Текст книги "Сланы Ганібала (зборнік)"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр: Зарубежная публицистика, Публицистика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 9 (всего у книги 28 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
Пра Яна Лiцьвiна распавядзе вам нехта падобны да Карлсана, які жыве на даху, аднак пераступiў ужо мяжу, за якою левiтацыя робiцца нязбыўнаю марай. Але як толькi гэты чалавек ухопiць за аброць свайго конiка, што завецца беларускай мiнуўшчынай, адразу зробiцца вiдавочным, што лёнданскi Карлсан усё ж здатны падымацца вышэй за комiны.
Ён падобны таксама да духу бiблiятэкi, якому паводле аналёгii з дамавiком, лесавiком i вадзянiком пасавала б вiдавое найменьне бiблiятэчнiка, ці – на ангельскi капыл – лайбрарнiка. (Калi аднойчы ў прыцемку ён выглянуў з-за стэляжоў, я зь перапуду ледзь не зламаў ксэракс, на якiм пераздымаў сярэднявечныя гравюры.)
Гiсторыя кожнага адметнага жыцьця зазвычай i пачынаецца зь нечага адметнага.
Гэтая пачалася з сухога вуха.
Вуха, або – як кажа ягоны спадкаемец спадар Гай Пiкарда – «вуша», належала французу, якога звалi Франсуа Абрагам Разье. Франсуа ўхапiў матчыну цыцку ў 1793 годзе, а таму ягоная служба ў маршала Даву выглядае цалкам натуральнаю. Няцяжка ўявiць i раскладзенае ўвосень 1812-га недзе на беларускiх абшарах Смаленшчыны вогнiшча, пры якiм кавалерыйскi лейтэнант Разье ладзiцца нанач, неабачлiва адсунуўшыся «трошачкi далёка ад агонь».
У чытальнай залi выяўна, да прыкметнага цёплага казытаньня ў носе, цягне дымком пачатку XIX стагодзьдзя, i задаволены трансцэндэнтным эфэктам сп. Гай доўжыць халерычны аповед пра свайго прадзеда.
«Уначы прапала тэмпэратура, – унiклiва кажа ён i, вычакаўшы неабходную пярэрву, цешачыся з такой вiдавочнай прычынна-вынiковае сувязi падзеяў, урачыста дадае: – А ўраньнi прапала вуша!»
Праўдзiвей, «вуша» не прапала, а проста адвалiлася.
А паколькi Франсуа быў чалавек ашчадны, адмарожаную частку цела ён не зашпурнуў у хмызьняк, а любоўна высушыў i забраў з сабою ў Парыж. Гэты абярог ахаваў яго ад варожых куляў i багнэтаў у бiтве пад Ватэрлёо, а потым паплыў на францускiм фрэгаце ў Гвадэлюпу, дапамагаючы ня страцiць жывое вуха, а разам зь iм i галаву ў сутычках з флiбуст’ерамi.
Па часе табакерка з вухам, што ператварылася ў фамiльную рэлiквiю, трапiла на вочы спадару Гаю, гадаванцу юрыдычных факультэтаў Сарбонны й Оксфарду. Ён знайшоў на мапе Смаленск i Менск, па вулiцах якiх гарцаваў зухаваты кавалерыйскi лейтэнант, пасьля завiтаў у лёнданскую беларускую царкву, захапiўся беларускай гiсторыяй ды вунiяцкiмi сьпевамi i ўрэшце, памяняўшы адвакацкую практыку на навуковыя студыi, пусьцiў каранi ў «Фiнчлейскай Беларусi».
Таго вечару, дзякуючы гістарычнаму вуху, мы найбольш гаманiлi пра расейскую кампанiю Напалеона. «Вы чулi пра Банапарта i беларускi бабушка? – блiскаў вачыма мой суразмоўца. – Банапарт пытаецца ў беларускi бабушка, як яна жадае: каб французы пагналi рускiх далей, або каб рускiя пагналi французаў назад?» Напэўна, i вы адчуеце да гераіні аповеду сымпатыю, бо наша мудрая старая адказала валадару Эўропы: «Няхай пранцузы гоняць маскалёў так далёка, каб не вярнулiся нi маскалі, нi пранцузы».
Я даведваюся й шэраг iншых зьвестак, яшчэ ня спраўджаных у гiстарычных крынiцах. Напалеон, да прыкладу, слухаў беларускую гаворку і з падколкаю казаў палякам з свайго акружэньня, што гэта ня польская мова i тут нiякая ня Польшча.
А Кутузаў нiбыта штодня спаў чатырнаццаць гадзiнаў.
НячысьцікАд брытанскага падданага Пiкарды вы можаце пачуць яшчэ аб адным нешараговым лёнданцы, якi за свой тутэйшы побыт пасьпеў выпусьцiць трыма выданьнямi ўласную беларускую паэму «Нячысьцiк» – пра селянiна Мiкiту, што «iмеў жонку, як зьмяю». Апрача жонкi-зьмяi Мiкiта гадаваў парсючка, якога собiла ж гаспадару забiць на каўбасы акурат у Вялiкi пост. Пакуль жонка лётала да жыда па гарэлку, нячысьцiк скраў каўбасы ды рэшту парсючка. Жончын маральны кодэкс не замiнаў ёй пажадаць Мiкiту сьмерцi, што з дапамогаю iнфэрнальных сфэраў адразу ж збылося. Мараль суворая, ды справядлiвая: ня еш у пост скаромiны.
Аматары роднае лiтаратуры ўжо ўспомнiлi, што гэты жаласны сюжэт апрануў у немудрагелiстыя рыфмы прыдзьвiнскi шляхцiч Аляксандар Рыпiнскi, якi пасьля паўстаньня 1830 году ратаваўся на чужыне, пражыўшы дзесяць гадоў у лёнданскiм прадмесьцi Тотэнгэм, дзе рэкамэндаваўся мастаком, фатографам i настаўнiкам францускае ды нямецкае моваў i маляваньня. (У Тотэнгэмскiм музэi дагэтуль перахоўваецца пара гравюраў зь яго карцiнаў.)
Паколькi дом Рыпiнскага ацалеў, гiсторыя прадпрымальнага сына Прыдзьвiньня мела працяг. Гавораць, нiбыта ў пабе паблiзу ад таго дому аднойчы выпiваў доктар фiлялёгii Адам Мальдзiс. Пачуўшы, што наведнiк – зь нейкае там Беларусi, мурын-афiцыянт застаўся зусiм абыякавы: праблемы Каморскiх выспаў цi Заходняга Самоа абыходзiлi яго нязьмерна болей. Тады доктар Мальдзiс уголас зазначыў: калi б павесiць на будынку мэмарыяльную таблiцу, што сюды заходзiў кульнуць кiлiшак паэт А. Рыпiнскi, кожны беларус, трапiўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы гэтае месца ня меншай, а верагодна (бо сякi-такi поступ цывiлiзацыя ўсё ж зьведала) значна большай колькасьцю кiлiшкаў вiскi або кухляў добрага цёмнага Guinness’у. Замест мурына перад столiкам iмгненна вырас гаспадар пабу з нататнiкам у руцэ. Першым ягоным пытаньнем было: колькi на сьвеце беларусаў?
МіхалюкіЯнка Мiхалюк старшынюе ў Згуртаваньнi беларусаў Вялiкай Брытанii – першай беларускай арганiзацыi, заснаванай на эмiграцыi пасьля Другой сусьветнае вайны. Ягоная жонка Лёля доўга была гаспадыняю лёнданскае школы iмя Кiрылы Тураўскага. Летась мэдыкi аднялi Янку абедзьве нагi й перасадзiлi яго ў iнвалiдны вазок, што не перашкодзiла Міхалюку прамаўляць на акадэмii ў гонар угодкаў БНР, малiцца на ўсяночнай i запрасiць мяне з спадаром Акулам да сябе дахаты, дзе, калi не ўзiрацца ў вокны, вам магло б падацца, што вы гасьцюеце недзе ў Слуцку цi Полацку.
Гледзячы, як сп. Янка возiць сам сябе на вазку, я падумаў, што нiколi ня быў бы на такое здатны, i выпiў за яго здароўе яшчэ адзiн келiх чырвонага, пасьля чаго спадарыня Лёля падклала на маю талерку бульбы з тым адмысловым кавалкам курыцы, што мне зь дзяцiнства найбольш смакуе, бо, як кажуць у нас у Полацку, «каля сракi ўсе прысмакi».
Валера МартынчыкВалера прыехаў у Менск i паступiў у мастацкую вучэльню (адкуль яго выгналi за няздатнасьць), а потым у тэатральна-мастацкi iнстытут (адкуль яго таксама выгналi – за абстракцыянiзм). Ён галадаваў без стыпэндыi, хварэў на сухоты і год праваляўся ў больнiцы. Потым Мартынчык усё ж зрабiўся дыплямаваным мастаком i ўзьбiўся на свой хлеб з малаком, аднак злыгаўся з дрэннай кампанiяй, якая мералася адзначыць 100-годзьдзе Марка Шагала, што, як вядома, маляваў лятучых сiянiстаў («А что скажут арабы?»), Уладзiмера Iльлiча Ленiна ў аблiччы акрабата, якi стаiць на руках, ды iншае бясконца «чуждое нам» паскудзтва. Карацей, стала зразумела, што савецкая радзiма можа выдатна iснаваць i без Валеры.
Такую самую выснову ў дачыненьнi да сябе зрабiў i Валераў сябра – мастак Гена Хацкевiч.
Трываў час, калi самалёты ўганялi з такой самай пэрыядычнасьцю, як мы ў дзяцiнстве гулялi ў свайго ўлюбёнага «пiкара». Гэта тады нарадзiлася показка пра грузiна з абрэзам, што ўрываецца ў кабiну да пiлётаў i загадвае: «Ляцiм у Тбiлiсi!» Зацкаваны пiлёт нясьмела адказвае: «А мы й так ляцiм у Тбiлiсi». «Я трэцi раз вылятаю ў Тбiлiсi, – крычыць, размахваючы абрэзам, грузiн, – а прызямляюся ў Парыжы!»
Абрэза ў Гены Хацкевiча не было. Ён купiў два кавалкi мыла, скруцiў iх дротам i сеў у самалёт «Менск—Растоўна-Доне». Як толькi паветраны лайнэр набраў дастатковую высачыню, Гена, паказаўшы экiпажу мыла, ветлiва папрасiў высадзiць яго ў парыскiм аэрапорце Арлi.
«О’кей», – мэлянхалiчна адгукнуўся камандзiр машыны і сеў у горадзе Краснадары, дзе ў самалёт уварвалiся бамбiзы з спэцбрыгады барацьбы з авiятэрарызмам, якiя правялi некалькi беспамылковых сэрыяў удараў па Генавых нырках ды iншых жыцьцёва неабходных нутраных органах.
Менскiх сяброў i знаёмых пачалi цягаць на допыты. Калi чарга дайшла да Мартынчыка, матэрыялаў у сьледчага ўжо было зь лiхвой i да партрэту мацёрага ворага не хапала хiба апошнiх штрыхоў. «Что вы знаете о Геннадии Хацкевиче?» – дзяжурна запытаўся прытомлены антысаветчыкамi сьледчы. Валера зрабiў стаўку на сябравы адхiленьнi ў псыхiцы, якiя сапраўды шматкроць штурхалi Гену на, скажам так, неардынарныя ўчынкi накшталт забегаў целяшом па вуліцах роднага гораду або начлегу на даху сталічнага ГУМу.
«Так это же совершенно меняет дело», – прамовiў уражаны Валеравымi паказаньнямi сьледчы, чый прафэсiйны гонар яшчэ не патушыў жарынак сумленьня. Ён выцягнуў з стосу папераў i прадэманстраваў Мартынчыку падпiсанае прозьвiшчам аднакурсьнiка прызнаньне, першая фраза якога была быццам адлiтая ў кананiчнай форме – «Геннадий Хацкевич с детства ненавидел Советскую власть».
У вынiку авiятэрарыст Гена трапiў не ў турму, а ў лякарню для псыхiчна хворых у Навiнках, дзе, кажуць, размаляваў усе сьцены сваiмi блiскучымi авангардовымi кампазыцыямi.
Праз колькi часу Мартынчык з Хацкевiчам ды зь яшчэ адным менскiм мастаком Бабровым апынулiся за Ля-Маншам. Быў падпiсаны кантракт з ангельскiм прадпрымальнiкам беларускага паходжаньня. Наперадзе маячылi пэрспэктывы ўежнай i грашавiтае працы з фарбамi й пэндзлем. Але «нядоўга музыка гучала»: на трэцi тыдзень гаспадар разарваў кантракт i выставiў хлопцаў на вулiцу зь дзьвюма сотнямi фунтаў.
Грошай хапiла даехаць да Лёндану і купiць сталiчную булачку. Убачыўшы ў вiтрыне кiтайскае рэстарацыi румяныя залацiстыя каўбаскi, сябры далi сабе слова, што, разжыўшыся на грошы, купяць i зьядуць адразу па кiляграме гэтага смакоцьця. Шчасьлівы дзень надышоў! Раты напоўнiлiся саладкаватаю асцой, зубы з асалодаю ўпiлiся ў хрусткую корачку… Каўбаскi былi кiтайскiя – жывое сала з цукрам.
Валерава жонка Iрына частуе мяне ў Беларускiм доме на Penn Road нечым больш прымальным для славянскага страўнiка. Мартынчыкава кватэра пакуль што служыць i майстэрняй. Баброў ужо даўно на гiстарычнай радзiме, у Iзраiлi. Гена Хацкевiч прыжыўся ў калёнii вольных мастакоў пад Парыжам. Валера езьдзiць туды на гасьцiны: Лёндан ён любiць болей за Парыж. Ягоныя працы, шкодныя для цнатлiвага мастацкага густу насельнiкаў колiшняе iмпэрыi, здаецца, няблага выстаўляюцца й прадаюцца. Рэпрадукцыя адной зь iх – «Consolation Zone», або «Зона суцяшэньня», цяпер аздабляе мой пiсьмовы стол сваёй жоўта-зялёнаю, падобнаю да звалкi хаатычнай прастораю, у якой тоiцца не ўтаймаванае паласатымi шлягбаўмамi iмкненьне вырвацца на волю.
Пра гэтае iмкненьне кажа аўто з фургонам, на якiм Мартынчык ганяе па Лёндане й падарожнiчае па Францыi. Мара пра ўласны дом – таксама не абы-якое сьведчаньне, бо тут не зазвычаена раскрываць абдымкi хiмэрам.
На заканчэньне нашае экскурсii па брытанскай сталiцы я атрымлiваю ад Валеры карысную ў тутэйшым жыцьцi зьвестку, якою ахвотна падзялюся з чытачом: калi вы пачуеце з вуснаў ангельца «бля-бля-бля», гэта зусiм ня значыць, што рэспэктабэльны джэнтэльмэн або вытанчаная лэдзi падылетанцку лаюцца на «великом и могучем», бо трайное «бля» перакладаеца як бяскрыўднае «ля-ля-ля», то бок балбатня.
UndergroundДзякуючы iнструктажу я без праблемаў перакладаю ў падземцы пагрозьлiвую тыраду чарнаскурага дзяжурнага. Ён гаворыць: «Ня трэба ля-ля-ля». На шчасьце, я зьяўляюся ня ўдзельнiкам, а гледачом. Тры суразмоўнiцы ахоўнiка парадку лапочуць па-польску. Сытуацыя досыць банальная. Авантурная польская прадпрымальнасьць зноў сутыкнулася з флегматычнай ангельскай прадбачлiвасьцю.
Рэч у тым, што на шмат якiх станцыях лёнданскага андэграўнду вы прасьцей простага можаце сесьцi ў вагон без усякiх жэтонаў, праязных квiткоў, турнiкетаў i кантралёраў. Але ваш сум па турнiкетах ня здоўжыцца. Яны сустрэнуць вас на выхадзе i – адрозна ад айчынных, якiя зазвычай мерацца спотайку выцяць вас па якiм-небудзь далiкатным месцы – усяго толькi запатрабуюць засунуць iм у нутро ваш ticket з датаю, коштам, указаньнем зоны etc. Пасьля гэтага перад вамi адкрыюцца два шляхi. Адзiн будзе ўвасабляць звычайна цемнаскуры мацак з пачкам квiткоў на штраф, роўны палове сярэднемесяцовага заробку грамадзянiна РБ. Другi варыянт падрабязна разгледжаны ў навэле Хулiё Картасара «Нататкi з блякноту».
РазгавіныПасьля ўсяночнай у царкве Пятра й Паўла вас запросяць на застолiцу, у якой будуць браць удзел два дзясяткi спадарыняў, спадарычняў i спадароў i ў два разы болей сьвяточных страваў.
Зь сьцяны палагаднелым з нагоды сьвята позiркам будзе глядзець наш грэка-каталіцкі бiскуп Часлаў Сiповiч. Ён заўважыць, што Гай Пiкарда паставiў на стол запечаную з марскiм багавiньнем «бульбу па-iрляндзку», пляшку джыну зь пярынкамi зуброўкi і чамусьцi мацу. Айцец Кастусь (ён выдае на вялiкага Малога Чалавека Балотных Ялiнаў зь «Дзiкага паляваньня караля Стаха»), якi жыве пры Доме марыянаў, адразу ж голасна выкажа здагадку, што адным з кампанэнтаў гэтае мацы стала кроў хрысьцiянскiх немаўлятаў, але, пакаштаваўшы кулiнарны выраб сп. Гая, вы не адчуеце прысмаку крывi маленькiх адзiнаверцаў i пераканаецеся, што на смак маца болей нагадвае, бадай што, сушанае вуха ягонага прадзеда Франсуа Абрагама.
Арына з Каралiнаю і а. дыякан будуць выходзiць з колькiдзённага посту асьцярожлiва, быццам на стале нейкiя заморскiя стравы, а не «нарачанскi» хлеб, менскi сэрвэлят ды свойская, пханая пальцам каўбаска, якую прывезла жанчына з Гомелю, што можа запытацца ў вас, цi ня ў Лёндане вы навучылiся гаварыць па-беларуску. Паэтка й перакладчыца Вера Рыч усьмiхнецца сваёй вечнай загадкава-iранiчнай усьмешкаю. Яна ведае, што гэта цалкам магчыма – навучыцца ў Лёндане па-беларуску і нават выдаць там анталёгiю беларускай паэзii ад 1829 году. Другая мая суседка навучылася па-беларуску яшчэ ў Беларусi i, дарма што пражыла амаль усё жыцьцё сярод падданых яе вялiкасьцi, узбагацiла сваю беларускую лексыку дзякуючы ангельскамоўнай стыхiі адзiным слоўцам – «кустамер». (Потым вы даўмеецеся, што гэта зусiм ня той чалавек рамантычнае прафэсii, якi немаведама навошта шнуруе па вечназялёным ангельскiм кустоўi, а ўсяго толькi шараговы наведнiк недалёкага маркету – «customer».)
Эжэн ЁнэскоСамавiта й паважна, пасылаючы тым, хто застаецца на беразе, разьвiтальныя фантаны мэмуараў i фантанчыкi iнтэрвiю й запаветаў, адплываюць у вечнасьць лiтаратурныя левiятаны ХХ стагодзьдзя. Сымбалiчна й суцешлiва, што пра гэта вы даведваецеся ўжо ня з купленай на аўтастанцыi ў Лепелi «Советской Белоруссии», а з набытага на Piccadilly кiляграмовага выпуску «The Gardian», адкуль астатнi раз усьмiхнецца вам сканалы ўчора ў Парыжы Эжэн Ёнэско.
Не выключаю, што якраз такой эфэктнаю фразай вам захочацца завяршыць нататкi, збольшага накiданыя ў вагоне «Астэндэ—Масква», якi недзе ў Брусэлi цi Аахэне падчэпяць да мiжнароднага экспрэсу «Парыж—Масква». Але жыцьцё зноў давядзе сваю зьверхнасьць над лiтаратураю і лiтаратуршчынай, змусiўшы вас на постскрыптум.
Інстытут культурыПарыскi цягнiк прыбудзе апоўначы на станцыю «Iнстытут культуры». Некультурны маскоўскi праваднiк доўга ня будзе адчыняць дзьвярэй, ня верачы, што за цёмнымi вокнамi – сталiца незалежнае Рэспублiкi Беларусi. Нарэшце зь непрасьветнае цемры ў вагон пачнуць ламацца сустрачальнiкi. Хтосьцi будзе падсьвечваць лiхтарыкам плякацiк, адрасаваны дэлегатам нейкага мiжнароднага кангрэсу.
На вагонных прыступках вы моцна-моцна заплюшчыцеся, каб на iмгненьне зноў адчуць пах лёнданскiх вiшняў i нарцызаў, i скочыце на нябачны друз, што здрадлiва папаўзе ў вас пад нагамi.
– Is it Minsk? Is it Minsk? – будзе разгублена пытацца гаротны дэлегат мiжнароднага кангрэсу, што праз хвiлю разам з валiзамi абрынецца вам на голаў.
Нехта невiдочны зычлiва, з традыцыйнай беларускай гасьцiннасьцю адкажа зь цямрэчы голасам верагоднага кандыдата ў нашыя прэзыдэнты:
– Мiнск, Мiнск, ё… тваю маць…
Красавiк, 1994
Нумар зь вiдам на Градчаны
Праскія зацемкі
Аднойчы Мiкалай Бярдзяеў дапiў сваю эмiгранцкую каву з каньяком, падышоў да канторкi і запiсаў прыкладна наступнае: уся трагедыя Расеi ў тым, што адной нагой яна стаiць на Захадзе, а другой – на Ўсходзе. «Враскоряку. Трагедия, но и своеобразие», – напружыўшы зьвіліны, удакладнiў мысьляра ў «Литгазете» адзiн мой маскоўскi знаёмы зь вiдавочнымi прэтэнзiямi на пасьмяротную лiтаратурную кананiзацыю.
Я гляджу ў тэлеэкран на завалены мёртвымi целамi пляц перад прэзыдэнцкiм палацам у Грозным i ўдакладняю калегу: каб вашая Расея мела тры нагi, яна стаяла б у Азii дзьвюма, а каб была сараканожкаю, – усiмi 39-цю. Такое вось «своеобразие». Пры гэтым я згадваю, як у Празе мне паказвалi вынiкi сацыялягiчнага апытаньня на тэму: «Суседзяў якой нацыянальнасьцi вы не хацелi б мець у вашым доме?» Усьлед за цыганамi перадавыя пазыцыi ў рэйтынгу займалi расейцы. Гэта было яшчэ да Чачэнii. Цяпер першае месца цыганам ужо не сьвяцiла б.
Можа, якраз краявiд з грозьненскiмi трупамi, сярод якiх адзiн вiдочна дзiцячы, а другi падобны да мяне, i змушае нарэшце разабраць свой праскi архiў, што складаецца са сьпярэшчаных запiсамi запрашэньняў, праграмак, рэклямак, вiзытовак i рэстаранных сурвэтак. Пасьля нялёгкiх перамоваў лайдакаватая памяць усё ж дае згоду заняцца расшыфроўкаю гэтай ужо амаль што абракадабры. Сабе ў пратаколе я агаворваю адзiную ўмову – пазначаць назву дакумэнту, якi быў выкарыстаны ў якасьцi носьбiта iнфармацыi. Калi вы ня згодныя, што гэтая ўмова робiць гонар дыплямаванаму гiсторыку, можаце лiчыць яе праяваю снабiзму, хоць я трымаюся думкi, што клясычны снабiзм – гэта калi сын швайцара саромеецца падаць палiто свайму сябру.
Зацемкі з рэклямнага праспэкту гатэлю «Атрыюм»Каб узмацнiць верагоднае падазрэньне ў снабiзьме, адразу паведамлю, што ў гэтым гатэлi нядаўна спыняўся Бiл Клiнтан, аб чым сьведчыць ня толькi праспэкт, але і фотавыстава каля фантана з вадаспадамi ў гатэльным пасажы, дзе няблага ўладкавалiся дзевяць бараў i рэстарацыяў, па якiх найлепей сьлiзгануць абыякавым позiркам задаволенага ўсiм на сьвеце плэйбоя. (Тое самае датычыць i мiнiбару ў нумары.) Комплекс фiнансавай непаўнавартасьцi можна пасьпяхова пераадолець дзякуючы татальнай кандыцыянэрызацыi, музычным лiфтам зь бiтламi, Моцартам i фiтанцыдамi, а таксама дзякуючы прыгожанькiм пакаёўкам, якiя ня толькi штодня мяняюць табе ўсю бялiзну, але i (дорачы шматзначны позiрк) заходзяць засьцялiць ложак нанач.
Аднак найбольш надзейна здратаваць свой комплекс ты маеш магчымасьць падчас гатэльнага сьняданку, калi быццам кот пасьля дзясятае ўкормленай мышыны захмялела блукаеш сярод усiх гэтых ёгуртаў, яечняў з бэконам, сасiсак з хрэнам, каўбасак па-праску і па-бэрлiнску, сярод салатаў з усёй вядомай i невядомай табе садавiнай i гароднiнай, сярод пiрамiдаў размаiтых кнышоў i цестачак i запацелых збаноў з экзатычнымi сокамi, сярод цемнаскурых афiцыянтаў з каўнiкамi, калi ленавата ўзгадваеш героя показкi, якi абяцаў калi ня зьесьцi ўсё, дык хоць пакусаць, калi ўжо не паварочваеш свой чуйны нос гурмана на тонкi водар якога-небудзь паштэту з гусiнае пячонкi.
Сярод гэтага раблезiянскага багацьця ў нетрах твайго наладаванага на цэлы дзень страўнiка нараджаецца самазадаволеная думка, што ў параўнаньнi з Клiнтанам у цябе велiзарная перавага. Ты маеш усяго толькi цёплы двухмясцовы нумар на аднаго, а ён займаў цэлы паверх. А хiба лёгка прывесьцi каго-небудзь да сябе ўвечары, калi ў цябе цэлы паверх, ды яшчэ калi яго палову займае паводле пратаколу твая жонка? Няшчасны Клiнтан!
Зацемкі з запрашальніка на прыём у Гішпанскай залі Праскага замкуПершы праскi вечар адметны, прынамсi, трыма падзеямi. Па-першае, я ўпершыню сёлета надзяваю гальштук. Не завязваю, а менавiта надзяваю, бо – прызнаюся – завязваць гальштукi (пачынаючы зь пiянэрскага) так i не навучыўся, а таму прывез зь Менску ўжо завязаны.
Па-другое, кiраўнiк кiтайскае дэлегацыi навiдавоку ў астатняй публiкi дастае сьпiс i робiць пераклiчку падначаленых, абуджаючы ў памяцi аповеды, нiбыта ў свой час у Кiтаi, гэтаксама як у Манголii i ў вотчыне таварыша Кiм Iр Сэна, пiсьменьнiкі ўраньнi зьбiралiся разам у сваiх саюзах, па званку сядалi за скарбовыя сталы i на працягу васьмiгадзiнавага працоўнага дня з законным перапынкам на абед пiсалi лiтаратурна-мастацкiя творы. (У нашай дэлегацыi пануе поўная анархiя, а каб спатрэбiлася выбраць кiраўнiка, я, не вагаючыся, вылучыў бы Сьвятлану Алексiевiч – пагатоў, ладзячы пераклiчкi, яна не ператомiцца, бо ў сьпiсе буду адно я.)
Трэцяя падзея – сустрэча ў кулюарах з братняй расейскай дэлегацыяй. Млявая рука А. А. Вазьнясенскага. Гаркавая мудрасьць габрэйскiх вачэй Грыгорыя Бакланава. Ветлiвая стома Андрэя Бiтава. «Старшие сестренки» паводзяцца больш непасрэдна. «Вы представляете, – трагiчна ўсклiквае паэтка Юнна Морыц, – даже каких-то белорусов поселили в «Атриуме», а мы вынуждены ютиться в русском посольстве, где из удобств только задрипанный чайник с пачкой сосисок в холодильнике!» (Жахлiвая дыскрымiнацыя, дарэчы, узьнiкла зусiм не таму, што чэхi вырашылi парахавацца за старыя крыўды – месцы ў гатэлi рэзэрвавалiся двум афiцыйным дэлегатам ад кожнае краiны, з Расеi ж прыбыла каманда роўна ў дзесяць разоў большая.)
З пачуцьцём глыбокага задавальненьня «какие-то белорусы» заўважаюць на даляглядзе знаёмую постаць прэзыдэнта Ўкраiнскага ПЭНу пана Яўгена Свэрсьцюка (у недалёкiм мiнулым – сем гадоў лягеру i пяць – ссылкi). За iм вырастае магутны Кнут Скуенiекс, прэзыдэнт Латвiйскага ПЭН-цэнтру, таксама колiшнi дысыдэнт i вязень брэжнеўскiх палiтзонаў. Упершыню з Кнутам мы сустрэлiся ў сакавiку 1989-га на шаўчэнкаўскiх урачыстасьцях у Кiеве, дзе тады яшчэ верхаводзiў таварыш Шчарбiцкi i куды мы з Рыгорам Барадулiным зьявiлiся зь вялiкiмi бел-чырвона-белымi значкамi, за што нас разам зь яшчэ больш небясьпечнымi прыбалтамi i гадаванцам Кiеўскага ўнiвэрсытэту малдаванiнам Барысам Марыянам (на вакзале яго ад iмя юбiлейнага шаўчэнкаўскага камiтэту сустракаў былы аднакурсьнiк, якi некалi напiсаў на Барыса данос у органы) пасадзiлi ў апошнi рад велiчэзнага прэзыдыюму ў залi опэрнага тэатру. Там, у глыбiнi сцэны, быў выдатны назiральны пункт – асаблiва тады, калi ў час прамовы Шчарбiцкага ў рампе выбухнула лямпачка й высьветлiлася, што за кулiсамi хавалася цэлая рота шыракаплечых «рабочых сцэны» ў гарнiтурах ад аднаго краўца.
У Шаўчэнкавым вiшнёвым садку Кнут апавядаў нам, што гэтак дасканала авалодаў расейскай i ўкраiнскай у лягерах: першай – дзякуючы Сiняўскаму i Данiэлю, а другой – цi не самому Васiлю Стусу. Чаму ў тых мясьцiнах у яго не было настаўнiкаў беларускай – пытаньне асобнае.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?