Электронная библиотека » Леанід Дайнека » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 22 ноября 2018, 22:20


Автор книги: Леанід Дайнека


Жанр: Детская фантастика, Детские книги


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кіпела трывога. Але мозг, вочы і рукі рабілі, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такіх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сістэма электрамагнітнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход і ад Полацка да ракі Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылі па ўсяму перыметру кальцавой дарогі ахоўны электрамагнітны пояс горада Менска. Усе мегаполісы, усе гарады-«мільёншчыкі» мелі такія паясы, бо Вялікі Жах (і гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялікшай ярасцю і ўпартасцю атакуе менавіта там.

– Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, – сказаў Карл Гакенхольц. – Чатыры канцэнтрацыі за апошнія паўгода. Цікава: выпадковасць гэта або заканамернасць?

Ён дапытліва паглядзеў на Радаслава.

– Лічу, што заканамернасць, – адказаў Буслейка, не адводзячы позірку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мігатлівая пляма. – Славяне, як і румыны, як і венгры, у палітычным і эканамічным плане пазней стабілізаваліся, чым, скажам, германскія народы. Вобразна кажучы, вулканічны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялічылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялікі Жах і выкарыстаў гэта. «Дзе тонка, там і рвецца», як кажа наша прымаўка.

У гэтыя імгненні яго востра непакоіла адно: толькі б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапіўся ёй які-небудзь звер-звярыла, дзікун з дзікуноў, мутант з мутантаў, і яна б важдалася з ім у сваім летнім лагеры, а праз дзень-два і Вялікі Жах загналі б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамінаўся дакументальны фільм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкі, патоўчанае на драбнюткі мак аконнае шкло, згрызены (!) граніт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велізарных зубоў на ружовым граніце…

Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязі:

– Увага! Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.

Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга і трывожна:

– Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.

Стрэсаператары пераглянуліся.

– Дзед, напэўна, будзе гаварыць, – сказаў Буслейка.

«Дзедам» усе звалі дырэктара Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямідзесяцігадовага барадача, які з аднолькавым напорыстым імпэтам хадзіў па скалах Татраў у альпінісцкай звязцы і на вясёлых капусніках танцаваў мазурку.

– Панове, – пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, – як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывілізацыі ў раёнах усходняй і паўднёвей Менска. Сітуацыя кантралюецца, але з вялікім напружаннем. Загінула ў агні трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.

– Чаму ў агні? – неяк машынальна вымавіў Буслейка.

Дзед, нібы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:

– Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывілізацыі адрозніваецца ад папярэдніх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, і стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў і талерак, псеўдалюдзі з лысымі шышкаватымі галовамі і ружовай дзіцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергіі рэалізуецца ў выглядзе вогненнага вала, які нястрымна коціцца па зямлі. Нездарма СЦ абрала Беларусь – там маюцца яшчэ даволі лясістыя раёны, агню хапае ежы.

Дзед гучна кашлянуў.

– Сітуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялікім напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ і тым, што да СЦ далучылася каля пяці тысяч робатаў, якіх намерваліся здаць на пераплаўку. Іхняя падпольная тэрарыстычная арганізацыя «Механічная Рука» канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забіты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамі ў якасці заложніка і знаходзіцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калійнай шахце непадалёку ад горада Салігорска. Там у робатаў, аказваецца, былі склады зброі. Вось такое становішча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, і вас усіх, ад стрэсаператараў да буфетчыц і вартаўнікоў, павінны былі замяніць роўна праз восем дзён.

Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкі, каб удакладніць дату, глянуў на каляндар, бо наступіла паўза, пасля якой ён паўтарыў:

– Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Ніхто не можа гарантаваць, што змена, якая павінна вас замяніць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямі.

– Як марожанае, – пажартаваў Карл Гакенхольц.

– Вось і ўсё, – скончыў Патоцкі. – Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавік Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабіны зайсці да мяне ў кабінет. Жывуць Сонца і Кісларод!

Патоцкі змоўк, і адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкі аж іскрысты голас Алачкі Зелянухі:

– Таварышы!

О Вялікая Эра Плюралізму! Ты сапраўды вялікая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах і дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якія хочаш словы: «панове», «спадары», «джэнтльмены» і гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова «таварышы». Калі ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае «рыначнае» слова. Што такое «таварышы»? Купцы, гандляры, якія маюць тавар. Што такое «таварыш»? Сябра па рынку, па гандлю.)

Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавік, на старым абшарпаным ліфце паехаў да Леха Патоцкага, кабінет у якога быў на самай верхатуры, «бліжэй да Сонца», як любіў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалі дзеці або падлеткі, а кабіна ліфта была ўся спісана і нават зрэзана сцізорыкамі. Адзін глыбакадумны надпіс чырвоным фламастэрам здзівіў Радаслава. «Эйнштэйн ці я?» – было напісана якраз на дзвярах ліфта. Мудрагелістае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асабліва калі не ведаеш, што за фігура жадае паспрачацца з геніем. Але ў Буслейкі быў гатовы адказ: «Эйнштэнн». Ліфт тым часам калаціўся і скавытаў, як быццам прышчаміў сам сабе палец.

Дзед у сваім шыкоўным кабінеце, з вокнамі на ўсю сцяну, піў піва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.

– Пакаштуй. Ваша піва, беларускае. З Ліды.

Піва было важнецкае – праглынеш язык. «Павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой», – успомніліся раптам Буслейку словы з верша Караткевіча «Заяц варыць піва».

– Вось што, пане Радаслаў, – па сваёй звычцы пачаў круціць гузік на чужой кашулі Патоцкі. – Ці не хочацца табе на дзянькі два або тры злётаць у сваю Беларусь?

– У мяне ж змена, – сказаў Буслейка.

Змена не жонка. Запомні гэта. Дык ці не хочацца?

– Хочацца, – шчыра прызнаўся Буслейка. – Але я не разумею, як гэта можна зрабіць.

– Слухай жа, калі хочацца. – Зноў даў яму поўны кубак піва дырэктар. – Сусветны Саюз Стрэсаператараў – ты ж яго член таксама – вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалізуюць СЦ, сваю групу, ці свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб і стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнуліся са Старой Цывілізацыяй. А то гібеем тут каля экранаў і не ведаем, з кім ці з чым змагаемся. А там бой ідзе, ды яшчэ які. Чытаў «Вайну светаў» Уэлса?

– Вядома, чытаў, – радасна азваўся Буслейка.

– Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў – ты ж з Беларусі, каму, як не табе, ляцець?

– Вельмі правільна падумалі, – ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкі быў лаканічны:

– Адлёт – заўтра.

– Пан Лех, – узмаліўся Буслейка: – Адна малюсенькая просьба. Адпусціце са мной, будзьце ласкавы, і Карла Гакенхольца, майго напарніка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж…

– Дагаворвай-дагаворвай, – сярдзіта прыжмурыўся Патоцкі. – Паплач у тры ручаі. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такія шустрыя. Што ж, паляціць разам з табой і Гакенхольц. І не трэба мне дзякаваць. Лічыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, геніі. А ведаеш, што сказаў вялікі Зыгмунд Фрэйд? «Геній і паслухмянства – дзве несумяшчальныя рэчы».

V

Перад вылетам усіх стрэсаператараў і тэхнікаў (Лех Патоцкі дазволіў ляцець дваццаці пяці чалавекам) сабралі на інструктаж. Вёў яго прадстаўнік Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокі прыгожы негр, валасы ў якога былі ў найдрабнейшых завітушках.

– Я зайздрошчу вам, – сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнік. – Адна справа – сачыць за экранамі і камп'ютэрамі, зусім іншае – самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды і заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесійны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: «Не адхіляй вуха свайго ад слухання законаў». І вы будзьце дысцыплінаванымі, уважлівымі, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кіраўнікоў.

– Мараліст, – скептычна ўсміхнуўся Карл Гакенхольц, які сядзеў побач з Буслейкам.

– І збірайце ўсю даступную вам інфармацыю аб СЦ, – вёў сваё прадстаўнік, – не прапускайце ніводнай дробязі. Упершыню пасля Чыкага Вялікі Жах выступіў такім шырокім фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакі? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытанні. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезці адказ. Жадаю вам усім шчаслівага вяртання. Жывуць Сонца і Кісларод!

Паляцелі ў дапатопным транспартным самалёце, які, калі верыць чуткам, мірна дажываў век у вайсковым музеі і быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калаціла, падкідвала на паветраных ямах.

– У нашых продкаў страўнікі былі здаравейшыя, – сказаў Карл, убачыўшы, як некалькі пазелянелых дэсантнікаў нахіліліся, быццам па камандзе, над гігіенічнымі пакетамі. Дый сам ён надта ж кісла моршчыўся і ўздыхаў. Але як бы там ні было, прызямліліся на шурпатай бетонцы Старога Смалявіцкага аэрапорта.

Іх ужо чакаў капітан рэспубліканскіх гвардзейцаў, які трымаў над сабой чорны парасон, бо церусіў дожджык.

– Капітан Хвалібог, – адрэкамендаваўся ён. – Буду, так сказаць, вашым гідам.

– Капітан, што тут у вас робіцца? – на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.

– У якім сэнсе? – не зразумеў, ускінуў тонкае брыво Хвалібог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабістае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фігуры, па ўпэўненасці рухаў, службістам быў хвацкім.

– У сэнсе Старой Цывілізацыі, – не дужа ветліва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфібій, якія меліся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што і духу не было.

– Ах, вы пра СЦ, – адразу ж павярнуўся да Карла Хвалібог і адразу ж далікатненька запіхнуў яго пад свой вялізны парасон. – Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, – ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, – гарыць і грыміць. Вядома, я і мае арлы хацелі б знаходзіцца там, але загад ёсць загад. Хвілін дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалі людзі з сельскагаспадарчых кааператываў і з хутароў. Адзін нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. І адкуль толькі ўзялася гэта брыдота? Жылі дзяды-прадзеды, нічога не ведалі, былі гаспадарамі планеты, а мы атрымалі кукіш з макам – аб'явілася, бачыш ты, нейкая Цывілізацыя. Цьфу ты.

Хвалібог плюнуў.

– За ўсё трэба плаціць, капітан, – строга і павучальна, як школьніку, сказаў яму Радаслаў.

– За што плаціць? – не зразумеў Хвалібог.

– За ўсё. За кісларод і вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустыні, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы.

– Пры чым тут мышалоўка? – пакрыўдзіўся капітан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталі маторы – падышлі дзве амфібіі, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер. Стрэсаператары разам з Хвалібогам і некалькімі гвардзейцамі апранулі тэрмастойкія чырвоныя касцюмы, узялі лазерныя карабіны-бластэры, процівагазы, ракетніцы, сапёрныя рыдлёўкі, дынамітныя шашкі, селі ў пасажырскія адсекі хуткаходных машын. Пабеглі насустрач лугі, пералескі, палявое шматкалоссе. Усё выразней адчуваўся трывожны горкі пах дыму. Пот цёк па шчоках. На беразе Пятровіцкага вадасховішча спешыліся. За вадасховішчам, на захадзе, гарэў пасёлак Сокал. Было бачна, як мітусяцца там людзі, як бегаюць перапалоханыя коні і каровы. Нястрымны вогненны вал каціўся адтуль. І толькі птушкі, бестурботныя дзеці паветра, весела высвіствалі свае песенькі.

– Што ім трэба? – ціха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасістых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацінцаў Старой Цывілізацыі, якія з боку Сокала набліжаліся да вадасховішча. Іх было сотні дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозліва рухаўся следам за імі. Гарэлі лугавыя хмызнякі і трава.

– Напалеон неяк сказаў: «Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавісці». Але дзе мяжа тут? І з кім мы маем гонар скрыжаваць шпагі?

Гэтыя словы глыбакадумна прамовіў Карл Гакенхольц. Ён трымаўся поруч з Радаславам і ўжо з няспешлівай нямецкай грунтоўнасцю дзёўб сапёрнай рыдлёўкай зямлю – капаў акоп.

– Вадасховішча ім не фарсіраваць! – закрычаў капітан Хвалібог. – У вадзе гэтыя яшчаркі адразу ж, пускаючы бурбалкі, пойдуць на дно! Усім акапвацца!

Заскрыгаталі рыдлёўкі, уразаючыся ў зямлю. Кожны стараўся зрабіць сабе сховішча як мага хутчэй. А шышкагаловікі (такая мянушка адразу прыклеілася да салдат СЦ) тым часам былі ўжо каля самай вады. Спыніліся, і вогненны вал спыніўся разам з імі і нават паменшаў, нібы збіраўся патухнуць.

– Што я казаў? – весела засмяяўся капітан Хвалібог.

У гэты час нешта свіснула і ў правую руку яму, якраз у далонь, якую ён хацеў сціснуць у кулак, каб пагразіць шышкагаловікам, упілася невялікая чаратовая страла з касцяным наканечнікам. Капітан разгублена пазіраў на яе.

– Дык гэта ж дзікуны, госці з каменнага веку, – сказаў ён нарэшце, дастаючы стралу. – Бачыце, чым ваююць?

– Ідуць! – закрычалі раптам адразу некалькі чалавек. – Шышкагаловікі пайшлі па вадзе!

Радаслаў Буслейка, які, цяжка дыхаючы і пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкінуў убок рыдлёўку, уталопіўся позіркам у процілеглы бераг. Відовішча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капітана Хвалібога, пачалі фарсіраваць вадасховішча. Прытым не на лодках і не на пантонах. Яны проста ішлі па люстраной хвалістай паверхні, быццам па цвёрдай зямлі. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалі ваду і на ёй лёг лёд. Але ж хвалі жвава беглі на жоўты ўзбярэжны пясок і да зімы было дужа далёка.

– Нейкая д'ябальшчына атрымліваецца, капітан, – сказаў Буслейка Хвалібогу, які акапаўся праваруч. Толькі гаваркі капітан чамусьці маўчаў. Калі ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкі ваяка ўткнуўся носам у пясок і… спіць, ды так мірна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў маці на руках. «Страла была са снатворным або атрутай», – здагадаўся Радаслаў і крыкнуў гвардзейцам: – Цягніце свайго шэфа ў амфібію!

А шышкагаловікі тым часам набліжаліся. Праўда, вогненны вал спыніўся перад самай вадой.

– Камандуй, – нецярпліва сказаў Карл Радаславу.

– Чаму я? – здзівіўся Радаслаў.

– А хто? Капітану сама меней з гадзіну трэба баю-баінькі спяваць. Гвардзейцы, як і паложана, вушамі стрыгуць, каб пачуць каманду ад вышэйшага начальства. А ты ў нас самы галасісты. Камандуй.

«Ну й немец, – падумаў Радаслаў. – Усё ў яго разлічана, узважана і на кожную рыбку свой кручок маецца. А зараз можа адбыцца някепскі бой. Зараз пойдзе, як пісалі аўтары рыцарскіх раманаў, вастрыё супраць вастрыя».

Падрыхтавацца! – закрычаў ён, са здзіўленнем прыслухоўваючыся да свайго звонкага камандзірскага голасу. – Страляем залпам! Кожны бярэ на мушку бластэра свайго шышкагаловіка! Агонь!

Ярка ўспыхнулі вострыя вузкія прамяні, пракалолі, прашылі паветра. Некалькі шышкагаловікаў – тры ці чатыры – упалі, але не пайшлі на дно, а засталіся нерухома ляжаць на паверхні вады.

– Бластэр сваю дзірачку знойдзе, – задаволена сказаў побач Карл Гакенхольц, і Буслейку раптам не спадабалася гэта ягоная задаволенасць. «Тэўтон, нашчадак тэўтонаў, – падумаў Буслейка. – Кроў для іх калісьці была, як вада. Хаця, ці ёсць у гэтых шышкагаловікаў кроў?»

Плямаў крыві ён, як ні напружваў зрок, не ўбачыў, але і яму, і Карлу, і гвардзейцам адразу кінуліся ў вочы нейкія празрыстыя верацёнападобныя фігуры, якія з'явіліся над целамі забітых. Кожная такая фігура, калі ўважліва прыгледзецца, вылётвала з цемені мёртвага шышкагаловіка і завісала над ім у паветры на вышыні ў пяць-шэсць метраў. З целам шышкагаловіка яе злучала дрыготкая вузенькая палоска, падобная на срэбную нітку.

«Старая Цывілізацыя – цывілізацыя капіістаў, капіравальшчыкаў, – здагадаўся Радаслаў. – Яна слепа, хоць і вельмі таленавіта, капіруе чалавечую цывілізацыю. Вось і гэтыя празрыстыя верацёны, гэтыя астраўкі ранішняга туману не што іншае, як жывая душа, што вылецела са скляпенняў мёртвага цела. Значыць, праўду казалі людзі, якія пабывалі ў абдымках клінічнай смерці і пэўны час глядзелі зверху на сваю нежывую плоць, на ўрачоў і ўсю бальнічную палату. Значыць, ёсць неўміручая таямнічая субстанцыя, ёсць Я, несмяротнае вечнае ядро кожнай асобы, якое жыве ў целе, нібы ў скафандры, у панцыры, а пасля смерці гэтага фізічнага цела-сховішча пакідае яго, каб перасяліцца ў новае».

Тым часам шышкагаловікі пачалі страляніну ў адказ, лішні раз пацвердзіўшы здагадку Радаслава, што яны тыповыя прадстаўнікі цывілізацыі капіістаў. У руках у іх аднекуль з'явіліся цёмныя прадметы, падобныя на славуты аўтамат Калашнікава, і на акопы гвардзейцаў пасыпаўся ярасны град… патронаў. Гэта нават былі не патроны, а іхнія мініяцюрныя каменныя копіі, вядома, без гільзаў і без куль.

– Страляем па «срэбных нітках»! – закрычаў Буслейка. – Дакажыце, гвардзейцы, што вы снайперы!

Праз нейкі міг усе «срэбныя ніткі» былі знішчаны і ўсе мёртвыя шышкагаловікі адразу ж пайшлі на дно, а верацёнападобныя празрыстыя фігуры зніклі, растварыўшыся ў паветры. «Ёсць, ёсць у кожнага жывога чалавека жывая душа, – усхвалявана думаў Радаслаў. – Старадаўнія летапісцы пісалі, што полацкі князь Усяслаў Чарадзей мог ператварацца ў «воблака», у «светлую хмару». Колькі вучоных мужоў лічылі гэты даказаны факт рэлігійнымі забабонамі, мастацкай гіпербалай. А ў князя, які, нібы нікчэмны раб, быў кінуты ў цёмны падземны поруб на брудную салому, уначы лётала (!) душа (!), каб набрацца моцы ад званоў наддзвінскай Сафіі. У рэшце рэшт чалавецтва аказалася куды больш складаным і загадкавым, чым думалі матэрыялісты».

Ацалелыя шышкагаловікі, сустрэўшы супраціўленне, адступілі і разам з вогненным валам па заходнім беразе Пятровіцкага вадасховішча пачалі прабівацца на поўнач, у напрамку пасёлка Волма. Там іх ужо чакалі атрады рэспубліканскай гвардыі і мясцовай самаабароны. Магутныя экскаватары і бульдозеры капалі глыбокі роў. Дачнікі, грыбнікі, хутаранцы і дзеці з аздараўляльных спартыўных школ на аўтамабілях і верталётах спяшаліся ў Менск, Волму, Калодзішчы або проста на Маскоўскую шашу, якая поўнасцю кантралявалася вайскоўцамі.

Нарэшце ачуняў капітан Хвалібог. Відно па ўсяму, яго пёк несуцешны сорам. Такі бравы камандзір, такі эфектны прыгажун, а тут прыляцела з-за вадасховішча нейкая прымітыўная дзікунская страла, дзеўбанула ў белую руку, і адразу, як кажуць, адкінуў капыты, засвістаў носам. Ясна, што віноўніцай канфуза была Старая Цывілізацыя. І на яе адразу ж выліў свой гарачы крыўдлівы гнеў капітан.

– Зямлі захацела, жыццёвай прасторы? – з'едліва загаварыў ён, быццам СЦ уласнай персонаю стаяла перад ягонымі вачамі. – Хопіць табе і столькі зямлі, каб уваткнуць іголку. Адну іголку. І тую ў свой саван.

– Капітан, не трэба раскісаць, – перапыніў яго Радаслаў Буслейка. Стрэсаператар на час адсутнасці Хвалібога, а дакладней, на час ягонага непрадбачанага ніякімі статутамі сна, узяў на сябе камандаванне і быў у глыбіні душы, як кожны самалюбівы чалавек, задаволены гэтым, аж тут прачнуўся, працёр вочы няўдаліца-служака і, вядома ж, адразу забраў усю ўладу ў свае рукі.

– Не трэба раскісаць, – паўтарыў Радаслаў.

Хвалібог неўразумела зірнуў на стрэсаператара, варухнуў прыгожымі бровамі, нічога не сказаў.

Хацелі ісці на дапамогу Волме, але па рацыі атрымалі загад камандуючага рэспубліканскай гвардыі генерала Журкевіча неадкладна выступіць у накірунку пасёлка Сосны. Там магла чакацца атака СЦ на ядзерны рэактар Акадэміі навук.

Амфібіі імчалі па нешырокіх палявых дарогах. Усюды было нязвыкла пуста, бо ўсё жывое схавалася. Толькі грамабойныя каржакаватыя дубы смела ўздымалі ў неба галіны-рукі. На вялікай хуткасці перасеклі чорную смуродлівую паласу, дзе да кораня, да самай зямлі былі спалены трава і збажына. Тут нядаўна каціўся вогненны вал СЦ.

Некалькі разоў нізка над зямлёй непадалёку ад амфібій паказваліся і адразу ж знікалі КЛА ў форме талерак і дырыжабляў. Аднойчы гвардзейцы нават распачыналі страляніну з бластэраў.

– Няўжо дабрыня заўсёды павінна ўраўнаважвацца злом, як жыццё смерцю? – філасофстваваў, седзячы побач з Радаславам, Карл Гакенхольц. – Калі толькі так, то ў чалавецтва і наогул ва ўсёй жывой матэрыі вельмі песімістычная перспектыва. Па падліках амерыканскага астранома Холдэна, выпадковасць узнікнення жыцця на нашай планеце – 1 з 1,3 х 1930. Разумееце? А вераемнасць знікнення ўсялякага жыцця – і не выпадковага, а заканамернага, арганізаванага нейчым хваравітым інтэлектам – у шмат разоў большая. Разумееце? Чалавецтва, як тую траву, касілі чума і халера, войны і сацыяльныя рэвалюцыі, рак і СНІД… Сёння атакуе Старая Цывілізацыя. А што будзе заўтра? Пад якімі нябёсамі прачнуцца нашы ўнукі?

Пытакне засталося без адказу, бо, па-першае, усе пільна сачылі за наваколлем, а па-другое, ніхто не рашаўся рабіцца прарокам, нават Радаслаў Буслейка.

Моўчкі ўехалі ў пластмасавы лес. Ужо каля ста гадоў па ўсёй Зямлі, асабліва ў пустынях і паўпустынях, на выжарынах і няўдобіцах саджалі штучныя дрэвы. Зробленыя з негаручых пластмасавых матэрыялаў, яны ўначы назапашвалі вільгаць і павольна аддавалі яе ў навакольнае паветра днём. Над такімі лясамі сутыкаліся гарачыя і халодныя вятры, пышна раслі хмары, грымелі навальніцы, спорна шумелі дажджы. Каб ва ўсёй красе паўстала новае дрэва, у зямлю заганяўся трубчасты «ствол», а ў яго запампоўвалася пластмасавая пена. Пена гэта расцякалася ва ўсе бакі, ствараючы пад паверхняю зямлі «карэнні» даўжынёй да 20 метраў. На поўдні штучныя дрэвы вельмі падобны на пальму, тут жа, у Беларусі, іх цяжка адрозніць ад маладой невысокай сасны.

У спакайнейшы час нехта абавязкова б пажартаваў: «А ці не пашукаць нам пластмасавых грыбоў?» І нехта, вядома жартуючы, пачаў бы ўзірацца ў траву і мох пад нагамі, дастаўшы з кішэні ножык-складанчык. Але сёння было не да гэтага. Напоўнены дымам лес, лес, дзе ніколі не пачуеш мяккага пошуму дрэў, здавалася, хацеў як найхутчэй вышпурнуць людзей і іхнія машыны ў чыстае поле. А там было толькі адно – дым, трывога…

У Соснах высветлілася, што шышкагаловікі і каля сотні робатаў спрабавалі штурмаваць пасёлак, але былі адбіты. Пакарэжаныя, патрушчаныя робаты валяліся на дарогах і сцяжынках, як самы звычайны металалом. Капітан Хвалібог, чакаючы новага загаду, аб'явіў прывал. Радаслаў Буслейка толькі пачаў вылазіць з амфібіі, як мноства ўсхваляваных і здзіўленых галасоў закрычала:

– Глядзіце! Хутчэй глядзіце на неба!

На небе, на цёмным воблаку, якое, нібы агромністы валун, стаяла над зямлёй, вялікімі чырвонымі літарамі было напісана: «Жыхары адной з намі планеты, прапануем вам заключыць перамір'е». Нясцерпна яркія зіхоткія літары бачылі тысячы, дзесяткі тысяч людзей, і ўсе гэтыя людзі з хваляваннем, з ліпкім халадком на скуры думалі: «Як і хто напісаў такія словы?» Гэты ашаламляльны сваёй нечаканасцю заклік чыталі ў Менску і Барысаве, у Чэрвені і Смалявічах, і ўсюды людзі ўзбуджана выходзілі на вуліцы, на цэнтральныя плошчы і крычалі:

– Перамір'е! Перамір'е!

З біблейскіх часоў, калі таямнічая рука вывела на сцяне палаца вавілонскага цара суровыя словы, якія прадказвалі смерць і разбурэнне, не сутыкаліся зямляне з падобным відовішчам. Генерал Журкевіч адразу даў згоду на перамір'е, і адразу ж замоўкла страляніна, патух агонь, развеяўся дым.

Усе былі задаволены нечаканай развязкай, і толькі капітан Хвалібог з непаразуменнем глядзеў на неба, дзе беглі воблакі, адны цёмныя воблакі, і пытаў:

– А куды ж яна дзелася?

– Хто? – куточкамі вуснаў іранічна ўсміхнуўся Радаслаў.

– Ды гэтая Старая Цывілізацыя.

– Знікла… Пайшла… Як вада ў пясок.

Хвалібог са злосцю зірнуў на стрэсаператара, палез у камандзірскі люк амфібіі.

Скончыліся баявыя дзеянні, у якіх атрад стрэсаператараў прыняў, можна сказаць, мініўдзел. Амаль усе вырашылі адразу ж вярнуцца ў Татры, і толькі Радаслаў Буслёйка надумаў на дзянёк ірвануць у Менск.

– Дзед з цябе ўсю тваю анархію выб'е, – пачаў прыпалохваць яго Карл.

– Нас жа пасылалі на два дні, – вёў сваё Буслейка. – А ваявалі мы толькі нейкіх пяць гадзін. Менск – мой студэнцкі горад, мая, можна сказаць, першая любоў. Я і з Ніначкай там сустрэўся. Ды ўсёй аператыўнай памяці камп'ютэра не хопіць, каб узнавіць, ажывіць тыя гады, месяцы, дні, хвіліны, імгненні. Колькі там перадумана, прапушчана праз душу і мозг. Колькі там пакінута слядоў і слядочкаў, уздыханняў і надзей.

– Я здагадваўся, што ў цябе паэтычнае нутро, але не думаў, што ты такі сіропны сентыменталіст, – сказаў, хітра прыжмурваючы цёмныя вочы, Гакенхольц. – Каб такое пачуў Лех Патоцкі, адразу б закрычаў: «Ідзі ў паэты!» і выгнаў са Стрэсографа. Ды і наконт аператыўнай памяці камп'ютэра ты перабраў – і перабраў, трэба сказаць, нахабна і дужа самаўпэўнена.

– Гіпербала, – згадзіўся Радаслаў. – Куды нам, двухногім і аднагаловым, цягацца з камп'ютэрам. Але павер, дарагі дружа Карл, што ўсё гэта я гавару ад самага шчырага сэрца. Я вельмі люблю Менск і хачу, каб ты таксама ўбачыў яго. А Патоцкі мяне зразумее і даруе.

– Ну, добра, а як ты думаеш вярнуцца заўтра на Стрэсограф? – пачаў здавацца Гакенхольц.

– Праблем няма. Хто-небудзь з сяброў падкіне на самалёце або верталёце. Я ж чалавек кампанейскі, і ў мяне ў Менску мора сяброў.

– Няўжо цэлае мора? – дурасліва выкругліў вочы Карл.

– Не мора, дык вялікае возера.

Яны засмяяліся і пачалі ўпрошваць капітана Хвалібога падвезці іх на амфібіі да Менска. Той катэгарычна адмовіўся.

– Я абавязаны даставіць вас назад, у Смалявіцкі аэрапорт. Я адказваю за падначаленых мне гвардзейцаў і за вас. Так-так, спадары стрэсаператары, за вас.

– А як жа Вялікая Эра Плюралізму? – падкалоў Буслейка.

– Там, дзе пачынаецца асфальт вайсковых гарадкоў, канчаецца плюралізм, – адчаканіў капітан.

Немагчыма было аспрэчваць такую жалезную логіку. Раззлаваны Буслейка і ўсмешлівы, як заўсёды стрыманы Гакенхольц вымушаны былі вярнуцца ў Стары аэрапорт. А там, вядома ж, ніхто не мог дакладна сказаць, калі чакаецца рэйс на Стрэсограф.

– Каб цябе ўдарыла громам па жывату, – успомніў Буслейка прабабчыну кляцьбу. – Пайшлі, Карл, піва піць.

Выпілі халоднага піва з вялікіх бляшанак і засумавалі. У аэрапорце быў відэасалон «Зялёны Дуб», дзе суткамі круцілі касмічныя баявікі, але такое дабро мелася і ў Татрах.

Радаслаў плюхнуўся на пластмасавую лаўку, што, не баючыся дажджу і снегу, які ўжо год стаяла ў скверыку, ціскануў кнопку транзістара, уманціраванага ў парэнчу. Загучала беларуская песня, раздумлівая і старая, як неба над зямлёй:

 
Накапала карэння
З-пад белага камення,
Вымыла ў рацэ,
Адтапіла ў малацэ.
Яшчэ корань не ўскіпеў,
А ўжо мілы прыляцеў.
 

Словы песні, яе мелодыя і настрой так розніліся з грымучым аэрапортам, з мільготкімі яркімі агнямі, з велізарнымі аэробусамі, якія, цяжка праломваючы нябесны блакіт, упэўнена кіравалі да зямлі, што Буслейка аж задыхнуўся, аж сэрца пякуча зашчымела ў грудзях. Ён узняўся з лаўкі, прыклаў халодныя пальцы да павек і скроняў. Калісьці на месцы гэтага шэрага цвёрдага асфальту быў луг, лужок з першай мяккай травой, з жоўтымі плямамі-ўспышкамі свежай сакавітай лотаці і маленькімі астраўкамі снегу, які таямніча ззяў, пераліваўся брыльянтавым бляскам у месячныя ночы. Калісьці тут булькаталі ручаі, жылі матылькі і стракозы, натхнёна крумкалі ў цёплых лужынах жабы. І нейкая дзяўчына, вядома ж, прыгожая, задуменная, марыла аб сваім каханым. Усё гэта ўладарна выцесніў, змёў з зямлі аэрапорт. Будучым пакаленням застаўся толькі едкі востры пах згарэлай гумы, грамавыя раскаты турбін, перадпалётная туманная туга пасажыраў, якая складаецца з неабходнасці і непрадбачанасці разлукі і з рудыментарнага страху вышыні.

Карл Гакенхольц, прыроджаны немец, таксама ўважліва слухаў песню і амаль разумеў яе. Справа ў тым, што афіцыйнымі мовамі Індаэўрапейскай Канфедэрацыі парламент большасцю галасоў абраў латынь і эсперанта. Усе ж астатнія, у тым ліку і беларуская, рабіліся афіцыйнымі па чарзе. Надыходзіў абумоўлены пагадненнем час, і мова на цэлы месяц рабілася афіцыйнан. На ёй (плюс на латыні і эсперанта) друкаваўся «Парламенцкі Веснік», вялі перадачы радыё і тэлебачанне, прыносілі прысягу народам члены парламента, аддавалі загады ў войску. Гэта было выдатным дасягненнем Сусветнага Саюза Моў, хоць напачатку яму моцна перападала ад шматлікіх скептыкаў. Але Саюз дамогся свайго. Ягоныя лістоўкі, якімі ён перад Вялікім Рэферэндумам абклеіў і засыпаў амаль усю планету, пачыналіся так: «Зямлянін! Якімі вачамі глядзіць на цябе Бог? Калі ў цябе чорныя вочы, глядзіць чорнымі, калі ў цябе шэрыя вочы, глядзіць шэрымі, калі сінія – сінімі. Гэтак жа сама Бог размаўляе з табой. Кожная мова, якая толькі жыве пад небам, зразумелая і блізкая яму. Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове».

– Ці доўга мы будзем тут загараць? – незадаволена сказаў Буслейка сябру, калі адгучала песня і зноў настырна палез у вушы нямоўчны шум аэрапорта. Карл толькі паціснуў плячыма.

Тым часам паступова набліжаўся вечар. Дабавілася людзей у «Зялёным Дубе». Лёгкі сіні туманок пачынаў залівапь наваколле. Гледзячы на яго, Карл раздумліва прамовіў: —Філосаф, не памятаю які, калісьці напісаў: «Туман больш вечны, вячнейшы, чым граніт». Гэта думка, нечаканая і прыгожая, так урэзалася ў памяць, што, як толькі ўбачу туман, вечаровы або ранішні, яна адразу прылятае ў галаву, быццам птушка ў гняздо. Туман вячнейшы, чым граніт. Па-мойму, у гэтых словах – уся філасофія зямнога існавання. Буслейка згодна кіўнуў галавой, ацаніўшы глыбіню і неардынарнасць думкі невядомага філосафа. Раптам позірк ягоны натыкнуўся на двухмесны яркачырвоны верталёцік, што самотна і, падалося, беспрытульна стаяў побач з аўтобусным прыпынкам, крокаў за сто ад іх. У такіх верталётах лётаюць служачыя аэрапорта, палохаючы і праганяючы велізарныя чароды варон. Зараз крылатая машына была пустая. І навошта толькі ўбачыў яе Радаслаў?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации