Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 9 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны

Фрагмент 4. Гісторыя Кронана

Нёман – адна з галоўных рэк Беларусі, і не выпадкова ў народзе яе здаўна з асаблівай павагай называюць «Бацька Нёман». Тут дарэчы пагаварыць якраз пра слова Нёман. Спецыялісты ўжо даўно імкнуцца растлумачыць загадкавую назву ракі, якая не мае лёгка чытэльнай асновы, відавочна запазычанай з моў усходніх славян. Часцяком вытокі гэтага кароткага і фанетычна моцнага рачнога імя шукаюць у мовах прыбалтыйскіх народаў. Напрыклад, існуе версія, якая кажа, што адна з літоўскіх назваў чарніц «nemuogė» перайшла, у некалькі змененай форме, да найважнейшай ракi літоўскіх і беларускіх земляў. Літоўскае «miškelis», якое азначае невялікі малады лясок, некаторыя адмыслоўцы паказваюць у якасці магчымай асновы для вядомага яшчэ ў Сярэднія вякi назову Мемель, якім звалі адну з найбуйнейшых рэк рэгіёна жыхары нямецкіх тэрыторый. Часам спецыялісты знаходзяць вытокі імя ў іншых мовах. Лацінскае слова «nemus», якое азначае гушчар або гай, таксама называюць у ліку правобразаў імя «Бацькі Нёмана». Фінскае «niemi» абазначае мыс. Не варта забываць і адну са старажытных назваў ракі: Кронан, якую звязваюць з Кроносам, богам-бацькам Зеўса Грамавержца ў старажытнагрэцкай міфалогіі.

У любым выпадку, якое б паходжанне не мела імя цудоўнай беларускай ракі, сутнасць яе ад гэтага не мяняецца. Нёман застаецца сабой, то бок мае пэўныя гідралагічныя характарыстыкі.

Рака сілкуецца атмасфернымі ападкамі, адталымі водамі, а таксама крыніцамі. Найбольшы сцёк звычайна бывае вясной, але можа быць і ў іншыя сезоны. У цёплыя зімы Нёман можа не замярзаць, затое, паводле некаторых звестак, у асобныя асабліва халодныя зімы быў пакрыты лёдам больш за 100 дзён. Рачная сістэма Нёмана мае прыкметы дрэвападобнага тыпу. Тут часта сустракаюцца водмелі, пясчаныя астраўкі, перакаты і плёсы. Глыбіня ракі 1,5—5,6 метра. Сярэдні ўхіл складае 0,08 м/км.

Багатая гісторыя «старажытнага Кронана», воды якога бачылі сотні найзырчэйшых падзей, вядома, можа быць неверагодна цікавай.

Берагі ракі былі заселеныя з моманту адступлення леднікоў. Існуе археалагічная культура (7 – 3 тысячагоддзі да нашай эры), якая атрымала назву ў гонар Нёмана.

У Сярэднія вякi на тэрыторыі нёманскага басейна ішло актыўнае ўзаемадзеянне балцкіх і славянскіх плямёнаў. Яшчэ ў перыяд XII – XIII стагоддзяў у раёне Нёмана афармляецца шэраг часткова незалежных старажытнарускіх княстваў, найгалоўным з якіх, як можна меркаваць, першапачаткова было Гродзенскае. Багатая крэпасць на вяршыні наднёманскага ўзгорка, вядомая як старажытны Гарадзен, была важным цэнтрам славянскай каланізацыі на землях Панямоння. Адной з натуральных перашкод для нападу непрыяцеля на гарадзенскі дзяцінец служыў якраз Нёман.

Да перыяду ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, у XIII стагоддзі, адносяцца згадкі аб суднаходстве на Нёмане, а ў другой палове гэтага стагоддзя на Панямонне нападаюць крыжакі. Падчас баявых дзеянняў рыцары часта перапраўляліся праз нёманскія воды. На больш-менш блізкай адлегласці ад ракі, было пабудавана мноства розных умацаванняў, у тым ліку магутныя замкі ў Троках, Навагрудку, Лідзе, а таксама замкі ў Гродне і Коўне, якія стаяць ушчыльную з Нёманам.


Караблі на Нёмане ў 2020 годзе. Фота аўтара.


Вельмі цікавы вайсковы эпізод, звязаны з Нёманам, згадваецца пад 1390 годам. Тады войскі Ягайлы аблажылі гродзенскія замкі, а Вітаўт спрабаваў дапамагчы сваім гарнізонам, стоячы на левым беразе ракі. З гэтай мэтай ён стварыў пераправу ў замак, але польскія войскі Ягайлы, па звестках гісторыка Яна Длугаша, ссеклі векавыя дрэвы і спусцілі іх па цячэнні, каб разбурыць створаную Вітаўтам канструкцыю. Гэты дасціпны трук аказаўся для абложнікаў паспяховым.

Яшчэ адзін цікавы эпізод, звязаны з ракой, зафіксаваны ў дзённіку шляхціца Яна Храпавіцкага, пад 1668 годам:

«Раніцай віціна, нагружаная жытам, і з Міланоўскім, як толькі яна выйшла насупраць замка ў Гродне, патрапіла на моцны рачны парог, па віне п'янага рулявога, таму што ён не змог добра яе накіраваць, і ледзь не разбілася, нават рачнікі ўсё страцілі надзею і ўпалі ў ваду. Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».

Храпавіцкі згадвае тут вельмі цікавае судна, віцiну, якую прынята лічыць асаблівым, характэрным менавіта для Нёмана, караблём. Віціны хадзілі па Нёмане і іх даўжыня, паводле некаторых звестак, дасягала 42-х метраў. Для параўнання, флагманскі карабель Хрыстафора Калумба «Санта-Марыя», на якім ён адкрыў Амерыку, быў прыблізна ў два разы карацейшы.

У 1708 годзе Нёман стаў сведкам ваеннага мастацтва адчайнага шведскага караля Карла XII. Знатны шляхціц Кшыштаф Завіша пісаў пра гэта так:

«У Гродне шведскі кароль асабіста разам з шасцю сотнямі кавалерыстаў захапіў мост і шэсць маскоўскіх палкоў з горада прагнаў. Сам цар і Меньшыкаў збеглі адтуль за некалькі гадзін».

У другой палове XVIII стагоддзя «Бацька Нёман» перажыў асаблівую падзею. У тыя гады басейны Нёмана і Дняпра былі злучаны праз стварэнне канала Агінскага.

Успаміны польскай шляхцянкі Уршулі Тарноўскай, якія тычацца 1796 года, могуць паказаць чытачу наступны цікавы эпізод:

«Выехала я з Гродна ў сем вечара ў панядзелак, але прыехаўшы да перавозу праз Нёман убачыла, што дарога загрувашчана салдатамі і экіпажамі маскоўскімі і яны сказалі мне, што Рапнін знаходзіцца на беразе і аглядае новы мост, а таксама нядаўна пабудаваныя караблі, на якіх, разам з прускімі і іншымі афіцэрамі, ён павінен адправіцца для вызначэння межаў на вадзе».

Гэтыя ўзаемадзеянні прускіх і расійскіх адміністрацый не былі адзінымі. У 1803—1807 гадах пруска-расійская камісія займалася праектам карэкціроўкі рэчышча Нёмана.

Улетку 1807 года Аляксандр I і Напалеон Банапарт, не жадаючы вайны адзiн з адным, сустрэліся на мірных перамовах, якія прайшлі на плыце пасярэдзіне Нёмана, побач з горадам Тыльзіт (Савецк). Дамовіцца тады ўдалося, і ўладцы заключылі Тыльзіцкі мір. Аднак у чэрвені 1812 года велізарнае французскае войска перайшло Нёман, каб у выніку ўзяць Маскву, а затым прайграць вайну.


Сустрэча Аляксандра I і Напалеона на Нёмане.


У 1839 годзе быў завершаны Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман з Віслай.

У перыяд Другой сусветнай імя беларускай ракі ўвекавечылі ў назве эскадрыллі «Нармандыя – Нёман».

Вось некаторыя вехі гісторыі Нёмана. У непасрэднай блізкасці ад гэтай выдатнай ракі размешчана мноства славутасцяў, якія, па-за ўсякім сумневам, варта ўбачыць беларускім і замежным турыстам.

Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі

Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.

Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.

На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.

Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.

Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі – Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.

Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.

З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.


Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.


У часы Станіслава Аўгуста Паянтоўскага, у пушчы распараджаўся яго ўсемагутны ў ВКЛ прыхільнік, граф Антоні Тызенгаўз. Паўлегендарныя звесткі польскіх гісторыкаў XIX стагоддзя, сведчаць аб тым, што няўрымслівы каралеўскі фаварыт ледзь не ўладкаваў на пастаяннае месца жыхарства ў пушчу вялікага філосафа Жан-Жака Русо.


Жан-Жак Русо – амаль паляшук. Ігральная карта XVIII – XIX стагоддзяў.


Пасля далучэння да Расійскай імперыі земляў знішчанай Рэчы Паспалітай, рускія ўладары даволі хутка заўважылі патэнцыял Белавежскай пушчы. Цар Аляксандр III загадаў узвесці, прыкладна на месцы двара польска-літоўскіх валадароў, своеасаблівы паляўнічы замак, манаршага размаху. Размяшчаўся аб'ект на ўскраіне сучаснай вёскі Белавежа, і цяпер ад яго захавалася няшмат, хоць турысты ўсё яшчэ могуць убачыць эфектную «замкавую браму» знішчанай царскай рэзідэнцыі.

Пасля таго як палац згарэў у агні II Сусветнай палякі не сталі аднаўляць аб'ект, які асацыюецца з перыядам валадарства Расіі.


Царскі палац у Белавежы.


Ну а ў беларускай частцы пушчы пасля вайны была пабудавана знакамітая рэзідэнцыі «Віскулі» якая спачатку мела ролю паляўнічай хаткі (калі так можна назваць самавіты дом, у стылі сталінскай неакласікі) для кіраўнікоў СССР, ну а затым менавіта ў гэтым лясным кутку былі падпісаныя знакамітыя Белавежскія пагадненні, якія фармальна пазначылі распад СССР.

Вядома, што мяцовыя жыхары вырабляюць сваю асаблівую самагонку, якая носіць яркую назву «пушчанка». У 2000-х гадах аўтар, знаходзячыся ў складзе групы творчых работнікаў, меў магчымасць наведаць раённы цэнтр Свіслач, пасля чаго прымаючы бок вывез калектыў у пушчу, дзеля арганізацыі своеасаблівага банкету. Аднак просьбы пачаставаць гасцей менавіта «пушчанкай» не былі задаволеныя, бо гаспадары, па іх словах, не чакалі ўвагі працаўнікоў культурнага профіля да іх самаробнага прадукта і таму не назапасілі яго, а зрабілі стаўку на простую гарэлку з крамы. Мілыя, асабістыя ўспаміны…

Вось такая кароткая гісторыя знакамітай Белавежскай пушчы.

Фрагмент 6. Храм Ваўкавыска і загадка каложскай лапаткі

Старажытнарускі храм у горадзе Ваўкавыску адрозніваецца ад менскага храма, які мае падобны лёс, тым, што аблічча ваўкавыскай святыні даследчыкі могуць рэканструяваць даволі дакладна.

Узвядзенне храмаў Мінска і Ваўкавыска, на думку гісторыкаў, не было завершана і, ва ўсякім разе, цэрквы вядомыя толькі ў раскопках. Аднак храм Ваўкавыска адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы, і больш за тое, яго план амаль дакладна паўтарае план так званай Ніжняй царквы – старажытнай святыні гродзенскага дзядзінца, вядомага як Стары замак. Гэта дае важкія падставы меркаваць, што царква ў Ваўкавыску павінна была быць падобная на гарадзенскія цэрквы, уяўленне пра якія дае, перш за ўсё, адносна нядрэнна захаваны Барысаглебскі храм на Каложы.

Цікавая дэталь звязвае ваўкавыскі храм з гродзенскай Каложай. Заходні фасад гродзенскага храма, як і аналагічны фасад ваўкавыскага, несіметрычны. У правай частцы фасада Каложы знаходзілася шырокая лапатка, непадобная на суседнія, а ў ваўкавыскім храме ў гэтым месцы да падмурка фасада прымыкае падмурак асобнага прамавугольнага аб'ёму, які дазваляе меркаваць, што старажытны дойлід збіраўся ўзвесці там нейкую вежу.


Каложская царква, сярэдзіна XIX ст. Справа бачная шырокая лапатка.


Дзіўнай каложскай лапаткай, згубленай у выніку абвальвання сценаў храма, зацікавіўся гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які выказаў меркаванне, у сваёй публікацыі «Ці мела Каложская царква вежу-званніцу?», што тут некалі размяшчалася званіца храма. Пры гэтым спецыяліст меркаваў, што сама званіца не захавалася, а шырокая лапатка ўяўляла сабой яе ўнутраную сценку, то бок калісьці была закрытая вонкавымі сценамі. У доказ гэтай здагадкі Вашкевіч паказваў на вельмі сціплы дэкор шырокай каложскай лапаткі ў параўнанні з суседнімі, упрыгожанымі, паводле канона гродзенскай школы, паліраванымі камянямі і маёлікавай пліткай.

Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.


Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.


Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.

Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.

Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.

Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.

Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.

Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.

Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага

Фарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.

У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.

«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».

Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.

Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:

«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».

Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.

Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.

Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.

«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: „Пайдзі да Навагародка“. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».

Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.

Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.

Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.

У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:

«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька – Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».

Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.

Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.

«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».


Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.


Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:

«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».

Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.

Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.

Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў – Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.

Фрагмент 8. Да пытання сталічнасці Навагародка: аналiз артыкула Т. Банараўскаса

У гэтай нататцы аўтар паспрабуе разгледзець артыкул вядомага літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пад назвай «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф». Пісаўся гэты артыкул даўно, больш за 20 гадоў таму, і яго аўтар, па-за ўсякім сумневам, прагрэсаваў з тых часоў у плане сваёй прафесійнай дзейнасці, але і зараз яшчэ дадзеная праца Баранаўскаса нярэдка фігуруе ў якасці крыніцы інфармацыі ў розных публікацыях, таму варта разгледзець твор бліжэй. У рамках навукова-папулярнага выдання аўтар не ставіць сабе задачу выконваць фармальныя правілы напісання крытычных работ – ніжэй дакладна не прадстаўлена класічна аформленая рэцэнзія. Замест гэтага выкарыстаны, скажам так, вольны падыход, які дазваляе данесці сутнасць крытычных заўваг у жаданай для аўтара форме.

Прыступім да сутнасці і звернемся да цытат са згаданага вышэй артыкула.

«1238 г. стаў фатальным для Русі і Літвы. На Русь навалілася хваля мангольскага нашэсця, якая неўзабаве ператварыла ў руіны многія квітнеючыя гарады. У Літве ж, наадварот, спыніліся міжусобіцы і зацвердзілася аднаасобная ўлада Міндоўга».

Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:

«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: ″Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве ″. Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.

Далей ён піша:

«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: ″Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину ″. Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».

А вось тут выснова Баранускаса аб залежнасці дзіўная і па сутнасці нічым не абгрунтаваная. Нежаданне пінскіх князёў ваяваць з Літвой, пра якое ідзе гаворка, зусім не кажа пра залежнасць Пінска ад Літвы. За некалькі гадоў да апісаных падзей Міхаіл Пінскі спрабуе папярэдзіць літоўцаў аб надыходзе галіцка-валынскіх войскаў.

«Міхаіл Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска».

Гэта сведчыць аб тым, што пінскі князь шукаў нейкіх кантактаў з літоўцамі, але зусім не сведчыць аб залежнасці пінчукоў ад Літвы.

Пасля апісання малапаспяховых для літоўцаў сутыкненняў з валынянамі, у выніку якіх Міндоўг і Войшалк аддалі князю Раману Данілавічу Навагрудак, а таксама інфармацыі аб барацьбе валынян з яцвягамі, Баранаўскас робіць цалкам неабгрунтаваную выснову аб Навагрудку:

«Яцвягі ўваходзілі ў склад Літвы як перыферыйнае, не зусім паўнапраўнае і неканчаткова інтэграванае ў структуру дзяржавы племя, аднак таксама на больш-менш добраахвотных асновах. Яны пярэчылі змене іх статусу, але ненастойліва. Наваградак жа быў уключаны ў склад Літвы шляхам гвалту, і таму не аказваў ніякага супраціву перадачы горада прадстаўніку традыцыйнай для яго дынастыі Рурыкавічаў. Жыхары Наваградка ад такой рэформы толькі выйгравалі».


Лічыцца, што гэта пячатка Міндоўга.


З чаго менавіта літоўскі спецыяліст тут робіць выснову аб уключэнні Навагародка ў склад Літвы «шляхам гвалту»? У папярэдніх частках тэксту ў якасці нейкага абгрунтавання для гвалту прысутнічае толькі тэкст пра «рэпрэсіі» Войшалка, у якім, як чытач ужо мог пераканацца раней, няма ніякіх указанняў на этнічную прыналежнасць нібыта забітых людзей. Ці былі гэтымі ахвярамі будучага хрысціянскага падзвіжніка наваградцы, ці палонныя з ліку валынцаў, а можа быць і няўгодныя слугі-літоўцы? Аб гэтым дакумент маўчыць. А значыць ніякіх абгрунтаванняў гвалтоўнага далучэння Наваградка Баранаўскас не прывёў і яго высновы цалкам галаслоўныя.

Пасля згадвання забойства Міндоўга, літоўскі даследчык паведамляе аб вяртанні Войшалка ў Літву з Пінска, куды да гэтага збег спадчыннік вялікага князя, баючыся забойцаў бацькi.

«Пачуўшы аб гібелі Трэнёты, Вайшалгас адразу вярнуўся ў Навагрудак, а адтуль з пінскім і наваградскім войскамі адправіўся ў Літву займаць трон».

Тут Баранаўскас справядліва паказвае на ўдзел пінчукоў і наваградцаў (а апошніх, нагадаю, нібыта ўключылі ў склад ВКЛ шляхам гвалту) ва ўсталяванні ўлады Войшалка. Гэты найважнейшы для гісторыі Беларусі момант летапісу прама паказвае, што продкі беларусаў яшчэ ў самым пачатку дзяржаўна-утваральных працэсаў ВКЛ у Панямонні мелі палітычную суб'ектнасць, а не з'яўляліся толькі аб'ектам заваёвы магутных літоўскіх кунігасаў, як гэта жадаюць бачыць некаторыя літоўскія спецыялісты, у тым ліку і спадар Баранаўскас.

Далей гісторык працягвае цытаваць летапіс.

«У Літве змоўшчыкі супраць Трэнёты ўжо падрыхтавалі глебу да прызнання сына Міндоўга вялікім князем: ″Литва же вся прияша и с радостью своего господичича″. Радасць, аднак, не была ўсеагульнай – праваслаўны князь не карыстаўся папулярнасцю ў Літве».

І зноў Баранаўскас дазваляе сябе, кажучы па сутнасці, адсябяціну, прыпісваючы супернікам Войшалка матывы, якія не пазначаныя ў дакуменце. Чаму менавіта праваслаўнае хрышчэнне князя павінна было ствараць яму ворагаў (ці пазбаўляць папулярнасці, як гэта называе Томас), а не мноства іншых фактараў, у тым ліку і лагічнае для феадалаў суперніцтва ў барацьбе за ўладу і рэсурсы?

Далей літоўскі гісторык апісвае падзеі, звязаныя з вакняжэннем у Літве Шварна Данілавіча і дастаткова абгрунтавана заўважае:

«Можна зрабіць выснову, што Навагрудскае княства Вайшалгас перадаў свайму суправіцелю і намечанаму спадкаемцу Шварну. Навагрудак, такім чынам, у 1264—1267 г. можна лічыць рэзідэнцыяй субманарха Літвы».

Хоць дзеля справядлівасці варта заўважыць: тое, што польскiя паслы заспелі Шварна ў Навагародку (ГВЛ дае такi эпiзод) не даказвае сталічнасць горада, але ўсё ж для таго, каб гаварыць, як гэта робіць Баранаўскас, пра рэзідэнцыю князя Шварна ў Навагародку ёсць некаторыя падставы.

Далей літоўскі спецыяліст зноў прадстаўляе чарговыя здагадкі.

«Нездарма баяўся Шварн ўлады ў Літве – Літва, якая згубіла дзесяць гадоў таму яго брата Рамана, з цяжкасцю прыняла праваслаўнага Вайшалгаса, Літва не была гатова падпарадкавацца чужому князю. Гэта не мела прэцэдэнта ў гісторыі сярэднявечнай Літвы. Княжанне Шварна ў Літве было кароткім, летапісец замоўчвае падрабязнасці, толькі коратка абагульняе: ″Княжащю же по Воишелце Шварнови в Литовьскои земли, княжив же немного лет, и тако преставися. И положиша тело его въ церкви святыа Богородица близъ гроба отня. Посем же нача княжити в Литве окаанныи, безаконныи, проклятыи и немилостливыи Троидени… ″. Смерць Шварна ў Холме кажа аб тым, што памёр ён, быўшы выгнаным з Літвы „акаянным“ Трайдзянісам».

Хто менавіта паведамляе Баранаўскасу, што Літва не была гатова падпарадкавацца чужому ўладцы застаецца загадкай для чытачоў, таму што ў цытатах з летапісу, прыведзеных самім жа літоўскім гісторыкам, нічога такога няма. Больш за тое, летапісец прама гаворыць аб праўленні Шварна ў Літве і нічога не гаворыць аб выгнанні. Гэтае самае выгнанне Баранаўскас даказвае тым, што Шварн памёр у Холме, хоць сказана толькі пра тое, што ён быў пахаваны ў Холме побач з бацькам, відавочна, у нейкай сямейным магільным склепе галіцка-валынскіх князёў. Па логіцы Томаса выходзіць, што Стэфан Баторый, пахаваны ў саборы Вавеля, памёр у Кракаве, а не ў Гродне, як было насамрэч, і, відаць, Стэфана хто-небудзь выгнаў з яго любімага горада над Нёманам.

Далей літоўскі гісторык дэманструе своеасаблівае «чытанне думак» Трайдзеня.

«Засяроджваючы сваю ўвагу на ўдарах па Тэўтонскім ордэне і на падтрымцы паўстанняў балцкіх плямёнаў (прусаў, земгалаў) супраць Ордэна, ён і абарону літоўскіх інтарэсаў у Навагрудскай зямлі бачыў у балцкай каланізацыі краю. У 1276 г. ″придоша Пруси къ Троиденеви из своея земле неволею пред Немци. Онъ же прiя я к собе и посади чясть их в Гродне, а часть ихъ посади у Слониме ″.».

Чаму менавіта нейкія «літоўскія інтарэсы ў Навагрудскай зямлі» павінны былі рухаць Трайдзенем падчас так званай «балцкай каланізацыі», а не простае жаданне ўзмацніць гарнізоны важных замкаў новымі падданымі? Само слова каланізацыя, хаця фармальна і можа падыходзіць сюды, у значэнні «засяленне», усё ж у кантэксце выглядае хутчэй указаннем на нейкую культурную літоўскую экспансію, казаць пра якую няма ніякіх падставаў.

У цэлым, ва ўсёй карціне, якая малюецца ў артыкуле Томаса Баранаўскаса, адчуваецца жаданне паказаць Літву нейкай «нацыянальна літоўскай» дзяржавай, якая не прымае чужакоў і іншаверцаў, хоць той жа Галіцка-Валынскі летапіс згадвае з людзьмi Міндоўга нейкага Астафiя Канстанцінавіча, а братоў Трайдзеня гэтая ж дакладная крыніца называе хрысцiянамі.

Вельмі сумнеўныя і высновы спадара Баранаўскаса ў канцы артыкула.

«Міндаўгас ніколі не кіраваў Навагрудкам непасрэдна, а толькі праз сваіх васалаў, г. зн. праз свайго сына Вайшалгаса і некаторы час праз Рамана Даніілавіча. Дадзеныя аб кіраванні Навагрудкам праз васалаў цалкам выключаюць меркаванне, што ён мог быць сталіцай у часы Міндоўга. Зусім немагчыма перадача сталіцы ў лён князю чужой дынастыі. Не захавалася ніводнага дакладнага пасведчання аб тым, што Міндоўг наогул калі небудзь асабіста наведваў Наваградак. Гэта, вядома, не выключае такой магчымасці, але чыста тэарэтычная магчымасць не мяняе высноў аб значэнні Навагрудка для Міндоўга».

Цвёрдая ўпэўненасць у тым, што Навагрудак ніколі не кіраваўся Міндоўгам непасрэдна, здаецца дзіўнай, бо дакументы прама не сведчаць пра гэты факт, затое нашчадкам дакладна вядома, што Наваградак належаў Міндоўгу. Яшчэ больш дзіўнай выглядае думка аб тым, што Міндоўг ніколі не бываў у буйным і багатым горадзе, які знаходзіўся ў яго землях. Пры гэтым у сучаснай Літве старажытнай сталіцай аб'яўляецца Кернава, хаця гэты горад сапраўды ніяк не звязваецца з Міндоўгам вядомымі дакументамі. Памер і даволі багатая матэрыяльная культура гэтага літоўскага паселішча, выяўленыя пры раскопках, зразумела, ніяк не даказваюць яго сталічнасць. Акрамя таго, у Літве згаданая ў крыніцы прыналежнасць Кернава Трайдзеню нярэдка чамусьці тлумачыцца як указанне на сталічнасць горада. Па аналогіі, Навагародак, які дакладна належаў Міндоўгу, можна аб'яўляць яго сталіцай, калі, вядома, не прытрымлівацца нейкіх падвойных стандартаў. Больш за тое, нават Томас Баранаўскас вымушаны прызнаць, што:

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации