Электронная библиотека » Андрэ Маруа » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Навелы"


  • Текст добавлен: 5 декабря 2018, 13:20


Автор книги: Андрэ Маруа


Жанр: Зарубежная классика, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 15 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалі яго знайсці?

– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулі ніколі. Не, тады нам было вельмі добра… Шчаслівыя моманты мінулага не аднаўляюцца… Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзіўнай у маім жыцці? Ці ж не цуд, што чалавек, які перайначыў мой лёс, прымусіў жыць у Францыі, а не ў Амерыцы, які зрабіў на мяне такі моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскім аэрапорце?

– Гэта нагадвае, – заўважыў я, – антычныя міфы, калі бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымі… Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькі ўсё скончылася тым, што вы выйшлі замуж за Рэно, які, хоць і носіць іншае імя, але па сутнасці той самы Джэк.

Падумаўшы, яна сказала:

– Ну так… Чалавечую прыроду змяніць нельга, яе можна толькі падправіць.

Фіялкі ў сераду

– Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ!

Жэнні Сарб'е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.

– Не, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада… Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.

– Які жаль! – прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. – Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.

Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.

– Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?

– Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў Камедзі-Франсэз, Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.

– Талент не мае ўзросту, – прамовіла Клер Менетрые. – А што гэта за гісторыя з фіялкамі?

– О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны… Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.

– Вядома! Параўнанні – рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб'е, якая нас кінула.

– Добра! Я паспрабую… Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу…

– Давайце, давайце! – падбадзёрыў Бертран Шміт. – Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькі зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далікатнае.

– Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу… Вы ўсе тут мала пажылі яшчэ, каб помніць веліч і красу даўнейшай Жэнні Сарб'е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямі спадалі на мармуровыя плечы, яе пільны, прытоены позірк, рэзкі, нават жорсткі голас, які раптам ламаўся, увесь наліты пачуццямі, выдзялялі і падкрэслівалі сілу яе духу, яе гордае хараство.

– Цудоўны маналог, Леон!

– Магчыма. Толькі з моды выйшаў… Дзякую за падтрымку… У кансерваторыі ў 1895 годзе яна атрымала прэмію і адразу ж была запрошана ў Камедзі-Франсэз. На жаль, я ведаю па сабе, як цяжка трымацца ў гэтым славутым тэатры. Рэпертуарныя амплуа строга замацаваны за пэўнымі асобамі, якія іх раўніва ахоўваюць. Самая здольная служанка можа дзесяць гадоў чакаць, пакуль ёй дадуць нешта вартае з Мальера альбо Марыво. Жэнні Сарб'е, абаяльная, прыгожая, наткнулася на каменную сцяну жанчын, праслаўленых, учэпістых. Усякая другая пакарылася б і тапталася на месцы альбо праз два гады перакачавала б у тэатр на Вялікіх Бульварах. Але не такой натуры была наша Жэнні. Яна дала бой. На гэта яна мабілізавала ўсё: свой талент актрысы, культуру, прывабнасць, свае цудоўныя валасы.

Вельмі хутка яна паднялася ў тэатры на самы высокі ўзровень. Дырэктар быў ад яе ў захапленні. Драматургі патрабавалі, каб асабліва адказныя ролі даручаліся ёй і нікому больш. Крытыкі, як згаварыўшыся, курылі ёй фіміям. Нават грозны Сарсэ пісаў: «Яе міміка і жэсты могуць зачараваць і кракадзіла».

Мой бацька, які ведаў яе ў той час, казаў мне, што яна страшэнна любіла сваю прафесію, была ўзброена тэарэтычна і шукала новых, асабліва выразных спосабаў паказу. У той час тэатр спаўзаў на пазіцыі наіўнага рэалізму. Калі ў якой-небудзь п'есе Жэнні павінна была атруціцца, яна наведвала бальніцы і вывучала спецыфіку смерці ад яду. Для выяўлення належных пачуццяў яна рабіла эксперыменты з сабой. У справах мастацтва яна не саромелася, як Бальзак, які для сваіх раманаў выкарыстоўваў сябе альбо пачуцці любімай жанчыны.

Можаце сабе ўявіць, колькі было паклоннікаў у дзяўчыны дваццаці двух год у росквіце яе прыгажосці і славы. Прабавалі падступіцца і артысты, і пісьменнікі, і банкіры… Адзін з банкіраў, Анры Сталь, стаў яе абраннікам. І не таму, што ён быў багаты. Яна жыла ў сваёй сям'і і была забяспечана. А таму, што ў яго таксама была немалая прывабнасць, а галоўнае, ён абяцаў з ёю ажаніцца… Вы ведаеце, што шлюб гэты адкладваўся, бо не давалі згоды бацькі жаніха, і толькі праз тры гады Жэнні выйшла замуж за Сталя. Пражылі яны разам нядоўга. Яе незалежны характар не мог мірыцца з сямейнымі абавязкамі… Але гэта ўжо іншая гісторыя. Вернемся да Камедзі-Франсэз, да дэбютаў нашай паважанай сяброўкі… і фіялак.

Уявіце сабе артыстычнае фае ў вечар аднаўлення з удзелам Жэнні «Багдадскай прынцэсы» Дзюма-сына. П'еса гэта мае значныя недахопы – і ў мяне, прыхільніка яго моцна скампанаваных п'ес, такіх, як «Паўсвет», «Друг жанчын», «Франсіён», развязны Дзюма «Чужаземкі» і «Багдадскай прынцэсы» выклікае ўсмешку. Але ўсе, хто бачыў Жэнні ў ролі прынцэсы, сцвярджаюць, што яна стварыла праўдзівы вобраз. Пра гэта я з ёю гаварыў не раз. Цікава тое, што яна паверыла ў вобраз. «У тыя гады, – казала яна мне, – я даволі арганічна думала так, як гераіня Дзюма-сына, і мне здавалася вельмі дзіўным выстаўляць напаказ пры поўным святле самае запаветнае, свае душэўныя перажыванні». Дадайце яшчэ, што ў гэтай ролі яна магла распусціць валасы і паказаць свае цудоўныя плечы. Адным словам, гэта было ўвасабленне хараства.

Дык вось, пасля авацый, у антракце яна адпачывала ў фае. Вакол яе натоўп. Шчаслівая Жэнні сядзела на ўслоне каля Анры Сталя і з натхненнем шчабятала пра сваю перамогу.

– Вось так, даражэнькі Анры!.. Цяпер мая лодка на вадзе. Ёсць чым дыхаць… Тры дні назад вы мяне бачылі. Дрэнна іграла, праўда?.. Плюхалася, як у лужыне… Танула… Рот быў залеплены… І вось гэты вечар… Збіраю ўсе сілы, скачок – і я на паверхні!.. Скажыце, Анры, а што, калі я правалюся ў апошнім акце, не выцягну да канца? Божа мой, божа мой!

Увайшоў білецёр і падаў ёй кветкі.

– Ад каго?.. А! Ад Сэн-Лу… Ваш сапернік, Анры… Занясіце ў маю прыбіральню.

– Тут вам ліст, мадмуазэль, – сказаў білецёр.

Яна разгарнула лісток і гучна засмяялася:

– Гэта ад ліцэіста… Ён мне піша, што ў сваёй школе яны заснавалі Жэнні-клуб.

– Тады ўвесь Жакей-клуб перабяжыць у Жэнні-клуб, – пажартаваў Анры.

– Ліцэісты мне падабаюцца больш, чым аматары верхавой язды. О! І гэты канчае паэзіяй… Слухайце, мой друг:

 
Даруйце мне, што вершам вам пішу,
Прабачце за радкі, што я няўмела склаў.
Я шчыра вас люблю і вельмі вас прашу,
Каб наш дырэктар гэтага не знаў.
 

Міла… да немагчымасці!..

– Вы будзеце яму адпісваць?

– Вядома, не! Такое мне на дзень разоў дзесяць прыносяць. Адурэць можна, адпісваючы… Але гэта мяне акрыляе… Паклоннікі ў шаснаццаць гадоў… яны будуць захапляцца мною доўга.

– Наўрад!.. У трыццаць гадоў яны будуць натарыусамі.

– А чаму натарыусам нельга мною захапляцца?

– І гэта яшчэ вам, – сказаў білецёр, падаючы ёй букецік фіялак цаною ў два су.

– О! Любата!.. Гляньце, Анры… А запіска ёсць?

– Не, мадмуазэль, запіскі няма… Дзяжурны гаварыў, што кветкі яму паклаў студэнт з Політэхнічнай вучэльні, у форму быў апрануты.

– Віншую, мая дарагая, – прамовіў Анры Сталь… – Закруціць галовы гэтым іксам у квадраце – справа нялёгкая.

Яна доўга нюхала фіялкі.

– Цудоўна пахнуць… Адзіныя знакі ўвагі, ад якіх мне радасна… Я не люблю сытай бывалай публікі, што прыходзіць паглядзець, як я паміраю ў поўнач, гэтак жа, як у поўдзень бяжыць у Пале-Раяль паслухаць, як страляюць з гарматы.

– Публіку вабіць вострае, – заўважыў Анры. – Так заўсёды было… Крывавыя баі гладыятараў… Каб актрыса праглынула сто іголак, вось быў бы поспех!

Яна засмяялася:

– А каб швейную машынку праглынула – яшчэ больш было б славы.

– На сцэну! – паклікалі з-за куліс.

Яна ўстала:

– Я гатова… Іду глытаць свае сто іголак.

Вось так, расказвала Жэнні, і пачалася гэта прыгода.

У наступную сераду зноў у апошнім антракце білецёр з усмешкай перадаў Жэнні букецік фіялак.

– Ого! – павесялела яна. – Няйначай, ад таго самага студэнта.

– Ад яго, мадмуазэль.

– А які ён на выгляд?

– Не ведаю, мадмуазэль. Пайду запытаюся ў дзяжурнага.

– Не трэба. Гэта не мае значэння.

Праз тыдзень яна не іграла ў сераду, але з'явіўшыся ў чацвер на рэпетыцыю, знайшла ў сваёй прыбіральні крыху завялы букецік фіялак. Выходзячы, яна запыталася ў вартаўніка:

– Скажыце, Бернар, мне гэтыя фіялкі ад таго самага маладога чалавека?

– Ад таго самага, мадмуазэль… Ужо трэці раз.

– А які ён сабою, гэты студэнт?

– Сімпатычны… Вельмі сімпатычны… Худаваты крыху, шчокі ўпалыя, кругі пад вачамі… Цёмныя вусікі прабіваюцца. Пенснэ. І яно так смешна – мундзір са шпагай… Пабажуся, мадмуазэль, хлопец – закаханы па вушы… Працягвае мне букецік і кажа: «Паважанай панне Жэнні Сарб'е» – і пачырванеў… як ружа.

– А чаму ён прыходзіць заўсёды ў сераду?

– А хіба вы не ведаеце. Серада – выхадны дзень у Політэхнічным. Кожную сераду партэр і галёрка перапоўнены студэнтамі. І кожны з дзяўчынай.

– І ў майго ёсць дзяўчына?

– А як жа, мадмуазэль, але гэта яго сястра… Страшэнна падобная…

– Бедны хлопчык! Каб я была смялейшай, я б вас папрасіла прывесці яго ў фае хоць адзін раз, каб ён мне сам перадаў свае фіялачкі.

– Яшчэ чаго! Не раю вам, мадмуазэль. Гэтыя тэатральныя кавалеры, калі з імі не цацкацца, – мілыя людзі, ніякай шкоды ад іх. Яны любяць актрыс здалёку, на сцэне, і гэтым задавальняюцца… А калі іх хоць капельку прылашчыць, яны адразу пачынаюць чапляцца, і тады проста жах… Дай ім кончык пальца, схопяць далонь, працягні далонь, руку адарвуць… Вам смешна, мадмуазэль, а я маю горкі вопыт. Я ўжо гадоў дваццаць служу тут. Нагледзеўся!.. Бачыў каля дзвярэй і закаханых дзяўчатак… І ашалелых дзецюкоў… І лысых, і сівых… Заўсёды прымаў ад іх і кветкі, і лісты, але каб пускаць іх наверх – нізашто.

– Ваша праўда, Бернар… Будзем раўнадушнымі, асцярожнымі і жорсткімі.

– Гэта не жорсткасць, мадмуазэль, а жыццёвая мудрасць.

Мінула некалькі тыдняў. Кожную сераду Жэнні акуратна атрымлівала букецік фіялак. У тэатры ўжо ўсе ведалі гэту гісторыю. Адна з сябровак сказала Жэнні:

– Бачыла твайго студэнта… Нішто сабе з твару, рамантычны… Гатовы тыпаж на ролю ў камедыі Мюсэ «З каханнем не жартуюць».

– А як ты пазнала, што ён мой?

– Якраз сышла ўніз у той момант, калі ён, саромеючыся, прасіў дзяжурнага перадаць табе кветкі: «Паважанай панне Жэнні Сарб'е, калі ласка…» Мне ён спадабаўся. Далікатны хлапчына, разумны, баіцца быць смешным і не ўмее схаваць свайго захаплення… Я нават пашкадавала, што ён не да мяне прыходзіць… Я б яго так не выпусціла, аддзякавала б… Заўваж, ён нічога не просіць, нічым цябе не турбуе… Каб я была табою…

– Ты б яго прыняла?

– Так, але ненадоўга… Не першы тыдзень ён сюды ходзіць. Хутка вакацыі. Ты паедзеш… Ніякай рызыкі, што ён прывяжацца…

– Твая праўда, – згадзілася Жэнні. – Гэта проста глупства не заўважаць паклоннікаў, калі іх многа і яны маладыя, каб потым, гадоў праз трыццаць, бегаць за імі, калі яны ўжо засвецяць лысінамі і ў большасці адвернуцца.

У той жа вечар, выходзячы, яна сказала вартаўніку:

– Бернар, у наступную сераду, калі студэнт з Політэхнічнага прыйдзе з фіялкамі, скажы, каб ён мне іх сам прынёс пасля трэцяга акта… Я іграю ў «Мізантропе». Пераапранацца мне не трэба… Я буду ў прыбіральні і прыму яго… Не! Я буду чакаць яго ў калідоры каля лесвіцы… Альбо, можа, у фае.

– Добра… А мадмуазэль не баіцца?..

– Чаго баяцца? Дзён праз дзесяць я еду на гастролі, а гэтага хлопца з вучэльні не пусцяць.

– Добра, мадмуазэль… Але ўсё ж, на мой погляд…

У прызначаную сераду Жэнні міжвольна іграла Селімену з асаблівым запалам, каб спадабацца незнаёмаму. У антракце, зацікаўленая і ўзрушаная, села ў кутку фае і чакала. Навокал шпацыравалі прывычныя наведвальнікі. Рэжысёр нешта тлумачыў Бланш П'ерсон, тагачаснай саперніцы Жэнні. Але чорны з пазалотай мундзір нідзе не паказваўся. Узнерваваная, нецярплівая, яна пабегла да білецёраў:

– Мяне ніхто не пытаў?

– Ніхто, мадмуазэль.

– Сёння серада, і павінны быць фіялкі. Можа, Бернар забыў іх перадаць?.. Непаразуменне нейкае…

– Непаразуменне!.. Якое непаразуменне, мадмуазэль?.. Калі жадаеце, я схаджу да дзяжурнага.

– Схадзіце… Альбо лепш, не трэба. Выходзячы, я пабачу Бернара сама.

Яна пачала здзекавацца з сябе: «Ну і жывёліны ж мы! Месяцаў шэсць я амаль не звяртала ўвагі на яго бескарысную адданасць і раптам, не знайшоўшы паднашэння ад занядбанага мною паклонніка, растрывожылася, як нявеста, страціўшы жаніха. Ах, Селімена, пашкадуеш ты Альцэста, калі ён з вялікім болем адыдзе ад цябе!»

Пасля спектакля яна спусцілася ў дзяжурку:

– Ну што, Бернар? Як мой кавалер? Вы не пасылалі яго да мяне?

– Усё роўна як назнарок, мадмуазэль… Сёння ён не прыходзіў. Першы раз, калі вы мелі ласку згадзіцца прыняць яго, у першую сераду цераз паўгода – на табе, не з'явіўся.

– Дзіўная рэч! Можа, яго хто папярэдзіў і ён спалохаўся?

– Напэўна, не, мадмуазэль. Апроч вас і мяне, пра гэта ніхто не ведаў… Вы ж нікому не гаварылі? Ну, а я тым болей… Я нават сваёй жонцы ні слова.

– Тады як вы гэта тлумачыце?

– А ніяк не тлумачу, мадмуазэль… Бываюць выпадкі… Можа, надакучыла… Альбо захварэў… Бліжэйшая серада пакажа.

Але ў наступную сераду не было ні студэнта, ні фіялак.

– Што рабіць, Бернар? Як на вашу думку, мо яго таварышы знойдуць яго?.. Альбо запытацца ў інспектара вучэльні?

– А якім гэта чынам, мадмуазэль? Мы ж нават не ведаем яго імя.

– Праўда… Як гэта сумна, Бернар! Прапалі мае надзеі!..

– Ды не, мадмуазэль… Такі быў год удачны для вас!.. А хутка гастролі – новы поспех… Нічога не прапала, усё наперадзе.

– Разумныя словы. Няўдзячная я, нядобрая… Але ж я так прывыкла к фіялкам у сераду!

Назаўтра яна выехала з Парыжа. Анры Сталь з пачцівасцю суправаджаў яе. У кожным гатэлі яе пакой быў повен руж. Вярнуўшыся ў Парыж, яна забыла свайго рамантычнага студэнта.

Прыкладна цераз год яна атрымала ліст ад палкоўніка Жэнеўрыера з просьбай прыняць яго па асабістай справе. Ліст быў карэктны і сур'ёзны. Адмовіць яна не магла. Жэнні прызначыла яму сустрэчу ў суботу пасля поўдня. Ён прыйшоў апрануты ў цывільнае, у чорным гарнітуры. Яна прыняла палкоўніка з грацыёзнай непасрэднасцю, уласцівай ёй і на сцэне і ў жыцці. Натуральнасць яе паводзін як бы моўчкі пыталася: «Што яму трэба тут, гэтаму незнаёмаму госцю?»

Яна чакала.

– Шчыра вам дзякую, мадмуазэль, што маю магчымасць пабачыцца з вамі. І калі я дазволіў сабе прасіць спаткання з вамі, на гэту смеласць штурхаў мяне не інтэрас мужчыны, а пачуцці бацькі… Я прыйшоў у чорным. Гэта жалоба па маім сыне, лейтэнанце Андрэ Жэнеўрыеры, забітым на Мадагаскары два месяцы таму назад.

Жэнні зрабіла рух, нібы хацела сказаць: «Спачуваю вам ад усяго сэрца, але…»

– Вы не ведалі майго сына, мадмуазэль, я знаю… Затое ён вас ведаў і захапляўся вамі… Вы мне можаце не даць веры, але ўсё, што я вам скажу, – чыстая праўда. Вы – тая адзіная жанчына на свеце, якую ён шанаваў і ўсім сэрцам любіў…

– Баюся паверыць, палкоўнік… Ён вам прызнаўся?

– Не мне, а сваёй сястры, ад якой не таіў нічога… Усё пачалося ў той дзень, калі яны разам пайшлі на спектакль «Гульня любві і выпадковасцей». Вярнуўшыся, мае дзеці толькі пра вас і гаварылі: «Якая мяккасць і чысціня! Жывая паэзія!» – і яшчэ шмат чаго пахвальнага, у чым я ані не сумняваюся, але якому запал маладосці, юнацкае імкненне да ідэалу… Ах, мой небарака сын быў летуценнік, фантазёр.

– Божа мой! – крыкнула Жэнні. – Значыць, гэта ён мне?..

– Ён, мадмуазэль. Мой сын Андрэ. Той самы студэнт політэхнічнай вучэльні, які некалькі месяцаў кожную сераду прыносіў вам букет фіялак… Мне ўсё дачка расказала… Спадзяюся, што гэтыя сціплыя дары захаплення не былі вам прыкрымі?.. Ён так вас любіў, вас ці, можа, ваш вобраз, створаны ім… Сцены яго пакоя былі ўвешаны вашымі партрэтамі… Колькі клопату мела сястра, дастаючы вашу новую фатаграфію, каб парадаваць брата!.. У вучэльні таварышы насміхаліся з яго: «Ты б ёй напісаў, пакутнік!»

– Чаму ж ён не пісаў?

– Ён пісаў, мадмуазэль, і я прынёс вам цэлую кучу неадпраўленых лістоў, знойдзеных пасля яго смерці. – Палкоўнік дастаў з кішэні ёмісты пакет і перадаў Жэнні. Яна мне аднойчы паказвала. Почырк шпаркі, дробны, невыразны… Лініі матэматыка, а стыль паэта.

– Захавайце гэтыя лісты, мадмуазэль, яны належаць вам… І даруйце мне за раптоўны візіт… Я лічыў сваім абавязкам, як сынаву памяць… У яго пачуццях да вас не было нічога непачцівага і легкадумнага. Вы былі для яго ўвасабленнем дасканаласці і хараства… І магу вас запэўніць, Андрэ быў варты сваёй вялікай любві.

– Але чаму ён не шукаў сустрэчы са мной? Чаму я сама нічога не зрабіла, каб з ім пабачыцца?.. Ах, як я злую на сябе! Як я злую!

– Хай вас не мучыць сумленне, мадмуазэль… Вы ж не маглі ўгадаць… Скончыўшы вучэльню, Андрэ папрасіў, каб яго накіравалі на Мадагаскар; прычынай такога рашэння былі вы, вядома… Ён сказаў сястры: «Альбо разлука вызваліць мяне ад гэтага безнадзейнага кахання, альбо я стану героем, і тады…»

– А хіба не геройства, – прамовіла ўзрушаная Жэнні, – такое пастаянства пачуццяў, такая адданасць і сціпласць!

Потым, калі палкоўнік падняўся, яна парывіста схапіла яго за рукі:

– Мне здаецца, што я не зрабіла нічога дрэннага, і ўсё ж такі… І ўсё ж я адчуваю, што на мне таксама ляжыць нейкі абавязак перад яго пакрыўджаным ценем… Мне балюча!.. Слухайце, палкоўнік, скажыце мне, дзе ваш сын пахаваны?.. Даю вам слова, што да самай сваёй смерці я кожную сераду буду прыносіць букет фіялак на яго магілу.

– Вось чаму, – закончыў сваё апавяданне Леон Ларан, – на працягу ўсяго жыцця наша Жэнні, якую лічаць чэрствай, расчараванай, а некаторыя нават цынічнай, кожную сераду пакідае сваіх сяброў, работу, свае амурныя справы і адна ідзе на могільнік Манпарнас да нябожчыка-лейтэнанта, якога ніколі не бачыла… Я думаю, вы цяпер пераканаліся ў справядлівасці маіх слоў. Гэта гісторыя надта сентыментальная для нашага часу.

Некалькі хвілін усе маўчалі, потым Бертран Шміт сказаў:

– На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкі для тых, хто яе варты.

Добры вечар, дарагая

– Ты куды, Антуан? – запытала мужа Франсуаза Кеснэ.

– Пайду на пошту. Здам заказное і выведу пагуляць Маўглі… Дождж перастаў. Хмары над Ментонай распаўзліся. Бярэцца на пагоду.

– Доўга не баўся. Я запрасіла на абед Сабіну Ламбер-Леклерк з мужам… Ну так, я прачытала ў «Эклерэры», што яны прыехалі ў Ніццу на некалькі дзён. Вось я і напісала Сабіне…

– Ах, Франсуаза! Навошта?.. Палітыка, якую праводзіць яе муж, мне агідная, і сама Сабіна…

– Не бурчы, Антуан… Ты ж не скажаш, што Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай…

– Вось іменна… І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона…

– І зусім яна не матрона, – адказала Франсуаза. – Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо… Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.

– Ты хоць бы параілася са мной… Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.

– Шчаслівай прагулкі! – весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.

Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр – ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:

– Разбэсцілася Франсуаза… Проста нельга цярпець… І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова… Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта… І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі… Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..

Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, – на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.

– Маўглі, сюды!..

Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкі аб Франсуазе сталі яшчэ болей змрочнымі. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва і нават неасцярожнасць надта ўжо кідаліся ў вочы. А ці быў бы ён шчаслівейшы з Сабінай Ламбер-Леклерк? Ён уявіў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабіна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жаніх і нявеста, і самі яны, нічога аб гэтым не гаварыўшы, былі ўпэўнены, што пажэняцца.

«У Сабіны быў агнявы тэмперамент», – падумаў ён, успомніўшы, як некалі на танцах яна тулілася да яго.

Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай і любай. Потым з'явілася Франсуаза, і тады ўсе іншыя дзяўчаты перасталі для яго існаваць… Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.

Сустрэўшы яе ў гасцінай, прыгожую, свежую, у муслінавым плацці ў яркія кветкі, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла іх дом, іх сад, якімі так захапляюцца госці. Гэта яна, Франсуаза, угаварыла яго кінуць завод і выехаць з Пон-дэ-Дёра незадоўга да эканамічнага крызісу. Так што, калі ўсё па справядлівасці ўзважыць, то яна прынесла яму болей шчасця, чым гора.

– Мішлін і Бако абедаюць з намі? – запытаў ён.

Ён гэтага хацеў. Прысутнасць дзяцей развеяла б няёмкасць сустрэчы з чужымі людзьмі.

– Не, – адказала яна. – Дзеці лішнія. Будзе прыстойней, калі нас сядзе чацвёра… Ідзі папраў гальштук, Антуан.

«Прыстойнасць» – вось яшчэ слова, якога ён цярпець не мог. «Што ж тут прыстойнага? – разважаў Антуан Кеснэ, завязваючы гальштук перад люстэркам. – Сабіна пачне да ўсяго прыдзірацца, Франсуаза будзе какетнічаць з Ламбер-Леклеркам, міністр пыхліва вымаўляць свае догмы, а я сам, нікому не патрэбны, буду сядзець паміж імі, як сыч».

– Прыстойнасць!..

Пад'ехаў аўтамабіль. Рэзка прытарможаныя колы заскрыгаталі на гравійцы. Антуан і Франсуаза Кеснэ прыціхлі з выглядам нядбайнай дзелавітасці. Праз хвіліну Ламбер-Леклеркі ўвайшлі ў дом. У Сабіны былі чорныя, крыху кучаравыя валасы, гладкія плечы і прыгожыя вочы. Яе муж страшэнна аблысеў, тры валаскі тырчалі на яго чэрапе, як бар'еры на іпадроме. Відаць было, што ён не ў гуморы. Мабыць, гэты званы абед для яго быў, як костка ў горле.

– Добры вечар, дарагая, – прамовіла Франсуаза, абдымаючы Сабіну. – Добры вечар, пан міністр…

– Ах, не, дарагая! – адазвалася Сабіна, – ты не называй майго мужа «міністрам», называй яго проста – Альфрэд, а мяне – Сабіна. Добры вечар, Антуан…


Вечар быў такі цёплы, такі празрысты, што Франсуаза загадала падаць каву на тэрасе. Гаворка за абедам не клеілася. Жанчынам рабілася нудна. Антуан, незадаволены сабой, ні на кога не зважаючы, упарта спрачаўся з Ламбер-Леклеркам, а той, лепш інфармаваны, разбіваў яго па ўсіх пунктах.

– Вы аптыміст, бо ў вашых руках улада, – наступаў Антуан. – А ў сапраўднасці становішча Францыі трагічнае…

– Што вы, галубчык!.. Не, не… Пытанне фінансаў ніколі не бывае трагічным. Бюджэт Францыі мае дэфіцыт ужо шэсць стагоддзяў, і гэта вельмі добра. Час ад часу трэба працэджваць капіталы, аблапошваць ранцье… Іначай тупік… Уявіце сабе мільёны ў банку пры складаных працэнтах з часоў кардынала Рышэлье…

– А як жа ангельскі бюджэт!.. Пазітыўны баланс… – грымеў Антуан. – Ёсць нават лішкі… І ад гэтага ангельцам, наколькі я ведаю, горш не жывецца.

– Галубчык мой, – тлумачыў Ламбер-Леклерк, – я ніяк не разумею празмернай запальчывасці, з якой французы параўноўваюць дзве краіны з неаднолькавай гісторыяй, рознымі звычаямі і рознымі патрэбамі… Калі б Францыя пажадала мець збалансаваны бюджэт, мы б яго далі заўтра… Але яна яго не хоча… Альбо, калі вас больш задавальняе такая формула, яна яго не асабліва хоча, беручы пад увагу спосабы дасягнення гэтай мэты… Падрыхтоўка бюджэту – пытанне не фінансавае, а палітычнае… Скажыце мне, з якой большасцю вы мяркуеце кіраваць, і я вам скажу, які бюджэт вы можаце скласці… Апарат міністэрства фінансаў з гатоўнасцю падрыхтуе вам бюджэт сацыялістычны, бюджэт радыкальны, бюджэт рэакцыйны… Патрэбен толькі загад!.. Усё гэта прасцей простага, і сумнявацца можа толькі прафан.

– Вось яно як!.. Прасцей простага! І вы б асмеліліся сказаць такое вашым выбаршчыкам!

Франсуаза адразу здагадалася па ледзь улоўных адзнаках, па раптоўнай жорсткасці позірку мужа, што ў ім закіпае гнеў. Яна ўмяшалася:

– Антуан, ты павінен пайсці з Сабінай да манастыра, паказаць ёй віды…

– А мы ўсе чацвёра пойдзем.

– Не, не, – запярэчыла Сабіна. – Франсуаза прапануе разумна… Трэба аддзяліць мужоў ад жонак… Весялей будзе.

Яна паднялася. Антуан быў вымушаны суправаджаць яе, люта глянуўшы на Франсуазу. Тая і вокам не павяла, быццам не заўважыла.

«Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, – думаў ён. – Вытурылі мяне на добрыя паўгадзіны аднаго з гэтай жанчынай… Яна, напэўна, скарыстае момант і будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год… Забаўна!.. Уліп, называецца… І няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты міністр, надзьмуты, як індык, пусціўся да яе ў залёты?»

– Як цудоўна пахне! Што гэта? – запытала Сабіна Ламбер-Леклерк.

– Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былі, абсаджана апельсінамі, лімонамі, гліцыніямі і ружамі… Але нашы ружы здзічэлі, прыйдзецца зноў іх прышчапляць… Калі ласка, уніз па гэтай дарожцы…

– А вы самі не здзічэлі тут, Антуан, адзінокі, забыты?

– Я?.. Я заўсёды быў дзікуном… Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямі басейна – зараснікі цынерарый… Прынцып планіроўкі саду – супрацьпаставіць колерам цёмным – фіялетаваму, сіняму – ярка-жоўтыя сонечныя плямы… Ва ўсякім разе такой была задума Франсуазы… Тут на схіле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры – жаўтазель, масцікавае дрэва, папараць, царская карона…

– Мне прыемна пабыць з вамі адной, Антуан… Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былі вялікімі сябрамі перад тым, як вы з ёю сустрэліся… Вы яшчэ не забылі?

На ўсякі выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блізка.

– Як можна, Сабіна!.. Вядома, успамінаю… Не, ідзіце прама, ніякага павароту, зараз будзе масток… Вось і манастыр… Што за кветкі паміж пліт? А гэта браткі, звычайныя браткі…

– А вы помніце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлі дадому ў машыне вашага дзеда… Мае бацькі ўжо спалі; мы разам увайшлі ў маленькую гасціную, і вы, не сказаўшы ні слова, абхапілі мяне, і мы, шчаслівыя, закружыліся ў танцы.

– У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?

– Здаецца!.. Мы цалаваліся цэлую гадзіну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былі маім героем.

– Падмануў я вас, ашукаў!..

– Наадварот, у пачатку вайны вы былі такім малайцом!.. Вы мне так падабаліся!.. Я помніла ўсе вашы ўзнагароды. Я і цяпер іх помню, магу вам назваць… Потым, калі вас паранілі на фронце і, папраўляючыся, вы абручыліся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкі. Што ж тут дзіўнага!.. Я вамі так захаплялася! Калі я ўгледзела, што вы жэніцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзівілася, я засмуцілася… І не толькі я – увесь горад…

– Але чаму?.. Франсуаза і я – мы людзі аднаго кола, добра падабраная пара… Палюбуйцеся, Сабіна: гэта сцяна, усыпаная агнямі – скала Манака… Не нахіляйцеся!.. Тэраса крутая і над самым морам… Асцярожна, Сабіна!..

Міжвольна ён прытрымаў яе за талію. У тое ж імгненне яна павярнулася і горача пацалавала яго ў губы.

– Тым горш, Антуан… Я тады страшэнна раўнавала… Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любіш!.. А помніце, як мы цалаваліся, гуляючы ў тэніс?.. О! Вас гэта шакіруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былі верным мужам…

– Самым верным… Ні разу не саграшыў…

– За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. І вы былі шчаслівы?

– Вельмі шчаслівы.

– Тады ўсё к лепшаму, даражэнькі Антуан… А толькі цікава тое, што выгляд ваш зусім не сведчыць аб шчасці.

– З чаго вы ўзялі?

– Сама не знаю… Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасці ці што… І ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергічны, гаспадар… І вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў… Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалі густам вашай жонкі. Але не можа быць, каб вы не шкадавалі аб гэтым?

– Магчыма, спачатку, калі выехаў, і сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут іншае поле дзейнасці. Я заўсёды захапляўся гісторыяй… Я працую… Апублікаваў некалькі кніг, якія мелі пэўны поспех.

– «Пэўны поспех»? Яны мелі надзвычайны поспех, Антуан, гэта – выдатныя кнігі… Асабліва ваш «Людовік Адзінаццаты»…

– Вы іх чыталі?

– Каб я ды не чытала! Мо сто разоў… Спачатку таму, што, як і вы, люблю гісторыю… А потым шукала ў іх вас. Я ніколі не была раўнадушнай да вас, Антуан… Вы – цудоўны пісьменнік… Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калі за абедам Франсуаза не прамовіла ні слова пра творчы бок вашага жыцця… Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнігах, Франсуаза яго спыніла. Па-мойму, яна павінна ганарыцца вашымі кнігамі…

– А чым тут асабліва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цікавіцца маімі работамі гэтага кірунку. Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галіне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнітур, навесці парадак у садзе… Уявіце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцік дагледжаны ёю асабіста… З таго часу як крызіс закрануў Пон-дэ-Лёр і нашы прыбыткі намнога ўпалі, Франсуаза ўсё робіць сама.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации