Электронная библиотека » Леанід Дайнека » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 22 ноября 2018, 22:20


Автор книги: Леанід Дайнека


Жанр: Детская фантастика, Детские книги


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +
III

На верталётнай стаянцы, якая знаходзілася на даху Дома Пераўтварэнняў, Гай Дубровіч, вельмі здзівіўшыся, убачыў свайго пятнаццацігадовага сына Клёна. Адразу нават падумаў, што памыліўся. Ці нямала такіх падлеткаў, даўгалыгіх, з нагала пастрыжанымі галовамі? Яркімі фарбамі малююць яны там, дзе ў іхніх прапрадзедаў матляліся чубы і грывы, кветкі, зоркі, астранамічныя знакі. Гэты таксама размаляваны. Дубровіч, слізгануўшы па яму позіркам, падаўся да свайго верталёта. Ззаду пачулася: —Тата, вазьмі мяне з сабой.

– Што ты тут робіш, Клён? – рэзка азірнуўся, выдыхнуў з раздражненнем Гай.

– Чакаю цябе, каб разам ляцець на Чорны Хутар.

Сын падышоў да бацькі, пацёрся яму галавой аб грудзі. Сантыметры на тры, калі не болей, быў ён ужо вышэй за Гая. Дзіўна было глядзець на гэтае стравусянё, тонкае, худое, вузкаплечае, ключыцы выпіраюцца, нібы кіёчкі. Дзіўна было не ў люстэрку і не ў спакойнай рачной вадзе бачыць свой твар, толькі зусім юны, неагрубелы і нейкі, хоць была на ім самаўпэўненая бравада, бездапаможны. Гай адчуў, што вельмі любіць свайго адзінага сына, любіць да паколвання ў грудзях, і, калі б узнікла суровая неабходнасць, не вагаючыся, аддаў бы за яго жыццё. Але ён строга спытаў:

– Як ты тут апынуўся? Чаму ты не дома?

– Мяне на сваім верталёце прывёз Навум Масейкін, – адказаў Клён.

– Масейкін? – Гай Дубровіч іранічна ўсміхнуўся. – Гэты ўсявед можа… Схапіць дзіця, пасадзіць у верталёт, прывалакчы дзіця ў Дом Пераўтварэнняў. Слухай, Клён, я абяцаў узяць цябе з сабой на Астэроід. Памятаеш?

Сын кіўнуў галавой.

– Дык я не вазьму цябе. Зразумеў? Хіба ты не ведаў і твой Масейкін хіба не ведаў, што да шаснаццаці год ніхто не мае права і нагой ступіць на парог Дома Пераўтварэнняў? У першым пункце вердыкта доктара Метэора сказана аб гэтым.

Сын пакутліва пачырванеў.

– Вядома, я чытаў вердыкт доктара Метэора, – сказаў ён. – Але ж я высокі, тата, і мне ўсе ўжо даюць з выгляду шаснаццаць гадоў. Не думай, я ўсё разумею… Мне яшчэ зарана пераўтварацца. У мяне яшчэ не акрэпла воля.

Ён пазіраў проста ў вочы бацьку, пазіраў з адчайнай рашучасцю, і была ў сынавым паглядзе нечаканая ўпартасць («Як ён узмужнеў!» – міжволі падумаў Гай), прасветленасць і мудрасць, быццам пражыў ён уга колькі гадоў, быццам ён на той бок Сонца лётаў. Але ў размовах з дзецьмі, як заўсёды лічыў Гай Дубровіч, неабходна праяўляць разумную цвёрдасць і нават суровасць, вядома, таксама разумную.

– Навошта ты прыляцеў? – рэзка спытаў ён.

– Мне маці ўсё расказала. Хачу дапамагчы табе, калі прыйдзе Вялікі Жах. У мяне моцнае біяполе, падобнае на тваё. Разам мы пераможам на Чорным Хутары.

Што можна было адказаць на такія словы? Гай паляпаў сына па плечуку, і яны селі ў верталёт. Зноў заквітнела, пабегла ўнізе ранішняя бадзёрая зямля.

– Як ты адносішся да Напалеона? – пацікавіўся Клён.

Нічога нечаканага ў сынавым пытанні не было. Сын рыхтаваўся стаць гісторыкам, хацеў пайсці па бацькавых слядах. Вялікая Эра Плюралізму, як гэта ні падасца нечаканым, раз'яднала людзей (у тым ліку і людскія пакаленні) больш знешне: у словах, паводзінах, жэстах, вобліку. Духоўна ж людзі згуртаваліся, усвядоміўшы хуткацечнасць і непаўторнасць жыцця.

– Нармальна адношуся, – адказаў Гай, пазіраючы праз шкляную лабаціну кабіны на зялёныя чародкі бяроз. – Імператар-рамантык. Гэта някепска гучыць. А ў гербе ягоным былі пчолы.

– Ён любіў мёд? – засмяяўся сын.

– Ён паважаў руплівых людзей, даваў ім магчымасць поўнасцю раскрыцца. Я, дарэчы, апошнім часам таксама думаю пра Напалеона – бачыш, нам з табой адно і тое ж стукаецца ў галаву.

Пры гэтых словах Клён паклаў сваю далонь на бацькаву.

– І мяне здзівіла, – працягваў Гай, – падабенства жыццёвага лёсу Напалеона на лёсы – ведаеш каго? – Гітлера і Сталіна.

– Дыктатары, – упэўнена сказаў сын.

– Я б не спяшаўся гаварыць такое. Прынамсі, Гітлера з яго партыяй абраў народ, абраў у час дэмакратычных выбараў. А падабенства між імі надзвычайнае, можна сказаць, ашаламляльнае. Усе трое – сыны невялікіх (маецца на ўвазе колькасць) народаў, народаў – як мякчэй сказаць? – гістарычна непрэстыжных у тыя часы. Карсіканец, аўстрыец, грузін. Усе трое прыйшлі да сваёй неабмежаванай улады, у свае метраполіі-імперыі з поўдня. І ўсе зрабіліся вялікадзяржаўцамі, шавіністамі, пачалі з пенаю на губах услаўляць Францыю, Германію, Расею, адразу забыўшы пра тое гняздо, з якога вылецелі. Што гэта? Псіхоз улады? Перараджэнне генаў? Выпадак? Заканамернасць?

Гай Дубровіч, упэўнена ведучы верталёт, услых разважаў пра няпростыя, дужа сур'ёзныя рэчы і ведаў, што сын выдатна разумее кожнае слова, кожную ўспышку ягонай думкі. Вялікая Эра Плюралізму, няспынна шліфуючы людскі інтэлект, абуджала мозг да напружанай творчай працы ў вельмі юным узросце.

Прыляцелі на Чорны Хутар. Кожны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі меў уласны ўчастак зямлі, быў абавязаны мець яго. Шырока адзначаўся Дзень Антэя, калі юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася шаснаццаць год, у прысутнасці сваіх родзічаў і сяброў станавіліся на калені і цалавалі зямлю, а потым, запаліўшы вечаровыя вогнішчы, танцавалі наўкруг іх. У адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй такія зямельныя надзелы ў розных мясцінах называліся па-рознаму: віла, ферма, ранча… Беларусы называлі іх, вядома ж, хутарамі. Хутаранскае цяпельца, над якім кпліва насміхаліся ганарыстыя дасціпнікі мінулых стагоддзяў, шчасліва дажыло да Вялікай Эры Плюралізму.

У першую чаргу Гай з Клёнам пайшлі да Магіл Продкаў. На ўзгорку, абсаджаным ліпамі і дубкамі, стаялі тры высокія каменныя крыжы. І на кожным былі выбіты тры словы: «Помні пра нас». Каменныя сціплыя надгробкі бялеліся паміж зялёнай шаўкавістай травы. Пырхаў чырвона-чорны матылёк. Звонка шчабятала птушка.

– І нас з табой пахаваюць тут? – ціха спытаў сын.

– Тут, – ціха адказаў бацька.

Сын пільна, вельмі пільна паглядзеў на бацьку, шкадаванне і роспач мільганулі на імгненне ў чыстых сініх вачах, страх перад халодным небыццём, але ён быў мужчынам, рыхтаваўся стаць грамадзянінам Індаэўрапейскай Канфедэрацыі і ён цвёрда, як і патрэбна ў такіх выпадках, сказаў, пакланіўшыся надгробкам:

– Спіце спакойна.

А Гай раптам успомніў далёкі-далёкі восеньскі дзень, россып дажджу ў змрочным глухім лесе. Тады яны з Клёнам, яшчэ шасцігадовым, пайшлі ў грыбы і заблудзіліся. Не было з сабой ні компаса, ні наручнага бранзалета з радыёмаяком, ні запальнічкі, ліў, шумеў у дрэвах дождж, раззыбаныя ветрам хмары сцюдзёна шклянелі над лесам. Клён спалохаўся, заплакаў. І тады Гай пасадзіў яго сабе на плечы, пайшоў наўздагад па лесе. Дзіцячыя тонкія, такія безабаронныя ножкі білі яму па грудзях, калі часам ён спатыкаўся на нябачных у цемры каранях. Ён мацней трымаў, прыціскаў сына і штохвілінна казаў яму: «Твар беражы, вочы. Нахіліся да мяне, каб галіны не ўдарылі па вачах». Даволі хутка знайшлі яны сцежку, выйшлі на дарогу, але тое лясное змушанае вандраванне назаўсёды засталося ў памяці, аб'яднала іх духоўна. Яны, дарослы і хлапчук, уласнай скураю адчулі дыханне далёкіх стагоддзяў і тысячагоддзяў, калі чалавек быў вельмі залежны ад прыроды, быў яе беднай часцінкай, быў кропляю ліўня і сняжыякай завірухі, калі вецер бязлітасна шкуматаў яму валасы, сек вочы, раздзіраў сцятыя вусны. «Зямлёй Славяніяй» назваў Клён той няўтульны лес і тыя няпростыя адчуванні. Назва, трэба прызнацца, была вельмі трапная. Як гісторыкі (сын – будучы гісторык) яны найбольш цікавіліся першаславянамі, таямшчым, магутным і, на жаль, безгалосым акіянам-лесам, які шумеў калісьці ад Адрыятыкі і Пелапанеса да Белага мора і Ўрала. Праславянскае жыццё, як восеньскі лес, амаль не пакінула пасля сябе яркіх фарбаў, жывой лістоты. А яно ж было! Дубровіч-старэйшы праславіўся тым, што стаў адным з членаў ініцыятыўнай групы, якая выпрацавала і рэалізавала ідэю Вялікай Кампенсацыі. Яны дамагліся, каб славянам (дакладней, толькі ўсходнім славянам) былі выплачаны трыста мільярдаў кантрыбуцыі ў індаэўрапейскіх доларах. За што? За тое, што ў свой час найбольш актыўныя і рухомыя з індаэўрапейскіх плямёнаў, напрыклад, галы, франкі, выцеснілі продкаў славян на самы край гістарычнай Айкумены, адрэзаўшы іх такім чынам ад культуры, ад святла Рымскай імперыі. Вечны Рым, як багаты стол, вабіў да сябе ўсіх варвараў, але славянам не пашанцавала сесці за той стол, іх проста не пусцілі больш удачлівыя народы. А багацце ж, і духоўнае, і матэрыяльнае, было агульнае, бо сам Рым, калыску розуму і прагрэсу, змайстравалі індаэўрапейцы, сярод якіх былі і продкі славян.

Успомніўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровіч паглядзеў на сына, шырока ўсміхнуўся і сказаў: – Вітаем цябе, Зямля Славянія.

І пакланіўся ў пояс ліпам, дубам, двухпавярховаму каменна-драўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.

Іх сустрэў робат-вартаўнік па імені Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывітанні доўгую жалезную руку, сціснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.

– Усё спакойна, Дулеб? – спытаў Клён. Робат зірнуў на падлетка, зірнуў, падалося, з вясёлай хітрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнік абавязаны размаўляць з дарослымі, паўнапраўнымі грамадзянамі Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. І таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:

– У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другім паверсе, у кабінеце, у тры гадзіны ночы рыпеў паркет.

– Ці не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзіў прывід? – іранічна перапыніў яго Клён.

Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовіў:

– Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзіны ночы і дзве хвіліны, насупраць акна, якое маецца ў кабінеце, мной заўважаны з боку двара празрыста-белы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяціў месяц, і часам шар як бы знікаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.

– Ты і нагаворыш, Дулеб. Кінь палохаць, – зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохі цішэйшы, не такі звонкі.

– Гэта быў КЛА,[1]1
  КЛА – Касмічны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА – Неапазнаны лятаючы аб'ект.


[Закрыть]
– цвёрда сказаў Дулеб. – У Школе Робатаў я вывучаў іх. Маецца пяць класаў, адзінаццаць падкласаў, светлая і цёмная афарбоўка, трыццаць тры віды канфігурацыі. Бурдзугалараф, які прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзірам самага прымітыўнага КЛА. Ён…

– Хопіць-хопіць, – перапыніў робата Гай. – Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы інфармаваны.

Ад такіх слоў гаспадара шчокі ў Дулеба – два адпаліраваныя да бляску пукатыя металічныя кружочкі – ярка запунсавеліся. Робаты вельмі любяць, калі іх хваляць.

– Глядзі, не пусці слязу, – пстрыкнуў робату пальцамі ў самы лоб Клён.

Дулеб іранічна і горда зірнуў на яго, нічога не сказаў. І было ў позірку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позірк аравійскага вярблюда.

Не крыўдуй! – крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровіч-малодшы і зноў не стрымаўся: – Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё імя?

– Дулебы, саюз усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Заходняй Валыні. У VII стагоддзі апынуліся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі пад імем бужан і валынян, – бадзёра адрапартаваў робат.

– Ну, ты й даеш, – захоплена прысвіснуў Клён.

Бацька і сын спачатку распрануліся і паплавалі ў басейне, сценкі якога былі абкладзены рознакаляровымі керамічнымі пліткамі. Вада пахла бярозавым лісцем, навальнічным дажджом. Скура ў Дубровічаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсі, у Індаэўрапейскай Канфедэрацыі, даўно прайшла – людзі пазбягалі пякучых сонечных прамянёў. Абцёрліся калянымі рушнікамі і ў прасторных ільняных кашулях і ў такіх жа штанах пайшлі распальваць камін. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвона-цаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногі і раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялікай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кідаў туды сухія паленцы, кавалачкі антрацыту. Потым сын і бацька, глянуўшы адзін на аднаго, адначасова кінулі ў агонь жоўтыя шарыкі пахучай смалы. Пачуўся лёгкі трэск.

– Мой шарык спадабаўся прашчуру, і ён узяў яго, – радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькі кропель бліскучай смалы ўпалі на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под каміна. Такі рытуал дайшоў да іх, людзей ХХІІІ стагоддзя, з сівой даўніны. Некалі чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкі чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага і клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткі называўся прашчурам.

– Аб чым ты зараз падумаў? – ціха спытаў у бацькі сын, бо ў такія імгненні, калі вочы пазіралі на агонь, на камень – прашчур, а ў агні згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне.

– Хачу, каб мы ўсе былі шчаслівыя: наша мама, ты і я, – пранікнёна сказаў Гай Дубровіч.

Вялікая Эра Плюралізму навучыла зямлян мудрай і, як усё мудрае, простай ісціне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. І яшчэ: не можа быць шчаслівай і вялікай краіна, у якой жыве ў няшчасці маленькі чалавек.

– А ты аб чым падумаў? – у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына.

– Я вельмі хачу, каб да цябе не прыйшоў Вялікі Жах, – адказаў Клён, і вочы ўспыхнулі.

– Вось ты пра што, – узняўся з крэсла Гай. – А я нават забыўся пра візіт гэтага спадара. Хаця не, не забыўся, памятаў, але не першай памяццю. Не хвалюйся, сынок. Гэтакае бывае ў кожнага мужчыны. І ў цябе некалі будзе. А хіба разумна баяцца непазбежнага? Хваляванне, вядома, ёсць. Прыкладна так людзі даўнейшых стагоддзяў хваляваліся, заходзячы ў кабінет да стаматолага. Былі ўрачы такой спецыяльнасці, якія лячылі людзям зубы і нават вырывалі іх спецыяльнымі абцугамі. Зараз, дзякуй Богу і навуцы, мы не ведаем, што такое зубны боль. А раней – ого-го!

Ён зморшчыўся, надзьмуў шчаку, схапіўся за яе рукою, застагнаў, і Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калісьці прыносіць чалавецтву столькі пакутаў.

Камін патух. Толькі на прашчуры ярка бліскаў маленькі вугольчык. Святло не запальвалі, і ў цемры, што пакрысе наплывала з усіх бакоў, гэты зіхоткі вугольчык здаваўся мудрым пранізлівым вокам, якое праз вечнасць пільна пазірае на іх, бацьку і сына. Хацелася размаўляць шэптам, і яны так і рабілі.

Потым паглядзелі вячэрні выпуск тэленавінаў. Вярнулася шматгадовая касмічная экспедыцыя з ваколіц зоркі Праксіма Кентаўра, што з усіх зорак сама бліжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнікі, і паміж іх тры жанчыны, усе ў белым, выходзілі з карабля, махалі рукамі, смяяліся і, сышоўшы па трапу, станавіліся на калені, цалавалі зямлю… У Біскайскім заліве бушаваў жорсткі шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалі маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася «SОS»… Выступаў кіраўнік Міжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак і слоў малавата, і ён цягнуў штохвілінна: «Э-э-э…», толькі каб не маўчаць.

– Кожнае слова ватай абкладвае, – сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. – Выключы. А ў Бібліі ж напісана: «Словы мудрых – як іголкі і як увабітыя цвікі».

– Зараз не будзе ні іголак, ні цвікоў, – весела прамовіў Клён і выключыў тэлевізар.

Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцішыліся. Яны думалі, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалі аб Вялікім Жаху.

Няма і не было чалавека, які б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кідацца на коп'і, амбразуры з кулямётамі, са святою песняй узыходзіць на вогнішча, смеючыся ісці па канаце, нацягнутым між высачэзнымі небаскробамі, і ўздрыгваць, нібы заяц, ад слабага гуку, які ў глухім лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спіной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкі падкошваліся ногі і цямнела ўваччу. Колькі на планеце людзей, столькі й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсіх жывых – страх смерці, магілы. А ёсць жа страх болю і хваробы, страх цемры і вышыні, страх беднасці і здрады… Адзін баіцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сімфанічнага канцэрта, калі натхнёна і светла саліруе скрыпка. Другі баіцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая піла пілуе. За тысячагоддзі зямной гісторыі столькі набралася страхаў, дэпрэсій і стрэсаў, столькі енкаў і крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не зліцца ў адну субстанцыю, імя якой – Вялікі Жах. Людзі Вялікай Эры Плюралізму ўпершыню, твар у твар, сутыкнуліся з ім гадоў сто назад, калі ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывідах і злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самі сабою лёталі цяжкія хатнія рэчы, выстрэльваліся, як кулі, са сваіх гнёздаў электрычныя пробкі і пагрозліва крычалі сцены, зрабіліся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калі ўдумацца, унікнуць глыбей, то нічога асабліва ненатуральнага ва ўсім гэтым няма. Ёсць усеагульны закон захавання матэрыі і руху, закон захавання энергіі. Нішто не знікае, у тым ліку і жыццё. Што робіцца з фізічнай сілай, з духам тых людзей, якія паміраюць? Яны адлятаюць да верхніх рубяжоў Дальняга Космасу, там канцэнтрыруюцца, перагрупоўваюцца, каб у выглядзе розных відаў энергіі (маланак, сонечнага ветру) зноў вярнуцца на Зямлю. Адсюль, з гэтага вызваленага палёту, пачынаюцца ўсе рэлігіі, вера ва ўзнясенне пасля смерці на нябёсы. І таксама адсюль «труба», якую бачаць, праз якую са страшэннай імклівасцю імчацца тыя, хто пераступае парог клінічнай смерці. Ведаючы пра закон захавання энергіі, няцяжка перакінуць масток да закону захавання эмоцый, як станоўчых, так і адмоўных. Яны не знікаюць, а зноў жа назапашваюцца каля верхніх рубяжоў Дальняга Космасу, прычым адмоўныя трымаюцца ў раёне чорных дзірак. Нездарма чалавецтва яшчэ ў дагамераўскія часы было ўпэўнена ў існаванні Светлых і Цёмных Сіл, якія кіруюць лёсам людзей. Грэчаскія, а за імі нямецкія філосафы спачатку асцярожна, а потым усё настойлівей пачалі падмяняць паняцце Бог паняццем Абсалютнага Розуму. Але толькі навуковая думка Вялікай Эры Плюралізму прыйшла да цвёрдай высновы, што ўвесь бачны і нябачны Сусвет ёсць не што іншае, як… Адзіны Мозг. Наша Галактыка, у якой дробненькім зярняткам згубілася планета Зямля, клетка гэтага Мозгу і знаходзіцца ў ягоным левым паўшар'і. Чалавечы мозг – зменшаная копія Адзінага Мозгу. Плямы і ўспышкі на Сонцы, каметы і метэарытныя дажджы, паўночныя ззянні і нечуваныя ўраганы – усё гэта паверхневыя праяўленні эмацыянальнай дзейнасці Адзінага Мозгу. У глыбіню, у самы патаемны асяродак гэтай дзейнасці чалавецтва не пранікла і, бадай, ніколі не пранікне, бо мозг не можа зразумець самога сябе, няма люстэрка, у якім бы ён убачыў сябе збоку.

Бацька і сын Дубровічы, прыслухоўваючыся да шуму начнога ветру, гаварылі напаўголас аб усім гэтым і чакалі прыходу Вялікага Жаху. Такое магло здарыцца сёння, заўтра, у любую хвіліну. Вялікі Жах, калі б можна было ў дачыненні да яго карыстацца чалавечымі ацэнкамі, быў даволі выхаваным і тактоўным. Свайго чарговага праціўніка (не будзем казаць – ахвяру) ён загадзя папярэджваў (успомнім крылаты выраз князя Святаслава: «Іду на Вы»). Некалькі папярэджванняў атрымаў і Гай Дубровіч – трывожныя сны блізкіх людзей і добрых знаёмых, падзенне балкона, чорны павук на твары… Такімі, здавалася б, малазначнымі штрышкамі, імгненнымі фехтавальнымі выпадамі Жах, мяркуючы па ўсім, хацеў яшчэ да свайго прыходу падавіць чалавечую волю. Прырода Вялікага Жаху і дагэтуль вельмі слаба вывучана. Можна меркаваць, што ён наведваў людзей ужо ў каменным веку, бо праводзячы таемныя ініцыяцыі, у час якіх дзеці станавіліся паўналетнімі, маленькіх хлопчыкаў запіралі на ноч у цёмных пячорах, секлі дубцамі, выбівалі ім зубы. Дзіцячую душу такім жорсткім чынам рыхтавалі да спаткання ў далейшым жыцці з нейкай бязлітаснай грознай сілай. Што ж такое Вялікі Жах і дзеля чаго ён зноў пачаў атакаваць планету? Адказаць няпроста. На Зямлі ўжо былі перыяды актыўнага накаплення адмоўна зараджанай жывой энергіі – інквізіцыя, фашызм, сталінізм. Рашуча адмовіўшыся ад іх, пракляўшы іх, чалавецтва ўступіла ў Вялікую Эру Плюралізму. Нейкую разгадку, хоць далёка няпоўную, дае выслоўе святара і мысліцеля Аўгусціна Вялікага: «Зло існуе для таго, каб падкрэсліць сілу дабра». У падтрымку святара можна прывесці думку, што дабро заўсёды мае сэнс, а зло часта існуе бессэнсоўна.

Прайшла ноч. Раніцой у акно кабінета, дзе пісаў Гай Дубровіч, рэзка стукнуўся лясны голуб і разбіўся насмерць. Клён збег уніз, пашукаў яго ў гародчыку, у густой траве ўздоўж сцежкі, толькі ўсё дарэмна. Можна было нават падумаць, што ніякай птушкі не было, але ж на шыбіне выразна бачыліся яркія плямы крыві і шэрае тонкае пёрка, якое прыклеілася адным сваім канцом да шкла і ліхаманкава трапятала пад парывамі ветру.

– Бацька, ты возьмеш мяне на Астэроід? – спытаў Клён.

– Падумаю, – адказаў Гай, але ўбачыўшы, што вочы ў сына адразу зрабіліся сумнымі, дадаў: – Абавязкова паляціш са мной.

– А колькі ён кіламетраў у папярочніку? – не адставаў, чапіўся Клён.

– У дыяметры, – паправіў Гай, але раптам зразумеў, што сын гаворыць абы толькі гаварыць, абы не маўчаць.

– Ты што? – схапіў ён сына за плечы.

– Баюся, – шчыра прызнаўся Клён. – Давай сядзем у верталёт і паляцім з Чорнага Хутара дадому. Там – мама. Давай паляцім, бо хутка зноў надыдзе ноч.

– Напрасіўся мяне ад страху ратаваць, а сам баішся? – засмяяўся Гай. – З намі ж самы бясстрашны робат па імені Дулеб. У нас дзве аўчаркі, нямецкая і шатландская, цэлы арсенал зброі, пачынаючы ад кухоннага нажа і канчаючы газавым пісталетам. Ды мы з табой, сын…

– Выпрабаванне будзе вельмі суровае. Дзевятай катэгорыі, – прагучаў раптам ціхі, але надта выразны, як бы металічны голас.

Бацька з сынам анямела паглядзелі адзін на аднаго.

– …Мы з табой, сын, тут стогадовую асаду-аблогу можам вытрымаць, – усёткі скончыў сваю фразу разгублены Гай і спытаў у сына: – Хто гэта сказаў? Можа, Дулеб жартуе?

Але сам жа з вышыні другога паверха ўбачыў, як робат, не спяшаючыся, нязграбна падцягваючы левую нагу, ідзе па садовай дарожцы. «Трэба шарніры праверыць на левым калене», – міжволі падумаў Гай. Робат раптам звярнуў з дарожкі на лужок, па якім яму хадзіць было катэгарычна забаронена, пайшоў, жалезнымі нагамі збіваючы кветкі. Гэта вельмі ўразіла Гая. Дулеб заўсёды быў дысцыплінаваным, Упраўленне Хатніх Робатаў нават аднойчы ўзнагародзіла яго прэстыжным касмабілетам на Астэроід.

– Што гэта? – пабялеўшы, запытальна зірнуў на бацьку Клён.

– Голас, – адказаў Гай.

– Але чый голас?

– Давай прысядзем, – прапанаваў Гай. Яны селі на тахту, прычым сын доўгімі нагамі ціснуўся да бацькавых каленяў – баяўся.

– Прагучаў голас, і мы абодва пачулі яго, – гледзячы ў вочы сыну, стараючыся надаць яму бадзёрасці, загаварыў Гай Дубровіч. – Калектыўныя галюцынацыі здараюцца дужа рэдка, і, значыць, гэта была не галюцынацыя. Карацей кажучы, нас папярэдзіў Вялікі Жах. Тыя, хто з ім сустракаўся, расказвалі, што ён майстар на такія штучкі.

– Але што яму трэба? – не сунімаўся Клён. – І наогул што гэта ўсё такое?

– Ты мяне пытаеш, як быццам я, самае меншае, стрыечны брат гэтаму Жаху. Ды пастараюся што-кольвечы растлумачыць. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад вучоныя-уфолагі (ты ведаеш, так называюцца спецыялісты па ўсіх гэтых «талерках» па КЛА) правялі цэлую серыю фатаграфаванняў у нябачнай частцы светлавога спектру. Фатаграфіі (а іх былі сотні) пацвердзілі існаванне тонкай небялковай формы разумнага жыцця, якая, мяркуючы па ўсім, намнога старэй за нашу цывілізацыю. КЛА ёсць не што іншае, як засцерагальныя ўмяшчальні элементаў гэтага «разумнага эфіру». Яны ствараюцца на нейкі час, а потым знікаюць, і нечым падобныя на звычайныя мыльныя бурбалкі.

– Я пра ўсё гэта чытаў, – нецярпліва і не вельмі тактоўна перарваў бацьку сын. – Я ведаю, што жыццё на нашай планеце стварылі бялкі і нуклеінавыя кіслоты. І што прынцыпы генетычнага кадавання, біясінтэзу бялкоў і нуклеінавых кіслот адзіныя для ўсяго жывога. Значыць, калі гэты Вялікі Жах нешта жывое, ён створаны не на бялковай, а на нейкай іншай аснове?

– Атрымліваецца, што так, – адказаў бацька. – Прырода – найвялікшы камбінатар. І наогул мы ведаем пра свет, у якім жывём мільёны гадоў, нейкую нікчэмную долю таго, што неабходна ведаць. Возьмем той жа Вялікі Жах. Яўна агрэсіўная грубая сіла, якая ўжо не першы год тэрарызуе чалавецтва. Ён атакуе не грамадства ў цэлым, а паасобку кожны індывідуум, лагічна мяркуючы, што так лягчэй запалохаць, паставіць на калені, ці што там яшчэ яму трэба ад людзей. Ён як быццам помсціць за нешта, або не хоча некуды, у нейкія запаветныя дзверы ўпусціць. Ды ці існуе ён наогул? Вось у чым загвоздка. У рэшце рэшт, не выключана, што на базе чалавечага мозгу можа існаваць некалькі асобін, якія звязаны паміж сабой толькі целам. Адна з асобін можа жадаць смерці целу.

Увесь гэты час Клён напружана глядзеў на бацьку, нібы прымерваўся да яго. Потым сказаў, і словы прагучалі, як загад:

– Пазвані сваім сябрам. Хто ў цябе ёсць з сяброў? Пазвані на Індаэўрапейскае тэлебачанне Навуму Масейкіну. Дай «SОS». Так і так – хутчэй імчыся на Чорны Хутар, хутчэй ратуй, інакш можа адбыцца поўная і абсалютная дэматэрыялізацыя, магу разам з любімым сынам аддаць канцы.

Гай і раней заўважаў у паводзінах і ў словах сына нейкую знарачыстую грубаватасць, нейкае панібрацтва, быццам размаўляў той не з бацькам, а са сваім жа галалобым нафарбаваным равеснікам, «шарыкам з адной лузачкі», як яны любяць казаць. Адкуль такі тон? Ад ранняга сталення і цэлага акіяну інфармацыі, што захліствае гэтых маладых пеўнікаў з ног да галавы? А можа, ад таго, што дужа рана робяцца яны спелымі мужчынамі з ярасным бушаваннем палавых гармонаў у крыві?

Гай пазваніў Навуму Масейкіну. Таго доўга шукалі, нарэшце знайшлі.

– Жывуць Сонца і Кісларод! – весела выгукнуў здалёку Масейкін.

Гай лаканічна, як толькі мог, абмаляваў сітуацыю, папрасіў, пры магчымасці, зазірнуць на Чорны Хутар.

– Мой малы баіцца, – ціха сказаў у слухаўку, косячы вокам, каб, крый божа, не пачуў Клён.

– Якую катэгорыю паабяцаў табе той пракляты голас? – перапытаў Масейкін.

– Дзевятую.

– Дзевятую? Ну, стары, трымайся. Я ў яго, як памятаю, па пятай катэгорыі праходзіў. Белым прамянём так хвастануў, ажно я прысеў. А назаўтра жонка гаворыць: «Кракадзільчык (гэта яна мяне, калі ў добрым настроі, так называе), адкуль у цябе шрам на левым плячы? А ў мяне ніколі ніякага шрама зроду не было. Адным словам, не вешай нос – імчуся да цябе. І не забудзь пра Ўзмацняльнік Волі.

Змяркалася. Дубровічы трымаліся разам. Гай, ужо не кажучы пра Клёна, у глыбіні душы раскайваўся, што кінуў-рынуў горад і прыляцеў на Чорны Хутар. Паклікалі да сябе робата Дулеба. Ён звычайна лёгка ўзыходзіў па лесвіцы на другі паверх, але сёння адказаў вінаватым голасам:

– Не магу, спадар Гай. Левая нага не слухаецца. Буду званіць ва Ўпраўленне Хатніх Робатаў, каб прыслалі рамонтніка.

Дулеб пачаў званіць у горад. «Нешта тут не так, – падумалася Гаю. – Дулеб жа робат звышновай серыі. Такія, сама меней, тры гады працуюць без аніякага збою».

Раптоўна захацеў спаць Клён і пайшоў у свой пакой. Вяла цмокнуў бацьку ў шчаку, зачыніў за сабою дзверы. «Дзіўна, – зноў падумалася Гаю, – ледзь не трымцеў ад страху, а тут – нуль увагі на бацьку і ўжо дае храпака. Дзіўна».

Ён ляжаў на ложку, ляжаў на спіне, пазіраючы ў столь, і думаў. Старая цывілізацыя ўсё ярасней атакуе маладую. Пэўна ж, з-за таго, што па нейкіх прычынах давялося адступіць на другі план, саступіць у цень, у змрок. Колькі разоў зямное супольніцтва спрабавала выйсці з ёю на кантакт, дамовіцца, прымірыцца, падзяліць, нарэшце, сферы ўплыву, нават аддаць цэлы мацярык, Антарктыду. Пакуль што нічога не атрымліваецца, адказу няма. Тысячы людзей ужо сустракаліся з ёю твар у твар, некаторых яна цяжка пакалечыла, але ніхто (ніхто!) не можа намаляваць яе партрэт. Пакрысе вучоныя пачынаюць сыходзіцца на той думцы, што смерць, біялагічная смерць чалавека, не што іншае, як помста Старой Цывілізацыі. Чалавек жа, у прынцыпе, несмяротны, асабліва калі ўлічваць, што сперматазоід, ад якога зачаўся сын, прыйшоў з цела бацькі, а яшчэ раней – з цела дзеда, прадзеда, прапрадзеда… з цела Адама. Восемдзесят пяць гадоў жыцця, адпушчаных у сярэднім кожнаму земляніну, гэта, прыкладна, толькі пятая частка таго часу, які ён мог бы пражыць. Вучоныя называюць Старую цывілізацыю катакомбнай, або падпольнай. Нядаўна атрыманы звесткі аб тым, што яе калоніі, нябачныя няўзброенаму воку, выяўлены ў кратэрах дзеючых вулканаў. А што такое снежныя людзі, таямнічая Нэсі? А мерцвякі, ваўкалакі і невідзімкі? Гэта яе голас гучыць, адчайна і няўтольна, зімовай мяцельнай ноччу ў коміне і ў галінах старых дрэў, гэта яе след, як халодны звонкі ланцуг, кінуты ў сцюдзёнасць росных траў у туманным світальным лесе. Яе нідзе не відно, і яна – усюды. А шэсць гадоў назад яна ўпершыню паспрабавала захапіць цэлы горад, Чыкага. Гай, помніцца, чытаў аб гэтым рэпартаж у нядзельным выпуску газеты «Вясёлы касмапаліт». Рэпартаж называўся «Трамвайныя рэйкі замест макаронаў»…Жыў горад, працаваў, «рабіў грошы», задыхаўся ад смогу, хадзіў на сеансы стрыптызу і на канцэрты рок-музыкі, гуляў у гольф на аксамітна-зялёных лужках фешэнебельных асабнякоў. А ў гэты час унізе, пад горадам, у вечным чорным змроку каналізацыйных труб, у смуродзе і гніенні, самаарганізавалася Клаака, самаарганізаваліся нечыстоты. Кожны дзень рэкі бруднай адпрацаванай вады, горы смецця выкідваў са сваіх каменных цяснін горад. І ўсё накаплялася, збіралася ўнізе, у каналізацыйных трубах. І вось пры адпаведнай спрыяльнай тэмпературы з хімічных элементаў, якія раствораны ў нечыстотах (а там былі і цынк, і калій, і ртуць, і бром – адным словам, уся табліца Мендзялеева), арганізавалася нейкая жывая маса, арганізавалася Нешта. Яно дужэла, расло, павялічвалася ў аб'ёме, прагна харчавалася нечыстотамі, якія кожную гадзіну спраўна пастаўляў горад. Ужо зачаткі прымітыўных эмоцый пачалі выводзіць з раўнавагі Нешта. Калі баставалі рабочыя камунальных службаў і горад абрастаў гразёю, Нешта задаволена сыта прыцмоквала, мірна пакалыхвалася ў сваіх змрочных падзямеллях. У яго было шмат ежы. Калі ж вучоныя вынайшлі больш эфектыўныя ачышчальныя ўстаноўкі і ў каналізацыйныя трубы адпаведна пачало паступаць менш рознай хімічнай дрэні, Нешта дзіка гневалася, кіпела ад ярасці, ламала сталёвыя краты падзямелляў, зрывала, як бутэлечныя коркі, цяжкія металічныя накрыўкі каналізацыйных калодзежаў. Тады чыкагцы з недаўменнем і трывогай слухалі, як равуць, калоцяцца або па-вар'яцку рагочуць вадаправодныя трубы ў іхніх кватэрах. Асабліва невыносна гэта было ўначы.

І вось аднойчы Нешта адчула, што яму цесна ў падзямеллі. А наверсе грымеў, вуркатаў горад, заліты сонечнымі промнямі і людскімі ўсмешкамі. Горад быў рознакаляровы, вясёлы, а Нешта было пякельна-чорнае, сумнае, дэпрэсіўнае. І Нешта рынулася ў атаку на горад. Яно пачало наступленне па сістэме ўсіх гарадскіх труб.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации