст разам з вайсковымі часцямі трапіў у Іран. Вынікам двухгадовага знаходжання за межамі Радзімы з’явіўся вядомы цыкл вершаў “Іранскі дзённік” – адзін з першых вершаваных зборнікаў “аб заграніцы” ў пасляваеннай беларускай паэзіі. У ім паэт перадаў экзотыку прыроды паўдзённай краіны – сапраўднага “раю” на зямлі. Аднак ён з палемічнай завостранасцю піша пра трывогі і беды “горнага краю”. Нібы парушаючы афіцыйны дыпламатычны нейтралітэт, па праву паэта, аўтар праяўляе зацікаўленасць жыццём гэтай зямлі, дзе “на пяску згарае нават цень”, а “назвы дрэў мудроныя такія, што цяжка нават рыфму падабраць” (“Мы першы раз за межамі Радзімы”). Паэт імкнецца напісаць праўдзівы дзённік “пра заморскія прасторы, пра чужыя гарады, пра зямлю, дзе мы служылі ў неспакойныя гады” (“Апяваў Адам Міцкевіч”).
Адзін з ключавых матываў зборніка – адчуванне гордасці за родны край, пасланцом якога ўвесь час не перастае ўсведамляць сябе П. Панчанка. Таму заканамернымі ў вершах з’яўляюцца частыя ўспаміны пра Радзіму, пра родную старонку. Адзін з такіх успамінаў пра Беларусь, што да таго часу была ўжо вызвалена ад заваёўнікаў, ляжыць у аснове верша “Сустрэча з бярозай”, якая, здаецца паэту, ажно з магілёўскага бору прыйшла ў далёкі Іран. Бяроза, нібы старая знаёмая, кліча паэта на Радзіму, дзе ўсё яму роднае і блізкае. Сустрэча з бярозай наводзіць аўтара на прыемны і радасны ўспамін пра родны дом. Паэту ўяўляецца, як шумліва ўздыхаюць травы, як радасна пушчы гамоняць. Яму здаецца, што “адгэтуль да нас і буслы прыляцелі”. Думкі паэта імкнуцца з далёкага Ірана ў родныя мясціны.
Дарэчы, пра майстэрства вершаскладання П. Панчанкі можна гаварыць многае. Сустрэча з бярозай у паўдзённай старане хораша адгукнулася ў сэрцы паэта, і нарадзіўся верш, багаты інтанацыямі, шматлікімі паваротамі думкі. Паэт лёгка і свабодна адчувае сябе ў структуры верша, калі піша пра родны край. Верш багаты рытмікай, свежымі вобразамі. Твор – дыялог паэта з бярозай. У ім гучаць размоўныя інтанацыі, па рытме ён набліжаецца да свабоднага верша. Пранізаны светлым настроем, эмацыянальны, верш перадае душэўнае ўзрушэнне паэта, у якога ўсе думкі, мары і ўсе спадзяванні тут, у далёкім краі, пераносяць яго на родную зямлю, на Беларусь. У вершы выяўляецца сыноўняя любоў паэта да зямлі, якая яго ўзгадавала і адкуль ён выправіўся ў свет, каб адкрываць для сябе нязведаныя далі.
Адкрыццём незнаёмай дагэтуль далёкай зямлі стаў у беларускай літаратуры цыкл вершаў “Іранскі дзённік”.
Інтэрнацыянальныя матывы гучаць і ў вершы П. Панчанкі “Шапка эстонца”. Паэт нарадзіўся ў Таліне (“Ні шторму, ні буры тады не было, калі нарадзіўся я ў Таліне”). Гэта верш-успамін, з тых самых успамінаў, якія становяцца сямейнай легендай і перадаюцца ад пакалення да пакалення. Хату, у якой нарадзіўся хлопчык, наведалі эстонскія рабочыя і пакінулі ў шапцы паўнютка скамечаных грошай, каб маці магла падгадаваць немаўля, пакуль бацька знаходзіўся на вайне. Паэт славіць чалавечую дабрыню, рабочую салідарнасць. Спагада і неспакой за новыя пакаленні і за жыццё простай сям’і у характары народа. У рабочым бараку, дзе жыла сям’я з Беларусі, усе ведалі пра радасць і гора адзін аднаго, дзяліліся ўсім, што мелі самі, падтрымлівалі адзін другога, як маглі. І расчулены паэт ужо ў сталым веку, шмат перажыўшы і зведаўшы, не аднойчы ўславіўшы ў сваіх вершах “каханне, паходы, баі”, зараз хацеў бы ўславіць простыя чалавечыя пачуцці – спагаду і добразычлівасць, шчодрасць душы і багацце духу, прыгадваючы сямейны ўспамін пра тую “шапку эстонца”.
Узнёслы і праніклівы верш П. Панчанкі “Белыя яблыні”. Здаўна на нашай зямлі хараство і прываблівасць чалавека атаясамліваюцца з прыгажосцю дрэва. З белымі яблынямі параўноўвае паэт дзяўчат (“і з яблынь расцвіўшых тады нараджаюцца дзяўчаты на нашай зямлі”).
О, белыя яблыні, белыя яблыні,
Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах!
Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя,
I хмель веснавы на гарачых губах!
Краса прыроды – “дзявочыя яблыні”, у чым упэўнены паэт, хутка будуць расці і цвісці нават у Космасе. Касмічнае хараство роднай прыроды і яе найярчэйшае ўвасабленне – дзявочае хараство – услаўляе паэт у разгорнутым вершы-баладзе, у якім расказваецца пра ўсё, што даводзілася перажыць сынам і дочкам на роднай зямлі: тужлівую ростань, цяжкую працу, радасць і гора. Будуць заўжды імкнуцца ўвысь людзі, але без “ласкі вялікай жаночай” свет можа ачарсцвець і патануць у нябыце.
У вершы “Белыя яблыні” П. Панчанкі выявіўся культ жаноцкасці, вядомы нам яшчэ па творах Дантэ, Гётэ, А. Блока. Адзіны культ, які гатоў прызнаць паэт, – і гэта выразна праявілася ў вершы “Белыя яблыні” – культ жаночага пачатку ва ўсім. Пра гэты пачатак гаварылі неаднойчы філосафы і паэты, мастакі і музыканты. Як пісаў філосаф М. Бярдзяеў, “жаночая стыхія ёсць стыхія касмічная, аснова тварэння, толькі праз жаноцкасць чалавек далучаецца да жыцця Космасу. Чалавек у паўнаце сваёй ёсць Космас і асоба”.
“Касмічны” пачатак чалавека ў вершы беларускага паэта адчуваецца даволі выпукла, праступае спаўна. Пакуль будуць нараджацца на зямлі прыгожыя людзі, чароўныя дзяўчаты, падобныя на “белыя яблыні”, датуль бясконцым будзе шлях удасканалення чалавецтва, шлях пазнання. Пра касмічную глыбіню і бясконцасць чалавецтва як самога праяўлення Космасу напісаны верш П. Панчанкі “Белыя яблыні”.
“Святочныя салюты” – верш зусім не юбілейны, бо за выбухамі святочнага феерверку бачацца паэту смяртэльныя выбухі вайны, устаюць “прывіды мінулага”, калі “б’юць гарматы ў маладосць”.
Сябры мае,
Прашу цішэй паліць:
Зямлі яшчэ баліць.
I мне баліць.
Святло святочнага салюту разгараецца святлом трывожнай памяці чалавека, які шмат перажыў і паспытаў на дарогах вайны, які трывожыцца за лёс чалавецтва, за мір на планеце.
Паэт праяўляе грамадзянскі клопат аб усім на зямлі, “за зерне і за дзіця”. Для яго не існуе асобных паэтычных тэм па-за клопатамі звычайнага чалавечага існавання. Крыніца ягонай паэзіі – жыццё. Паэт заўсёды імкнуўся да ідэалу. П. Панчанка – паэт эмацыянальны. Усё, пра што ён піша, прапушчана праз яго ўласнае сэрца, бытавое – узаемадзейнічае з узнёслым, адухоўленым. Гэта паэт душэўна актыўны, адкрыты, праўдзівы, шчыры. “Я веру словам простым і надзейным: зямля і хлеб, і праца, і любоў”, – кажа паэт.
Многія радкі вершаў П. Панчанкі – маральны кодэкс чалавека, далёкага ад раўнадушша. Вечнасць паэт звязвае з чалавечнасцю (“Без чалавечнасці не будзе вечнасці”). Ён імкнецца данесці да чытача вычарпальную праўду пра наш час, пра клопаты людскія на планеце. Пра гэта сведчаць зборнікі паэзіі апошняга часу: “Пры святле маланак” (1966), “Крык сойкі” (1976), “Вячэрні цягнік” (1977), “Маўклівая малітва” (1981), “I вера, і вернасць, і вечнасць” (1986), “Высокі бераг” (1993), “Зямля ў мяне адна” (1996).
Паэзія П. Панчанкі насычана абвостраным пачуццём грамадзянскасці. Заўсёды ўражвае ў творах бескампрамісная пазіцыя аўтара, які асуджае бездухоўнасць, раўнадушша, чэрствасць, лічыць сябе вінаватым ва ўсіх бедах і трывогах людскіх, за няпраўду і няшчырасць на зямлі, але верыць у заўтрашні светлы дзень. Такім творам з’яўляецца верш “Жыццё маё…”. У ім разгорнута мастацкая праграма паэта. Аўтар спавядаецца. Усё тое, пра што ён гаворыць, прапушчана праз сэрца, таму кожнаму радку верыш, пранікаешся заклапочанасцю творцы аб нашым жыцці, поўным бязвер’я, хлусні і маны, бед і нястач, але і прасякнутым працоўным энтузіязмам, глыбокай верай у праўду, дабро і шчасце людское.
Жыццё маё, ты – як цягнік бясконцы:
Святло і цень,
То змрок, то светласць рос.
I людзі з-за мільгаючых аконцаў
Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.
Сваё жыццё паэт навекі звязаў з усім тым, чым заклапочаны людзі, з “шорахам зерня” і са “смехам дзяцей”, з людскімі клопатамі чалавека зямлі.
Мой белы свет,
Мой свет цяжкі ды мілы
Я ведаю, як трэба шмат рабіць,
Каб нам было бліжэй, чым да магілы,
Да шчасця і да сонечных арбіт.
У вершы разгорнуты своеасаблівыя дэкларацыі зямной любові і нянавісці паэта, яго неспакою за зямлю. Паэт нібы бярэ на сябе ўсе грахі людскія, хоча павініцца “перад калекамі”, птушкамі, “перад рэкамі”, “перад памяццю мужных” – за “кніжак убогасць”, “за хлусню дэмагогаў”, за “чыёсьці нявер’е”. З глыбіні растрывожанай душы нараджаецца вера ў народ, у моладзь, у вялікую праўду чалавечых ідэалаў. Вера тая не абстрактная, а зусім канкрэтная. Асновай для такой веры служыць родная зямля (верш “Зямля бацькоў”).
Здольнасць да абнаўлення – прыкмета яркага і самабытнага таленту. На гэтую якасць паэзіі П. Панчанкі звярнуў увагу М. Стральцоў. У 70-80-я гады значна ўзбагачаецца змястоўнасць вершаў паэта, у іх больш філасофска-канцэптуальнага гучання, разгортваюцца маральныя праграмы тагачаснага жыцця грамадства, маральна-этычныя праблемы ставяцца абвострана, прэтэнцыёзна, часам нават эпатажна, з жаданнем дастукацца да сэрца кожнага. Адзін з такіх твораў – верш “Мала сказаць: ненавіджу.” Ранейшыя ўласцівыя паэту рысы творчасці застаюцца нязменнымі: шчырасць, адкрытасць, прамата, даверлівасць, жаданне выклікаць на дыялог субяседніка. Гучаць ноткі грамадзянскага пафасу, матывы закліку, раздаецца трыбунны голас паэта. Але разам з тым у творы чуецца мудрасць чалавека бывалага, салдата-франтавіка, які наступаючы і абараняючыся, прайшоў суровымі дарогамі вайны, не скарыўся ворагу-чужынцу, выжыў, выстаяў у суровых перыпетыях ваеннага часу. Паэт разгортвае маральна-этычную праграму сучасніка, звяртаючыся да розуму і волі, да трапяткога пачуцця свайго субяседніка, падкрэсліваючы, што “мала сказаць: ненавіджу, мала сказаць: прызнаю”. Якія ж каштоўнасці свайго часу вылучае паэт? “Дрэннаму – не пакарацца”, “добрае – не празяваць”, – гучыць наказ маладому чалавеку. Нельга ў сваім жыцці мірыцца нават з самай дробнай хлуснёй, але трэба ваяваць і з “буйной хлуснёй”, як бы тыя ні маскіраваліся. Клятвай сталі заключныя радкі верша: “З ворагам біцца – і выжыць, нібы салдат у баю”. Паэту верыш, бо гаворыць чалавек, які сам прайшоў такімі шляхамі. «“Балявы парог” паэтычнай натуры Пімена Панчанкі надзывычай нізкі», – адзначаў В. Быкаў.
У зборніку “І вера, і вернасць, і вечнасць” (1986) паэт успамінае аб перажытым. У вялікім і малым паэт заставаўся верным праўдзе жыцця. Гуманізм, чалавечнасць, абвостранае пачуццё адказнасці за лёс Радзімы, міру, шчасце людзей у паэзіі П. Панчанкі праяўляюцца з асаблівай сілай ледзь не ў кожным вершы. Творца застаецца бязлітасным да фальшу, падману, хабарніцтва, прыстасавальніцтва, востра адчувае “двайныя стандарты” часу, калі “кожны быццам б’е старое грозна розгамі, / А сам дабро грабе, схаваўшыся за лозунгі”. Паэт крытычна ставіцца да ідэалізацыі грамадскага жыцця, праяўляе выключна высокую патрабавальнасць да сябе (можа, у першую чаргу да сябе) і да іншых сваіх сучаснікаў, да грамадства ў цэлым. Паэзія – гэта амаль заўсёды самааналіз, самаацэнка здзейсненага. Вершы “Творчасць”, “І вера, і вернасць, і вечнасць” – глыбінны і пакутлівы роздум над часам і сабой, што прыводзіць да пэўных высноў, да маральнага максімалізму, уратоўвае ад верхаглядства, пустаты і празмернай шуміхі вакол зробленага. «“Пісаць – як жыць” – такім было alter ego», адзначаў У. Гніламёдаў.
Асабліва паэт выступаў супраць марнатраўства жыцця, пустой траты часу. “Не трацьце дарма часу, з яго саткана чалавечае жыццё”, – сцвярджалі мудрыя. Такі верш П. Панчанкі “Той дзень прапаў…”. Чым жа павінен быць напоўнены дзень чалавека? Аўтар не ўшчучвае суразмоўцу, а раскрывае шматгалоссе і шматаблічча акаляючага свету, падказвае шляхі да напоўненага жыцця, вядзе чытача ці слухача па нялёгкіх і самотных дарогах часу. Пісьменнік знаходзіць тут адзіна справядлівыя ў такіх выпадках дзеясловы-выказнікі, што дзень той “сканаў”, “попелам пасыпаны”, “зліняў на сотню радуг”, “збяднеў”, “завянуў пустацветам”, “закрэслены табою”, калі чалавек нічога не зрабіў з таго, што мог бы зрабіць. Якія ж каштоўнасці выбірае паэт? Падзяліцца з суседам радасцю, не пашкадаваць дзецям паказаць “куточак свету, і хараство людзей, і дрэў, і траў”, асабліва “не абмінуць” раўнадушна чужую бяду, не пабаяцца душэўнага болю, не праглынуць абразу хама, не “пляваць” на дружбу і на працу, не хавацца ад трывог свайго часу, каб зберагчы ўласны спакой. Маральная праграма паэта ўспрымаецца як глыбока выпакутаваная, вынашаная, не траскуча-рытарычная, а грамадска значная, як жаданне-заклік да суграмадзян хвалявацца “за ўсіх і ўсё на белым свеце, што ў нас саміх і што вакол нас”, трывожыцца “за зерне і дзіця…”. Аўтар і сам гатоў пакаяцца за нейкія свае “грахі”, калі, можа, пакрыўдзіў іншых грубасцю, да чалавечага болю быў глухі. “Грахі мае, бясконцыя грахі” – так заключае паэт. Вершы П. Панчанкі – вершы-субяседнікі. Паэт вядзе несупынны дыялог з чытачом аб самым набалелым, дарагім, агульна значным. Ён задае пытанне, звернутае да ўсіх і кожнага: “Якім ты станеш, чалавек?” Гэта яго трывожыць. Паэт гатовы многае ўзяць на сябе (“Паэма сораму і гневу”), выступае прарокам і праўдашукальнікам, смелым змагаром з вялікімі і малымі заганамі суіснавання свету і чалавека, верыць у светласць душы асобы-творцы.
П. Панчанка – паэт метафарычны, філасофска-публіцыстычны. Ён – майстар паэтычнага радка, у яго творах часта сустракаюцца напеўныя інтанацыі, цудоўны гукапіс. Паэт знаходзіцца ў пастаянным пошуку. “Той дзень прапаў і страчаны навекі, калі ты не зрабіў таго, што мог; калі не паспрыяў ты чалавеку, няшчыры быў, зманіў, не дапамог”, – гаворыць паэт (верш “Той дзень прапаў…”).
Ведаючы, што “без трывог не зберагчы жыцця”, паэт заклікае не маўчаць, не абмінаць раўнадушша. Дзяліцца з людзьмі і горам і радасцю, менш браць, а больш аддаваць людзям – паэтычнае і грамадзянскае крэда П. Панчанкі. Свой талент паэт шчодра аддаваў беларускаму народу.
Пытанні для кантролю
1. Якія асаблівасці паэтычнай лірыкі П. Панчанкі?
2. Як вы разумееце паняцці: “лірыка і публіцыстыка”, “пропаведзь і споведзь”? У чым праяўляецца грамадзянскі пафас паэзіі П. Панчанкі?
3. Якія творы ўвайшлі ў склад франтавой лірыкі паэта і ў цыкл вершаў “Іранскі дзённік”?
4. Якімі творамі вы можаце праілюстраваць змястоўнасць паэзіі слыннага майстра?
5. Прывядзіце прыклады найбольш удалай рыфмоўкі слоў у вершах паэта. Што вы можаце сказаць пра метафарычнасць паэзіі П. Панчанкі?
6. Чым вызначаюцца зборнікі вершаў паэта апошніх гадоў? Якія жыццёвыя праблемы ўзнімае ў іх аўтар?
7. Як вы разумееце бескампраміснасць і баявую наступальнасць вершаў П. Панчанкі?
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?