Текст книги "Ген зямлі"
Автор книги: Аліна Длатоўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]
– Не супраць, калі я выйду на вуліцу? ― Даніл няўпэўнена зірнуў на Алеся. ― Мне трэба паветра.
Алесь выйшаў услед за Данілам. Алена расплакалася канчаткова ― глядзець на гэта ён не мог, а дапамагчы яна б не дазволіла. На вуліцы пахла талым снегам. Вецер ператвараў лужыны ў неспакойныя акіяны. Па адной з іх, нібы адчайны сёрфер, бегаў дубовы лісток. Да апошняга трымаўся ― цяпер вось сарвала, калі ўжо набрынялі свежыя пупышкі. Мабыць, Беларусі надыходзіў час, як таму лістку, перастаць трымацца, саступіць месца новай культуры, новай нацыі?
– Ты не ўсё сказаў, праўда?
Даніл сядзеў на лаўцы ля пад’езда, разгублена разглядаючы ўласныя далоні, ціха вымавіў:
– Ён можа быць звязаны з гэтым усім, твой бацька. Алесь не быў здзіўлены. Бацька працаваў над даследаваннямі разам з дзядулем і Ігнатам. Ён, праўда, у адрозненне ад калег, шукаў не падставу з’яўлення здольнасцяў, а тое, як можна ад іх пазбавіцца. Як можна зрабіць сына нармальным. Ігнат жа, наадварот, хацеў, каб у дачкі здольнасці нарэшце з’явіліся. Яны часта спрачаліся з гэтай нагоды. Але ці мог бацька супрацоўнічаць з «С.О.Н.», вывесці іх на дзядзьку Ігната?
– Сябра ён бы не забіў, ― хутчэй сабе, чым Данілу, сказаў Алесь. ― Што хацеў ад Ігната мужчына ў шэрым?
Больш за ўсё Алесю хацелася выкінуць з пазла бацьку. Якімі б ні былі іх адносіны, ён любіў гэтага чалавека.
– Ён шукаў нататнік. З формулай. Я так зразумеў, гэта нейкая «вакцына беларускасці».
Алесь збялеў. Ён ніколі не чуў ад дзядулі нічога падобнага. Аднак хіба гэта аргумент? Стары мог схаваць ад унука інфармацыю, якая б пагражала ягонаму жыццю. Дык, можа, смерць дзеда і смерць Ігната звязаныя між сабой? Можа, бацька зведаў, што гэта ўсяго толькі «вакцына», для якой можна распрацаваць супрацьяддзе? Не, не трэба ўблытваць бацьку. Відаць, «С.О.Н.» проста дыхае ім у патыліцу.
– Дзядзька Ігнат яму не даў ніякага нататніка, праўда ж?
– Ён сам узяў, ― яўна не разумеючы ўсёй катастрофы, адказаў Даніл.
Алесь сціснуў пальцамі скроні.
– Гэта канец…
Парэнчы
Яны стаялі ля самага ўвахода, прыхіленыя да сцяны. Звычайныя парэнчы, хіба што мармуровыя ды на дзіва шырокія. Дакладней, кавалак ад іх. Алесь задумліва вадзіў пальцамі па шурпатай паверхні. Немагчыма паверыць. Яр усё ж такі зрабіў гэта. Знайшоў рэч, згубленую яшчэ падчас руйнавання Купалаўскага музея.
Нарэшце ён мог даведацца праўду. Хаця б пра нешта. Хаця б невялікі кавалачак, устойлівая выспачка праўды ў плыні міфаў, якімі захлыналіся рэшткі беларускай гісторыі. Нарэшце ў яго быў нехта, хто мог у гэтым дапамагчы. Гэта ж трэба так, каб менавіта зараз, каб адначасова і парэнчы, і Даніл ― два складнікі для разгадкі, пра якую марыў з пад– леткавага ўзросту.
– Мяркуецца, што ён праз іх перакуліўся. Упаў у лесвічны пралёт. Ці то сам, ці то нехта дапамог. Я хачу зведаць, як так атрымалася. Калі ласка.
Зноў гэты ківок, халодны, стрыманы. Кшталту «Будзе зроблена, бос». Юнак зрабіў крок у бок парэнчаў, замёр. Утаропіўся на Алеся вачамі колеру беларускай багны.
– Чаму яны ў тваім кабінеце, а не ў Сховішчы?
Алесь ледзь утрымаўся, каб не сцепануцца. Яны абодва разумелі, чаму так. Але вымаўляць гэта было неяк няёмка. Як можна не давяраць такому ж, як ты?
– Не паспелі яшчэ занесці. Яраслаў толькі прывёз…
– Пакажы мне, калі ласка, Сховішча, Алесь, ― спакойна папрасіў Даніл.
Алесь вытрываў яшчэ адзін пранізлівы позірк. Гэта ў яго тут здольнасці загадваць людзям.
– Крыху пазней.
Даніл моўчкі паклаў далоні на парэнчы.
* * *
Паўз яго па шырокім змрачнаватым холе з вялізнымі квадратнымі калонамі, нікуды асабліва не спяшаючыся, шпацыравалі людзі. Мужчына ў нязграбным касцюме ды з валізай ціха абмяркоўваў нешта з іншым мужчынам. Ішла па сваіх справах жанчына ў фартуху са стосам бялізны. Наперадзе была бачная шырокая лесвіца з тымі самымі парэнчамі, але наблізіцца да яе Даніл чамусьці не змог. Нешта адштурхнула яго, бы пругкая мембрана. Ён паспрабаваў яшчэ раз, прыклаўшы крыху больш намаганняў, і перад вачыма паплыло.
– Даніл… ― Алесь нахіліўся, каб убачыць ягоны твар.
– Нічога не атрымліваецца.
– Паспрабуй яшчэ раз. Сканцэнтруйся на яго смерці. Думай пра яе. Калі ласка.
Даніл адчуваў, што здольнасці здраджваюць яму. Нібы нешта не пускала яго да праўды.
Ён яшчэ раз паклаў рукі на парэнчы і зноў апынуўся на першым паверсе. Мернае сноўданне цяпер было парушанае. Людзі згуртаваліся вакол знявечанага, зламанага цела ў некалькіх кроках ад яго. Наверсе, там, адкуль чалавек мог упасці ― нейкі размыты шэры сілуэт. Даніл напружыў зрок, аднак не змог вызначыць ні полу, ні ўзросту.
На гэты раз ён лёгка ўзляцеў па лесвіцы. Фігура нават не зварухнулася. І колькі б ён ні набліжаўся ― заставалася размытай. Перад Данілам плыў шэры, нібы з дыму і туманоў, згустак, які набыў форму чалавека. Рысы твару ― таго, што павінна ім быць, ― увесь час змяняліся, і часам ён пазнаваў людзей, якіх бачыў на партрэтах у бібліятэцы «Лабірынта».
Сапега, Вітаўт, Караткевіч, невядомы, Каліноўскі, Ластоўскі, Быкаў, невядомы, Геніюш, Багдановіч, Скарына, невядомы, Гарэцкі, Гусоўскі, Купала…
Цела зрабілася мяккім і непаслухмяным, як забытае на сонцы масла. Галава пацяжэла, вочы заплюшчваліся. Юнак зрабіў крок да істоты. Яна клікала. Яна запрашала. Яму хацелася стаць адным з іх, гэтых твараў.
* * *
Алесь, збялелы, але спакойны, моцна сціскаў запясці юнака, адцягваючы ад парэнчаў. Хоць такога ён раней не бачыў, здзіўляцца часу не было. Ён добра страсянуў Даніла за плечы, папляскаў па шчоках. Юнак скрывіўся, паматляў галавой ды расплюшчыў вочы. У іх стаяў неспакой.
– Ты ўчапіўся ў парэнчы ― не адарваць…
Данік сутаргава вызваліўся з Алесевых рук, хутка нацягнуў рукавы.
– Я ў парадку.
– Што ты бачыў? Хто гэта быў?
– Чалавек, ― юнак зноў паматляў галавой. ― Мужчына.
Няўпэўнена зірнуў на Алеся. Быццам яго напалохала тое, што ён убачыў. Не дзіва.
– Ён быў адзін?
Яму не хацелася прыспешваць хлопца, трэба было даць яму прыйсці ў сябе. Але так карцела задаваць пытанні.
– Я бачыў аднаго. Я не бачыў, як ён зрабіў гэта… Толькі як ён стаяў і глядзеў. Уніз.
Дык, можа, усё ж такі?.. Не, не ўбачыў бы Данік звычайнага разяваку. Гэта быў забойца. Дакладна.
– Ты не запомніў твар?
– Я не разглядзеў. Ён быў у шэрым, ― Даніл стомлена пацёр далонямі вочы, выдыхнуў.
Алесь стрымана кіўнуў ды паляпаў хлапца па плячы.
Насамрэч, якая розніца, хто менавіта гэта быў.
Галоўнае, што не сам. Гэта была Сістэма.
Даніл Арлоў
Сасіскі ― колцамі, сыр ― кубікамі, два яйкі, соль. Трэба паразмаўляць з хросным. Усё ў адзін кубак. Чаму яму не распавядалі пра нататнік? Размяшаць. Чаму не папярэдзілі пра забойства? У мікрахвалёўку. Навошта ўвогуле было забіваць? У другі кубак ― дзве лыжкі кавы, дзве лыжкі цукру, кіпень. Трэба ехаць у офіс. Размяшаць.
Даніл санліва апусціўся на адзіны на кухні зэдлік. У яго кватэры быў мінімум мэблі, мінімум рэчаў. Бо ўспаміны наліпалі на ўсё хутчэй за адбіткі пальцаў. Яму доўга давялося прызвычайвацца да здольнасцяў. Першы час ён нават насіў пальчаткі, бо кожны дотык выклікаў мроі.
Юнак павольна зрабіў глыток кавы. Усё, чаго яму зараз хацелася, ― зноў апынуцца ў ціхай, пыльнаватай Лабараторыі, падалей ад таго, што адбывалася ў рэальным жыцці. Ён быў не падрыхтаваны. Не падрыхтаваны сутыкнуцца з такімі, як ён, а потым зведаць, што гэта ўсяго толькі пачварныя вопыты вар’ята-вучонага. Усяго толькі нейкая вакцына. Ён быў не падрыхтаваны да забойстваў.
Да таго ж ідэя «Лабірынта» больш не здавалася памылковай. Яны захоўвалі значна больш спадчыны, чым «Система Охраны Наследия». Таму што не арыентаваліся на ідэалогію, не падпарадкоўваліся кіроўчаму апарату. А чым касцёл Святога Роха быў горшы за Пакроўскі сабор? Чаму адзін існуе, а ад іншага засталіся толькі ўспаміны? Чым Геніюш горшая за Ахматаву? Чым Манюшка горшы за Мусаргскага? Чаму з цэнтра Мінска знік помнік Якубу Коласу? Чаму Купалаўскі сквер стаў Свіслацкім? Таму што так зручна «Первому округу», то-бок Маскве? Чым больш у яе «исконно русских» тэрыторый, тым больш уплыву у Аб’яднанні Рэспублік?
Запішчала мікрахвалёўка. Даніл дастаў немудрагелісты амлет, які ўжо сабраўся выйсці за межы кубка, і задумліва стаў калупаць яго відэльцам.
Які сэнс ва ўсіх гэтых разважаннях? Усё роўна яму супраць сістэмы не ісці. Ён усяго толькі вінцік. Эдуард Львовіч меў рацыю. Такія, як ён, без Сістэмы не існуюць. І ўсё ж такі трэба з ім пагутарыць. Спытаць пра нататнік. Распавесці пра парэнчы і пра тое, як дзіўна павялі сябе здольнасці.
Данік уключыў ваду, сунуў пад напор кубак і замёр, назіраючы за тым, як ён хутка напаўняецца і вада ліецца праз край. Яна дапамагала. Змывала ўспаміны, пакуль яны не паспелі замацавацца.
* * *
На лаўцы ля пад’езда сядзеў юнак. Спартовы касцюм (як толькі яму не холадна?), дарагія красоўкі, рукі ў татуіроўках, тэлефон, навушнікі. Хлапца відавочна больш цікавіў інтэрнэт, чым навакольны свет. Але Даніл прайшоў паўз яго павольна, каб не выдаць неспакою. Той нават галавы не ўзняў. І калі Даніл ужо гатовы быў абазваць сябе панікёрам і параноікам, раптам пачуў з-за спіны:
– Не рабі глупстваў.
– Это вы мне? ― стрымана пацікавіўся ён.
Юнак з тэлефонам цяжка ўзняўся з лаўкі, быццам яго чакала няпростая, але неабходная праца. Зняў навушнікі, пільна паглядзеў на Даніла спадылба.
Даніл сціснуў і расціснуў кулакі, каб пазбавіцца сумесі захаплення і страху, якая разлівалася ўнутры. Ён ведаў гэтага чалавека. Дакладней, бачыў яго на адзіным здымку, які меўся ў «С.О.Н.». Толькі ніхто яшчэ не здолеў давесці, што гэта сапраўдны чалец «Лабірынта», а не ўдалая Алесева містыфікацыя. Таму што акрамя здымка не было больш нічога. Нават імёны крэсліліся штомесяц. Ляксей, Яўген, Міхась, Кастусь…
– Яраслаў, ― юнак, усміхаючыся, працягнуў далонь. Даніл ледзь стрымаў жаданне скарыстацца здольнасцямі. Надта безабаронным ён будзе ў гэты момант.
– У Алеся да цябе справа.
– У мяне і свае справы ёсць, ― незадаволена мармытнуў юнак.
– Яны пачакаюць.
Данілу не хацелася спрачацца. І не таму, што Яраслаў відавочна быў фізічна мацнейшы. Хацелася разгадаць яго. Эдуард Львовіч, сапраўды, можа і пачакаць.
Машына Яраслава выглядала так, нібы яе альбо толькі што набылі, альбо ўзялі ў пракат. Ён кіраваў упэўнена, але агрэсіўна. Суцэльныя рэзкія рухі, абгоны ды раптоўныя павароты. Быццам за імі хто гнаўся.
– Што там за справа? ― пацікавіўся Даніл, зашпільваючы пас бяспекі.
– Трэба пацвердзіць аўтэнтычнасць адной рэчы. Даніл усміхнуўся. Ён прызвычаіўся, што самае каштоўнае, самае патрэбнае ў ім ― гэта здольнасці. Без іх ён наўрад ці камусьці быў патрэбны. Ён прызвычаіўся, і ўсё адно гэта закранала.
– Як вы рабілі гэта раней?
– Алесь можа прымусіць казаць праўду. А я… Я чытаю думкі. Але гэта даволі бессэнсоўная здольнасць, ― абыякава, быццам нейкую нудоту, вымавіў Яр.
Даніл зноў адчуваў холад знутры. Толькі цяпер не было захаплення. Быў толькі страх.
– Чаму ж яна бессэнсоўная? ― прымусіўшы сябе супакоіцца, пацікавіўся юнак.
– Таму што драйвер не ўсталяваны. Я чую толькі беларускамоўных.
– Ты чытаў мае думкі, там, ля пад’езда? Ты сказаў: «Не рабі глупстваў».
– А ты збіраўся рабіць глупствы? ― Яр адарваўся ад дарогі, кпліва зірнуў на Даніла.
– Чаму Алесь не патэлефанаваў мне? Альбо чаму не прыехаў сам? Гэта праверка? Цябе падаслалі, каб праверыць, ці не хаваю я чагосьці? У сваіх думках, ― апошнія словы ён вымавіў падкрэслена здзекліва.
– Мяне ніхто не «падсылаў», ― спакойна адказаў Яраслаў. ― Я сам вырашыў цябе праверыць.
– І як я табе?
– Ды нармальна пакуль, ― абыякава паціснуў плячыма юнак.
Значыць, пашанцавала? Распытваць далей было б поўным дурноццем. Наўрад ці Яраслаў быў бы такі спакойны, калі б ведаў праўду.
Теперь нужно быть аккуратнее.
* * *
Цяжкі залаты пярсцёнак упаў на далонь.
Рака, неверагодна шырокая, але спакойная, годна несла хвалі ўдалеч. І хоць яна здавалася разы ў тры шырэйшай, чым ён бачыў яе апошні раз, Даніл ні з чым не змог бы пераблытаць гэты пагорак, дзе Палата сустракалася з Заходняй Дзвіной. Толькі белых стромкіх веж Сафіі за спінай не было.
Па Дзвіне ішлі караблі. Доўгія чаўны на вёслах, з гнутымі насамі, падобныя да дракараў. На вялізным дрэве ля самага схілу сядзела драпежная птушка, не зводзячы вачэй з гэтых караблёў. Нібы намагалася сваім вострым зрокам упільнаваць пагрозу.
На лапцы ў яе нешта бліснула. Даніл падышоў бліжэй, каб лепш разглядзець, і замёр у поўнай разгубленасці. Гэты пярсцёнак насіла… Птушка? Драпежнік працягла закрычаў ды сарваўся з галіны. Крылы хлопалі перад тварам. Ногі не слухаліся. Даніл сціснуўся ды зажмурыўся.
Праз хвіліну расплюшчыў вочы, аднак перад сабой убачыў толькі цемру. І два насцярожаныя зялёныя вокі.
Зрок паступова прызвычайваўся.
З ціхім, нават мяккім рыканнем да юнака набліжаўся вялізны чорны воўк. Даніл разгублена зрабіў крок назад.
Воўк падышоў зусім блізка. У вачах яго не было злосці.
Толькі бязмежнае веданне. У руку ткнулася халодная, вільготная, як у сабакі, пыса.
Хлапец адчуў гарачыню ікластай пашчы і цяжар пярсцёнка на далоні.
Ён глядзеў на пярсцёнак, не зводзячы вачэй, а наваколле паступова набывала звыклыя рысы.
– Што ты бачыў?
Даніл пакруціў галавой.
– Нейкі набор кадраў, ніяк між сабой не звязаных. І тым больш не звязаных з пярсцёнкам.
Алесь пераглянуўся з Ярам, які ўсё яшчэ стаяў за спінай Даніла.
– Ну, у Лікі таксама не атрымалася выклікаць прывід уладара, ― заўважыў той.
– Я пакуль пакіну яго ў Сховішчы…
Даніл ведаў, каго толькі што бачыў. Усяслаў Чарадзей ― істота магічная ва ўсіх сэнсах. Настолькі магічная, што з яго здольнасцямі адбылося нешта абсалютна невытлумачальнае. Мроі ніколі раней з ім не ўзаемадзейнічалі…
Няўжо чалавек можа ператварацца ў жывёлу? Калі так, чаму ён бачыў князя менавіта ў гэтым абліччы? Альбо гэта ўсяго толькі чарговы збой праграмы?
Незалежная Рэспубліка Мроя
Двойчы запар здольнасці здраджвалі яму. Усведамленне гэтага не проста палохала ― прымушала панікаваць. Хто ён без іх? Каму ён патрэбны?
Мабыць, праблема не ў здольнасцях, а ў гісторыі? Усё ж такі гэта было даўно. Мабыць, нешта зацёрлася, як на старым дыску? Мабыць, чалавечая свядомасць недастаткова дасканалая, каб правільна ўспрымаць гістарычныя падзеі?
Ісці да Эдуарда Львовіча расхацелася. Па-першае, ён не ведаў, калі пачаліся глюкі. Мабыць, на кватэры ў дзядзькі Ігната ён таксама бачыў няпраўду? Па-другое, нават калі тады здольнасці яшчэ працавалі слушна, дык цяпер дакладна не вельмі. А без іх ён Сістэме не патрэбны. Яго выкінуць, як зламаную ляльку. У лепшым выпадку.
Усё, што яму заставалася, ― праверыць здольнасці. Зазірнуць ва ўласнае мінулае. У тое, што ён бачыў на свае вочы. Фізічна гэта было лягчэй ― яго не муціла і не трэсла, калі ён вяртаўся. Але маральна…
Ён сканцэнтравана аглядаў пакой. Трэба было абраць нешта, што мела для яго значнасць, што паўплывала на лёс, ― шараговая рэч не падыдзе. Ён не адрозніў бы праўду ад скажэння, калі б глядзеў, як учора гатаваў яечню. Бо ён не памятаў такіх дробязяў.
Дыск бліснуў адлюстраваннем лямпачкі. Юнак задумліва крутануў яго на пальцы. Тое, што трэба. Заціснуў паміж далоняў. Апошні раз, калі ён слухаў «N.R.M.»…
* * *
Нарэшце ён мог слухаць музыку гучна, не затыкаючы вушы навушнікамі. Бацька трэці дзень быў у камандзіроўцы, маці працавала дапазна. А значыць ― ніякага кантролю. Ніякіх папрокаў і дакораў.
Званок у дзверы. На ганку стаяла светлавалосая прыгажуня ў лёгкай сукенцы. Дакранешся ― адчуеш гарачыню цела. Ён толькі пра гэта і мог думаць. Пакласці рукі на талію, блізка да крутых сцёгнаў, крыху сабраць пальцамі мяккую тканіну. Прыцягнуць да сябе, сціснуць у абдымках, каб яна ажно піскнула. У жарт, канешне.
– Ты опять это слушаешь? Оу, ты один дома? ― яна, здымаючы ў калідоры абцасы, гарэзліва ўсміхнулася.
Ён кіўнуў. Кінула ў жар, запалалі шчокі. Глыбокі ўдых. Крок наперад.
– Я тебе принесла кое-что… Разбирали вещи, что остались от бабушки. Я подумала, тебе понравится.
У руках яе з’явілася кніга. Пацёртая, растрапаная, са скрыўленымі ад вільгаці і чалавечых пальцаў старонкамі ― відаць, чытаная шмат разоў. На вокладцы: «Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію», Людміла Рублеўская. Ён глядзеў на яе здзіўлена і захоплена. Не пабаялася ж. А потым пацалаваў. Моцна, па-сапраўднаму.
* * *
Сэрца тахкала недзе ў скронях. Дыск выслізнуў са спацелых далоняў. Па спіне бегалі агідныя мурашы. Усё было зусім не так.
У той дзень Машка сапраўды зайшла да яго. І была апранутая неверагодна спакушальна. Толькі адзінымі яе праўдзівымі словамі былі першыя. «Ты опять это слушаешь?»
Пасля гэтага яна не дарыла кніг, не смяялася і не цалавалася. Яна крычала ды плакала. Казала, што ён з’ехаў з глузду, што яна прабачыла б нават здраду, але на гэта за– плюшчыць вочы не зможа, што на памерлых мовах гутараць толькі апантаныя вычварэнцы і што ён аднойчы стане нацыстам. Ён маўчаў. Не апраўдваўся, не прасіў, не супакойваў. Толькі калі яна скіравалася да дзвярэй, калоцячыся ад злосці, замест «Застанься», якое так хацелася вымавіць, ціха заўважыў: «Яна не памерла».
Калі б яна не сышла, ён бы ніколі не з’ехаў з Эдам у Мінск. Ён бы да галаўнога болю выціскаў з сябе рускія словы. Ён бы бясконцую колькасць разоў прызнаваў сябе вінаватым і прасіў прабачэння, каб толькі быць з ёй. А значыць, ніколі не трапіў бы ў «Лабірынт». І не прачытаў бы «Гульню ў Альбарутэнію». Якую яму насамрэч падарыла Ліка.
Браўнінг
– Мне патрэбная твая дапамога, ― Ліка знайшла Даніла ў бібліятэцы.
На стол перад юнаком апусціўся тугі скрутак цёмнай тканіны. У ім ― чорны бліскучы пісталет. Хлопец адчуваў яго холад, не датыкаючыся.
– Што гэта?
– Браўнінг.
– Чый ён?
– Ты мне скажы.
Ліка ўважліва глядзела на Даніла. Тонкія дрыготкія вейкі, цёмныя, нібы ноч, вочы… Ён не змог бы ёй адмовіць.
Апусціў далоні на ледзяны метал, ледзь паспеўшы заўважыць, як холад апаліў пальцы.
* * *
Па вуліцы з гіканнем, бразганнем, звонам ды вокрыкамі ляцеў запрэжаны коньмі трамвайчык. Тонкія нязграбныя ходнікі, пакрытыя лёдам і снегам, былі толькі ледзь прыцярушаныя пяском ды попелам. Мінакі раз-пораз паслізгаліся і падалі.
Уздоўж брукаванай вуліцы туліліся адна да адной крамы, крамкі, крамачкі. Кніжная, тытунёвая, сувенірная, нотная, яшчэ тытунёвая. Далей ― мудрагелістыя шыльды гатэляў «Лібава», «Вікторыя», «Гарні». Блакітная шыльда ўпэўнена сцвярджала, што вуліца называлася Захар’еўскай. Там, у «цяпер», гэта праспект Незалежнасці.
На скрыжаванні з Губернатарскай ― цяпер тое Леніна ― таптаўся з нагі на нагу падазроны чалавек. Ён хаваў твар у каўнер на дзіва недарэчнага, вялікага паліто, раз-пораз азіраўся ды паліў самакрутку. Пальцы яго дрыжалі. Другой рукой ён намацваў нешта ў кішэні.
Спрабуючы супакоіцца, чалавек павольна выдыхнуў у паветра цыгарэтны дым, не адрываючы вачэй ад забудовы ўдалечыні ― вялікага дома з даўгімі вокнамі і нізкім дахам.
Яго, відаць, раздзіралі сумневы. Цыгарка ўпала ды зашыпела ад наліплага снегу. Мужчына рушыў далей.
На плошчы, дзе цяпер стаіць Ратуша, белымі калонамі ўзвышаліся залепленыя снегам дрэвы. Вялікія камы прыхіналі галлё да зямлі, часам падалі на галовы мінакам. Людзей тут было шмат. Натоўп стракаты ― ад заможных жанчын у цёплых каляровых шалях ды шубейках да сялян, ад аднаго погляду на якіх рабілася холадна. Чалавек у паліто намагаўся згубіцца ў натоўпе.
Ён спыніўся ды змрочна агледзеў сабор, які быў бы прыгожы, калі б не процьма купалоў і купалочкаў розных памераў ды стыляў, налепленых не да месца. Нешта круглае, нешта вострае і трыкутнае; увесь сабор у нейкай ляпніне, абадочках і бардзюрчыках, ад якіх мітусіцца ў вачах. Нібы якое дзіцё гуляла з пластылінам.
Дзверы сабора адчыніліся. Па лесвіцы павольна спусцілася жалобная працэсія.
– Сам губернатар Курлоў нясе труну, ― па натоўпе прабег шэпт.
Паўнаваты мужчына з нязграбнымі дзіўнымі вусамі ды носам-дзюбай дапамагаў уладкаваць дамавіну на катафалк.
Чалавек у паліто зрабіў глыбокі ўдых, дастаў з кішэні шэры скрутак. Рэзка кінуў яго ў паветра. Відаць, ён доўга трэніраваўся, бо скрутак пляснуўся роўна губернатару на капялюш ды скаціўся пад ногі. Курлоў паглядзеў не ўніз, а ўверх, азіраючы дрэвы, нібы думаў, што гэта гурба снегу ўдарыла яго па галаве.
Чалавек у паліто расчаравана ды павольна крочыў убок. Далёка яму не сысці. Побач паліцыя.
Пачуўся стрэл. Маладая жанчына, якой яшчэ хвілю таму тут не было, цвёрда сціскаючы браўнінг, стрэліла ў паліцмайстара, які трымаў мужчыну ў паліто. Не патрапіла.
– Дурнічка, страляй не ў Норава. Страляй у кáта! Яго ўдарылі, ён сціх. Паліцмайстар таксама цэліў у жанчыну…
* * *
Хлопец павольна расплюшчыў вочы, слаба ўсведамляючы, дзе апынуўся.
– Ты тут? ― Ліка акуратна зняла ягоную далонь з браўнінга, адсунула зброю падалей.
– З яго страляла жанчына, ― ціха вымавіў Даніл.
– Значыць, Сашын, ― задумліва прамармытала дзяўчына. ― Так я і думала.
Некалькі хвілін яны сядзелі моўчкі.
– Пры царызме яе памілавалі, смяротнае пакаранне замянілі катаргай. А пры Саветах потым расстралялі.
Атрымліваецца, свае ж, ― горка хмыкнула Ліка.
– А што стала з ім? ― позірк юнака ўсё яшчэ быў каламутным.
– Павесілі на Валадарцы. На турэмнай браме.
– З тэрарыстамі так і трэба, ― юнак быў абураны Лікінай дасведчанасцю.
Навошта было прасіць пра дапамогу, калі сама ўсё ведала? З іншага боку: яны спрацавалі! Здольнасці спрацавалі, і, відаць, слушна. Значыць, з ім усё ў парадку? Альбо справа ў ёй? У гэтых глыбокіх чорных вачах насупраць? Можа, здольнасці працуюць нармальна, калі яна побач?
– Што ў тваім разуменні тэрарызм? ― скрыжавала рукі дзяўчына.
– Гвалтоўнае навязванне сваіх ідэй, ― цвёрда адказаў юнак. ― Уяўляеш, колькі народу магло загінуць, калі б бомба выбухнула?
– Наўрад ці больш, чым падчас Курлоўскага расстрэлу. У чым былі вінаватыя людзі, якія выйшлі на плошчу з мітынгам? Людзей нельга вінаваціць у тым, што яны хочуць жыць лепей. За гэта хіба забіваюць? Расстрэльваюць? Вешаюць?
Даніл слаба пакруціў галавой.
– Адно злачынства, нават большае па памеры, не апраўдвае іншага.
– Дзе мяжа паміж тэрарыстам і героем? І хто гэтую мяжу ўсталёўвае? ― Ліка нахілілася да юнака праз стол. ― Паслухай, я не апраўдваю яго. Я ўсяго толькі хацела паказаць, што ў беларускай гісторыі ёсць і такія людзі, як Іван Пуліхаў… Неадназначныя. Мы павінны захоўваць памяць пра іх таксама. Мы не маем права абіраць, што памятаць, а што не, як спрабуе зрабіць «С.О.Н.».
– Але і памятаць усё мы не можам…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?