Текст книги "Алёнкіны казкі"
Автор книги: АлёнКа
Жанр: Историческая фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Марыць не шкодна, або ключы ад шчасця
Свет дзіўны: у ім усё магчыма.
Х. Л. Борхес
Жабы зроблены з таго ж матэрыялу, што і камяні, толькі матэрыял гэты па-рознаму выкарыстаны.
Р. Фейнман
На працягу некалькіх тыдняў мяне не пакідала адно жаданне. І вось аднойчы, выпадкова зайшоўшы ў кнігарню, вырашыла запытаць: варта гэтае жаданне маёй увагі ці не. Раптам бачу кнігу з цікавай назвай «Адказ». Я ўзяла яе, расчыніла на першай трапіўшайся старонцы, ткнула пальцам, чытаю: «Вы будзеце на сёмым небе ад шчасця». Вырашыла: добра, інтуіцыя ў чарговы раз мяне не падвяла. І тут заўважаю побач яшчэ адну кнігу: «Ключ». Апошнюю я купіла, не раздумваючы – i не пашкадавала! Кніга апраўдала сваю назву. І калі вам таксама не дае спакою нейкае жаданне, паспрабую падзяліцца з вамі «ключом» да яго здзяйснення.
Але спачатку давайце згуляем у асацыяцыі.
Адкажыце, калі ласка, на пытанне: якія вобразы ўзнікаюць у вас пры слове «ключ»?
Так, залаты ключык з казкі А. Талстога «Залаты ключык, або прыгоды Бураціна».
Які вынік напрошваецца?
Правільна, ключ да выканання жаданняў трэба шукаць у казках, у першую чаргу, у народных.
Вы бачылі калі-небудзь казку з нешчаслівым канцом? Рэдка. Відаць, таму што героі казак ведалі, як дасягнуць сваёй мэты. I народ, які iх складаў, таксама. Тады, каб зрабіць сваё жыццё падобным на казку, дастаткова прааналізаваць пачуцці і ўчынкі казачных персанажаў.
З чаго пачынаецца шлях да ажыццяўлення мэты? З узнікнення жадання. Здаецца, што можа быць прасцей, жаданні ёсць у кожнага. Але далёка не ўсе яны, здзяйсняючыся, робяць нас шчаслівымі. Чаму? Таму што важным складнікам жадання з’яўляецца яго якасць: скіраванасць у бок дабра або зла, умоўна кажучы.
Глядзіце, калі герой робіць нешта для сваіх бацькоў і робіць гэта з задавальненнем (напрыклад, здабывае для бацькі маладзільныя яблыкі), ён дасягае пастаўленай мэты, прайшоўшы шэраг выпрабаванняў. Прычым, заўважце, калі герой стараецца не дзеля сябе, а дзеля іншых, ён і сам не застаецца без узнагароды: атрымлівае ў дадатак каня або прыгажуню нявесту. Тое ж, калі шукае каханую з мэтай ажаніцца, або старыя хочуць займець дзяцей ці ўнукаў. Крыху інакш выглядае сітуацыя, калі чалавек хоча грошай. Ён атрымлівае і іх, але яны яму на карысць не ідуць. Жадаць быць сытым, апранутым і абутым пры гэтым не забараняецца. Задавальненне сваіх першасных патрэб успрымаецца як нешта, што само сабой разумеецца, як норма, і не атаясамляецца з прагнасцю. І ўжо зусім іншая рэч, калі старэйшыя браты з зайздрасці забіваюць больш удачлівага малодшага, або калі злая мачыха хоча звесці са свету сваю падчарку – вось за гэтыя жаданні заўсёды надыходзіць расплата!
А зараз адкажам на другое пытанне: якімі якасцямі трэба валодаць, каб усё задуманае табой здзяйснялася? Якімі характарыстычнымі асаблівасцямі надзяляюць станоўчыя персанажы казак?
Пры любых выпрабаваннях яны застаюцца чыстымі сэрцам і душой, упэўненыя ў сабе, у сваіх сілах, спакойныя, разважлівыя, кемлівыя, ім не ўласцівыя злосць, зайздрасць, нянавісць. І яшчэ трэба адзначыць адну якасць, якая часам дорага каштуе, але, напэўна, неабходна, паколькі прысутнічае ў многіх станоўчых персанажаў – даверлівасць. Бо нельга, напэўна, падазраваць у подласці іншых, не будучы подлым самому. Тым не менш, заўсёды знаходзяцца сілы, якія ім дапамагаюць: крумкачы з жывой і мёртвай вадою, шэры воўк, волатаўскі конь, магутны дуб. Ці не таму, што нашы продкі верылі (ведалі!), што душу мае ўсё жывое, а не толькі чалавек. Цяжка гэта ўявіць сабе? А вы паспрабуйце сабаку, які на вас брэша, у думках сказаць: «я твой сябар» – ён перастане брахаць. Або папрасіце чорную кошку не пераходзіць вам дарогу – і яна застанецца стаяць на месцы, пакуль вы не пройдзеце. Дзіўна, праўда? Але гэта так. А калі жывёлы (і расліны таксама!) разумеюць нас, нашу мову, думкі, жаданні, ці не сведчыць гэта аб тым, што ў іх ёсць тая ж частка божай энергіі, што і ў нас?
Яны могуць нават прадбачыць будучыню і папярэдзіць нас аб небяспецы. Як зрабіў мой любімы кот Аляксандр (можна Шурык): прыгаючы з шафы, ён так «удала» прызямліўся на сістэмны блок ад камп’ютара, што той зваліўся на падлогу. Добра, там у гэты час ляжаў выратавальны круг – ён апраўдаў сваю назву цалкам. Камп’ютар застаўся цэлы, але я зразумела, што інфармацыю з яго трэба перапампаваць кудысь яшчэ, і скінула яе на флэшку. Праз тры дні паляцела сістэма Windows. Усе матэрыялы, якія знаходзіліся на дыску С, у тым ліку, «казкі» і гатовая дыпломная работа, былі знішчаны і аднаўленню не падлягалі. Пасля гэтага я пайшла і расцалавала свайго ката, якога тры дні таму аблаяла.
Вяртаючыся да якасцяў нашых герояў, трэба да ўсяго пералічанага дадаць яшчэ настойлівасць у дасягненні мэты, гатоўнасць прайсці праз выпрабаванні і застацца пры гэтым самімі сабой: добрымі, светлымі, мудрымі, шчырымі, любячымі.
І тады самыя неверагодныя, самыя чароўныя казкі стануць явай, і вы знойдзеце дзесьці там, за сёмым перавалам, сваю аленькую кветачку, рэалізуеце заветную мару: знойдзеце каханне, спазнаеце ісціну, будзеце атрымліваць задавальненне ад любімай справы.
Суб’ектыўнае ўспрыманне аб’ектыўнай рэчаіснасці, або як зрабіць, каб ілюзіі здзяйсніліся
Аднойчы я абмовілася, што жыццё – гэта ілюзія. Прыйшоў час патлумачыць, што я мела на ўвазе.
Зразумела, што пэўная рэчаіснасць існуе: мы ўсе робім нейкія дзеянні, ходзім на працу, нараджаем дзяцей, нехта ўжо паспеў пабудаваць дом і пасадзіць дрэва замест некалькіх дзясяткаў, ссечаных дзеля пабудовы дома – гэта аб’ектыўныя рэчы. А ў чым жа тады заключаецца ілюзія? Разгледзім, што пад гэтым словам разумеў З. Фрэйд (кніга «Будучае адной ілюзіі»): «Характэрнай рысай ілюзіі з'яўляецца яе паходжанне з чалавечага жадання, яна блізкая ў гэтым аспекце да ідэй, прыходзячых да чалавека ў стане трызнення ў псіхіятрыі, хоць адрозніваецца і ад іх [як і ад памылковых ідэй], не кажучы ўжо аб большай структурнай складанасці бязглуздай ідэі. У бязглуздай ідэі мы выдзяляем як істотную рысу супярэчнасць рэчаіснасці, ілюзія ж неабавязкова павінна быць памылковай, гэта значыць нездзяйсняльнай ці супярэчачай рэчаіснасці».
Як бачым з меркаванняў Фрэйда, ілюзія бярэ сваё паходжанне з вобласці фантазіі і абумоўлена чалавечымі жаданнямі. Яна можа як здзяйсніцца, так і не, але ў любым выпадку падчас свайго ўзнікнення не супярэчачая рэчаіснасці фантазія ёсць ілюзія.
Фрэйд разважаў такім чынам ў адносінах да рэлігіі, разбіраючы, якія з яе пастулатаў можна аднесці да ілюзій, якія да бязглуздых ідэй, а якія з іх з’яўляюцца памылковымі. Мы ж спраецыруем яго разважанні на рэаліі нашага з вамі жыцця.
Уявіце сабе наступную сітуацыю: лета, слупок тэрмометра паказвае 34 градусы ў цяні, а вы збіраецеся ў «час пік» ехаць кудысьці ў перапоўненым тралейбусе. Што вы адчулі, смакуючы наперад такую сітуацыю? Вас можна зразумець. Але ж можна было на гэта паглядзець і з іншага пункту гледжання: вы ў хуткім часе за бясцэнак у абедзены перапынак пабываеце ў сауне! А колькі дзындраў выведзецца з арганізма з потам падчас падорожжа?! Яшчэ колькі такіх паездак – і лішніх двух-трох кілаграмаў як не бывала. Цуд ды й толькі!
Адчулі розніцу паміж тым, як гэтую простую, здавалася б, сітуацыю звычайна ўспрымаеце вы, і як маглі б успрыняць. А розніца ва ўспрыманні адбываючагася ў сучасны момант і ў прадчуванні будучых падзей вядзе да выклікання розных пачуццяў, часам супрацьлеглых. Апошнія ж аказваюць непасрэдны ўплыў на нашу будучыню. Скажу па-іншаму. Калі вы навучыцеся з задавальненнем ездзіць на грамадскім транспарце, уяўляючы сабе пры гэтым, што падарожнічаеце на ўласным аўтамабілі, то верагоднасць таго, што ён у вас калі-небудзь з’явіцца, шматкратна павялічваецца.
Прывяду яшчэ адзін, менш яскравы, але, магчыма, больш жыццёва важны прыклад.
Дзеля гэтага мне трэба будзе распавесці вам некалькі сваіх сноў. Таму спачатку хацелася б крыху падрыхтаваць вас да гэтай інфармацыі.
Што такое сон?
Існуе шмат навукова-псіхалагічных даследванняў на дадзеную тэму. Цікавае азначэнне сну давалі нашы продкі, лічыўшыя сон падарожжам душы. Такое меркаванне зразумелае: а чым яшчэ яны маглі абгрунтаваць тое, што ў сне мы можам назіраць незвычайныя краявіды, якіх ніколі не бачылі ў жыцці, сустракаць іншых людзей і памерлых родзічаў. (А калі так, то атрымліваецца, што памерла толькі іх фізічная абалонка – цела?) Наколькі з гэтым можна пагадзіцца? Давайце паразважаем.
Пачну з прыкладаў.
Колькі год таму мы з сябрам, смеху дзеля, правялі (амаль што навуковы!) эксперымент. Я ў сне, цалкам свядома, я хачу сказаць, у канралюемым сне, горача яго цалавала. Раніцай ён распавёў мне аб тым, што гэтае ж самае снілася і яму. Такім чынам, ствараецца ўражанне, што ноччу мая душа «хадзіла на спатканне» да яго душы і рабіла з ёю ўсё, што мне хацелася. Праз некаторы час тое ж зрабіў мой сябар. Толькі калі ён справакаваў сходную сітуацыю асэнсавана, са мной на гэты раз усё адбывалася ў стане глыбокага сну.
Як бачыце, умяшацельства ў ваш і ваша ў сон іншага чалавека – рэальная рэч. Узнікае пытанне: якім чынам гэта адбываецца? Дзякуючы чаму эксперымент удаўся? У чым заключаецца механізм утварэння сноў?
Вельмі прыгожа было б адказаць на пастаўленыя пытанні з дапамогаю таго азначэння сну, якое давалі продкі, такі вывад нібыта напрошваецца сам сабою. Але гэта не так. Дух можа на некаторы час пакінуць цела чалавека, калі той спіць, але толькі ў выключных выпадках. Адрозніць такое падарожжа можна па спецыфічных адчуваннях пры абуджэнні: ты раптоўна асэнсоўваеш, што толькі што быў (не ў сне, а наяве) у другім месцы, а прачнуўся на сваім ложку – адсюль здзіўленне; ты добра памятаеш, як толькі што быў абсалютна свабодны ў сваіх перамяшчэннях, а стаў звязаным межамі свайго цела – адсюль дыскамфорт; ты адчуваеш, што хацеў бы апісаць атрыманы вопыт пры дапамозе слоў і разумееш, што слоў, дакладна перадаючых перажытае, не існуе. Калі ж іншы чалавек і можа ўбачыць разгульваючы на свабодзе дух жывога чалавека, то такая сустрэча хутчэй будзе нагадваць сутыкненне з прывідам, сон тут ні пры чым.
Вобразы ж сноў ўзнікаюць у глыбіні нашай падсвядомасці. На карысць гэтай гіпотэзы і супраць сцвярджэння, што сон ёсць перамяшчэнні духа-душы, выступае той факт, што, па-першае, не заўсёды Маша сніцца Дашы ў той час, як Даша сніцца Машы – пры сапраўднай сустрэчы абедзвюм дзяўчынам снілася б адно і тое ж; па-другое, паколькі Саша сніўся мне ў той час, калі ён знаходзіўся на працы і дакладна не спаў, то мой дух ніякім чынам не мог з ім сустрэцца, а вось працаваць маёй падсвядомасці такая акалічнасць не перашкодзіла б.
Такім чынам, атрымліваецца, што сон – гэта праца ўнутранага «я» чалавека. Тады ўзнікае шэраг іншых пытанняў: якім чынам думкі другога чалавека аказваюць уплыў на тое, што мне сніцца? Чаму нябожчык, які з’явіўся ўначы, часта папярэджвае аб сапраўднай небяспецы? Дзякуючы чаму мы часам бачым у сне фрагменты будучыні, а на святкі суджанага?
Хто ведае, адкуль бяруцца грыбы? Вырастаюць з грыбніцы, нябачна ахутваючай усю зямлю, нібы павуценне, яшчэ з даўніх-даўніх часоў. Сны – тыя ж грыбы, дзе грыбніцай будзе з’яўляцца сфера падсвядомага. Гэтак жа як кожны грыб будзе змяшчаць інфармацыю аб усёй грыбніцы, так і праз сон можна атрымаць праўдзівую інфармацыю не толькі аб працэсах, якія праходзяць ва ўнутраным свеце чалавека, але і аб падзеях, адбываючыхся звонку – у свеце думак, эмоцый, пачуццяў. І няма нічога дзіўнага ў тым, што мы даведваемся ў сне аб рэчах, скрытых ад многіх з нас наяве: аб думках і пачуццях іншых людзей, аб той будучыні, якая была б для нас найлепшай і аб той, якая пагражае ў выніку выбару, зробленага на сённяшні дзень. Пры гэтым звесткі могуць паступаць праз вобразы знаёмых людзей і памерлых родзічаў, і праз тых, якіх вы не ведаеце, што ведаеце, таксама праз сімвалы, зразумелыя вашаму розуму. Нітачкі з падсвядомасці цягнуцца настолькі далёка, што пры жаданні можна атрымаць доступ практычна да любых ведаў, знаходзячыхся ў памяці Сусвету.
Падагульнім. Вобразы сноў могуць з’яўляцца вынікам перапрацоўкі засвоенай за дзень інфармацыі або нявырашанай фізіялагічнай праблемы, могуць служыць сродкам рэалізацыі незадаволеных ўдзень жаданняў (гэта ідэя належыць Фрэйду). Часта сны даюць адказы на пастаўленыя пытанні і ўказваць на пачуцці да нас іншых людзей, расказваюць аб падзеях, якія здараюцца ў жыцці родных, блізкіх і знаёмых. Або яны могуць паказаць магчымыя варыянты будучыні, каб вы маглі зрабіць правільны выбар. У цэлым жа сон з’яўляецца працай нашай падсвядомасці. Падсвядомасць, у адрозненне ад свядомасці (сазнання), добра ведае, што для нас лепш і праз сон імкнецца да нас дастукацца, бо так жа мы дапускаць яе ў сваё жыццё пазбягаем!
Таму, калі вы хочаце жыць у згодзе з самім сабой, прыслухоўвайцеся да голасу інтуіцыі, нават калі розум будзе аказваць упартае супраціўленне.
І працягваем разважаць.
16 красавіка 1999 года мне прысніўся дзіўны сон: «Увайшла ў кіназалу. Светла. Ідзе кіно. Заўважыла незнаёмага мужчыну, якога – адчуваю – кахаю. Села побач. Цёмна. Хачу быць як мага бліжэй да яго. Прыкідваюся соннай, схіляю галаву яму на плячо. Ён мяне абдымае, лашчыць – спакойна і пяшчотна. Усе паварочваюцца. Запальваецца святло. Абмяркоўваюць сітуацыю і пакідаюць нас удваіх. Ён працягвае мяне абдымаць. Я адчуваю сябе бы ў раі.»
13 жніўня 2010 года падобны сон прысніўся мне зноўку. На гэты раз з некаторымі ўдакладненнямі. Паслухайце і яго.
«Мы з сяброўкай, якая таксама крыху раней за мяне падала на развод, збіраемся ў кіназалу. На першую серыю мы ўжо спазніліся, ведаем гэта, але не спяшаемся. На другую, цікавейшую серыю прыходзім своечасова. Селі на розных радах – мой Лене падаўся надта высокім. Раптам заходзіць на гэты раз знаёмы мне мужчына, сустракаемся з ім вачыма. Я чакаю, што будзе далей. А далей ён падыходзіць і садзіцца побач. Затым паўтараецца ўсё, як у першым сне. Толькі напрыканцы, пасля выхаду з кіназалы (выходзіць не хацелася так!), мы ішлі разам па дарозе, удваіх, бясконца доўга… (Дарога вельмі нагадвала тую, па якой я хадзіла з пасёлка, з шашы, у вёску, дзе нарадзілася.)».
Раптам у гэты чароўны сон урываецца (зноў-такі, у сне) званок мабільніка, падобнага на мой, але яшчэ ў горшым стане.
Вы разумееце, што гэты званок быў вельмі несвоечасовы, так як перашкодзіў мне тады даведацца аб дакладным месцазнаходжанні раю? Але, судзячы па накірунку руху, можна прыйсці да высновы, што ён (рай) знаходзіцца дзесьці ў Гомельскай вобласці. Толькі не вытапчыце, калі ласка, усё Палессе, шукаючы! Магчыма, там знаходзіцца толькі мой рай.
Падымаю, чую голас толькі што сніўшагася мне чалавека:
– Прывітанне.
– Прывітанне.
– Хачу сказаць нейкія… словы…
(Не магу нічога разабраць, вельмі дрэнная сувязь. Прашу паўтарыць. Паўтарае, але ўсё роўна нічога больш не чуваць.)
– Ідзі да чорта!!!
Адразу пасля гэтых слоў кінуў трубку. Ператэлефаноўваю (вядома ж, у сне). Ніхто не бярэ трубку.
Ужо наяве.
Успомніла радкі з верша, які чытала ўчора: «У палон прасілась я да Вас, а Вы свабоду мне дарылі…”. Далей распавядаецца пра тое, як няўдзячная за такога роду «падарунак» жанчына сумна скончыла. Для сябе вырашыла, што я не яна. Таму словы «ідзі да чорта» успрыняла як добры знак таго, што цікавячая мяне асоба мяне пачула (у сэнсе, відаць, адчуў, што я яго не забываю). Да таго ж нельга пайсці да істоты, якой не існуе. Засталося пачакаць колькі часу, каб яшчэ і зразумеў, што лыжка да вячэры нічым не горш за лыжку да абеду. А нават калі і не зразумее, гэта не перашкодзіць мне атрымліваць асалоду ад жыцця і, у такім выпадку, ад свабоды, да якой заўсёды імкнулася.
Не зразумейце толькі мяне памылкова. Адчуванне сябе свабодным не мае нічога агульнага з прыняццем рашэння «адпусціць тармазы» і «жыць на поўную шпульку». У такім выпадку чалавек не знаходзіць свабоду, а, наадварот, страчвае яе, становіцца залежным ад уласных страсцей. Быць свабодным у дадзеным кантэксце азначае толькі мець удвая меншую адказнасць, што будзе садзейнічаць больш лёгкай хадзе.
Сапраўды свабодным можа лічыць сябе толькі той чалавек, які здолеў падняцца над – сабой, абставінамі, поглядамі натоўпу, агульнапрынятымі ўстаноўкамі, стэрэатыпамі. Каб атрымаць ясны зрок, трэба ўзняцца над гарызонтам.
Калі ў вас сустракаліся ў жыцці падобныя выпадкі, не важна, у сне ці наяве, памятайце, што ва ўсім трэба бачыць толькі добры бок. Галоўнае не тое, што з вамі здараецца ў той ці іншы момант жыцця, а тое, што вы пры гэтым адчуваеце. Таму што толькі станоўчыя эмоцыі здольныя даць станоўчыя вынікі.
Быць непапраўным аптымістам значна лягчэй і прыемней, чым спраўным песімістам.
І нават калі свабода вам падабаецца менш, чым мне, не трэба рабіць выгляд «дохлага ільва». На «падаль» кідаюцца толькі «шакалы». Я нічога не маю супраць гэтых жывёл, санітары лесу быць павінны, толькі вось ці жадаеце вы быць «смеццем»? Памятайце таксама: «сілком мілы не будзеш». Інакш кажучы, нельга навучыць, у тым ліку і любіць, таго, хто сам вучыцца не жадае – гэта я вам як настаўнік-дэфектолаг кажу. Зацікавіць можна. У любым выпадку, канца свету няма. І не будзе! Ёсць толькі яго аднаўленне.
А зараз давайце адкажам на пытанне: дык што ж зрабіць, каб лепшыя з тых сноў, якія вы калі-небудзь бачылі, здзяйсніліся, а ілюзіі сталі-такі рэчаіснасцю?
Па-першае, яны не павінны рэчаіснасці супярэчыць – не варта ісці супраць законаў прыроды. Па-другое, жаданне, іх спарадзіўшае, павінна быць дастаткова моцным і, па-трэцяе, пазітыўным. Лепш пазітыўным, калі вы не хочаце наклікаць на сваю галаву безліч розных няшчасцяў. Дастаткова ўлічваць гэтыя тры рэчы і – фантазіруйце сабе на здароўе, бо заўсёды ёсць верагоднасць таго, што сённяшняя мара стане заўтрашняй явай, адсутнасць жа ілюзіі саму такую магчымасць выключае. Такім чынам, пераасэнсаваўшы і разам з тым крыху перайначыўшы фразу, прагучаўшую ў пачатку главы, робім вынік, што жыццё – гэта ажыццёўленая ілюзія, або аб чым марыце, тое і маеце.
А прымаўку «Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе» прыдумалі ідыёты. Навошта мучыць бедную сінічку? Няхай сабе лётае, дзе ёй хочацца. Разам з іншай, сабе падобнай, сінічкай. І што дрэннага ў тым, каб паназіраць за жураўлём? Спусціцца ён да вас на зямлю – добра, а не, дык палёт жураўля – не самы горшы краявід.
Гэта разважанне вельмі нагадвае дэвіз «усё або нічога»? Не, не так. Усё або ўсё. Мабыць, інакшае, але ўсё. Апошні дэвіз больш жыццёсцвярджальны, а значыць, прынясе больш шчасця яго паслядоўніку.
Ваўкалакі – міф або рэчаіснасць, або што было спачатку: яйка ці курыца?
«Што было спачатку: курыца ці яйка?» – не адно пакаленне вучоных задае сабе гэта пытанне і так і не можа прыйсці да адзінай высновы.
Адказ, між тым, ляжыць на паверхні. Спачатку была качка.
Чаму менавіта качка? Таму што да яе была толькі вада, а качка, як вядома, птушка вадаплаваючая. Калі гэты довад вас не задавальняе, тады варта ўспомніць міф аб утварэнні Сусвету.
Спачатку была вада, потым прыляцела качка, якая, мабыць, вядомая інстынктам прадаўжэння роду, вырашыла адкласці яйка. Дзеля гэтага ёй патрэбна было звіць гняздо, што яна і пачала рабіць, б’ючы лапкамі па вадзе. Так атрымалася суша.
Неверагодна? А вы вазьміце трохлітровы слоік падагрэтага дамашняга малака і патрасіце яго хвілін сорак. Што ў вас атрымалася? Ну вядома ж, кавалак масла, акружаны малаком меншай тлустасці або шчыльнасці. Таму – факт.
Такім чынам, атрымліваецца своеасаблівы ланцужок: вада-суша-яйка, выседзеўшы якое, качка дала жыццё ўсяму жывому.
Тады адкуль узяўся чалавек?
Глава невыпадкова мае двайную назву. І Дарвін не вельмі памыляўся, калі лічыў, што чалавек пайшоў ад малпы. Яго памылка змяшчалася толькі у адным слове —«малпа». Замяніце яго агульным паняццем «жывёла» – і вось вам гатовая карціна нашага з вамі паходжання. Нездарма першапачатковымі рэлігіямі ўсяго чалавецтва былі анімізм і татэмізм. А гэта значыць, што ўсё: чалавек, жывёлы, расліны, камяні маюць душу.
Ну што, шаноўныя жанчыны, вам усё яшчэ хочацца атрымаць на дзень нараджэння шыкоўны венік з некалькіх дзясяткаў забітых кветак?
Слова «татэмізм» азначае, што кожны род мае свой татэм і пакланяецца той жывёліне, ад якой узяў пачатак. Так што ваўкалакі ніякі не міф, а самая што ні на ёсць сапраўдная рэчаіснасць.
Вось тое, што датычыцца паходжання мужчын.
Адкрытым застаецца пытанне: адкуль пайшла жанчына? У Бібліі і больш позніх міфах сцвярджаецца, што з рабра. Але раней нашы продкі лічылі, што жанчына ўтварылася з пляўка мужчыны. Чым ён пры гэтым пляваўся, гісторыя замоўчвае, але наўрад ці сліной: аплюйце вы хоць усё наваколле – чалавек ад гэтага не народзіцца. Такім чынам, прыходзім да высновы, што продкі мелі на ўвазе плявок іншай часткі цела мужчыны. А менавіта той, па якой мы адрозніваем, хлопчык нарадзіўся ці дзяўчынка. Пры гэтым, наўрад ці чалавека-воўк займаўся самазадаволеннем. Хутчэй за ўсё ён скарыстаўся для гэтай мэты звычайнай ваўчыцай (ці можа мядзведзіцай, не гэта галоўнае). У выніку такога вось «свяшчэннадзейства» і ўтварылася жанчына.
Добра гэта ці дрэнна, а з усяго вышэй сказанага выцякае, што чалавек не «вянец тварэння», а вынік генна-храмасомнай мутацыі шэрагу жывёл. Магчыма, таму ён з’яўляецца менш дасканалай істотай за звяроў. Бо як тады растлумачыць тое, што яны нас разумеюць, а мы іх, у большасці сваёй, не. А роздумы пра дабро і зло – вынік палёту хворага ўяўлення. Яшчэ сафісты гаварылі: «Дабро ёсць зло, для зла». Таму такіх паняццяў, як дабро і зло не існуе, ёсць толькі наша суб’ектыўнае меркаванне аб тых ці іншых з’явах, як аб добрых або дрэнных.
На тое, што чалавек узяў сваё паходжанне ад жывёл, указваюць не толькі нашы паданні пра пярэваратняў, але і главы з паэмы Авідзія «Метамарфозы», дзе расказваецца пра Эака, для якога Зеўс стварыў працалюбівых гараджан з мурашак, і пра Кадма, дзе з зубоў змяі ўтвараюцца воіны і, больш за тое, дзе Кадм сам разам з жонкай пераўтвараюцца на змей; апошняе адбываецца згодна іх пажаданняў.
Вяртаючыся да ваўкалакаў. Аляксандр Гарбоўскі ў кнізе «Жыццё, смерць, бессмяротнасць?..» выказвае цікавае меркаванне, што ў стане трансу можна выходзіць са свайго цела і ўсяляцца ў цела жывёлы. Жывёла ж, утрымліваючая адразу дзве сутнасці – сваю і чалавека, будзе з’яўляцца пярэваратнем, адным з магчымых яго ўвасабленняў. А калі так (калі казаць без жартаў), то, распавядаючы сваю версію паходжання чалавека, нашы продкі, верагодна, хацелі ўсяго толькі намякнуць нам на магчымасць перасялення душ. Татэмізм, у такім выпадку, указвае на тое, што душа кожнага з жывучых сёння людзей змяшчалася некалі ў целе жывёлы.
Так што, калі сустрэнеце дзесь на ўскрайку лесу тры ўторкнутых побач нажы – не чапайце іх, пашкадуйце свайго суродзіча ваўкалака – не ўсё незразумелае і непадуладнае сярэднестатыстычнаму чалавечаму розуму з’яўляецца благам.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?