Электронная библиотека » Андрэ Маруа » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Навелы"


  • Текст добавлен: 5 декабря 2018, 13:20


Автор книги: Андрэ Маруа


Жанр: Зарубежная классика, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 15 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Яна расплакалася. Байран, расчулены слязамі маладой жанчыны, праявіў дабрату. «Тое, што вы ад мяне патрабуеце, – сказаў ён, – вышэй чалавечых сіл, але ў мяне хопіць любві, каб прымусіць сябе адмовіцца ад вас». Яны сядзелі на канапе, абняўшыся, даволі доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведаміў, што яго выклікае ў Лондан выдавец Морэй, і пакінуў Уайндхорст. Старонкі дзённіка за гэты дзень былі асабліва забаўныя.

«Дурань! Дурань! – пісала яна. – Усё скончана, усё страчана. І цяпер мне суджана ніколі не ведаць любві. І як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кінуцца яму на шыю. Не магла ж такая жанчына, як я, маладая і добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распусніцы, з якімі ён раней меў справу. Я павінна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоіць і дабіцца, каб я аддалася любві, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеі. Я яму гэтага век не дарую».

Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.

Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нібы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. І вось ён ізноў у дваццатым стагоддзі. Якую цудоўную гісторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апіша! Работа і бяссонніца стамілі яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкі і падняўся ў свой пакой.

Званок паклікаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплівага дварэцкага, і той праводзіў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзі Спенсэр-Свіфт.

– Добры дзень, пан Марсена, – прамовіла яна моцным мужчынскім голасам. – Мне далажылі, што вы мала спалі. Ну, як вам працавалася?

– Выдатна. Я ўсё прачытаў і зрабіў выпісак дваццаць старонак. Нечуваная гісторыя… Я не магу вам выказаць…

Яна мяне спыніла.

– А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.

– Так, яна была створана для кахання. Але пікантнасць падзей у тым, што яна ніколі не была палюбоўніцай лорда Байрана.

Твар лэдзі Спенсэр-Свіфт наліўся чырванню.

– Што? – запытала яна.

Француз, прыхапіўшы з сабой выпіскі, расказаў гаспадыні ўсю гісторыю і паспрабаваў тут жа прааналізаваць характары двух галоўных персанажаў.

– Вось так, – закончыў ён, – першы і апошні раз у сваім жыцці лорд Байран уступіў дэману спагады, і гэтай слабасці прабабка вашага мужа ніколі не магла яму дараваць.

Лэдзі Спенсэр-Свіфт слухала француза не перабіваючы, але тут не вытрымала:

– Нонсэнс! – абурылася яна. – Вы дрэнна чыталі ці дрэнна зразумелі… Не была палюбоўніцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма ніводнай сям'і ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гісторыя… Не была палюбоўніцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэнні, пан Марсена, і, калі такое ваша апошняе слова, я не магу дазволіць вам карыстацца дакументамі… Падумаць толькі!.. Вы збіраецеся расказаць у Францыі і ў нашай краіне, што ніякага фізічнага збліжэння між імі не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!

– Чаму? Пандора ж ведае сябе больш, чым хто іншы. Яна сама напісала ў дзённіку, што спатканні іх былі самыя нявінныя.

– Гэты дзённік, – сярдзіта прамовіла лэдзі Спенсэр-Свіфт, – вернецца назад у сейф, і ходу яму адтуль не будзе. Дзе вы яго пакінулі?

– На стале ў падвале, лэдзі Спенсэр-Свіфт. Не было ключоў, а то я паклаў бы яго на месца.

– Паснедаўшы, мы туды зараз жа спусцімся і адновім усё, як было. Я не павінна была паказваць вам фамільны архіў. Небарака Аляксандр заўсёды быў супраць і меў рацыю… хоць у гэтым меў рацыю… Што датычыцца вас, пане мой, я вымушана прасіць вас захоўваць абсалютнае маўчанне наконт вашага… так сказаць… адкрыцця.

– Безумоўна, я не апублікую ні радка без вашага дазволу, лэдзі Спенсэр-Свіфт, ні за што на свеце я не пасмеў бы зрабіць вам прыкрасць. Аднак, павінен прызнацца, што не разумею…

– І не трэба, каб вы разумелі. Я прашу толькі аднаго – забыць.

Ён уздыхнуў:

– Няхай будзе так. Я адмаўляюся ад гэтых успамінаў… і ад маёй кнігі.

– Вельмі пахвальна і вельмі разумна. Меншага ад француза я і не чакала. А цяпер пагаворым аб іншым. Скажыце, пан Марсена, ці падабаецца вам ангельскі клімат?

Пасля снедання яны спусціліся ў склеп у суправаджэнні Мілера. Цяжкія дзверцы сейфа расчыніліся. Старая лэдзі ўласнаручна далучыла да скураных каробак і сярэбраных кафейнікаў белы альбом і пакет пажоўклых пісем, перавязаных ружовай стужкай. Пасля чаго Мілер замкнуў сейф.

– Тут ім ляжаць вечна, – весела прамовіла яна.

Калі яны вярнуліся, першая група турыстаў, вылезшы з аўтобуса, накіроўвалася ў хол купляць уваходныя білеты і паштоўкі. Мілер падрыхтаваўся разыграць сцэну з партрэтамі.

– Зойдзем на хвілінку, – прапанавала лэдзі Спенсэр-Свіфт свайму госцю.

Яна стала ў куток, далей ад турыстаў, але слухала вельмі ўважна.

– Вось гэта, – сказаў дварэцкі, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса, гэтак жа, як і партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.

Нейкая дзяўчына, каб лепш разгледзець, жвава высунулася наперад і з павагай прашаптала:

– Тая самая…

– Так, – адказаў ціха дварэцкі, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана.

Старая лэдзі кінула на маладога француза пякучы позірк і з трыумфам прамовіла:

– Ага, чулі!..

Часовы прыпынак

– Самае дзіўна здарэнне ў маім жыцці? – запытала яна. – Вы паставілі мяне ў тупік. У маім жыцці было шмат усякіх здарэнняў і прыгод.

– І, мабыць, яшчэ будуць.

– О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамі… Іначай кажучы, мне патрэбен спакой… Мяне цалкам задавальняе, калі я вечарам застаюся адна і магу перачытаць даўнейшыя лісты альбо паслухаць пласцінку.

– Быць не можа, каб ад вас адвярнуліся кавалеры… Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту і, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае… Гэта чаруе, прываблівае…

– Ласкавае слова прыемна чуць… Так, у мяне яшчэ ёсць паклоннікі. Але бяда ў тым, што я ім не веру. На жаль, я надта добра ведаю людзей: пакуль дабіваюцца, гараць як агонь, потым абыякавасць… альбо рэўнасць. І я сабе кажу: нашто мне яшчэ раз ублытвацца ў камедыю, развязка якой мне зараней вядома?.. У маладосці – іншая справа. Кожны раз мне здавалася, што я знайшла чалавека цудоўнага, які мяне вырве з няпэўнасці. Я імкнулася да яго з чыстым сэрцам. Ды вось, усяго пяць гадоў назад, калі я пазнаёмілася з Рэно, маім мужам, у мяне было ўражанне быццам новы свет мне адкрыўся. Ён быў дужы, нават звераваты. Ён развеяў усе мае падазрэнні, смяяўся з маіх страхаў, з маёй пераборлівасці. Я ўбачыла ў ім збавіцеля. І зусім ён не быў ідэальны – культуры мала, грубасці многа – але ён мне прынёс тое, чаго я ніколі не мела: цвёрдую глебу… Выратавальны круг… Ва ўсякім разе, тады я так думала.

– А цяпер так не думаеце?

– Не пытайцеся, самі ведаеце. У Рэно былі страшэнныя няўдачы. Я павінна была яго падбадзёрваць, супакойваць, падтрымліваць. Абараняла абаронцу… Людзі сапраўды моцныя – вялікая рэдкасць.

– А вам даводзілася сустракаць такога?

– Аднойчы даводзілася. І не вельмі даўно, у абставінах выключных… Ах, так!.. Вы ж просіце, каб я вам расказала самую дзіўную гісторыю з майго жыцця… Тады слухайце!

– Калі ласка, калі ласка.

– Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успаміны… І потым гэта даволі доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час ці вы проста так?..

– Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.

– Ну што ж, паспрабую… Скінем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, і вельмі маладая… Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волі бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхільнасць, ну так, прыхільнасць, як дачка да бацькі. Я любіла яго, мабыць, ад вялікай удзячнасці, але радасці асаблівай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакінуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекі радні і пасля мужавай апекі, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваіх учынкаў і свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нішто сабе, даволі прыгожая.

– Я сказаў бы: вельмі прыгожая.

– Дапусцім, калі вам так хочацца… Але як бы там ні было, кавалеры круціліся каля мяне роем. Маім абраннікам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернікі, падабаліся мне больш. Яны падзялялі мае густы, умелі дагаджаць, гаварыць кампліменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбіраўся, прызнаваў толькі джаз і блюзы, а ў жывапісе трымаўся за моду, як дзіця за няньку. У каханні прызнавацца не ўмеў, хоць ты яго за язык цягні. Заляцаўся ён прымітыўна: возьме мяне за рукі ў кіно, у тэатры альбо вечарам у парку пры святле месяца і скажа: «Сімпатычная вы…»

Чалавек як быццам нудны. Аднак я ахвотна бавіла з ім час. Ён мне здаваўся надзейным, шчырым. Было тое самае адчуванне бяспекі, што пазней пры першым збліжэнні з маім цяперашнім мужам. Іншыя мае сябры вагаліся, не ведалі, куды ім падацца: у мужы ці ў палюбоўнікі. Балбатні хоць адбаўляй, а яснасці ніякай. З Джэкам іншая справа. Сама думка аб часовай сувязі наводзіла на яго жах. Ён хацеў ажаніцца са мной, завезці мяне ў Амерыку і каб я яму нарадзіла двое дзяцей, прыгажунчыкаў, кучаравых, як ён, з прамымі носікамі, павольнай гутаркай трошкі ў нос, і такіх жа наіўных. Ён быў віцэ-прэзідэнт банка з перспектывай стаць яго прэзідэнтам і гаспадаром. Ва ўсякім разе ў нас было б усё, што нам трэба, і самы раскошны аўтамабіль. Так ён уяўляў сабе жыццё.

Павінна вам прызнацца, я спакусілася. Гэта вас дзівіць?.. Але ж яно зусім у маёй натуры. Жанчыну з характарам складаным, супярэчлівым, вабілі цэльнасць і прастата. Адносіны з раднёй у мяне былі дрэнныя, і, выехаўшы ў Злучаныя Штаты, я б вызвалілася ад прычэпак і прэтэнзій. Пасля некалькіх месяцаў стажыроўкі ў парыжскім філіяле Джэк збіраўся вярнуцца ў Ню-Ёрк. Развітваючыся, я дала яму слова прыехаць туды і выйсці за яго замуж. Заўважце, што я не была яго палюбоўніцай. І зусім не ад упартасці: я б уступіла, каб ён настаяў… А толькі ён не адважыўся. Джэк быў шчыры амерыканскі католік, трымаўся звычаяў строгіх і хацеў са мной павянчацца: касцёл Святога Патрыка, Пятае авеню, шаферы ў жакетах з белымі гваздзікамі ў пятліцы, шаферкі ў муслінавых плаццях… Вядома, я была не супраць такога вяселля.

Мы дамовіліся, што я прыеду ў красавіку. Джэк павінен быў заказаць мне білет на самалёт. Я была так упэўнена, што пералячу акіян на самалёце французскай кампаніі, што нават не палічыла патрэбным яму пра гэта сказаць. У апошні момант я атрымала білет Парыж – Лондан і Лондан – Ню-Ёрк ад кампаніі амерыканскай, якая ў той час прамой лініі да Парыжа не мела. Гэта крыху сапсавала мне настрой, але жанчына я лагодная, вы гэта ведаеце, і, каб не рабіць нікому турбот, згадзілася ляцець з перасадкай. У Лондан я павінна была прыбыць а сёмай гадзіне ўвечары, паабедаць у аэрапорце і вылецець у Ню-Ёрк тады ж у дзевяць гадзін.

Вы любіце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя і больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамікамі, клічуць пасажыраў у гарады далёкія і дзівосныя. Праз шырокія шыбы відаць, як прызямляюцца і ўзлятаюць паветраныя гіганты. Гэта фантастычна і мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купіну моху, і тут з дынамікаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавіла, але пачула слова «Ню-Ёрк» і нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азірнулася. Пасажыры ўставалі.

Па суседству са мной сядзеў у крэсле цікавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкімі, зграбнымі рысамі твару, крыху ўзлахмачанымі валасамі, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскіх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасці Шэлі. Разглядваючы яго, я падумала: «Пісьменнік альбо музыкант», і мне захацелася, каб ён быў маім спадарожнікам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць і запытаў па-ангельску:

– Прабачце, мадам… Вы павінны ляцець рэйсам 632?

– Так… А што аб'явілі?

– Што па тэхнічных прычынах самалёт затрымліваецца да шасці гадзін раніцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлі, кампанія дае аўтобус.

– Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзіне раніцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збіраецеся рабіць?

– О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, які жыве і працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакінуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну і вярнуся дадому.

Праз хвіліну ён дадаў:

– Не, лепш іначай… Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзіць па горадзе… Я – арганны майстар і мушу час ад часу правяраць якасць маіх інструментаў у некаторых лонданскіх цэрквах… І вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.

– Вы можаце заходзіць у цэрквы ўночы?

Ён засмяяўся і дастаў з кішэні вялікае вясло ключоў.

– Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавішы і трубы. Ціха, нікога не турбуеш…

– Вы іграеце самі?

– Стараюся.

– Гэта, мабыць, вельмі добра: арганныя канцэрты ў адзіноце і змроку.

– Добра? Не ведаю. Хоць я і люблю царкоўную музыку, арганіст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.

Ён падумаў хвіліну, потым сказаў:

– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае… Бачымся мы ўпершыню, і права на ваша давер'е ў мяне няма… Тым не менш, калі ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезці туды і даставіць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама іграеце.

– Іграю. А вы з чаго ўзялі?

– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памыліцца тут нельга.

Павінна прызнацца, камплімент гэты мяне крануў. Штосьці надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым – справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне і ў галаву не прыходзіла яму адмовіць.

– Паедзем, – сказала я. – А куды я дзену чамадан?

– Здадзім яго разам з маім у багажную камеру.

Я не змагу назваць ні тых трох цэркваў, у якіх мы пабывалі ў гэтую ноч, ні таго, што іграў на арганах мой таямнічы спадарожнік. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вітых лесвіцах, як месячнае праменне лілося праз высокія вокны, і цудоўную, велічную музыку. Я пазнавала мелодыі Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднік імправізаваў. І тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккіх, нябесных, поўных любві і ласкі.

Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала імя вялікага музыканта. Яго звалі Пітэр Дэн.

– Вас чакае слава. Вы – геній, – гаварыла я.

– Які я геній! Ноч і позні час стварылі вам ілюзію. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера і… ваша прысутнасць, на гэты раз.

Гэта яго заява не здзівіла мяне і не абразіла. Пітэр Дэн быў адной з тых асоб, з якімі збліжаешся хутка і лёгка. Ён быў з іншага свету, далёкі ад марнасці зямное. Калі наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хітрасці:

– Цяпер каля дванаццаці. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзіны тры-чатыры, якія мы павінны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты… Заўтра раніцай работніца прыбярэ.

Я адчула сябе шчаслівай, і, я ад вас не таю нічога, а таму прызнаюся, ва мне абудзілася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуцці жанчыны ў большай ступені залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуцці мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзіі і гармоніі, гэта моцная і пяшчотная рука, што падтрымлівала мяне ў змроку, – усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. І каб мой спадарожнік захацеў, я б не вызвалілася з яго ўлады… Такая мая натура.

Яго пакойчык, завалены кнігамі, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скінула капялюш і паліто і намерылася ісці памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухні, але ён адмовіўся:

– Не трэба, я сам. Вазьміце кнігу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

Я выбрала «Санеты» Шэкспіра і паспела прачытаць з іх тры, змест якіх вельмі адпавядаў майму настрою.

Увайшоў Пітэр, паставіў перада мной столік, заслаў яго абрусікам і падаў мне ўсё, што меў.

– Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робіце. Шчаслівая тая жанчына, што падзеліць з вамі жыццё.

– Ніякая жанчына не падзеліць са мной жыцця… Расказвайце пра сябе, гэта цікавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

– Так. Выходжу замуж за амерыканца.

Ён успрыняў гэта спакойна.

– Вы яго любіце?

– Я павінна яго любіць, паколькі вырашыла быць з ім разам да канца маіх дзён.

– Гэта яшчэ не довад, – сказаў ён. – Бываюць шлюбы, да якіх коцяцца павольна, нячутна, без асаблівага жадання. І раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступіць не хапае адвагі. І жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такія сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памыліцца. Адзінае, што мяне дзівіць…

Ён спыніўся.

– Гаварыце… Не бойцеся мяне пакрыўдзіць. Зрок у мяне востры… Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкі збоку і крытыкаваць іх.

– Ну добра! – прамовіў ён. – Мяне дзівіць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод іх ёсць выдатныя людзі, ёсць вельмі прывабныя), а тое, што вы згадзіліся правесці з ім у яго краіне ўсё сваё жыццё… Там дык вы, напэўна, адкрыеце «новы свет», вартасці якога будуць чужыя вам… Ангельскія звычаі і забабоны… Хоць, можа, ваш жаніх сам па сабе такі дасканалы, што вы не прыдасце ніякага значэння асяродзішчу, у якім будзеце жыць.

Я на хвіліну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пітэру Дэну, надзвычайна важна і трэба, каб я перакладала яму свае думкі дакладна, з усімі адценнямі.

– Не перабольшвайце, – кажу, – Джэк (мой будучы муж) далёкі ад дасканаласці і, я ўпэўнена, не заменіць сабой грамадства, якое мне адпавядала б… Джэк слаўны хлопец, сумленны, і мне ён будзе добрым мужам у тым сэнсе, што мне не здрадзіць, і я нараджу здаровых дзяцей. Але па-за клопатамі аб дзецях, па-за дзелавымі інтарэсамі, палітыкай і анекдотамі пра нашых сяброў у нас амаль нічога не будзе агульнага… Зразумейце мяне правільна. Джэк зусім не дурніца, кіруе справамі лепш не трэба, адчувае прыгажосць, мае свой густ… Толькі вось паэзія, жывапіс, музыка для яго, як лішняя нагрузка. Ён аб іх ніколі не думае… Але ці так гэта важна? Ва ўсякім разе, мастацтва ёсць толькі адна з праяў чалавечай дзейнасці.

– Бясспрэчна, – сказаў Пітэр Дэн… – Можна быць чалавекам вельмі чуллівым і не любіць мастацтва ці, дакладней, не разумець яго… Я хутчэй аддам перавагу шчырай раўнадушнасці, чым фанабэрыстаму, вытанчанаму чыстаплюйству. Але каб быць мужам такой жанчыны, як вы… Ці ёсць у яго хоць тая мінімальная сардэчнасць, што дазваляе ўгадваць скрытыя жаданні блізкага яму чалавека?

– Ён не глядзіць так глыбока… Я яму падабаюся, а чаму – ён сам не ведае. Ён ні аб чым не пытаецца і верыць, што зробіць мяне шчаслівай… Мужа я буду мець працавітага, кватэру на Парк-авеню, аўтамабіль самы раскошны, яго маці (яна родам з Віргініі) падбярэ нам цудоўных чорных слуг. Скажыце, якога ж яшчэ раю шукаць жанчыне?

– Не здзекуйцеся, – прамовіў ён. – Здзек – заўсёды адзнака ліхіх думак. Калі насміхаюцца з тых, каго трэба любіць, гэта забівае ўсякую прыхільнасць… І вось яшчэ… І гэта асабліва важна. Адзіны шанс на ратунак – у далікатных і літасцівых адносінах да людзей. Амаль усе яны такія няшчасныя…

– Я не думаю, што Джэк няшчасны. Ён амерыканец і добра прыстасаваны да свайго грамадства, якое, не крывячы душой, лічыць найлепшым у свеце. У чым жа ён тады пачне сумнявацца?

– У вашай любві, і даволі скора. Вы яго навучыце пакутаваць.

Не ведаю, ці адчулі вы з маіх слоў, што ў гэтую ноч мой узбунтаваны розум быў схільны з усім згаджацца. Незвычайна было тое, што я была адна, а першай гадзіне раніцы, у пакоі незнаёмага ангельца, з якім выпадкова сустрэлася на аэрадроме. Яшчэ больш незвычайна, што я расказала яму падрабязна пра сябе і падзялілася сваімі планамі на будучыню. Нарэшце, самае дзіўнае, што ён даваў мне парады і я слухала яго з пашанай.

І ўсё ж гэта было іменна так. Чалавечая годнасць Пітэра і яго дабрата рабілі ўсё простым і натуральным. Ніякіх замашак прапаведніка, прарока-прафесіянала. Нічога напускнога. Ён ад душы смяяўся, калі я гаварыла што-небудзь смешнае. Але ў ім угадваўся сур'ёзны падыход да ўсяго, з'ява даволі рэдкая ў грамадстве. Так. Іменна сур'ёзны падыход… Вы разумееце? Людзі ў большасці не выказваюць таго, што думаюць. За іхнімі словамі звычайна тоіцца задняя думка, і тое, што ў іх на языку, толькі маска, каб схаваць сапраўднае. Альбо, што яшчэ часцей, балбочуць абы-што, не думаючы.

Пітэр паводзіў сябе, як некаторыя героі Талстога: не збочваючы, даходзіў да самай сутнасці рэчаў. Гэта настолькі мяне ўразіла, што я запытала:

– У вас ёсць расейская кроў, не іначай?

– З чаго вы ўзялі? Пытанне нечаканае, асабліва ад вас. Так, мая маці была расейка, бацька – ангелец.

Гэта трапная здагадка мяне проста акрыліла, і я, не саромеючыся, пачала пытацца:

– Вы – халасцяк? Вы ніколі не жаніліся?

– Не. Бачыце… Вы можаце палічыць гэта гордасцю… Я захоўваю сябе для чагосьці большага.

– Для вялікай любві?

– Для вялікай любві, але не да жанчыны. Я ўвесь час адчуваю, што за мізэрнымі з'явамі гэтага свету ёсць нешта вельмі значнае, прыгожае, дзеля чаго варта| жыць.

– І гэтае «нешта» вы знаходзіце ў рэлігійнай музыцы.

– Так, і ў паэзіі… І чытаючы евангелле… Я хацеў бы зрабіць сваё жыццё чыстым. Прабачце, што я гавару пра сябе… такім прыўзнятым тонам… далёка не брытанскім… але, мне здаецца, вы разумееце ўсё… і адразу.

Я ўстала, падышла і села каля яго ног. Чаму? Сама не ведаю. Але іначай зрабіць не магла.

– Так, разумею, – прамовіла я. – Адчуваю, як і вы, што нельга траціць жыццё – наш адзіны неацэнны здабытак – на марныя клопаты, нікчэмныя сваркі, дробныя заняткі. Я б жадала, каб кожная мая гадзіна была падобна на тую, што я праводжу цяпер каля вас… Аднак я ведаю, што гэтага не будзе… Няма ў мяне сілы… Паплыву па цячэнню, бо так лягчэй… Зраблюся місіс Джэк Д. Паркер, буду гуляць у карты, у гольф, палепшу свае спартыўныя паказчыкі, зімаваць паеду ў Фларыду, і так год за годам, пакуль не прыстукне смерць… Вы, можа, скажаце, які жаль!.. Ваша праўда… Але што рабіць?

Я прытулілася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму… душой і целам… Так, душой і целам, бо галоўнае – гэта гатоўнасць.

– Што рабіць? – паўтарыў ён. – Кіраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергія і аўтарытэт… Ну так!.. І, між іншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькі некалькі момантаў, калі ўсё вырашаецца, і надоўга. У гэтыя моманты якраз і трэба праявіць мужнасць, сказаўшы – так альбо не.

– І вы лічыце, што ў мяне цяпер такі момант, калі трэба праявіць мужнасць і сказаць – не?

Ён далікатна дакрануўся да маіх валасоў, потым адвёў руку і задумаўся.

– Вы задалі мне вельмі цяжкае пытанне, – прамовіў ён нарэшце. – Якое ў мяне права, у чалавека, які ўпершыню вас сустрэў, пра вас нічога не ведае, ні пра вашу сям'ю, ні пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памыліцца… Вырашаць павінны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае… А што магу я? Я магу толькі накіраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, і, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, і запытацца ў вас: «А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзіць вашым лепшым задаткам?»

Тут і я задумалася.

– На жаль – не… Няма ў мяне пэўнасці. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесці сябе ў ахвяру… У дзяцінстве я марыла быць святой альбо гераіняй… А цяпер маё жаданне – прысвяціць сябе чалавеку незвычайнаму і, у меру сіл маіх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокім прызванні… Вось так… Я вам прызналася ў тым, пра што нікому яшчэ не гаварыла… Чаму вам? Гэта і для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасці і абуджае давер'е.

– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзі называюць «шчасцем», магчыма, здольны палюбіць другіх па-сапраўднаму і праз гэта знайсці іншую форму шчасця.

І тады, учынак смелы і крыху шалёны, я схапіла яго за рукі і сказала:

– А чаму б вам, Пітэр Дэн, не ўзяць сваёй часціны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы іменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.

– Гэта – ілюзія… У рэальнасці я зусім не такі, я вы сабе ўяўляеце. Ніводнай жанчыне я не буду ні мужам, ні каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з раніцы да вечара, з вечара да раніцы пры мне знаходзілася жанчына, якая кожную хвіліну патрабуе ад мяне ўвагі і мае на гэта права.

– Увага была б узаемнай.

– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.

– Вы адчуваеце, што ў вас хопіць сілы, каб змагацца.

– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопіць сілы, каб змагацца ў жыцці разам з усімі людзьмі добрай волі… працаваць разам з імі, каб зрабіць свет больш мірным і шчаслівейшым… ці хоць паспрабаваць зрабіць яго такім.

– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павінна верыць у тое, што вас натхняе. Але калі яна вас любіць…

– Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якія, закахаўшыся, як самнамбулы, ішлі за любімым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалі, што стаяць над прадоннем і могуць упасці. І тады ў іх з'яўлялася адзіная мэта: хутчэй спусціцца ўніз на роўную дарожку звычайнага жыцця… Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалі сямейны ачаг… Воін складваў зброю.

– Вы хочаце змагацца адзін?

Ён далікатна абняў мяне:

– Мне вельмі балюча выказваць, але гэта праўда… Я хачу змагацца адзін.

Я ўздыхнула:

– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовіцца ад Джэка.

– Лепш адмовіцца і ад яго і ад мяне.

– Чаму?

– Каб застацца сабой.

Я надзела капялюш перад люстэркам. Пітэр падаў мне паліто.

– Правільна, – сказаў ён, – трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, і лепш, калі мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.

Ён патушыў у кухні лямпу і, перад тым як выйсці, не стрымаўся і па-брацку абняў мяне. Я не супраціўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сілу і ўладу. Але ён хутка адпусціў мяне, адчыніў дзверы і выйшаў следам за мной.

На вуліцы нас чакала яго невялічкая машына, і я села з ім побач, не сказаўшы ні слова.

Ішоў дождж, і вуліцы начнога Лондана танулі ў змроку і смутку. Праз хвіліну Пітэр загаварыў. Ён мне апісаў людзей, што жывуць у гэтых дробных доміках стандартнай будоўлі, іх аднастайны побыт, убогія радасці і сціплыя надзеі. Яго ўяўленне было на дзіва вобразным. Ён мог бы стаць вялікім раманістам.

Потым мы апынуліся ў заводскім прадмесці. Мой спадарожнік змоўк. Я моцна задумалася… Думала аб заўтрашнім дні, аб сваім прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, які, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым і трошкі смешным. Раптам я сказала рашуча:

– Стойце, Пітэр!

Ён рэзка затармазіў і запытаў:

– Што такое? Вам нядобра?.. Ці, можа, у мяне што забылі?

– Не. А толькі я не хачу ехаць у Ню-Ёрк… Я не хачу яшчэ раз выходзіць замуж.

– Што?

– Я перадумала. Вы мне раскрылі вочы. Вы мне сказалі, што ў жыцці бываюць моманты, калі рашаецца ўсё, і надоўга… У мяне якраз такі момант… Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.

– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памыліцца.

– Вы не можаце памыліцца. І асабліва я не магу памыліцца. Я цяпер ясна бачу, што збіралася зрабіць глупства. Я не паеду.

– Дзякуй богу! – павесялеў ён. – Гэта вам збавенне. Іначай, папалі б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэнні?..

– А чаго баяцца? Мае бацькі і сябры не хацелі, каб я ехала. Яны лічылі гэта капрызам і будуць рады, што я вярнулася.

– А містэр Паркер?

– Джэк паходзіць засмучаны колькі дзён ці колькі гадзін… Пабаліць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмі цяжка жыць з такой наравістай жанчынай, і ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля… Трэба толькі паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.

Пітэр уключыў матор.

– Што будзем рабіць? – запытаў ён.

– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другі, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.

– Сон быў прыгожы.

– Але без вынікаў.

Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф і напісала тэлеграму Джэку: «Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкім краі кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны білет апраўдаць выдаткі кропка прывітанне Марцэла».

Я перачытала і замест «жыць у чужым далёкім краі» напісала «жыць на чужыне». І ясна, і карацей.

Пакуль я складала тэлеграму, Пітэр высвятляў, калі адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:

– Усё – як мае быць ці лепш, нядобра ўсё: матор наладзілі. Я вылечу праз дваццаць хвілін. Вам давядзецца чакаць да сямі гадзін. Мне непрыемна пакідаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кніжку?

– Не, – адказала я. – У мяне ёсць над чым падумаць.

– Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.

Не прамовіўшы ні слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўніку.

– Звычайная? – запытаў той.

– Спешная.

Потым я ўзяла Пітэра пад руку.

– Дарагі Пітэр, у мяне такое ўражанне, нібы я праводжу да самалёта свайго самага блізкага друга.

Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнія дваццаць хвілін. Ён вызначыў некалькі важнейшых жыццёвых правіл. Вы не раз казалі мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка і не ўмею хлусіць. Калі хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзілася ва мне, я найбольш абавязана Пітэру. Нарэшце ў дынамік абвясцілі: «Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два…» Я праводзіла Пітэра да выхаду. Абняла яго там і моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы ніколі не бачыліся.

– Ніколі не бачыліся? Чаму? Хіба вы не пакінулі яму адраса?

– Пакінула, але ён мне ніколі не пісаў. Відаць, яму падабалася ўвайсці вось гэтак у жыццё людзей, паказаць ім дарогу і знікнуць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации