Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: Зарубежная публицистика, Публицистика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 28 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Няхай жывуць гановэрскія вароны!

Мне хочацца хоць трохі пабыць жанчынаю. Цікава, што яны адчуваюць – на вуліцы, у краме, у ложку… Цікава зірнуць зь сярэдзіны, як яны манернічаюць, як кахаюць і як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобіцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позіркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклікаю ў яе аніякай станоўчай эмоцыі, а непрыхільнасьці да самога сябе мне не бракуе і безь пераўвасабленьняў. Я не адмовіўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлічоных прыхільнікаў. Пазнавальна, хоць і таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет і вачыма жонкі…

Напэўна, гэткія думкі лезуць у голаў таму, што за вакном падае на цьмяна-вясёлкавы брук дождж, на стале курэюць чатыры вялікія кубкі кавы, а гаспадынямі трох зь іх апынуліся жанчыны.

Іх завуць Моніка, Сыльвія й Мірэла. Яны са смакам сёрбаюць каву, белая пара ад якой мудрагеліста зьвіваецца зь лявандавым цыгарэтным дымком, яны са смакам шчабечуць на мове Гётэ й Дурэнмата і, мяркую, зусім ня хочуць ператварыцца ў свайго візаві, што валодае нямецкай на ўзроўні адукаванага чыюка з рэспэктабэльнай бюргерскай сям’і.

Каторая зь іх сталася б маёй абраньніцаю ў выпадку экспэрымэнту зь пераўвасабленьнем?

Падобная да рубэнсаўскіх жанчын Моніка, што спрытна ладзіць самакруткі? Маленькая, зграбная й жывая, як міркіль, Сыльвія, што курыць «West»? Або смуглая, прыгожая нетутэйшаю (нягледзячы на бездакорную нямецкую мову) прыгажосьцю Мірэла, якой не хапае на кубак кавы дзьвюх цыгарэтаў «Rothmans»?

Пра аматарку самакрутак я ведаю толькі ймя.

Сыльвія нарадзілася ў Заходнім Бэрліне, але зьнелюбіла сьціснуты кальцом гэдээраўскай сьцяны-анаконды горад настолькі, што ўцякла на захад, у Гановэр, дзе пачала пісаць вершы й апавяданьні.

Прозьвішча Мірэлы – Іванова. Дзякуючы ёй я ўжо ведаю па-баўгарску першае слова: «благодаря» – дзякую. Калі б я мог зараз стаць Мірэлай, я ўспомніў бы Сафію, Віташу, магчыма, задаўненыя ўжо ўцёкі ад жаніха за тры дні да вясельля – каб «не належаць нікому, апрача паэзіі».

Мірэла любіць анатомію. У сваіх вершах яна прэпаруе зьявы й рэчы. Гэтую схільнасьць падкрэсьлівае яе падобны да компасу гадзіньнік: на ім няма лічбаў, а стрэлкі рухаюцца проста над вантробамі мэханізму. Гадзіньнік, што бесцырымонна анатамуе загадкавую субстанцыю часу, Мірэла набыла ў бэрлінскага магамэтаніна з турэцкіх кварталаў.

Пра гэта я даведваюся дзякуючы яе расейскай мове. На ёй Мірэла гаворыць з прыбалтыйскім акцэнтам – вынік стажыроўкі ў Рызе. Шкада, вядома, што яе настаўнікам выпала быць ня мне, але я ўсё роўна ўдзячны таму латышу, бо безь яго я ня здолеў бы паразумецца з акулярыстым чалавекам, перад якім Моніка ставіць пяты кубак кавы.

Чалавека завуць Ролянд Бальцэр. Ён пазірае на мяне з даверлівым подзівам, хоць, на добры лад, такое пачуцьцё павінна жыць у гэтыя хвіліны якраз не ў ягоных вачах, а ў маіх. Сапраўды, што змушала яго разам з Сыльвіяй адпраўляць у нейкую таямнічую WeiЯrussland факс за факсам з запрашэньнямі, якія на руінах СССР чыноўнікі бясконца гублялі або не разумелі й вымагалі дубляваць іх то парасейску, то па-нямецку. Ня менш прыемнаю загадкаю выглядае й тое, дзеля чаго гановэрскаму часопісу «Textura» друкаваць пераклады зь беларускай.

Выдавецтва, дзе выходзіць часопіс, завецца «Rabenrat», што можна перакласьці як «Сход варонаў». На стале ў кожнага супрацоўніка – папяровая варона зь імем. На Роляндавай пазначана, што гэтая варона – галоўная. Маецца на ўвазе, што ён дырэктар і ўладальнік выдавецтва. Па сумяшчальніцтве ён піша гістарычныя навэлы й афарызмы, сабраныя ў сьціплую кніжачку пад гэткаю ж сьціплаю назваю – «Афарызмы». Сыльвія сваёй шыльдачкі ня мае, а калі б мела, дык на ёй, мусіць, напісалі б «Вольная варона», бо яна на вольным хлебе. (Тыя два з паловаю гады, калі я мог існаваць на гэтым хлебе, не паміраючы ад голаду, здаюцца мне ўжо часамі міталягічнымі.)

Варона сядзіць і на вокладцы часопісу, дзе надрукаваныя нашы зь Мірэлаю мастацкія творы. Калі казаць больш дакладна, дык птушка ўладкавалася на мапе Эўропы, нацэліўшыся дзюбаю на яе ўсходні кавалак. Няхай дзяўбецца й надалей, думаю я, пакуль Ролянд замаўляе таксоўку, каб адвезьці нас на вячэру.

За гасьціннасьць нам зь Мірэлаю трэба разьлічыцца дзьвюма літаратурнымі вечарынамі. Першая адбываецца ў нечым накшталт гарадзкога Дому культуры. Аншлягу няма, аднак пытаньняў хапае. Сыльвія чытае маё сэнтымэнтальнае, па сутнасьці, першае ў жыцьці, апавяданьне пра пеўня, якога трымалі на гарадзкім гаўбцы. Адзін са слухачоў, які паводле веку мог быць у «Гітлерюгендзе», а мог і на фронце, упэўнена называе опус паэтычна-фантастычным. Я пярэчу. Апрача таго, праблема мае інтэрнацыянальны характар. Прэса паведамляла, што аналягічны выпадак меў месца ў Боне, але там суседзі падалі заяву на гаспадара пеўня не ў паліцыю, а адразу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Відаць, што гановэрская публіка ня сьпешчаная сустрэчамі з гасьцямі з былога сацлягеру. «Чаму вы так ціха гаворыце? – пытаецца ў нас зь Мірэлаю падстаркаватая фраў. – Вы яшчэ баіцёся?»

Нашая начная рэзыдэнцыя – родны дом Ролянда ў гарадку Цэле за паўсотні кілямэтраў ад Гановэру.

У электрычцы з намі знаёміцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск і Сафію, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на міжнародных імпэрыялістаў. У іншым разе камуністычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўік-энд па хатах і без праблемаў узьняло б у выхадныя дні чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.

Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалі, у часы, калі наша неабсяжная краіна будавала БАМ і жыла пад лёзунгам «Нечерноземье – ударный фронт!», такой самай парою я ехаў на начлег са сталіцы ў падмаскоўны гарадок. Поруч важылі носам табаку двое сяброў і былых аднакурсьнікаў. Адзін, летувіс, быў тады асьпірантам МДУ і натхнёна пісаў дысэртацыю аб прапагандзе летувіскімі камуністамі перавагаў сацыялізму ў гады буржуазнага рэжыму. Другі, беларус, вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе, заслужыў гонар быць у групе скандаваньня на чарговым гістарычным зьезьдзе КПСС і са шкадобаю апавядаў пра юную швэдку, якая прыехала ў іхнюю вышэйшую школу ўдасканальваць свае левыя погляды, ды аказалася настолькі леваю, што хадзіла на заняткі ў празрыстай сукенцы бяз станіка (але, здаецца, усё ж у майтках), і згодна з пастановаю парткаму завяршыла навучаньне значна раней тэрміну.

Першы мой спадарожнік пазьней выкладаў у Вільні ў Вышэйшай партыйнай школе, потым быў беспрацоўным, потым узяўся выкладаць нешта супрацьлеглае зьместу й патасу сваёй дысэртацыі ў паліцэйскай акадэміі, а пасьля заняўся бізнэсам і аднойчы напрамілы Бог прасіў мяне перадаць на менскім вакзале нейкаму чалавеку нейкую сумачку. Другі папутнік, што ў студэнцкія гады захапляўся подзьвігамі Ігната Грынявіцкага й Івана Пуліхава ды казаў, нібыта рыхтуецца «замачыць» Леаніда Ільліча, паехаў пасьля камсамольскай alma mater выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Аўганістан, спаў у гатэльным нумары ня ў ложку, а ў абкладзенай мяхамі зь пяском ваньне, а аднаго дня сеў у Гераце ў тамтэйшую таксоўку і нікуды не прыехаў…

Сацыялістычныя ідэалы былі калісьці не чужыя й Ролянду Бальцэру, пагатоў ягоным бацькам належала ў Цэле колькі рэстарацыяў. Ролянд зь сябрамі нават стварыў камуну. (Сустрэўшыся празь пятнаццаць гадоў, яны – бізнэсоўцы, банкіры, проста заможныя людзі – уволю нацешыліся ўспамінамі.) Як рэха таго даўняга часу я ўспрыняў дэмакратычную Роляндаву прапанову: мяне ўладкаваць на ложку, а самому ўлегчыся спаць на падлозе. Калі Ролянд прыедзе ў Менск, я таксама лягу на падлозе. Праўда, у нас ня будзе на другім паверсе мэзаніну з усімі выгодамі, ня будзе тэрасы з выхадам у сад і могуць надарыцца сэзонныя перабоі з гарачай вадой.

На гановэрскіх вуліцах і вулачках, акрамя немцаў, жывуць туркі, мурыны й жаўтатварыя дзеці паўднёва-ўсходняй Азіі. У мэтро, трамваі або электрычцы побач з вамі абавязкова апынецца хтосьці са скураю іншага колеру. На цьвінтары катэдральнага сабору, відаць, з блаславеньня Алага, жабруе маладая турчанка або чачэнка са спавітым дзіцем. У пастаўленым каля ног плястыкавым вядзерцы ад жавальных гумак пуста – мо таму, што дзіця ў жабрачкі нейкае занадта ціхмянае: ні голасу зь пялюшак не падае, ні носу не вытыркае. Усё гэта прыводзіць на памяць айчынных сьляпых, што калісьці сядалі ў электрычку на станцыі Койданава, старанна й балюча топчучы відушчым пасажырам ногі, сноўдаліся па вагонах і цягнулі гугнявымі галасамі «Враги сожгли родную хату», а выбраўшыся ў Стоўпцах на пэрон, на вачах у дабрадзеяў упэўнена лічылі нажабраваныя грошы і, беспамылкова абмінаючы гразкія калюжыны, імпэтнай хадою кіраваліся ў прывакзальную піўніцу.

Некалі ў Гановэры жыў досыць вядомы дадаіст Курт Швітэрс. У ягоны гонар у цэнтры гораду паставілі скульптуру: вялікія, узгрувашчаныя адзін на адзін кантэйнэры з сабраным на вуліцах і спрасаваным сьмецьцем ды жалезным ламаччам. Надпіс паведамляе, у які дзень якога году быў напоўнены сваім зьмесьцівам кожны кантэйнэр. Маўляў, сьпі спакойна, дарагі Курт, твой эстэтычны клопат жыве.

Ня ведаю, ці можна аднесьці да дадаізму вершык, што выплывае каля гэтага манумэнту з маіх дзіцячых успамінаў:

 
Пришла весна. Цвели дрова.
Верблюд из Африки
Приехал на галошах.
 

На ўсьцеху Мірэле ў гановэрскіх крамах багаты выбар маціцовых гузікаў. Такія гузікі – ейная жарсьць. Мірэла выкладвае па некалькі марак за штуку і нецярпліва чакае хвіліны, калі можна будзе выкінуць у сьметніцу няшчасныя гузікі, народжаныя на сьвет без удзелу малюскаў. Адным словам – паэтка.

Праходка па Гановэры сканчаецца бліскучым тэрарыстычным актам паяданьня сакаўной паляндвіцы вусьцішных памераў, якую мы распластваем на кухоннай дошцы пасярод стала й крыважэрна паласуем нажамі адразу з двух бакоў, падмацоўваючы сілы салатаю з кукурузай і шмальцам з гарачым белым хлебам. Паводле сваёй ідыёцкай звычкі згадваць з нагоды й без нагоды розную лухту, я ўспамінаю показку пра тое, як канібалы злавілі недзе ў джунглях Новай Гвінэі групу савецкіх спэцыялістаў. У чопе кіпіць вада, кухары рыхтуюць соль і перац, а ўдзячныя дзікуны аблізваюцца, смакуючы наперад філейныя часткі, прысланыя ім далёкай краінаю разьвітога сацыялізму. Тым часам правадыр племя прыглядаецца да будучага пачастунку й раптам усьцешана выгуквае: «Вунь таго разьвязаць, я зь ім вучыўся ў БДУ імя Леніна!».

Баляваньне адбываецца на хаце ў спадарыні Сыльвіі. Пры каве высьвятляецца этымалёгія ейнага прозьвішча.

«Geist» па-нямецку дух, а таксама – здань. Каб замест кавы я выпіў «вогненнай вады», дык неадменна выткнуўся б з тостам пра добры дух Гановэру або пра здань, якая выклікае пачуцьці, бязьмежна далёкія ад жаху.

Аднак наперадзе ў нас сустрэча зь верагоднымі чытачамі, а таму ўсё сказанае вышэй ідзе падтэкстам, а гаворка круціцца вакол іншага.

Напрыклад, вакол расейскага нацыянальнага характару, або, як той казаў, мэнталітэту. Аказваецца, баўгарскія этнографы таксама закмецілі адметнасьць казачнага Ямелі: лайдак, які адлежвае на печы бакі, раз-пораз загадваючы што-небудзь зрабіць «по щучьему велению, по моему хотению», у вачах братняга расейскага народу паўстае героем відавочна станоўчым. Здаецца, аналягі ёсьць яшчэ ў казачным эпасе братніх народаў Цэнтральнае Афрыкі.

Мірэла апавядае пра македонцаў, якія гавораць на заходнебаўгарскім дыялекце і якіх у Баўгарыі лічаць баўгарамі, але палітыкі ў сацыялістычнай Югаславіі нібыта зрабілі ўсё магчымае, каб баўгарскі этнас скараціўся роўна на колькасьць македонцаў. Пры вялізнай розьніцы палітычных ды іншых акалічнасьцяў перада мною ўсё адно з халодным ветрыкам мільгае аблічча паэта й паляшуцкага лідэра Міколы Шаляговіча з стосікам ягонай газэты «Полісьсе», дзе на малазразумелай палешукам мове ім даводзіцца, што яны – асобная нацыя, і ў іх ёсьць свая «чолотвэрдзь» – Пыньск.

Яшчэ мы гаворым пра Макса Фрыша і ягоную сяброўку Інгэборг Бахман. Яе героі часта гінулі ў агні, як потым загінула й сама Інгэборг. Тэму прадчуваньняў творцамі рэальных падзеяў уласнага жыцьця працягвае Мірэлін расказ пра баўгарскага клясыка Пэё Яварава. Той баяўся цемры й сьлепаты. Калі ў яго на вачах зьвяла падрахункі з жыцьцём жонка, Пэё схапіў яшчэ цёплы пісталет і таксама спрабаваў застрэліцца, але толькі пашкодзіў якуюсьці нэрву і страціў зрок, каб, жывучы ў цемры, дзень пры дні чуць, што гэта ён забіў жонку.

Я намагаюся ўспомніць якія-небудзь прадчуваньні ў творчасьці беларускіх аўтараў і на свой сорам не магу ўзгадаць нічога паважнага, калі не лічыць прадчуваньня чарговага раману з асьпіранткаю – у творчасьці вялікага празаіка Н. і прадчуваньня выпіўкі з добрым закусонам – адразу ў некалькіх маладых і сталых сяброў СП.

Мае гановэрскія музы ўладкоўваюцца з цыгарэтамі на падлозе каля адчыненага гаўбца. Апошняе, што перакладае Мірэла: дачка баўгарскага прэзыдэнта Жэлю Жэлева скончыла жыцьцё самагубствам, а спадар Жэлеў назаўтра пасьля хаўтураў прымаў вайсковы парад.

Я разгортваю апошнюю Мірэліну кнігу «Памет за подробности» і зьнячэўку пачынаю разумець баўгарскую мову. Кажуць, некалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падчас дэкады беларускае літаратуры ў Летуве, выправіўшыся ўраньні па піва, спыніўся ля газэтнага стэнда і раптам пачаў разумець па-літоўску. Праўда, неўзабаве высьветлілася, што ён унурыўся ў віленскі польскамоўны «Czerwony sztandar». Але па-баўгарску я, далібог, нешта разумею. Верш называецца «Усилието»:

 
Потушивши един огън, друг огън,
колко огньове, за да напишеш
върху пепелта
стих или име.
 

Між іншым, у Нямеччыне пачытваюць «Нашу Ніву». Доказ – неабвержны. На другой вечарыне Сыльвія чытае перакладзены спадаром Норбэртам Рандавам з «НН» опус пад назваю «Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін».

Гэты тунэль прывёў нас у прытульную тэатральную кавярню. Людзей трохі болей, чым запаленых на ссунутых мармуровых століках сьвечак. Дзяўчына з валасамі й вачыма русалкі пытаецца, як завуць беларуску з профілем Нэфэрціці, што стукае абцасікамі па менскім асфальце. Я адказваю, што ў яе вельмі эўрапейскае імя. Дарэчы вынырвае сэнтэнцыя з Гэсэвага «Дэміяна»: анфас – маска, сутнасьць пазнаецца ў профілі.

Наступнае пытаньне: ці адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мірэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымліваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў і пра тое, што балцкія леўкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалі, каб ня лезьлі ў душу і не прапаноўвалі дзюбнуць за вуглом «пузыр» на траіх, закусіўшы рукавом ці плаўленымі сыркамі. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлі «простым парнем». Я не хачу быць гаваркім і не хачу выслухоўваць споведзі незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцівыя сярод беларусаў ня толькі мне.

Пакуль Мірэла перакладае, я ўспамінаю старую показку, як Васіль Іванавіч вяртаецца з Парыжу. «Што новага, Васіль Іванавіч, прывезьлі з Парыжу?» – пытаецца Пецька. «Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзіў», – адказвае легендарны камдыў. Калі б я ведаў нямецкую мову або калі б не шкадаваў Мірэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку і, інтрыгуючы публіку, паведаміў бы, што таксама заразіўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоіў бы чытачоў і асабліва чытачак, удакладніўшы, што ў Гановэры я заразіўся зусім не AIDS, а – нямецкім спакоем.

Эўропа робіцца бліжэйшаю. Вось і Бэрлін ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькі прыпынак на зваротным шляху. Але гэта – ня спляжанае бальшавікамі старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру. Немцам падабаецца, калі Бэрлін называюць новай сталіцай Эўропы. Мне цікава, што зьмянілася ў сталіцы за год, пакуль я не бадзяўся па Кюрфюрстэндам і Аляксандар-пляц, і я выходжу зь цягніка. Балазе, у Бэрліне, а дакладней, у яго былым заходнім сэктары жыве мая знаёмая – спадарыня Ядзьвіга зь беларускага шляхецкага роду Рымашэўскіх, якая, трапіўшы ў Нямеччыну пяцьдзясят гадоў таму й дасканала авалодаўшы моваю, сумысьля захавала сабе беларускі акцэнт. Дзіва, што яна сустракае мяне, калі не як роднага сына, дык, прынамсі, як роднага пляменьніка.

Калі вы глядзелі фільм «Генэралы пясчаных кар’ераў», дык мусіце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькі дзён трапляе ў багаты дом. Адрозна ад кінахлопчыка, я пакуль не кульгавы, не распавядаю сьлязьлівых гісторыяў пра татаву сьмерць і ня маю сувязяў у крымінальным сьвеце. Усё астатняе вельмі падобнае да фільма.

У доме спадарыні Ядзьвігі, апрача яе з мужам Гэльмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальніцай гэтай кашэчай дынастыі Паўлінай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якім я прывез прывітаньне ад іхняй схільнай да адзіноты менскай супляменьніцы Басоты, падзяляюцца на «сацыялістычных», што кватаруюць на цокальным паверсе, і «капіталістычных», якія па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногіх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамічных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьніца ва ўзроўні іх жыцьця ў літаральным сэнсе палягае ў прасторы. Проста «сацыялісты» ня любяць чужых людзей. За колькі тыдняў да майго прыезду менавіта «сацыялістычны» паверх гэтай Мурлындыі, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзіў гаспадароў, што ў дом залезьлі злодзеі.

Колькасьці катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзіньнікаў. Усе яны з боем, прычым ідуць з разьбежкаю, і раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьціся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца сапраўдны канцэрт.

У адведзеным мне пакоі, які разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаіць на століку фатаграфія немаладога афіцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымі разумнымі вачыма. Гэта ня бацька гера Гэльмута. Гэта першы муж спадарыні Ядзьвігі – Фрыц. Іхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзішчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, і за іншыя грахі, накшталт лібэралізму з палоннымі, Фрыца перавялі ў Нямеччыну, але туды вывезьлі й Ядзю Рымашэўскую, і яны не маглі зноў не сустрэцца.

Фрыц напісаў на імя фюрэра рапарт з просьбаю дазволіць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкі, што азначала застацца бяз сродкаў і жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Ішоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвіга ў чорнай сукенцы.

Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкі. Побач з кветкамі ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе піпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерці спадарыня Ядзьвіга, гледзячы на «піпачку», чула выразны пах дыму, і яе душа заходзілася ад адчуваньня блізкай прысутнасьці каханага.

Гісторыя другога замуства дачкі беларускага шляхціча Адама Рымашэўскага таксама вартая калі не раману, дык аповесьці. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шміт прыйшла на клады, выпіла пляшачку, абняла сьвежы грудок і прачнулася ўначы паміж надмагільных помнікаў.

Удава прыходзіла на клады штодня – то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьці пазваніў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалі Гэльмут, і ён нядаўна пахаваў бацьку. Адрас ён даведаўся на могілках ад вартаўніка.

Прырода любіць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Гэльмут – амаль на столькі ж маладзейшы, аднак на фатаздымку зь вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкі. Пра здымкі апошніх гадоў можна, далібог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Гэдвіг Ноак – з 1917 году, Мірэла з Сыльвіяй толькі недаверна пераглянуліся й смыканулі плячыма.

Увечары, за кухлем піва, я слухаю ўспаміны спадарыні Ядзьвігі ды разглядваю альбомы – вось дом у Калодзішчах, дзе яны з Фрыцам сустрэліся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбітым сьпічаком (фота рабіў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсіі, дзяўчатак-філіпінак зь нелегальных прытонаў і шлюбы лесьбіянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такіх навацыяў, а я, бадай, не адмовіўся б на колькі дзён пераўвасобіцца ў сямейную лесьбіянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адультэру. Пытаньне выглядае даволі неадназначна: як, дапусьцім, ацэньваць сытуацыю, калі нехта зь лесьбійскай сям’і трапіць у абдымкі да мужчыны? Магчыма, гэта «ня лічыцца»?

Мы глядзім «відзікі» пра разбурэньне Бэрлінскае сьцяны і пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнікаў. Я даведваюся, як сардэчна ставіліся савецкія салдаты да нямецкіх дзяцей і як яны без разбору гвалтавалі нямецкіх жанчын, дзяўчат і дзяўчатак, перасягнуўшы ў гэткіх подзьвігах і нямецка-фашыстоўскіх, і мангола-татарскіх захопнікаў. (Адзінаццацігадовую сястру майго бэрлінскага знаёмага ўратавала адно тое, што на галаву п’яному салдату, які цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п’яны сябрук скінуў з другога паверху грамафон.)

Ураньні, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вішняў з саду, што глядзіцца ў вокны маіх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрліне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсі, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкі, аналёгіі й алюзіі.

Белакаменную я наведваў разы тры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных уражаньняў, але асабліва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.

Першы раз, едучы ў студэнцкі будатрад у Казахстан, мы залілі на ўскраіне Краснай плошчы дзьве дзесяцілітровыя поліэтыленавыя каністры півам і на падыходзе да маўзалею былі затрыманыя нарадам міліцыі, што палічыў нас за падпальшчыкаў. Другі раз я знаходзіўся ў расейскай «чолотвэрдзі» транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы і быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбіральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венікам, які пакінуў у барадзе жменю сланечнікавай лузгі. Яшчэ адзін раз некалькі маладых беларускіх літаратараў прыехалі на паседжаньне савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, і на пачатку імпрэзы вядомы савецкі крытык бадзёрым тонам спавясьціў, што ўчора праглядаў нашыя кніжкі і зразумеў: беларуская мова сапраўды існуе.

Але тое ў Маскве.

У Бэрліне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнім на кветніках абавязкова растуць кветкі, ва ўсходнім, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Лепелі, можа раскашавацца і лебяда. «Неўміручае і ўсемагутнае» вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкі ў заходнебэрлінскай сажалцы выдаюць відочна жаўцейшымі.

Водбліз станцыі падземкі на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнік тужліва пілуе на акардэоне «На позицию девушка провожала бойца». На недалёкіх могілках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзіўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Гэнрыха Мана.

Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзіркаю. Праціснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаіць дом, які, магчыма, спадабаўся б Мірэле, бо над ім учынілі вівісэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, і вачам адкрываюцца ўсе куродымныя тайніцы ягонага чэрава. Каля дому расьце «дрэва» – стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў і галіны з галінкамі з размаітых скарлючаных трубак і дроту. Краявід пусткі, што ажыўляе ў памяці вясёленькую «постатамную» навэлу Рэя Брэдбэры «Будзе ласкавы дождж», выдатна дапаўняе высозная «кветка» зь бітага шкла ды іржавага жалезьзя. Гэтай расьліне пасуе кампанія зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымі галовамі, якая смокча ў засені шкляных пялёсткаў бляшанкавае піва. Мусіць, я ўсё ж ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позірках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусім ня піва.

Ва ўсходнім Бэрліне, здаецца, пакуль няма пісуараў са смарагдавымі або аквамарынавымі каменьчыкамі, але ёсьць і свае перавагі ў выглядзе хай сабе й рэдкіх, ды ўсё ж дармовых прыбіральняў і яшчэ больш рэдкіх тэлефонаў-аўтаматаў, зь якіх можна затэлефанаваць, не ўстаўляючы туды адмысловае карткі, а проста за пяцьдзясят пфэнігаў. Каб ня гэты рэлікт сацыялізму, на вуліцы адчуваў бы сябе круглым сірацінаю.

На рынку каля Брандэнбурскае брамы набор тавару такі, як і год таму: ордэны, піянэрскія значкі, генэральскія шынялі, флёцкія безбрылёўкі… Новае ў асартымэнце – бадай, толькі «матрошкі» з расейскімі верхаводамі ад Мікалая II да Барыса Ельцына, у якога ўстаўляюцца па чарзе ўсе астатнія. Сэрца кранае цёплая лапка ўсьцехі: побач, як і летась, смуглявыя маладзёны гандлююць прадукцыяй Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу. Праўда, кошты на экспартную прадукцыю майго роднага гораду папаўзьлі долу і партабак з «Пагоняю» ідзе сёлета ўсяго за тры маркі.

Вуліца Unter den Linden (па-наску – проста Пад Ліпамі) у гэтыя дні як ніколі адпавядае сваёй назьве, бо па ёй плыве амаль відочная рака мядовага паху. У завоіне на ганку опэрнага тэатру ўладкаваўся духавы квартэт. З жаласнага плякаціку ангельскамоўная публіка накшталт мяне можа даведацца, што гэта «poor students from St. Peterburg». Медзякі ў футаралах сьведчаць, што эканамічнае становішча бедных студэнтаў з Паўночнай Пальміры бэрлінцы ўспрымаюць прыкладна так, як нейкую прыродную зьяву.

Капіталістычныя каты выйшлі на ганак, каб памахаць мне на разьвітаньне хвастамі, і капітан вішнёвага «BMW» Гэльмут Ноак вось ужо другую гадзіну мужна прабіваецца да вакзалу праз трафікі бэрлінскіх вуліцаў. Месца штурмана, нягледзячы на нядаўні сардэчны прыступ, адважна займае спадарыня Ядзьвіга. Дзень не сказаць каб зусім звычайны – 22 чэрвеня.

З Бэрліна да Польшчы цягнік ідзе ўсяго гадзіну. Па дарозе на Варшаву на сьценах чыгуначных брандмаўэраў усё часьцей сустракаецца імя Валэнсы. За польскага прэзыдэнта можна было б парадавацца, калі б зь ягоным імем не суседзілі застрашлівыя абяцанкі, у якіх ганаровае месца займае шляхетны палітычны тэрмін – «dupa».

Зрэшты, гэта праблемы суседняе дзяржавы. У нашай жа, часткаю якое ёсьць мой вагон «Бэрлін—Менск», за тыдзень таксама адбыліся сякія-такія зьмены. Правадніцы папрыгажэлі, і, напэўна, з гэтае прычыны шклянка гарбаты з цукрам каштуе ўжо не 12, а 35 рублёў. Затое гарбаты – хоць заліся, бо адна правадніца прыпадае ў сярэднім на 1,5 пасажыра. Выглядае, што хутка наогул будзем падарожнічаць парамі.

Карацей, Эўропа робіцца бліжэйшаю.

Чэрвень, 1993

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации