Электронная библиотека » Альгерд Бахарэвiч » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 13:00


Автор книги: Альгерд Бахарэвiч


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +
7. Iх больш, чым мы думаем

Як жа так магло стацца, што сярод белага дня ў дэмакратычнай краіне пад жаночым назовам «Рэспубліка Беларусь», у краіне з даведкай пра тое, што яна знаходзіцца ў самым цэнтры Эўропы, у краіне, якой кіравалі мудрыя і магутныя дзяржаўныя мужы, адрэстаўраваны на дзяржаўныя грошы княскі замак зь велікапышнымі высокімі мурамі і неблагой крамаю сувэніраў, замак, які з гордасьцю паказвалі турыстам з усяго сьвету, раптам апынуўся ў руках банды тэрарыстак, кучкі няўрымсьлівых бабаў без цара ў галаве?

Магчыма, рэч у тым, што ў замак пускалі ўсіх без выключэньня. Сто тысяч білет, школьнікам – зьніжка. На аўтобусе: трыста тысяч плюс чаявыя экскурсаводу. Калі б для наведаньня замку былі ўведзеныя строгія правілы і на браме стаяў бы мэталадэтэктар, ці хаця б дэтэктар хлусьні, такога безабразія ніколі б ня здарылася. Магчыма, праблема палягала ў недастатковай пільнасьці экскурсаводкі – яна магла б зьвярнуць увагу на тое, што некаторыя экскурсанткі паводзяцца нетыпова для беларускіх жанчын: маюць занадта цьвёрдыя сьпіны, трымаюцца асобна ад калектыву, гавораць мала, фарбуюцца з выклікам і надзяваюць белыя, занадта белыя сукенкі. Магчыма, жанчынам наогул трэба было б забараніць наведваньне замкаў. Забараніць, баронячы іх ад Гісторыі, ад якой яны вельмі часта цярпелі, а калі не цярпелі і ўмешваліся, дык карысьці ад іх не было ніякай, толькі інтрыгі, падман, атрута і цёмныя закуткі. Без жанчын Гісторыя, вялікая Гісторыя, была б раўнейшай, велічнейшай і прастакутнейшай.

Але так ці інакш, замак, здалёк падобны да галавы індзейца з адкрытым ротам, стаўся лёгкай здабычай бандытак. Рот закрыўся. За апушчанай замкавай брамай уладкавалася на раскладным крэсьле вартавая з Фалічным Сымбалем на каленях. Такія самыя маладзіцы сталі на вежах і мурах, жанчыны ў летніх сукенках і лёгкіх спадніцах, якія варушыў вецер, у джынсах і нават у спэцадзеньні – бо сярод удзельніц банды Босай былі і супрацоўніцы палацава-замкавага комплексу.

І гэта таксама было правінай адміністрацыі і новай дырэктаркі. Даўно варта было зьвярнуць увагу на тое, што за апошні год у Замак уладкавалася адразу некалькі маладых жанчын, выпускніц беларускіх вузаў, якія такім чынам знайшлі сабе працу па разьмеркаваньні. Некалькі гадоў адрэстаўраваны замак стаяў сабе, мёртвы і непахісны, служачы пляцоўкай для розных банкетаў і тэлевізійных баляў, і тут раптам працаваць сюды ўладкаваліся маладыя кабеты, якім бы замуж і ў радзільню, а не ў халодныя замкавыя залі, што пахнуць сьвежым тынкам і застарэлым тубэркулёзам. Гэта былі дзяўчаты з дыплёмамі бібліятэкараў, гісторыкаў, філёлягаў, настаўніц нікому не патрэбнай мовы і не прыдатных ні да чога культуролягаў, якія заўжды жывуць заўтра, і таму сёньня карысьці ад іх ніякай. Іх было ўсяго дзесяць-пятнаццаць – але гэтай колькасьці хапала, каб утрымліваць у замку ўладу.

Зрэшты, зь імі нашай групе блізка пазнаёміцца не давялося – як і зь іншымі экскурсантамі і тым абслуговым пэрсаналам, што заставаўся ў замку на момант захопу. Нас вартавалі дзікія дзеўкі Босай: насьмешлівая і непрыгожая Аленькі Цьвяточак, кітаец (а насамрэч тыбэтка) Царонг, тоўстая Нямона Ліза і хударлявая, як манэкеншчыца, дзяўчына з кабыліным тварам, якую ўсе называлі Джэк Патрашыцель. Занадта даўгія мянушкі – і было нешта вычварэнскае ў тым, што яны з задавальненьнем вымаўлялі гэтыя мянушкі да канца, не скарачаючы іх і не абсякаючы. Было ў гэтым нешта грунтоўнае – быццам тэрарысткі казалі такім чынам, што іхная ўлада ў замку надоўга. Што ж, давялося і нам звыкнуцца называць іх менавіта так.

Папіўшы абяцанай кавы і пад’еўшы канапак з замкавых прыпасаў, мужчынская палова нашай групы адразу ж пачала снаваць пляны вызваленьня. Жаночая частка пазірала на нас з надзеяй, якая вельмі хутка саступіла месца расчараваньню, і гэтае жаночае расчараваньне дратавала нас яшчэ мацней за нечаканы палон. Чалавек у акулярах прапанаваў абвясьціць галадоўку – і тады, патлумачыў ён, ніякае жаночае сэрца ня вытрымае: калі тэрарысткі пабачаць натоўп згаладнелых мужыкоў, яны пераменяць мячы на апалонікі і накормяць нас баршчом, а калі баба гатуе боршч, яна імгненна ўспамінае сваё месца. «На каленях прыпаўзуць», – упэўнена казаў ён, і ў вачах ягоных былі толькі белыя калготкі, з чорнымі плямамі на каленях ад гэтага пакорлівага поўзаньня па падлозе, прывіды белых калготак, якія так пужаюць і так вабяць нас усё нашае жыцьцё.

Ніхто не паставіўся сур’ёзна да апэрацыі «Боршч», нават чалавек са значком. Той вырашыў, што разумней за ўсё будзе абмяняць нас на палітвязьняў.

«Какие ещё политвязни? – грымнуў кулаком па стале адстаўнік. – Хватит пиздеть. Я знаю, что делать».

«Дак скажите нам, батя!» – кінуўся да яго муж ціхмянай жанчыны.

«Подумать надо, – глуха сказаў адстаўнік. – Так быстро дела не делаются. Тут главное, чтобы без жертв. Чтоб не пострадали дети, старики и женщины. Это в нашей работе главное».

Ніякіх дзяцей сярод нас, на шчасьце, не было. Дзеці бегалі ўнізе, па замкавым двары, і з нашай прасторнай залі было чуваць, як яны прыдумляюць сабе гульні: дзяўчаткі гулялі ў клясыкі проста на бруку, і вось ужо адна падвярнула сабе нагу, і на ўвесь двор чуўся пранізьлівы крык.

«Сердце кровью обливается, – сказала Жанчына ў Зялёным. – Пусть бы лучше нас мучали, но детей-то зачем?»

Хлопчыкі ўнізе гойсалі вакол вартавой. Ці дала яна ім дакрануцца да Фалічнага Сымбаля? Да таго, што марыць мець кожны хлопчык – каб забіваць ворагаў, прыдуманых для яго дарослымі.

Бляндынчык, які чапляўся да Босай, адчуваў сябе самым абазнаным ва ўсім, што тычыцца тэрарыстак – як-ніяк, ён быў знаёмы з галоўнай бандыткай лепш за ўсіх, гаварыў зь ёй, дакранаўся і – мы ўсе яму чамусьці паверылі – ведаў жаночую псыхалёгію. Плян бляндынчыка быў наступны: ён паспрабуе спакусіць Аленькага Цьвяточка. «Это нетрудно, – пераконваў ён, пагардліва крывячыся. – Пусть только зайдет». Быццам пачуўшы, Аленькі Цьвяточак увайшла ў пакой і абвясьціла, што мы можам па адным схадзіць у прыбіральню, што была проста за дзьвярыма.

«Всё продумали, – прабурчаў адстаўнік. – План, я смотрю, не здесь разработан. Бабы сами не додумались бы…»

«Я первый, если вы не против», – бляндынчык, ухмыляючыся, нясьпешна выйшаў. А вярнуўшыся, абвясьціў, што ўсе яны лесьбіянкі ванючыя. Асабліва Босая.

«Я б ее научил искусству любви, – сказаў ён, разглядваючы сваё адлюстраваньне ў шкляным кубе, у сярэдзіне якога ляжалі кнігі. – Бля буду, я ее научу!»

І ў вачах ягоных зьявіліся сьлёзы.

Немцу, здавалася, усё гэта прыносіла неверагоднае задавальненьне. «Пиф-паф, – паўтараў ён раз-пораз са сьмехам, наставіўшы на нас палец. – Эти девушки нас всех пиф-паф! Эй, Шпэцль, ты будешь первый. И никто не узнайт, где могилька твоя… Я напишу твоей женщине в Грац. Даю слово».

Закаціўшы вочы і пагойдваючыся, Шпэцль сядзеў у куце на крэсьле. Ад яго ўжо даўно не было чуваць ані слова.

«Это и ест твой плян, гер Шпэцль? – весяліўся Кунцэ. – Сидит бичок, качается. Пока настоящие мужчины думать про спасенье. Австрия никогда не умел воевать!»

І Кунцэ паказаў нам на адсутную, безуважную постаць Шпэцля і зарагатаў.

Надышла і мая чарга наведаць прыбіральню. Я ішоў апошні. Аленькі Цьвяточак засталася на калідоры, паглядзеўшы на мяне безь ніякай цікаўнасьці. Фалічны Сымбаль цьмяна пабліскваў у руках гэтай жанчыны зь цяжкімі сківіцамі і вялікімі вушамі. Я чамусьці кіўнуў ёй і зайшоў. Уцячы з прыбіральні не было ніякай магчымасьці – там не было ні вокнаў, ні іншых дзьвярэй. Проста маленькі пакойчык, туалет для пэрсаналу. Калі за мной зачыніліся дзьверы, я адчуў сябе замураваным у замкавай сьцяне. Я дастаў цыгарэту і закурыў. Дзіўна: нешта мне замінала курыць там, у вялікай залі з масіўным сталом, дзе некалі, напэўна, ляжалі дарагія парцалянавыя люлькі і попельніцы на паўсотні курцоў.

«Аленькі Цьвяточак, – паклікаў я скрозь дзьверы. – Раскажы хоць, чаго вам трэба. Чаго вы патрабуеце? Дзеля чаго гэта ўсё?»

За дзьвярыма маўчалі.

«Вас жа возьмуць, яшчэ сёньня ўначы, – сказаў я з усёй упэўненасьцю, на якую быў здольны.

Маўчаньне.

«Гэта ня мае сэнсу», – сказаў я з дакорам, кінуў недапалак ва ўнітаз і выйшаў. За дзьвярыма нікога не было. Ні Аленькага Цьвяточка, ні Нямоны Лізы, ні Джэка Патрашыцеля, ні Царонг, ні самой Босай. Справа ад мяне былі дзьверы ў пакой, дзе мучыліся ў палоне мае браты. Зьлева цямнелі сходы. Пайсьці туды, зьнікнуць у лябірынце пераходаў і анфілядаў, згубіцца сярод нішаў і пакручастых лесьвіц. Паспрабаваць адшукаць выхад, знайсьці зброю, якая вісіць на сьценах шматлікіх заляў, гатовая пагражаць, сячы, калоць або проста надаваць упэўненасьць у сабе. Тут было ціха і холадна, і не чуваць ніводнага гуку, апрача шолаху ветру, што блукаў дзесьці ў шчылінах між камянёў.

Я пастаяў крыху, узіраючыся ў змрочныя сходы, а потым адчыніў дзьверы ў наш вялікі пакой і шчыльна зачыніў іх за сабою.

«Ну как там обстановка? – ускінуў галаву адстаўнік. – Долго ты как-то».

«Кто на посту? – спытаў муж ціхмянай жанчыны. – Та, страшная? Цветочек, блядзь, Аленький?»

«Яна. І ня толькі, – сказаў я. – Іх больш, чым мы думаем».

8. The Madwoman in the Attic

Ня ведаю: магчыма, у маім твары ёсьць нешта такое, што прымушае людзей і жанчын, а таксама сабакаў, катоў і грамадзян пажылога ўзросту ставіцца да мяне з даверам. Можа, рэч у падбародзьдзі – мяккім, акруглым, зусім не арыйскім. А можа, у голасе – падуладная яму актава не ўключае ў сябе тыя тры ноты, на якія прынята пасылаць іншых, калі яны лезуць не ў свае справы…

Так ці інакш, надвячоркам мяне паклікалі з мужчынскага кута нашай залітай сонцам турмы.

«Эй, ты, не знаю, как звать… – павярнуўся да мяне муж ціхмянай жанчыны. Яны там ужо даўно нягучна перагаворваліся, пазіраючы ў мой бок, гэтыя палонныя Босай ведзьмы, прыніжаныя, злосныя і галодныя. – Иди сюда, харэ там философа из себя строить, дело есть».

Я падышоў. У жаночым куце, які апанавала вязкае, соннае здранцьвеньне, заварушыліся, натапырыўшы вушы.

«Мы. Здесь. Подумали, – важка, як каўбасу парэзаўшы, прамовіў адстаўнік, гледзячы мне проста ў вочы. – Оценили обстановку. И решили».

«Решили послать тебя для переговоров, – таропка сказаў бляндынчык. – Кстати, давай знакомиться. Я Тимур».

Я назваў сваё імя. Высьветлілася, што чалавека ў акулярах завуць Паўлюком, чалавека са значком – Рыгорам. Муж ціхмянай жанчыны насіў гордае мяно Віталік, а адстаўнік быў, прасьці госпадзе, Міхаілам Юр’евічам.

«Вось і пазнаёміліся, – сказаў з усьмешкай Паўлюк. – Трэба было б узяць чарку за знаёмства, але ж хіба калі вырвемся жывыя, сходзім у адно месца ў Менску, там гаспадар мой знаёмы. Беларускамоўным, дарэчы, зьніжка!»

«Не пизди, – перапыніў яго Міхаіл Юр’евіч. Відавочна, ён лічыў, што інакш чым такім чынам размаўляць у такой сытуацыі нельга: мат загартоўвае мужчыну. – Не знал, не гадал, что придется с фашистами и немцами вместе выбираться из передряги. Но хрен с ним, потом разберемся. Пойдешь к главарям, узнаешь, что к чему, – строга сказаў ён, паклаўшы мне на плячо сваю сінюю валасатую руку. – По дороге смотри в оба, запоминай, постарайся найти хоть какую-то зацепку. И главное – тяни время. Узнай, чего они хотят и в чем их слабое место».

«Чего хотят женщины…» – расьцягваючы словы, правуркатаў Цімур.

«Ясна, чаго, – зь нянавісьцю прамармытаў Паўлюк. – Феміністкі херавы. Хочуць нас са сьвету зжыць. Каб з усіх мужыкоў зрабіць підараў, а з баб – лесьбіянак. Не, не за такую Беларусь мы змагаліся. Беларусь абыдзецца без жыдоў, камуністаў і підараў».

«Феминизм – это вывих головного мозга, – сказаў Цімур. – Но можно вправить упомянутое место назад, если, конечно, пациент небезнадежен. А бывают и такие случаи…»

«Тут дело политическое, – абсёк разгаворчыкі Міхаіл Юр’евіч і павярнуўся да мяне, упіўшыся ў вочы сваімі яснымі расейскімі зрэнкамі. – Давай, сынок. Верим в тебя».

Ён перахрысьціў мяне ўсімі сваімі татуіроўкамі і гучна паклікаў варту: «Эй, гестапо, поговорить надо!»

І вось ужо Аленькі Цьвяточак, паціснуўшы плячыма, перадала мяне Джэку Патрашыцелю, тая правяла па калідорах некуды наверх – як высьветлілася, у вежу – і здала на рукі санлівай Царонг. Чамусьці яны зусім не зьдзівіліся, калі я, запінаючыся, сказаў, што дэлегаваны для перамоваў з Босай – верагодна, жанчына ў белай, занадта белай сукенцы чакала, што давядзецца рана ці позна патлумачыць закладнікам, картамі ў якой гульні іх зрабілі.

Урэшце я апынуўся ў невялікім памяшканьні на самым версе правай замкавай вежы. З вузкага акна было выдатна відаць усю мясцовасьць: на самым даляглядзе лес, у які, як жанчына ў траву па малой патрэбе, садзілася мажное, усё ў блёстках і залатых валасах, сонца. Бліжэй да ўзгорку, на якім знаходзіўся замак, хвалямі разьліваліся лугі. Вілася рудым хвастом дарога, падмятаючы пад сябе рэшткі гэтага доўгага і зусім неверагоднага дня – лапамі ў лес, пысаю ў нябёсы ласкава ступала па зямлі ліса беларускага лета.

А зьверху на замак насоўвалася хмара – ня тая, пасьляабедная, бяскрыўдная і бесстароньняя, а ў сто разоў большая і чарнейшая. Быццам яе паклікалі сюды падступныя дробныя аблокі, якіх ужо нідзе не было відаць.

Зь вежы можна было разгледзець і наш аўтобус, і купку людзей каля яго – кіроўца махаў цыгарэтаю і пра нешта ўзбуджана расказваў. Воддаль замерла, не даехаўшы да брамы замку, міліцэйская машына, усе дзьверцы якой былі адчыненыя, нібыта яна зьбіралася перамахнуць цераз муры, але бог ня даў гусі патрэбных для гэтага крылаў.

Босая сядзела на стале – босая. Памахваючы голымі нагамі, варушачы пальцамі, Босая глядзела на мяне і ўсьміхалася, быццам толькі што ўдала пажартавала. Белая сукенка ледзь закрывала яе загарэлыя калені. Аголенымі рукамі яна ўпіралася ў стол і ўсім сваім выглядам паказвала, што, па-першае, зусім ня зьдзіўленая майму зьяўленьню, а па-другое, цалкам задаволеная становішчам. Справа ад яе стаяў белы, колеру сукенкі, адчынены ноўтбук, а зьлева мірна ляжаў Фалічны Сымбаль, і ў адтуліне ягонага дула быў нейкі сэнс, які мне ня надта хацелася спасьцігаць.

Я расказаў ёй, навошта прыйшоў. Па яе твары было відаць, што яна не паверыла ніводнаму майму слову.

Дакладней, не паверыла, што я прыйшоў да яе ня сам па сабе, а як пасланьнік мудрых і магутных, паланёных ёй мужоў. Відавочна, яна думала, я буду прасіць для сябе літасьці, па знаёмству.

Яна была падобная да вар’яткі, якая забралася на чужое гарышча – The Madwoman in the Attic. Ня каб нешта скрасьці – а каб хадзіць між незнаёмых рэчаў і пакідаць на іх свае дотыкі, забіраючы ў рэчаў душу і даючы ім новую.

«Напэўна, мне трэба сказаць штосьці адпаведнае моманту, – прамовіла яна, разглядваючы мяне не без інтарэсу. – Ну, там: а ты зусім не зьмяніўся… Ці: як ты пасталеў, сапраўдны мужчына! Ці: ну давай, расказвай, як яно, дзе працуеш, ці жанаты, сын, дачка? Але праблема ў тым, што…»

Яна лёгка саскочыла са стала.

«Праблема ў тым, што я не люблю адпавядаць. Ні момантам, ні іншым мамантам. Ну так, я цябе пазнала, хоць і не адразу, ты пазнаў мяне. І што? Ну чаму вы ўсе лічыце, што агульныя ўспаміны даюць права чапляцца да людзей? Ну так, некалі нам было пару дзён цікава разам. Даўным-даўно. І што далей?»

У гэтае «вы ўсе» было ўкладзена столькі пагарды, што сумневу быць не магло – перада мной была яна.

«А вось ты і праўда не зьмянілася», – сказаў я.

«Што ты сказаў? – яна зарагатала. – Ой, не магу. Слухай, я заўжды ведала, што мне ад цябе так проста не пазбавіцца. Што ты ніколі не пакінеш мяне ў спакоі. Трэба цябе расстраляць першым – але шкада. Слухай, чаму мне зноў цябе так шкада? У цябе талент выклікаць шкадаваньне».

Напэўна, трэба было сысьці і не трапляцца больш ёй на вочы. Але ўспаміны ўжо жылі, неспакойныя і такія яркія, што я проста апусьціўся на падлогу каля дзьвярэй і бездапаможна ўсьміхнуўся. Яна ўздыхнула, яна не магла выгнаць мяне проста так. Бо немагчыма выкрасьліць з жыцьця цэлы месяц, хай ён нават даўно памёр, немагчыма зрабіць выгляд, што тваё жыцьцё карацейшае на цэлага чалавека – асабліва калі ён жанчына.

Мы пазнаёміліся даўно, гадоў дваццаць таму. Проста некалі, узімку, на ўскраіне гораду, раніцай, на першым сьнезе…

Але расказваць гісторыі трэба ня так.

9. Дываны на сьнезе

…Раніцай на раёне ўсчыналася сапраўдная пальба – рэха стрэлаў вылятала з самых нечаканых сховаў, адгукалася дзесьці ў пахвіне: бах, бах, бах, пахла сьнегам, пахла потам, патыхала хатнім пылам, як порахам.

Бо гэта мы, хлопцы, выносілі на першы сьнег дываны, каб выбіць зь іх старую, закарэлую кроў і напаіць зімой. І маці праводзілі нас да парога, быццам гэта і праўда была вайна – хаця за ёй яны маглі назіраць з вокнаў кухняў, не адыходзячы ад пліты. Дыван на плячы, як нейкая дагістарычная фузея, і зь яго сыплецца шархатлівая перхаць. А ў руцэ ружовая выбівалка, бо іншых у тутэйшай краме ня купіш, на плячах – старая рваная куртка, на галаве вязаная каска з надпісам «Адыдас», а на шчоках – чырвоныя зорачкі сораму за свой недарэчны, ржачны, зусім ня гжэчны выгляд.

Выбі яго як сьлед, сынок.

Ну праўда – як пра ворага. Выбі яго зь яго стану, са стогнам, зь лямантам, з роднага лінолеўму, з роднай зямлі.

Выбі і вяртайся абедаць.

Ліфт, бясконцы, бяздонны. Пастаўлены тарчма, скручаны дыван дужа нагадвае абмяклае чалавечае цела. У скручаным дыване адразу прачынаецца нешта жывое. Таму хочацца як мага хутчэй дабрацца да поля бітвы і пазбавіцца гэтай непатрэбнай чалавечнасьці, а заадно апраўдаць свой маскарад.

І вось ты ўжо клэпаеш па сьнезе, а вакол страляніна і людзі на карачках, яны курчацца на дыванах, як чорныя падбітыя птушкі, твары засяроджаныя, быццам у золаташукальнікаў, а за сьпінай дом, на які ты стараешся не азірацца. Твой дом. І ты тут сярод сваіх – сярод людзей, якія выбіваюць дываны, і гэта адзінае, што яны здольныя зь сябе выбіць. Усё астатняе застаецца. Назаўжды – і ўсе з усімі пажэняцца.

Рытуал выбіваньня не такі просты, як здаецца. Падкідваючы на выбівалцы, як на ракетцы, пругкае нецярплівае рэха, яшчэ чужое, ужо існае, трэба пастаяць крыху над раскладзеным дываном, сям-там прыцярушаным зьверху невялічкай сьнежнай завеяй, што круціцца пад нагамі. А перад гэтым набраць сьнег у пальцы, проста, каб адчуць стыхію. Расьціснуць іх, агледзецца: тут і праўда поле, голае белае поле з рассыпанымі па ім шэрымі прастакутнымі гравюрамі, выбітымі проста на сьнезе. Поле, на якое глядзіць высокі дзевяціпавярховы дом. Ты шукаў на ім яшчэ не занятае, некранутае месца, вока просіць сымэтрыі, душа – аўтаноміі: дыван трэба раскласьці так, каб быць разам з усімі і пры гэтым ні да кога ня быць занадта блізка. Толькі людзі, якія выбіваюць на раёне дываны зімовай раніцай на першым сапраўдным сьнезе, маюць адчуваньне гэтай адлегласьці. Калі раскласьці дыван занадта блізка ад кагосьці – падумаюць, што ты ад іх чагосьці хочаш. Хоць чаго ты можаш ад іх хацець? Іхныя выбівалкі? Іхныя шапачкі? Іхныя дываны?

Навошта табе выбіваць чужыя дываны?

А калі разьмясьціцца занадта далёка ад іхных палеткаў і нівак – падумаюць, што ты ня хочаш ад іх нічога, і пакрыўдзяцца. Гэтых людзей так лёгка пакрыўдзіць – як і любога, хто выконвае сьвяты рытуал ачышчэньня.

Таму ўсё ня проста, зусім ня проста. Але трэба пачынаць – і вось ты садзішся на карачкі і робіш пробны ўдар: няўдалы, пляскаты, ён кладзецца на паверхню дывана занадта няўпэўнена, гук пусты і марны, як слова таго, каму няма чаго сказаць. Здаецца, што ўсе на цябе нават азірнуліся. Але другі ўдар выходзіць што трэба: сакавіты, магутны і смачны, ён выпраўляецца ажно на другі канец раёну. І вось ужо неўзабаве ты пачуваешся саўдзельнікам усеагульнай каўрамахіі – намацаўшы нейкі рытм у бязладным лупцаваньні, твая рука стрымліваецца, перад тым, як апусьціць выбівалку на прыцярушаны сьнегам дыван, бо цяпер ты ўжо не салдат, а бубнач, музыка, і ад цябе залежыць нешта большае, чым проста пыл і пал. Трымай рытм. Рыфмуй удары.

Не, калі ты ніколі не выбіваў дываноў на першым сьнезе – у табе нічога не адгукнецца.

Дома выбітыя дываны ажывалі і пачыналі дыхаць. Ад дываноў ішоў дзіўны водар – як улетку ад балотцаў, што былі раскіданыя сям-там па рэдкім лесе на ўскраіне нашага мікрараёну. Здавалася, у выбітых дыванах увадначасьсе распускаліся вільготныя расьліны, прачыналіся інсэкты, варушылася зялёная раска, ад дываноў ішла нябачная, задушлівая пара. Кватэра пахла балотам, і ты ступаў на выбіты, мокры яшчэ дыван асьцярожна, нібы баяўся праваліцца ў яго па калена. Ідучы мыць рукі, толькі што прынесены дыван абміналі, пачціва ціснучыся да сьценаў, а абедаючы, задаволена прынюхваліся: чысьціня. Нядзеля. Зіма. Дзевяностыя гады назаўжды мінулага стагодзьдзя. Кватэра дзевяціпавярховіка на ўскраіне гораду, які табе яшчэ толькі наканавана было адкрыць. Нясьпешны час, аднолькавыя дні, вечны ліфт, нязьменныя дываны.

Але аднойчы, перш чым ты прыцягнуў чарговы дыван дахаты, з табой здарылася нешта, што ты таксама запомніш на ўсё жыцьцё. Аднойчы, калі ты сядзеў на кукішках на першым сьнезе і быў увесь апанаваны шалёнай каўрамахіяй, да цябе падышла яна. У белым футэрку, чарнаногая, у вязанай шапачцы. Падышла, спынілася за паўкрока і пачала назіраць.

Яна не павіталася – проста стаяла і ня зводзіла зь цябе вачэй. Ты таксама моўчкі працягваў выбіваньне – хіба што спраўнасьці і мужчынскай сілы ў табе паболела, ты ўсяляк паказваў ёй, што ты ня хлопчык, а чалавек, заняты справаю. Бах, бах, бах. Пыл і порах былі тваімі стыхіямі, а ейнымі: сьнег і чырвоныя ад нязлоснага марозу шчокі. Даўгія вейкі ледзь бачна ўздрыгвалі ад кожнага ўдару. Людзі-птушкі махалі крыламі, топчучыся вакол сваіх апекаванцаў, ніхто не зьвяртаў на вас увагі.

«Што ты ўяўляеш сабе, калі б’еш?»

Я зьдзівіўся так, што спыніў свае практыкаваньні і, млява паляпваючы па далоні выбівалкай, падняўся.

«Што?» – спытаў я, проста каб выйграць час.

«Што ты ўяўляеш сабе замест дывана, калі б’еш па ім гэтай штукай?»

Вядома, тады мы размаўлялі па-расейску. Гэта цяпер, у Замку мы, прыйшоўшы кожны сваёй сьцяжынай да адзінай нашай роднай мовы, маглі шчасьліва пазьбягаць радасьцяў білінгвальнасьці, а тады інакш і быць не магло: толькі расейская, расейская мова гораду, нашая расейская мова, мова дзяцінства. Мне было шаснаццаць, ёй было чатырнаццаць, яна зьявілася ў нашай богам забытай школе на ўскраіне сталіцы некалькі дзён перад тым і чамусьці я ня мог спакойна глядзець, як яна кожную раніцу ідзе на заняткі. Можа, таму, што яна, кажуць, пераехала сюды з цэнтру. Яна была жывым сьведчаньнем таго, што там, пад зямлёй, дзе канчалася мэтро, пачынаўся зусім іншы горад. Сапраўдны. Што яна тут забыла – між дываноў і замерзлых балотцаў, між аднолькавых дзевяціпавярховікаў і грубых і шчырых людзей, якія дагэтуль ня ведаюць, зь якой плянэты яны прыляцелі. І калі ў іх спытаць цяпер, тых людзей з майго дзяцінства, што яны зрабілі… «Мы выбівалі дываны», скажуць яны. Як быццам выконвалі загады. Такое вось апраўданьне.

Што ты ўяўляеш сабе замест дывана, калі ты б’еш па ім гэтай штукай?

Нічога сабе пытаньнечка.

«Ты што, ня ведаеш слова «выбівалка»? – спытаўся я смурна і сплюнуў. Бо менавіта так мусілі паводзіцца сапраўдныя мужчыны.

Яна без усялякае агіды паглядзела на тое месца, дзе мая сьліна прабіла патаптаны сьнег, і расчаравана і нецярпліва прамовіла: «Ну добра, выбівалка. Як нецікава. Дарэчы, ты мог бы прыдумаць для гэтай штукі нейкае лепшае слова. Тваё таемнае слова».

«Напрыклад?» – сказаў я наўмысным басам і зноў сплюнуў.

«Ну, наколькі ў цябе фантазіі хопіць. Ды хаця б «убівалка». Ужо весялей, – і яна павяла плячыма пад сваім белым футэркам. – Дык каго ты ўяўляеш? Прызнаешся – ці так і будзеш стаяць і глядзець на мяне, як манэкен?»

Так і сказала: як манэкен. Сам не паверыў бы, калі б так яно і не было. І я зьбянтэжыўся, апусьціўся да свайго дывана, але яна не сыходзіла, чакаючы адказу. Ну, ня мог жа я сказаць ёй праўду: што часам уяўляю перад сабой белы, голы жаночы азадак, па якім луплю сваёй «убівалкай» і не магу спыніцца, не магу наталіць вочы пунсовымі ўзорамі на празрыстай скуры. Што ў іншыя моманты згадваю, як часам, застаючыся адзін дома (о, гэтае адзін дома… шчасьце маленькага мізантропа) – браў алоўкі, клаўся голы на гэты дыван і няўмела маляваў жанчын у непрыстойных позах, жанчын у белых калготках, і церся аб ворс, і з пачуцьцём віны выціраў зьдзейсьненае. Давялося нешта выдумаць. А што, я ўжо ня памятаю. Бо гэта было даўно. Задоўга да ўсіх кавярняў, жанчын і замкаў.

О, гэта была вельмі дзіўная і вельмі культурная дзяўчынка. І вельмі хутка мне давялося ў гэтым пераканацца. Таму што мы пачалі сустракацца кожны дзень – і неўзабаве ўжо не маглі абыходзіцца адно без аднаго.

І мне і ў галаву не магло прыйсьці тады называць яе Босай.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации