Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: Зарубежная публицистика, Публицистика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 28 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]

Шрифт:
- 100% +
За бугром, за рэчкай
Вугорскі дыярыюш

Рэчка гэтая – Тыса. Пра яе распавёў нам некалі савецкі пісьменьнік А. Аўдзеенка. Зь дзяцінства засталося ўражаньне: плюнеш над Тысаю – абавязкова трапіш ці ў бандэраўца, ці ў шпіёна, ці ў чэкіста або ў якога іншага чалавека асобага складу. Гэта на нашым баку, а што на іхнім – і ўявіць было боязна.

Апанаваны ўспамінамі, стаю над Тысаю й рыхтуюся да мытнага агляду.

Там, за рэчкаю, – Вэнгрыя, Вугоршчына.

Першае, што заўважаеш, трапіўшы ў Вугоршчыну, – мадзяры гавораць, пяюць песьні, вучаць дзяцей і моляцца ў храмах на сваёй мове. Ужо за адно гэта яны вартыя больш людзкага жыцьця, чым беларусы.

У Дэбрэцэне, першым вугорскім горадзе на шляху нашай менскай турыстычнай групы, мы прачынаемся 15 сакавіка, на ўгодкі вызваленчага паўстаньня 1848 году, задушанага войскамі царскай Расеі – жандара Эўропы.

Дзень, зразумела, непрацоўны. На грудзях у кожнага сустрэчнага трохкалёрныя значкі ды стужачкі, у руках дзяцей і дарослых – чырвона-бела-зялёныя сьцяжкі. Сотні гараджанаў з кветкамі вакол помніку Шандару Пэтэфі, верш якога «Нацыянальная песьня» стаўся гімнам паўстаньня. Пачынаю лічыць уторкнутыя ў газон нацыянальныя сьцяжкі. На трэцяй сотні зьбіваюся. (25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, я падышоў у Менску да помніку аўтару «Пагоні». На голым п’едэстале дагнівалі тры гвазьдзікі.)

Сьцягі – над кожнымі дзьвярыма, на гаўбцах, у вокнах. Падкрэсьлена будзённы толькі адзін будынак. Мо тут жывуць нашчадкі Габсбургаў, супраць якіх паўставалі мадзяры? Не, гэта генэральнае консульства СССР.

Відаць, ягоныя гаспадары ня могуць дараваць мадзярам ні вызваленьня ад камуністычнага дурману, ні вітрынаў навакольных крамаў, каля якіх таўкуцца савецкія турысты.

Каб не забываліся, што яны – прадстаўнікі самай перадавой краіны, ім абмянялі цэлыя 19 рублёў. За 500 атрыманых форынтаў можна 17 разоў праехаць туды і назад на гарадзкім аўтобусе альбо сто разоў наведаць грамадзкую прыбіральню.

Найбольш адметнае ў прапанаванай турыстам вугорскай кухні тое, што і на абед, і на вячэру замест кавы ці гарбаты гасьцей частуюць вадою з крана. Не падабаецца – замаўляй віна, брэндзі ці яшчэ якога пітва, але дзеля гэтага трэба ісьці на рынак і гандляваць правезенаю празь мяжу кантрабандай.

Рынак віруе. Амаль роднымі здаюцца палякі. Грамадзяне СССР, кіруючыся пачуцьцём пралетарскага інтэрнацыяналізму, купляюць двухкасэтнікі «Інтэрнацыяналь» і літровыя пляшкі 96-працэнтовага сьпірту. Мае спадарожнікі распакоўваюць валізы, і выяўляецца, што ледзь ня кожнага другога трэба садзіць. Душу апаноўваюць лятункі пра час, калі пасадзяць тых, хто, зрабіўшы сацыялістычны выбар, змушае нас цягнуць усё гэта празь мяжу.

Празь нейкую гадзіну ў дзьвюх дамачак з нашае тургрупы ўжо шамацяць у руках тысячныя купюры. Яшчэ праз гадзіну ў іх крадуць сумку з таварам, а заадно й партманэткі з грашыма й пашпартамі.

Мацней прыціскаю да грудзей торбу з правезенымі пляшкамі ды пытаюся ў гідэсы, за колькі можна збыць шампанскае. Спадарыня ня ведае: іхняя сям’я шампанскага сабе не дазваляе. Мясныя стравы яна і яе бацькі ядуць два разы на тыдзень – сярэднестатыстычны вугорскі паказчык.

Але ня будзем сьпяшацца шкадаваць гарапашных мадзяраў. Проста ў іх іншыя стандарты. Мяса двойчы на тыдзень, затое свой трохпавярховы дом і непусты гараж. Дый мяса – гэта ня наш нашпігаваны радыянуклідамі жылаваты кусман, урваны ў чарзе, дзе чалавек чалавеку – друг, таварыш і брат. Мяса мадзярка купляе ў такой краме, куды нашай гаспадыні трэба ісьці з валідолам. А замест дарагога шампанскага можна па даступнай цане набыць пляшку «бычынае крыві» або «такаю», або… «Сёньня ў нас у продажы 150 найменьняў вінаў і лікёраў», – сьціпла паведамляе абвестка на адной з будапэшцкіх крамаў.

Тут не пасажыры стаяць у чарзе па таксі, а таксі ў чарзе па пасажыра. Тут немагчыма ўявіць на дзьвярах кавярні ці рэстарацыі шыльду, што няма месцаў. Каб падтрымліваць стандарты жыцьця, сярэднестатыстычны вугорац працуе па 12 гадзін 10 хвілін пяць дзён на тыдзень, але ведае, што, зарабіўшы патрэбныя грошы, ён за некалькі хвілінаў можа купіць амаль усё, чаго прагне душа або цела.

 
Вышла мадьярка на берег Дуная,
Бросила в воду цветок.
Утренней Венгрии дар принимая,
Дальше понесся поток…
 

Насьвістваючы песеньку свайго дзяцінства, я шпацырую па сталічнай набярэжнай і не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнім часам у Дунай – і ў Вугоршчыне, і ў Югаславіі, і ў Баўгарыі, і ў Румыніі, і ў «нашай» Малдове – найчасьцей кідаюць ня кветкі, але помнікі «правадырам працоўных».

У сапраўднасьці, прынамсі ў Вугоршчыне, было йначай – ленінаў ды ягоных пасьлядоўнікаў рознае масьці, што набліжалі сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламі, арганізаваным голадам і бязьлітаснай эксплюатацыяй народу, цывілізавана дэмантавалі й прыбралі далей ад вачэй.

Непараўнана цяжэй дэмантаваць іхнюю спадчыну ў душах і розумах.

Наш гід Пал кажа, што яны ўжо пачалі, а ў нас усё наперадзе.

Наш стукач Саша спрабуе выступіць у абарону сацыялізму.

Сашу мы вылічылі яшчэ ў першы дзень, калі ён распытваў пра золата, валюту і пра тое, ці праўда, што БНФ атрымлівае з Ізраілю зброю.

Не да густу Сашу і гідаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калі, годна доўжачы баявыя традыцыі жандара Эўропы, Савецкі Саюз кінуў супроць Будапэшту столькі ж танкаў, колькі ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохі супакойвае стукача паведамленьне, што новыя вугорскія ўлады вырашылі прызначыць пэнсіі сем’ям ня толькі палеглых паўстанцаў, але і забітых у часе баёў вугорскіх «гэбістаў», якія стралялі ў братоў.

– Вот это правильно! – кажа Саша.

– Да, – пагаджаецца спадар Пал. – Все они жертвы коммунизма.

У нас вольны час, і, калі ня йсьці на рынак, можна ўдосталь пагуляць на самоце па Пэшце.

Прыдунайскія кварталы вельмі нагадваюць Парыж, які мы бачылі ў францускіх фільмах. У надземным пераходзе на вуліцы Ракацы на раскладным крэсьле сядзіць мурын. Ён пад гітару сьпявае па-ангельску нешта мэлянхалічнае й непрыхільна пазірае на белага жабрака, што ўладкаваўся на тым баку пераходу. Ля мурынавых ног абцёрханы брунатны капялюш з прыладжанай чырвона-бела-зялёнай стужачкай. Штораз, калі туды падае колькі форынтаў, ільсьняна-чорны твар асьвятляе маціцовая ўсьмешка.

Вылузнуўшыся зь невялікага збою слухачоў, нейкі заджынсаваны чалавек ляпае мурына па плячы, і я чую «общепонятный язык».

– Хороший ты мужик, да дать тебе нечего.

– А ты х…вый мужик, – амаль без акцэнту адказвае сьпявак. – Мог бы форинтов десять и отстегнуть.

Збой з павагаю глядзіць на белага чалавека, што ўмее па-мурынску.

У двухзоркавым гатэлі «Вена», што дае нам прыстанак, аповед пра мурына не выклікае асаблівае цікавасьці. У цэнтры ўвагі вылазка двух нашых спадарожнікаў у начны бар на апошнім паверсе гатэлю, дзе высьветлілася, што жанчына каштуе там 3 тысячы форынтаў, прычым не за ноч, а за гадзіну.

– Саша, а табе твая кантора на баб грошы выпісвае? – цікавіцца нехта.

Стукач Саша нядобра ўсьміхаецца, і мне прыгадваецца сябра юнацтва, марак савецкага рыбалоўнага флёту Міша Гарэлік, які ў дацкім публічным доме ў апагеі асалоды пачуў з-за дзьвярэй задушэўнае пытаньне. «Товарищ Горелик, вы здесь?»

Мне чамусьці робіцца шкада й марака, і самога сябе, і мурына, што сьпявае на вуліцы Ракацы. Я ўспамінаю, да каго той мурын падобны – да чарнаскурага студэнта Белдзяржунівэрсытэту, які жыў у нашым інтэрнаце разам з двума віетнамцамі й штодня – апоўначы і а шостай раніцы – змушаў іх стоячы слухаць гімн СССР.

 
Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки великая Русь…
 

Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, які мы вымушана байкатавалі? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гіда.

Пачуўшы вынікі галасаваньня, Саша, а зь ім яшчэ дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкі. Мы – за Саюз. Мы другой такой страны не знаем…

Апошні перад вяртаньнем вугорскі горад Эгер. Неверагодная чысьціня й дагледжанасьць вуліц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцыі й храмаў. Колькі гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьці не ператварылі ў склад мінэральных угнаеньняў, і ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскі архіяпіскап з Будапэшту.

На вуліцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна і ўтульна, як у сваёй хаце. Такімі былі б нашыя Горадня ці Нясьвіж, каб не бальшавікі ды іншыя верныя ленінцы. Былыя эгерскія рэзыдэнцыі іхніх вугорскіх паплечнікаў – будынкі колішніх гарадзкога ды абласнога камітэтаў кадараўскае партыі – здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусіць, арандатары чакаюць, пакуль ня выпетрае стары дух.

У часе экскурсіі спадар Пал прыгадвае сяміградзкага князя мадзяра Штэфана Батары (ён жа Сьцяпан Батура), што быў абраны нашым вялікім князем і каралём. Абсалютная большасьць маіх спадарожнікаў чула пра пераможцу Івана Жахлівага і вызвольніка Полаччыны ад маскоўскае няволі ня больш, чым пра апошняга караля інкаў.

– Почему он сказал, что это наш король? – неўразумела пытаецца адна турыстка. – У нас ведь цари были, а не короли.

Аказваецца, Пал ведае пра беларусаў трохі болей за сярэдняга вугорца. У прыватнасьці, чуў, што дзякуючы роднай савецкай уладзе ў Беларусі не засталося беларускіх школаў. Як жа выглядае сытуацыя з такімі школамі цяпер, пасьля перабудовы?

– В сельской местности ещё кое-где сохранились, но вообще-то всё это отмирает, – бадзёра адказвае жыхарка беларускае сталіцы, не разумеючы ні сутнасьці, ні спачувальнае афарбоўкі пытаньня спадара Пала.

Словы суайчыньніцы нагадваюць: хутка дамоў, туды, дзе «всё отмирает».

Тургрупа ўжо прасьпявала на разьвітальнай вячэры «Подмосковные вечера». За вокнамі – апошнія кілямэтры вугорскае зямлі. «Божа, як востра ім не хапае рубэройду!» – у роспачы думаю я, пазіраючы на крытыя дахоўкаю дамы, хлявы, курнікі і нават сабачыя будкі.

Усьмешка вугорскага памежніка, ягоныя «здравствуйте», «до свидания» ды іншыя эўрапейскія штучкі выклікаюць у нас амаль што абурэньне. Мы – патрыёты. Мы замілавана пазіраем на савецкага хлопца зь зялёнымі пагонамі, які не ўсьміхаецца й не дазваляе сабе розных там сантымэнтаў накшталт «до свидания».

– Давай! – загадвае ён нашаму кіроўцу, і мы пераяжджаем ужо ніштавата насунутую на ўсход мяжу сацыялістычнага лягеру.

Ужо ў самой назьве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, «чрезвычайное» – ЧОН, ЧК, ЧП…

Якія да болю свае – хоць прытулі іх да грудзей – шыльды й аб’явы: «Комендатура», «Милиция», «Торговля только по талонам», «Туалет не работает», «Имя и дело Ленина будут жить в веках»… Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявід і сам абседжаны галубамі «вечна жывы». Яшчэ адзін, падфарбаваны золатам ленін схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ягоных ног трое пасажыраў сьцеляць газэціну з фатаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала і, насьцярожана аглядаючыся на бакі, дастаюць кантовую шклянку.

Я ўглядаюся ў дарагі зь дзяцінства, лагодны і мудры твар Ільліча. Правадыр, сарамліва адвёўшы вочы ад пляшкі «Гуцульскай» на газэціне, празорліва глядзіць удалеч, на шыльдачку «Ресторан закрыт нет воды». Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта геніяльнае: «Как нам реорганизовать Рабкрин?.. Социализм – это учет…»

Што да гэтага ленінскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлік, але, мусіць, хутка адчыніцца, бо выстаўлены ў вітрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлік можна правесьці імгненна.

Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, аб’яднаныя адной велічнай справай – будаўніцтвам камунізму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб іншаземцы таксама зразумелі, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбіральні. (Трэба меркаваць, што ў камунізьме прыбіральні ўжо нікому не спатрэбяцца.)

Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькі дзясяткаў нашых і замежных грамадзянаў. Людзі савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце – хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнік або плішчыцца ў прыватны сэктар.

Бездакорна апрануты сівы іншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбіральні. Установа залітая смуроднаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цагліны. У госьця нашае краіны хапае змогі толькі на два скачкі. Не дацягнуўшы да трэцяе цагліны, ён ступае на дно і ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы ці ў Гамбургу нагавіцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкі – па костачку, і белыя іншаземцавы шкарпэткі ўмомант набываюць менш кідкі колер.

У вітрыне зачыненай на пераўлік крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапіка – нумар ці то маскоўскай, ці то яшчэ нейкай такой самай «правды» з буйным загалоўкам:

«Народ сказал Союзу «да»! Народ сказал «да» социалистическому выбору».

Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьці сацыялістычнаму выбару – толькі каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглінак у смуроднай жыжцы.

Па пэроне, апусьціўшы голаў, брыдзе сівы іншаземец з мокрымі нагамі. Над вакзальным будынкам лёзунг: «Да здравствует марксизм-ленинизм – вечно живое, революционное интернациональное учение!»

На твары ў госьця нашай краіны – пакора.

Але яму ёсьць куды вярнуцца. А мы ўжо вярнуліся.

Сакавік, 1991
Старыя Лівадзійскія могілкі

Здарыцца так, што дабрадзеі з Саюзу пісьменьнікаў адшпіляць табе пуцёўку ў Дом творчасьці імя Антона Паўлавіча Чэхава, і ты апынесься сярод дзьвюх сотняў творцаў, зь якіх калі-небудзь схіляліся над пісьмовым сталом мо чалавек дзесяць. Цябе гэта зусім ня будзе абыходзіць, калі левакі будуць трымацца, як людзі, але яны пачнуць касіць пад пісьменьнікаў, і ты паспрабуеш закасіць пад сантэхніка, узнагароджанага пуцёўкаю за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве, і будзеш з ганьбаю выкрыты, калі прарве трубу, і трое «пісьменьнікаў» з суседняга стала прафэсійна залезуць у каналізацыйны люк, каб імгненна ліквідаваць аварыю.

Праўда, сярод творцаў будзе непрыкаяна блукаць пад кіпарысамі некалі гнаны, а цяпер уляўраны расейскі паэта, і расейскамоўная аўтарка зь Менску, у якой ад беларускай мовы на твары зьяўляецца гідлівая грымаска, і малады армянскі перакладчык Ашот, які, кажучы словамі М. Зошчанкі, «знает дам и верит в их назначение»…

Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом на гары ня дзеля назіраньняў за прадстаўнікамі твайго віду двухногіх і безь вялікіх спадзяваньняў стварыць нешта геніяльнае. Ты прыедзеш таму, што дзесьці тут, у Ялце, ля сіняй бухты, ляжыць Максім Багдановіч. Адзіны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзія сапраўды здольная зьдзейсьніць дзіва. Бо тое дзіва бачыў на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афіцэра й расеец паводле пашпарта, які зрываў урокі ніколі не вывучанай ім белмовы, у дзясятай клясе грэбліва выкалупнуў нагой з сабранае піянэрамі макулятуры Максімаў зборнічак, пачаў, скрывеліўшыся, чытаць, а потым зрабіўся беларускім празаікам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, сканфіскаванага літаратуразнаўцамі ў цывільным.

Недзе там, зусім блізка, будзе ляжаць Максім Багдановіч, і табе дастаткова будзе запыніць таксоўку ды сказаць: «Старое Ливадийское кладбище», але замест простага й лягічнага ўчынку ты чамусьці будзеш дзень пры дні плёхацца ў цёплым, як калюжына, моры ды шнураваць па ўзьбярэжжы.

Пад пальмамі будуць стаяць плеценыя столікі з гумовай садавінаю й парожнімі пляшкамі з-пад трункаў, якія п’юць у сваіх краінах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столікам і атрымаць каляровую фотку, але ты лепей вып’еш за гэтыя грошы дзьве шклянкі херасу ў татарскай кавярні («Ў чарцы цёмнай і глыбокай, плешча, пеніцца віно…») і пасунесься далей – паўз фатографа з плюшавым Гарбачовым, паўз фатографа з малпаю, якая з зусім чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мінаку вогненна-чырвоную сраку, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пітонам, які нечым няўлоўным нагадвае аднаго з кіраўнікоў роднага творчага Саюзу, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносіць на бераг дарункі мора ў выглядзе шкарпэтак і скарыстанага прэзэрватыва («Ў іх русалкі заблуталі косы, – рвуць і блутаюць срэбныя ніці…»), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазіраваў, але толькі ў больш зацішным месцы, паўз гітарыстаў, скрыпачоў і джазістаў, гледзячы на якіх узгадваеш раньняга Алега Мінкіна:

 
Бродячий музыкант, он дело знает:
Футляр раскрыл, и – шляпу на цемент,
И на глазах у всех, опять терзает
Неповоротливо печальный инструмент…
 

Потым будзеш лезьці да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец і незнарок угледзіш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпільвае станік на бялявай студэнтачцы Зіне, якую цэлы дзень пасьвіла ды так і не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.

Назаўтра будзе задушлівы скварны дзень («Ад сьпёкі пышуць дахі і асфальт…») з экскурсіяй па чэхаўскіх мясьцінах.

Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпіваў Купрын, там – Бунін. Тут Чэхаў пажартаваў – убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профіль і гучна кажа спадарожніку: «А вы чулі? Учора Буніна ў адной татаркі зарэзалі».

Лівадзійскія могілкі зусім блізка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у іншы бок і выйдзеш на ўзмор’е – да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць і «Соmе together», і палянэз Агінскага, да вогненназадай мартышкі, да пітона, да варажбітак і прадказальнікаў, абстаўленых кампутарамі, якія, апрача ўсяго іншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткі, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афіцыянткі з кляснымі нагамі й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусім не на вуліцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсіх тых, з кім разам ты ляціш сёньня да зор… А ў чарцы цёмнай і глыбокай будзе зноў і зноў сьветлым хмелем калыхацца віно, і, ускараскаўшыся да сябе на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зінай і ўкормленых літфондаўскіх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:

 
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры…
 

I набяжыць новы дзень, калі ты будзеш да зьнямогі плаваць і думаць, ці шмат было ў Максіма ў Ялце жанчын, і, чуючы абураны хор дбайцаў пра паэтаву маральнасьць, параіш ім пачытаць Максімаў дзёньнік. Потым ты наведаеш Лівадзійскі палац, дзе адпачываў расейскі імпэратар Аляксандар II, у якога кінуў бомбу твой суайчыньнік Ігнат Грынявіцкі, і ў памяці ў цябе застануцца не эксплюататарскія інтэр’еры, а букет ружаў у палацавай прыбіральні.

А недзе на ўзьбярэжжы ў гэты час будзе кімарыць на сонейку трохмэтровы пітон, яшчэ ня ведаючы, што адвячоркам да ягонага гаспадара падыдзе аматар экзатычных фотак – загарэлы мацак у адных шортах і з такой шыкоўнаю татуіроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруціць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замітусіцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуіроўку, на якой у непрыстойнай блізкасьці з Ільлічом ды іншымі выдатнымі кіраўнікамі камуністычнае партыі й савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажуні з падпісанымі ўнізе імёнамі. Ты будзеш думаць пра час, калі давядзецца падпісваць і правадыроў, і раптам у паветры запахне ня толькі алеандрам, але і скандалам. Мацак пачне зьлякана азірацца й дзіўнавата тузацца. Што падзейнічае на пітона, застанецца загадкаю: ці то ён будзе сымпатыкам КПСС і абурыцца суседзтвам яе правадыроў з цыцкастымі вярціхвосткамі, ці то спрацуе інстынкт вольных ад эксплюатацыі фатографамі продкаў, але вынікі будуць відавочныя: татуіроўка стане відаць лепей, а ейны гаспадар зьбялелымі вуснамі вымавіць: «Сними змею». Зьляканы фатограф аберуч ухопіцца за пітонаў хвост і пачне ліхаманкава адкручваць зялёныя кольцы. «Адресок! Адресок!» – закрычыць ён наўздагон уратаванаму мацаку, а той гістэрычна выгукне цераз плячо: «Пошел ты со своей змеей на х..!»

Чамусьці менавіта ў тую хвіліну ты вырашыш: сёньня…

Валошак на ялцінскім рынку ня будзе, і ты купіш букет вялікіх, пабітых начным дажджом рамонкаў. Прыватнік завязе цябе на гару колеру прывялага ляўровага ліста і высадзіць каля брамы старых Лівадзійскіх могілак, а п’янаваты вартаўнік растлумачыць, што трэба ісьці па стрэлках, якія паказваюць шлях да магілы нейкага Бірукова. На адным з паказальнікаў пад словамі «К могиле Бирюкова» зусім па-беларуску будзе цьвіком надрапана: «і М. Багдановіча», і ты ўдзячна падумаеш, што, можа, гэта зрабіў наш міністар культуры, калі быў тут у траўні са сваёй дэлегацыяй, адзначаючы ўгодкі Максімавай сьмерці…

На магіле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пірамідку зь пяціканцоваю зоркай, якая, напэўна, значыць, што – каб не сухоты – Багдановіч атрымаў бы бальшавіцкую кулю ў патыліцу адзін зь першых. Ты заўважыш, што нейкі мастак паспрабаваў замаскаваць зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюміневы імбрычак са збуцьвелымі кветкамі ды яшчэ чатыры валошкі – капронавыя.

Казаць пра астатняе табе будзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе «Пагоню», магчыма, пагаворыш зь ім і нешта дакляруеш – яму й сабе…

Пасьля ты памяняеш ваду ў імбрычку, напішаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азірнуўшыся на адвітаньне, сьцежкаю да брамы – з думкай, што Максіму добра ляжаць тут, над морам, у засені старога кіпарысу, у краіне сьветлай, дзе суха, цёпла й не чуваць узьнёслых прамоваў міністраў, намесьнікаў і загадчыкаў нашае культуры: «Удзячные нашчядкі сабралісь, штоб адзначыць…»

Жыцьцё ў творчым доме будзе каціцца сваёй каляінаю. Перакладчык Ашот будзе круціцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкі Розы. На ганку сталоўкі будуць лайдакавата даядаць літфондаўскія секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня паваліцца на газон паўночна-асэтынскі драматург. А з-за Максімавай гары выпаўзе булгакаўская хмара з бліскавіцамі («Дзесь у хмарах жывуць павукі, што снуюць павучыну дажджа…») і зьнячэўку ўпадзе на горад смужыстаю непрагляднай залевай, каб праз гадзіну пакінуць па сабе неверагодна празрыстую ноч, празь якую далёкія агні на схілах будуць зьзяць, быццам калядныя зоркі.

Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлівага ёкату літфондаўскіх катоў і дзіўных гукаў зь ніжняга гаўбца («Жыцьцё чуваць з усіх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок…»), зірнуўшы куды, ты міжволі ўбачыш, як перакладчык Ашот і жыдовачка Роза стоячы ўтрапёна любяцца.

У гэтую ноч ты будзеш пачувацца ў згодзе з усім сьветам: з катбмі, з армянскім калегам, з Розай, якой ты гатовы будзеш прысудзіць званьне ня толькі «міс Дом творчасьці», але і «міс СССР»… У гэтую ноч ты дасі веры, што недзе сапраўды ёсьць Беларусь, дзе жывуць беларусы. Ты будзеш пэўны, што з такой самай думкай ляжаў на Божай пасьцелі Максім Багдановіч. Таму што ён прыехаў сюды, каб у свае астатнія дні мець не адно сонца ды сінюю бухту, а найперш – Беларусь.

Бо яна ў параўнаньні зь любой іншай краінаю мае адну асаблівасьць: існаваць толькі тады, калі ты ад яе ад’едзеш, калі будзеш хадзіць сярод чужаніцаў, пакуль табе нарэшце ня здасца, што і ў вас усё, як у людзей.

Твая Беларусь праіснуе, пакуль ты ня выйдзеш з самалёта.

У аэрапортаўскім шапіку ня будзе ніводнай беларускай газэты. Сярод сваёй пошты ты знойдзеш акуратна ўскрытую бандэролю з Таронта, ад беларускага нацыяналіста і, як піша дасьведчаны недзе беларускі пісьменьнік Барыс Сачанка, гітлераўскага паслугача (які чамусьці служыў Гітлеру, ваюючы супраць таго ў войску саюзьнікаў). Зь няменшай радасьцю ты возьмеш у рукі абы-як разадраны канвэрт зь лістом ад беларускага нацыяналіста зь Вільні, які не пасьпеў паслужыць гітлераўцам, трэба меркаваць, толькі з тае прычыны, што позна нарадзіўся. Ты зойдзеш у краму, і разьлезлая злая кабеціна параіць табе гаварыць «па-чалавечаску нармальным языком» і, пашкадаваўшы, растлумачыць, што «эта называіцца сахер». I хутка, вельмі хутка прыйдзе хвіліна, калі ніякае тваё пачуцьцё ня здолее зраўняцца сілаю з зайздрасьцю да Максіма, які ляжыць над морам, і ягоная душа зьлятае зь неба пад кіпарысы, верачы, што недзе ёсьць Беларусь, і даруючы гэтую веру тым, хто мяняе ваду ў алюміневым імбрыку.

А празь дзень да цябе зьявіцца нацыянальна заклапочанае дзяўчо з даўжэзным сьпісам подпісаў: не за тое, каб паставіць на ялцінскай магіле прыстойны помнік бяз зорачкі, а за тое, каб раскапаць паэтаву магілу і, хоць ён ніколі нас пра гэта не прасіў («I разрытаю магілай вее сумна на мяне…»), прывезьці Багдановічавы косьці ў Менск.

Ты будзеш марудзіць, перачытваючы знаёмыя прозьвішчы, і дзяўчо пакрысе пачне пазіраць на цябе, як на ворага беларушчыны. І ты, слабы чалавек, ня вытрымаеш і паставіш подпіс. Візытантка з палёгкаю пацягне паперу на сябе, але ты не аддасі і дапішаш побач з подпісам: «Калі Беларусь будзе Беларусьсю».

Дзяўчо падзякуе й пойдзе, цешачыся ад усьведамленьня значнасьці свае місіі. Ёй будзе няўцям, што калі Беларусь сапраўды стане Беларусьсю, ніхто і не надумае прыходзіць на паэтавыя магілы ня з кветкамі, а з рыдлёўкай.

Ліпень, 1991

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации