Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леанід Дайнека
Жанр: Детская фантастика, Детские книги
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
II
Гай з невялікім сакваяжам у руцэ выйшаў з дома. Дзень быў цёплы, трохі цемнаваты ад хмар. Але хмары па небе плылі нястрашныя, бязгромныя. Каля помніка Пераможцу Рака доктару Джэксану-Размысловічу натоўпіўся народ. Людзі, як звычайна, клалі да помніка букецікі кветак, дзіцячыя цацкі, рознакаляровую гальку – славуты доктар у свой час, калі ўдавалася вырвацца ў адпачынак, любіў ездзіць па марскіх узбярэжжах і збіраць прыгожыя каменьчыкі. Помнік быў яркага жоўта-залатога колеру, але, вядома, не з золата яго зрабілі, а з лёгкага, вельмі трывалага сплаву. У кожным Цэнтры Тэрыторыі (Індаэўрапейская Канфедэрацыя, як і ўсе іншыя, была падзелена на Тэрыторыі) на самым людным месцы абавязкова стаялі два помнікі – помнік доктару Джэксану-Размысловічу і помнік Плюралізму. Гай Дубровіч з хваляваннем глядзеў на іх. Асабліва прыгожы быў помнік Плюралізму. Проста з зямлі, нібы дубовы ствол, вырастала чорная гранітная калона, на якой вялікімі белымі літарамі было напісана: «Дзе ёсць страх, там няма праўды». Калона, чым болей уверх, завастралася і на самым сваім версе распускалася срабрыстай кветкай-пляцоўкай з сямю пялёсткамі. На пялёстках стаялі выявы Хрыста, Магамета, Іеговы, Буды, Дзевы-Атэісткі і Сівога Паганца. Сёмы пялёстак быў незаняты, вольны, у думках кожны землянін, калі, вядома, жадаў, мог узнесціся туды. Яшчэ болей прастарнейшая кветка-пляцоўка мелася трохі знізу верхняй кветкі. На ёй шчыльна месціліся бюсты знаных людзей. Платон, Гарыбальдзі, Напалеон, Ленін, Лютэр, Канфуцый, Жанна д'Арк, Махно, Рузвельт, Лех Валенса, Бісмарк, Бальзак, Троцкі… Каго тут толькі не было! Кожны грамадзянін меў права, папярэдне патэлефанаваўшы ў Дом Народаў, выставіць на срабрыстую кветку невялічкі бюст таго чалавека, якога ён лічыў сваім ідэалам. Цэлыя тры дні (немалы тэрмін, бо жадаючых набіралася мноства!) стаяў бюст на кветцы. Праўда, меўся спіс людзей, чые імёны былі занесены на Чорныя Скрыжалі Чалавецтва і якіх забаранялася ўслаўляць. Гай Дубровіч падумаў, што, вярнуўшыся з Дома Пераўтварэнняў, абавязкова ўславіць Францыска Скарыну.
Да 7-й верталётнай пляцоўкі было ад сілы хвілін дваццаць дарогі. Звычайна Гай хадзіў туды пешшу, хоць амаль па ўсіх вуліцах шпарка беглі тратуары-транспарцёры. Ён ішоў па рознакаляровым асфальце, на якім былі, як жывыя, намаляваны кветкі, зялёныя сцябліны, сінія стракозы, і сумаваў, што даўнавата не быў на сапраўдным лузе, дзе мяккая зямля ўгінаецца пад чалавекам і раса залівае ногі. Навокал весела стаялі двух-трохпавярховыя будыначкі, з абавязковым садам каля ўвахода, з салярыямі і тэлескопамі на дахах. «Праз паўгадзіны я зраблюся пчалой», – думаў Гай, Раптам проста перад ім, літаральна ў кроку ад яго, абваліўся, гучна пляснуўся на асфальт балкон са старэнькага чырванасценнага дамка. Некалькі такіх дамкоў захавалі як архітэктурныя помнікі даплюралістычнага часу. Ветрам, асколкамі тынкоўкі рэзка ўдарыла па грудзях і шчоках. Гай, нібы заяц, сігануў назад. Усё ў ім затраслося – Вялікі Жах папярэджвае! Вялікі Жах нячутна ідзе, цікуе побач! Хоць многія, хто з ім ні сустракаўся, не вераць у яго існаванне, ён прысутнічае на планеце, пранікаючы ў самыя патаемныя куточкі жыцця.
– Вітаю спадара Дубровіча! Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне? – прагучаў, як збавенне, бадзёры вясёлы голас. Поруч з Гаем стаяў ягоны калі не сябра, то добры знаёмец рэжысёр Індаэўрапейскага тэлебачання Навум Масейкін. Масляніста-чорныя жвавыя вочы іскрыліся заўсёдным смехам.
– Адкуль ты ўзяўся, Навум? – узбуджана выдыхнуў Гай. Зараз ён быў рады кожнай жывой душы.
– У ваўка сто дарог, у паляўнічага толькі адна, – адказаў Масейкін. – З учарашняга шукаю цябе. Хачу, каб ты прыняў удзел у планетарным дыспуце гісторыкаў на тэму «Галоўная падзея дваццатага стагоддзя».
– Галоўная падзея? – пазіраючы то на Масейкіна, то на рэшткі цаглянага балкона каля сваіх ног, млява перапытаў Гай. – Вечна ты, Навум, выдумляеш нейкія дыспуты. Тут балконы валяцца на галаву, а ты… Лічу, што галоўным у дваццатым стагоддзі быў першы адкрыты кантакт зямлян з камандзірам Лятаючай талеркі Бурдзугаларафам. Здарылася гэта, дай Бог памяць, у адна тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе, усяго за чатыры дні да трэцяга тысячагоддзя хрысціянскай эры.
– А Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі?
– Сацыяльны эксперымент. Спроба зрабіць рэзкі скачок з адной цывілізацыі ў другую. Гэта тое самае, каб ты, дарагі Навум, у час палёту захацеў пераскочыць з кабіны аднаго рэактыўнага звышгукавога самалёта ў другі.
– Значыць, ты не будзеш удзельнічаць у маім тэледыспуце? – наморшчыўся, спахмурнеў Масейкін.
– Чаму ж? З радасцю. Але спачатку паглядзі на тое, што некалькі імгненняў назад было старадаўнім, добра змураваным, скляпаным з тоўстай металічнай арматуры і трывалай цэглы балконам.
– Паглядзеў. Ну й што? – паціснуў плячыма Навум.
– І ні аб чым гэта табе не гаворыць?
– Слухай, Дубровіч, – уважліва паглядзеў на Гая тэлерэжысёр, – калі ты зараз пачнеш мне расказваць пра Вялікі Жах, пра паралельную небялковую цывілізацыю, я, як інтэлігентны чалавек, буду, вядома, глытаць твае словы – так я глытаю яешню, якую пячэ мая цешча, хоць дзіка не люблю яе – але на першым жа павароце мяне пацягне на ваніты. – Зразумеў?
– І ўсё-ткі гэта быў Вялікі Жах, – пераканана прамовіў Гай.
– Ды проста рухнуў стары балкон, – амаль закрычаў Масейкін. – Выпадковасць. Стомленасць металу, цэглы. А мы пачынаем хваравіта шавяліць мазгавымі звілінамі і адразу шукаць нейкую звышпрычыну. Ведаеш, што бачылі алкаголікі Сярэднявечча ў час белай гарачкі? Бачылі чорцікаў, чорненькіх і рагатых. А што бачылі тыя ж самыя алкаголікі ў Савецкім Саюзе пры прэзідэнце Гарбачове? Каляровыя мульцікі. Усёк? А сёння тыя ж самыя п'юны, якія не перавядуцца, пакуль у чалавецтва ёсць рот, глотка і страўнік, ужо бачаць (усёк?!) лятаючыя талеркі. Чым галава забіта, тое людзі і бачаць.
– Сёння да мяне ўначы павінен прыйсці Вялікі Жах, – роўным, трошкі стомленым голасам перапыніў яго Дубровіч.
– Ладна, вар'яцей, – махнуў рукой Масейкін. – Яшчэ ж я хачу, паважаны вар'ят, каб ты ўступіў у нашу Лігу барацьбы за сціпласць. Навошта планеце Чалавек з брыльянтавым сэрцам? Хопіць і бронзавага. Мінеральныя рэсурсы Зямлі, Месяца і Венеры амаль вычарпаны, ядзерная энергетыка байкатуецца, паветра, глеба і вада атручаны ўжо стагоддзі назад, а Ўсепланетнае Журы прысуджае лепшаму грамадзяніну (ах, якія мы добранькія!) тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам.
– Усяго ж толькі тытул, – асцярожна ўставіў сваё слова Гай.
– Прынцыпы вышэй за ўсё, – рашуча перапыніў яго Масейкін. – Калі планета бедная, беднымі павінны быць і тытулы. Брыльянты – гэта раскоша, гэта марнатраўства, а вось старая добрая бронза, з якой далёкія прашчуры ўваходзілі ў цёмны лабірынт сваёй прадгісторыі, незаслужана забыта нашымі заканадаўцамі і маралістамі. Абавязкова павінен быць толькі адзіны тытул – тытул Чалавека з бронзавым сэрцам. Надаўшы такое штогадовае званне лепшаму чалавеку Зямлі, мы тым самым духоўна ачысцімся, умацуем душу, станем падобнымі сваёй чысцінёй і сціпласцю на першых хрысціян або пурытан.
Яны хутка ішлі па яшчэ няшумнай ранішняй вуліцы, і Масейкін усё гаварыў, гаварыў… «Ну й галава, – дзівіўся сам сабе Гай Дубровіч. – Два Везувіі плюс вулкан Ключаўская сопка. І заўсёды напаўкрыла, напаўкрока ляціць наперадзе прагрэсу. Здаецца ж, нейкі месяц назад захапляўся разгадваннем «свяшчэннасці» лічбы 7. Выступіў па Індаэўрапейскім тэлебачанні і, здзівіўшы вучоных мужоў, заявіў, што даўмеўся, хоць сам і не гісторык, чаму першалюдзі так шанавалі гэту самую лічбу 7. Аказваецца, чалавечае цела мае сем «чыстых» адтулін: вочы, вушы, ноздры, рот. Вялікі перапалох быў паміж навукоўцаў. Нават сам Гай не ўтрымаўся тады і ў газеце «Хатні фантаст» надрукаваў сваю версію. Па ягоных меркаваннях, лічбу 7 людзі зрабілі свяшчэннай таму, што кожны чалавек (прынамсі, на золку зямных цывілізацый) мог назіраць, калі дачасна не паміраў ад варожага мяча або чумы, сем жывых прадстаўнікоў свайго роду-племені: прадзеда, дзеда, бацьку, сябе, сына, унука, праўнука. І вось сёння Навум Масейкін з найвялікшай страсцю гаворыць, амаль крычыць аб Чалавеку з бронзавым, а не з брыльянтавым сэрцам.
Яны падышлі да 7-й верталётнай пляцоўкі, дзе стаяў верталёт сям'і Дубровічаў.
– Можа, паляціш разам са мной? – прапанаваў Гай. – Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкін адмоўна хітнуў галавой.
– Тады – да пабачэння. Жывуць Сонца і Кісларод. Толькі скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевізійны ас, аб'явіў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год?
– Старшыню Лігі барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковіча, – не міргнуўшы вокам адказаў Масейкін. – Дарэчы, праз два дні лячу да яго, каб зрабіць тэлерэпартаж. Апошнім часам зноў актывізаваліся двухгаловыя воўкасабакі, і Гром разам з сябрамі дае ім прыкурыць.
Яны развіталіся. Гай, паказаўшы робату-ахоўніку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвінтавы верталёт і праз колькі імгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзіў у звычную норму – унутраны спакой, упэўненасць. Плылі ўнізе роўныя цяністыя вуліцы, люстэркі вадаёмаў, многавугольнікі паркаў і садоў. З-за хмар, сінявата-ружовых, па-ранішняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркі блакіт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмі ўстойлівы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысціяне, глянуўшы на такі блакіт, казалі з вялікай перакананасцю: «Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзі». З невялікага воблака, асветленага яркімі промнямі, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне.
Вось паміж аксамітнага разліву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццаціпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты і пасадзіў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмініевых і медных пласцінах, якімі быў высцелены дах.
У Доме Пераўтварэнняў уладарылі робаты: ліфцёры, электрыкі, праграмісты, санітары, буфетчыкі, асенізатары, цырульнікі… Маўклівая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, які завітваў сюды. Робаты былі сама абаяльнасць і добразычлівасць, прадбачвалі любое жаданне сваіх гасцей, але вочы ў іх свяціліся бясстраснасцю і механічным спакоем, і недалёка ад ісціны прайшоў той мудрэц, які сказаў, што ніколі не паразумеецца жывое са штучным, ген з найдасканалейшай мікрасхемай. Пасля вядомага паўстання ў Германіі робатам, у адрозненне ад людзей, забаранілі ствараць якія-небудзь партыі або групоўкі, тых, хто не згадзіўся, кінулі пад прэс і ў пераплаўку. Але хадзілі ўпартыя чуткі, што тут, у Доме Пераўтварэнняў, які аж кішэў робатамі, у глыбокім падполлі дзейнічае іхняя тэрарыстычная арганізацыя «Металічная Рука». Нападаў на людзей, праўда, пакуль што не было, і размовы аб нейкім падполлі можна было б назваць недарэчным міфам, каб не паведамленне тэлежурналістаў (у тым ліку і Навума Масейкіна), што ў раёне Тоўстага Лесу зафіксавана на кінаплёнку сустрэча двух робатаў з мутантамі. Што прывяло робатаў у Тоўсты Лес, калі там дазволена бываць толькі навукоўцам і членам Лігі барацьбы супраць мутантаў?
У ярка асветленым, прасторным і, што асабліва ўражвала, нетаропкім ліфце Гай Дубровіч апусціўся на пятнаццаты паверх. Тут быў Духоўны цэнтр Дома Пераўтварэнняў, тут з кожным, хто захацеў пераўтварыцца, цэлых пяць хвілін гутарыў сам доктар Метэор, заснавальнік Дома, праўда, гутарыў з экрана. Ён быў адзіным чалавекам паміж соцень робатаў.
Гая ўвялі ў маленькі круглы пакой, пасадзілі ў крэсла-вяртушку. Адразу ж успыхнуў экран і лысая галава доктара Метэора, добра вядомая ўсім зямлянам, з'явілася на экране, суха ўсміхнулася.
– Прырода толькі часцінка таго, што можна ўявіць, – загаварыў доктар Метэор. Гэтую першую фразу Гай Дубровіч вывучыў назубок яшчэ ў малодшых класах ліцэя. Яна, гэтая фраза, назаўсёды адціснулася, нібы клішэ, у памяці зямлян розных пакаленняў. З ёй можна было не згаджацца, спрачацца, але тут, у Доме Пераўтварэнняў, дзе вярхоўным жрацом і ледзь не богам быў доктар Метэор, ёй пачыналася кожная яго тэлеразмова.
– Чалавек – лісцік на дрэве Прыроды, – казаў між тым доктар. – Тры сыны чалавецтва «зняважылі» чалавецтва: Капернік, сказаўшы, што не Зямля цэнтр Сусвету, Дарвін, паставіўшы на першае месца не Бога, а відавы адбор, і Фрэйд, які асмеліўся даказаць, што чалавечае «я» не абсалютны гаспадар чалавечага цела. Паболей бы такіх зняваг! Навекі ж запомнім, што мы, людзі, родзічы траве і дрэву, саве і ластаўцы, ваўку і зайцу, барсуку зямному і кіту марскому. Ты, мой брат па жывой зялёнай планеце, хочаш сёння пераўтварыцца, хочаш на нейкія імгненні адчуць сябе птушкай або зверам, рыбінай або насякомым. Ты хочаш пераступіць, пераскочыць тую рысу, што аддзяляе цябе, жывога чалавека, ад іх, таксама жывых. Аб такім марылі многія пакаленні, звычайныя людзі і мудрацы. Такому навучаў Буда. Запомні яго словы: «Я буду біць у барабан бяссмерця ў імгле гэтага свету». Чуеш, як гучыць, як запаўняе цішыню барабан бяссмерця? Запомні, што найвялікшае, найгалоўнейшае багацце Прыроды – жыццё. І не толькі чалавечае. Кім ты хочаш стаць?
– Пчалой, – адказаў Гай.
– Будзь пчалой.
Адразу патух экран. Моцныя, але пачцівыя рукі робатаў падхапілі Гая Дубровіча, панеслі па вельмі вузкім калідоры (гэта адчувалася па спёртым паветры і па рэху ад іхніх крокаў) у чорную цемру. Хоць такое было для гісторыка не ў навіну, ды ўсё роўна лёгкі страх заварушыўся ў сэрцы. Праз некалькі імгненняў незразумелым чынам (вялікая тайна доктара Метэора!) ён павінен быў, як кашулю, скінуць сваю чалавечую плоць і зрабіцца пчалой, непрыкметнай гудлівай кропкай. З ім павінны былі застацца толькі ягоныя свядомасць і памяць. Кожнаму доктар гарантаваў поўную бяспеку цела і псіхікі пасля таго, як скончыцца сеанс пераўтварэння, але, пэўна, кожны адчуваў трымценне душы і здрадлівую думку: «А раптам здарыцца нешта такое, што перашкодзіць мне зноў стаць чалавекам?» Гай Дубровіч не быў выключэннем. Па-першае, усюдыісны ўсявед Навум Масейкін неяк сказаў, што года паўтара назад ці то доктар Метэор не змог вярнуць маладую жанчыну з «вобліка белай азёрнай чайкі», ці то яна сама не жадала вяртаць сабе чалавечае цела. Па-другое, быў ва ўсім гэтым нейкі першародны холад, ліпкі трывожны туман, адчуванне святатацтва і недазволенасці. Упершыню адчуў такі пакутлівы дыскамфорт Глеб Дубровіч, калі дзесяцігадовым хлапчуком прачытаў у Бібліі словы, што соллю ўпалі на параненую дзіцячую душу: «Не вары казлянятка ў малацэ маці ягонай». Чалавеку Вялікай Эры Плюралізму ўжо было мала моцнагучнай музыкі, тытуню і віна. Дзеля таго каб зламаць жалезную клетку сваёй духоўнай адзіноты і несвабоды (так, так, несвабоды, хоць знешне ўсё здавалася надзіва свабодным і супершчаслівым) людзі, як на прыгожую зваблівую цацку, накінуліся на прыдуманую доктарам Метэорам Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Вось чаму неслі маўкліва-суровыя робаты Гая Дубровіча па вузкім чорным калідоры, каб праз нейкія імгненні ён звонкагалосай пчалой ірвануўся над квяцістым лугам.
Робаты асцярожна пасадзілі Гая ў кабіну цэнтрыфугі, страла якой ужо ўздрыгвала, нервова пагойдвалася, нібы прадчуваючы шалёную, непадуладную жывому розуму хуткасць. На галаву адзелі цяжкі гермашлем. Па-ранейшаму ні іскрынкі святла не было наўкол. Чорны змрок наплываў на вочы. І Гаю Дубровічу ўспомніліся словы, якія бог сказаў Майсею: «Твару майго не можна табе ўбачыць, таму што кожны чалавек не можа ўбачыць мяне і застацца жывым». Пачулася лёгкае шыпенне, якое неўзабаве перайшло ў свіст. Потым нізкі вантробны гул раскалоў, распалавініў цемру. Страла цэнтрыфугі скранулася з месца, і адразу недзе збоку ўспыхнула малюсенькая чырвоная кропачка. Што гэта было? Электрычная лямпачка? Фотаэлемент у воку робата? Гай Дубровіч не паспеў сканцэнтраваць сваю думку, бо раптам кабіна, у якой ён сядзеў, перавярнулася і ён завіс на шырокіх пругкіх рамянях галавою ўніз. А цэнтрыфуга ўсё набірала абароты. Апошнім, што мільганула ў яго свядомасці, калі ён яшчэ заставаўся чалавекам, была лічба – шэсць с паловай. Ён ухапіўся за яе, напружыў мозг і ўспомніў – шэсць с паловай грамаў важыць чалавечая душа, адным словам, тая таямнічая субстанцыя, якая ад нараджэння знаходзіцца ў кожным з людзей. Доктар Метэор узважваў аднаго і таго ж чалавека за тры хвіліны да клінічнай смерці і праз тры хвіліны пасля яе. І пры абсалютнай чысціні эксперымента заўсёды выплывала такая лічба. Нябожчык заўсёды быў лягчэйшы на шэсць з паловай грамаў.
…Ён ляцеў над залітым сонцам юным лугам. Ён быў пчала меданосная, Apis mellifera. Ягоныя крылатыя продкі асвоілі планету значна раней, чым на ёй з'явіўся чалавек. За два кіламетры ад гэтага луга, ад гэтых яркіх кветак (кветкі – усмешкі прыроды!) у яблыневым садзе стаяў новенькі рамачны вулей, ягоны Дом, дзе жыло, гуло, звінела, дзумкала ажно семдзесят тысяч аднародцаў, моцная працавітая пчаліная сям'я. Кожная шчыліна, кожная дзірачка ў тым вуллі старанна прамазана пропалісам, пчаліным клеем. Каб здабыць яго, разам з усімі ён (яна! пчала!) да змогі пераціраў сківіцамі пупышкі розных раслін, драўніну. Працавалі так энергічна, усіх было такое мноства, што ў вуллі павышалася тэмпература, і, каб збіць яе, спецыяльныя пчолы-вентылятары бесперапынна махалі крылцамі, ствараючы лёгкі ветрык. Сёння ж з раніцы скварыла сонца, была страшэнная задуха, і нават ён на нейкі час рабіўся вентылятарам – вылазіў дзеля гэтага на дошчачку перад лятком.
Ён ляцеў над яркай летняй зямлёй, баючыся птушак і хімікатаў. А яшчэ непакоіла тое, што тут, у гэтых мясцінах, маглі напаткацца «пчаліныя ваўкі», бязлітасныя жоўта-шэрыя восы. Яны селяцца вакол пчальнікоў, беручы іх у аблогу, і забіваюць пчол ударам джала ў мозг, забіваюць з першага ўдару. Потым сціскаюць сківіцамі брушка і грудзі сваіх ахвяр, прагна злізваючы кропелькі мёду, што выступаюць у тых з роту.
Мора кветак ззяла пад ім, і ён ведаў, што кожная з гэтых прыгажунь страсна чакала яго. Такія сарамліва-цнатлівыя, такія загадкавыя, абсыпаныя расой, быццам дарагімі брыльянтамі, такія, здавалася, непадступныя, яны млелі ад радасці пры з'яўленні пчалы, даверліва ўпускаючы ў свае мармуровыя або залатыя церамкі, у сваю патаемнасць. Яму патрэбны былі іхнія салодкія пылок і нектар, ім – ягоныя хабаток, лапкі, усё цела, вёрткае, моцнае, здольнае прашчаміцца ў драбнейшую шчылінку, а потым перанесці пылок на песцік іншай кветкі, што расце, шуміць зусім побач або на другім канцы бязмежнага лугу. Кветкі кахаліся адна з адной пры дапамозе пчалы.
Ён вельмі востра, да гарачага звону ў крыві, разумеў жыццё, няспынную вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей… Усё хацела жыць, расці, налівацца цішынёй і громам, агнём і холадам, рухацца ўдаль і ўшыркі, у глыбіню сябе і за воблакі… Усё прагнула цвіцення і абнаўлення, пацалункаў і слёз. Нават нямая смерць была жыццём, бо рабілася падмуркам, апірышчам нейчаму маладому захліпістаму карэнню. Доктар Метэор быў, вядома, найвялікшым са смертных, падараваўшы чалавецтву сваю Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Толькі пабыўшы ў чужой скуры, лусцы, шэрсці, ракавіне, толькі пабегаўшы, палётаўшы, папоўзаўшы, адчуўшы страх і знямогу, можаш наблізіцца (хоць часткова) да разумення агульнасці ўсяго жывога. Няважна, зразумелае яно ці незразумелае, прыгожае ці непрыгожае, ціхмянае ці агрэсіўнае. Яно – жывое, а значыць, неабходнае таму свету, у які, нібы зрэнка ў вока, заключана тваё жыццё.
Ён лётаў над кветкамі, садзіўся на іх, збіраў пылок і нектар, адносіў здабычу ў вулей, зноў кіраваўся на луг… На пукатай зялёнай горцы стаялі дачы – стракатыя прыгожыя хаткі, падобныя на рознакаляровыя кубікі, якія, нагуляўшыся, раскідала свавольнае дзіця. Ён заляцеў туды, апусціўся ў ракавіну з белымі слізкімі сценкамі. Загарэларукая жанчына якраз мыла, прынёсшы з градкі, ярка-чырвоную радыску. Хвастаў срэбны струмянёк вады, сеяліся пырскі, на смуглым жаночым пальцы бліскаў, як сонечны зайчык, пярсцёнак. Было адчуванне лагоды, спакою і шчасця. Ён піў ваду разам з іншымі пчоламі і баяўся, што жанчына вось-вось схопіць мокрую анучу, нязлосна ўдарыць ёю, крыкне: «Акыш на вас!», маючы на ўвазе не курэй, а пчол. Але яна весела мыла радыску і спявала нейкую песеньку.
Раней ён быў упэўнены ў неадэкватнасці ўсяго жывога. Яму здавалася, што птушкі, звяры, пчолы, калі б толькі яны валодалі здольнасцю асэнсоўваць сваё становішча, параўноўваць сябе з чалавекам, адразу б усёй гурмой, будзь на тое іхняя воля, захацелі б ачалавечыцца, зрабіцца, адным словам, людзьмі. Ён нават, як быў маладзейшы, пра жанчын у іхніх стасунках з мужчынамі такое думаў, хоць заўсёды лічыўся барацьбітом за палавую роўнасць. Але дзякуючы доктару Метэору ён паспеў ужо пабыць рыбай, ваўком, бабром, вось зараз быў пчалой і зразумеў адну мудрую ісціну. Аказваецца, жыццё ва ўсіх сваіх выявах і формах абсалютна раўнапраўнае. Для прыроды, якая самастварылася, якая стварала і стварае мільярды камбінацый атамаў, аднолькава каштоўныя і мозг філосафа Платона і крылцы лугавой страказы. Магчыма, гэта выглядае і гучыць парадаксальна і ўсе зямныя філосафы пагрозна замахаюць кулакамі, але гэта так. Неяк любімы Гаеў паэт Антон Кастрыцкі напісаў радкі, якія амаль усім падаліся геніяльнымі:
«Скажыце мне – хто ўспомніць пра Зямлю, Калі Зямля загіне?»
Вернікі адразу ж сказалі: «Успомніць Бог». Дасціпны Навум Масейкін абвясціў з экранаў тэлевізараў, што планету Зямля ўспомняць яе сыны і дочкі, астранаўты, якія паляцелі ў касмічную бездань. Сёння Гай Дубровіч з некаторай карэкціроўкай падзяляе думку вернікаў: «Успомніць Прырода». І ўсё таму, што цэлыя доўгія суткі ён жыў жыццём пчалы…
Ён знайшоў вялікае поле, засеянае грэчкай. Бела-ружовы духмяны востраў хаваўся між зялёнага старога лесу. Гэта было нечаканым і вельмі дарагім падарункам, бо пчолы з іхняга вулля яшчэ не праклалі сюды трасу. Пякло сонца. Шумеў нямоцны вецер. Ад захаплення, ад радасці ў яго міжволі вырваўся з грудзей чалавечы крык. Але пачулася толькі разарванае ветрам пчалінае дзумканне.
Порстка прыляцеўшы ў вулей, прынёсшы туды цёплы пах мядовай грэчкі, ён пачаў танцаваць пчаліны танец, бо толькі так мог перадаць усім сваім суродзічам бадзёрую вестку. Ён поўзаў між пчол, а яны ўважліва сачылі за кожным яго рухам. Калі б поле знаходзілася блізка, то танец быў бы просты, без лішняй мудрагелістасці. Але да жаданай пахкай грэчкі ляжаў вялікі кавалак дарогі, і ён, папярэджваючы аб гэтым, хвацка круціў «васьмёрку», віляў брушкам – чым далей да нектара і пылку, тым часцей і болей звівалася брушка. Пчолы цудоўна разумелі яго. Медна-шэрымі пункцірамі вырываліся яны з вулля і ўжо ведалі, ў якім накірунку ляцець і пад якім вуглом узнімацца ў неба. А ён усё танцаваў…
«А што, калі застацца пчалой?» Думка была такой нечаканай, так востра і ярка ўспыхнула ў свядомасці, аж пахаладзела ў душы. «Абсурд, – адразу ўціхамірыў ён сам сябе. – Я – чалавек. Рабіцца на ўсё жыццё насякомым? Абсурд». Ён яшчэ старанней, яшчэ хутчэй затанцаваў.
«Але ж розныя формы жыцця аднолькава каштоўныя, адэкватныя. Невядомая маладая жанчына (і аб гэтым шмат хто ведае) назаўсёды засталася белай азёрнай чайкай. Зараз лётае над высокай хваляй… Ці сядзіць, гойдаецца на ёй… І тоненька-тоненька звініць вада…» Ён адчуў халодны выбух бязлітаснага страху ў самай глыбіні сваёй істоты. «Я вар'яцею! Пэўна ж, я вар'яцею. Я пераўтвараўся ў ваўка, у бабра, у шчупака, і заўсёды ўсё было нармальна, заўсёды роўна праз дваццаць чатыры гадзіны я з радасцю станавіўся чалавекам, Гаем Дубровічам, супрацоўнікам Славянскай секцыі Індаэўрапейскага аддзела Сусветнага інстытута гісторыі планеты Зямля. У мяне, урэшце, ёсць Бярозка, маладая прыгожая жонка, сын Клён. Хіба я не люблю іх? Ды я люблю жонку і сына мацней за ўсё на свеце. Мяне душыць дэпрэсія, калі даводзіцца ехаць у камандзіроўку болей, чым на трое сутак. А тое, што я зноў прыляцеў у Дом Пераўтварэнняў… Ёсць людзі, якія рабілі гэта дзесяткі разоў. Сам апостал Павел сказаў: «Усё выпрабоўвайце. Добрага трымайцеся».
І раптам яго, як мушкецёрская шпага, пранізала здагадка: «Пэўна ж, гэта хітрыкі Вялікага Жаху! Ледзь не ўпаў на галаву балкон, а зараз Жах, прыкінуўшыся лагодным і рахманым, нашэптвае, каб я назаўсёды застаўся пчалой».
Адразу паспакайнела на сэрцы. Калі даведваешся, што наперадзе падпільноўвае круты паварот, няцяжка прытармазіць аўтамабіль. Гай Дубровіч канчаткова супакоіўся, пачуўшы ў навушніках гермашлема бадзёрую каманду аднаго з асістэнтаў доктара Метэора: «Пчала нумар сорак чатыры! Спадар Гай Дубровіч! Праз пяць хвілін выходзім на плюсавое пераўтварэнне! Пчала нумар сорак чатыры!»
«Выходзіць на плюсавое пераўтварэнне» азначала адно – зноў станавіцца чалавекам. Гэта вельмі ўсцешыла Дубровіча. З цёплай радасцю ён падумаў, што ажно сорак чатыры чалавекі (пэўна ж, болып!), пераўтварыўшыся ў пчол, лёталі сёння над кветкамі.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?