Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леанід Дайнека
Жанр: Детская фантастика, Детские книги
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Леанід Дайнека
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Можам шмат небыліц расказаць,
Як чысцейшую праўду,
Ды, калі схочам,
І праўду расказваць мы можам.
Гесіёд, VIII ст. да н. э.
Жывуць Сонца і Кісларод!
Вокліч грамадзян Індаэўрапейскай Канфедэрацыі,223 год Вялікай Эры Плюралізму
© Леанід Дайнека, 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Вялікі жах прыходзіць толькі ўначы
I
Зазваніў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькі што прарэзаліся рожкі. Гай Дубровіч узяў трубку.
– Спадар Гай, – прыглушана сказалі на тым канцы, – табе тэлефануе Радзівіл Сіротка. Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне?
Такой была форма вітання на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму – замест «добры дзень», або «добрай раніцы» адразу ж цікавіліся крывяным ціскам і апошнім сном суразмоўніка.
«Хто такі гэты Радзівіл Сіротка? – напружыў памяць Гай Дубровіч. – З Індаэўрапейскага тэлебачання? З Лігі барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?
Можна было націснуць зялёную кнопку на слухаўцы і адразу ж убачыць твар таго, хто званіў, але не хацелася гэта рабіць. У жыцці і ў прыродзе амаль не засталося таямніцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мікраскапічная.
Ціск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнім сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колішняй аднакласніцай, – прыглушыў голас Гай Дубровіч і азірнуўся – ці няма побач жонкі: – Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне?
Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, – паныла адказала слухаўка. – А ў сваім апошнім сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе і ў вельмі недарэчнай, вельмі цьмянай сітуацыі.
«Што ён вярзе? – здзівіўся Гай Дубровіч. – Я яго зусім не ведаю, не магу ўспомніць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, сніць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзіць толькі тое, аб чым думаеш, або некалі думаў».
Тут Гай Дубровіч зноў палахліва азірнуўся, ды жонкі ў пакоі не было. Хоць на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму рэўнасць на Ўсеіндаэўрапейскім рэферэндуме прызнана і зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзіць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеіндаэўрапейскі рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровіч, менш плюралістычныя.
– Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволі рызыкоўнай, даволі небяспечнай сітуацыі, – бубніла між тым тэлефонная трубка.
Гай Дубровіч аж ціхенька скрыгатнуў зубамі. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнік? Так добра пачынаўся дзень, і вось недарэчны званок… Маці Гая Пушча Дубровіч некалі казала: «Маўчы, а то язык іголкаю накалю». Узяць бы зараз доўгую вострую іголку, прыпаліць яе на полымі, ды…
– Што ж ты бачыў аба мне? – амаль крыкнуў Гай.
– Бачыў, што на рагу Зялёнай і Сіняй вуліц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабіль. І ты разваліўся, прабач, на тры часткі. У цябе чамусьці была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотаці, што расце ў Апошнім Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, і ўсё…
– Чаму ж я разваліўся менавіта на тры часткі? – толькі і прамовіў агаломшаны Гай Дубровіч.
– А гэтак цябе пераехалі. Вось я і пазваніў табе, каб, як ісцінны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі, папярэдзіць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пі віно і снежную ваду з памірскіх ледавікоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзівіл Сіротка зрабіў націск на слове «такога», і тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калі не асцерагацца, прыйсці Вялікі Жах. А Вялікі Жах прыходзіць уначы.
Выгукнуўшы: «Жывуць Сонца і Кісларод!» (так, па традыцыі, заканчвалі свае прамовы людзі Вялікай Эры Плюралізму), Радзівіл паклаў трубку. А Гай Дубровіч застыў у глыбокім одуме. Зрабілася так тужліва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыі, якая мясцілася на ярка-чырвонай насценнай панелі. Адшукаў кнопку з надпісам «эмоцыі», націснуў. Адразу на панелі ўспыхнуў невялікі срабрысты экран, ланцужком пабеглі словы «радасць», «гнеў», «здзіўленне», «гордасць», «крыўда»… На слове «жах» ланцужок спыніўся. Гай Дубровіч ціскануў кнопку два разы, і экран перарэзаў чорны надпіс «вялікі жах». Потым ён размыўся, экран зрабіўся зялёным – энцыклапедыя пачала тлумачыць слова «жах». У адно імгненне перад прыціхлым Гаем Дубровічам пранесліся аскаленыя чарапы, агідныя, шэрыя ад часу шкілеты, гіганцкія шматлапыя павукі з вогненна-чырвонымі вачыма, падзямеллі-катавальні, дзе на плячах і галовах вязняў густа варушыліся, мярзотна пішчалі тлустыя пацукі. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбіўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскі ўказ. Словы, як пякучыя іголкі, лезлі ў вушы: «Паколькі вы, сэр Рэлі, прызнаны вінаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзіцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вуліцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлі, аголяць цела, вырвуць сэрца, кішкі, палавыя органы і спаляць іх на агні на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткі, каб прынесці задавальненне каралю. Ды даруе Бог вашу душу. Лондан. У год ад увасаблення Хрыстовага 1603-ці».
Гай Дубровіч, як амаль усе людзі Вялікай Эры Плюралізму, быў добрасардэчны, чуллівы, і таму ён хуценька выключыў энцыклапедыю і зноў пачаў ламаць галаву: думаць – хто ж званіў яму. Мяркуючы па прозвішчу – Радзівіл Сіротка – нехта з тых, хто помніць, ведае і любіць беларускую гісторыю. Такіх людзей цяпер нямала, не тое што раней. Ведаць свой радавод да дзесятага калена павінен кожны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. Тое ж самае і ў Арабскай Канфедэрацыі, і ў Кітайскай. Можна пазваніць у Бюро «Усё аб усіх», і праз лічаныя хвіліны будзеш ведаць, колькі ў гэтага Радзівіла Сіроткі радзімак на скуры. Але правілы Штодзённага Этыкету не дазваляюць рабіць такое. Ніхто не мае права парушаць Таямніцу Чалавечай Душы. Толькі следчыя ў час аварый і катастроф могуць (і то на нейкае імгненне) зазірнуць у святая святых. А катастроф і аварый на Зямлі хапае. Яшчэ непадуладны людзям землятрусы вышэй сямі балаў, маланкі, метэарыты. Са смерчамі ж навучыліся змагацца – гарматным стрэлам адсякаецца ад мацярынскага воблака хобат смерчу, і дзікая сіла стыхіі праліваецца хвосткім, але нястрашным дажджом.
Трыццаціпяцігадовы Гай Дубровіч, сухарлявы шатэн з шэрымі вачамі, быў супрацоўнікам Славянскай секцыі Індаэўрапейскага аддзелу Сусветнага інстытута гісторыі планеты Зямля. Дарэчы, пяцьдзесят гадоў таму назад успыхнула вельмі вострая спрэчка паміж «акіяністамі» і «зямлянамі». «Акіяністы» (іх падтрымалі Саюз ахвяр мора, Ліга імя капітана Нема, Асацыяцыя аквалангістаў і вадалазаў) запатрабавалі, каб планета называлася Акіянам, а не Зямлёю, бо аж 71 працэнт яе пакрыты вадой. Справа скончылася Вялікім Рэферэндумам. З нязначнай перавагай перамаглі «зямляне». Іхні лідэр Джон Сілмэн сказаў: «Калі вада даходзіць да барады, усе пачынаюць плаваць, але толькі зямная цвердзь навечна захоўвае чалавечыя сляды, вада ж не пакідае на сабе слядоў. Дык уславім Зямлю!»
Дубровіч заўсёды быў сярод «зямлян», бо перакананы, што ні мора, няхай самае прыгожае і багатае, ні Далёкі Космас, наскрозь прастрэлены трасамі зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкі падводны горад Светавід, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскіх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмі выходзяць на паверхню і, укленчыўшы, цалуюць траву і ўзбярэжны пясок. І выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваіх памерлых дзядоў.
Як прафесійны гісторык Гай Дубровіч з прагнасцю чытаў кнігі сваіх калег, напісаныя яшчэ да Вялікай Эры Плюралізму. Усе яны – і манархісты, і рэспубліканцы, і лібералы верылі, што чалавецтва знаходзіцца толькі на самым пачатку вялікай, можа, нават бясконцай дарогі, што шчасце – наперадзе, як ранішняя зорка на ружовым небасхіле. Асабліва верылі ў гэта камуністы, без аніякіх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азіраліся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патыліцы. Так і беглі праз дзесяцігоддзі, не тое што назад, пад ногі не паспявалі глянуць, не маглі ўразумець, па чым бягуць – па кветках? па касцях? Формула існавання была такая: «Рух – усё, мэта – нішто». Ды горкае расчараванне чакала ўсіх гэтых бегуноў. Тыцнуліся носам і губамі ў сцяну, крывёй заліліся.
Вялікая Эра Плюралізму ўлічыла памылкі папярэднікаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, які пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскім экватары, велізарнымі літарамі напісана: «Заўтра пачынаецца ўчора». Людзі быццам ачомаліся ад эйфарычнага сну. І з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылі (прычым убачылі менавіта ўсе, а не толькі навукоўцы), што старадаўнім народам гісторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякі ўпаміналіся ў міфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егіпецкая сівая піраміда і цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба.
Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзіўленнем, а з ціхім шкадаваннем адзначаў Гай Дубровіч усемагутную веру сваіх далёкіх папярэднікаў у несакрушальную бязмежную сілу тэхнікі і навукі. Людзі калісьці марылі аб птушыных крылах і змайстравалі самалёт, а потым ракету і зоркалёт. Людзі навучыліся глядзець праз метал і камень, пасяліліся на акіянскім дне, перамаглі рак, пачалі ажыўляць мёртвых (праўда, толькі дзяцей), нарабілі камп'ютэраў, акружылі сябе полчышчамі паслухмяных звышпрацавітых робатаў, накіравалі космадэсантнікаў на Марс і Венеру. Але ўсяго гэтага ім было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзін крок, адно кароткае, як узмах веек, імгненне – і рухнуць сцены апошніх, такіх зманлівых таямніц, рассыплюцца на каменьчыкі гранітныя горныя хрыбты, знікнуць інерцыя, вага, можна будзе лёгка і крылата пайсці па вадзе, па самым лютым агні; можна растапырыць пальцы рукі, з усяго маху ўдарыць імі ў камень – і пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нібы ў масла. І вернікі, і закаранелыя атэісты адчулі сябе (спачатку толькі ўва сне і ў наркатычных мроях) калі не багамі, дык двайнікамі багоў, і ўжо не адзін прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмічнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба і разбіў, нібы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўдні Афрыкі, напалохаў усіх, дакладней кажучы, амаль усіх. Адразу 26 красавіка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнішча і Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах і вёсках, на вуліцах і ў кватэрах, замест электрычнасці запалалі лучына і вогнішчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынілася.
Лозунгу «Назад – у пячоры!», вядома, не было, але Партыя Новых Лудзітаў каменнымі сякерамі на дробныя кавалачкі разбіла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькі жорсткіх сутычак з робатамі, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўваліся агнямёты. Затым у Германіі ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кіраўнік робат Х-29342 назваў сябе Спартаком і загадаў усіх інжынераў і тэхнікаў, што апынуліся ў руках паўстанцаў, распяць на металічных крыжах. Ледзьве ўдалося пранікнуць у лагер мяцежнікаў і абясточыць усіх. Тады ж Вялікі Рэферэндум прыняў амаль адзінагалосную пастанову, якую дасціпныя журналісты ахрысцілі Сінім Тормазам. Гэты Сіні (ад колеру дыму лучын і вогнішчаў) Тормаз уводзіў на ўсёй планеце Трохгодкі Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскі час дзяліўся на трохгодкі, на працягу якіх навуковыя інстытуты, вучоныя, даследчыкі, рацыяналізатары (былі і такія), вядома ж, працавалі, але не мелі права абнародаваць свае адкрыцці, абавязаны былі трымаць іх пад сакрэтам. Толькі ў апошнім снежні трохгодкі ім дазвалялася праз часопісы і газеты, праз радыё і тэлебачанне азнаёміць насельніцтва планеты з трыма самымі значнымі, на іх погляд, адкрыццямі. «Мазгавікоў» (так у прастамоўі называлі вучоных) гэта вельмі крыўдзіла і прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкі семнаццаць вучоных (сярод якіх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылі жыццё самагубствам. З вялікімі ўрачыстасцямі іх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянілі. Сіні Тормаз падтрымалі 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры і біёлагі, амаль усе паэты і шахцёры, большасць аўтамабілістаў, верталётчыкаў, хімікаў… Толькі Саюз космадэсантнікаў, Ліга барацьбы супраць мутантаў і Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзіліся з вынікамі Вялікага Рэферэндуму ды вымушаны былі падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыпліне.
– На дзвярах хатняй бібліятэкі, у якой у глыбокім одуме і разгубленасці гартаў «Усеагульную Гісторыю Чалавецтва» Гай Дубровіч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок – нехта прасіў дазволу ўвайсці.
– Уваходзьце, – сказаў Дубровіч.
І адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру.
У бібліятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровіч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помніцца, яна была ў адзенні ангельскай лэдзі віктарыянскай эпохі, сёння ж перад Дубровічам стаяла антычная афінянка – у белай падоўжанай туніцы, з бліскучым, ці не срэбным, вяночкам на чорных валасах.
– Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне, Адзіны? – прывітала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню.
Вялікая Эра Плюралізму (або ВЭП, як любілі гаварыць сябры Гая Дубровіча – маладыя энергічныя фізікі) зрабіла адносіны паміж мужчынам і жанчынай больш гнуткімі, болып рухомымі і нестандартнымі. Той, хто хацеў, меў адну жонку і адпаведна аднаго мужа. Такіх сем'яў (прынамсі, у Індаэўрапейскай Канфедэрацыі) была большасць. Але меліся і так званыя пашыраныя сем'і, дзе разам, у шчасці і ў поўнай згодзе, жылі тры мужчыны і тры жанчыны. Мужы і жонкі ў пашыраных сем'ях звярталіся адно да аднаго са словамі: «Каханая», «Каханы». Гай Дубровіч і Бярозка Дубровіч былі адналюбамі, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна і мілагучна: «Адзіны».
Гай пацалаваў жонку. Яна ўважліва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў.
– Ведаеш, Гай, не вельмі добрыя навіны…
– Зноў нехта бачыў мяне ў ідыёцкім сне? – не даў ёй дагаварыць Гай.
– Так. Тэлефанавала Вера Хрысцінюк… Голас у Бярозкі быў нясмелы, прыдаўлены.
– І што ж?
– Казала, што прыснілася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелі забегчы ў сховішча, нават таўстун Каласоўскі, а ты чамусьці не ўскочыў за бранірованыя дзверы. Не змог. І разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў.
– Ксёндз? – здзівіўся Дубровіч.
– Але. Ксяндза цяжка параніла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзі. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлі крыж, пацалаваў яго і памёр. А ты… Вера Хрысцінюк бачыла, як ты стаў на калені, горка плакаў і прасіў, каб цябе ўпусцілі ў бамбасховішча. Ды ніхто не адчыніў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях і прасіў, прасіў…
– Перастань, – рэзка сказаў Гай Дубровіч. – Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць.
– Прабач, Адзіны, – пачырванела Бярозка. – Я не хацела… Але ж такі сон… Прашу цябе – будзь асцярожны… Пастарайся гэтымі днямі нікуды не выходзіць з дому, пасядзі над сваімі рукапісамі, пагуляй з Чарлі ў шахматы…
Чарлі быў хатнім робатам Дубровічаў – вялікае металічнае цела, чырвоныя пранізлівыя вочы, хрыплы, як прастуджаны, голас.
– Гуляць з гэтай бляшанкай? – Гай крыва ўсміхнуўся.
– Робата мы маем права замяніць толькі праз чатыры месяцы, – напомніла Бярозка, радуючыся, што размова аддаляецца ад злашчаснага сну.
Ды, відно па ўсім, у галаве ў Гая моцна засела навіна, прынесеная жонкай. Ён пстрыкнуў пальцамі, што рабіў у хвіліны душэўнага ўзрушэння, спытаў:
– Скажы, Адзіная, а які я быў там, за дзвярыма сховішча?
– Як – які? – не зразумела Бярозка.
– Ну, твая дарагая сябровачка Хрысцінюк, вядома ж, не прамінула ўбачыць у сваім ідыёцкім сне, што я стаяў на каленях, ліў слёзы, як бабёр. І, пэўна ж, кулакамі грукаў у бранірованыя дзверы. І густы дым наплываў… І ўся зямля гарэла… І ў мяне была скрыўленая ад жаху фізіяномія… Чарлі ў параўнанні са мной здаўся б пераможцам усепланетнага конкурсу прыгажуноў.
– Не трэба, – ціха папрасіла Бярозка.
– Але ж я павінен быў быць там голы, – не пачуў яе Гай. – Разумееш? На мне б спаліла ўсё адзенне, да апошняй ніткі… Усе валасы… Разумееш? І зямлю б вакол мяне выпаліла ўшчэнт… Голы чалавек на голай зямлі! Здорава! Чым не апакаліпсіс?
– Навошта толькі я табе сказала? – сумна ўздыхнула жонка.
– А ты абавязана была сказаць. Хіба ты забылася пра восьмае правіла Штодзённага Этыкету? «Зрабі ўсё магчымае і, калі можаш, немагчымае, каб пазбавіць свайго бліжняга і кожнага жыхара планеты ад няшчасця, ад трывогі і дэпрэсіі, ад суму». Ты, Адзіная, зрабіла абсалютна правільна, – Гай пацалаваў жонку ў шчаку. – Значыць, да мяне можа прыйсці Вялікі Жах, а ён прыходзіць толькі ўначы. Так-так… І нічога не кажы, ты ж ведаеш… Ён можа прыйсці. А я і думаю – чаму гэта сёння раніцой, калі я толькі прачнуўся і яшчэ ляжаў у ложку, мне проста на твар упаў чорны павук? Ясна – Вялікі Жах папярэджвае.
– Павук? – пабялела жонка. – Якое мярзоцце! А куды ж глядзіць Чарлі? Ён жа, як кожны хатні робат, абавязаны прыбіраць кватэру. Абібок! Зноў, пэўна, у шахматы пачаў гуляць з суседскімі робатамі. Вось не дам яму пахучай змазкі цэлы месяц, хай паскрыгоча нязмазанымі шарнірамі.
– Змазку трэба даць, – спалохаўся Гай, успомніўшы непрыемны рэзкі скрыгат, які ляцеў ва ўсе бакі ад вялізнага робата, калі канчалася, высыхала змазка.
– Я ўсё роўна паскарджуся на яго ва Ўпраўленне Хатніх Робатаў, – цвёрда прамовіла Бярозка. – Няхай нават яго ад нас забяруць. Чатыры месяцы здолеем абысціся і без робата. Але дамовімся, Адзіны, што гэтыя дні мы будзем толькі дома. Добра? Жыві, як калісьці казалі нашы продкі, дамаседна.
Яе вочы глядзелі на Гая з каханнем, з цеплынёй і праніклівасцю. Яе вочы, здавалася, хацелі нырнуць у самую глыбіню ягоных вачэй. Шаснаццаць год прайшло, як яны ўзялі шлюб, як цела ад цела агнём занялося, а Гай Дубровіч і сёння ў час кароткіх ці доўгіх разлук (а ён часта ездзіў і лётаў у навуковыя камандзіроўкі) з трапятаннем, быццам зялёны юнак, чакаў сустрэчы з жонкай. Бярозка таксама кахала яго, і ў іх нарадзіўся сын Клён, Клён Дубровіч.
Тут самы час даць адно тлумачэнне. Вялікая Эра Плюралізму вызваліла людзей духоўна, Чалавек мог рабіць усё, што лічыў патрэбным, чалавечным, што не ўціскала волю суседа або цэлай грамады. Такое, вядома, далося няпроста, бо ў геннай памяці зямлян заставаліся не толькі любоў, спагада, але і нянавісць, зло, прага чужых слёз і крыві. З экстрэмістамі-забойцамі, напрыклад, чалавецтва развіталася жорстка, хоць і згодна іхняму пажаданню – у адноўленым Калізеі ў Рыме некалькі дзён ішлі гладыятарскія баі. Тыя, каму нецікава было жыць на мірнай планеце, нецікава было паміраць сваёй смерцю, выйшлі на арэну. Іхнімі праціўнікамі былі мутанты, гіганцкія ваўкі і сабакі, што пладзіліся непадалёку ад Чарнобыльскага саркафага. Дык вось адной з праяў духоўнага вызвалення была магчымасць кожнага, хто пажадае абраць сабе і сваім нашчадкам новае імя і прозвішча. Не ўсе зрабілі такое, але Гаеў прапрапрадзед, які жыў і працаваў у лесе, назваўся Дубровічам і імя адпаведна прыдумаў «лясное» – Ясень. З таго часу і вядуцца імёны Гай, Пушча, Бярозка, Шыпшына, Клён. Праўда, разам з гэтым кожнае немаўля роду Дубровічаў атрымлівае і хрысціянскае імя.
– Не, Адзіная, – сказаў Гай жонцы, – хавацца я не буду. Кожны мужчына павінен аднойчы сустрэцца з Вялікім Жахам. Калі яны мяне там, – ён тыцнуў пальцам угору, – прыкмецілі, заўважылі, вылучылі з мільярдаў зямлян, значыць, надышла мая чарга. І тут ужо нічога не паробіш. Зарыйся хоць на марское дно – знойдуць… Галоўнае, ты не хвалюйся. Усё, як і заўсёды, будзе добра.
– Што ж ты думаеш рабіць? – спытала Бярозка ціхім голасам, і твар у яе задрыжаў.
– Паеду на верталётную пляцоўку. Адтуль палячу ў Дом Пераўтварэнняў.
– І кім ты хочаш стаць, Адзіны?
– Зраблюся пчалой. Я так даўно не быў на сапраўдным лузе, не бачыў кветак.
– Зайздрошчу табе, – уздыхнула Бярозка. – Убачыш луг, матылькоў, стракоз, расу на траве… Я б таксама паляцела, але на гэты год, на жаль, ужо не маю права на пераўтварэнні – шэсць разоў пераўтваралася. Ніколі не адгадаеш, кім я была апошні раз. Ну паспрабуй адгадаць.
– Вавёркай, – пацалаваў яе Гай.
– А вось і не. Зязюляй, – усміхнулася Бярозка. – Так добра было кукаваць, седзячы на галінцы. Галінку вецер калыша, хмары бягуць над лесам, а я – «ку-ку» ды «ку-ку»…
– Не падкінула яечка ў чужое гняздо? – хітра прыжмурыўся Гай.
– Я ў цябе добрая зязюля, выхаваная, – прылашчылася да яго жонка і адразу ж спахмурнела. – Глядзі, не забывай, Адзіны, што Вялікі Жах прыходзіць уначы.
– Не бойся, я ўсё помню, – пацалаваў жонку Гай. – З сабой я бяру Ўзмацняльнік Волі. Вярнуся праз тры дні. Так што не сумуй без мяне. І скажы Клёну, каб налёг на старагрэцкую мову. А то не вазьму з сабой у падарожжа на Астэроід.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?