Текст книги "Сланы Ганібала (зборнік)"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр: Зарубежная публицистика, Публицистика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 28 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
Божая кароўка зь Пятай авэню
Лёнданскi вiтраж
`GreenхутарКалi вы падымецеся на борт карабля з жаночым iмем Sally, якi сьцiпла завецца па-ангельску ferry, а па-наску паромам, на якiм можна трапiць у Эўропу з сваiм чатырохколавым сябрам, можна наведаць маркет i мяняльную кантору, парачку бараў i рэстарацыю, а потым затэлефанаваць з аўтамата каханай жанчыне, незалежна ад таго, дзе яна цяпер – у Парыжы цi ў Ганцавiчах, калi вы падымецеся на гэтага камфартабэльнага жалезнага кiта, карыстаючы зь велiкоднае бязьлюднасьцi, нахабна ўладкуецеся ў лёгкай бэзавай смузе салёну адмiрал-клясы й кiнеце разьвiтальны пагляд на марскi фасад порту Ramsgate, якi быццам кагадзе вымылi дажджом з духмяным шампунем, Англiя можа здацца вам утульным зялёным хутарам з авечкамi на спадзiстых пагорках, з расквiтнелымi ў сакавiку вiшнямi, «жабiнымi вочкамi» i магнолiямi, а таксама з тубыльцамi, што – як i належыць сапраўдным хутаранцам – глядзяць на вас трохi звысоку, дзiвячыся, як гэта вы трываеце ў сябе правабаковы рух транспарту, i дагэтуль у сутонлiвай глыбiнi душы праклiнаюць 1971 год, калi iхні фунт стэрлiнгаў, што раней быў роўны 240 penсe або 20 шылiнгам, пачаў, на ўзор гэтых ненармальных эўрапейскiх валютаў, утрымлiваць усяго нейкую няшчасную сотню пэнсаў.
Каб не ўгнявiць яе вялiкасьць каралеву з падданымi, сьпяшаюся зазначыць, што слова «хутар», як i схаваны за iм сьвет, заўсёды мелi для мяне безумоўна станоўчы сэнс. Нават тыя занядбаныя заходнебеларускiя хутары, куды саветы забаранялi праводзiць электрычнасьць, каб сьсялiць старых зацятых гаспадароў у калгасы, нязьменна выклiкалi ў мяне пачуцьцi, афарбаваныя ў пастэльныя тоны прыхiльнае зайздрасьцi да iх насельнiкаў, бо зь дзяцiнства я падсьвядома адчуваў, што хутары – у розных сваiх iпастасях – далi чалавецтву нязьменна болей за вялiкiя гарады.
«Мой личный оргазм»Але перш чым вы назапасiце дастаткова ўражаньняў i адвагi на рызыкоўныя мэтафары й параўнаньнi, вам давядзецца перажыць сякiя-такiя сухаземныя ды марскiя прыгоды – спадзяюся, што ня ў духу аднаго з хутаранцаў, Уiльяма Голдынга, аўтара раману «Ўладар мухаў», зь якога ў далёкай шостай клясе пачалося маё знаёмства з ангельскай лiтаратураю.
Асабiста мне давядзецца скiнуць кiляграмаў пяць жывое вагi падчас афармленьня вiзаў; зьявiцца ўначы на менскi вакзал i ўбачыць там бадзягу ў скураных штанах, якi смачна храпе на сваiх бязьмежных валiзах, закрыўшы прышчавы твар папулярнай у нашым народзе газэткаю «Двое» з артыкулам «Мой личный оргазм»; сесьцi ў цягнiк «Масква—Парыж» i праехаць палову Эўропы з чарнявым пасажырам Эдуардам, якi будзе частаваць мяне чульлiвымi аповедамi пра эрэванскага тату й марсэльскую maman уперамешку з сумнеўнымi францускiмi (або армянскiмi) сэнтэнцыямi кшталту: «Жанчыне трэба вельмi многа, але ад аднаго мужчыны, а мужчыну – вельмi мала, але ад вельмi многiх жанчынаў». Рэшту дарогi па роўнядзях i камянiстых узвышшах Брабанту і Фляндрыi я буду бавiць з маскоўскiмi праваднiкамi Вовам i Колем, якiя пачнуць налiваць адзiн аднаму ад Берасьця да поўнае нiрваны, што апануе iхнія загартаваныя iстоты толькi ў прадмесьцях Брусэлю, калi Вова выкулiцца са службовага купэ ў адных сямейных трусах, падобны да каўбоя, якi, прыняўшы нечалавечую колькасьць whisky, выпаўзае з салуну, сядае на каня й скача адразу ва ўсiх кiрунках сьвету, а Коля, зачынiўшы Вову на замок, надзене форму i, палохаючы рэдкiх пасажыраў, пацягнецца па вагоне жабраваць, сьпярша выдаючы сябе за аднарукага, а потым, жахаючы маладых немачак, што селi ў Аахэне, выцягне «адарваную на фронце руку» з расшпiленае шырынкi. Скончыцца тым, што на дапамогу Вову з Колем прыбяжыць iхняя каляжанка, якая, мусiць, бывала ў Абхазii або чытала «Сандра з Чэгему» Фазіля Iскандэра, бо гарэлку яна будзе любасна менаваць «нашаю валяр’янкаю».
Ірляндзкі тэрарыстУ бэльгiйскiм порце Астэндэ вы зможаце высьветлiць, што паром у ангельскi Дувар, куды вам без усякага валаводжаньня выпiсалi бiлет у Менску, ужо паўгоду ня ходзiць, i – калi хопiць вашага красамоўства й замежнае мовы – вас усё ж пасадзяць з гэтым бiлетам на карабель у Ramsgate. Крый Божа, калi пры гэтым ваш мужны, абсiвераны эўрапейскiмi вятрамi й трошкi чырвоны ад «валяр’янкi» твар будзе аздоблены рудавата-мядзянаю барадой. Тады – iду ў заклад – бездакорна ветлiвы ангельскi мытнiк з завушнiцаю ў правым вуху адразу возьме вас на сваё чэпкае вока як тэрарыста Iрляндзкае Рэспублiканскае Армii, i вас чакаюць татальныя агледзiны – ад пакамечанай кепуркi да пачочка з зубачысткамi – прычым (калi вы маеце раптам дачыненьне да прыгожага пiсьменства) гэтага сына Альбiёну ані не зьбянтэжыць знойдзеная ў валiзе беларуская кнiжка з вашым фэйсам на вокладцы.
Трэба меркаваць, што ў кровапускальных шэрагах IRA пракiдаюцца й беларусы. Нiякай iронii тут i не начавала: гiсторыкам добра вядома, што ў аддзелах генэрала БулакБалаховiча было колькi кiтайцаў, i, калi аднаго зь iх схапiлi чэкiсты, жаўтатвары ваяка на пытаньне пра нацыянальнасьць з годнасьцю адказаў: «Беларуза».
Адзiным суцяшэньнем вам, як i мне, у часе ператрускi зможа паслужыць тое, што побач трасуць чалавека з польскiм пашпартам, падобнага да агента «Масад», якi вырашыў, апрача выкананьня агентурнага заданьня, кантрабандаю правезьцi ў Злучанае Каралеўства паўтузiна цыгарэтных блёкаў ды пару лiтраў wуdki, якую цяпер мусiць уласнаручна вылiваць на пачостку марскiм вожыкам. Пасьля гэтае працэдуры ён будзе знаходзiцца ў такiх раздрыпаных пачуцьцях, што, не паслухаўшыся мяне, уладкуецца ў лёнданскiм цягнiку ў вагоне не другое, як пазначана ў бiлеце, а першае клясы, дзе яго на наступнай станцыi аштрафуе на 10 фунтаў двухмэтровы кантралёр зь летуценнаю ўсьмешкаю й шкiпэрскiм носам.
Магчымасьць зноў пабыць у скуры iрляндзкага тэрарыста вы атрымаеце на сталiчным вакзале «Victoria» – асаблiва калi, як у маiм выпадку, хлапцы з IRA якраз напярэдаднi, зьеўшы ў суседнiм McDonalds’е свае «бiг-макi», акуратна апусьцяць у сьметнiцы паўтузiна бомбаў, якiя неўзабаве пазбавяць прысутных прыкладна такой самай колькасьцi рук, ног i галоваў, а таму пэроны й пачакальнi ў дзень вашага прыезду будуць нашпiгаваныя палiцыяй, што вынайдзе такi кардынальны сродак барацьбы з тэрарызмам, як вываз з вакзалу ў невядомым кiрунку ўсiх сьметнiцаў.
Царква сьвятых Пятра й ПаўлаНаведаўшы за свае сорак гадоў некалькi сотняў цэркваў, касьцёлаў, кiрхаў, мячэтаў, сынагогаў, паганскiх капiшчаў (i нават прытулак сiбiрскага шамана, дзе пахла дарагiмi цыгарэтамi й таннай гарэлкай), у некаторых зь iх – напрыклад, у полацкай Сафii, у вiленскiм касьцёле сьвятой Ганны цi ў Спасаўскай царкве Эўфрасiньнеўскага манастыра – я сапраўды пачуваў сябе ў храме. Але – даруйце мне, храмы маёй Бацькаўшчыны ў яе этнаграфiчных межах, – найглыбейшым гэтае адчуваньне было ў Беларускай грэка-каталiцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра й Паўла на лёнданскай Holden Road.
I рэч ня ў тым, што там пасьля набажэнства да вас не падыдзе знаёмы бацюшка i не пачне соты раз пераконваць, што Скарыну звалi Георгiем, а Iван Грозны вызвалiў Полацак ад лацiнскiх схiзматыкаў – як у Спасаўцы; i ня кiнуцца адразу некалькi заўзятараў, каб узахапы даводзiць, што менавiта iм павiнен належаць сабор, якi пабудавалi праваслаўныя (узарвалi на загад Пятра I таксама праваслаўныя), аднавiлi вунiяты, а малiлiся ў якiм перад яго закрыцьцём рыма-каталiкi – як у Сафiйцы. I ня ў тым, што там заўсёды – i ў лiтургii, i ў казаньнi – гучыць свая, а не чужая мова – як над гатычнымi нэрвюрамi сьвятой Ганны, дзе нашае слова ня будзе прамоўлена з амбону ўжо нiколi.
Прычыны адчуваньня такое сумоўнасьцi з храмам наўрад цi наогул можна растлумачыць, гэтаксама як немагчыма зразумець, чаму, калi я пераступiў яго парог, з дна памяцi залацiста-зялёнаю рыбiнаю ўсплыло выслоўе Леона Блюа пра тое, што гiсторыя – бясконцы лiтургiчны тэкст, дзе ёты й кропкi маюць ня меншую значнасьць за вершы або цэлыя разьдзелы, хоць сэнс адных i другiх нiкому ня ведамы і схаваны за сямю пячаткамi.
Каб вы маглi згадзiцца альбо не згадзiцца са мною, зычу вам калi-небудзь памалiцца ў лёнданскай беларускай царкве самiм – тады й вы будзеце захоўваць сярод сваiх папераў расклад набажэнстваў Вялiкага тыдня, а сярод незбуцьвелых успамiнаў – згадкi, як несьлi плашчанiцу, або як прылеглi перад усяночнай падрамаць у пакоi з галяграфiчным укрыжаваньнем i, расплюшчыўшы вочы, на хiсткай кладцы памiж яваю й сьветам сноў убачылi, як на выклеенай бледна-блакiтнымi шпалерамi сьцяне пералiваюцца ўсiмi колерамi зьменлiвыя ўзоры дзiцячага калейдаскопу.
Няхай на вуснах ваяўнiчых i проста атэiстаў празьмяiцца паблажлiвая ўсьмешачка, аднак, калi мне сьнiцца гэтая зусiм хатняя царква, назаўтра ў жыцьцi ўсё атрымлiваецца, i нават калi ранiцою ня памятаю сну, з падзеяў дня я ўсё адно разумею, куды наведвалася мая душа ў начных вандраваньнях.
Айцец АляксандарКалi вы ня ведаеце, што такое шчыры перадвелiкодны пост, вам трэба пабачыць, зь якой асалодаю п’е ўраньнi на Вялiкдзень гарбату з малаком айцец Аляксандар Надсан, апостальскi вiзытатар беларусаў-каталiкоў, рэктар Беларускае каталiцкае мiсii Англii й Францыi, дырэктар Бiблiятэкi і музэю iмя Францiшка Скарыны ў Лёндане etс.
Як я пакуль што не сустрэў храму, што адпавядаў бы маёй беларускай душы болей за лёнданскую Петрапаўлаўку (няхай даруюць сьвятыя апосталы гэткую фамiльярнасьць), так ня трапiлася на маiм шляху духоўная асоба, што адпавядала б сьвятарскаму чыну болей за а. Аляксандра, колiшняга хлапца з паднясьвiскае Гарадзеi, якi ваяваў з гiтлераўцамi ў Францыi (за гэта, як айцец А. Надсан пачаў прывозiць мэдыкамэнты дзецям Чарнобылю, дзяржаўная прэса суладным хорам абзывала яго фашыстоўскiм наймiтам), студыяваў матэматыку ў Лёнданскiм i Рымскiм унiвэрсытэтах, а ўрэшце атрымаў у Грэцкай калегii Грыгарыянскай папскай alma mater магiстра багаслоўя.
Што яшчэ распавесьцi вам пра а. Аляксандра? Як ён гатаваў свой слынны рататуй?
Як паказваў музэй, дзе слуцкiх паясоў, здаецца, болей, чым ва ўсiх музэях Беларусi разам узятых, i дзе я пабачыў здымак са спробаю выцягнуць зь Дзьвiны пад Полацкам «Барысаў камень» – фатаграфiю, зробленую ў той час, калi самураi яшчэ не прадавалi нам ультрасучаснае тэхнiкi, а прыкiдвалi, у якую ноч «перейти границу у реки»? (Потым, калi гэтая тэхнiка зьявiцца, камень усё ж вырвуць зь ягонага спаконвечнага гнязда й падымуць да Сафiйскага сабору на ўсьцеху сьцiпламу й невядомаму аматару даўнiны, якi ўначы адаб’е ад «Барыса-хлебнiка» пудовы кавалак гранiту на сувэнiры, а таксама на радасьць нясьцiпламу й вядомаму пiсаку, што прысьвецiць гэтай падзеi чульлiвы опус пра вальналюбных старажытных палачанаў, якiя, каб не аддаць сямiдзесяцiтонную сьвятыню на зьдзек дзiкiм чынгiсханаўскiм ордам, скiнулi яе ў Дзьвiну i немаведама як i навошта – бо нiякiх чынгiсханаўцаў тут i не начавала – без усякае японскае тэхнiкi цягнулi яе пяць кiлямэтраў па дзьвiнскiм рэчышчы.)
Як вадзiў па бiблiятэцы, дзе перахоўваюцца рукапiсы Купалы, Коласа й Ластоўскага, дзе вы можаце ўзяць у рукi «Хронiку Эўрапейскае Сарматыi» (Кракаў, 1581) колiшняга вiцебскага камэнданта iталійца А. Гваньiнi, што беспардонна сьпiсваў у свайго падначаленага М. Стрыйкоўскага, або пагартаць ломкiя старонкi выдадзенага ў 1722 годзе вунiяцкаю друкарняю ў Супрасьлi «Собранiя припадков краткого…» – мiж iншым, ці не адзiнага цалкам беларускамоўнага выданьня на ўсё доўгае XVIII стагодзьдзе?..
Кастусь АкулаСпадар Акула жыве на канадыйскiм беразе возера Антарыё. Ён падгадоўвае чатырох вавёрак, якiя нядаўна распавялi пра дабрадзея пятай; ён называе сябе птушатнiкам i з скрухаю кажа, што сёлета ў Таронта памерлi ад марозу цi ня ўсе вераб’i; ён любiць сарокаў, якiх у Канадзе, як выявiлася, нямашака, i таму тамтэйшым жыхарам яны здаюцца экзотамi накшталт чыюкоў цi калiбры.
Уладкаваўшыся на сваiм заакiянскiм беразе, Кастусь Акула выдае часопiс «Зважай» ды пiша кнiгi пра заходнебеларускую вёску і пра хлапцоў зь Менскае школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, што перайшлi на бок францускiх макiсаў i потым ваявалi зь немцамі на Апэнiнах, а таксама вясёлыя гiсторыi пра жыхароў канадыйскага мястэчка Сторывiл, што й ня думалi пратэставаць супраць бальшавiцкай мясарэзкi, затое, як толькi саветы запусьцiлi ў космас сабакаў (кажуць, адзiн наш вядомы паэт азваўся на гэтую гiстарычную падзею векапомнымi радкамi: «I доўга брахалi сабакi над нашай савецкай зямлёй»), iмгненна зарганiзавалi грамадзкае таварыства выратаваньня чацьвераногiх касьмiчных вязьняў.
Раней у вольны час сп. Акула ладзiў вынаходлiвыя антысавецкiя акцыi, або, як сказаў бы мастак Саша Пушкiн, якi таксама прычынiўся да гэтага мастацкага жанру, хэпэнiнгi – кшталту прывiтальнага слова на цырымонii сустрэчы «Краснознамённого ансамбля песни и пляски Советской Армии», перад якiм Mr Akula прамаўляў прыкладна так: «Мы сердечно приветствуем вас на свободной канадской земле и ненавидим антинародный кремлёвский режим точно так же, как и вы его ненавидите».
Найгучнейшы розгалас меў Акулаў «хэпэнiнг» у «дзень СССР» на выставе ЭКСПО-67 у Манрэалi, калi падчас агляду першым намесьнiкам старшынi Саўмiну эсэсэрыi тав. Палянскiм ганаровае варты над натоўпам разьлёгся магутны мужчынскi голас: «Death to Moscow murderers! Freedom for Byelorussia! Няхай жыве незалежная Беларусь!» i ўсьлед узьляцелi ў паветра сотнi ўлётак, пасьля чаго партрэт затрыманага палiцыяй беларуса зьмясьцiлi цi ня ўсе канадыйскiя газэты, а сам герой заслужыў ад судзьдзi 25 даляраў штрафу, пасьпеўшы пры гэтым растлумачыць аднаму з сваiх канваiраў, што яго, канваiрава, прозьвiшча зусiм ня нейкi там Козэл, а спрадвечнае, беларускае – Казёл.
У адну кампанiю з iрляндзкiм тэрарыстам спадар Кастусь трапiў з тае прычыны, што ў тыя самыя днi быў у «Фiнчлейскай Беларусi», як ён называе «вёсачку» з чатырох беларускiх мураванак на Holden Road.
Гэта зь iм мы, кiнуўшы вока на зьмену каралеўскае варты, заклапочана рушылi праз Trafalgar Square ў Hyde Park, бо было 25 сакавiка й мы вырашылi зьвярнуцца з славутае трыбуны да неабазнаных лёнданцаў з прамоваю пра ўгодкi БНР, але ў сувязi з наяўнасьцю адсутнасьцi слухачоў мусiлi абмежавацца дзьвюма фiлiжанкамi кавы зь яблычнай слойкай.
Акула любiць патэлефанаваць у Менск парою, калi дамавiк першы раз будзiць на курасаднi пеўня, але хачу прызнацца, што, адрозна ад безьлiчы iншых званкоў, зробленых тады, як пеўнi яшчэ толькi засынаюць, каб убачыць салодкiя сны пра свае курыныя гарэмы, тэлефонныя размовы з спадаром Кастусём асабiста мяне анiколькi ня квеляць – здаецца, пасьля таго, як мы некалі ехалi разам у Полацак i ён патрабаваў на аўтастанцыi ў Плешчанiцах, дзе й вады нiколi не бывала, кубак кавы, на што дыспэтчарка, прыслухаўшыся да дзiўнае гаворкi неспакойнага пасажыра, лiтасьцiва дазволiла яму закурыць.
Арына і КаралінаПрытульна й прыемна ісьцi зь дзьвюма маладымi жанчынамi па чыстых i пустых вечаровых вулiцах, дзе зацьвiтаюць сады і распускаецца лiсьце каштанаў, дзе перад фасадамi адпачываюць фантаны і неўпрыкмет пазяхаюць iльвяняты, дзе ў дамоў ёсьць ня толькi нумары, але і iмёны (значыцца, i характары), а – цалкам магчыма – i прывiды.
У гэткiя хвiлiны вас апаноўвае надзея, што так будзе заўсёды: квецень, зялёны туманок нясьмелае лiстоты; моўкнасьць, што не вымагае перакладу; згадкi аб тым, чаго нiколi не адбылося… (Глыток джыну з тонiкам, выпiты ў пабе The Torrington, дзе бармэны ў часы Акулавай маладосьцi ведалi сёе-тое па-беларуску, тут абсалютна нi пры чым.)
З вашым наблiжэньнем да некаторых камянiцаў самi сабою запальваюцца іхнія нумары, а ўвадначас зь iмi й лiхтары пры брамках. Занадта проста будзе сьпiсаць усё на электронiку: а мо лiхтарнi адгукаюцца на жаночыя душы?
Калi б у беларускiх унiвэрсытэтах былi тэалягiчныя факультэты, студэнцкае арго называла б маiх спадарожнiцаў тэалягiнямi. Каралiна з Арынаю – розныя й жывуць у «Фiнчлейскай Беларусi» ў розных дамах. Жывуць дастаткова доўга, каб адчуць іх ня проста жытлом, але складанымi структурамi зь вiдочнаю й невiдочнаю архiтэктонiкай.
Мураванкi на Holden Road слухаюць, глядзяць, усьмiхаюцца й скрушлiва ўздыхаюць, любяць i ня любяць, закалыхваюць i насылаюць мулкае бяссоньне. Яны могуць прасьцюжвацца й пакутаваць на чыхаўку. Яны памятаюць усiх сваiх колiшнiх, сёньняшнiх, а мо й будучых жыхароў i ўмеюць захоўваць гэтую памяць, ня блытаючы пакояў i лесьвiцаў.
Я думаю, што яны любяць Каралiну з Арынаю, i спадзяюся, што некалi гэтым мураванкам зноў захочацца пабачыць мяне.
Янка ДамінікMister Jan Dominik – чалавек заможны. Апрача слугiгiшпанца Рамона, якога ён называе лейтэнантам, Дамiнiк мае ў розных канцах Лёндану колькi дамоў. Над адным зь iх летась залунаў нязвыклы брытанскаму воку бел-чырвона-белы сьцяг, пад якiм атабарылася беларускае пасольства.
Шкадуючы бюджэт Рэспублiкi Беларусi, сп. Дамiнiк вырашыў не прадаваць гэтага асабняка. Дбаючы пра бюджэт уласнае фiрмы, Mr Dominik вырашыў не дарыць яго, каб не плацiць велiзарнага падатку. Параiўшыся, mister са спадаром вырашылi здаць будынак у арэнду на 100 гадоў за 100 фунтаў. Такiм чынам, гаспадар можа цяпер кожны год выпiваць за кошт Беларусi бляшанку прыстойнага пiва, што мы й пажадалi яму рабiць, прынамсi, да канца тэрмiну арэнды.
Ёсьць, праўда, у гэтай iдылii адзiн нюанс: нашыя паслы ў Злучаным Каралеўстве паводле катэгарычнае ўмовы гаспадара будынку мусяць карыстацца беларускаю мовай. Каб ня мучылi цяжкiя сны пра расейскамоўных паслоў, Янка Дамiнiк пакiнуў сабе ў асабняку цеснаваты офiс i, кажуць, бывае страшэнна задаволены, калi вiзытанты прымаюць яго за пасольскага швайцара. Па дарозе ў пасольства вам можа сустрэцца лёнданскi бомж, якi, смачна пахропваючы ў пракураныя саламяныя вусы, будзе спачываць на вольным паветры ў ахайным сiнiм спальнiку. Бесхацiнец адкоцiцца ў сьне ад сьцяны на сярэдзiну вулiчнага ходнiка, ды гэта анi не сапсуе краявiду й ня выклiча анiякага пачуцьця шкадаваньня. Гэтым лёнданскi бомж будзе прынцыпова розьнiцца з маiм знаёмым менскiм бомжам Апанасавiчам, што мiнулай зiмою, катастрафiчна губляючы зрок, начаваў разам з сабакам Рэксам у калiдоры перад майстэрняю скульптара А. Шатэрнiка.
Прыблiзна ў той самы час, калi лейтэнант Рамон будзе варыць каву й падлiваць нам даўкага партугальскага вiна, радзiма-мацi нарэшце вызвалiць Апанасавiча ад клопату пра пустыя пляшкi ды за адным разам ад усёй iншай жыцьцёвай мiтусьнi. Вызваленьне прыйдзе ў аблiччы выцягнутага на падворак пачварна вялiкага гiпсавага пагрудзьдзя Надзеi Канстанцiнаўны Крупскай. Iдучы з прыбiральнi, Апанасавiч страцiць раўнавагу i, выцяўшыся галавою аб верную паплечнiцу Iльлiча, ужо не пасьпее прашаптаць ёй словаў падзякi.
Дыякан ЗьміцерЗ дыяканам Зьмiтром апошнi раз мы бачылiся два гады таму на Сёмуху ў Полацку, дзе, колькi я сябе памятаю, у гэты сьвяты дзень абавязкова ідзе дождж. Дыякан быў не ў гуморы – адкуль узяцца таму гумору, калi полацкiя вунiяты тады малiлiся ня ў храме, а ў якiмсьцi «чырвоным кутку».
Мы палуднуем у кiтайскiм рэстаранчыку, куды нас запрасіў Янка Дамінік, і я думаю, што дыякан напэўна ўбачыць час, калі беларускія грэка-каталікі вернуць сабе старыя храмы й пабудуюць новыя. Нягледзячы на густую смаляную бараду, галоўны адцiнак ягонага зямнога жыцьця прыпадзе на наступнае стагодзьдзе, у якiм я таксама разьлiчваю на нейкi кавалак, ва ўсякiм разе сьцiпла спадзяюся дацягнуць да 2029 году, каб наладзiць у Полацку сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Ўсяслава Чарадзея i ўзяць з гэтае нагоды келiх добрага старога крупнiку, якi так ганаравалi рознапляменныя айцы-езуiты ў тыя часы, калi Полацак пасьля breve папы Клiмэнта XIV пра забарону Таварыства Iсуса стаўся iхняй сусьветнаю сталiцай.
Вяртаючыся на мэтро дадому, я разглядваю рэклямныя шчыты й плякаты ды разважаю ў тым духу, што ў брытанскай сталiцы духоўныя асобы павiнны пачувацца больш утульна, чым, напрыклад, у нямецкай. Прынамсi, тут я нiдзе ня бачыў рэклямы ложка на ўсе нагоды – нават з камфартабэльнай шуфлядаю для каханка на выпадак зьнячэўнага зьяўленьня мужа, ня кажучы ўжо пра шыкоўныя здымкi капуляцыяў на парашутах цi ў каралавых гротах Палiнэзii, сярод уважлiвых маўклiвых сьведкаў у вобразах бяскрыўдных электрычных скатаў.
Няхай жыве здаровае ангельскае пурытанства!
Вэспасіян і Восіп ЦадкінСустрэча з Вэспасiянам прызначаная ў адпаведнай залi Брытанскага музэю. Поруч з iмпэратарам, чыё iмя зрабiла неўмiручым генiяльная iдэя абкласьцi падаткам грамадзкiя прыбiральнi, важаць носам табаку ягоныя калегi Каракала й Сэптымi Сэвэр. У Вэспасiяна важыць табаку няма чым – мармуровы орган нюху застаўся недзе на берагах Тыбру, хоць гэтага, прызнаем, больш заслугоўваў той самы орган ягонага сына, якi, пачуўшы, адкуль бацька бярэ грошы, няўдзячна круцiў носам перад антычнаю публiкай, у чые шэрагi ўплiшчылася пара пiсакаў, што лiхаманкава занатавалi сямейную сцэну дзеля нашчадкаў.
Этрускiя аздабленьнi й фрэскi прыводзяць на памяць рыфмы першакурсьнiка Вiнцэся Мудрова: дакоры – нарыхтканторы, этрускi – беларускi.
Калiсьцi ля гэтых фрывольных сонечна-блакiтных фрэсак прыстойваў, успамiнаючы яшчэ не закаламучаную вялiкай хiмiяй агульную раку нашых дзяцiнстваў, п’яны ад голаду Восiп Цадкiн. Наступны ягоны прыпынак будзе пры вушатых стодах з выспы Вялiкадня, каля якiх Цадкiн, адолеўшы прыступ галавакручэньня, наважыцца купiць заместа тварожнага пудынгу яшчэ адзiн разец, што потым будзе разам з усiмi астатнiмi прывезенымi зь Лёндану разцамi зламаны аб прыцягнуты ледавiком пад Вiцебск гранiтны валун, які пазначыць пачатак Восіпавага шляху да ўсясьветнае славы.
А калi напрыканцы Клiё завабiць вас да палiцы з iнкунабуламi, у вас зьявiцца шанец пакiнуць Брытанскi музэй з стрэмкаю ў сэрцы, бо вы прыгадаеце, што яшчэ да пачатку XV стагодзьдзя друкарнi, якiя тады ўжо існавалi ў 250 эўрапейскiх гарадах, ня надта напружваючыся, выдалi болей за 40 тысяч кнiгаў накладам 12 мiльёнаў асобнiкаў. У сьвятле гэткiх лiчбаў прыярытэт Скарыны перад Фёдаравым, шчыра кажучы, будзе слабой суцехаю. Нацыянальнае самалюбства здолее трохi акрыяць адно тады, калі вы даведаецеся, што першым друкаром у лёнданскiм city быў іншаземец John Lettou, або папросту Ян Лiцьвiн, ваш суайчыньнік, які распачаў тут сваю справу ажно ў 1480 годзе, – гэта пацьвердзiць першы-лепшы ангельскi гiсторык.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?