Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 32


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 32 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Іван Чыгрынаў (1934–1996)
 
Люблю я прозы дух цвярозы,
Яе густы, зямельны дух.
Яна і жартам, як сур’ёзам,
Карчы варочае за двух.
 
Міхась Стральцоў. Ода прозе

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў на радзіўся 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.



У 1952 г. скончыў Саматэвіцкую сярэднюю школу, дарэчы, тую ж самую, што і класік беларускай паэзіі А. Куляшоў. Паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога ў 1957 г. пачаў працу ў рэдакцыі старэйшага беларускага літаратурнага часопіса “Полымя”, потым працаваў у розных рэдакцыйна-выдавецкіх установах рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса.

Затым пісьменніцкая супольнасць выбрала І. Г. Чыгрынава намеснікам старшыні, а пазней і сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праз некаторы час, у 1987 г., ён быў абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры.

У 1978 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Мае шэраг урадавых узнагарод.

Іван Чыгрынаў належыць да таго пакалення беларускіх паэтаў і празаікаў, якое прыйшло ў беларускую літаратуру ў 60–70-я гады ХХ ст. і якое называлі філалагічным пакаленнем. Яно значна ўзняло эстэтычны ўзровень беларускай мастацкай творчасці, стварыўшы багатую і разнастайную ў жанрава-стылёвых адносінах літаратуру, якую мы ведаем і сёння, у ХХІ ст. Тое пакаленне яшчэ памятала вайну, і хоць пра суровыя дні ліхалецця ў памяці засталіся ўсяго толькі дзіцячыя ўражанні, а не ўражанні ўдзельнікаў баёў, аказалася, што хлапчуковая памяць надзвычай вострая, хвалюючая, эмацыянальна насычаная.

З-пад пяра пісьменніка І. Чыгрынава выйшла серыя раманаў пра падзеі Вялікай Айчынная вайны: “Плач перапёлкі” (1972), Апраўданне крыві” (1977), Свае і чужынцы” (1984), “Вяртанне да віны” (1992), “Не ўсе мы згінем” (1996).

Пачынаў сваю творчасць празаік з апавяданняў. Першыя кнігі апавяданняў і аповесцей “Птушкі ляцяць на волю” (1965), “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973) прынеслі заслужанае прызнанне аўтару.

Характэрны для творчасці пісьменніка апавяданні, якія сталі хрэстаматыйнымі: “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” і “У ціхім тумане”. Абодва творы цесна звязаны, бо яны пра паводзіны чалавека на вайне. Розныя паводзіны, якія адпаведным чынам выклікаюць і розныя да іх адносіны у мірныя часы. Амерыканскі пісьменнік, удзельнік баёў Іспаніі Эрнэст Хэмінгуэй гаварыў, што на вайне яны “спальвалі” тлушч сваіх сэрцаў. Сэрца ў час акупацыі на Беларусі ў кожнага яе жыхара ці разрывалася на часткі, ці чарнела ад гора, ці нямела ад жуды і нуды. Вось пра гэта твор “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”. Апавяданне напісана пра чалавека з вялікім сэрцам, душэўнага, адданага, але якога раптоўна і адразу не распазнаеш, дзівак ён і ёсць дзівак, хоць нічога такога звышдзівацкага чалавек не рабіў. Хіба што не расказваў усім пра свае страты і мужнасць у гады вайны. Дзікаваты быў, пазбягаў вяскоўцаў. Жыў замкнёна. Любіў птушак. Хадзіў у адной і той жа вопратцы. Пры гэтым “ён ніколі не глядзеў па баках”. Дзеці беглі ўслед за новым жыхаром з Ганчарнай вуліцы і дражнілі яго. Толькі і чуваць было з усіх бакоў, “як крычалі на вуліцы: Дземідзёнак!”

Празаік заўважае: “Ветлівы Дземідзёнак гэты. Толькі чамусьці неразгаворлівы. Панурыцца і маўчыць. Нібы кляймо на ім якое”. Было ў Дземідзёнка адно відавочнае дзівацтва. Аднойчы трапіўшы на рынак і ўбачыўшы там птушак у клетцы, ён пачаў штораз наведвацца на кірмаш, купляць птушак і выпускаць іх на волю.

Лірычны герой апавядання адчуў душэўную еднасць з гэтым знешне дзівакаватым і нелюдзімым дзядзькам, асабліва тады, калі першы раз павітаўся з ім, а потым прасачыў, дзе выпускае Дземідзёнак купленых у хлапчукоў птушак. “Выпускаў Дземідзёнак купленых птушак кіламетраў за тры, там, дзе пачынаецца Зінкевічаў луг”. Пісьменнік перадае хараство прыроды ў такі час: “Свяціла яркае сонца, булькала ў рэчцы вада” і цудоўныя перамены, што адбыліся ў паводзінах гало ў нага героя: “Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў і ўжо ад таго, ранейшага Дземідзёнка, нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся”. Герой, ад імя якога вядзецца апавяданне, заўважае: “Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажыў вялікую радасць”.

У чалавека з Ганчарнай вуліцы ў душы панавала велізарнае гора. Жыў у вайну ён у леснічоўцы. Праз тую леснікову хаціну праходзіла шмат людзей. Многім дапамагаў Дземідзёнак. Зрушаная з прывычных мясцін, з горада прыйшла дачка, пакінула ўнучку, а сама падалася далей, можа ваяваць, а можа ратавацца ад ворага д. Прыходзілі партызаны. Але аднойчы схапілі Дземідзёнка фашысты, катавалі, дапытваліся, дзе тыя сцежкі, што вядуць да лясных мсціўцаў. Адна бяда, адна думка займала старога: як жа там трымаецца малеча, адна ў хаце, можа, хоць партызаны прыйдуць і ўратуюць. Калі выпусцілі Дземідзёнка з катавальні, унучкі ў халоднай хаце, ён не знайшоў. З таго часу стаў нелюдзімым Дземідзёнак. Гора спаліла сэрца. Здавалася б, на гэтым, можна завяршыць апавяданне. Але пісьменнік ідзе далей, каб глыбей зазірнуць ў душу “дзівака”.

Лірычны герой распавёў гісторыю старога Дземідзёнка тым хлапчукам, якія прадавалі яму птушак. І птушак на рынку не стала. І хлапчукі перасталі даймаць старога. А Дземідзёнак выехаў з вёскі. “Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. І так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім”, – піша апавядальнік ад імя свайго лірычнага героя. Дадае: “Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва калі на душы”. “І навошта было гаварыць каму. Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час”, – рэзюмуе гаспадыня хаты Дакуліха, дзе кватараваў “дзівак з Ганчарнай вуліцы”. “З таго дня я Дземідзёнка не бачыў” – так заключае герой-апавядальнік, вобраз якога выпісаны празаікам рэльефна, напоўнены суперажываннем чужому гору.

Чалавечае сэрца ўмяшчальнае і моцнае, але і яно пакутуе, баліць ад незагойных ран.

Гэта апавяданне пра абачлівае і зацікаўленае стаўленне да асобы. Памяць мінулай вайны і лёс старога лесніка Дземідзёнка вырашаны ў апавяданні ў чалавекалюбівым аспекце.

“У ціхім тумане” – апавяданне зусім іншага складу. Змест тут прама супрацьлеглы. Нямала ў вайну было людзей, якія прынеслі беды і страты іншым, за ўчынкі якіх прыходзіцца “расплачвацца” іх маці ўжо ў мірны пасляваенны час. Менавіта “ў ціхім тумане, недзе “там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада”, знаходзіцца магіла чалавека, віна якога – гора і бяда ўсёй вёскі, бо ён вырашыў адпомсціць за бацьку, за свой дабрабыт і спаліў разам з фашыстамі вёску, за што і быў пакараны. Цяпер, амаль праз трыццаць гадоў, яго маці просіць, каб паказалі, дзе ляжыць у зямельцы яе сыночак, а калі вясковы хлапчук паказаў: “Недзе тут…”, дык яна рукамі зямлю пачала драць, “быццам намагалася награбці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок”. Твор уздымае праблему віны і бяды чалавека ў суровы час. “Затое часта і трывожна цяпер білася ў грудзях, гатовае вылецець адтуль назусім, яе кволае старэчае сэрца. Удары яго, напэўна, чуваць былі нават праз тоўсты, паточаны чарвямі дзірван”. Стрывожаная маці “штосьці шаптала, варушачы сухімі вуснамі”. Малітву? Прасіла дараваць за сына?

Віна чалавечая і ўменне дараваць – вось галоўны змест твора. Людзі – не злыя звяры, яны не хочуць усё жыццё помсціць таму, хто калісьці ў жудаснай навале наклікаў бяду ці прынёс ім смерць. Чалавек павінен заставацца чалавекам у самых неверагодных абставінах. Таму і запрасіла вясковая жанчына Ганна такую раней ненавісную ёй і ўсім вяскоўцам Рэйдзіху пераначаваць у сваёй хаце, таму і папрасіла суседскага хлопчыка Міцьку Аўласава, каб паказаў тое месца каля “бярозавага балота”, дзе застрэлілі сына Рэйдзіхі і дзе ён ляжыць у зямлі без курганка на магілцы, без адзнакі, дзе толькі сабака можа пагрэбціся. Гуманістычны пафас апавядання заключаны ў душэўнай шчодрасці, жаданні дараваць злачынцу.

Людзі павінны памятаць і добрае, і злое, усё, што адбылося ў мінулую вайну. Вайна – зло. Яна разбурае душы людскія знутры, пазбаўляе іх цэльнасці, адказнасці за свае ўчынкі, вызваляе самыя нізкія пачуцці. Але гэта тады, калі чалавек у многім недабраў як асоба духоўная, тады, калі ў яго характары, думках, паводзінах ёсць “сцёртасці”, ёсць хібы, калі бракуе чалавечнасці. Тады і “ломіцца” чалавек на такіх “зломах”.

Сапраўдны чалавек перамагае ўсё: бяду, гора, праходзіць праз усе выпрабаванні. І перамагае.

Пытанні і заданні

1. Іван Чыгрынаў – празаік другой паловы ХХ ст. Што вы ведаеце пра развіццё беларускай літаратуры ў дадзены перыяд?

2. Памяць мінулай вайны – “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”. Якая яна ў герояў твора?

3. Раскажыце пра лёс галоўнага героя апавядання Дземідзёнка. Чаму яго называлі дзіваком?

4. У чым вы бачыце новае асэнсаванне тэмы вайны ў апавяданні “У ціхім тумане”?

5. Праблемы віны і даравання ў творы “У ціхім тумане”.

Рыгор Барадулін (нар. 1935)
 
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
 
Рыгор Барадулін

Ёсць пісьменнікі, якія пішуць традыцыйна, ёсць наватары, ёсць эксперыментатары, але нямала і такіх, якія, каб спадабацца чытачу, гатовы тварыць па-рознаму, вычурна, з выкрутасамі як у галіне формы, так і зместу.



Рыгор Барадулін – паэт-класік. Яму падуладны ўсе паэтычныя формы, розныя жанры, ён часта здзіўляе чытача зместам твораў, эксперыментуе, шукае новыя шляхі выяўлення сваёй багатай і працавітай душы. Здольнасць пісьменніка абнаўляцца – яркая прыкмета сапраўднага таленту. Як піша перакладчык Васіль Сёмуха ў прадмове да пяцітомнага Збору твораў паэта, “цяжка ўявіць сабе Рыгора Барадуліна, выштукаванага ў стылі моднай прэстыжнасці ад madame A. ці ад містэра Юдашкіна, як бы таго ні вымагалі правілы добрага тону новага, рыначнага, часу, які суправаджае і новую эліту, у якой каму б яшчэ быць, як не паэту яркаму і самабытнаму, творча стабільнаму”. Элітарнасць паэта Рыгора Барадуліна не ў знешняй кідкасці адзення, не ў паставе, з горда ўзнятай галавой над шырачэзнымі плячыма, не ў вечна вясёлай шаблязубай галівудскай усмешцы, калі ў вас усё o’key, а ў прастаце і даступнасці, у арыгінальнасці, самабытнасці, а нярэдка ў “зашыфраванасці” паэтычных радкоў, каб асіліць якія, каб пранікнуць у іх унутранае свячэнне, патрэбна засвоіць адпаведны код.

Паэт эпатажны. Умее здзіўляць. Глыбокі па думцы. З верай у сэрцы. З Евангеллем ад Маці. Няшмат такіх паэтаў у народзе. Р. Барадулін – асаблівы. Голас яго адметны. Паэт павінен мець свой голас – гэта важна. Гаворачы пра творчую індывідуальнасць мастака слова і неабходнасць для яго ўласнага голасу, І. С. Тургенеў адзначаў: “Каб такую ноту ўзяць, такую мелодыю засвоіць, трэба мець адпаведным чынам зладжанае горла”. Гэта як у птушак. Паэт Рыгор Барадулін яшчэ доўга застанецца загадкай для даследчыкаў літаратуры, гісторыкаў, літаратурных крытыкаў, сацыёлагаў, псіхолагаў багаццем адценняў свайго паэтычнага голасу, глыбінёй зместу і формы.

Здавалася б, што прасцей. Псіхалогія творчасці самабытнага таленту дазваляе заглыбіцца ў асноўныя этапы яго станаўлення, і кожны з іх – гэта характарыстыка часу, у якім жыве мастак, эпохі, у якую ён творыць. Паэт жыве з народам, творыць разам з ім, перажывае ўсе тыя пераўтварэнні, што перажывае краіна, мяняецца разам з часам, людзьмі. Але ў Р. Барадуліна ёсць “надчасавасць”, “надпрасторавасць”, “надзвышзадача”, якія дапамаглі яму ўзняцца да непазнавальнасці, амбітнасці, непрадказальнасці. Такія паэты складаюць гонар і славу роднай Беларусі. Такімі былі ў сусветнай паэзіі Франчэска Пятрарка, Дантэ Аліг’еры, Гётэ, Антоніа Мачада, Пабла Неруда, Федэрыка Гарсія Лорка.

Рускі класік Сяргей Залыгін у прадмове да надзвычай цікавай кнігі польскага літаратуразнаўцы Яна Парандоўскага “Алхімія слова” пісаў: “Гэтая кніга на звана дакладна: “Алхімія слова”. Бадай, і на самай справе няма больш алхімічнай галіны, чым галіна слова, асабліва слова мастацкага. Варта толькі задумацца над яго паходжаннем, над уплывам яго на нас, над яго сувяззю з нашай свядомасцю і падсвядомасцю, і тут жа стане зразумела, што самы час успомніць аб тым, з якой настойлівасцю алхімікі дабіваліся адной-адзінай сваёй мэты: атрымаць удзячны метал з простых складнікаў”. Здабыць золата.

Паэзія Р. Барадуліна – гэта сапраўды “не хімія, але алхімія слова”, з яе неспавядальнасцю, з адсутнасцю цвёрдых правілаў, з дагадкамі, намёкамі, глыбінёй падтэксту ў кожным радку, з вялікай сілай абагульнення, з уменнем знайсці самае трапнае, тое адзінае слова, якое толькі і падуладна вялікаму майстру. Магія слова, штукарства, стварэнне свету на вачах у слухача і чытача.

Паэтычны голас Р. Барадуліна адгукаецца на ўсё, што ён любіць і ненавідзіць. Любіць свой край, Ушаччыну, маці, сяброў, родных, народ, які яго выпесціў і ўзнёс, краіну Беларусь, за якую жыццё аддаць гатовы, а ненавідзіць фарысейства, пустазвонства, падлізаў, лізаблюдаў, усіх, хто гатовы “мову матчыну” адмяніць.

Пачынаў Р. Барадулін з вершаў пра родны дом, маці, бацьку, родную Ушаччыну, з твораў, якія даўно сталі хрэстаматыйнымі. Гэта вершы “Бацьку”, якога сын не дачакаўся з вайны: (“Не выйшаў ты і ў гэты раз / Мяне спаткаць, паднесці рэчы…”), “Дом” (“Якая радасць у мяне / Калі дадому завітаю!”), “У роднай хаце” (“Нарэшце я ў роднай хаце / Тут кожны шорах песціць слых”, “Парог пасечаны, шурпаты”, “Парог, што ў шлях адзін дадому / Заўжды злучае ўсе шляхі”). Верш “Трэба дома бываць часцей” стаў ужо і брэндам а н тара, і песняй, і дэвізам цэлага пакалення шасцідзясятнікаў з мінулага стагоддзя, хто “ўрастаў” у горад:

 
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
 

Першыя два зборнікі вершаў “Маладзік над стэпам” (1959) і “Рунець, красаваць, налівацца” (1961), паэт прывёз з цалінных зямель, калі ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ездзіў за Урал, дзе студэнты будавалі ў казахстанскіх стэпах аўчарні, кароўнікі, школы. Затым былі кнігі паэзіі “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968), “Лінія перамены дат” (1969), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974), “Свята пчалы” (1975).

Верш “Неруш” – з глыбінёй падтэксту. Слова рэдкае, малаўжывальнае, але трапнае і метафарычнае. Неруш – так называецца некранутае, нечапанае, часцей лясны гушчар, а больш так гавораць, калі натрапяць у лесе на ягаднік, дзе яшчэ не ступала нага чалавечая і дзе процьма чорных ягад, аж у вачах “чорна ад іх, як чорнае сукно, што лезе праз акно”, як сама ноч, як хмара на небе. Чарнічныя паляны – гэта і ёсць неруш. Паэт пераасэнсоўвае значэнне слова, укладвае ў яго глыбокі сэнс. “Неруш ранішні – роднае слова / Мне шукаць цябе, покуль гляджу / Пад зялёным крылом верасовак / Пад крысом і спякоты й дажджу”.

Аўтар шчыра радуецца новаму, незаштампаванаму слоўцу з жывых народных гаворак, разважае пра ролю мовы і кожнага слова ў ёй. Сапраўды, кажа пісьменнік, “слова”, якое мае тое ж значэнне, што і востры “нарог” у плузе для аратага, без яго зямлю не ўзарэш, то “слова” незацяганае, трапнае, служыць спатоленнем душы, як служыць “для ластаўкі – стромы вільчак”. Ад такога слова яснее на душы, яно – жывое – дыхае, вабіць. Гэта сведчыць пра багацце лексічнага запасу беларускай мовы. Колькі такіх слоў у роднай мове! Слова – вобраз,

 
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах.
 

І раптам тон і сэнс верша змяняюцца. Пачуццё адкрыцця змешваецца з той радасцю ў душы, калі сапраўды паэту надарылася б натрапіць на “неруш” ягад, на “неруш” слоў, які аўтар гатовы зберагчы: “Неруш свой панясу я аберуч / Як слязінку з матуліных воч”. Але слова трэба зберагчы і захаваць новым пакаленням:

 
Неруш ранішні – матчына слова,
Мне, як бору, цябе засланяць!
 

За чысціню і багацце роднай беларускай мовы Рыгор Барадулін змагаўся ўсё жыццё. Назвы зборнікаў вершаў – яркія: “Абсяг” (1978), “Белая яблыня грому” (1979), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983).

Самабытны, непаўторны, жывапісны сам па сабе абразок-верш Р. Барадуліна “Заспаная раніца мжыстая” са зборніка “Свята пчалы” (1975). Гэта малюнак з натуры. У той жа час вершаваны эцюд надзвычай эмацыянальны, рытмізаваны, настраёвы, меладычны, багаты на дэталі, якія сведчаць аб рэалістычнасці, канкрэтыцы таго, што разглядаецца. Паслухайце, прыгледзьцеся, адчуйце! Паэт пачынае з канстатацыі факта. Вось чалавек прачнуўся, убачыў… Што ён убачыў? Яшчэ ўсё соннае, “заспанае”, імжа затуліла наваколле. Імжа – гэта срабрысты дождж ды не дождж, раса – ды не раса, іскрыстыя ледзь улоўныя кропелькі ці то туману, ці то прыцемкаў, што з вечара спускаюцца на зямлю, якія яшчэ ніяк не рассейваюцца.

 
Заспаная раніца мжыстая,
На фарбы і гукі скупая.
Нябыта сцяжынкаю мшыстаю,
Прыціхлай зямлёю ступаеш.
 

Яркі і выразны малюнак. Выпісаны дакладна, рэльефна, эмацыянальна. А далей праглядваюцца ў вершы асобныя дэталі, характэрныя прыкметы і восені, і той незабыўнай раніцы. Усё тут трапнае, канкрэтнае, запамінальнае. І “вёдры”, якія прыглушана бразгаюць “каля адсырэлае студні”, бо ад туманаў, дажджоў моцна набрыняў драўляны зруб. Таму і пах тут бы ад “брагі”, пах, якім “дыхае” адсырэлае і прэлае лісце. Вельмі трапнае параўнанне. “Цыбатай нагой жураўлінаю” крочыць верасень. А далей? Успаміны дзяцінства… Ці спрабавалі вы, шаноўныя чытачы, восеньскія журавіны? Ад іх, недаспелых, часам аж сківіцы зводзіць, рот перакошваецца і самі сабой заплюшчваюцца вочы. У вершы, нібы паспрабаваўшы восеньскіх кіслых журавін, “заплюшчыла сонца вочы”. Які вобраз! Туга і смутак толькі на першы погляд агортваюць лірычнага героя. Як усё тут да месца, пераканаўча! Усё, што сказана, зрокава бачыцца, сэрцам адчуваецца. Аўтар завяршае верш-згадку пра “раніцу мжыстую” выразнай надзеяй на святло і радаснай вераў у лепшае.

 
Цвітуць успаміны верасам.
Няяснае мроіцца-сніцца.
І моцна жадаецца-верыцца,
Што ўсё да паўдня праясніцца.
 

Гэта народны верш. Словы нібыта ўзяты з вуснаў простых людзей: “мроіцца-сніцца”, “жадаецца-верыцца”. Шчымлівая паэзія.

Усе народы маюць сваё аблічча, хоць неба на ўсіх адно, сонца ўсім свеціць аднолькава, усе людзі – зямляне, жывуць у адной прасторы, адзіным доме з агульным дахам, ва ўсіх аднолькавыя каштоўнасці – сям’я, хлеб, слова, верш. Агульныя структуры якраз і складаюць мадэль свету, нацыянальнае аблічча. Ёсць і вобразны арсенал літаратуры: высокія горы і бурныя рачныя патокі ў народаў Каўказа, “вецер-вецер ды белы снег”, шырыня стэпаў, Русь-тройка ў Расіі.

Р. Барадулін – паэт глыбока нацыянальны. Вецер, туман, раніца, вечар, хата, белы колер – усё гэта знаходзіць у творах. Р. Барадуліна свой адбітак. У паэзіі Р. Барадуліна створана, па сутнасці, нацыянальная карціна свету.

Нацыянальнае аблічча паэзіі Р. Барадуліна – гэта нацыянальны Логас (слова) і нацыянальны Космас, мікракосмас і макракосмас – чалавек і прырода. Самыя розныя вобразы Беларусі знаходзіць чытач у яркай таленавітай паэзіі Р. Барадуліна.

Клопат пра беларускі народ, родную Беларусь, пра нацыянальны характар адлюстраваны ў вершы “Божа, паспагадай нам”. Зварот да Ўсявышняга ў паэта не выпадковы. Паэзія – гэта малітва, якая звернута да душ людскіх.

Бог, Заступнік людскі, Стваральнік, Настаўнік, калі захацеў пасеяць веру сярод людзей, спусціўся на зямлю і хадзіў ад хаты да хаты, адчыняў скрыпучыя веснічкі ў двор, тупаў па ўтравелай сцежцы ад адных вокнаў да другіх, стукаўся ў кожныя дзверы. Але дзверы былі зачыненыя “знутры”.

Паэзія Р. Барадуліна “адчыняе” дзверы людскіх душ “знутры”, каб у сэрцах навечна “пасяліліся” дабро, праўда, прыгажосць.

Пытанні для кантролю

1. Да якога пісьменніцкага пакалення можна аднесці паэта Рыгора Барадуліна?

2. У чым вы бачыце народнасць і самабытнасць таленту паэта?

3. Назавіце асаблівасці паэтычнага майстэрств аўтара.

4. Якую ролю адыгрываюць гукапіс, рытміка, рыфма ў вершах творцы?

5. Якім паўстае свет Радзімы-Беларусі ў паэзіі народнага паэта?

Міхась Стральцоў (1937–1987)
 
Я хачу напісаць радок,
Толькі адзін радок,
які наіўны паэт
з галавой, кучаравай, як воблака,
мог бы ўзяць за эпіграф.
 
Міхась Стральцоў. Эпіграф

Міхась (Міхаіл Лявонцьевіч) Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння вясковай школы паступіў вучыцца на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1959 г. З таго часу працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў Беларусі, спачатку ў газеце творчай інтэлігенцыі “Літаратура і мастацтва” (1959–1962; 1969–1972), затым у часопісах “Полымя” (1961–1962), “Маладосць” (1962–1968), з 1984 г. – загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса “Нёман”. У 1962 г. прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.



Міхась Стральцоў належыць да таго пакалення ў беларускай літаратуры, якое прыйшло ў 60-70-я гады ХХ ст. і якое назвалі філалагічным пакаленнем альбо “філалагічным сумежжам”, бо яно было адукаваным, эрудзіраваным, прынесла ў беларускую літаратуру свае матывы і вобразы, свой погляд на чалавека і свет, значна ўзняло эстэтычны ўзровень роднай літаратуры.

У тыя гады, калі тварыў Міхась Стральцоў, над чалавецтвам не вісела пагроза ядзернай вайны, людзі на планеце радаваліся мірнаму небу, палётам у космас. Рамантызм і летуценнасць дамінавалі у настроях і ў маладых людзей, студэнтаў, творцаў, да якіх належаў будучы пісьменнік. Міхася Стральцова адносяць таксама да пакалення, якое было абпалена вайной, чыё дзяцінства прыйшлося на гады суровых выпрабаванняў, таму ў яго творчасці значнае месца займае тэма мінулай вайны.

Першае апавяданне М. Стральцоў надрукаваў у часопісе “Маладосць” у 1957 г. Хутка выйшаў зборнік апавяданняў пад рамантычнай назвай “Блакітны вецер” (1962), неўзабаве – новы зборнік апавяданняў з вельмі своеасаблівай ці не “зашыфраванай” назвай: “Сена на асфальце” (1966) – “вёска ў горадзе”, бо гэта чыталася так, а не інакш. З’яўляецца ўслед аповесць празаіка “Адзін лапаць, адзін чунь”(1970), выходзяць кнігі прозы з апавяданнямі, аповесцямі “На ўспамін аб радасці”(1974), “Падарожжа за горад” (1986), “Выбранае” (проза, паэзія, эсэ, 1987).

М. Стральцоў – майстар прозы, яркі, самабытны, шматгранны. Яму аднолькава падпарадкоўваюцца самыя розныя жанры ў мастацкай літаратуры: эсэістыка, нарыс, публіцыстыка, апавяданне, аповесць. Зарэкамендаваў сябе і як паэт.

З-пад пяра творцы выйшлі зборнікі вершаў “Ядлоўцавы куст” (1973), “Цень ад вясла” (1979), “Яшчэ і заўтра” (1983), “Мой свеце ясны” (1986). Часта выступаў у друку з рэцэнзіямі, артыкуламі. Літаратурная крытыка М. Стральцова вызначалася глыбокай аналітычнасцю, тонкім лірызмам, рамантычным падыходам да з’яў літаратуры, верай у магутную сілу слова, у шчырасць і непаўторнасць яго гучання. Адразу звярнула на сябе ўвагу літаратуразнаўчая праца “Загадка Багдановіча”, якая выйшла ў 1968 г. і ў якой асвятляўся эстэтычны і жыццевы феномен генія. Потым былі кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “Жыццё ў слове” (1965), “У полі зроку” (1976), “Пячатка майстра” (1986).

Вядомы М. Стральцоў і як перакладчык з іншых моў на беларускую, у прыватнасці з рускай пераклаў раман Ч. Айтматава “Буранны паўстанак” (1987), па-беларуску ў “пераўтварэнні” пісьменніка прагучалі асобныя творы прозы і паэзіі рускіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў і празаікаў.

Пасмяротна за кнігу паэзіі “Мой свеце ясны” Міхасю Стральцову прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Калі адзначыць адметныя рысы творчасці мастака, дык найперш талент Міхася Стральцова набыў сваё творчае завяршэнне, эстэтычную вышыню ў жанры навелы і апавядання. У самім слове “навела” ўжо чуецца адценне навізны, нечага незвычайнага, эпатажнага, здзіўляючага, недасказанага, загадкавага. У навелах, як правіла, выразна праступае хуткі водгук на падзеі і з’явы, на змены ў грамадскім жыцці, хуткая ацэнка падобных змен, уменне разглядзець тое новае, што толькі-толькі нараджаецца і яшчэ добра не ўсталявалася ў хуткаплынным жыцці сучаснікаў.

Апавяданне – гэта яшчэ і пералік падзей, як правіла, завершаны ланцуг аднаго ці больш здарэнняў. Апавяданне як жанр канчаткова аформілася з развіццём рэалізму ў літаратуры, калі спатрэбілася даведацца не толькі пра выключныя падзеі, але і пра звычайнае паўсядзённае жыццё народа. Перавага звычайнага над незвычайным – так падкрэсліваў вартасці апавядання І. В. Гётэ, такую ж апавядальную будзённасць адзначаў А. Твардоўскі, калі разглядаў апавяданні І. Буніна, мастака, які ўзняў апавяданне на такую вышыню, што заслужыў сусветнае прызнанне, стаўшы лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за цыкл апавяданняў “Цёмныя алеі”. Лепшыя майстры жанру апавядання А. Чэхаў, І. Бунін, Ю. Алеша, М. Прышвін, П. Паўстоўскі, Л. Талстой, Я. Брыль, Я. Колас, М. Лупсякоў заклалі трывалы падмурак для далейшага ідэйнага жанрава-стылёвага ўдасканалення малафарматнай прозы.

Міхась Стральцоў – выдатны майстар апавядання ў беларускай мастацкай прозе, цудоўны навеліст. Яму падуладна ўсё ў гэтых жанрах: малюнак, выразная пластыка, жывапіс словам, эмацыянальнасць, пачуццёвасць, настраёвасць, лірызм, свабоднае гучанне слова, глыбіня падтэксту. У творчасці празаіка апавяданне набыло тую ступень дасканаласці, калі, па С. Моэму, нельга нічога ні дабавіць, ні ўбавіць, менавіта ў яго творах, як кажуць, словам цесна, а думкам, наадварот, прасторна. Празаік піша так, што нервы і думкі чытача знаходзяцца ў пастаянным напружанні. У апавяданнях М. Стральцова мы сустракаем усё тыя ж элементы, якія ўваходзяць у любы мастацкі твор: сюжэт, вобраз, стройная плынь слова. Аднак у М. Стральцова падобная жанравая форма нясе ў сабе яшчэ і свае адметныя якасці: яна становіцца гранічна-эканомнай і, можна сказаць, моцнадзейнай. У апавяданнях празаіка захоўваецца адзінства месца і адзінства дзеяння, што вельмі важна.

Найбольш тыповымі і характэрнымі для творчасці М. Стральцова з’яўляюцца апавяданні “На чацвёртым годзе вайны” і “Сена на асфальце”.

У апавяданні “На чацвёртым годзе вайны” і месца, і дзеянне, і сам вобраз, як кажуць, захоўваюць абсалютнае і выключнае адзінства. Нездарма эпіграфам для твора майстар прозы ўзяў словы К. Случэўскага, якія гучаць так: “И капля вод полна трагедий и неизбежности полна”. Як у кроплі вады адбіваецца сонца і жыццё наўкола, так і ў тым, што здарылася з героем у творы, знайшлі адбітак і ўсяленская трагедыя – вайна, і лёс адзінокай зараз маці, якая не дачакалася мужа з вайны, і дзіцячая крыўда за выпадковае “пакаранне”, “пад руку”, і дзіцячыя гульні, і несправядлівасць усталявання навакольнага свету, што ўспрымаецца як трагедыя і палохае сваёй невырашальнасцю. “Было гэта на чацвёртым годзе вайны”, – першая фраза мастака слова адразу ўводзіць чытача ў абставіны далейшага дзеяння. Ёсць у творы і сюжэт: экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя і развязка. Празаік нібыта ад нецярплівасці апісвае адразу кульмінацыйны момант, спяшаецца паказаць сутнасць канфлікту чалавека і абставін, не апраўдваючы, але і не абвінавачваючы персанажаў.

“Бабуля – высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам – адсцябала матузамі малога ўнука за тое, што па абшчыпаў, не дачакаўшыся вячэры, акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба ”.

Бабуля зрабіла так не са злосці, а больш ад роспачы і адчаю, бо не ведала ўжо, чым карміцца ў сям’і. Вайна прывучала да нішчымніцы. Дзе той хлеб? Хто сее? Хто яго сажне? Мужчыны ўсе на фронце. Дзве адзінокія жанчыны жывуць у хаце: маці і бабуля, а з імі сын і ўнук. “Малы не заплакаў, толькі не сваім голасам войкнуў, калі, уцякаючы ад матузоў, хацеў падшыцца пад ложак, – на хаду перадумаў нечага, разгубіўся, і тут яго дагнала, апошні раз балюча сцебанула старая”.

Ёсць у творы знешні канфлікт – грозьба бабулі, ёсць і ўнутраны – адносіны маці да пакаранага за свавольства сына. Чытаць тыя радкі без глыбокага душэўнага болю немагчыма. Маці становіцца сведкай “расправы” свекрыві з яе сынам. “Яна ўсё бачыла, і калі сын, разгубіўшыся, зырка ц па хаце здзічэлымі вачамі, ёй здалося, што ён глядзіць на яе, моліць спагады, літасці, моліць заступіцца, і ў яе тады перавярнулася ўсё нутро, і яна падумала, што і сама часам гэтак жа сцябала малога, і цяпер пашкадавала, што рабіла так”.

Вось і ўсё, здавалася б, апавяданне. На гэтым можна было б завяршаць твор. Ёсць інтрыга, ёсць глыбіня перажыванняў. Выдатны псіхалагічны малюнак, калізія навідавоку. Што рабіць маці? Заступіцца за сына, дакараць бабулю, сваю свякруху? Ці не заўважаць нічога? Прадаўжаць рабіць як рабіла: “Маці таўкла ў хаце проса”. А што ж хлопчык? “Сын жа кінуўся ад ложка да дзвярэй, з усяе сілы ціскануў рукамі на клямку, біў у дзверы нагамі: маці бачыла, як дрыжэў у яго збялелы падбародак, як захліпаўся сын ад першых крыўдлівых і роспачных слёз”.

Хлопчык трымаўся па-даросламу. Не заплакаў адразу ад няўдачы, не заплакаў ён і ад болю. Яго перапаўняла крыўда. Ён жа не вінаваты, што моцна захацеў есці і накрышыў прыгарак ад бохана хлеба, які не так ужо і ўпэўнена можна назваць хлебам. Ацеслівая аладка. “Моцна заплакаў ён ужо на двары” – так піша празаік у апавяданні. Потым усім стала зразумела, што і маці і старая бабуля шкадуюць малога па-свойму, што не ачарсцвелі іх душы за вайну, цяпер, можа, ужо і каюцца. Адна – што паступіла ад адчаю жорстка, а другая – што не заступілася за крывіначку.

Як сцвярджае літаратурная тэорыя і крытыка, апавяданне лічыцца завершаным тады, калі аўтар шляхам супастаўлення фактаў і падзей здолее пераканаць чытача ў правільнасці сваіх вывадаў у адносінах да рэчаіснасці. Як і ў навуцы, скажам псіхалогіі, так і ў нашым выпадку, у апавяданні Стральцова, даследуюцца факты. Але калі ў навуцы важны канчатковы вывад, тое, наколькі будзе выведзены агульны закон, формула паводзін, дык аўтар у мастацкім творы “даследуе” ўвесь ланцуг падзей, усе дэталі паводзін, кожны зрух душы, каб “падвесці” да канчатковых высноў, якія робяцца, як правіла, на вачах у чытача. Псіхалогія падлетка ў апавяданні “На чацвёртым годзе вайны” “штурхае” героя на шэраг учынкаў, якія, на першы погляд, не паддаюцца аргументацыі. Хлапчук уцёк з двара і схаваўся, сядзеў у алешніку, што “атуляў лажок каля вуліцы”, праседзеў усю ноч у кустах, затаіўшы глыбока ўнутры крыўду і на бабулю за яе вераломства і на маці – за мяккацеласць. “Няхай паплачуць і бабуля, і матка”. Тыя ў сваю чаргу шкадуюць, што так абышліся з сынам і ўнукам. Бабуля прыгадала, што калісьці нізашто “адсцябала гэтак жа матузамі сына, забітага цяпер на вайне”, і ёй здавалася, “што ў сынавай смерці вінавата і яна”. Хлапчук жа ў зарасніку шкадуе, што не расквітаўся за фанабэрыю з “паліцаевым” сынам, не здолеў па-мужчынску пастаяць за справядлівасць. Позна ноччу, адшукаўшы сына ў зацішку, маці “зграбла” аберуч хлапца, які заснуў у будане, перанесла ў хату. Прайшла ўжо і крыўда, засталося адно жаданне адпомсціць “паліцаеваму” сыну ды разуменне таго, што ў асірацелай без гаспадара хаце “трэба браць на свае плечы недзіцячы цяжар”. Варта сталець і станавіцца мужчынам.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации