Электронная библиотека » Людміла Шчэрба » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Уладар рыбаў"


  • Текст добавлен: 16 октября 2020, 09:43


Автор книги: Людміла Шчэрба


Жанр: Современная русская литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 12 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

эпізод 7

 
Анёл спусціўся на зямлю —
Сусветны сум у зялёным воку,
У блакітным – радасць ад быцця,
Турбот людскіх, зямных аблокаў…
 

Вінусь не знаходзіў сабе месца. Ён не мог дачакацца вечара, каб пабачыць яе. Пачынаў пісаць ёй верш і не знаходзіў слоў, вартых яе. Браўся гатаваць каву, і яна збягала, пэцкаючы пліту. Як дзяўчынка-падлетак, разглядаў сябе ў люстры, вывучаў кожную рысачку ледзь не пад лупу, каб зразумець, ці спадабаўся ёй. Тысячы разоў хваліў сябе і тут жа ганіў. Згадваў свае фразы ў размове з ёй і захапляўся ўласным красамоўствам ды тут жа дзівіўся свайму глупству. Сядаў за працу і не мог адрэдагаваць ні радка – думкі распаўзаліся па ўсіх шчылінах свядомасці. Хацеў напісаць нешта ўласнае і не здалеў набраць ані слова.

– Ды што ж гэта такое?! – адштурхнуўшы ад сябе клавіятуру, у роспачы крыкнуў ён.

– Няйначай хва’оба нейкая п’ычапілася, да’ажэнькі мой.

– Хто тут?

Вінусь пабачыў ката. Апрануты ён быў у белы халат, што ажно трашчаў па ўсіх швах на ягонай «фігуры», гузікі гатовыя былі пырснуць у розныя бакі ўсе і адразу, гэткі ж каптур з абы-як прышытым чырвоным крыжам. На шыі матляўся стэтаскоп. Наўскасяк, па-паштарску, была перакінутая торба таксама з белай тканіны, з гэткім жа крыжам, толькі большых памераў – як малыя ў дзіцячым садку гуляюць у доктара. Рыбіна тупала побач, трымаючы ў плаўніках вялізны шпрыц.

– Дык вось шьто я качу сказаць, да’ажэнькі, – працягваў кот, папраўляючы пенснэ, – дыягназ: сінд’ом вясновай гіпе’пачуццёвасці на фоне клінічнай безвыходнасці эмоцыяў, ускладнены татальным па’алюшям волі, шьто суп’аваджаецца сінусаідальным га’манальным усплёскам і ацёкам ня’вовых канчаткаў. Гэта вам не жа’тачкі, – размахваў указальным пальцам перад носам «пацыента» кот.

– I што мне цяпер рабіць? – няўцямна прамармытаў Вінусь.

– Ін’екцыя тво’аглабуліна неадкладна, антысэксны комплекс ад са’дэчнай залежнасці і т’анквілізата’ы, каб знізіць «эакцыю «эцэпта’аў на эйфа’ыю шчясця, мой да’ажэнькі.

– А потым?

– А потым-потым, – перадражніў кот. – Потым джын з кампотым. Потым ужо вам будзе ўсё адно – пішіця, не пішіця – як каціця. Хво’ых не судзяць. Рыбіна пагражальна пырскнула фантанчыкам са шпрыца і пачала набліжацца да Вінуся. Ён ускочыў на стол і закрычаў:

– Адчапіцеся! Пашалелі вы, ці што?

Кот зарагатаў і, сеўшы ў цацачную машынку «хуткай дапамогі», пакаціў, гарлапанячы як сірэна, рыбіна наверсе круціла галавой бы мігалка.

– Звар’яцець нядоўга, – выдыхнуў хлопец, злазячы са стала. – Аднясу на выставу ды прадам цябе, гад паласаты, будзеш тутака паманьвацца са мной.

– Уга, прадай-прадай, хоць грошай на сваю паненачку заробіш, не па кішэні яна табе, – цвяліўся кот.

– Ды ідзі ты, – Вінусь проста з нянавісцю зірнуў на карціну.

Яму падалося, што кот на два бакі расцягнуў пальцамі рот і падражніўся чырвоным даўгім языком, як мульцяшныя героі, – «бала-бала-бала».

– Вар’яцтва нейкае! Шыфер шаргаціць па швах – ціха аб’язджае дах… Ін’екцыя твораглабуліна – неадкладна! Прымроіцца ж такое?! А мо і сапраўды я ёй не спадабаўся? Што можа знайсці ўва мне гэткая дзяўчына? Ну, працую ў выдавецтве рэдактарам – нібыта прэстыжна. Маю за плячыма вышэйшую адукацыю, аспірантуру. Ну, даволі сімпатычны хлапец, як усе кажуць.

Вінусь падышоў да люстра.

– А дапраўды, я нічога сабе. Можа, нос крыху велікаваты. Але гэта прыкмета неардынарнай асобы. Лоб высокі. Вочы немаленькія. Бровы нелінялыя. Вусны… Вусны нават вельмі сэксуальныя. Ну што яшчэ трэба?

– Так-так, сапраўдны мужчына павінен быць крыху прыгажэй ад малпы, як сцвярджае народная банальнасць, – зрабіў выснову кот. – А мужчына без жывата – гэта ўвогуле пацан, – сказаў ён, задаволена гладзячы сябе па бруху. – Аднак ты, Вінсэнты, не адчайвайся, возьмеш шлюб – адрасце.

Хлопец, не звяртаючы на яго ўвагі, працягваў:

– Урэшце, я цікавы суразмоўца…

– Вой, трымайце мяне сямёра, – зарагатаў кот. – Ды з цябе ж слова добрага клюгамі не выцягнеш. Толькі і чую адныя абразы ад цябе – нават пераказваць прыкра.

– Я разумны, скрозь дзяўчатам падабаюся…

– Ага, толькі такіх, якім ты падабаешся, найбольш цікавіць не розум, а нешта… крыху ніжэй.

– Ды я… я… Я творы пішу – вось! Дзе яна яшчэ такога знойдзе? – Вінусь пераможна распасцёр у бакі рукі.

– Вядома ж, non omnia possumus omnes (не кожнаму ўсё даступна), – заўважыў кот.

– Такія незвычайныя вочы… Ёй толькі фотамадэллю быць, тварам якой фірмы! Няўжо такое магчыма? Мо гэта лінзы?

– А для катоў у гэтым нічога нязвычнага няма.

– Верш для яе не выходзіць. Ну не атрымоўваюцца ў мяне радасныя рэчы. Можа, у маёй мове болей сумных слоў – недарэчная мова…

– Гэх ты, філалох. Мова яму не падыходзіць!

– Жыццесцвярджальных слоў няма. А слоў няма…

– Сапраўды, пашукаць яшчэ такіх аслоў! – бурчэў кот. – Раuса vеrbа (меней слоў). Згортвай ужо свае сентэнцыі з інсінуацыямі, абрыдла гэтая ода сабе любімаму.

– Куды ж яе запрасіць?

– Так-так, каб хаця не падацца банальным.

– Рэстаранамі ды кавярнямі яе не здзівіш…

– Згуляем? – крадком падышоў кот з веерам картаў у лапе.

– Гэта яшчэ навошта?

– А ты выцягні карту – аб нечым даведаешся. Вінусь узяў карту: «Тэатр» – значылася на ёй.

– Тэатр… Тэатр! Сёння ж «Тутэйшых» даюць! Калі яшчэ такое надарыцца?! Вядома ж, тэатр! Ты малайчына!

– Вось ты і першы раз мяне пахваліў, – прамуркатаў кот.

эпізод 8

Вінусь праз дзясятае знаёмства ледзь дастаў квіткі на спектакль. 3 аднаго боку, такое паломніцтва радавала, з іншага – засмучала: ідзе п’еса гады ў рады, а зараз яшчэ нібыта дэкарацыі рамантаваць будуць. I колькі?

– Няма лішняга квіточка? – бясконца з усіх бакоў торгалі Вінуся. I вось у натоўпе ён заўважыў яе, радасна пабег насустрач.

– Прывітанне, баяўся ўжо, што не прыйдзеш.

– Прывітанне. Крыху прыпазнілася, прабач.

Калі яны ўвайшлі ў залу, месцы былі безнадзейна занятыя. Ім удалося вызваліць толькі адно крэсла на дваіх.

– Даруй, не ведаў, што гэтак будзе, можа, сядзь да мяне? – разгублена і вінавата прапанаваў хлопец.

– Нічога не застаецца, – усміхнулася Бажэна.

Ён адчуваў яе, лёгкую, духмяную, так блізка. Бачыў, як ёй няёмка, як наструнена яна замерла ў яго на руках – яны ж амаль што незнаёмыя. Аднак потым, калі дзеянне паглынула абаіх, напружанне знікла само па сабе. I калі пачало ўрачыста ўзнімацца бел-чырвона-белае палотнішча, дзяўчына годна ўстала. Гледзячы на яе, людзі сталі падымацца са сваіх месцаў адзін за адным – шчыльна, з гонарам.

…Яны ішлі па вуліцы.

– Дзякуй табе. За тое, што запрасіў мяне… Ведаеш, у мяне крыху іншае атачэнне, з іншымі інтарэсамі… А тут – бы глыток паветра. Вось паступіла. Скончу – буду прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні. А што я пра яе ведаю? Дранікі-бульбянікі, сінявокая Беларусь з зубрамі. Дык гэта і без мяне ўжо ведаюць. Я думаю, трэба самой спасцігнуць, каб усё асаблівае, адметнае, толькі ёй уласцівае да іншых данесці. А інакш навошта мая праца?

– А ты не спрабавала ў конкурсах мадэляў удзельнічаць? Думаю, ты была б па-за канкурэнцыяй.

– Дзякуй. Не хачу на ўсеагульны агляд выстаўляцца, бы тавар на кірмашы. Ненавіджу гэтыя сальныя мужчынскія позіркі, нібы слізкай ад іх робішся. Не хачу быць манекенкай – я пакуль жывая. Мне і матуля кажа, што трэба працу для розуму і для душы мець. Маладосць пройдзе, а што за душой застанецца?

– Слава, вядомасць, прыгажосцю ўсе любавацца павінны. Яна, як вядома, уратуе свет.

– Мне здаецца, Дастаеўскі іншае меў на ўвазе. Такая прыгажосць толькі разбэсціць здольная.

– А я… ненавіджу сваю маці.

Бажэна з жахам адхіснулася.

– Колькі памятаю – адныя папрокі… Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве прынёс дахаты бяздомнае шчаня. Адразу нібыта прыняла, у надзеі, што мне гэта хутка абрыдне і я на ўсё пагаджуся. Малое, вядома ж, рабіла паўсюль лужыны ды кучы, і я не спраўляўся прыбіраць. Аднойчы я нешта майстраваў, захапіўся. Маці мыла падлогу. I трэба было небараку нарабіць на чыстае. Маці выцерла і, ні слова не кажучы, прыйшла ды адлупцавала мяне гэтай жа бруднай анучаю, а сабаку выпхнула за дзверы. Ён няўцямна скуголіў і драпаў кіпцікамі дзверы, просячыся назад. Ад болю і крыўды я не вытрываў, схапіў куртку ды збег на вакзал разам са шчанём. Вярнулі мяне міліцыянты – маці ўвесь горад на вушы паставіла. Шчаня жыло ў агульным калідорчыку, усе яго падкормлівалі і любілі. А неяк я вяртаўся са школы, а мне насустрач бяжыць хлопчык з суседняга двара. «Малога забралі. Сабакаловы. Што мы ні прасілі, ні плакалі – не аддалі», – выгукнуў мне ён. Я ўсё зразумеў. Мы з хлопцамі знайшлі тую станцыю, для сабак. У падпітага дзядзькі я запытаўся: «Гэта тут вы сабак на мыла трымаеце?» – «Выключна на губную памаду, – проста ў твар зарагатаў мне ён. – Ідзіце адсюль, смаркачы. Спачатку выкідаюць, а потым расшукваюць. Шмат вас тут такіх сноўдае, пайшлі прэч». Мы з ровам пабеглі. Я думаў, каб я быў вялікі і дужы, вось так бы даў гэтаму п’янюгу, каб не падняўся, а я ўсё лупцаваў і лупцаваў бы яго. Я доўга хварэў. Не падала тэмпература, я трызніў. Мне ўсюль падаваўся гэты страшны дзядзька, які забівае майго Малога. Я выкінуў у сметніцу ўсё мыла і матчыну памаду. Ні з кім не размаўляў. Затое маці была хоць да скулы прыкладай – усё што пажадаю… I з таго часу неяк замкнуўся, быў сам па сабе. Ніколі не мог з ёй нічым падзяліцца… Пакаціла цяпер у Італію – падчапіла нейкага карча. Тэлефануе мне зрэдку. Прабач, нагрузіў цябе. Даруй…

– Даруй ёй, усе мы памыляемся. Невядома, якімі мы бацькамі будзем. Хаця, напэўна… дараваць можна толькі розумам.

Калі Бажэна адчыняла дзверы ў калідорчыку, з кватэры насупраць выйшла суседка – бабулька з аблезлым пудзелем.

– Вой, глядзі, дзеўка, прынясеш у прыпале, ад гэткіх гадочкаў па цемры сноўдацца.

Бажэна нічога не адказала, а пра сябе ўзлавалася: «Ну чаму ўсім да мяне справа ёсць, нібы я адна на гэты пад’езд, дом ды на ўвесь свет? Ад такіх гадочкаў… Некаторыя ўжо ў шлюбе і дзяцей маюць. I нічога. Усё нармалёва».

– Бажэна, дачушка, ты ўжо каторы дзень так познішся… – сустрэла на парозе маці.

– Што вы ўсе так непакоіцеся за мяне?

– Проста бачу, што гэта не звычайныя шпацыры для цябе. Хто ён?

– Рэдактар і пісьменнік.

– Даволі гучна.

– Мамачка, ён такі цікавы, прыгожы. Калі мы ідзем па вуліцы, усе на нас заглядаюцца.

– Зразумела, ты закахалася. Толькі…

– Ведаю-ведаю, «толькі памятай, што табе яшчэ ўніверсітэт скончыць трэба. Дзяўчына без годнасці і прафесіі – хатняя клуня, цалкам залежная ад мужчыны».

– I нічога смешнага. Першы год вучобы самы напружаны, пакуль асвойтаешся. А мужчынам нашмат старэйшым сама ведаеш, што трэба. Глядзі, каб у яго яшчэ сям’і не аказалася. А то мо з жонкай палаяўся…

– Ну хопіць жа, хопіць! – закрычала Бажэна. – Чаму табе ўсё прызямліць трэба?! Я не маленькая ўжо!

– Я ўжо вопыт сякі-такі маю. А ты ўся ў аблоках… Тым больш пісьменнік. Ніхто яшчэ за імі шчаслівы не быў!

Бажэна пабегла ў свой пакой, зачынілася. Падкурчыўшы ногі, зашылася ў кут канапы і заціснула далонямі вушы.

– Яшчэ нічога няясна, а ўжо ўвесь свет супраць нас. Нібы чужое шчасце яму вочы коле. А я кахаю яго. I ўсё тут. Так і павінна быць – адразу і назаўсёды. Нібы іскра між намі. «Глядзі, каб цябе любілі», – вучыць маці. А як жа я? Мяне ніхто не пытаецца? Мае пачуцці ў разлік не прымаюцца? Я хачу кахаць і аддаваць гэтае каханне любаму.

25-ты кадр

Вінусь паліў і запіваў цыгарэту кавай.

– Такая чыстая. Чыстая ды наіўная. Спасцігнуць неспасцігальнае. Жыцця не хопіць. I ўсё-ткі яна яшчэ дзяўчынка. Гэтая рысачка на шыйцы, пульхныя падушачкі пальчыкаў. Хаця такая прыгожая – жаніхоў, відаць, хоць адбаўляй. I сяброўкі засмяюць: у такім узросце па цяперашнім часе – не цалавана – не мілавана. Не можа быць. Аднак гэты пах. Малачком. Кажуць жа, малако на вуснах не абсохла… Што, калі так? Ці маю права парушыць гэтую чысціню? Аднак знойдзецца ж нехта, хто не задумаецца. Чаму ў такім разе не я?.. I чаму я? За што мне гэткае? У мяне іншы шлях. Праўду казаў Анцік. Пойдуць дзеці. А я ў ванне пісаць буду? Дый што я магу ёй даць? Адныя ейныя ўборы колькі каштуюць! Відаць, бацькі ўжо настройваюць яе супраць. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. А я не хачу нікога прыручаць! Кожны сам за сябе адказвае. На тое ён чалавек. Якая ж яна прыгожая. Трэба хоць фотаздымкаў нарабіць. Але ж на яе так усе хлопцы пазіраюць, быццам мяне побач і няма. Я побач – і я – пустое месца. Я!!! Яна яшчэ не ведае сваёй моцы. А хто-небудзь падкажа. I што тады? Бывай, Віна! Раздушаць цябе танюткім абцасікам. Столькі гадоў будаваць уласную самастойнасць. Ды не гатовы я! Урэшце творчаму чалавеку змена ўражанняў патрэбная, пачуццёвы вопыт, падпітка эмоцыям… Не магу я сябе звязаць! Не мая яна. 3 іншага кола…

– Ён той, каго я чакала. Дык чаму я не магу падараваць яму ўсю сябе? Я адчуваю непазбежнасць гэтага. Быццам нейкая невядомая сіла – добрая ці не, не ведаю, – штурхае мяне да яго. Бы засмоктвае ў гэтую віхуру. А можа, для яго гэта нічога не значыць?..

эпізод 9

– Запрасіць яе дахаты? Ёй жа няма васямнаццаці. Не звязвайся, Віна. Запрасіць. Чым я яе здзіўлю? Чым частаваць? Яна, відаць, усе вытанчаныя стравы каштавала.

– А сапраўдную беларускую мачанку з блінамі? – аблізваючыся, муркнуў кот. – На булёне, са скабачкамі ды каўбасой пальцам пханай, ды засквараную з цыбулькай, ды падкалочаную – духмяная, пыхкае-булькоча, паважная. А блінцы пухкія, таўстыя, на кіслым малацэ ды яйках – папіскваюць на патэльні. Смаката! – гучна пракаўтнуў слінку кот.

– Ды ну цябе, сірэна знайшлася. Дзяўчынка мадэльнай знешнасці пабаіцца псаваць фігуру… Дый хто гэта ўсё прыгатуе? Маё кулінарнае майстэрства абмяжоўваецца смажаннем катлетаў з крамы, – сумна ўсміхнуўся Вінусь.

– Што ж з табой зробіш? Давядзецца дапамагчы. Кліч сваю пасію палуднаваць. А я складу для цябе спіс прадуктаў.

– ???

– Што глядзіш? Мае магчымасці таксама не бязмежныя!

– Але ж я не ўмею выбіраць мяса. Дый, можа, гэта ўсё, так бы мовіць, недалікатна для дзяўчыны…

– Та-а-ак. Беларускае, значыць, для нас ужо, бачыце, недалікатна? Запанелі! Тады назаві па-кітайску.

– Як гэта?

– Мсяо-о! – зарагатаў кот. – А для мяне купі, калі ласка, кефір-р-ру. Вельмі ўжо смачны быў раней, памятаю.

У кухарскім высокім белым каптуры і халаце кот быў сапраўдным майстрам, на сваім месцы. Рыбіна дапамагала ў якасці кухарчука. Ужо хутка ўсё сквірчэла, пішчэла, папыхквала, ад водараў проста немагчыма было стрымліваць неўтаймоўны апетыт. Кот, з замурзанымі кефірам вусамі ды носам, прыцмокваючы, казаў:

– Што за кефір? Напісана «Любіцельскі». Хутчэй «Дылетанцкі». Не такі ўжо смак, як колісь… А ці не баішся, Вінсэнты, маіх прысмакаў?

– Чаму?

– А можа, я цябе атручу? – прыплюшчыў вока кот.

– Навошта?

– Sancta simplicitas (святая прастата). А можа, я вас, бы Трышчана з Іжотаю, напаю чароўным напоем ды пазбаўлю волі. I прыкіпіце адно да аднаго павек у разбуральнай жарсці, – тэатральна закаціўшы вочы, дэманічным голасам прамовіў кот.

Вінусю зрабілася ніякавата.

– Ці ж ты не ведаеш, што кату цалкам давяраць нельга? Ката ніколі даастатку не прылашчыш, ён заўсёды сам па сабе і пры зручным выпадку скарыстаецца табой з дапамогай свайго абаяння. Ды не палохайся, не палохайся. Жартачкі ў мяне такія. Пакаштуй лепей, якая смаката атрымалася, – дзьмухаў кот на лыжку з мачанкай, – язык пракаўтнеш. Ехсклюзіў, можна сказаць, для цябе. Глядзі, за вушы не адцягнеш.

Зазвінеў тэлефон.

– Слухаю.

– Вінсэнт? Сустракай, пад’язджаю ўжо, – сказала Бажэна.

Калі яны ўвайшлі ў пакой, там ужо стаяў сервіраваны ў нацыянальным стылі стол – белы саматканы абрус-вышыванка, адмысловы керамічны посуд, па пакоі разносіўся прывабны пах. А ў вазе сіняй пухкай аблачынкай красавалі… валошкі.

– Як прыгожа! Ты ўсё гэта сам зрабіў дзеля мяне?!

– Н-не, к… Так, я, – запнуўся Вінусь. – Праходзь, праходзь жа, калі ласка.

– Васількі?! Сапраўдныя васількі напачатку вясны? Гэтак не бывае! Дзе іх можна зараз дастаць?

– У Галандыі, – нечакана для сябе адказаў Вінусь.

– Гэта проста нешта незвычайнае!

Ён сам не верыў ва ўсё гэтае. «Вось дык кот, малайчына. Матроскін побач з ім адпачывае», – падумаў хлопец.

«Вось ты і другі раз мяне пахваліў», – падміргнуў з карціны кот.

– Як смачна! Ты такі малайчына. 3 гэткім майстэрствам толькі ў элітнай рэстарацыі працаваць, – захаплялася Бажэна.

Вінусь пачуваўся няёмка. Аднак ён у хуткім часе сам паверыў, быццам усё зрабіў сапраўды ён.

– Калі я была зусім маленькая, мы ездзілі ў вёску да прабабулі. I я адзіны раз каштавала такую страву. Больш ніхто рабіць яе не ўмеў. А я хацела, калі вырасту, навучыцца. Бабулі не стала, я не паспела запытацца ў яе. Шмат чаго не паспела спытаць. Цяпер думаю, чаму ў дзяцінстве не прыходзіць у галаву, што бабулі не вечныя, што яны адыдуць і шмат цікавага і важнага, як потым аказваецца, панясуць з сабою, не паспеўшы аддаць няўважлівым унукам?

– А я не памятаю сваіх бабуляў – быў занадта маленькі, калі яны памерлі. I бацьку амаль не помню – ён рана нас пакінуў.

– Прабач.

Яны гулялі на камп’ютары ў чатыры рукі, не патраплялі, нерваваліся, смяяліся. Яе валасы краналіся ягонага твару і ап’янялі пахам. У запале ён накрыў даланёй яе далікатныя пальчыкі. I не памятаў ужо, як патануў у дзіўных вачах. Бы ў калейдаскопе закруцілася і замерла блакітнае ды зялёнае, а ён, як заварожаны, піў гарачыню яе вуснаў. Яна сарамліва ды няўмела адказвала, уся дрыготкая ў ягоных абдымках.

– Як гэта ні банальна, але ж я цябе… люблю, – выдыхнуў Вінусь.

Бажэна засмяялася:

– Так арыгінальна мне яшчэ ніхто ў каханні не прызнаваўся. А хочаш скажу, як даведацца без слоў, ці кахаюць людзі адно аднаго?

– Як?

– Паглядзі мне ў вочы.

– Заварожыш яшчэ, – усміхнуўся Вінусь.

– Паглядзі. Калі зрэнкі то пашыраюцца, то робяцца маленькімі – пульсуюць. Мо сапраўды так? – яна казала вусны ў вусны. Гэты шэпт казытаў і даводзіў да вар’яцтва.

Бажэна раптам пабачыла, як лоб Вінуся пакрыўся кропелькамі поту, як ён увесь напружыўся.

«Я нешта не тое сказала?» – падумала яна.

25-ты кадр

Усю ноч ён займаўся каханнем з ёй. Ува сне. Прахопліваючыся і правальваючыся зноўку ў гарачыню мрояў. Не могучы наталіцца… А зранку патэлефанаваў. Кіці.

эпізод 10

– Мама, паглядзі, якая прыгажосць! – уляцела Бажэна з кветкамі.

– Валошкі?!

– Вінусь падараваў.

– Ці не чараўнік ён? Такім часам васількі дастаць? А можа, падпольны батанік ці самотны мільянер?

– Я ж казала, што ён самы цудоўны на свеце!

– Добра-добра.

– Дачушка, спадзяюся, у цябе хопіць розуму ўкладваць свае душэўныя намаганні, талент у сябе, а не ў нейкага непрызнанага генія? – выйшаў у вітальню бацька з газетай.

– Што ты маеш на ўвазе?

– Каб ты не забывалася аб сваіх марах і мэтах у гэтым жыцці ды каб у цябе хапіла сілаў спраўдзіць задуманае. Каб ты не растрачвала сябе марна.

– Не хвалюйцеся, я не маленькая, – буркнула Бажэна, ляпнуўшы дзвярыма ў свой пакой.

Яна гладзіла прахалодную сінечу пялёсткаў, зазірала ў глыбокія вочы кветак праз пухкія пяшчотныя вейкі.

– Я хачу быць з ім. Няўжо аддаваць сябе любаму – значыць растрачваць? А як жа пастулат: чым больш вы аддаяце, тым болей набываеце, узбагачаецеся духоўна? Без шлюбу – грэх? Перад кім? Перад людзьмі? Дык многія не ў шлюбе і разам. I паспрабаваў бы хто асуджаць! Перад Богам? А ці шмат у нас павянчаных? Значыць, зноў-такі перад людзьмі. Але ж я нікога не асуджаю, не лезу з роспытамі. Іх жыццё – іх права. Чаму тады ўсе лезуць з парадамі да мяне? Гэта маё жыццё, я ім распараджаюся, а не нехта. Я вырашаю, як мне жыць! Слухай дарослых, бацькоў, выкладчыкаў, суседак, урэшце! А дзе я? Дзе мой голас? Не чуваць за іхнымі! У мяне проста няма часу прыслухацца да сябе. Прыслухацца ды пачуць…

25-ты кадр

Прайгравальнік пракаўтнуў кампакт-дыск са старым Кіng Сrіmsоn. Яго псіхадэлічныя мелодыі дапамагалі Бажэне засяродзіцца на ўласных думках.


«Як я жыла без Цябе? Не магу сабе ўявіць. Я была выпадковай дажджынкай, безжыццёвым, адарваным ад галінкі лісцікам, высахлай травінкай, замерзлай заквеццю, самотнай сірочай птушкай. Без Цябе! Як Ты пакахаў мяне такую? Няўжо цябе не пужаў мой смутак, горыч маіх вачэй? Ты бачыў ува мне зачараваную фею, але не пабаяўся вярнуць мяне да жыцця. Ты верыў у мяне. Гарачая хваля тваіх пачуццяў растапіла лёд адзіноты. Тваё каханне адагрэла мяне. Я хачу патануць у тваіх вачах. Не ратуй мяне. Патанаю. Кахаю Цябе…»


– Грэх перад Богам? Бог пакарае? Ён жа сам даў мне жыццё. Даў свабоду выбару чалавеку. Дык чаму тады ён навязвае мне, што правільна, а што не? Пакарае? Ён жа сам вучыць дараванню, усёдараванню. Чаму тады сам стане помслівым? Скарыстаецца зброяй д’ябла? Абсурд. Шлюб ствараецца ў нябёсах. Калі мы сустрэліся і пакахалі, значыць, пабраліся перад Богам? Бо ж хто яшчэ мог адкрыць нас адно аднаму?


«Ты чакаў мяне. Ты думаў пра мяне. Так. Я ведала, я адчувала гэта. Я адчувала на сабе твой пільны позірк, калі цябе не было побач са мною. А я ўвесь час адчувала тваю прысутнасць. Але чаму так доўга ты не адкрываў мне сваёй тайны? Я ведала, што ты ёсць, і не бачыла цябе. Нехта знарок рабіў цябе нябачным. Але ты думаў пра мяне, і гэта дапамагло мне вызваліць цябе ад чараў. I я ўбачыла цябе, я прыйшла да цябе. Бо адчула, што больш не магу без цябе… Але ж ты не пазнаеш мяне…»


– Чаму, ён жа сказаў, што кахае. Адкуль гэтыя недарэчныя прадчуванні? Чаму сціскаецца сэрца, бы ад страху, калі думаю пра яго? Ну што можа здарыцца, калі двое кахаюць адно аднаго? Дзіця? Дык гэта ж найвялікшая радасць! А калі для яго – не? Ён творца. Забіць жыццё? Ніколі! А як тады мае мары пра работу за мяжой? Адна з дзіцем? Суседкі маці вочы выядуць. А што важней, урэшце? Маё жыццё! Я маю права на сваё, уласнае, на індывідуальнасць! Чаму трэба, як ва ўсіх, як мае быць. Хто так усталяваў нязрушна? Я не зміруся з гэтым! Чуеце? Я… Я… Я з’еду. Вядома ж, я з’еду. Не буду нікому назаляцца, прыніжацца перад некім. Буду працаваць, гадаваць дзіця. Хто ведае, што мне наканавана? А потым вярнуся – маладая, паспяховая – і ўжо з дзіцем. I дакажу, што я таксама мела рацыю. Мела сваё права. Ну вядома ж. Усё будзе добра, што б ні здарылася…

А ўночы да яе прыйшоў ён. Прыгожы мужчына сярэдняга ўзросту. Стройнае, моцнае цела. Чорныя валасы, прывабны твар. 3 барадой – адна яе палова была чорная, другая – сівая. Умелыя, пяшчотныя рукі. Усё было гэтак ярка, да маленькай драбніцы. Ад яго так і патыхала сэксуальнасцю. На вялізнай чорна-чырвонай пасцелі ён абдымаў яе. Горача шаптаў, што хоча ад яе дзіця. Яна скаралася яго рукам, адчувала немінучасць нечага таемнага, прыцягальна-салодкага. I не магла аддацца гэтаму. Быццам прарываючыся скрозь ліпкую павуціну спакусы, Бажэна закрычала: «У мяне ёсць Вінусь! Я не магу! Я кахаю яго! Кахаю!» I прачнулася ад уласнага крыку.

– Калі ты будзеш гэтак даводзіць сябе, я проста забараню табе з ім сустракацца, – прыбегла маці. – Як падмянілі дзіця. Схоўная сталася. Не расказвае нічога. Цяпер гэтыя крыкі па начах. I музыку тваю дурную выкіну!

– Не чапайце мяне, калі ласка, – заплакала Бажэна. – Не атручвайце маю радасць. Яна мая. Мне зразумелая, а не вам!

– Тата, паўздзейнічай, я не ведаю, што з ёй робіцца.

– Дачушка, ну супакойся. Ты ж у мяне моцная. Памятай, што спачатку трэба адбыцца як асоба, а потым рознае там каханне. Колькі яшчэ будзе на тваім вяку.

– Не хачу колькі, хачу яго, мне ніхто болей не патрэбны. Ён адзіны, такога больш няма! – плакала Бажэна.

– А кажаш, што вялікая. Цацкі дзяўчынцы не даюць.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации