-------
| bookZ.ru collection
|-------
|  Чарот Міхась
|
|  Босыя на вогнішчы
 -------


   Міхась Чарот
   БОСЫЯ НА ВОГНІШЧЫ

 //-- Паэма --// 


   1. Вайна і пажар…


     Вайна і пажар…
     На вогнішчы людзі
     Жывуць босымі.
     – Няўжо ж гэтак і будзе?
     Свой уласны дар
     У чужых просім мы?
     Працуй – на пана,
     Працуй – на падпанка.
     Жыць стала пагана.
     А тут яшчэ з самага ранку
     Усякі чорт лезе ў балота.
     Ну і ёсць жа людзям ахвота?
     Крыжам бы іх – каля плота,
     Ды – трах!
     Які тут страх?!
     А ты маўчыш,
     Цягнучы сам цяжкі крыж.
     Крыжамі ўставілі поле,
     Пад крыжамі – магілы.
     Шлях класці да Волі
     У людзей няма сілы.
     – Эх, жыві як папала…
     А для жыцця мала
     Аднаго толькі хлеба.
     Пагуляць бы, душу адвясці!..
     Эх!.. пусці!!!
     На ўсходзе зардзелася неба:
     Нібы золата, падаюць косы…
     На зямлі… агнявыя палосы, —
     Дзень новы, новыя ночы,
     Век новы: агню, дыму, попелу…
     Будзе шмат каму горача,
     Нам толькі цёпла,
     Дармо што мы босыя!



   2. – Пажар на Усходзе!


     – Пажар на Усходзе!
     Таварышы, ур-р-ра!
     – Што вы, шалёныя, годзе!
     Што вам не шкода дабра?
     Усё, што збіралі вякамі,
     Сёння марнее ў агні…
     – Маўчы! Мы цябе кулакамі,
     Чуеш?! Ні-ні!
     Цэрквы, палацы, харомы —
     Памяць мінулага – з дымам!
     Што не запалім мы – зломім!
     Знізу наверх ўсё падымем!
     Страшна вам? страшна?
     Пажару агонь ломіць вочы?
     Затое нам відна уночы…
     Не ліце крыві – не пагасне.
     Маліцеся, грэшныя, небу,
     Рукі ўгору узняўшы,
     Вас не паслухаюць хмары.
     Таварышы!
     Што нам трэба?
     – Пажа-ары!



   3. І пылае мур струхнелы…


     І пылае мур струхнелы,
     Іскры скачуць па страсе.
     Раптам вецер, вецер смелы,
     Крыж чырвоны нам нясе.
     – Адным крыжам будзе болей, —
     Шэпча змучаны народ…
     На крыжы чытаюць «Воля».
     – Братцы! Гляньце на Усход!
     То ж агонь, агонь збавення
     Нам нясе Чырвоны Крыж.
     – Братцы, песню вызвалення!
     Люд гаротны, што маўчыш?
     Паняслася песня волі
     Між лясоў густых, балот…
     І аб лепшай вольнай долі
     Стаў ля рэчкі пець чарот.



   4. Крыжы… курганы на балоце…


     Крыжы… курганы на балоце…
     Заросшыя дзёрнам магілы —
     Ўсё ў вогненнай зноў пазалоце:
     Бушуюць дзве страшныя сілы —
     Змагаюцца праца з багаццем:
     Свет новы жыццё утварае.
     Зышліся дзве моцныя раці,
     І праўда няпраўду змагае.
     Глядзяць, пацяшаюцца людзі,
     Зюзюкаюць бабы паціху:
     – Цяпер мо і нам добра будзе?
     Забудзем бяду ўсю і ліха!
     Баіцца наш пан-непаседа,
     Нябось яго кончыцца песня!
     – Не будзем больш мець дармаеда,
     Да працы сам пойдзе, аж трэсне!



   5. – Стойце, хлопцы! будзь на месцы!


     – Стойце, хлопцы! будзь на месцы!
     Не кідайце на бяду…
     – А казаў паганы ў Брэсце,
     Што вайною не пайду…
     А цяпер – глядзі!.. Ну, дзіва?!
     Пачакайце… як жа нас?
     – К вам мы прыйдзем, прыйдзем жыва,
     А цяпер мы: раз! – два!! – раз!!!
     Пры запаленых будынках
     Чуем плач мы беднаты…
     – Дзе ж цяпер шукаць прыпынку?
     Ці даваць мо ла-та-ты?
     Пан з падпанкамі рагоча,
     Гладзіць тоўсты свой жывот
     І пад нос сабе бармоча:
     – Йдзе Хвядот, але не тот!..



   6. Над палямі Белай Русі


     Над палямі Белай Русі
     Стогне віхар-бура…
     – Зноў прыйшлі дзянькі прымусу, —
     Шэпча люд пануры.
     Арол чорны ўецца ў высі,
     Крыллямі махае.
     Над пахілымі крыжамі
     Песню напявае;
     Чуе пах сваёй ахвяры,
     Когці распраўляе,
     Ўніз спусціцца – там пажары,
     Дымам павявае.
     І змагацца стаў угоры
     З бураю мяцежнай…
     Рэжа крыллямі узоры
     Ў небе чорна-снежным.



   7. А на зямлі – даждаліся раю


     А на зямлі – даждаліся раю:
     Старыя лады і манеры,
     Ў пагонах ідуць афіцэры…
     – Упакой раба Мікалая…
     – Аляксея на многія лета…
     Босыя кажуць:
     – Што гэта?
     З кукардай, акуляры на нос,
     Чыноўнік па скверы гуляе…
     У кішэні няма папярос, —
     Мусіць, шмат зарабляе?
     На Захараўскай вуліцы
     Дзень як уздзене чорны халат,
     Толькі песня чуваць блудніцы:
     – Палюбі ты хоць трошкі, камрад!
     А босыя ходзяць па попелу,
     На Ўсход пазіраюць з надзеяй:
     – Покуль што нам яшчэ цёпла,
     Але мы вам ўспомнім,
     Зладзеі!..



   8. Бура страшная вырвала пер'я…


     Бура страшная вырвала пер'я
     Арлу чорнаму ў высі…
     – Зямля! ах, зямля, цяпер я
     Ўніз паляту – сцеражыся!..
     І рэха адклікнулася: «Ах!..»
     Буржуі крычаць: «Які страх!
     Вось цяпер нам будзе скок…»
     Дружна, роўна, крок у крок:
     Ідуць чырвоныя палкі,
     І чуваць напеў стары:
     – Эх, сякі-такі,
     Чорт вас пабяры!..
     Босыя спаткалі іх:
     Гоман, жарты, крык…
     – Туды бег, назад прыехаў,
     Бач ты, бальшавік!



   9. Босым дарогу!


     Босым дарогу!
     Поп, памаліўшыся богу,
     З цэрквы ідзе па завулку:
     – «О времена ныне…»
     А ў разбітай вітрыне
     Спекулянт шукае булку.
     Чыноўнік казённай палаты
     Скінуў парадны сурдут…
     Бурчыць пад нос: «Праклятыя!
     Зноў яны тут!»
     Паны за граніцу
     Давай бог ногі…
     Гром… навальніца…
     Б-о-с-ы-м д-а-р-о-г-у!..
     Паўцякалі? Ну, так што ж!
     На вогнішчы, басанож,
     Пагуляем… Эх, глядзі!
     Бедната ўся, выхадзі!
     Ўчора там – а сёння тут…
     Буржуазіі капут!
     Зноў гуляем на балоце!
     Ў войска, братцы, – па ахвоце…
     Ухапіўшы сваю частку,
     Расчынілі людзі пастку:
     – Вой, вой, вой!
     Будзе бой!..



   10. Чырвоным завешаны вуліцы…


     Чырвоным завешаны вуліцы,
     Вокны, балконы і плот,
     Белы дом толькі журыцца:
     Не йдуць туды на сход…
     Чытаюць адны пацеры, —
     У бога пытаюць, як быць?..
     А босыя на сабранні
     Пасылаюць к… мацеры…
     Пану даволі служыць —
     Вось наша заданне!
     – А як жа?
     Кім будзем звацца?
     Як жа будзе вось гэта ды тое?
     – Давайце ўсе разам змагацца,
     Пакуль не знішчым старое!..
     Замоўклі яны – ні слова.
     Чакаюць другога адказу…
     Толькі шэпчуць, стуліўшы галовы:
     – Паслаў бог бальшавіцкую заразу.
     Зноў мы безгалосыя,
     І цярпі, як сабака шалёны:
     Ўласць усю забралі босыя,
     А іх тут – мільёны!



   11. Не ціхне бура. Стогне лес…


     Не ціхне бура. Стогне лес…
     На ўсе лады віхура свішча!..
     Лясун стары к русалкам злез
     Спраўляць над возерам ігрышча.
     Чырвоны колер ціхіх хваль…
     У іх відаць адбітак неба,
     І з тых краёў, дзе смерць і баль,
     Руччы крывавыя шле глеба.
     Русалкі скачуць з лесуном.
     Музыка грае – «бух ды бразь!».
     І вось, хто спаў адвечным сном, —
     Усплыў над возерам – «сам князь!».
     Не далі спаць. Вайна, агонь
     Руйнуе ўсю яго краіну.
     Пад ім стаяць не хоча конь.
     І кліча князь сваю дружыну…
     Русалак рогат… Ночы ціш…
     Пужаюць князя над вадою…
     Адказ чуваць: «Чаго крычыш?
     Твая дружына там, з табою».
     – А дзе паслухны мой народ?
     Ён за мяне у бойцы ляжа!..
     І чуе шум крывавых вод:
     – Цяпер ён сам сабою княжыць!
     І злосна князь рвануў каня,
     Падняў уверх пярэдні ногі, —
     На ўсход зірнуў, дзе золак дня,
     Дзе кроўю змочаны дарогі…
     Вось чуе раптам – «бух ды бразь!»
     У саму поўнач ціхай ночы…
     І зноў паплыў на дно наш князь,
     Закрыўшы шлемам твар і вочы.
     Блакітна-белы князя цень
     Заслаў ўсё возера туманам,
     І ходзяць хвалі ноч і дзень,
     Шумяць і вечарам і рана.
     Лясун, русалкі там рагочуць,
     К сабе ўсіх маняць, кажуць: «Глянь!»
     Ў вадзе чырвонай шмат хто хоча
     Уночы бачыць князя здань.



   12. На вогнішчы стала пячы


     На вогнішчы стала пячы.
     На вуліцы вецер… бура…
     – Трэба ўцячы,
     Каб была цэлая скура.
     – А мы, босыя, адступаем…
     Не дадзім ахвотаю
     Новай зямлі!
     Таварышы, страляем!
     Ротаю!..
     Плі!..
     Разлягаецца грук.
     Чорны жук
     І павук
     Сядзяць у падвале, слухаюць,
     Баяцца выткнуць жывот,
     Дзеці сабачыя!
     Босыя патыліцы чухаюць,
     Пазіраюць праз плот,
     У кулак плачуць:
     – Бач, нашы паўцякалі,
     Куды дзявацца нам?
     Зноў служыць панам
     Мы прычакалі?..
     Людзей мала на вуліцы.
     Ноч прыйшла, горад – пустка,
     Толькі новы крык чуецца:
     «Пшэ-пу-устка!!!»



   13. Застагналі вёскі і сёлы…


     Застагналі вёскі і сёлы…
     Брычка стаіць ля святлічкі.
     А народ схаваўся ў касцёлы:
     Моліцца, чытае кантычкі…
     «Бэндзь, люд спанялы…»
     На шапку «ожал бялы», —
     Блішчаць гузікі, —
     Чыноўнік зноў на скверы
     Лушчыць гарбузікі,
     Думае, якой ён веры?
     – Ах, халеры!
     Каб дастаць работу,
     Пытаюць, хто ты?
     А босым – холадна…
     Абутым – голадна…
     Жыць не ахвота.



   14. Над балотамі дыміцца


     Над балотамі дыміцца —
     Згас агонь.
     А па вогнішчы імчыцца
     Белы конь.
     Скача ўлева, скача ўправа —
     Не стрымаць.
     Захацеў улан на славу
     Пагуляць.
     Расступіся, свет, дарога —
     Аднаму!
     «За айчызну і за бога».
     Што яму?!
     Яго сіла, яго права,
     Ёсць бізун…
     Скача ўлева, скача ўправа
     Конь-скакун.
     Гэй, ляці, але дзяржыся,
     Злы яздок,
     Без пары не праваліся
     У масток.
     На вадзе ляжыць мост новы,
     На агні.
     Не праедзеш ты дубровы —
     Пагані?!
     Усхадзіўся лес шумлівы, —
     Вые воўк.
     Конь спаткнуўся палахлівы.
     Стой, яздок!
     На балоце і на полі
     Зноў агні.
     Не гуляць табе тут болей —
     Павярні!



   15. Вёскі і гарады


     Вёскі і гарады
     Дымам спавіты
     Днём.
     Ўночы глянеш куды —
     Неба абліта
     Агнём.
     Слёзы… кроў на траве…
     Як у магіле
     Спіш.
     – Бач, чырвоны плыве
     Па небасхілу
     Крыж.
     Цёпла, і груганы
     Ўсе на чужыне…
     Эх!
     Чуеш гоман? Яны!
     Леташні гіне
     Снег.
     Нам не шкода: бяры
     Стужы зімовай
     Цень.
     Крыж! Ты стань на гары:
     Радзі нам новы
     Дзень!



   16. На вогнішчы басанож


     На вогнішчы басанож,
     У руках вінтоўка, нож…
     Здабываць галодным славу:
     «Даёш Варшаву?!»
     – Нам не трэба гарады:
     Волі сцяг нясём туды,
     Іскры гонім мы пажару.
     Смялей ударым!
     «Нам дарогу – уцякай!»
     Чуваць крыкі: а-я-яй!..
     Бач, улан астатні едзе:
     «Ах, цо то бэндзе?..»
     А чырвоныя ідуць,
     Песні волі зноў пяюць,
     Адусюль бягуць к ім людзі:
     – Нам цёпла будзе!



   17. Замоўклі песні грознай сілы…


     Замоўклі песні грознай сілы…
     Адкуль прыйшлі? хто яны?
     Што рвуць няволі кайданы
     І сыплюць свежыя магілы?..
     Яны – байцы вялікай раці.
     Іх хата там, дзе ёсць прастор.
     Няволя, крыўда – вось іх маці!
     Ідуць яны да сонца й зор.
     За імі йдзе, хто голы, босы,
     Ў пакуце жыў хто цэлы век…
     Дарогу чорны снег заносіць —
     Загінуць можа чалавек.
     – Загінуць? Што ж! На той магіле,
     Якая зможа прыгарнуць,
     Вясною ранняй урадлівай
     Прыгожа кветкі зацвітуць.
     Прывабіць колер іх чырвоны
     Схіліць калені над пяском
     Таго, хто шле цяпер праклёны
     І вострыць меч на нас тайком.
     – Браты, за намі! Кінь маленне,
     Хто праўдай жыць не даў зарок…
     Смялей!.. Нас будуць біць каменнем.
     Мы – нашых вольных дней Прарок.



   18. Босыя ходзяць па вуліцы…


     Босыя ходзяць па вуліцы.
     Тыдзень не елі стравы…
     – Жыць будзем – нічога!
     Буржуй за вугал туліцца,
     Шэпча: «Дрэнныя іх справы…
     Дзякуй богу!»
     Хмары, дзе заход,
     Падняліся…
     – Што? зноў непагода?
     – Вецер! – крычыць народ.
     – Вецер, уздыміся!..
     Вецер адказвае: «Згода!»
     Хто слабы – дзяржыся.
     …Хто рэжа,
     Таму не балюча.
     Балюча – каго рэжуць.
     – Цяжка жыць ваюючы.
     Зрабілі межы…
     А вецер свішча, гудзе…
     Сціхнуць не хоча.
     – Гэй, хто там ідзе?
     Сцягам белым махае?
     Рагоча?!
     Вецер, плюнь яму ў вочы!
     – Пачакаю!..



   19. Мы – дзеці краіны…


     Мы – дзеці краіны,
     Дзе бура бушуе…
     Мы на прадвечных руінах
     Працы палац пабудуем,
     Не любяць нас – босых,
     Хто век быў абуты…
     На нас узіраецца скоса,
     Хто, як і мы, быў закуты…
     І вы, хто гімны пеў гаротным,
     Хто ў цемру слаў жыцця праменні, —
     Ў руках трымаеце каменні
     І нас пабілі бы ахвотна.
     А можа, Чырвань Сонца Волі
     Вам асляпіла раптам вочы…
     А помніце, як вы кляліся
     Братам, сялянам і рабочым,
     Што вы не здрадзіце – ніколі?!
     Пявун не прапяяў тры краты,
     Вы – адракліся…
     С у п а с т а т ы!!!
     Без вас раць наша узрастае,
     Рады шчыльнеюць, крэпне дух!
     Вы чуйце! Песня не сціхае:
     «Паўстань, хто з голаду век пух!..»



   20. Бягуць яны… Іх рукі, ногі…


     Бягуць яны… Іх рукі, ногі
     Ў крыві… пякуцца на агні…
     Куды бягуць яны дарогай,
     Дзе страшна ехаць на кані?
     Яны баяцца спатыкнуцца, —
     Не ўсякі будзе верны конь…
     Хутчэй каня яны нясуцца
     З агню ў агонь і праз агонь…
     Пакуты крыж чырвоным крыжам
     Яны наважылі змагчы…
     Што шаг – пабеда бліжай, бліжай,
     Іграйце песню, трубачы!
     Тру-ру-ру, тра-та-та!
     Гэй, за намі, бедната!
     На дарозе макрата…
     Тру-ру-ру, тра-та-та!
     Тухне вогнішча ў крыві, —
     Песню іграйце: «дзін-дзі-ві!»
     Каго зловіш – разарві,
     Хто не наш – таго даві…
     Босы хто – за намі ўслед,
     Хто убогі, хто раздзет…
     Гэй, за намі – ў новы свет!..
     Цёпла там, і там прастор,
     Небасхіл там повен зор…
     Сонца тчэ жыцця узор!..
     Там спачынеш, бедната…
     Тру-ру-ру, тра-та-та!
     Бягуць яны… Іх ловяць вочы
     Золатасонечны прамень,
     Які і родзіць з цемры ночы
     Вялікай будучыні дзень…
     Што шаг – пабеда бліжай, бліжай…
     Штандар чырвоны на плячы…
     Чым крыж цягнуць – лепш спаць пад
     крыжам…
     Іграйце песню, трубачы!!!

   1921