Электронная библиотека » Людміла Шчэрба » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Уладар рыбаў"


  • Текст добавлен: 16 октября 2020, 09:43


Автор книги: Людміла Шчэрба


Жанр: Современная русская литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 12 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

эпізод 4

«Бясконца, да адурэння, па пылінцы, па крышынцы, па хваінцы, бы мураш, цягаць і цягаць каштоўнае смецце – літарка да літаркі, слоўца да слоўца… А нехта няўмольны возьме і раздушыць безабароннае збудаванне… Згарае энергія. Бессэнсоўна. Нікому не патрэбныя веды, не скарыстаныя, напластоўваюцца і напластоўваюцца, асядаюць пад уласнай важкасцю і зноў адкладваюцца – слой за слоем, выпраменьваючы назапашаную энергію. А калі яна пяройдзе крытычную кропку, адбываецца самаўзгаранне. I тлее-гніе сабе паціху ў табе – вялізнай сметніцы, што ўяўляе сябе ўрнай. А сутнасць адна – парахня…»

– Моцна, але недакладна!!! Недаацаніў свае магчымасці ігрок! Мяч трапіў за лінію варотаў! Як шкада!! Паглядзім яшчэ раз… А пазіцыя была выгодная… Крок за крокам ствараўся галявы момант. А-я-яй, так памыліцца…

– Дзе я памыліўся? – здрыгануўся Вінусь, адрываючыся ад напісанага. Ён ледзь не адскочыў ад камп’ютара. – Адкуль раптам голас спартыўнага каментатара? Я не ўключаў ні радыё, ні тэлевізію. Так гучна, проста ўвушшу!

– Згубнае ўздзеянне тэхнікі на чалавека, – механічным голасам прамовілі камп’ютарныя калонкі, а на экране ўзнікла застаўка – карцінны кот з рыбінай.

– Ды што ж гэта такое?! Я не рабіў аніякай застаўкі! Пайшоў прэч! Псік!!! – крычаў хлопец, націскаючы на клавішы.

– Я, ме-еўжду протчым, павагі патрабую, – зноўку азваліся калонкі ўжо кашэчымі інтанацыямі.

– Хопіць з мяне здзекавацца! Знайсці б мне толькі гэтага «народнага ўмельца», што лазіць у мой камп’ютар ды нейкія вірусы запускае, я б яму паадбіваў ягоныя «ачумелыя ручкі». Ну хто так настойліва перашкаджае мне пісаць?

Раптам залямантаваў званок над дзвярыма.

– Каго там яшчэ чэрці прынеслі на маю галаву? – узлаваўся Вінусь.

На парозе стаяў Анцік з бутэлькай і ўжо на падпітку.

– Здароў! Давай пасядзім, удваіх. Абрыдлі мне гэтыя кампаніі, – не чакаючы запрашэння ўваліўся і пачаў распранацца.

Вінусь моўчкі пакорліва пайшоў за кілішкамі на кухню.

Анцік тым часам пасоўваў камп’ютар на стале, каб найлепей уладкавацца.

– Кацяра ў цябе шыкоўны! – крыкнуў ён з пакоя. – Даўно я не быў у цябе, не бачыў яшчэ. Дзе набыў?

– Ды так, у мастака аднаго, – азваўся Вінусь, мыючы чаркі.

Ён прынёс хлеб, сала, кіслыя агуркі – што яшчэ трэба для душэўнай размовы.

– I ўсё-ткі незвычайны нейкі кот у цябе. Быццам падміргвае. Дык ты і застаўку такую самую зрабіў? Ану, што тутака цікавага…

– Не лезь! Лазяць тут розныя, а потым вірусы пруць…

– Вой-вой-вой, вірусы, падумаеш! Пішаш што?

– Ну пішу. Табе што? – гыркнуў Вінусь.

– Ды нічога-нічога, не буду я глядзець без твайго дазволу. Гэта ж усё адно што ў душу лезці. Ну, за творчую смеласць, – выпіў і захрумсцеў агурком. – А я, ведаеш, нешта не магу пісаць. Апошнім часам нейкі страх апаноўвае. Думаецца, што пісаць – значыць растрачваць сябе. Вось увасобіш свае ідэі на паперы, выкажаш усё, а раптам больш анічога новага не прыйдзе? I застанешся ты пусты і непатрэбны, а яшчэ горш – нікому не цікавы. Я зрабіўся нейкім калекцыянерам думак. Ходзіш такі загадкавы, думкі цікавыя носіш, усім цікавы, сыплеш фразачкі налева-направа. А потым з жахам разумееш, што сёй-той спрытнейшы паклаў ужо твае выразы на паперу і ганарыцца імі як сваімі ўласнымі. I морду яму не наб’еш, бо плагіят «дакументальна» не зафіксаваны.

– Таму я лічу, што творца павінен быць вольным ад ягонага асяродку. Што кантакт ягоны з ім павінен быць на асобасным узроўні, а не на творчым. Бо ты літаральна атручваешся чужымі думкамі, губляеш сваю самасць і толькі клапоцішся пра тое, каб некага пераплюнуць. А на самай справе не можаш узняцца вышэй за гэты асяродак, варышся ў гэтай калатнечы і лічыш сябе найсамейшым. Інтэлектуальна кантактаваць трэба з наасферай, з вопытам усяго чалавецтва.

– Але ж ён таксама складаецца з асобных імёнаў, і ты кантактуеш з кожным паасобку. Некага прымаеш, некага – не, і ўсё гэта таксама на цябе ўплывае. Чаму ты гэта не лічыш атручэннем?

– Бо гэта ўжо спадчына – скарб, гэта іншыя варункі, і табе цікава ўсё асэнсоўваць з пазіцый сучаснасці.

– Аднак жа ёсць і побач з табой скарб – прызнаныя майстры, з якімі ты нібыта ў падобных варунках. Калі ты не будзеш ведаць, чым жывуць іншыя, што яны пішуць, ці не рызыкуеш ты паўтарыцца і ў няведанні стварыць нешта занадта падобнае да таго, што ўжо ёсць? Бо ж, па сутнасці, анічога ў свеце не мяняецца і мы існуем у адных і тых жа сюжэтах, толькі дзеючыя асобы іншыя.

– Дык на тое ты і творца, каб сказаць пра тое ж, ды не так. Усе творцы былі надзвычай самотнымі людзьмі. Ствараць чалавек пачынае толькі сам-насам з аркушам. Творчасць – гэта квінтэсенцыя сябе. Трэба жыць ёю. Жыць з дня ў дзень, не думаючы, што вось калі-небудзь я стану такім і такім, а пакуль і так абыдзецца.

– Ну добра, а ці не хочацца прызнання? – ажывіўся Анцік. – Трэба, каб гэтае самае не любімае табой атачэнне прызнала за табой талент, абвесціла твае творы таленавітымі, а інакш якая карысць ад твайго ўсведамлення сябе геніяльным?

– А што мне нечае меркаванне? Дзе цяпер многія з тых, каго на пэўных этапах гісторыі абвяшчалі таленавітымі, што патрапілі ў струмень часу, выявілі ягоны дух? Іх творы есць моль, грызуць мышы, паглынае пыл. Такія іх чытачы.

– Папера амаль аднолькавая, і мышам па зубах вялікі філасофскі трактат і смачная ім «мыльная» апупея. Не ўсе з трапятаннем адносяцца да кнігі. Людзі хутчэй распаляць у грубцы якім-небудзь Дастаеўскім і адлупцуюць дзіця за шчыра размаляваную матчыну меладрамку. Літаратура цяпер пад грыфам «Для службовага карыстання» – студэнтамі, навукоўцамі, выкладчыкамі. Такі час. Я ўжо не кажу пра беларускую. Вось пайшлі на вуліцу, сацыялагічнае апытанне правядзем, – ускочыў Анцік і пацягнуў за рукаво Вінуся, – якія творы беларускай літаратуры чыталі апошнім часам? Ну што, хадзем?

– Ды супакойся ты, сядай. Ну, згодны я з табой. Ад адчування ўласнай непаўнавартаснасці сёння літаратура рызыкуе стаць неразборлівай паненкай – прымае да сябе абы-каго. Не можа сказаць цвёрда: «Не!»

– Ды не літаратура не можа, – узлаваўся раптам Анцік, – мы, беларусы, не можам. Мы нікому ніколі ад паўстання Каліноўскага не можам сказаць цвёрдае не. Дый хіба гэтае «не» ў нас цвёрдае? Мова – выраз менталітэту. Нашая – мяккая, спеўная, што толькі з ёй ні робяць, а яна ўсё церпіць! Ты як рэдактар адчуй розніцу паміж рускім «нет» і беларускім «не». «Нет» – як стрэл, коратка, рэзка. «Т» – нібы грэбля, перашкода, яна адразае ўсе сумненні й ваганні. Што табе яшчэ прывесці? Нямецкае nаіn – гэтаксама. Ангельскае nо? Хітруе. Нешта няпэўнае, можна патаргавацца, аднак на сваю карысць. А мы сціпленька – «не» – і ніякіх перашкодаў. Так жаласліва: «Не-е-е». Хто паверыць у сур’ёзнасць намеру?

– Маеш рацыю. – Хлопцы выпілі, і Вінусь працягнуў: – Сапраўды, ад часоў Багушэвіча мы, беларусы, толькі і робім, што даказваем усяму свету: мы гэткія людзкія, як і вы, паночкі, і мова нашая нічым не горшая за вашую, прымеце нас да сябе, не зневажайце, калі ласачка. Аднак жа з тых часоў нічога не мяняецца і гучыць, і гучыць увушшу адвечнае: «Бо я мужык, дурны мужык». Можа, раней гэтыя словы і маглі абудзіць ягоную годнасць. Але задоўга мужыку гэтае паўтаралі. I прызвычаіўся ён. Ну, дурны, чорт яго бяры. Вунь рускаму Івану-дурню як шэнціла! Мо яно не так і блага дурнем быць. А менталітэт жа іншы – дурнем прыкінуўся, а што далей – не ведае, так і ўвайшоў у ролю – ну не «ушлыя» мы, па-іншаму нам дзейнічаць трэба. Ай, давай лепш не будзем пра гэта, – махнуў рукой Вінусь, – балюча, далібог.

– Вось і я кажу, што трэба перастаць нешта даказваць, трэба проста жыць з усведамленнем уласнай годнасці. Ну, добра-добра, маўчу, – наўздзіў хутка пагадзіўся Анцік. – Цс-с-с, – прыклаў палец да вуснаў. – А гарэлачка канчаецца, – пабоўтаў рэшткі ў бутэльцы. – Добра ты жывеш, буржуін, – агледзеў пакой. – Усё ў цябе ахайненька, па сваіх месцах. Ні табе адзежыны якой не валяецца, ані посуду бруднага, проста хлопчык-званочак, – хітра-напружана прыплюшчыў вока, – Кіця, відаць, прыбірае? За сякія-такія твае паслугі? – тнуў Вінуся кулаком у плячук.

Вінусь надзьмуўся і буркнуў:

– Ды йдзі ты! Дык вось чаго ты прыйшоў?

– Ды я не сярдую, ведаю гэтую сучку, усё адно да мяне прыбяжыць, язык высалапіўшы, – Анцік, набычыўшыся, стукнуў кулаком па стале. – Адпомсціць, бач, мне захацела…

– А ты б ажаніўся, мо яна б сябе так не паводзіла.

– Шлюб? Ды звар’яцеў ты ці што? Дзеці пойдуць, а дзе я пісаць буду? У ванне? Гэтак мы нічым адно аднаму не абавязаныя, у любы момант магу нагой пад зад выпхнуць.

– А як яна цябе?

– А ліха з ёй. – Заспяваў: «А я знайду другую…» – Давай вуп’емо, Віна, даўно не каштаваў ты дрына. – А ўжо й піць няма чаго, гыль-гыль-гыль, – перакуліў пустую пляшку, робячы выгляд, што п’е. – Збірайся, хадзем.

– Навошта? – азваўся падпіты таксама Вінусь.

– Колькі ні купляй – усё адно двойчы бегаць.

Вуліца сустрэла раскіслым снегам пад нагамі ды імжакай. Вінусь не памятаў, як апынуліся перад вітрынай. «Віна» – утаропіўся ў надпіс ён.

– Што за трасца, нібы ўвесь свет дамовіўся здзекавацца з мяне, – узлаваўся пра сябе. Потым перавёў пагляд на другую палову вітрыны: «гарэлачная». – Цьфу ты, віна-гарэлачная крама.

Анцік ужо ачмураў гандлярку, калі ў лаўку зайшлі дзве дзяўчыны. Апранутыя былі модна. Ніжэйшая, у чырвоным трусіным футрачку, была ўжо на падпітку. Высокая чарнявая была відавочна цверазейшая за сяброўку.

– Аглая, што возьмем, зноў па гарэлцы ці па піве? – звярнулася да яе.

– Бяры што хочаш, – азвалася тая, – цыгарэты не забудзь.

– Дзяўчаткі, даражэнькія, мы вам дапаможам з выбарам, – пачаў клеіцца Анцік, – скажы, Вінусь?

Ён згодна кіўнуў.

– Адвянь, – кінула чарнявая.

– Танюха, што табе, хай дапамогуць. Хлопцы, здаецца, відныя, сімпатычныя нават.

– А мы й жывем тутака блізка, – падхапіў Анцік. – Чаго вам па цемры блындаць, згвалціць яшчэ хто. Хадзем з намі.

– А вы не згвалціце? – хмыкнула Таня.

– А мы ўсё палюбоўна вырашым, – падміргнуў Анцік.

– Дапраўды, пайшлі, Танюха, – заблішчэлі вочкі ў Аглаі. – Думаю, яны нас не скрыўдзяць, – выходзячы з крамы працягвала яна.

– Пакрыўдзіш такую. Грэнадзёр у спадніцы, – шапнуў Анцік на вуха Вінусю, ківаючы на Таню. Абодва засмяяліся.

Расчыніліся дзверы ліфта. Уся кампанія ў абдымку вываліла на пляцоўку. Каля кватэры Вінуся на прыступках сядзела… Кіця.

– Што ты тут робіш? – памкнуўся да яе Вінусь.

– Я думала… я хацела… Ды нічога!!! – выкрыкнула яна і пабегла ўніз па лесвіцы.

– Стой, шалёная! – рынуўся за ёю Анцік.

– Сяброўка? – запыталася Аглая.

– Ды так, знаёмая, – запнуўся Вінусь.

– Не дагнаў, у тралейбус ускочыла, – уваліўся ў кватэру задыханы Анцік. – Ну й ліха з ёй.

Час ляцеў незаўважна і весела. Дзяўчаты аказаліся надзвычай шчабятлівымі. Адтаяла і суровая Таня. У нейкі момант позіркі Вінуся і Анціка сустрэліся, і яны зразумелі адзін аднаго. Анцік з Таняй паехалі да яго. Аглая мякка абвіла Вінуся за шыю…

…Яна спала на спіне, кароткія павекі напалову прыкрывалі вочы. Ненатуральна-белыя валасы і бялкі з-пад напаўзаплюшчаных павек рабілі яе падобнай да кінутай дзіцем лялькі… Вінусь паліў і прысёрбваў каву.

– Пры-крап-ры-крап-ры-крап… – назаляўся кран.

– Ды сціхні ты!!! Што вам усім ад мяне трэба?! Га?! Жыву як жыву. Я ні да кога не лезу! Ад-ча-пі-це-ся-я!!! – крычаў Вінусь некаму ўяўнаму. – Пакіньце мяне ў спакоі! Чуеце? – з усяго маху запусціў конаўку ў сцяну, плюхнуўся на табурэтку, ахапіўшы голаў рукамі.

эпізод 5

Скончыўшы рэдагаваць дзіцячую казку, Вінусь засеў за сваё. «Нясцерпна нудная, няўдзячная праца. Высмоктвае ўсе сілы. Яна ператварае цябе ў гіганцкага чарвяка, што заглытвае кавалкі няўробленага тэксту, пераварвае-перапрацоўвае яго і выдае багатую ўрадлівую глебу – твой твор, падпісаны іншым…»

– Ведаеш, Каа, як яны цябе называлі? Чарвяком, земляным чарвяком! – замяўкалі голасам Багіры з мульціка пра Маўглі камп’ютарныя калонкі.

– Ну гэта ўжо сапраўднае нахабства! – адштурхнуў ад сябе клавіятуру хлопец. – Такіх геніяльных вірусаў не бывае, каб ведалі мае думкі. – Выходзь, тлустая пачвара! Да цябе звяртаюся, – Вінусь з выклікам паглядзеў на карціну. – Не выйдзеш? Чорт з табой!

Раззлаваны хлопец пайшоў гатаваць каву.

– Зусім ужо дах з’ехаў. Няма з кім гаварыць, дык з намаляваным катом. Чорт ведае што такое.

– А такі й ведае.

Вінусь, уваходзячы ў пакой, ад неспадзеўкі выпусціў з рук кубачак кавы і, не адчуўшы апёку, проста здранцвеў. Ён не міргаючы ўтаропіўся на… Амаль на ўвесь стол, пасунуўшы манітор, уссядаў ён. Агромністы, увесь у тлушчавых зморшчках чорна-сіва-паласаты… кот. Задніх лапаў, на якіх ён сядзеў, не было відаць з-за тоўстага жывата, праз рэдкую шэрстку якога разавелася скура. Пухкі хвост звешваўся да крэсла. Кот задаволена ўсміхаўся. Уперадзе ў кенгуратні – прыладзе, у якіх маці звычайна носяць дзетак, каб мець вольнымі рукі, акругліўшы вялізныя вочы і выпрастаўшы плаўнікі, ляжала шэра-бэзавая рыбіна.

– Заходзь-заходзь, Вінсэнты. Не бойся, я не глюк. Я гэткая ж аб’ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у адчуваннях, як і ты, ме-еўжду протчым.

Сутаргава зглынуўшы, на ватных нагах, з тым жа неміргаючым позіркам і выставіўшы адну руку ўперад, Вінусь паволі, як не ўмеючы хадзіць, пасунуўся да стала.

– Ну дакраніся, каб упэўніцца. Што за людзі, нігілісты ўсе як адзін. Толькі б памацаць, пакамечыць, на зуб узяць… Смялей, смялей. Дайце вы рады, так напалохацца.

– Гэ-гэ-тага не можа быць, – ледзьве прашаптаў збялелы хлопец.

– Ну яшчэ дадай: таму што не можа быць аніколі, – іранізаваў кацяра. – Ды не тры ты вочы, я – сапраўдны, нават больш, чым ты думаеш. Сядай, кажу табе. Ты ж сам мяне запрасіў. Праўда, не дужа ветліва. Ды мне ўжо, шчыра кажучы, абрыдла з табою паманьвацца, занадта прадказальна ты рэагуеш на мае жарты. Даўно хацеў бліжэй пазнаёміцца, ды ўсё неяк нагоды не было – зашмат наведвальнікаў у цябе.

Вінусь збянтэжана разглядаў незвычайнага госця. Хітрыя жоўтыя вочы і вялізны чырвоны нос.

– Ага, яшчэ скажы, як у п’яніцы. Чыя б ужо карова рыкала… Я ўжываю выключна высакародныя напоі, а не нейкіх там «буслоў». А нос такі – ад прыроды. Парода мая такая, асаблівая. Nulla fides fronti – як кажуць, не давярай знешнасці. Дарэчы, маю гонар, Апостраф.

– Вінусь, – прамармытаў хлапец.

– Ведаю, ведаю. А яшчэ ён жа Вінсэнт, ён жа Віна, ён жа Віначка і гэтак далей. А я проста Апостраф. А гэта – Палагея, – адрэкамендаваў кот рыбіну, тая нічога не адказала. – Ну, прымай гасцей.

Заўважыўшы разгубленасць у вачах хлопца, кот мовіў:

– Ага, ты, пэўне, не ведаеш, чым нас частаваць, што ядуць каты такога палёту. Клопат, першы і апошні раз прыходжу са сваім. Ну, падсоўвай фатэль – не люблю табурэцікаў, зэдлікаў і рознай часовай мэблі. Фатэль – вялізны, мяккі – на вякі, ён адпавядае майму светаадчуванню. Нясі келіхі, канечне, калі ў цябе нешта маецца, апроч цудам ацалелых чарак.

Вінусь пасунуўся за кубкамі на кухню. Ён па-вар’яцку ўсміхаўся і ўжо цалкам прымаў гэтую дзіўную гульню ашалелай фантазіі – можа, прынесены Аглаяй зёл даўся ў знакі?

Кот, нягледзячы на свае памеры і таўшчыню, быў надзвычай рухавы і спрытны. 3 ніадкуль ён дастаў марціні, тут жа аформіў келіх цукровым абадком са скрыльком лімона, сінім парасончыкам ды саломінкай – для Вінуся – выпрацоўвай эстэтычны густ. Пузатую запацелую пляшку тэкілы, соль і зноў жа нарэзаны лімон – для сябе. I прыгожую разетачку, у якой кішэла цёмна-чырвонае змесціва – матыль, – для рыбіны, а таксама пластыкавую бутэльку «Мінскай-4».

– Упадабала, ведаеш, вашую ваду, не прызнае іншай – нясмачна ёй, бачыце.

Рыбіна выслізнула з кенгуратні і прымасцілася на канапе побач з Вінусем.

Кот павязаў ёй чырвоную сурвэтку такім чынам, што закрыў рот. З адчуваннем зробленай справы запоўніў сабой вялізны стары дзедаў фатэль.

– Уф, запарышся тутака з вамі. Ну, запрашаю, калі ласка.

Вінусь з насалодай пацягваў марціні. Кот з неверагодным спрытам паглынаў тэкілу, лоўка арудуючы лапамі. Злізваў з лапы соль і прафесійным рухам адпраўляў у рот кружок лімона, заціснуты між указальным і сярэднім пальцамі. I толькі рыбіна злосна круціла вачыма і ўзмахвала плаўнікамі, спрабуючы выпрастацца з недарэчнай сурвэткі.

– Цябе, як філолага, відаць, цікавіць, чаму Апостраф? – чмякаючы лімонам, запытаўся кот. І, не чакаючы рэакцыі суразмоўцы, працягнуў: – Апостраф – гэта знакавая фігура, не кожная нацыя можа ім пахваліцца. Апостраф – надрадковы знак, не нейкая там коска на паслугах. Я заўсёды над – быў, ёсць і буду! Звысок аглядаць раўнюткае поле тэксту. Я – тая перашкода, што займае дух зычным і прымушае раскланьвацца галосныя! Я… Словам, за мяне, – бы жанглёр імгненна паўтарыў свае дзеянні з тэкілай. – На ўсё трэба майстэрства, – падміргнуў кот, прачытаўшы захапленне сваімі рухамі ў вачах Вінуся. Зноўку незаўважна дастаў аднекуль прыгожую разную люльку, лоўка набіў яе і пачаў раскурваць. Па пакоі паплыў водар тытуню.

– Пакаштуй! Тытунёк яшчэ дзедаўскі.

– Дык і люлька ягоная. Казаў мне, што калісьці сам Сталін яе курыў. Дзе ты яе знайшоў? Я ўжо абшукаўся – сямейная рэліквія ўсё-ткі.

– А я замову ведаю.

– Як гэта?

– А так. Скажу толькі «чорт-чорт, пажартаваў ды аддай» – адразу любая рэч знаходзіцца, – смяяўся ў вусы кот. – Пакаштуй-пакаштуй, гэта табе не шмаль розную паліць. Гэта мудрасці надае. Бо дурноты ў галаве і так заўсёды хапае. Так-так, здзіўляешся, што кот робіць неўласцівыя яму рэчы? Felis sum et humani nihil a me alienum puto – я кот, і нішто чалавечае мне не чужое, калі ты яшчэ не забыўся лаціну.

Тым часам канчаткова раззлаваная рыбіна абярнула са стала кілішак.

– Вой, прабач, Палагея, – кот паправіў ёй сурвэтку. – Частуйся.

Рыбіна пачала хапаць матыля, які ўжо амаль распоўзся па стале. Кот наліў ёй мінералкі ў вялізны пацір. I яна апускала туды галаву ды задаволена булькатала.

– Чарачка-каток, каціся ў раток, – з гэтымі словамі Апостраф зноў-такі віртуозна выпіў тэкілы. – Люлька, разумееш, настройвае на медытатыўны лад.

– А навошта табе рыбіна?

– Ага, разумею, куды ты вядзеш. Кот павінен есці рыбу. Не, мой даражэнькі. Палагея – не звычайная рыбіна, – адказаў кот, пыхкаючы люлькай. – Гея – Зямля, калі ты яшчэ памятаеш старажытныя міфы. Яна прамаці ўсяго, можна сказаць. Дык вось, я шкадую яе, покуль не знайду адказу на філасофскае пытанне: што ж усё-ткі было раней – рыбіна ці ікра? Я ўжо столькі часу назіраю за ёй, вывучаю яе мову, звычкі і – нічога, б’ю яе аб лёд – маўчыць, нават заглынуць спрабаваў дзеля страху – усё марна. Так і пакутую над гэтай праблемай, – кот хітра засмяяўся. – Антыномія.

За вокнамі было ўжо цёмна. Раптам шалёны парыў ветру ўварваўся ў кепска замкнёную фортку. Вінусь падхапіўся зачыніць.

– Прыродныя катаклізмы нейкія…

– Страшэнна не люблю гэтае слова, – скрывіўся кот. – Не прамаўляй яго пры мне, калі ласка. Гэта што ж атрымоўваецца, клізма для ката? Што да чаго? Іншая справа, напрыклад, байкот – баявы кот, катрыбуцыя – трыбуна для ката, катафонія – кашэчыя спевы, дый ці мала яшчэ добрых слоў! Гэтаксама не люблю слова «каталох» – каго-каго, а ката ўжо аніяк нельга так абазваць. А катавасія – што за мізэрнасць мыслення? – чаму як кот, дык абавязкова Васька?..

Нябачны гадзіннік цененька адлічыў шэсць.

– Ну, забарыўся я. Бывай, Вінсэнты, – кот па-мужчынску парукаўся з Вінусем, забраў рыбіну і знік як не было.

У пакоі таксама нішто не нагадвала аб ягоным візіце.

– Што за немарасць? Жыў бы за мяжой, неадкладна пайшоў бы да псіхааналітыка. Трызненне нейкае.

На момант падалося, што на рыбіне з карціны павязаная чырвоная сурвэтка. Вінусь моцна заплюшчыў вочы, потым зірнуў зноўку – нічога.

– Схадзі-схадзі… Да псіха-аналітыка… – рагатнуў нехта нібы здалёк.

эпізод 6

Вінусь стаяў на прыпынку, чакаючы тралейбус. Вясновы вецер расхінаў крысо незашпіленай курткі і прыемна бадзёрыў. Ці то ад цыгарэты нашча, ці ад вясновых пахаў кружылася галава. Раптам нейкая невядомая сіла прымусіла яго азірнуцца. Сонечнае зайчанё імгненна скокнула хлапцу ў вока. I ў нейкім загадкавым і надзіва яркім святле – бы пошуг – ён пабачыў… Яе. Зусім юная з выгляду, стройная дзяўчынка ў модным аранжавым палітончыку і гэткіх жа лакавых боціках з вострымі мысікамі і абцасікамі ды бэзавай маленькай сумачкай, з ільнянымі валасамі, у якіх ігралі бэзавыя таксама пасмачкі, трымала ў руцэ вялізны лядзяш – ад яго на ўсе бакі скакалі сонечныя іскаркі. Яна глядзела проста на Вінуся сваімі вялікімі… рознымі вачыма – блакітным і зялёным – і ўсміхалася ветла ды шырока, не, не яму – усяму свету. Ён ахапіў яе позіркам усю і адразу, да маленькай драбніцы, бы сфатаграфаваў. «Вясна!» – пранеслася ў галаве. Ён ашалела ўтаропіўся на яе свежыя вусны. «Цікава, як гэтая дзяўчына цалуецца?» – прыйшлі больш «зямныя» думкі.

Ён ніколі не баяўся завесці гаворку з упадабанай дзяўчынай – словы знаходзіліся самі сабою, а зараз проста зніякавеў, стаў міжволі церабіць гузік на куртцы і ледзьве не ўсмоктваць цыгарэту – ведаў, што банальным зваротам можа ўсё азвычайніць. Вінусь разумеў, што трэба нешта рабіць, бо зараз прыйдзе транспарт і ён можа больш ніколі не пабачыць гэтую дзіўную незнаёмку, што вось так проста скончыцца нечаканая яркая казка і… «Злазь у кішэню за словамі, мо што знойдзецца», – бы муха на вуха зумкнула. Падуладны нечаму неўсвядомленаму, Вінусь у прадчуванні цуду апусціў руку ў кішэню, аднак намацаў там толькі запальнічку. З роспаччу дастаў яе й пабачыў надпіс: ВOJENА. «Бажэна!» – вырвалася ў яго. Дзяўчына пайшла ўжо да пад’ехаўшага тралейбуса, але азірнулася на нечаканы ўсклік.

– Мы знаёмыя? – запыталася яна.

– Н-не, так… так… Мы дамовіліся сустрэцца тут і разам растапіць апошні зімовы лядзяш, – нечакана для самаго сябе знайшоўся хлопец. Дзяўчына засмяялася:

– I як завуць ратавальніка вясны?

– Вінсэнт.

– І ўсё-ткі адкуль вы ведаеце маё імя?

– Вясна на вуха шапнула, – пасмялеў хлопец. Як фокуснік дастае з рукава рознакаляровыя хусцінкі, так ён пачаў незаўважна і ненавязліва разгортваць сваё абаянне. Бліскучыя жарты і трапныя адказы на дзявочыя рэплікі зрабілі сваю справу – незвычайныя вочы Бажэны глядзелі на яго з дзіцячай цікаўнасцю.

Яны ўжо забыліся, што некуды спяшаліся, і паволі ішлі па парку, размаўляючы. Нейкі дзядок, апрануты ў чорнае рызманнё, з ярка-пунсовай насоўкай, што тырчэла з кішэні старога звалялага пінжака, відно на падпітку, запытаўся:

– Вы часам ці не брат з сястрою? Такія падобныя, вой-вой-вой.

– Ды не, – пасміхнуўся Вінусь, гледзячы на дзяўчыну.

– Дзетачкі, дайце колькі рублёў – на хлеб не хапае.

– А на гарэлку, значыць, дастаткова, – сказаў хлопец, аднак грошай даў.

Бажэна таксама працягнула яму паперкі, аднак адчувалася, што ёй неяк няёмка.

Дзядок раптам спрытна схапіў пяшчотную дзявочую далоньку сваімі парэпанымі, бруднымі пальцамі, з чорнымі абламанымі пазногцямі, зірнуў на яе.

– Чакае цябе нешта, – трывожна прамовіў ён.

Бажэна інстынктыўна адхіснулася ад яго.

– А не палохайцеся, дзеткі, дурня старога. Дай жа вам і ў ручкі, і ў ножкі, дый туды трошкі, – пайшоў ён, падкульгваючы ды мармычучы. Дзяўчына камячыла ў руцэ снежку і нярвова пакусвала вусны, стараючыся зладзіць з эмоцыямі.

– Не бяры да галавы. Калі яшчэ розных бамжоў слухаць… – імкнуўся заспакоіць яе Вінусь, хоць самому было таксама прыкра ад таго, што нехта парушыў тое няўлоўна-крохкае, што вось-вось пачало ўсталёўвацца паміж маладымі людзьмі, так рэзка ды нахабна.

– А я лекцыі прагуляла, – спахапілася дзяўчына.

– А я рукапіс у выдавецтва не аднёс… Узнікла паўза.

– А можа, ну яго? – з надзеяй паглядзеў Вінусь на Бажэну.

Тая згодна ўсміхнулася.

– Ведаеш, заўсёды няёмка пачуваюся ў такія моманты. Міма галоднага сабакі не магу прайсці – ці свой бутэрброд аддам, ці ў краму забягу якую сасіску куплю. Не магу ім у вочы глядзець. Чалавек заўсёды мае выбар, можа паклапаціцца пра сябе, калі не паралізаваны і не інвалід, канешне…

Ужо вечаровыя ліхтары перакінулі кладачкі святла з аднаго берага ракі на другі. У высокім небе яснелі зоркі. Паркавыя дрэвы стаіліся, перачэкваючы апошнія вясновыя халады. Яны беражліва ахоўвалі ад сцюжы ўжо пульсуючае ў кожнай галінцы новае жыццё – моцна сцялі пупышкавыя далонькі, сцярожка трымаючы ў іх вось-вось гатовы разгарнуцца-выпрастацца пяшчотна-зялёны пахкі камячок. Абнадзееная першым цяплом зямля вытачала ні з чым не параўнальны водар жаночага чакання. Пад нагамі папісквала цененькая ледзяная скарыначка, пахрумстваў яшчэ ацалелы снег.

– А ведаеш, чаму снег хрумсціць? – запыталася Бажэна.

– Чаму? – адгукнуўся Вінусь.

– Таму што ў сняжынак промнікі ломяцца. Мне так мама тлумачыла ў дзяцінстве.

– Прыгожа.

Хлопец гатовы быў бясконца вось так ісці ды ісці па гэтым вялікім парку.

Хацелася, каб у ім было яшчэ болей алеяў, сцяжынак, сцежачак, куточкаў – каб кружляць і кружляць па іх з гэтай незнаёмай прыгажуняй. Нібыта ўжо зусім блізкай і роднай, такой падобнай да яго і адначасова такой загадкавай і прыцягальнай. I, здаецца, ні аб чым незвычайным не гутарылі, а было нова, свежа і ўтульна, неяк цёпла ды натуральна.

Раптам у яе сумачцы зазвінеў мабільнік.

– Ало! Не хвалюйся, хутка буду. Потым пагаворым.

Перахапіўшы занепакоена-запытальны позірк Вінуся, дзяўчына паспяшалася патлумачыць:

– Мама хвалюецца. Час ужо дадому.

Хлопец вяртаўся дахаты акрылены. Наперадзе мігцелі зоркі, а за спінай вялізнымі пухкімі шматкамі паволі і ўрачыста падаў развітальны снег. Вокны дамоў глядзелі на яго па-асабліваму ветла ды адкрыта. Было дзіўнае адчуванне яднання каменнай стыхіі ды абуджанай прыроды, бы гожая Паненка-Вясна, звонка цокаючы абцасікамі, ішла пад руку са шляхетным Спадаром-Горадам і залівіста смяялася.

– Луста неба з разынкамі зорак – луста дома з разынкамі вокнаў, – прыйшлі радкі.

Усю ноч Вінусю снілася Бажэна, ён адчуваў яе рукі, валасы, вусны, яе пах, ап’яняльную прысутнасць. То, як Даная, яна заклікальна адгортвала прасціну. То, як мармуровая Венера, стаяла прыцягальна і непадступна. То, як чараўніца, сцярожка ступала ў купальскіх росах, аголеная і чыстая, ззяючая пад месяцовым святлом. Ён тысячы разоў прачынаўся ад пякучага жадання валодаць ёю. Усхопліваўся, нярвова паліў, зноў спрабаваў заснуць…


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации