Электронная библиотека » Андрэй Лазар » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Андрэй Лазар


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Навіна дня
Мільярд ад мільярдэра
(галоўны дэпартамент навін)

Горад М. стаіць на вушах, нібыта падчас залатой ліхаманкі. Але золата замяніў чэк, а рэкі і капальні – бібліятэкі. Што ж стала прычынай такіх акалічнасцей? Усё проста! Некалькі радкоў спадара N. у сваім блогу – і людзі гартаюць (і нават чытаюць) папяровыя кнігі: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр! Можна не дзякаваць!»

Такіх чэргаў, як цяпер, бібліятэкі не ведалі нават у эпоху свайго росквіту. Аднак некаторыя спецыялісты лічаць, што чэка няма і гэта ўсяго толькі злосны жарт. Іншыя проста зарабляюць на абставінах. Самае смешнае, што ў кнігасховішчах па некаторых падліках ужо знайшлі каля мільярда ўмоўных адзінак. Адкуль там узяліся такія сумы, можна хіба што здагадвацца. Ці не руплівыя бібліятэкары пастараліся…

Дзівіць і тое, што паважаны N. адмаўляецца ад якіх-небудзь каментароў. Вось такія жарты мільярдэра, такія віртуальныя мільярды парушаюць парадак і спакой у горадзе М. Прадуктыўнасць працы падае, на вуліцах летуценна чытаюць. Хто спыніць гэта і верне ўсё, як было?

Хіба што ўладальнік сапраўднага чэка на мільярд? Сачыце за падзеямі разам з намі… 10 000 021 праглядаў 5 010 011 рэпостаў, 7 204 600 лайкаў.

Глава другая
Дзікае паляванне, або Зорка сеціва

Я зноў упэўніўся, што за мною нехта ідзе. Гэта было нескладана. Сцены банка зроблены са шкла, таму ў іх, як у люстэрку, я ўбачыў таго самага чалавека, які шоргаўся каля маёй хаты. Банк ветліва адчыніў перада мною свае аўтаматычныя дзверы – і я хутка нырнуў у бязмежны палац фінансавых аперацый.

Мяне адразу сустрэў ідэальна ветлівы адміністратар.

– Добры дзень! Мяне завуць Гермес. Чым магу Вам дапамагчы?

– Мне трэба атрымаць мільярд, – без папярэджанняў растлумачыў я.

Нават ідэальна выхаваны твар адміністратара змяніўся, але бачна было, што не ад здзіўлення. У вачах мільгануў злосны смех. Гермес (такое адчуванне, што імя яму выдалі на працы разам з карткай для пералічэння заробку) змераў мяне вачыма і асцярожна спытаў:

– Вы, напэўна, знайшлі чэк, пра які расказваюць у навінах?

– Так! А як вы здагадаліся? – крыху збянтэжыўся я.

– У мяне проста добрая інтуіцыя, – хітравата растлумачыў адміністратар. – Пачакайце, калі ласка, хвілінку. Мне трэба папярэдзіць кіраўніцтва.

Гермес рашучымі крокамі дайшоў да тэлефона, які стаяў на адмысловым стале, набраў нумар і, як мага цішэй, пачаў размаўляць. Людзей у холе было мала, таму гук разносіўся выдатна. Сумленны адміністратар гаварыў прыблізна наступнае: «Спадар дырэктар філіяла, тут зноў нейкі дзівак з чэкам. Ужо соты за сёння. Падкажыце, што з ім рабіць… На выгляд не вельмі… Чэк не паказваў… Выклікаць ахову… Добра». Пасля гэтага Гермес набраў іншы нумар і назваў нейкі код. Да мяне з розных бакоў пачалі набліжацца людзі ў форме аховы. І толькі цяпер я дацяміў, што мяне збіраюцца проста выгнаць з адзінага банку ў горадзе, які мае права выдаваць такія вялікія сумы, як на маім электронным чэку. Мне справядліва падалося, што іншага шанцу выкарыстаць чэк можа і не быць. Раніцай па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра людзей, на якіх нападаюць праз тое, што ў іх усяго толькі падазраюць наяўнасць чэка, бо яны часта наведваюць чытальныя залы. Вось гэта мяне хутчэй за ўсё і чакала. Тым больш, грэх не праверыць кнігалюба, які невядома чаго пайшоў у такі прэстыжны банк.

Крытычны момант падкраўся нечакана: як ні круці, трэба было нешта зрабіць. І зрабіць гэта трэба было, як мінімум, хвіліну раней. Тут я заўважыў вялікі мікрафон на стале адміністратара. Нешта ўнутры прачнулася, і я амаль мімаволі кінуўся да заўважанага прыбора, нібы да апошняй надзеі. Такіх паводзін я не дазваляў сабе бадай з далёкага дзяцінства, калі экспромтам расказаў невялікі «завочны» вершык пра аднаго дзіўнага чалавека якраз гэтаму самаму чалавеку. Замест падзякі перапала бярозавай кашы. Мне растлумачылі, што трэба рабіць толькі прадуманыя ўчынкі, а яшчэ лепш – узгодненыя. Вельмі часта потым, калі мяне цягнула на авантуры, я ўзгадваў той вершык і прымушаў сябе спыніцца. Дык вось… гэты самы настрой, гэты самы заглушаны душэўны парыў да авантуры прачнуўся ўва мне і выйшаў вонкі. Я амаль не думаў, што ўчыняю, ды атрымлівалася ўдала. Адміністратарскі мікрафон быў моцна схоплены маімі рукамі, ногі паставілі свайго гаспадара на стол, а голас сам паляцеў па памяшканні. Карацей, я спаліў усе масты, дарогі назад да прыстойнай, выхаванай, стрыманай асобы:

– Шаноўныя грамадзяне! Павіншуйце мяне, я знайшоў чэк на мільярд! Які добры знак для нашага горада, што менавіта ў ім адбываюцца такія цудоўныя падзеі. Пра нас даведаюцца ўсе!

Пакуль я працягваў гаварыць, мой мозг счытваў інфармацыю з наваколля. Я бачыў, што ахова збянтэжылася і крыху прытармазіла. Людзі збегліся да мяне. Адны глядзелі з зайздрасцю, другія пасмейваліся з дзівака. Але ўсе здымалі відовішча на камеры і адразу выкладвалі ў сусветную павуціну. «Ну, усё! Я зорка інтэрнэта», – мільганула ў галаве. Такі сур’ёзны вучоны, які столькі гадоў наганяў на сябе важнасць, вокамгненна стаў вядомым дзіваком і камедыянтам. Ахова перастала тармазіць і пайшла проста на мяне. І я працягваў іграць сваю ролю, нібыта на сцэне, нібыта я сапраўдны шоўмен. Аднекуль з небыцця да мяне ішлі патрэбныя вобразы і словы. Я дазваляў сабе падобныя экспромты толькі аднойчы, калі праходзіў кастынг у школьны тэатр, а рэжысёр, нязвыклы да якіх-кольвек эксперыментаў, растлумачыў мне, як умеў, што з рознай эксперыментатарскай брыдотай мне не тое што тэатр, а нават дыскатэка не свеціць. А зараз я, ужо не студэнт, свядома наступаў на тыя ж самыя граблі, што і дваццаць пяць гадоў таму.

Было, праўда, адно адрозненне: я разумеў, што валодаю сітуацыяй. Я элегантна вырваўся з абдымкаў ахоўніка, падскочыў да адміністратара, заламаў яму руку і працягнуў сваю прамову, трымаючы навідавоку чэк:

– Але чамусьці адміністрацыя банка няправільна мяне зразумела і хоча, каб гэты гонар выпаў суседняму населенаму пункту, дзе мне, пэўна, не адмовяць выдаць грошы.

Счырванелы адміністратар засумняваўся ў сваіх учынках, але не ахоўнікі. Яны надзейна схапілі мяне. Тут ужо мая школьная секцыя па вольнай барацьбе не дапамагла. Людзі зашумелі: адны палічылі, што адбываецца несправядлівасць, другія казалі, што так мне і трэба. Магла пачацца, як мінімум, бойка, а як максімум – жорсткае абмеркаванне банка ў розных сацыяльных сетках. Адміністратар пачаў супакойваць людзей. І, напэўна, каб не стаць чалавекам, якога зробяць вінаватым, калі сітуацыя вырашыцца дрэнна, ён спыніў ахоўнікаў і выклікаў дырэктара філіяла. Той важны чалавек, насамрэч, усё ўжо ведаў, бо назіраў маё шоу на найноўшым маніторы ў сваім шыкоўным кабінеце.

Дырэктар спусціўся ў хол і па-майстэрску вырашыў сітуацыю. На тое ён і дырэктар.

– Прашу прабачэння ў шаноўных кліентаў. Мяне завуць Святаполк. Я дырэктар гэтага філіяла. Толькі што адбылася прыкрая памылка. Мы ўсе ведаем, як важна сачыць за бяспекай такіх устаноў, як наша. А гэты чалавек… прабачце, як Вас завуць?

– Меркурый, – буркнуў я першае, што прыйшло ў галаву.

– А Меркурый знешне аказаўся падобным да аднаго злодзея, таму мы былі вымушаны яго затрымаць. Аднак служба бяспекі высветліла, што мы памыліліся. Таму, каб неяк выправіць гэтую непрыемную сітуацыю, наш банк запрашае спадара Меркурыя ў асабісты кабінет дырэктара, дзе мы абмяркуем яго чэк. Калі гэта сапраўды той самы чэк, наш горад будзе мець тытул самага шчаслівага, пра што і хацеў нам сказаць шаноўны Меркурый… А ўсе тут прысутныя атрымліваюць спецыяльныя карткі на зніжку – ажно 0,1 працэнта ва ўсіх крамах нашай сеткі. Дзякую за ўвагу!

«Да такога аратарскага майстэрства мне трэба яшчэ падвучыцца», – падумаў я і павольна пайшоў услед за дырэктарам, праўда, у суправаджэнні аховы. Людзі з натоўпу хуценька пабеглі па абяцаныя карткі.

Мне палягчэла. Заставалася ўсяго некалькі крокаў да вырашэння маіх праблем. Мы зайшлі ў вялізны кабінет. Дырэктар, які выглядаў як звычайны дырэктар з вокладкі якога-небудзь часопіса, сеў за навамодны стол, паглядзеў на нешта ў ім і сказаў:

– Сядайце, спадар Усяслаў Вячаслававіч, калі ласка.

– Дзякуй! – адказаў я. – А адкуль Вы мяне ведаеце?

– Вас? На гэта ёсць дзве прычыны. Першая: служба аховы ўжо знайшла на Вас інфармацыю. Другая: я быў Вашым студэнтам, – ашаломіў мяне суразмоўца і дадаў: – Але прыйшлося перакваліфікавацца.

– Цікавая выходзіць справа… – з сумам сказаў я, калі зразумеў, як прэзентаваў сябе перад былым студэнтам.

– Ну, давайце свой чэк, – сказаў дырэктар філіяла.

Я працягнуў спадару Святаполку адпаведны дакумент. Ён уважліва яго разгледзеў. Нешта праверыў у камп’ютары, паглядзеў на мяне і сказаў прыблізна наступнае:

– Гэты чэк даволі стары. Але не падробка. Ён быў выпісаны спадаром Вітаўтам Крыніцкім каля 20 год назад. Але на адпаведным рахунку зараз знаходзіцца толькі 100 умоўных адзінак. Іх мы і можам Вам выдаць. Калі хочаце.

Сказаць, што я абурыўся? Я абурыўся! Я нават ашалеў ад такой несправядлівасці! Першы раз зрабіў нешта няправільна, рызыкнуў, каб атрымаць перамогу, а тут – 100 умоўных адзінак ды зорка інтэрнэту, а таксама хутчэй за ўсё беспрацоўны, які пасля такога не мае шанцаў абараніць дысертацыю. Я, наколькі магчыма ветліва, растлумачыў шаноўнаму Святаполку, што пра ўсё гэта думаю, і папрасіў яго пераправерыць звесткі. Ахова мяне хутка супакоіла. Уражаны Святаполк паглядзеў на мяне і сказаў:

– Я ад Вас такога не чакаў, спадар Усяслаў! Сапраўды, у ціхім балоце… Ну, ніколі б не падумаў, што наш прынцыповы выкладчык, у якога выдатнікі па тры разы пераздаюць, мае столькі непадробных эмоцый. Ваў! Ахова, выйдзіце, калі ласка!

Ахова здзівілася і выйшла. Я здзівіўся яшчэ больш.

– Прабачце, калі ласка! – пачаў я.

– Можаце не прасіць прабачэння! Я ўсё разумею. На Вашым месцы я, напэўна, учыніў бы што-небудзь яшчэ весялейшае. Калі пабаю аднакурснікам – не павераць. Раскажыце лепш, як у вас справы?

Я спачатку засумняваўся, ці трэба дзяліцца асабістым з былым студэнтам, а потым расказаў тое-сёе з жыцця. Пра працу, дысертацыю, крыху пра чэк.

– Зразумела! А ці ажаніліся вы? – невядома з якой нагоды перабіў мяне дырэктар банка.

– Ды не… А павінен быў? – іранічна перапытаў я.

– На чацвёртым курсе я з сяброўкай, маёй цяперашняй жонкай, паспрачаўся, што вы ніколі не ажэніцеся. Але яна запярэчыла. Сказала, што існуе нешта, што мужчыны звычайна не бачаць. Дык, значыцца, я пакуль што выйграю спрэчку.

– А як у Вас справы? – наважыўся я перавесці гаворку і паказаць сябе прыстойным.

– Ды добра! Бачыце, працую ў лепшым банку дырэктарам, жонка, дзеці.

– А што з першай адукацыяй? – чамусьці спытаў я.

– Праўда, прыйшлося закінуць розную там літаратурную працу. Бывае, калі-нікалі пачытваю штосьці… Не болей.

– Шкада, я ўспомніў Вас, вашыя пісьмовыя работы мне падабаліся, але адкрыта хваліць – не мая звычка, – з сумам сказаў я амаль праўду. Святаполк замаўчаў. Прайшло некалькі хвілін задуменнай цішыні.

– Добра! – нарэшце вымавіў ён. – Я па старой памяці хачу пайсці вам насустрач. Ёсць прапанова, якая задаволіць і вас, і нас. Мы даём Вам 10 000 умоўных адзінак і гаворым грамадскасці, што вы знайшлі сапраўдны чэк.

– Але ж гэта не сапраўдны чэк.

– Па нашай інфармацыі, сапраўднага чэка няма, – сказаў Святаполк. – Проста ўсім надакучыў ажыятаж. За дзень да нас прыходзіць па сто чалавек з чэкамі. Людзі думаюць не пра працу, а пра тое, каб выйграць латарэю ў жыцця. А шчаслівага білета няма. Яны менш глядзяць тэлеперадачы, менш лазяць па сусветным сеціве, менш ходзяць па магазінах. Але тыя ж людзі бягуць у бібліятэку ды гартаюць кнігі. Гэта адмоўна ўплывае на наш горад.

Спакуса была вялікай. Але я пераканаў сябе не рабіць паспешлівых крокаў. Тым больш інфармацыя Святаполка магла быць недакладнай. Або, яшчэ лепш, ён мог мяне падмануць. Такое здараецца і праз меншыя сумы. Таму я вырашыў пацягнуць час. І, скажам так, «праверыць першакрыніцы».

– Дзякуй за прапанову! Але я не магу так адразу згадзіцца, не па-навуковаму гэта. Дазвольце, калі ласка, усё ўзважыць. Колькі ў мяне ёсць часу?

Спадар дырэктар быў крыху збіты з панталыку такой маёй прапановай, аднак незадаволена сказаў:

– У Вас ёсць адзін дзень! Калі вы не прыйдзеце, мы знойдзем іншага «пераможцу», – і незадаволена кінуў: – Ды і што тут правяраць!

– Як што? – не вытрываў я. – А раптам Вы мяне падманулі. На чэку электронны подпіс, таму хто яго сапраўдны ўласнік, мне невядома. Чаму я павінен проста паверыць Вашым словам?

– Тады схадзіце і спытайце ў мільярдэра N., – напаўжартам сказаў Святаполк.

– І схаджу! – пачаў я зноў разыходзіцца.

– Гэта будзе нават цікава! Я б хацеў даведацца, што з таго атрымаецца, – хітра ўсміхнуўся дырэктар. – А каб Вы не перадумалі, я прапаноўваю паспрачацца на адэкватную паслугу, што такі крок для Усяслава Вячаслававіча немагчымы.

– Я згодны, – горача выпаліў я. Чаго толькі не бывае падчас эмацыйнага выбуху.

На гэтай высокай ноце наша размова фактычна скончылася. Спадар Святаполк выпусціў мяне праз чорны ход з банку, адвёў крыху далей ад камер і на развітанне вымавіў:

– Вы, нягледзячы на значныя недахопы, добры чалавек. Многаму мяне навучылі. Вось мая візітоўка, калі што – тэлефануйце, – а потым пакпіў: – І па выйгрыш таксама.

Стомлены, я нешта адказаў. Мае думкі паціху замыкаліся на недарэчнай, але прынцыповай сярод прыстойных людзей спрэчцы. Адмовіцца ад сваіх слоў – найвышэйшы сорам, таму адступаць не было куды. Мост ужо дагараў. Здаецца, маё самаадчуванне было навідавоку.

На вуліцы зусім сцямнела. Святаполк настойліва парэкамендаваў згадзіцца, каб мяне завезлі дадому. Бо ўсялякае бывае. Службовы аўтамабіль дырэктара філіяла літаральна за лічаныя хвіліны даімчаў да майго пад’езда. Аднак падзеі гэтага дня непакоілі. Усю дарогу ў галаве круцілася прозвішча Крыніцкі. Недзе я яго чуў. Дакладна, недзе чуў. Ды дзе?

У начных навінах паведамілі, што праз рабаўнікоў бібліятэкі пусцеюць. Пасля гэтага выйшаў сюжэт пад назвай «Горад, які прыносіць грошы», у якім гаварылася пра дзівака ў самым надзейным і шчодрым банку горада.

Перад сном я зачыніў дзверы на самы высокі ўзровень бяспекі. У свядомасці паўставаў план дзеянняў на заўтра. План, ад якога годнасць не дазваляла адмовіцца, няхай розум і настойваў: «Сядзі дома і не дуры нікому галавы!» І я рашуча заснуў, бо шчыра верыў, што заўтра ўсё будзе добра…

Успаміны гараджаніна

Універсітэцкі час – гэта самы цудоўны перыяд майго жыцця. Не. Напэўна, так гаварыць будзе няправільна. Праўдзівей сказаць, што ўніверсітэцкія гады былі найбольш насычанымі і запамінальнымі для мяне. Супернічаць з імі могуць хіба што падзеі, звязаныя з Другім гарадскім сходам. Але зараз я хачу падзяліцца ўспамінамі пра сваё студэнцтва. Як ужо гаварылася, я паступіў без праблем. З аднаго боку, вялікую ролю ў гэтым адыгралі мае веды і здольнасці, з іншага – конкурс быў не самы складаны, бо мая спецыяльнасць перажывала тады не найлепшыя гады. Тым не менш, мой універсітэт быў адным з трох самых прэстыжных устаноў горада і меў вельмі пераканаўчую гісторыю. Ён узнік у пачатку ХХ стагоддзя і за час свайго існавання заняў належнае месца ў свеце, што адлюстроўвалі шматлікія рэйтынгі, апытальнікі і агляды. Хтосьці можа ўзгадаць вышэйшыя навучальныя установы, гісторыя якіх пачынаецца яшчэ з сярэднявечча. З такім аргументам спрачацца цяжка, аднак для горада М. мой універсітэт быў і з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам. Таму, калі надумаецеся куды-небудзь паступаць, не абмінайце такі варыянт.

Вучыцца мне было цікава і прыемна. Да чацвёртага курса я здаваў усе прадметы на выдатна. Мае бацькі нават пачалі хвалявацца, што летуценны выбар іх сына ў плане прафесіі можа стаць канчатковым. Таксама нядрэнна справы пайшлі і ў асабістым плане. Пасля шэрагу няўдалых амурных прыгодаў я рызыкнуў запрасіць на спатканне Міхаліну. Гэта была неверагодная дзяўчына, мая аднакурсніца, з якой можна было размаўляць на любыя тэмы. Яна шмат чаго ведала, разбіралася ў літаратуры, хутка рашала любыя задачы, бачыла на чатыры хады ўперад, ды і прыгажосці была адмысловай. Такіх закаханых, як я, у яе мелася нямала. Аднак сваімі ўпартасцю, розумам, настойлівасцю, вершамі, каштоўнымі прэзентамі я заваяваў яе сэрца. Асабліва радавала Міхаліну апошняе, і гэта зразумела, бо падарункі выбіраць мне заўсёды ўдавалася добра. Тая дзяўчына-аднакурсніца, канешне ж, стала маёй жонкай, з якой я жыву шмат шчаслівых гадоў. Міхаліна скончыла ўніверсітэт, але па спецыяльнасці не працавала. Не было патрэбы. Мая каханая і цяпер шчыра радуецца падарункам, часта падарожнічае, гадуе ўнукаў, бавіць час рознымі грамадскімі справамі, на якія ў яе ёсць адмысловыя грашовыя фонды.

Я ж універсітэт не скончыў. На тым самым чацвёртым курсе выкладчык Усяслаў Вячаслававіч, які вучыў нас практычна пісаць артыкулы на зададзеныя тэмы і з зададзенымі ўстаноўкамі, пачаў шчыра мяне завальваць. Спачатку ён паставіў самую нізкую адзнаку за першую пісьмовую работу – работу, на аснове якой палова курса зляпіла свае, пры гэтым з даволі добрым вынікам. Тая ж гісторыя была і з другой работай. Яе раскрытыкавалі ўшчэнт. Перакрэслена было восемдзясят працэнтаў тэксту. Гэта жах. Сорам. Я не мог зразумець, чым я не дагадзіў паважанаму выкладчыку, пра якога ходзіць сярод студэнтаў шмат чутак. Вядома, што з першага разу ў яго ніколі не здавалі. Але ж не так, не настолькі… З трэцяй работай выйшла яшчэ горш. Усяслаў Вячаслававіч знайшоў лагічныя, стылістычныя, фактычныя і іншыя памылкі. Я раззлаваўся, проста ашалеў. Першы раз мяне так абразілі, абазначылі маю нікчэмнасць. Я хацеў адказаць адпаведна. Спачатку я вырашыў паказаць некампетэнтнасць выкладчыка, але гэта зрабіць вельмі складана. Усяслаў Вячаслававіч дасць тут фору многім. Потым да мяне прыйшла яшчэ лепшая думка: «Калі такая песня, я са сваёй бліскучай адукацыяй магу сябе праявіць у любой сферы, хоць у банкаўскай. А пісаць розныя рэчы я буду ў вольны час. Няхай Усяславу будзе бясслаўе за тое, што не дагледзеў такога перспектыўнага студэнта».

Перапоўнены эмоцыямі, я пагаварыў з Міхалінай, якая на дзіва лёгка падтрымала маю ідэю. Мяне адгаворвалі ў дэканаце, калі я пісаў заяву на адлічэнне, Усяслаў Вячаслававіч прапанаваў напісаць яшчэ адну работу, але юнацкі максімалізм разам з падтрымкай каханай перамаглі. Праз тыдзень пасля адлічэння мой шчаслівы бацька аформіў мяне на спецыяльныя курсы банкаўскіх работнікаў па скарочанай праграме, якія адпавядалі вышэйшай адукацыі і давалі права займаць пасаду кіраўніка. Я тыя курсы бліскуча скончыў і вельмі хутка стаў дырэктарам філіяла.

З чацвёртага курса адлічылі і майго найлепшага сябра – Кастуся Прайдзісвета. Прайдзісвет – гэта яго прозвішча, толькі смех у тым, што гэтае прозвішча цалкам перадае стан яго душы. Усяслаў Вячаслававіч так і не ўбачыў яго другой пісьмовай работы, таму цалкам законна прапанаваў дэканату звярнуць увагу на такога недысцыплінаванага студэнта. Дэканат два тыдні шукаў Кастуся і не знайшоў. Гэта стала падставай для адлічэння. Майго сябра такое развіццё падзей зусім не засмуціла. Ён даўно мне гаварыў, што вучоба – гэта толькі афіцыйны занятак, каб было менш пытанняў. Насамрэч, Кастусь Прайдзісвет вырашаў іншыя задачы і вырашаў іх даволі паспяхова. Кастусь Прайдзісвет, як сапраўдны прайдзісвет, вельмі хутка пасля адлічэння займеў сапраўдны дыплом аднаго з самых уплывовых універсітэтаў свету. Калі ён там вучыўся (і ці вучыўся наогул) застаецца вялікай таямніцай.

З Кастусём заўжды было весела і цікава. Ён мог падбіць мяне на нечаканыя рэчы, накшталт паездкі на які-небудзь фестываль музыкі ХХ стагоддзя ці стварэння суполкі аматараў паэзіі. На першы погляд, мы былі з ім даволі рознымі, але нешта нас вельмі збліжала. Мы гатовыя былі дапамагчы адзін аднаму ва ўсім і без чакання нейкай за тое ўзнагароды. Мусіць, гэта і называюць сапраўдным сяброўствам. Пасля нашага бясслаўнага завяршэння вучобы Кастусь стаў адным з самых багатых людзей у горадзе, які не агучвае сваё імя. Многія яго баяліся, прыдумвалі розныя бязглуздзіцы, журналісты спрабавалі вывесці яго на чыстую ваду. Для мяне ж Кастусь Прайдзісвет застаўся тым самым хлопцам, з якім я пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце пры засяленні ў свой пакой і з якім зрабіў шмат цікавых рэчаў, а дзесьці настолькі цікавых, што і апісваць небяспечна.

Дарэчы, Кастусь, як сапраўдны сябра, вельмі карэктна пытаўся, ці сапраўды я хачу кінуць універсітэт. На прайдзісвецкую думку, Усяслаў Вячаслававіч убачыў у мяне вялікі патэнцыял, таму і ціснуў так заўзята, каб выйшаў толк. Я катэгарычна пацвердзіў сваё рашэнне. Ужо потым пачалі адольваць думкі, што Кастусь прамаўляў слушныя рэчы. І адкуль у яго такі розум? Загадка. Таксама сябра вельмі сур’ёзна распытваў мяне, ці кахаю я Міхаліну. Калі ж пачуў станоўчы адказ, настойліва вымусіў паабяцаць скласці шлюбную дамову, калі я вырашу-такі ажаніцца, бо гэтак робяць усе цывілізаваныя людзі. Я паслухаў сяброўскую параду, няхай і палічыў, што гэта ў нейкай ступені выказвае недавер да маёй каханай.

З таго, студэнцкага, перыяду мне запомніўся яшчэ адзін момант. Ужо не студэнтамі я, Кастусь і Міхаліна сядзелі на беразе ракі, якая працякае праз увесь наш горад, і пілі адпаведныя напоі. Я перажываў, што стану менш бачыць Міхаліну, пра што і паведаміў усім. Міхаліна ці то жартам, ці то сур’ёзна сказала, што ў мяне толькі адно выйсце – прапанаваць ёй выйсці за мяне замуж. Я адразу гэта і зрабіў. За сведку атрымаўся Кастусь, які ўвесь час падазрона пасміхаўся – так яго здзівілі мае рамантычныя адносіны з Міхалінай. Проста, на беразе рэчкі, мы адзначылі шчаслівую падзею, нагаварылі многа цікавага, паўспаміналі гады вучобы. Міхаліна расказала, што Усяслаў Вячаслававіч паступіў у аспірантуру толькі з чацвёртага разу, калі на гэтае месца ніхто не прэтэндаваў, а таксама тое, што на факультэце спрачаюцца, ці ажэніцца ён з Рагнедай, а калі і ажэніцца, то – калі?

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Міхаліна ведае такія шпіёнскія падрабязнасці. Тут хаваецца яшчэ адна таямніца жанчын. Зразумела, што гэтымі размовамі мая будучая жонка проста хацела мяне падтрымаць. Таксама мы дамовіліся з Кастусём, што будзем ствараць у гэтым горадзе новае і добрае, наколькі гэта магчыма. Усё адбываецца не проста так, усё адбываецца да лепшага.

Неўзабаве мы ажаніліся. Скончыўшы навучанне банкаўскай справе, я пачаў працаваць. Займацца літаратурнай дзейнасцю не было калі, таму гэты занятак я паслядоўна адкладваў, адкладваў і адкладваў. Часам нават думалася, што я ніякага дачынення да мастацтва і не маю, што гэта нейкі дурны сон. Незадаволенасць такімі акалічнасцямі згасала, і мая падсвядомасць старалася запіхнуць яе куды далей. А вось у матэрыяльным і прафесійным плане сітуацыя выходзіла адваротна прапарцыянальная. Кар’ера развівалася, як у папулярных кніжках, тыпу «Як я сам зрабіў свой лёс».


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации