Электронная библиотека » Андрэ Маруа » » онлайн чтение - страница 1

Текст книги "Навелы"


  • Текст добавлен: 5 декабря 2018, 13:20


Автор книги: Андрэ Маруа


Жанр: Зарубежная классика, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 15 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Андрэ Маруа
Навелы

© ІП Янушкевіч А. М., 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Асабняк

Два гады назад, калі я цяжка хварэла, кожную ноч сніла аднолькавы сон. Мне здавалася, што я гуляю ў сельскай мясцовасці, і перада мной здалёк вырысоўваўся белы дом, нізкі і доўгі, а вакол яго маладыя ліпы. Злева ад дома абсаджаны таполямі луг прыемна парушаў аднастайнасць малюнка, і верхавіны стромкіх таполяў калыхаліся над ліпамі.

У сне гэты белы дом прыцягваў мяне як магніт і я набліжалася да яго. Белы шлагбаўм перагароджваў дарогу. Потым трэба было ісці па алеі, якая паступова і вельмі хораша закруглялася. Абапал алеі зелянелі дрэўцы, а пад імі безліч веснавых кветак: прымулы, барвенак і анемоны, якія адразу ж вялі, калі я іх зрывала. У канцы алеі – прагал і там белы дом, перад домам – шырокі газон, пастрыжаны па-ангельску, амаль голы, усяго што ўсеяны, як макам, дробнымі фіялкамі.

Дом быў пабудаваны з белага каменю, дах крыты дахоўкаю. Невялічкі ганак, і там дзверы са светлага дубу са скульптурнай разьбой на панелях. Мне хацелася зайсці ў гэты дом, але ніхто не адклікаўся. Мяне гэта пужала, трывожыла, я званіла, я крычала і нарэшце прачыналася.

Такі быў мой сон, і ён паўтараўся некалькі месяцаў запар з такой дакладнасцю і падабенствам дэталей, што я пачала думаць – ці не бачыла я калі-небудзь у дзяцінстве гэты парк і гэты асабняк. Аднак нічога не магла ўзгадаць, і жаданне знайсці гэты дом, паглядзець на яго стала такім моцным, што аднаго разу ўлетку, калі я навучылася сама вадзіць малалітражку, вырашыла правесці вакацыі на дарогах Францыі і знайсці дом, які бачыла ў сне.

Не буду распавядаць вам аб сваім падарожжы. Я аб'ездзіла Нармандыю, Турэнь, Пуату і, вядома, нічога не знайшла. У кастрычніку я вярнулася ў Парыж, і ўсю зіму не выходзіў з маёй галавы белы дом. Гэтай вясной я аднавіла свае вандраванні на гэты раз па суседству з Парыжам. Аднойчы, калі я праязджала нізінай каля гарадка Ліль-Адан, у мяне раптам соладка заныла сэрца, я адчула тое радаснае хваляванне, што ахоплівае вас, калі пасля доўгай разлукі вы сустракаецеся з людзьмі ці мясцінамі вельмі дарагімі для вас.

Хоць я ніколі і не была тут, аднак, зірнуўшы направа, адразу пазнала пейзаж. Вяршыні таполяў падымаліся над ліпавым паркам. І праз кволае лісцейка маладых ліп прасвечваў знаёмы мне асабняк. Я была ўпэўнена, што гэта менавіта ён, той самы дом, які я сніла. Я ведала, што, метраў цераз сто, шашу перасякае вузкая дарога. Так яно і было. Я павярнула машыну і праз некалькі хвілін апынулася перад белым шлагбаўмам.

Там пачыналася алея, па якой я так часта хадзіла.

Едучы ў засені дрэў, я любавалася стракатымі кілімамі знаёмых мне кветак – барвенак, прымулы, анемоны… Выбраўшыся на прагал, я ўбачыла зялёны газон і ганак з адмысловымі дзвярамі. Я выйшла з машыны, узбегла на ганак і пазваніла.

Больш за ўсё я баялася, што ніхто не адклікнецца, але амаль у тую ж хвіліну выйшаў слуга, заклапочаны стары чалавек у чорным пінжаку. Убачыўшы мяне, ён страшэнна здзівіўся і доўга моўчкі мяне разглядваў.

– Можна мне звярнуцца да вас з просьбай не зусім звычайнай, – прамовіла я, крыху разгубіўшыся. – Я не ведаю гаспадароў гэтага дома, але палічыла б за шчасце, калі б яны мне дазволілі пабываць у іх.

– Асабняк здаецца ў наймы, мадам, – адказаў слуга са смуткам. – Мне даручана паказваць яго наведвальнікам.

– Здаецца ў наймы? Якая нечаканая ўдача!.. Чаму ж гаспадары самі не жывуць у такім прыгожым доме?

– Гаспадары ў ім жылі, мадам. Яны яго пакінулі, бо ў маёнтку завялася здань.

– Здань? Ну, гэта мяне ані не турбуе. Вось не думала, што ёсць яшчэ ў Францыі куткі, дзе вераць у нячыстую сілу…

– Я б не паверыў, мадам, – прамовіў зусім сур'ёзна слуга, – каб гэтая здань, ад якой збеглі мае гаспадары, не намазоліла вочы мне самому… Тут у парку, начамі…

– Выдумалі байку! – усміхнулася я.

– Байка, кажаце? – пакрыўдзіўся стары. – Каму-каму, а вам няма чаго смяяцца, мадам, бо гэтая здань – вы.

Бедная мама

Бертран Шміт праглядаў сваю пошту. Яго жонка Ізабэла, стоячы побач, з цікавасцю назірала, як мяняўся яго твар: рабіўся то хмурным, то радасным, у залежнасці ад таго, што ён у лістах вычытваў.

– Ага! – прамовіў ён. – Ліст з Пон-дэ-Лёра… Нешта адтуль вельмі рэдка…

Ён адшукаў подпіс:

– Жэрмэна Герэн?.. Ну так! Яна… Маці Дэнізы Гальман… Чаго ж яна ад мяне хоча?

Мадам Герэн паведамляла аб смерці сваёй маці, баранесы Дакенвіль, Руан, вуліца Даміет, на васьмідзесятым годзе жыцця: «Мне хацелася самой паведаміць вам гэту сумную навіну, вам, сябру маёй дарослай дачушкі, які некалі ведаў і маю бедную маму. Я ўзгадваю той час, калі Дэніза вадзіла вас на вуліцу Даміет, і маёй беднай маме было так прыемна слухаць, як вы двое дружна шчабечаце. Дэніза цяпер цудоўная дзяўчына. Вы… Не збіраюся казаць кампліментаў, а толькі спашлюся на тое, як высока цаніла вас мая бедная мама і не рабіла з гэтага сакрэту… Перада мной цяпер усё спустошана. Больш як трыццаць гадоў я кожны тыдзень прыязджала ў Руан, каб яе пабачыць. Яна такая старэнькая, але мела светлы розум і магла даць добрую параду. Я, мабыць, не перанесла б свайго болю, каб не падтрымка майго вернага Жоржа і не любоў маіх мілых дзетак… Калі выпадкова вам давядзецца быць у нашай Нармандыі і вас не палохае балбатня пажылой жанчыны, заходзьце да мяне, калі ласка, і я вам пакажу некаторыя сувеніры, пакінутыя маёй беднай мамай…»

– Вы яе ведалі, гэтую баранесу Дакенвіль? – запытала Ізабэла.

– Бадай-што не… Помню, нейк раз ці два ў Руане заходзіў туды з Дэнізай. Непрытульны, страшэнна запушчаны дом…

– Тады чаму яе дачка вам піша, і ў такім сентыментальным тоне?

– Каб ёй паспачувалі. Яна адна з тых істот, што нават няшчасце выкарыстоўваюць для самарэкламы… І тым больш камічна, што пры жыцці яна гэту «бедную маму» адно што не біла, так люта з ёю абыходзілася.

– Чаму люта?

– Дакенвілі разарыліся; у мадам Герэн, якая, раз за разам, двойчы выходзіла замуж, было шмат грошай… Яна падкідвала сёе-тое сваёй маці, але скупа, толькі на пражыццё, і за гэтую сваю падачку крыўдзіла яе і зневажала, як хацела… Жахлівая рэч!..

Крыху падумаўшы, Бертран дадаў:

– І не толькі зневажала, а нахабна выкарыстоўвала ў сваіх інтарэсах.

– Як гэта?

– Даўняя гісторыя… Першы раз мадам Герэн выйшла замуж за нейкага беднага хлопца, па прозвішчу Герпэн, бацьку Дэнізы… Яна яго абдурвала спачатку з афіцэрам, потым з Герэнам, тады халасцяком… А каб спатканні не кідаліся ў вочы, трэба было напусціць туману… Бедная мама, выдрэсіраваная як мае быць, прыкрывала грахі сваёй дачушкі і, я амаль упэўнены, наладжвала любоўныя гульні ў сваім доме. Карацей кажучы, стала зводніцай.

– Жанчынам падабаецца зводзіць, разводзіць, – летуценна прамовіла Ізабэла. – Не адна яна.

– Але ў баранесы Дакенвіль такое патуранне было ў характары. Яшчэ ў маладосці яе празвалі «Падатлівыя ножкі»… Мой дзед, чалавек строгіх звычаяў, пляваўся, гаворачы аб ёй. Ну, гэта ўжо занадта. Проста яна была дурная, як бот.

– Але ж, Бертран, трэба напісаць нейкае слова спачування.

– Вы думаеце? І што мне сказаць?.. Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег…

– Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.

Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:

«Шаноўная пані, – напісаў ён, – ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, – усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі…»

Ён працягнуў аркуш Ізабэле:

– Чытайце. Па-мойму, гэта чысты здзек.

Ізабэла шпарка прагледзела ліст і, вяртаючы яго Бертрану, сказала з здавальненнем і зусім сур'ёзна:

– Гэта якраз тое, што трэба.

Біяграфія

Вялізная сталовая была слаба асветлена завешанымі лямпамі. У гэтым годзе ў Лондане ўсталяваўся звычай абедаць у паўзмроку. Эрвэ Марсена, адшукаўшы сваё месца, убачыў, што ён сядзіць каля вельмі старой жанчыны, убранай у жэмчуг, лэдзі Хемптан. Ён не выявіў нездавальнення. Пажылыя жанчыны бываюць паблажлівыя і часам расказваюць цікавыя гісторыі. Ну, а гэта, калі меркаваць па яе косым насмешлівым позірку, не была пазбаўлена жвавасці і гумару.

– На якой мове вы жадаецце размаўляць, пан Марсена?.. Па-французску ці па-ангельску?

– Калі вам усё роўна, лэдзі Хемптан, мне лепш па-французску.

– А пішаце вы больш на ангельскія тэмы. Я чытала вашу кнігу пра Джозэфа Чэмберлена. Вельмі мяне забавіла, бо ўсіх гэтых людзей я ведала… А цяпер што вы мяркуеце рабіць?

Малады француз уздыхнуў:

– Мне б хацелася намаляваць вобраз Байрана, але аб ім ужо столькі напісана. З навінкамі я азнаёміўся грунтоўна. Захаваліся пісьмы Мэры Шэлі, паперы графіні Гвічыёлі, але ўсё гэта апублікавана. Мне б што-небудзь свежае, невыдадзенае, а толькі дзе яго знойдзеш.

Старая дама ўсміхнулася:

– А калі я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..

Эрвэ Марсена міжвольна зрабіў рэзкі рух, як паляўнічы, што раптам угледзеў у кустах аленя альбо дзіка, ці як біржавы спекулянт, нарваўшыся на акцыі, цана якіх павінна падскочыць.

– Прыгода Байрана абсалютна невядомая? Гэта была б сенсацыя, лэдзі Хемптан, пасля ўсіх пошукаў.

– Ну, можа, я перабольшыла, сказаўшы «абсалютна невядомая»… Імя ўжо называлі. Я маю на ўвазе лэдзі Спенсэр-Свіфт.

Эрвэ скрывіўся:

– А! Тая самая… Ведаю… Але ж пра яе сувязь з Байранам нічога пэўнага, нічога дакладнага.

– Дарагі пан Марсена, а вам часта трапляе ў рукі што-небудзь пэўнае ў такіх справах?

– Вельмі часта, лэдзі Хемптан. У большасці выпадкаў ёсць пісьмы, ёсць сведчанні. Безумоўна, пісьмы могуць ашукваць, а сведчанні выклікаць падазрэнне, іх трэба разглядаць крытычна.

Лэдзі Хемптан, павярнуўшыся да свайго суседа, навяла на яго старамодны ларнет.

– А што вы скажаце, калі я прынясу вам дзённік лэдзі Спенсэр-Свіфт (яе імя Пандора) таго часу, калі яна сустракалася з Байранам? І ў дадатак яго пісьмы да яе.

Малады француз аж пачырванеў ад радасці.

– Я скажу, як індусы: лэдзі Хемптан, вы мой бацька і мая маці. Вы закладаеце падмурак пад маю кнігу… Няўжо ў вас сапраўды ёсць гэтыя дакументы? Прабачце за такое пытанне?.. Гэта так дзіўна, так нечакана!..

– Не, – адказала яна. – Я ведаю, што такія дакументы захаваліся, але ў мяне іх няма… Яны належаць цяперашняй лэдзі Спенсэр-Свіфт, Вікторыі, маёй сяброўцы; мы вучыліся разам у пансіёне. Яна іх нікому дагэтуль не паказвала.

– Тады чаму яна даверыць іх мне?

– Таму што я яе папрашу… Вы яшчэ слаба ведаеце наш край, пан Марсена. Ён повен таямніц і непрадбачанага. На гарышчах і ў падвалах нашых сельскіх замкаў схавана нямала скарбаў. Гаспадарам яны не ў галаве. І трэба дайсці да галечы, прадаць дом ці пусціць маёмасць з малатка, каб гэтыя архівы з'явіліся на свет. Спатрэбіўся здагадлівы і ўчэпісты амерыканец, каб славутыя паперы Босуэла вылезлі з кракетнай скрынкі, дзе яны пакрываліся пылам.

– Вы думаеце, што здагадлівы і ўчэпісты француз можа мець гэтакі ж поспех без дзесяткаў тысяч даляраў, якія той заплаціў за паперы Босуэла?

– Вікторыя Спенсэр-Свіфт не цікавіцца далярамі. Ёй, як і мне, больш за восемдзесят. Ёй хапае і сваіх прыбыткаў. Не, адзінае, што яе можа прымусіць, гэта – прыхільнасць да вас, – вядома, калі вы здолееце абудзіць сімпатыю, а таксама надзея, што вы створыце прывабны партрэт прабабкі яе мужа.

– Лорд Спенсэр-Свіфт памёр?

– Не лорд, а баранет… Сэр Аляксандр Спенсэр-Свіфт – апошні ў родзе носьбіт гэтага тытулу. Вікторыя і цяпер яшчэ жыве ў тым доме, дзе пабываў Байран… Гэта ў графстве Глостэр, цудоўная сядзіба часоў Елізаветы. Хочаце пашукаць шчасця і паехаць туды?

– З прыемнасцю… калі мяне запросяць.

– Гэта я бяру на сябе. Сёння ж вечарам напішу Вікторыі. Яна вас абавязкова прыме. І не палохайцеся, калі тон запрашэння будзе грубаваты. Прывілея нашага старэчага веку, лічыць Вікторыя, у тым, што можна гаварыць пра ўсё так, як думаеш. Перад кім цырымоніцца? І навошта?

* * *

Праз некалькі дзён Эрвэ Марсена праязджаў на сваёй невялічкай машыне паўз маляўнічыя вёскі графства Глостэр. Лета, як заўсёды, было дажджлівае. Дрэвы і кветкі лапушыліся і буялі ад вільгаці. Нават у самым маленькім доміку праз вокны відаць былі пышныя букеты. Будынкі, складзеныя з мясцовага залацістага каменю, вельмі прыгожага, і цяпер выглядалі гэтак жа, як у часы Шэкспіра. Эрвэ, надзвычай чулы да феерычных краявідаў Ангельшчыны, быў зачараваны паркам Уайндхорст, дзе знаходзілася сядзіба лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён ехаў пакручастымі алеямі, паўз зялёныя лужкі з акуратна падстрыжанай травой, густой як шчотка, сярод якіх узвышаліся магутныя дубы. Вакол сажалкі раслі хвашчы і папараць. Нарэшце перад ім паказаўся вялізны асабняк, увіты дзікім вінаградам. Сэрца яго закалацілася. Ён спыніўся каля пад'езда і пазваніў. Ніхто не адгукнуўся. Пачакаўшы хвілін пяць, ён заўважыў, што дзвярная ручка паддаецца, адчыніў дзверы і ўвайшоў. У змрочным холе ні душы. На крэслах ляжалі плашчы і шалі. Аднак з суседняга пакоя даносіўся манатонны голас, нібы нехта вымаўляў завучаны тэкст. Эрвэ падышоў бліжэй і ўбачыў доўгую галерэю, сцены якой былі ўпрыгожаны вялікімі партрэтамі. Група турыстаў акружала важнага дварэцкага ў фраку з цёмна-шэрай камізэлькай і ў паласатых штанах.

– Вось гэта, – тлумачыў дварэцкі, паказваючы на партрэт, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як і побач партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.

Наведвальнікі зашапталіся:

– Тая самая…

Дварэцкі, ледзь прыкметна кіўнуўшы ў знак разумення і згоды, заставаўся велічным і сур'ёзным.

– Так, – пацвердзіў ён ціха, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана. У яе гонар ён напісаў славуты санет «Да Пандоры».

Двое з групы турыстаў прадэкламавалі пачатак санета.

Дварэцкі адобрыў лёгкім кіўком галавы:

– Вы не памыліліся… А цяпер мы набліжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свіфта, сына папярэдняга (1808–1872). Партрэт работы Джона Мілеса.

Нахіліўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфідэнцыяльна:

– Сэр Роберт нарадзіўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.

Маладзенькая дзяўчына запытала:

– А чаго Байран прыязджаў сюды?

– Таму што ён быў другам сэра Ўільяма.

– Вунь яно што! – згадзілася дзяўчына.

Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокі твар, чырвоны ад добрага віна і свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым і сярдзітым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявіннасці, прыгажосці амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позіркам вачэй прытоеную пачуццёвасць і гарэзлівасць, нават даволі жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваіх марах, калі група турыстаў пратупала назад. Дварэцкі, нахіліўшыся над яго вухам, ветліва прашаптаў:

– Прабачце, сэр, ці ёсць у вас білет? Вы з'явіліся пазней за ўсіх… Яны ўжо ўсё аплацілі… Так што, калі вы жадаеце…

– Я не турыст. Лэдзі Спенсэр-Свіфт мела ласку запрасіць мяне сюды правесці пару вольных дзён і азнаёміцца з паперамі, якія мяне цікавяць.

– Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы і ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзі Хемптан? Хвіліначку, сэр… Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзіць яе міласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?

– У мяне толькі чамаданчык.

Лэдзі Спенсэр-Свіфт у тыя дні, калі пускала ў свой замак чужаземцаў, бо гэтыя візіты давалі ёй права не плаціць падаткаў, самотна бавіла час у салоне на другім паверсе. Дварэцкі прывёў француза туды. Эрвэ Марсена ўбачыў старую даму, паважную і не такую ўжо грозную. Жартаўлівая непасрэднасць змякчала яе фанабэрыю.

– Я не знаходжу слоў, каб выказаць вам сваю падзяку, – прамовіў ён. – Прыняць незнаёмага…

– Нонсэнс! – адказала яна. – Для мяне вы знаёмы. Вас адрэкамендавала мая лепшая сяброўка, і я чытала вашы кнігі. Я даўно шукаю чалавека, які з належным тактам апісаў бы гэту гісторыю. Мабыць, вы якраз той.

– Спадзяюся, мадам… Але цяжка паверыць, што пасля многіх выдатных ангельскіх біёграфаў мне ўдалося выявіць паперы, якія яшчэ нідзе не публікаваліся.

– Яно здарылася так, – сказала лэдзі Вікторыя, – што, пакуль мой муж быў жывы, ён і блізка нікога не падпускаў да дзённіка маёй прабабкі. Небарака Аляксандр на гэты конт трымаўся старамодных звычаяў.

– А што, хіба ў гэтых паперах ёсць нешта… страшнае?

– Пра гэта нічога не ведаю. Я іх не чытала. Не… Почырк такі дробненькі, што ў мяне баляць вочы, апроч таго, мы ўсе добра ведаем, пра што піша жанчына ў дваццаць год, ды яшчэ закаханая.

– Але можа быць так, лэдзі Спенсэр-Свіфт, што я знайду ў гэтых паперах доказы… сувязі Байрана з прабабкай вашага мужа. У такім выпадку ці дазволена будзе мне гаварыць пра ўсё?

Яна глянула на яго са здзіўленнем, нават з пагардай:

– А як жа. Іначай я б вас не запрашала.

– О, вы сама велікадушнасць!.. Ёсць столькі фамілій, што гатовы абараняць дабрачыннасць сваіх продкаў, нягледзячы на яўныя факты, аж да трыццатага пакалення.

– Нонсэнс! Сэр Уільям быў дубіна, ён не разумеў сваёй жонкі і, апроч таго, здраджваў ёй з усімі навакольнымі дзяўчатамі. Ёй папаўся лорд Байран. Гэта быў не толькі вялікі паэт, а мужчына прыгожы, як анёл, і разумны, як д'ябал. Не дзіва, што яна выбрала лепшага. Хто яе асудзіць?

Эрвэ адчуў, што спрачацца не варта. Аднак не мог стрымацца, каб не сказаць:

– Прабачце, лэдзі Спенсэр-Свіфт, вы ж не чыталі папер, то як жа вы ведаеце, што лорд Байран быў тут не як госць мужа, а выступаў у іншай ролі.

– Фамільнае паданне, – прамовіла яна строга. – Мой муж чуў ад бацькі, а той ад свайго бацькі. Зрэшты, доказы знойдуцца, бо, паўтараю яшчэ раз, паперы будуць у вас. Зараз я іх вам пакажу, і вы мне скажаце, як вам лепш працаваць.

Яна паклікала свайго магутнага дварэцкага:

– Мілер, адамкніце чырвоны склеп, прынясіце свечкі і дайце мне ключы ад сейфа. Я туды спушчуся з панам Марсена.

* * *

Тэатральнасць афармлення рабіла ўражанне. Склеп, які знаходзіўся ў сутарэнні, абабіты чырвоным шоўкам, не меў электрычнага асвятлення, як іншыя пакоі замка. Ад свечак распаўзаліся цені і дрыжалі ў кутках. Да бакавой сцяны быў прысунуты вялізны сейф, стылізаваны пад сярэдневяковы куфар. Насупраць красавалася шырокая канапа. Старая дама, велічна спусціўшыся ўніз пад руку з французам, узяла ключы і, пакруціўшы імі ў трох адмысловых шчылінах, набрала сакрэтную лічбу. Пасля чаго Мілер расчыніў насцеж цяжкія акованыя жалезам дзверцы.

Бліснула сталовае серабро… Марсена заўважыў скураныя каробкі, і гаспадыня адразу ж дастала тоўсты альбом у белым саф'яне.

– Вось дзённік Пандоры… А вось пісьмы, перавязаныя ёю ўласнаручна ружовай стужкай.

Яна азірнулася:

– Ну вось… Дзе ж вас пасадзіць? Вунь той дубовы стол вам будзе зручны… Ён прасторны… Падыходзіць? Добра… Мілер, пастаўце два кандэлябры каля пана Марсена, справа і злева… Замкніце сейф, і мы пакінем маладога чалавека, няхай працуе.

– А ці магу я застацца тут на ўсю ноч? Часу мала, а хочацца прачытаць усё.

– Дарагі пан Марсена, ніколі не трэба спяшацца. Калі ёсць жаданне, зрабіць паспееце. Абед вам прынясуць сюды, і ніхто вашага спакою не парушыць. Заўтра раніцай вам пададуць снеданне ў ваш пакой, потым яшчэ можаце працаваць. А першай гадзіне палуднаваць будзеце разам са мной… Вас задавальняе такі расклад?

– Цудоўна, лэдзі Спенсэр-Свіфт… І выказаць не магу, як я вам…

– І не выказвайце. Спакойнай ночы!

Эрвэ застаўся ў падвале адзін. Выняў з партфеля аўтаручку, паперу, прымасціўся каля вялізнага стала і з асалодай разгарнуў белы альбом. Почырк быў дробны і невыразны, старая лэдзі сказала праўду. Відаць, Пандора знарок пісала так, каб цяжка было прачытаць. Альбом мог трапіць у рукі яе мужа, і асцярожнасць тут была дарэчы. Марсена прывык разбіраць рукапісы з пропускамі і скарачэннямі. Ён лёгка расшыфраваў радкі, накрэмзаныя Пандорай. Тон запісак адразу ж яго развесяліў. Было ў іх тоне нешта дзіцячае.

Адчувалася, што піша вельмі маладая жанчына. Многія словы былі падкрэслены – адзнака палкасці альбо нецярплівасці. Дзённік пачынаўся з 1811 года, праз некалькі тыдняў пасля шлюбу.

25 кастрычніка 1811. – Сёння адчуваю сябе стомленай, хворай і не магу сесці на каня. Уільям на паляванні з сабакамі. Рабіць мне няма чаго, пачну пісаць дзённік. Гэты альбом мне прэзентаваў мой мілы, мілы тата, і я страшэнна шкадую, што разлучылася з ім. Баюся, што мой муж мяне ніколі не зразумее. Уільям не злы чалавек, але ён не ведае, што жанчыне патрэбна пяшчота. Мабыць, ён не цікавіцца мною. Ён больш гаворыць пра палітыку, аб сваіх конях, аб сваіх арандатарах, чым аб сваёй жонцы. Як я помню, ён ні разу не вымавіў слова «кахаю» ад самага нашага вяселля. Ах! Праўда! На другі дзень ён сказаў Брыгіце: «Мая жонка закахалася ў мяне па вушы». Я і вокам не маргнула.

Эрвэ перагарнуў шмат старонак, поўных скаргаў і насмешак. Пандора была цяжарная і без радасці чакала дзіцяці. Гэта яшчэ больш звязвала яе з чалавекам, да якога яна не адчувала ніякай прыхільнасці. З яе наіўных заметак паступова вырысоўваўся брыдкі вобраз сэра Ўільяма. Яго эгаізм, фанабэрыя, пошласць былі занатаваны бязлітаснай сведкай, у душы якой нарастаў да яго люты гнеў. Зусім іначай, далікатна і цёпла, апісвала яна свайго суседа, лорда Пітэрсана. У процілегласць агіднаму сэру Ўільяму той выглядаў на рэдкасць прывабна.

26 снежня 1811. – Учора, у першы дзень каляд, лорд Пітэрсан прынёс мне ў падарунак цудоўнага шчанючочка. Як заўсёды, я сядзела адна, але прыняла лорда П., паколькі ён значна за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра літаратуру і мастацтва. Мне хацелася запісаць яго бліскучыя думкі. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота і лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такім чалавекам, як лорд Пітэрсан, у мяне быў бы вялікі прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваіх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!

Працяг дзённіка сведчыў, што на яе зрабіла моцнае ўражанне паэма Байрана «Паломніцтва Чайльд-Гарольда». У гэтым яна прызналася мужу, і той адказаў так: «Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калі ён, як і я, вандраваў па свеце. Мы правялі разам вясёлыя ночы ў Італіі… Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу німфаў, пра якіх я мог бы расказаць шмат пікантных анекдотаў, але гэта не для нявінных вушэй маёй жоначкі… Ха-ха-ха!»

Потым у белым альбоме можна было прасачыць, з якім спрытам і як настырна схіляла Пандора сэра Ўільяма, каб той запрасіў Байрана ў Уайндхорст. Муж абараняўся: «А што мы будзем рабіць з ім? – гаварыў ён. – Нудзіцца пачне. Са мной на паляванне ён не пойдзе – нага кульгавая. Звяроў страляць не прывык». Жонка не здавалася: «Ну, тады я зраблю яму кампанію». Сэр Уільям абурыўся: «Вы, вы ў кампаніі з гэтым бабнікам, з гэтым донжуанам!.. Вы што, думаеце, я пакіну сваю жонку адну з Байранам?.. Не маю ніякага жадання пускаць гэтага шалапута, гэтага браканьера на сваю тэрыторыю».

Аднак трыумфальны поспех Байрана ў Лондане падзейнічаў на сельскага джэнтльмена, і праз некаторы час ён пачаў ганарыцца гэтым сяброўствам, нават выхваляўся перад суседзямі. Нараджэнне дзіцяці ўмацавала пазіцыі лэдзі Спенсэр-Свіфт. А чаму б не папрасіць Байрана быць хросным яе дачушкі? Гучнае імя казытала самалюбства мужа. Сэр Уільям здаўся: «Я напішу яму, але ж ён не згодзіцца. Яму хапае па горла жанчын і работы». Аднак Байран згадзіўся. Ён любіў кантрасты і дысанансы. Тое, што сатанінскага паэта надумаліся выбраць хросным, ды яшчэ каго – маленькай дзяўчынкі, яго вабіла і спакушала.

Эрвэ Марсена так захапіўся чытаннем, што яго не бралі ні голад, ні смага, ні сон. Але руплівы Мілер не забыў наведаць яго ў суправаджэнні лакея з падносам.

– Лэдзі Спенсэр-Свіфт вітае вас і пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?

– Ніякай. Скажыце ёй, што гэта так цікава, што я, відаць, прабуду тут усю ноч.

Дварэцкі зірнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.

– Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкі.

Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з'еў свой абед, да прыкрасці ангельскі, і прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апісваўся з хваляваннем. Імклівыя дробненькія літары ледзь-ледзь удавалася разабраць.

«Сёння раніцай аб адзінаццатай гадзіне прыехаў лорд Б. Які ён прыгожы і бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагі. Гэта можна заўважыць, бо ён не ходзіць, а бегае, каб калецтва не кідалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робіць яго яшчэ больш цікавым. Проста дзіўна, што Ўільям асцерагаў мяне і казаў, што з жанчынамі ён смелы да нахабства. Але ж мне ён ні слова. Час ад часу кідаў на мяне позірк употай, аднойчы я злавіла гэты позірк у люстры. А калі завязалася гутарка, то звяртаўся да Ўільяма ці да лорда Пітэрсана, а да мяне ні разу. Чаму?»

Да позняй ночы Эрвэ Марсена вывучаў, як з кожным днём Пандора ўсё больш паддавалася чарам паэта. Яму стала ясна, што маладая жанчына, шчырая і непрактычная, не магла зразумець, у чым прычына такіх мала байранічных паводзін госця. Байран прыехаў у Ўайндхорст з цвёрдым намерам быць стрыманым, па-першае, таму што не лічыў геройствам спакушаць жонку гаспадара і, нарэшце, таму што бачыў наіўнасць і кволасць Пандоры і не жадаў прычыняць ёй боль. Чалавек у душы сентыментальны, сваю пяшчотнасць ён прыкрываў цынізмам.

Вось чаму ён нават не намякнуў ёй пра каханне. Потым падзеі разгарнуліся. Сэр Уільям напомніў Байрану пра Ньюстэдскае абацтва і гуляшчых німфаў, якія там жылі. Адну з іх вельмі ўпадабаў сельскі джэнтльмен і выказаў жаданне пабачыцца з ёю яшчэ раз. «Слухайце, Байран, а чаму б вам не запрасіць мяне ў Ньюстэд?.. Без жонкі, вядома!» Байран груба спыніў яго: «Як вам не сорамна! Маладажон, называецца… А калі ваша жонка ўздумае вам за гэта адпомсціць?» Сэр Уільям зарагатаў: «Мая жонка? Ха-ха-ха! Але ж мая жонка праведніца і, між іншым, мяне абажае».

Пандора, пільна прыслухоўваючыся, улавіла сэнс іхняй гутаркі і запісала яе ў альбом з гнеўнымі каментарыямі: «Яна мяне абажае! Ну і дурань! Няўжо мне суджана пражыць свой век з гэтым бугаём? І чаму, сапраўды, не адплаціць яму тым жа? Гэта сцэна давяла мяне да такога шаленства, што, каб лорд Байран паспрабаваў дзе-небудзь у парку пацалаваць мяне, здаецца, я б не пярэчыла».

Даўно мінула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамі старонкі дзённіка. У змрочным склепе дагаралі свечкі, і пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўляліся постаці нябожчыкаў. Ён бачыў барвовае аблічча гаспадара і чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. І ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, які з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.

Запахла чадам, і адна свечка пагасла. Эрвэ запаліў новыя і з яшчэ большай энергіяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнічаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасці і зблізіцца з ім, прычым рабілася гэта смела і занадта хітра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовілася гуляць з ім на більярдзе.

«У гэты вечар я яму сказала: «Лорд Байран, калі жанчына любіць мужчыну і гэты мужчына не звяртае на яе ўвагі, што ёй тады рабіць?» «А вось што…» – адказаў ён і абняў мяне моцна-моцна і…» Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкімі кратамі рысак, даволі лёгка мог прачытаць «пацалаваў».

Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. «Мне гэта сніцца ці што? – гаварыў ён сабе. – Здзейснілася тое, аб чым я мог толькі марыць». Ён устаў і прайшоўся па склепе, абмацаў вялізны сейф, канапу, сцены, каб упэўніцца, што гэта рэальнасць, а не міраж. Ніякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае і альбом сапраўдны. Ён ізноў сеў за стол.

«Я спужалася і сказала яму: «Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзіця, і гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькі сяброўкай. Але вы мне вельмі патрэбны. Памажыце мне». Ён быў на рэдкасць добры і здагадлівы. З тае хвіліны, як ён са мной, увесь яго смутак нібы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць».

Малады француз не стрымаў усмешкі. Ён добра вывучыў Байрана і ніяк не мог уявіць, каб той расцягнуў надоўга платанічныя залёты да гэтай юнай спакусніцы. Ён быццам чуў яго голас: «Калі яна ўбіла сабе ў галаву, што я ёй кавалер і буду гадзінамі трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць».

Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзівы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пісем, якія таксама даверыла яму лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пісьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былі і другія паперы, напісаныя тым жа почыркам, што і дзённік. Некаторыя з іх ён прачытаў. Гэта былі чарнавікі пісем Пандоры.

Знаёмячыся з перапіскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанізм. Ён запытаў, ці можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калі ў замку ўсе спяць. Яна супраціўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: «Калі тое, што напісана ў чарнавіку, было яму паслана, Байран, напэўна, палічыў перамогу блізкай. Яна прастадушна прызналася: «Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас ніхто не заўважыў».

Ён ізноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пісьмамі, яна пачала пасылаць Байрану кнігі з дамашняй бібліятэкі. Надзейны спосаб: нават на вачах у «строгага мужа» можна было перадаць «абранаму рыцару» кнігу з запісачкай. «А ёй было ўсяго дваццаць год!» – дзівіўся Эрвэ.

«Сёння Ўільям памчаўся з сабакамі на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмі мілы. Нехта расказаў яму пра падвал, і яму захацелася там пабываць. Спусціцца разам з ім я не адважылася, але ўпрасіла місіс Д., гувернантку, паказаць яму склеп. Вярнуўшыся, ён сказаў мне з таямнічым выглядам: «Гэты склеп аднойчы будзе для мяне той мясцінай, аб якой я буду ўспамінаць з найбольшым хваляваннем». Што гэта значыць? Баюся зразумець, а галоўнае, без страху згадзіцца з думкай, што прычынай гэтага хвалявання буду я».

Пісьмы і альбом дазволілі ўявіць далейшыя прыгоды. Аднаго разу Пандора згадзілася прызначыць яму спатканне ў падвале глыбокай ноччу, у той час, калі яе муж гучна хроп у спальні, а слугі адпачывалі на трэцім паверсе. Ён спяшаўся, быў патрабавальны. Яна прасіла літасці, маліла, каб ён яе не крыўдзіў. «Лорд Байран, – гаварыла яна, – я ў вашых руках. Вы можаце рабіць са мной усё, што хочаце. Ніхто не сочыць за намі, ніхто нас не пачуе. А сама я не маю сілы абараняцца. Я прабавала, але супраць волі любоў прывяла мяне сюды. Ад вас аднаго я чакаю ратунку. Калі вы скарыстаеце сваю ўладу нада мной, я паддамся, але памру ад сораму і пакут».


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации