Текст книги "Дванаццаць актаў (зборнік)"
Автор книги: Коллектив авторов
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Алена Брава
Мёд Чорнага Месяца
апавяданне
Яна сядзела над трэцім кубачкам кавы ў рэстаране санаторыя, думаючы пра тое, што так і не здолела скарыстаць шанс, які ёй так нечакана і чароўна выпаў. Зрэшты, чаму яна вырашыла, што той чалавек, да якога ў сталіцы немагчыма было нават падступіцца, – ягоная памочніца ці сакратарка двойчы з непрыхаванай злараднасцю адмаўляла ёй у інтэрв’ю – што ён стане размаўляць з ёю тут, у глушы, куды прыехаў на тыдзень ці два ў якасці кансультанта (дзякуй богу, без сакратаркі), дзе кожная хвіліна ў яго распісаная і аплочаная. І правільна зрабіла, што не падышла да яго, і правільна… жанчына ўздыхнула, дапіла каву. Радавала, прынамсі, тое, што матэрыял для радыёпраграмы быў сабраны. Учора яна пабыла на здымачнай пляцоўцы, у бутафорскай вёсцы на беразе забалочанага возера з карычневатай, у плямах мінеральнага алею вадой – нізкія хаткі, гнілаватыя хлеўчукі і драўляная цэркаўка былі зусім як сапраўдныя і выклікалі жаль, – сёння пагутарыла з рэжысёрам. Той многа і пафасна вяшчаў пра актуальнасць і шырокі грамадскі рэзананс будучага фільма, вы ж ведаеце, колькі гвалту чыніцца навокал, так-так, і выпадак, пра які вы, пэўна, ужо чулі, ну проста вапіюшчы (так ён сказаў), найлепшае таму пацвярджэнне, – а яна з лёгкасцю адсачыла думку, што яшчаркай мітусілася ў ягоных вачах: пра дзяржаўную прэмію. Адным са сваіх асабліва вострых пытанняў яна загнала яшчарку ў тупік, і тая шмыгнула прэч, пакінуўшы ёй хвост, які агідна выгінаўся. Ну, вы ж разумееце, па-змоўніцку пасміхнуўся рэжысёр, мы ж амаль калегі, бяспройгрышная тэма, з кожнага выцісне слязу. Але ў першую чаргу мусяць праслязіцца Тыя, Якія Вырашаюць, у думках закончыла яна фразу і паклала ў сумку дыктафон.
Дарэчы, той рэжысёр і паведаміў ёй, што запрасіў кансультантам вядомага псіхолага, спецыяліста па рэабілітацыі ахвяр згвалтавання, і назваў добра знаёмае ёй імя. Некалькі разоў яна бачыла кансультанта ў рэстаране: невысокі мацак сярэдняга веку ў дарагім цёмна-сінім, з водбліскам касцюме, сівыя, але даволі густыя валасы, кручкаваты нос, старанна дагледжаная бародка, куды таму Фройду. І вось цяпер яна цадзіла каву без цукру і казала сабе, што ўсё, канец, больш таго слыннага спецыяліста ёй ніколі не ўбачыць. Прыватнай практыкай ён не займаўся; пакарыстацца ж сувязямі кагосьці са знаёмых, якіх яна багата займела ў сталіцы, было ўсё роўна, што пракрычаць усяму свету пра сваю таямніцу.
Зрэшты, чаму яна ўбіла сабе ў галаву, што ён здольны ёй дапамагчы? Жанчыне раптам вельмі захацелася апынуцца дома, побач з мужам, які, нягледзячы на свае вечныя прычэпкі (меў права!), усё ж такі, трэба згадзіцца, не патрабаваў ад яе празмернага, і яна пашкадавала, што санаторскі аўтобус на райцэнтр даўно пайшоў, а да шашы, дзе можна было злавіць спадарожную машыну, не менш за пяць кіламетраў. Быў, праўда, іншы шлях, удвая карацейшы: па вузкакалейцы праз закінутыя торфараспрацоўкі. Час ад часу па ёй поўзалі тупаносыя цеплавозы з карлікавымі, на шэсць пар акенцаў, зялёнымі пасажырскімі вагончыкамі ды паўвагонамі для торфу. Высачэзныя расліны, у якіх даўно спыніліся сокі жыцця, караскаліся на насып, стаялі ўздоўж рэек, нібыта вартавыя. Раніцай, ступаючы па шпалах гэтай цацачнай чыгункі, яна не заўважыла, як адышла даволі далёка, і, узняўшы вочы, прыпыніла хаду, уражаная пазасветным пейзажам, што раптоўна раскінуўся перад ёю. Нібыта яна перасякла нябачную мяжу: замест карпусоў санаторыя і цвёрдай зямлі навокал было забалочанае рэдкалессе з чорнымі вокнамі вады, якая драпежна блішчэла паміж крывымі бярозамі, над вадой там-сям узвышаліся іржавыя напаўзатопленыя агрэгаты для здабычы торфу. Пустыя вачніцы закінутай кацельні, прадзіраўленая лодка з закурадымленым вядром без днішча… З вільготнай глебы ўзнімалася пара. Яна тады падумала, што вось і дэкарацыя для новага фільма, толькі для якога? І доўга стаяла, зачараваная хваравітай прыгажосцю таго месца…
Жанчына зірнула на гадзіннік і замовіла яшчэ кавы. Канечне, вузкакалейка не дасць заблукаць, і ўсё ж даволі рызыкоўна ісці ўвечары праз закінутыя торфараспрацоўкі, дзе, магчыма, яшчэ бадзяецца нязлоўлены маньяк… Добра, што дробны заводскі начальнік – пэўна, з тых дзеячоў, што пакідалі ў балоце разламаную тэхніку, – абяцаў падвезці яе да райцэнтра. Яна паспее на апошнюю электрычку. Жанчына зірнула на тэнтавы дах уазіка ў акно, за якім імкліва сутонела.
Санаторый належаў торфабрыкетнаму заводу. У аўтобусе па дарозе сюды толькі й было гаворкі, што пра згвалтаванне і забойства трынаццацігадовай дзяўчынкі, якое адбылося днямі недалёка ад вузкакалейкі. Мясцовыя жыхары падзараблялі, прапаноўваючы прыезджым то грыбы з ягадамі, то прадукты ўласнай гаспадаркі, і звыкла скарачалі шлях, ідучы праз балота. Дзяўчынка несла ў санаторый бітончык з мёдам – у лужыне мёду яе і знайшлі. Яшчэ адна гаротная мядовая дурнічка, падумала жанчына і сціснула ў руцэ кубак, адчуўшы ўнутры сябе тое, што не павінна была адчуваць.
Ад пасажыраў аўтобуса жанчына даведалася: позняй восенню ў санаторыі, які, між іншым, насіў гучную назву «Срэбнае возера», амаль ніхто не адпачывае, затое панаехала са сталіцы багата кіношнікаў – усё ж заводу прыбытак. У гэтым задзяўбаным «Срэбным возеры» насамрэч не выявілася ніводнага вольнага нумара. Дзве ночы жанчына правяла на цвёрдай, як зямля, канапцы ў кабінеце адміністратаркі, і за тое дзякуй.
За суседнім столікам моцна нафарбаваная кабета, падобная да крэмавага пірожнага з тэрмінам прыдатнасці, які сканчаўся, натрэніравана вохкала, а яе няголены кавалер у пакамечанай кашулі, не забываючы падліваць сабе і ёй шампанскага, напаўголасу агучваў дэталі злачынства. Кажуць, пасля ўсяго задушылі ейным жа шалікам… Ды ты не тармазі, Анатольна, бачыш, пойла выкіпае. Кабета-пірожнае слухала з прагнай цікавасцю. Змрочна пасміхнуўшыся і праводзіўшы позіркам пакамечанага з ягоным крэмавым дэсертам, жанчына з кубачкам кавы падумала, што зараз яны пойдуць у нумар, каб заняцца адно адным, і гэтая гісторыя дадасць перчыку іх млявым адчуванням. Злосць яе, зрэшты, адносілася не да парачкі, а да таго тамлення ўнізе жывата, якое адчула яна сама, уяўляючы аголенае маленькае цела і жоўты, бы расплаўлены бурштын, мёд…
Раптам у рэстаран увайшоў ён, у тым самым сінім касцюме. Пастаяў крыху – і накіраваўся да суседняга століка, з якога афіцыянтка паспешліва прыбірала рэшткі «пойла» і пустую бутэльку. Гэта быў не раўнуючы падарунак Мойраў, і жанчына сказала сабе: зараз. Дзеля мужа, дзеля дзіцятка, якое ты калі-небудзь народзіш… Яна пачакала крыху і расціснула пальцы. Кубак разбіўся акурат там, дзе было патрэбна: ля ягоных ног, абутых у модныя скураныя чаравікі. Ён, што зробіш, быў вымушаны ўстаць, тое ж зрабіла яна – і нібыта бездапаможна абаперлася на спінку адсунутага ім крэсла.
– Прабачце…
– Усё ў парадку. – У мяне раптам закружылася галава…
Ён паглядзеў на яе ўважліва – і прапанаваў прысесці за ягоны столік. Было няёмка за штучную банальнасць уласных паводзін; але ён падтрымаў гульню, а значыць, можна было працягваць.
– Вам лепей?
– Усё яшчэ не, дзякуй. Ведаеце, мяне ўсхваляваў расповед пра тое злачынства… Яна ўбачыла ў яго пукатых вачах зацікаўленасць – дай божа, каб прафесійную – і, смялеючы з кожнай сякундай, – а можа, проста сіл больш не было трымаць у сабе сваю ганебную таямніцу – расказала яму, незнаёмаму чалавеку, славутасці, аўтару некалькіх дзясяткаў навуковых прац (у якіх шмат чаго гаворыцца пра дапамогу жанчынам), – расказала тое, чаго не ведаў пра яе ніхто.
У рэстаран увалілася група кіношнікаў, шумна запатрабавала ежы і выпіўкі. Суразмоўца мякка прапанаваў жанчыне падняцца да яго ў нумар – напэўна, яна ўсё ж здолела зацікавіць яго як пацыентка. А можа, ён стаміўся дзяліць пакой са сталай жыхаркай гасцініц – нудой.
У прасторным пакоі «люкса» на століку мігцеў экран ноўтбука, побач на сподачку ляжалі лекі. Надоечы адміністратарка расказала жанчыне: «прафесар» зусім, ну зусім не упатрэбляе, бо некалькі год таму перанёс ці то інфаркт, ці то інсульт і клапоціцца пра сваё здароўе. Праз адчыненыя дзверы спальні жанчына ўбачыла ахайна засланы ложак. Яна прысела на канапу, яе візаві размясціўся ў нізкім глыбокім фатэлі і чамусьці стаў распавядаць, як часта пацыенткі пераносяць на яго ўласныя перажыванні, якія ён з іх выцягвае. Вытрасае, як смецце з меха пыласоса. Да таго ж, жанчыны нярэдка закохваюцца ў сваіх псіхолагаў – ну, гэта агульнавядома. І тады яму даводзіцца іх ад сябе адвучаць. Ён так стаміўся, што вырашыў некалькі год адпачыць ад тэрапіі: толькі кафедра і навуковыя даследваніі, больш нічога. Яна не папоўніць шэрагі ягоных паклонніц, усміхнулася жанчына, няхай ён не турбуецца. Яна не істэрычка. Са свайго боку, яна шчыра спадзяецца, што цікавасць шаноўнага спадара да яе застанецца ў межах прафесійнай. Яна ніколі ні да каго не звярталася са сваёй праблемай. Спрабавала сама сабе дапамагчы, наведвала лекцыі, хацела нават вывучыцца на псіхолага, але прыйшла да думкі, што гэта будзе несумленна ў адносінах да тых, хто звернецца да яе па дапамогу.
– А вось тут вы памыляецеся, – голас у яго мяккі ды салодкі, ён абвалаквае мозг, як ягады чаромхі – язык і паднябенне, у дзяцінстве яна любіла сарваць спелую гронку з буйнымі, цёмна-чырвонымі касцянкамі, пакласці ў рот і, лёгенька сціскаючы губамі чарашок, выцягнуць голую зялёную сцяблінку. – Перарабіць сябе наўрад ці магчыма, а навучыцца кантраляваць – цалкам… Але не будзем губляць час.
І вось па ягоным загадзе яна перасаджваецца ў фатэль, які яшчэ захоўвае цяпло яго цела. Тут яна ў поўнай бяспецы, запэўнівае голас мужчыны. Як у матчыным улонні, нават яшчэ бяспечней, бо побач ён, спадарожнік у свет яе ўласнага «я». Ён водзіць рукамі вакол яе твару, кладзе далонь ёй на галаву, на лоб. Далонь крыху вільготная. Такім чынам, як вы паведамілі мне там, у рэстаране, вы адчуваеце навязлівае жаданне быць згвалтаванай. – Справа ў адным выпадку з майго дзяцінства.
– Цудоўна, што вам вядомая прычына праблемы. Вы перажылі інцэст?
– Не.
– Што ж тады?
– Калі мне было дванаццаць год, мяне спрабавалі згвалціць, але я перашкодзіла. Закрычала. Я чула, што перапыненае дзеянне запамінаецца нашмат мацней, чым закончанае…
– Эфект Зейгарнік, – імгненна рэагуе ён. – Не, гэта больш удае на стакгольмскі сіндром, – важна жангліруе ён тэрмінамі. – Аднак справа і не ў ім. Першыя інтымныя ўражанні часта вызначаюць сексуальнасць індывіда. Напрыклад, хлопчык у піянерлагеры падглядвае ў дзірку ў драўлянай прыбіральні за дзяўчынкамі і… ўпершыню адчувае сябе мужчынам, вы мяне разумееце… У будучым ён мае шанц стаць вуайерыстам!
– Няўжо? – пытаецца яна, ледзь стрымліваючы ўсмешку: так урачыста ён гэта абвясціў.
– А цяпер уявіце, што гэты хлопчык, ужо дарослы, прыходзіць да псіхолага, і той дае яму чароўную магчымасць вярнуцца ў мінулае, – іроніі ён не заўважыў. – Ва ўяўленні, зразумела. Маю на ўвазе не звычайны ўспамін, а пра-жы-ван-не той сітуацыі з поўнай інтэнсіўнасцю. Гэты метад называецца ўзроставай рэгрэсіяй…
Здаецца, яго займае сам працэс казання разумных словаў, а дэманстрацыя ўласнай кампетэнтнасці выклікае проста-такі эйфарыю.
– Пад гіпнозам мужчына зноў адчувае сябе хлопчыкам, уваходзіць у тую злашчасную прыбіральню-шпакоўню, а там… няма ніякіх дзірак у сцяне! Якраз перад лагернай зменай рабочыя забілі іх свежымі дошкамі. Унушэнне тэрапеўта аказваецца мацнейшым за рэальнасць, пасля сеанса кліент ужо не памятае, што падглядваў за дзяўчатамі, ён памятае толькі сцены з дошак – такіх, ведаеце, шурпатых, з кропелькамі смалы…
– Цудоўна, – млява адгукаецца яна, адчуваючы недарэчную патрэбу чхнуць. Няўжо яна дамагалася сустрэчы з ім дзеля таго, каб слухаць гэтую тэрапеўтычную лагарэю? Пра прыбіральню з дошкамі яна, між іншым, чытала ў нейкім з ягоных артыкулаў.
– У выпадках, падобных да вашага, адпаведная тэхніка таксама ўжываецца, але з вялікай асцярогай. Бо эмоцыі могуць аказацца занадта яскравымі і нанесці вам паўторную траўму.
– І ўсё ж я хачу паспрабаваць. Мне чамусьці падаецца, што вы ўмееце рэканструяваць мінулае, як бог… не, лепей, бо бог гэтага якраз не можа… – мядовая кропля ліслівасці не перашкодзіць.
– Узроставая рэгрэсія – мой канёк, – як жа лёгка ўсе яны ловяцца на сваю амбіцыйнасць! – Так, я часта практыкую гэты метад у розных яго варыянтах, – ну вось, цяпер ён адкінуўся на спінку канапы: прыняў зручную паставу, рыхтуючыся да працяглай лекцыі (а ёй належыць з захапленнем ахаць у патрэбных месцах). – У першым варыянце кліент – для абароны ад занадта моцных перажыванняў – застаецца адной нагой «тут», а другой «там», – ён узяў са століка брашурку з надпісам «“Тое, пра што яны маўчаць”. Сцэнар» – то бок нібыта глядзіць фільм, з сабой у галоўнай ролі. Глядзіць – ну, скажам, на экране камп’ютара… Можна ў любы момант спыніць прагляд, можна ўвогуле выйсці з праграмы. А ёсць і другі варыянт… Усё будзе так, нібыта вы насамрэч пражываеце эпізод са свайго мінулага. Як упершыню, разумееце? Вы зможаце змяніць канец сцэнара і дазволіць падзеям развівацца не так, як яны адбываліся ў рэальнасці, а як вам хочацца. Праўда, у гэтым выпадку вам не ўдасца па сваім жаданні пакінуць фільм, хе-хе… Вывесці вас з гіпнозу здолее толькі той, хто без эмоцый кантралюе ўсё, гэта значыць, я.
– Згода.
Яна паспрабуе ўсе ягоныя варыянты, бо горш не будзе, а губляць няма чаго. Магчыма, гэты чалавек ёй дапаможа, яна ж у яго не першая.
– Што ж, выдатна. Тады пачнём. Заплюшчыце, калі ласка, вочы. Вы працягваеце адчуваць сябе ў вашым цяперашнім узросце, аднак дзякуючы гіпнатычнаму ўнушэнню зможаце адначасова знаходзіцца ў мінулым. Памятайце, ваша дзяцінства – усяго толькі фільм на экране камп’ютара, палец вашай правай рукі ляжыць на клавішы «escape», у любы момант можаце вярнуцца сюды, у гэты пакой… Я прашу вас дыхаць глыбока і расслабіцца… Вам дванаццаць год…
– На мне школьная сукенка, чорны фартух, піянерскі гальштук, у руцэ партфель, – чуе яна ўласны голас. – Я вяртаюся са школы праз парк запалкавага камбіната… іду па сцежцы, усыпанай ігліцай… Сёння прахалодны, але сонечны дзень траўня… я стамілася, ледзь цягну вялікі партфель з падручнікамі, да таго ж з раніцы ў мяне нязвыкла ные ніз жывата. Ные не ад голаду: сёння быў урок працы, мы вучыліся гатаваць бутэрброды, а потым іх елі… Сёння я ўпершыню ў жыцці апранула капронавыя калготкі. Я нарэшце ўпрасіла маці купіць іх – дзеля гэтага давялося вызубрыць параграф па фізіцы, каб атрымаць чацвёрку. Фізіка заўсёды давалася мне з цяжкасцю… Парк заканчваецца густымі зараснікамі чаромхі, яна шчодра квітнее… Леваруч глухі плот барака, у якім жывуць рабочыя запалкавага камбіната, праваруч – вузкі тупік, утвораны платамі двух дамоў… рабочыя на дзённай змене, а ў дамах жывуць напаўглухія старыя… Чую таропкія крокі і цяжкае дыханне за спінай… нібыта хтосьці бяжыць… я не паспяваю разглядзець мужчыну, бачу толькі, што ён высокі… моцныя рукі хапаюць мяне за плечы і штурхаюць у тупік… калі хтосьці будзе ісці па вуліцы Запалкавай, ён нас не ўбачыць… мяне прыціскаюць да плота… усё адбываецца хутка, у некалькі секунд…
– Вы разглядзелі яго твар? Магчыма, потым?
– Твару я не памятаю. Памятаю толькі галаву, пакрытую цёмнымі валасамі, бо ён прысеў перада мной на кукішкі. Яго рукі шнараць у мяне ў пахвіне… пальцы нібыта жалезныя… рвуць калготкі, дакранаюцца да майго цела… я крычу, вельмі гучна… клічу на дапамогу… Мой крык палохае мужчыну. Ён узнімаецца і кідаецца на ўцёкі. Бяжыць у бок парку.
– Вы бачыце яго спіну?
– Не, таму што бягу ў супрацьлеглы бок…
– Што адбываецца далей?
– Я бягу дадому… задыхаюся, мяне калоціць… Убягаю ў свой пад’езд. Спрабую ўставіць ключ у замок. Але ў мяне не атрымліваецца, ключ увесь час вывальваецца з пальцаў. Са сваёй кватэры выходзіць суседка. Як табе не сорамна, кажа яна, і я бачу, што яна глядзіць на мае ногі, ты ж дарослая дзяўчынка, хіба маці не казала табе, што трэба падкладацца. Я не разумею, пра што яна. Падкладацца – пад каго?! Нарэшце мне ўдаецца адчыніць дзверы. У калідоры трохстворкавае люстэрка. Я бачу сябе… на нагах пацёкі крыві… калготкі парваныя і «паехалі» амаль да шчыкалатак… Больш за ўсё мяне палохае не кроў, а тое, што зашыць калготкі не ўдасца, і маці паб’е мяне.
– Вы расказалі маці пра тое, што адбылося?
– Не. Яна ва ўсім абвінаваціла б мяне. Я сказала, што парвала калготкі, гуляючы ў баскетбол на ўроку фізкультуры. Крывацёк працягваўся на наступны дзень, і маці патлумачыла, што ёсць спецыяльныя дні, калі трэба падкладаць анучы са старых прасцін і часцей мыцца. Гэта ўсё.
– Што ж, паставім наш фільм на паўзу… – яна чуе глыбокі ўздых: па ўсёй верагоднасці, выпадак не такі складаны, якім здаваўся кансультанту напачатку. – Значыць, той мужчына не пазбавіў вас цнатлівасці?
– У фізічным сэнсе – не. Гэта быў рэгулярны крывацёк, першы ў маім жыцці, – яна трэ рукамі вочы, якія ніяк не хочуць расплюшчвацца. Павекі наліліся цяжарам, нават крыху ацяклі.
– Трэба ж, якое супадзенне… У той дзень вы назаўсёды развіталіся з дзяцінствам.
– Менавіта.
– Вы больш не хадзілі той дарогай?
– Зразумела, хадзіла. Іншай дарогі ў школу не было.
– Што вы адчувалі? Страх?
– Першым часам – так. Калі я вярталася са школы адна і паварочвала ад парку да тупіка, мяне пачынала калаціць. Шмат гадоў, дзень за днём, я працягвала хадзіць у школу і са школы па гэтай дарозе. І аднойчы зразумела, што хачу зноў сустрэць таго мужчыну… што баюся гэтай сустрэчы і чакаю яе…
– Вы хацелі яго сустрэць? Навошта?
– Каб ён зрабіў са мной тое, што збіраўся… я ненавідзела сябе за гэта жаданне, але нічога не магла змяніць. Яно было мацнейшым за мяне.
– Вы мастурбавалі, калі думалі пра гэтага мужчыну?
Голас ледзь прыкметна напружыўся, і ёй зразумела, чаму: яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць падобную размову з прадстаўніком іхняй касты – лекарам ці псіхолагам.
– Не, ніколі, – адказвае яна. – Маё цела ўяўлялася мне брудным, мне было агідна дакранацца да яго. Я адчувала сябе пачварай з-за гэтага жадання.
– А аднакласнікі? Вы рабілі гэта з кім-небудзь з іх?
Навошта ён, які з першых хвілін знаёмства выклікаў у яе прыхільнасць адсутнасцю фальшывай сарамлівасці, хаваецца за ханжаскім займеннікам? Яна адказвае наўмысна гучна, спакойна і выразна:
– Яны мяне не цікавілі. Я ўяўляла сабе толькі таго мужчыну. Марыла пра яго. Як ён прыціскае мяне да плота, потым валіць на зямлю. Гвалтам рассоўвае мне ногі і ўваходзіць у мяне…
Чалавек на канапе маўчыць. Пэўна, лічыць яе клінічнай вычварэнкай і не ведае, як рэагаваць. І няхай! Яна працягвае кідаць свае прызнанні ў цішыню:
– Калі я скончыла школу і паступіла ў інстытут, я шукала сустрэч з мужчынамі, знешне падобнымі да яго. Усе яны былі нашмат старэйшымі за мяне.
– Што вы адчувалі? – голас зноў гучыць з дзяжурнай эмпатыяй. Здаецца, ён авалодаў сабой, што, зрэшты, няцяжка пры ягоным досведзе.
– Я ляжала пад імі, злавалася на іх і на сябе і з агідай цярпела тыя ласкі, якімі яны мяне адорвалі. Мне трэба было толькі так, як тады… Аднойчы я адправілася на дыскатэку ў інтэрнат, дзе мяне ніхто не ведаў. Заставалася там дапазна, пакуль не ўпэўнілася, што мной зацікавіўся адзін змрочнага выгляду хлопец з «распісаных». Ён быў высокі, цёмнавалосы… Я зрабіла выгляд, што п’яная. Глядзела яму ў вочы і пасміхалася. А потым выйшла з інтэрната і пайшла не дамоў, а ў супрацьлеглы бок – да гаражнага кааператыва, там больш за сотню гаражоў, і ў гэты час бязлюдна. Ён пайшоў услед…
– Я бачу, што вы стаміліся. Можа, дастаткова на сёння? Я пакуль не планую вяртацца да прыватнай практыкі, але для вас зраблю выключэнне. Вось мая візітоўка.
Цяпер голас гучыць невыразна і безжыццёва. А, дык у яго ж праблемы з сэрцам. Магчыма, адчуў недамаганне… Але ёй важна дайсці да самага канца. Да канца фільма…
– Не, калі ласка, зараз… – яна зноў заплюшчвае вочы. – Ён ідзе за мной на некаторай адлегласці. Я адчуваю, што яна скарачаецца – павольна, па кроку. Ліхтароў амаль няма. За гаражамі пачынаецца вайсковы палігон. Калі я буду крычаць, ніхто не пачуе. Ён таксама гэта ведае і не спяшаецца. Яму трэба, каб я адышла яшчэ далей ад людзей, ад святла. Ён маўчыць, я таксама… І вось… чую за спінай цяжкае дыханне, таропкія крокі… ўсё як тады… ён груба хапае мяне за плечы і прыціскае да металічнай сцяны гаража. Рве на мне сукенку. І тут я пачынаю крычаць… так, я зноў закрычала! «Сціхні, шлюха», – кажа ён, хапае мяне за валасы і б’е тварам аб іржавае жалеза. Я адчуваю прысмак крыві ў роце і разумею, што зараз страчу прытомнасць… А потым бачу яркае святло… чую шум машыны, якая пад’ехала… і грукат стрэлу… рукі мужчыны адпускаюць мяне, я з’язжаю ўніз па сценцы. Мяне падымаюць, пытаюцца, ці ў парадку я. Потым я непрытомнею… Прыходжу ў сябе ўнутры таго самага гаража, цяпер ён ярка асветлены. Аказалася, гаспадар вяртаўся з палявання. Ён стрэліў у паветра з ружжа, і той хлопец збег.
– Вы пазнаёміліся са сваім выратавальнікам? – напэўна, ён паклаў у рот пігулку, яна чула шоргат.
– Мы пабраліся шлюбам. Жывём па-людску, не лепш і не горш за іншых. У ложку ён пяшчотны і ласкавы, але для мяне кахацца з ім – катаванне… Я спрабавала правакаваць мужа на тое, каб ён узяў мяне гвалтам, часам ён згаджаўся на гульню, але выгляд у яго быў такі, нібыта зараз ён паўторыць услед за тым хлопцам: шлюха… Стаў сапраўдным раўніўцам. У гэтым, канечне, мая віна, хоць я ніколі не здраджвала яму. Так, ніколі. Справа ў жаданні згвалтавання… яно стала маёй навязлівай ідэяй. Баюся, што аднойчы зноў каго-небудзь справакую… Дапамажыце мне пражыць той эпізод нанова, але па-іншаму. Няхай мужчына з парку зробіць тое, што збіраўся. Можа, тады гэта мяне адпусціць.
Яе субяседнік некаторы час моўчкі ходзіць па пакоі: яна чуе крокі. Ён усхваляваны – яна разумее гэта па голасу, які, зрэшты, спрабуе быць іранічным:
– Згвалтаванне – адна з тыповых жаночых фантазій, так што вы ў вялікай кампаніі, хе-хе… Але вы не захацелі задаволіцца фантазіяй, і я вас разумею. Я дапамагу вам, хаця тое, пра што вы просіце, супярэчыць маім метадам тэрапіі, бо сітуацыя занадта траўматычная – для дзіцёнка, якім вы тады былі. З іншага боку… неспатоленыя жаданні накшталт стрэмак, якія ствараюць у нашай свядомасці гнаяродныя капсулы… хочацца закончыць тое, што калісьці было пачатае, закончыць, што б там ні было…
Ён зноў надоўга змаўкае. Булькоча вада, ценькае шклянка. Можа, выклікаць яму доктара з санаторыя, калі усё скончыцца?
– Але я мушу папярэдзіць вас, – чуе яна і пакусвае губы ад нецярпення: калі ж ён, нарэшце, пачне? – іншым разам мара выяўляецца зусім не такой, якой здавалася вам… Можаце расплюшчыць вочы.
Яна з цікавасцю разглядвае прадаўгаваты чорны камень з адтулінай, праз якую прасунуты шнурок. Гэта ўпрыгожанне можна пры жаданні надзець на шыю, але ён трымае шнурок у руцэ, перад самым яе тварам. Дзіравы камень у яе дзяцінстве называлі «курыны бог». Аднакласнікі, якія разам з бацькамі адпачывалі на моры, імкнуліся знайсці такі: лічылася, што камень з дзіркай прыносіць шчасце. Яе на мора не вазілі ніколі: маці, рабочая запалкавага камбіната, зарабляла няшмат, бацька піў… Праўда, звычайна на пляжы знаходзяць белыя каменьчыкі, а гэты рэдкага колеру. Яна ўжо збіраецца пацікавіцца, навошта тут «курыны бог», як голас зноў прыцягвае яе ўвагу:
– Спрабаваць уваскрэсіць дзіцячыя перажыванні з іншымі мужчынамі нашмат больш небяспечна, чым даць вам шанс сустрэцца з тым, першым. Няхай будзе так, як вы хочаце. Я буду блізка, дастаткова руку працягнуць, хе-хе… Паглядзіце на гэтую рэч. Ці чулі вы пра багіню Чорнага Месяца – Гекату?
Крыху здзіўленая, яна паціскае плячыма.
– Заступніца прастытутак, ці што?
– І цнатлівых дзяўчат таксама – іх яна нібыта бароніць ад гвалту, – усміхаецца ён. – Увогуле, у народаў Міжземнамор’я Геката лічылася жаночай багіняй. Са зграяй чорных сабак яна быццам бы з’яўляецца ў свеце людзей у ноч першай квадры Месяца. Дарэчы, беларусы дагэтуль называюць той змрочны час «межамі»… Дык вось, Геката – захавальніца мяжы: брамы ў падземны свет і ў мінулае. Шукаць яе трэба там, дзе гэты свет мяжуе з іншым, жыццё – з паміраннем: на могілках, сярод руін, а яшчэ – на скрыжаваннях дарог. Дарэчы, нашы продкі, хаця і пакланяліся іншым багам – Пяруну ды Вялесу, не забывалі трымаць ля хаты вядро без днішча, а дзяўчынкі насілі на шыі такі вось каменьчык з адтулінай – імітацыяй жаночай маткі ці брамы ў іншасвет. Што, калі задумацца, адно і тое ж, хе-хе… Ну, гэта для агульнай дасведчанасці… Дык вось, самае цікавае: ведзьмін камень працуе. Я вынайшаў спецыяльную псіхатэхніку, якую выкарыстоўваю для глыбокай рэгрэсіі. Але пачнём. Глядзіце на камень, толькі на яго… Засяродзьцеся на ім… Уявіце, што адтуліна – уваход у тунэль… уваходзьце… гэта толькі на першы погляд здаецца складаным, насамрэч нашмат прасцей, чым вярблюду прайсці праз вушка іголкі, хе-хе… – зноў гэты яго дробны нервовы смяшок, падобны да кароткага рыдання, што, між іншым, абсалютна недарэчна, калі ты хочаш загіпнатызаваць чалавека, яна ўсё ж бывала на лекцыях і ведае. – Вы будзеце рухацца наперад па тунэлю, пакуль я не скажу спыніцца… вы падпарадкоўваецеся толькі маім камандам… – голас набірае моц, гучыць цвёрда і манатонна. – Я поўнасцю кірую вамі… ваша цела мяккае, расслабленае… вы больш не адчуваеце свайго цела, вы ляціце праз тунэль, нібыта ў вас выраслі крылы… вашы гады мільгаюць, нібыта станцыі ў метро… А цяпер спыніцеся. Вам дванаццаць год. Зараз сонечны дзень траўня, даволі прахалодны. Вы вяртаецеся са школы праз парк, ідзяце па сцяжынцы, усыпанай ігліцай. На вас школьная сукенка, чорны фартух, піянерскі гальштук, у руцэ партфель… партфель цяжкі, ваша рука стамілася яго несці…
– … я ледзь валаку партфель, да таго ж з раніцы ў мяне нязвыкла ные ніз жывата, хаця я і не галодная. Сёння я ўпершыню ў жыцці апранула капронавыя калготкі, якія маці купіла мне за чацвёрку. Да гэтага я насіла бясформенныя баваўняныя калготкі ды жудасныя панталоны з начосам і тугімі гумкамі. Сёння пад калготкі я апранула цудоўныя летнія трусікі – белыя, лёгкія, з карункамі…
– Белыя карункі ў вас пад сукенкай падобныя да суквеццяў чаромхі, міма якой вы якраз праходзіце, – голас дапамагае ёй, ён вядзе яе яшчэ глыбей у мінулае. – Чаромха расце на краі парку. Чаромха віргінская – вось імя гэтай вашай амерыканскай сястры… На імгненне вы спыняецеся, раздумваючы, ці не сарваць адно з суквеццяў, якое не поўнасцю яшчэ распусцілася… такое далікатнае… спакуса надта вялікая…
– Правільна, я насамрэч там спыняюся, – але ж так і павінна быць: кантакт паміж правадніком у мінулае і вядзёным становіцца поўным. Абсалютным. – Кранаю белыя пялёсткі і думаю пра тое, што цёмна-чырвоныя ягады будуць не раней жніўня, а няспелыя есці нельга: маці казала, што яны ўтрымліваюць атруту, ад якой можа спыніцца сэрца. Я іду далей…
– …каб на хвілінку затрымацца ля сасны, што сплывае бурштынавым сокам. Вам падабаецца лізаць пацёкі смалы на яе грубым, моцным ствале… ваш язык трымціць ад асалоды…
– Менавіта. Я заўсёды любіла лізаць смалу на дрэвах, – як гэта добра, калі ўсе твае адчуванні разумее сябар, дасведчаны і ўважлівы, які клапатліва вядзе цябе. Вядзе па краі ямы, што кішыць змеямі, але табе зусім не страшна…
– Мужчына ідзе за вамі даўно, ідзе праз увесь парк, у якім якраз у гэты дзень няма ні душы. Ён хацеў зрабіць гэта ў парку, але яму не хапіла рашучасці. Як заўсёды… – яна чуе ціхі пагардлівы смяшок. – А потым момант быў упушчаны. Школьніца ўжо выходзіць з парку, і ён разумее: цяпер альбо ніколі.
– Я чую таропкія крокі і цяжкае дыханне за спінай… абарочваюся… мяне даганяе мужчына… насамрэч ён невысокага росту, гэта я – маленькая… моцныя рукі хапаюць мяне за плечы і штурхаюць у тупік… прыціскаюць да плота… цяпер я бачу толькі яго галаву, пакрытую цёмнымі валасамі, бо ён прысеў на кукішкі… яго рукі шнараць у мяне пад сукенкай… пальцы моцныя, грубыя… рвуць калготкі і трусы… а потым…
Жанчына стогне ад вострага болю – нібыта сталёвы прут прадзіраецца праз шыйку маткі, нібыта металічная кюрэтка, якая выскабліла яе дзіцёнка, калі муж адмовіўся верыць, што цяжарнасць – ад яго… Яе цела ўздрыгвае, галава качаецца па спінцы фатэля, на лбе выступае халодны пот, з горла рвецца крык:
– Мне балюча! Я…
– Вы не паспяваеце закрычаць, – упэўнены голас перахоплівае ў яе ініцыятыву. – Мужчына заціскае вам рот, валіць вас на зямлю і накідвае вам на галаву прыпол сукенкі, каб вы не маглі бачыць яго твар… гэтым разам яму не давядзецца хавацца ў зарасніках чаромхі, каб у адзіноце скончыць пачатае, пакуль рукі яшчэ захоўваюць цяпло вашай юнай скуры, а ноздры – ваш уласны чаромхавы пах… – Як балюча! Я памылялася! Я не хачу, не хачу!!! – Вы самі напрасіліся, а я, дарэчы, папярэджваў вас, хіба не? У вас няма права спыніць гэты паказ, дый позна: ён ужо адчуў смак. Ваша супраціўленне яго толькі распальвае. Ён, як і вы, марыў вярнуцца ў той дзень… Вы – яго першы і адзіны вопыт… няўдачны… ён столькі год вымушаны быў выслухоўваць, як гэта ўдавалася іншым, больш смелым і нахабным… цяпер і ён здолеў… хутка я сатру з вашай памяці гэты эпізод, а зараз – дайце яму адчуць сябе шчаслівым… яго цела скаланаецца ад аргазму… ён стогне…
Гэта эфект гіпнатычнага трансу – ці яна насамрэч чуе здушаны стогн?
– Ягонае цела абмякла, ён наваліўся на мяне, прыціснуў да зямлі… я задыхаюся… – жанчына працягвае мармытаць гэтыя словы, якія ўжо не дапамогуць ёй выслізнуць са страшнага фільма-сну, – мая правая рука шукае клавішу «escape» на клавіятуры камп’ютара, але намацвае толькі замок партфеля… стары металічны замок, ён лёгка расшпільваецца… кніжкі і сшыткі вывальваюцца на зямлю… У гэты дзень быў урок працы, усе дзяўчынкі атрымалі заданне прынесці ў школу прылады для гатавання ежы… Я павінна была прынесці кухонны нож… Рука намацвае ручку нажа і… ўсаджвае лязо туды, куды можа дацягнуцца, – у яго шыю…
– Але раней вы нічога не казалі мне пра нож! У вас яго няма, ня-ма! Вы… згубілі яго, забылі ў класе!
– Нож са мной, і вельмі востры… – хто падказвае ёй гэтыя словы? – Перад урокам хлопцы добра натачылі яго ў майстэрні… лязо лёгка ўваходзіць у мяккае, расслабленае цела мужчыны…
Жанчына зноў чуе стогн, гэтым разам больш выразны, а потым, праз кароткую паўзу, голас – яна не адразу пазнае яго:
– Вы маеце рацыю… ён удзячны вам – няма лепшага моманту, каб сысці… Не глядзіце на ягоны твар… Як толькі ён сканае, вы вернецеся ў ваш сапраўдны ўзрост.
– Я чую, як ён хрыпіць… хапае ротам паветра… адчуваю – ён скаланаецца… адпускае мяне… я сцягваю з твару прыпол сукенкі, цяпер я магу дыхаць свабодна, – яе голас працягвае, як было ад пачатку зададзена чужой воляй, апісваць падзеі фільма, які вось-вось скончыцца. Зрэшты, яе ўласная воля, як высветлілася, таксама нешта вырашае – тым больш, што чужога голасу больш не чуваць. – Я гляджу на ягоны твар…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?