Электронная библиотека » Андрэй Лазар » » онлайн чтение - страница 1


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Андрэй Лазар


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Андрэй Лазар
Таварыства кнігалюбаў

© Лазар А., 2016

© ТАА «Выдавецтва «Регистр», 2016

Прадмова ўкладальнікаў да шаноўных чытачоў

Само па сабе выданне, якое вы бачыце перад сабою, уяўляе збор асобных тэкставых дакументаў, якія змяшчаліся ў адной тэчцы пад назвай «Таварыства кнігалюбаў». Дадзеная тэчка была знойдзена ў сакрэтным аддзеле адной старажытнай спецыяльнай установы, якая захоўвала разнастайныя матэрыялы для наступных пакаленняў з надзеяй, што прыйдзе час, калі падобныя рэчы дазволяць чытаць шырокай аўдыторыі.

Адназначна сказаць складана, што за гістарычныя помнікі перад намі. З першага погляду, гэта шараговыя дакументы, магчыма, пратаколы ці занатоўкі, з іншага – нечыя літаратурныя практыкаванні. Таксама названую тэчку можна расцаніць як працяг летапіснай традыцыі, карані якой варта бачыць ужо ў антычнасці. Нельга дакладна высветліць, у якія часы пісаліся прыведзеныя ніжэй тэксты, як іх ацаніць і колькі чалавек прыклалася да іх стварэння. Усё гэта патрабуе пільнага і грунтоўнага вывучэння. Відавочна адно: перад намі культурна-гістарычны помнік, які патрабуе шматбаковага даследавання, таму Міністэрства лічбавай інфармацыі палічыла магчымым апублікаваць знойдзеныя тэксты ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

Тэчка «Таварыства кнігалюбаў» складаецца з двух раздзелаў: уласна тэксту «Таварыства-кнігалюбаў.бел» і дадатку з меншымі па аб’ёме матэрыяламі. Выданне разлічана ў першую чаргу на спецыялістаў у галіне гісторыі і літаратуры, аднак павінна быць цікавым і звычайнаму чытачу, які не абыякавы да мінуўшчыны як сваёй планеты, так і Сусвету.

Усе заўвагі, пажаданні, каментары, аналізы і інш. дасылаць на сайт Міністэрства лічбавай інфармацыі:

www.таварыства-кнігалюбаў.белwww.таварыства-кнігалюбаў.бел

www.knigalub.bywww.knigalub.by


Перадрукоўка без дазволу і спасылак на першакрыніцу недапушчальная.


Усе правы абароненыя.

Таварыства-кнігалюбаў.бел

Глава першая
Дзіўныя весці, або Галоўная навіна

Перад бібліятэкай стаяла шмат народу. Я не скажу, што звычайна там бывае пуста, але столькі людзей у гэтым храме ведаў мне ніколі не даводзілася бачыць. Усё ж такі дзве тысячы сто нейкі там год на вуліцы. Можа падацца, што я перабольшваю, але не. Паверце, я ведаю, аб чым гавару, бо амаль штодня, нібы пад прымусам, хаджу ў самую аўтарытэтную бібліятэку горада… Чаму я туды цягаюся? Гэта іншае пытанне, ды і на яго ёсць адказ: мушу пісаць дысертацыю… Сказаць, што гэта мне не падабаецца, я не магу, але ў душы звіняць ціхія ноткі расчаравання ў сваіх марах: фінансаванне маёй сферы зніжаецца, а жорсткія тэрміны робяць працу прымусовай, што таксама не лепшы варыянт. У стагоддзе высокіх тэхналогій увесь час насіцца з папяровымі мастацкімі кніжкамі, напэўна, занадта рамантычна нават для мяне. Ды зараз пра іншае. Я зайшоў у будынак, падышоў да гардэроба і падаў верхняе адзенне. Са здзіўленнем заўважыў, што за мной вокамгненна ўзнікла чарга з дзесяці чалавек, а ўваходныя дзверы працягвалі ляпаць. «Дзівы-дзівосы!» – стрэліла ў галаве. За пятнаццаць год навуковай і літаратурнай працы падобнага і блізка не было.

– Нешта сёння шматлюдна, – захацелася па старой звычцы завесці размову са спадарыняй Ангелінай, менеджарам па верхнім адзенні карыстальнікаў. Гэтая спадарыня звычайна не была моцна занятая і любіла паразважаць са мной на высокія тэмы.

– І не кажыце, – па-простаму і душэўна адказала яна. – Я ўжо запыхалася тут палітоны цягаць, хутка гаплікі скончацца, а толькі самая раніца.

– Не затрымлівайце, калі ласка! – даляцеў гучны голас з чаргі.

– І сапраўды, – нясмела падтрымалі астатнія галасоў дваццаць адтуль жа.

– І сапраўды, – замітусілася спадарыня Ангеліна, чым дала мне зразумець, што сёння я буду размаўляць хіба што сам з сабою.

– І сапраўды, – згадзіўся я.

Мяне чакала чытальная зала для навукоўцаў. Там я заўсёды адчуваў сябе ўтульна: цішыня, спакой, можна няспешна працаваць або з разумным выглядам чытаць цікавую кнігу. Некалькі драўляных сталоў, як у ХХ стагоддзі, і безліч сучаснай бібліятэчнай тэхнікі стваралі тую гармонію, якая неабходна сапраўднаму навукоўцу. Гэтае месца часам непераадольна прыцягвала, там мае рукі самі бралі папяровыя слоўнікі, часопісы, карацей, усё, што стаяла ў памяшканні ў вольным доступе. Калі надакучвала перагортваць старонкі пальцамі, можна было проста ўключыць камп’ютар, а далей – інтэрнэт у дапамогу. Дома ў мяне не атрымлівалася працаваць так заўзята. Відаць, не на пустым месцы з’явіліся размовы пра «атмасферу гістарычных месцаў». Да таго ж не ўсе кнігі і сёння знаходзяцца ў вольным доступе, часам трэба добра паварушыць сховішчы, каб нешта знайсці. І вось ногі ўжо самі павярнулі ў навуковую залу, калі мне раптам закарцела праверыць, што адбываецца ў звычайнай. Нездарма ж столькі народу набегла ў бібліятэку, тут павінна было адбыцца нешта неверагоднае. Паколькі зараз асабліва спяшацца да навуковай дзейнасці не хацелася, я вырашыў пагадзіцца са сваёй цікаўнасцю. І пагадзіўся.

Велічная, манументальная карціна намалявалася перад маімі вачыма: людзі стаялі каля кніжных паліц і хутка гарталі старонкі кніг. Дакладней, абсалютная большасць гартала хутка, нібы нешта шукала, а некаторыя гарталі павольна і ўчытваліся. Кінулася ў вочы, што выданні выбіралі розныя: і папулярную літаратуру, і дзіцячую, і нон-фікшн, і нават даўно запыленыя напаўнавуковыя трактаты-сачыненні. Ад навуковай звычайная чытальная зала (яна ж выконвала ролю абанементу) адрознівалася тым, што ў ёй шэрагамі на паліцах стаяла мноства папяровых кніг. Раз на тры дні кнігі замянялі, і такім чынам чытачы атрымлівалі яшчэ большы выбар выданняў. Калі папяровага асобніка не было, яго запампоўвалі на электронную «чыталку». Праз два тыдні копія файла самаадвольна выдалялася. Але гэтымі дабротамі жыцця карысталіся мала, і бібліятэкары звычайна не былі моцна абцяжараныя натоўпам кліентаў. Па праўдзе, найбольшы попыт на абанеменце адзначаўся на фільмы і музыку. «Адкуль жа менавіта сёння ў столькіх людзей узялася такая прага да кніжнай навукі?» Гэта сапраўды было пытаннем на мільярд умоўных адзінак самых каштоўных грошай у свеце. Нехта выкрыкнуў: «Ёсць!» Але праз імгненне расчаравана выдыхнуў: «Усяго адна…»

Падзівіўшыся на ўсё гэта, я вырашыў пайсці на сваё месца ў навуковай чытальнай зале, пакуль яго яшчэ не занялі. «Можа, гэта які перфоманс, ці акцыя, ці эксперымент, ці проста спецзаданне…» – мільгалі бесперапынку думкі. Трэба праверыць у інтэрнэце. Сёння я чамусьці яшчэ ніводнага разу не наведаў сусветную сетку, нават тэлевізар не глядзеў. Такое выпадае рэдка, але бывае: тэлевізійныя навіны праспаў, мабільнае прыстасаванне нечакана разрадзілася.

Месца, канешне, занялі: аднекуль узніклі «руплівыя» навукоўцы са спецыяльнымі пасведчаннямі. Прыйшлося выбіраць з таго, што засталося: або самае рыпучае крэсла, або пяць разоў рамантаванае. Выбраў чамусьці рыпучае. Сеў. Дастаў мабільнае прыстасаванне. Падключыў зарадку. Пачакаў, пакуль прыстасаванне «ажыло» і загрузілася. Адкрыў старонку папулярнага інтэрнэт-партала. І… У топе навін шыкоўна вісеў наступны загаловак: «Вядомы мільярдэр схаваў у кнізе чэк на мільярд… і не толькі». Маё крэсла актыўна зарыпела. Я перайшоў па спасылцы. Калі коратка, дык у артыкуле апавядалася прыблізна наступнае: на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы вядомы мільярдэр і вялікі жартаўнік па сумяшчальніцтве размясціў аб’яву наступнага зместу: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр. Можна не дзякаваць!»

«Жартаўнік!» – адразу падумаў я. «Але ж сёння не дзень смеху», – дагнала супрацьлеглае меркаванне і не затрымалася ў галаве. Я папрасіў славутую дзіцячую кнігу «П.Р.», пра хлопцаў, якія шукалі прыгод і заблукалі ў балотах. Мая дысертацыя прысвечана дзіцячай літаратуры, таму трэба было папрацаваць з гэтым старым, зацертым, ды ўнікальным выданнем. На факультэце настойвалі, каб я хутчэй абараніў дысертацыю на найвышэйшую навуковую ступень, бо ў іншым выпадку павышэнне па службовай лесвіцы мне не свеціць, а калі з’явіцца які-небудзь ахвотнік да кар’ернага росту, дык можа дайсці да таго, што прыйдзецца мяне пераводзіць на іншую, менш прэстыжную пасаду. Канкурэнцыя – і нічога асабістага, такія парадкі. Нават тэрмін абароны прызначылі. Але работа ў гэты дзень зусім не ішла: вакол натоўп і шум. Я скарыстаўся сваім становішчам і як адказны навуковец узяў патрэбную старую кнігу дадому. Адміністрацыя бібліятэкі ў сувязі з непрадбачанымі абставінамі прэтэнзій не выказала, тым больш я правераны чалавек. «Напэўна, заўтра ўсё супакоіцца», – хацелася верыць мне.

Я пашкандыбаў дахаты так павольна, што, напэўна, і смоўж абагнаў бы мяне. Нечаканыя падзеі затлумілі галаву, нічога не хацелася, таму настрою працаваць не было. Дома я паглядзеў фільм пад нумарам 100 са спісу найлепшых кінашэдэўраў ХХІ стагоддзя. Фільм быў настолькі цікавы, што я пад яго сумленна заснуў.

Назаўтра мяне з нейкага перапуду панесла праверыць, як справы ў храме ведаў. Чаго ж не зробіш, каб адкласці напісанне дысертацыі на заўтра.

Перад бібліятэкай мітусілася яшчэ большая, нават непраходная чарга. Над дзвярыма вісела вялізная аб’ява: «Уваход у бібліятэку – 10 умоўных адзінак за гадзіну». «Нічога сабе! Такога я не чакаў!» – эмоцыі ваявалі з розумам. Праз колькі хвілін на сваім мабільным прыстасаванні я прачытаў, што дырэктары бібліятэк «вымушаны ўвесці плату за карыстанне бібліятэкай у сувязі з наплывам наведвальнікаў і для паляпшэння іх абслугоўвання». Людзі ўпарта не разыходзіліся. Я зразумеў, што сёння папрацаваць у чытальнай зале не давядзецца. Праз Валянціну, знаёмага менеджара па прыбіранні пакояў, бо да астатніх супрацоўнікаў не мажліва было дабіцца, я даволі хутка зайшоў у бібліятэку праз службовы ўваход, дамовіўся аб падоўжаным тэрміне карыстання кнігай «П.Р.», а таксама ўзяў дадому такую-сякую літаратуру.

Пакуль мне неслі кнігі, я, як звычайна, пачаў у навуковай чытальнай зале гартаць слоўнік, які стаяў у вольным доступе. На адной старонцы я заўважыў купюру наміналам 100 умоўных адзінак… не паверыў сваім вачам і хутка загарнуў гэтае выданне. Прынеслі патрэбныя кнігі. Я паклаў «заможны» слоўнік на стол, адвярнуўся, выбраў неабходную літаратуру. Тут мне падумалася: «А можа, трэба было б тыя 100 адзінак узяць сабе, раз выпаў такі шанец?» Раптам падышоў чалавек, моцна паціснуў мне руку і выйшаў. Што гэта было, я зразумеў потым, калі ў слоўніку не знайшоў сваіх грошай.

Я прыйшоў дадому, сеў за стол, але праца не ішла. З галавы не вылазіў гэты чэк, гэтыя кнігі, гэтыя людзі… Крыху раззлаваны, я палез у інтэрнэт. Усе навіны былі забітыя «жартам мільярдэра». Чаго тут толькі не лупцавалі! Рэпартажы, версіі, аналітыка, чуткі… Пісалі, што мільярдэр проста робіць сабе рэкламу, таму адмаўляецца ад любых каментароў. Што бібліятэкары проста нахабна зарабляюць грошы на бедных людзях, бо ўночы, і гэта бачыла мноства людзей, яны перабралі фонды, знайшлі грошы, але вырашылі прытрымаць іх, каб людзі ішлі ў бібліятэкі. Што такая падзея павінна паўплываць на развіццё кніг. Што на чэк палююць розныя структуры і арганізацыі. Што людзі бяруць выхадныя, каб пайсці ў бібліятэку. Што з’явіліся неверагодныя чэргі, у якіх адбываюцца махінацыі. Што чэка няма… Вечарам апублікавалі вялізны артыкул пра эканамічны эфект ад «чэка ў бібліятэках». У сацыяльных сетках хваліліся, хто колькі грошай і ў якой бібліятэцы знайшоў. Некаторыя пісалі, што нават прачыталі тую шчаслівую кнігу, дзе іх чакаў грашовы прыз. Эканамісты падлічылі, што за два дні ў «кнігасховішчах» знайшлі каля мільярда. З гэтай нагоды сур’ёзныя аналітыкі сталі сцвярджаць, што бібліятэкары самі падкладваюць грошы, каб зацікавіць людзей. Паказвалі першыя падробкі ўсімі жаданага чэка… Карацей, інтэрнэт і разам з ім увесь свет шумелі, ды і тэлебачанне не адставала. Адметная навіна завітала ў кожны дом. Некаторыя эксперты нават прагназавалі нашэсце турыстаў з нагоды «чэкавай ліхаманкі». Пакуль я ўсё гэта перачытаў, надышла ноч. Мой графік работы над дысертацыяй падказваў, што я яго крыўджу і не выконваю. Таму праз «не хачу» на стол былі-такі выкладзены кнігі.

Я доўга глядзеў на «фаліянты» і змагаўся з жаданнем пайсці спаць. І тут мне кінулася ў вочы, што кніга «П.Р.» нядаўна была падклеена. Неверагодныя думкі ўлезлі ў маю ачмураную навінамі галаву. А раптам там чэк? Яго ж маглі схаваць не на старонках, а, як у старажытнасці, у пераплёт. Як той вандал, я разрэзаў стары пераплёт унікальнай кнігі. І знайшоў там… чэк. Стары чэк на прад’яўляльніка на суму адзін мільярд умоўных адзінак! Я ледзь не пасівеў.

Я хацеў адразу кінуцца ў банк, каму-небудзь патэлефанаваць, крычаць пра ўдачу на цэлы свет, але… Праз хвілін пятнаццаць эйфарыя прайшла і на мяне напалі высакародныя думкі. Я падумаў, што, калі зараз паведаміць каму-небудзь аб знаходцы, людзі зноў адвернуцца ад бібліятэк, ад кніг, ад таго, што дорага душы і сэрцу, таго, за што я ціха і без надзеі на перамогу змагаўся палову свайго жыцця. Вось гэтая ўзнёслая і нікому не патрэбная сентыментальнасць ці натхнёнасць прымусіла мяне не паказваць чэк нікому. Хаця б тры дні… А ўпартасці і сілы волі там, дзе яе выяўляць не абавязкова, мне заўсёды хапала.

…Праз тры дні я сядзеў дома і разважаў, што рабіць далей. Дысертацыя сумна паглядала на мяне і амаль што плакала. Думкамі апанаваў чэк, мроілася пра маю ролю ў свеце, наляталі развагі пра лёс, фантастычныя планы і шмат чаго яшчэ. І толькі цяпер мяне нешта насцярожыла ў чэку. Ён быў нейкі стараваты з выгляду, але астатнія акалічнасці не пакідалі сумненняў – дакумент сапраўдны. За тры дні пра эканамічныя варункі і не толькі можна даведацца вельмі шмат. Чым я, між іншым, таксама займаўся, калі крыху адключаў летуценне. Таму я не надаў належнай увагі цвярозым назіранням, а палічыў іх выбрыкамі свядомасці і ператамленнем ад эмоцый.

Тым часам па тэлебачанні казалі, што розныя арганізацыі шукаюць сляды чэка. Што невядомыя рабуюць дамы людзей, якія бралі «на рукі» якую-небудзь літаратуру з якіх-кольвек бібліятэк. Што натоўп людзей у бібліятэках стаў трохі меншым. Што некаторыя зарабілі на «дасціпнай акцыі мільярдэра». Што стала адраджацца хоць нейкая цікавасць да кніг. Выданні наперабой друкавалі рэйтынгі самых шчаслівых бібліятэк і кніг горада, дзе людзі знаходзілі якія-небудзь грошы, але як і кім гэтыя рэйтынгі складаліся, заставалася загадкай.

Я быў, так бы мовіць, на ростанях. Вакол маёй хаты швэндаліся падазроныя людзі, чаго раней не заўважалася. Час ішоў. І гэта магло скончыцца не вельмі добра. Трэба было нешта вырашаць, таму я палічыў, што мая павольнасць выканала сваю справу. Людзі зноў гавораць пра літаратуру, няхай і ў дзіўным святле. Але хай так… але гавораць. Час падумаць пра свой лёс. Я яшчэ раз паглядзеў на чэк, памацаў яго, злупіў нейкую чорную плямку, якая замінала воку: праз гэта нешта шчоўкнула на электроннай частцы дакумента, але я не звярнуў на гэта ўвагі.

Мяне ніхто не турбаваў. Патэлефанавала толькі калега. Яна вельмі добры спецыяліст у літаратуры, надзвычай захапляецца ёй. Праўда, калега калі-некалі мне тэлефанавала, пісала, часам нават спаміла, а яшчэ часта раілася са мной як з больш вопытным спецыялістам, бо я ажно на чатыры гады старэйшы і маю больш пераканаўчы стаж працы. Маладая дзяўчына спыталася, дзе я падзеўся, чаму не заходжу ва ўніверсітэт. Набівалася ў госці. Я амаль згадзіўся. Яе настойлівасць, ды і сама яна, заварожвалі. Гэта трэба прызнаць нават з навуковага боку. Але ж выпаў, як гаворыцца, не той момант. Я папрасіў яе зайсці пазней. Акурат па абедзе я выйшаў з хаты, каб рушыць у банк. Незнаёмец, які трэці дзень з васьмі раніцы да дзевяці вечара сядзеў разам з камп’ютарам пад маім акном, паглядзеў на мяне са здзіўленнем, устаў і нібыта пакрочыў па справах. А пераходзячы дарогу, я напаткаў яе, маю калегу. Яна ішла да мяне.

– Прывітанне, Усяслаў! – павіталася яна. – Як справы?

– Прывітанне! Справы добра! – бадзёра, на мой погляд, сказаў я. – А ў цябе?

– І ў мяне добра. Я хацела з табой пагаварыць. Але па тэлефоне нязручна было. Давай сядзем дзе-небудзь у парку.

– Давай!

Мы завярнулі ў парк, знайшлі вольную лаву, на якой ніхто не мог нас пачуць. У глыбіні душы я чакаў амаль інтымную размову, што было ўпершыню за час нашых стасункаў, ды справа пайшла крыху ў іншым кірунку. Не скажу, што гэтая калега мне зусім не падабалася. Нават цалкам наадварот, але годным яе я сябе ніколі не адчуваў, не расцэньваў і лічыў, што навука павінна быць на першым месцы. Я не дазваляў сабе пачуццяў, бо гэта бывае небяспечна.

– Ведаеш, – пачала яна, – ты мне заўсёды падабаўся. Я даўно хацела табе прызнацца, але неяк не выпадала. Але цягнуць няма куды. Нічога зараз не кажы, проста паслухай і вырашы для сябе ўсё. Учора да мяне прыходзілі невядомыя людзі і распытвалі пра цябе, твае заняткі, якімі бібліятэкамі ты карыстаешся. Я хацела цябе папярэдзіць. Калі што-небудзь зрабілася, скажы мне. Я гатовая для цябе на ўсё!

Гэтыя словы мяне здзівілі і ўзрадавалі, з аднаго боку, ды напужалі з іншага. Я вырашыў заняць нейтральную пазіцыю, нічога нікому не расказваць і не падганяць падзеі.

– Дзякуй за спагаду! Я да цябе таксама вельмі прыязна стаўлюся, – як мага спакайней адказаў я. – Але зараз у мяне ўсё выдатна. Працую над дысертацыяй дома, бо ў бібліятэках сама ведаеш, што творыцца. Калі мне трэба будзе твая дапамога, я абавязкова звярнуся.

– Добра, – сказала яна і нечакана абняла. – Я пабегла, бо ўжо спазняюся. Да сустрэчы на сходзе! Ён будзе заўтра. Прысутнасць абавязковая.

– Да сустрэчы! – сказаў я, а сам падумаў: «Што гэта робіцца?!»

Я рашуча накіраваўся ў банк, нягледзячы на тое, што мая душэўная раўнавага была добра атакаваная. Мне хацелася скончыць гэту неверагодную гісторыю простым паходам у патрэбны банк, адным махам вырашыць усе свае праблемы, сапраўдныя і ўяўныя. А там можна і ў асабістым жыцці на што якое рызыкнуць. З мільярдам нашмат прасцей усё будзе. І кніжку адну сярэднявечную купіць атрымаецца: яшчэ з дзяцінства хацеў набыць арыгінал «CdB», але ж ён каштуе не дзве ўмоўныя адзінкі…

Шчасце здавалася блізкім. Аднак, як часта здараецца, блізкасць была вельмі далёкай.

Успаміны гараджаніна

Сталася так, што я быў удзельнікам амаль легендарных для цяперашняга дня падзей. Пра іх я і хачу пакінуць памяць сваім дзецям і ўнукам, каб ведалі, як усё было насамрэч, і расказвалі сваім нашчадкам пра неверагодныя прыгоды свайго бацькі, дзеда, прадзеда і г. д. Пішу я свае ўспаміны яшчэ і дзеля навукі, якая заўсёды хаваецца за такімі падзеямі, а таксама з тае прычыны, што люблю свой горад, дзе нарадзіўся, вырас і ў якім, напэўна, застануся назаўсёды. Менавіта мой горад хавае столькі таямніц, гісторый і чутак, што яму пазайздросцяць нават самыя містычныя месцы свету. Аднак легенды і паданні – гэта адно, а вось схаваныя за імі рэчы часта аказваюцца яшчэ больш дзіўнымі і незвычайнымі. Але пра ўсё па парадку.

Я з’явіўся на свет якраз у той год, калі адбыўся Першы гарадскі сход. І як многія мае аднагодкі, займеў летапіснае імя. Кажуць, што падчас майго нараджэння адбывалася сонечнае зацменне, але пераправяраць падобныя байкі я не наважыўся, таму за што купіў – за тое прадаю. Калі хто-небудзь засумняваецца ў зацменні, можаце смела правесці даследаванні і вызначыць сапраўдныя гістарычныя факты. Толькі потым раскажыце мне ці ўпішыце ў мае ўспаміны. Мне ж сёння нашмат цікавей чалавечая памяць, вусная гісторыя, якая і памыляецца, і расказвае адначасова, як людзі запомнілі сваю эпоху.

Я рос у сям’і галоўнага банкіра горада, выдатна вучыўся: абавязковыя прадметы за курс школы былі здадзеныя на найвышэйшы бал. Усе на нашай вуліцы, а гэта былі ў асноўным паважаныя людзі горада, казалі бацькам, што з мяне выйдзе выдатны прадаўжальнік дынастыі. Але я не апраўдаў агульныя чаканні. Спачатку. Справа ў тым, што апроч энцыклапедый і падручнікаў я з маленства захапіўся мастацкай літаратурай. Ніхто на гэта не запярэчыў, наадварот заахвочвалі, бо чытанне лічылася вельмі карысным для разумовага развіцця дзяцей. Аднак ніхто не чакаў, што я зайду так далёка і вырашу прысвяціць сваё жыцце той самай мастацкай літаратуры.

Напачатку, зусім малым хлопчыкам, я любіў паездкі за горад. Я бясконца назіраў за тым, што яшчэ называлася прыродай. За рознымі там казюркамі, дрэўцамі, травінкамі. Гэта прыносіла сапраўдную асалоду, я лавіў кожную хвілінку негарадскога наваколля. Потым пачаў прыслухоўвацца і да з’яў, якія адбываліся каля маёй хаты, стараўся асэнсаваць іх, адчуць, апісаць. І я зразумеў, што пад маімі нагамі неверагодны свет, які немагчыма раз і назаўсёды адкрыць і вывучыць. Можна толькі паспрабаваць. І я спрабаваў і запісваў свае спробы. Затым мне захацелася пачытаць кнігі з бібліятэкі майго прадзеда. Той меў за хобі збіранне старажытнай літаратуры і за сваё жыццё сабраў агромністую бібліятэку. Мой шаноўны продак нават склаў спіс абавязковых кніг для членаў яго сям’і. Я ў тым спісе і захрас. Пасля такой літаратурнай адукацыі я напісаў некалькі вершаў і апавяданне. Мяне ўхвалілі, а апавяданне надрукавалі ў спецыяльнай дзіцячай газеце. Я быў на сёмым небе ад шчасця, няхай недзе глыбока ў душы і здагадваўся, што прозвішча бацькі ў гэтай справе вельмі дапамагло. Пасля першага трыумфу я вырашыў стаць літаратурным дзеячам. І рашэнне было бескампрамісным. Літаратурная праца захапіла мяне.

Я вельмі любіў сваіх бацькоў. Іх, канешне ж, непрыемна ўразіла маё жаданне пайсці вучыцца не на самую перспектыўную спецыяльнасць, таму тата і мама сказалі, што будуць сур’ёзна размаўляць са мною, калі я адумаюся. Праўда, забараняць паступаць на літаратара ва ўніверсітэт не наважыліся. Верагодна, тата вырашыў, што я хутка сам кіну недарэчную авантуру, перарасту. І тут яму трэба аддаць належнае і сказаць дзякуй.

Ва ўніверсітэт я паступіў даволі лёгка, бо экзамены былі здадзеныя на высокі бал. Пачалося студэнцкае жыццё, але пра гэта пазней. Зараз жа дазвольце крыху распавесці пра родны горад, занатаваць яго такім, якім ён адбіўся ў маёй памяці.

Горад майго дзяцінства і юнацтва быў сярэднім па памеры. У ім расло даволі шмат дрэў, у ім заўсёды было чыста і прыгожа. Старыя будынкі перапляталіся з новай архітэктурай. У тэхнічным плане горад М. амаль не адставаў ад сусветных тэндэнцый. Як і ўсе іншыя сусветныя гарады, М. меў самакіраванне, своеасаблівае Магдэбургскае права, як сказалі б у сярэднявеччы. Вельмі шмат было і цікавых мясцін, пра якія вы прачытаеце ў Вялікай энцыклапедыі. Мне ж найбольш падабалася бібліятэка: і сам будынак, і кнігі ў ім, і рэчка, і веладарожка для аматараў рарытэтных ровараў. Таксама я любіў блукаць па парках, мроіць каля фантанаў, рабіць аб’ёмныя фатаграфіі помнікаў, асабліва пісьменнікам Я. К., Я. К., М. Б., М. Г., В. Б. і многім іншым.

У горадзе заўсёды адчуваліся спакой і парадак, якія ўсталяваліся ў год майго нараджэння пасля Першага гарадскога сходу, калі ўсе зацікаўленыя колы горада раз і назаўсёды дамовіліся, падзялілі сферы ўплыву і замацавалі правілы «гульні». Атрымалася, што ніхто нікому не перашкаджаў, ніхто ні з кім не змагаўся і ўсё спакойна квітнела. Мэр, які выбіраўся раз на чатыры гады шляхам латарэі сярод дванаццаці галоўных кіраўнікоў горада, выдатна парадкаваў гарадскія справы.

Скажу некалькі слоў і пра гісторыю. Горад М. узгадваецца з летапісных часоў. Ён развіваўся, як і іншыя гарады, а ў ХХІ стагоддзі стаў пашырацца і актыўна ўбіраць у свой склад іншыя населеныя пункты. Так утварыўся сапраўдны горад-поліс, нават мегаполіс, са сваімі парадкамі і ладам жыцця. Але тое была сусветная тэндэнцыя, і пра гэта вы таксама пачытаеце ў энцыклапедыі ці падручніку…

* * *

Паводле аўтарытэтных даследаванняў згаданае зацменне не было бачнае ў нашым горадзе.


Страницы книги >> 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации