Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леанід Дайнека
Жанр: Детская фантастика, Детские книги
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
– Карл, – горача зашаптаў Буслейка, і вочы страсна заззялі, – прашу цябе маўчаць і падпарадкоўвацца мне. Так-так, дарагі германец, падпарадкоўвацца. Бачыш вунь тую машынку з вінтом? Зараз мы ціхенька падыдзем да яе, плюнем тройчы цераз левае плячо, сядзем і паляцім у Менск, у мой Менск.
– Ды ты звар'яцеў, – не прыцішаючы голасу, адразу ж сказаў Гакенхольц.
– Ціха, – прыклаў палец да ніжняй таўставатай губы Буслейка. – Немцы, як мне вядома, спакойныя, вытрыманыя людзі. Адпавядай жа характарыстыцы свайго народа.
– Пры чым тут народ? – ускіпеў Карл. – Тое, што ты хочаш зрабіць, звычайная крымінальшчына.
– Ціха, – зноў паўтарыў Радаслаў, быццам зацыкліўшыся на гэтым слове. – Я пакіну свой адрас і нумар чэкавай кніжкі. Я згодзен заплаціць любы штраф у любой валюце – захочуць, у індаэўрапейскіх доларах, захочуць, у мясцовых беларускіх талерах. Будзем лічыць, што мы нанялі аэратаксі.
– Ты – дурань, – шпурнуў апошні цяжкі камень спрэчкі Гакенхольц.
– Дзякуй, – галантна пакланіўся Буслейка. – І ўсё-ткі я ўпэўнены, што ты, Карл, як сапраўдны нашчадак гераічных ваяўнічых вікінгаў, пойдзеш за мной.
Спрэчка скончылася тым, што яны, азіраючыся па баках, нібы дзеці, якія лезуць у чужыя яблыкі, падышлі да непрыкаянага верталёта, селі ў яго. Вялікая Эра Плюралізму, калі верыць штогадовай статыстыцы, канчаткова перамагла істотны ў мінулыя часы хіб чалавечага характару – цягу да крадзяжу чужой маёмасці. Маглі ўкрасці дзеці – цацку, цукеркі. Маглі ўкрасці псіхічнахворыя. Але нармальны грамадзянін з самага маленства адносіўся да гэтага рэзка негатыўна. Многія нават не ставілі замкоў на дзвярах сваіх кватэр. Так што, калі гаварыць аб'ектыўна, Радаслаў Буслейка не лічыў і не мог лічыць сябе злодзеем. Проста ён браў патрэбную яму рэч на часовае карыстанне. Праўда, для гэтага неабходна было заручыцца дазволам гаспадара, але гаспадар у дадзенай сітуацыі адсутнічаў, што і засмучала законапаслухмянага Карла.
Радаслаў рашуча сеў на месца пілота, разгублены Карл умасціўся за яго спіной. Праз некалькі імгненняў яны адарваліся ад бетонкі. Верталёт злёгку пахістваўся, быццам адчуваючы чужую руку. Але разагрэўся, весялей залапатаў рухавік, праплыў унізе нейкі лясок, жоўтая стужка палявой дарогі, і Буслейка ўскінуў угору кулак, адтапырыўшы вялікі палец:
– Ляцім!
Усе дарослыя грамадзяне Індаэўрапейскай Канфедэрацыі ўмелі кіраваць аўтамабілямі, верталётамі, спартыўнымі самалётамі, катэрамі, яхтамі і г.д. Навучанне пачыналася з дзіцячага ўзросту, і толькі інваліды вызваляліся ад яго. На чалавека, які (цяжка ўявіць!) не разбіраўся ва ўсёй гэтай тэхніцы, глядзелі б як на дзікуна, што не чысціць раніцою зубы, а не чысціць зубы мог толькі круглы вар'ят.
– Цікава, куды мог знікнуць верталётчык? – уголас разважаў тым часам Гакенхольц. – Ідуць баі з СЦ, аэрапорт працуе ў ваенным рэжыме, а тут – стаіць, кукуе без прыгляду машына…
– Не забывай, Карл, што ты на славянскай зямлі, а не ў Германіі, – весела ўсміхнуўся Буслейка. – Розныя клімат і гісторыя, розныя характары і гены.
– Розныя, – згадзіўся Карл, – толькі верталёт, у якім няма пілота, павінен стаяць у ангары.
Буслейка ўжо з раздражненнем паглядзеў на немца, хацеў сказаць нешта болып едкае і болын цвёрдае, але замест гэтага радасна закрычаў:
– Зірні, Карл, уніз! Мы пралятаем над самым галоўным помнікам Беларусі!
Бронзавая, метраў дваццаць вышынёй, жанчына з мячом у руцэ стаяла на круглым п'едэстале, складзеным з агромністых калявых валуноў. З усіх бакоў да яе вялі дарогі і сцежкі, ішлі і ехалі людзі.
– Калі Адольф Гітлер захапіў Беларусь (а было гэта ў першай палове дваццатага стагоддзя), тут знаходзіўся Трасцянецкі канцлагер смерці, – пачаў тлумачыць Буслейка. – Тут забівалі, а потым спальвалі людзей. А некаторых і жыўцом палілі. І вось на гэтым пакутным месцы, можна сказаць, на чалавечым попеле вырашылі паставіць помнік адважнай гордай жанчыне, княгіні Рагнедзе. Народ заве гэты помнік «Маці Беларусь».
Гакенхольц, уважліва слухаючы Буслейку, неадрыўна глядзеў на велічны помнік.
– Рагнеда ўзняла меч за сваю зямлю і свой род. Ва ўсёй даўжэзнай гісторыі чалавецтва мала знойдзецца такіх жанчын. Ільвіца і перапёлка. Прыгажуння і нябесная грозная маланка. Княгіня і рабыня. Вялікая вечная маці гордых і мужных. Такой жыве і заўсёды будзе жыць у народнай душы Рагнеда. Калі я гляджу на гэты помнік, я ганаруся, што я – беларус. Разумееш, Карл?
– Чаму ж не зразумець? – адказаў Гакенхольц. – Я, напрыклад, ганаруся, што нарадзіўся немцам. Гэта абсалютна здаровае, абсалютна натуральнае пачуццё. Мяне дзівіць, што калісьці слова «нацыяналіст» лічылася абразлівай лаянкай. Што дрэннага ў тваёй або маёй любові да сваёй нацыі, асабліва калі гэта любоў спалучаецца з павагай да іншых народаў? Кожны ўплятае яркую нітку ў велізарны дыван чалавецтва, у тым ліку, і арыйцы – славяне і германскія плямёны. Так было, так будзе.
– Так будзе, – паўтарыў следам за ім Радаслаў і зірнуў на свой наручны біялагічны гадзіннік. Гэта быў апошні крык моды. У элегантным, зробленым з беласнежнай марской ракавіны корпусе змяшчалася некалькі калоній мікраарганізмаў, што ў залежнасці ад часу мянялі свой колер. Зараз цыферблат меў колер маладой зялёнай лістоты – значыць, было семнаццаць гадзін.
Раптам з крэслаў, у якіх сядзелі Буслейка і Карл, выскачылі гнуткія моцныя шчупальцы-прысоскі, аплялі рукі і грудзі, ды так, што не паварухнешся. Гэта здарылася імгненна, нечакана, і стрэсаператары на нейкія долі секунды анямелі.
– Верталёт-пастка! – усклікнуў Радаслаў. – Хітра ж нас падчапілі на кручок!
Ён усё спрабаваў вырвацца, выкруціцца з жалезных абдымкаў, але сіла ягоная была куды слабейшая за чужую грубую неадольную сілу. І ён скарыўся, нават з усмешкаю ўспомніў старую народную прымаўку:
– Певень бы і рады не ісці на вяселле, ды за крылы валакуць.
Карл жа, як прыроджаны немец, знешне спакойна сустрэў такую неспадзяванку, адразу ж пачаў аналізаваць сітуацыю, у якую яны трапілі, і каментаваць яе.
– Вось чаму верталёт быў без экіпажа, – разважаў ён. – Усё гэта, вядома, чарговыя фокусы СЦ. Гэта, як мы і здагадваліся з табою, Радаслаў, цывілізацыя капіістаў, я б нават вобразна сказаў, цывілізацыя фальшываманетчыкаў. Яна (я быў бы рады, калі памылюся) у сілу нейкіх невядомых звышпрычын не можа ствараць арыгінальнае, прынцыпова новае, а штампуе копіі. Вось чаму яна прайграла нашай чалавечай цывілізацыі, праметэеўскай цывілізацыі, як прыгожа і вельмі дакладна пішуць паэты. Трагедыя Старой Цывілізацыі ў тым, што яна не можа нарадзіць свайго Праметэя, таго, хто здольны на Ўчынак, на Подзвіг, на Ахвяру і, у рэшце рэшт, на рашучы кардынальны злом стэрэатыпу. Тысячагоддзі яна была ценем, я б сказаў, хітрым ценем нашай цывілізацыі, заўсёды жыла пад маскай, своечасова адступаючы ў змрок, у маўчанне, у забароненую таямніцу. Сёння ж яна атакуе. Чаму?
– Пэўна, таму, што ў яе скончыўся запас устойлівасці, трываласці, – перарваў Карлаў маналог Радаслаў Буслейка. – Яна як бы аганізуе і падобна на параненага звера. Я не браў бы на сябе смеласць называць гэтага звера драпежнікам. Так, яна ваюе, з нечага страляе. Але бывалі выпадкі, калі карова, звычайная траваядная карова, баронячы ад немінучай смерці сваё дзіця, кідалася на ваўкоў.
Ён казаў усё гэта, Карл, згодна ківаючы галавой, слухаў, а шчупальцы-прысоскі, што намертва скруцілі іх, не паслабляліся, і верталёт, зрабіўшы круг над помнікам «Маці Беларусі», упэўнена ляцеў уперад, не губляў вышыню і хуткасць. Трэба адзначыць, што стрэсаператары не адчувалі аніякага страху, былі ў поўнай яснай памяці.
– Нашым верталётам кіруе Невідзімка, – сказаў Радаслаў.
– Падобна, – згадзіўся Карл. – А мне так хочацца яго ўбачыць. Ды чалавечае вока не самы дасканалы інструмент на гэтым свеце. Як казалі старадаўнія мудрацы: «Бог будзе побач, але ты не ўбачыш яго».
– І ўсё-ткі я шмат бы што аддаў, каб хоць часткова зразумець Старую Цывілізацыю, – сумна ўздыхнуў Буслейка. – Ды дзе там. Мы яшчэ сёння амаль нічога не ведаем пра этрускаў, пра атлантаў…
Ён не скончыў фразу, бо проста ў яго перад тварам, на адлегласці працягнутай рукі, з'явіўся, успыхнуў вельмі яркі малочна-сіні шар велічынёю з баскетбольны мячык. Шар увесь свіціўся, здавалася, позіркам можна было пранізаць наскрозь рэчыва, з якога ён складаецца, але ў самым цэнтры выразна бачылася нешта цёмнае, цвёрдае, стрыжнёвае, нібы насенне ў пераспелым плодзе. Адразу зніклі шчупальцы-прысоскі, вызваліўшы стрэсаператарам рукі. Буслейка з Гакенхольцам пачалі іх расціраць, размінаць, каб аднавіць рух крыві. І тут нечаканы візіцёр загаварыў.
– Асцярожна, жыхары адной з намі планеты, – глуха, з нейкім булькатаннем данеслася ў яго знутры. – Асцярожна, Радаслаў Буслейка і Карл Гакенхольц. Сядзіце спакойна, адчувайце сябе шчасліва і ўпэўнена, не рабіце ніякіх рэзкіх рухаў, ні ў якім разе не спрабуйце дакрануцца да мяне, бо эфект такога дакранання будзе вельмі-вельмі непрыемным для вашых рук і вачэй.
– Ён нас ведае, – здзіўлена прашаптаў Карл.
– Слухайце, жыхары адной з намі планеты, – роўным, як бы бясстрасным голасам казаў далей шар. – Бялковая форма жыцця не адзіна магчымая ў Сусвеце. Існуе жыццё ў плазменнай форме, як нізкатэмпературнай, так і высокатэмпературнай. Я – Плазмоід, прадстаўнік менавіта гэтай формы жыцця, прадстаўнік той цывілізацыі, якую вы называеце Старой. Тысячагоддзі мы развіваліся паралельна з бялковай цывілізацыяй, суіснавалі пад адным небам, але сёння меч пайшоў на меч.
– Навошта ж вы аб'явілі вайну? – горача ўсклікнуў Карл. – Мы ж мацнейшыя, больш арганізаваныя за вас і абавязкова – чуеце? – абавязкова пераможам.
Ён тэмпераментна ўзмахнуў рукамі, і тут пачуўся рэзкі сухі шчаўчок, падобны на той, з якім перагарае электралямпачка. Гакенхольц імгненна абмяк, сутаргі пабеглі па шчоках, твар пасінеў, вочы ледзь не выскачылі з вачніц.
– Я папярэджваў, – сказаў Плазмоід Радаславу. – Але не бойся – твой калега будзе жыць, проста ён страціў прытомнасць і ачуняе праз тры гадзіны.
– Вы, плазмоіды, жорсткія, – ціха прамовіў Радаслаў.
– Мы справядлівыя, – не згадзіўся Плазмоід. – Маё сілавое поле часова падавіла ў твайго калегі жыццёвую энергію, але, паўтараю, ён будзе жывы і здаровы.
– Вы аб'явілі перамір'е, – упарта вёў сваё Буслейка. – Вы аб перамір'і напісалі ў небе, на воблаку – я сам чытаў, і тысячы людзей чыталі. І раптам вы падкідваеце гэты верталёт, гэтага монстра-перавёртыша і мы трапляем у расстаўленую вамі пастку. Як гэта называецца? У нас, у людзей, гэта называецца подласцю.
Пры такіх словах шар з малочна-сіняга зрабіўся чырванаватым, потым шэрым і нібы зменшыўся ў аб'ёме. «Яму сорамна, – здагадаўся Буслейка, – у ім жывуць эмоцыі, падобныя на чалавечыя». І тут аказалася, што плазмоіды, прынамсі той, што быў перад Радаславам, не пазбаўлены пэўнай тэатральнасці, любові да знешніх эфектаў.
– О мая плазменная цывілізацыя! – са слязой у голасе заенчыў шар. – О мая беспрытульная, даледавіковая, пячорная. О дачка туманоў, начных лясоў і маланак. Ты беласкурая, як маладая бярозка пад дажджом. Ты жоўтавалосая, як сухая восеньская трава ў далёкіх лугах, дзе пасвяцца дзікія коні. Ты сінявокая, як адзінокі васілёк, на якім блішчыць халодная раса.
– Перастаньце, – рэзка сказаў Буслейка. – Каму патрэбна ваша танная сентыментальнасць? Адплывіце ці адляціце – не ведаю, як па-вашаму называецца гэта дзеянне, – трошкі ўбок, каб я мог кіраваць верталётам. Я не хачу разам са сваім сябрам разбіцца. Мы, прабачце, бялковыя, а не плазменныя, і не любім падаць з вялікай вышыні.
Адважны беларус прамовіў гэтыя словы, не спускаючы позірку з Плазмоіда. Шар адразу ж раздзьмуўся, набыў ранейшую малочна-сінюю яркасць. Можна было, мяркуючы па ўсім, чакаць ад яго нейкіх рэпрэсіўных дзеянняў. Але ён міралюбна загаварыў:
– Вы, людзі, заўсёды адносіліся да нас з вялікім недаверам, нават не ведаючы, хто мы. Вы болып за ўсё на свеце баіцеся плазмы, агню, нават смерць выбіраеце, абы толькі не забраў вашу жывую плоць агонь. Толькі гэтым я магу вытлумачыць той факт, што ў час пажараў у вышынных будынках чалавек выкідваецца праз акно з дваццатага, з трыццатага паверха і, вядома, разбіваецца ўшчэнт, але не аддаецца полымю. Страх агню запраграмаваны ў вас на ўзроўні генаў.
– Так, – згадзіўся Радаслаў. – У прынцыпе, для чалавека павінна быць усё роўна – памерці ад агню, ад жалеза або вады. Але інстынктыўна чалавек, калі толькі ёсць выбар, выбірае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём – гэта поўнае, абсалютнае знішчэнне, знікненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоці.
– Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, – з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоід. – Мы, Дзеці Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслівай здольнасцю бясконца, без ніякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму і масу. Калі ты ведаеш, у стане плазмы знаходзіцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркі, галактычныя туманнасці, міжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоіды вельмі даўно стварылі сваю цывілізацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвіцення Вулканаў, калі над іхнімі грамагалосымі кратэрамі бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкія продкі плазмоідаў прыляцелі з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процістаянне з бялковай цывілізацыяй. А зараз – вайна. Плазмоід упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмі. Я вельмі ганаруся, што мне выпаў найвялікшы гонар ад імя Народа Ўсіх Сямі Колераў запрасіць Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Ўсіх Сямі Колераў.
Радаслаў, які з цікавасцю слухаў Плазмоіда, страшэнна абурыўся.
– Запрасіць? Ды нас схапілі, як ястраб хапае курыцу.
Тут малочна-белы шар зноў зрабіўся чырванаватым, а затым шэрым і трошкі зменшыўся ў аб'ёме.
– Іншага варыянту выйсці на кантакт я не знайшоў, – сумна прамовіў шар. Ён здаваўся маленькім хлопчыкам, што нашкодзіў і дужа перажывае сваю віну.
– Навошта ж цябе пасылалі, калі ты такі аднаварыянтны? – кіпяціўся Буслейка. – І яшчэ – чаму менавіта нас, радавых стрэсаператараў, запрасілі, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоідамі? Хіба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?
Плазмоід пры гэтых словах наліўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.
– Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў абраў вас дваіх на перагаворы таму, што аналізы, праведзеныя Кланамі Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сініх Шаравых Маланак), выявілі надзвычайную станоўчую мысліцельную актыўнасць двух інтэлектаў якраз на Галоўным Індаэўрапейскім Стрэсографе ў кабіне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкім аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоіды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе і ўзросце, а па інтэлекту, якім напоўнены ягоны мозг. Прытым інтэлект не павінен быць агрэсіўным.
– Вунь яно што, – аж прышчоўкнуў языком Буслейка. – Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабіну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзівіўся тады – у нас жа ў кабіне ні акна, ні шчылінкі і дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткі выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымі галовамі, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, і – назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. І навальніцы ў той дзень быццам бы не чулі, не бачылі.
Буслейка, калі гаварыць шчыра, быў вельмі задаволены, што менавіта іх з Карлам Старая Цывілізацыя палічыла самымі разумнымі, самымі кампетэнтнымі людзьмі Ўсходняй Эўропы ды і, магчыма, усёй Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбівы, марыць вылучыцца, выдзеліцца, пастаянна быць навідавоку, і не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкімі духоўнымі стратамі думка старадаўняга філосафа – «Пражыві непрыкметна». На стрэсаператара нахлынула, накацілася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоід рашуча перапыніў яго, сказаў:
– Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў чакае Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нічога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такі самы стан, у якім знаходзіцца твой калега.
– Я страчу прытомнасць? – занепакоіўся Радаслаў.
– Ты заснеш і прачнешся там, дзе знаходзіцца Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў.
– Але ў мяне слабое сэрца.
– У цябе моцнае здаровае сэрца, – сказаў Плазмоід. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкі сухі шчаўчок, шар, імгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, і Буслейка, унутрана супраціўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.
VI
Яны апынуліся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят – шэсцьдзесят метраў. Адзіная масіўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, і вось ля падножжа калоны на высечаных з сіняга каменю сядзеннях ачунялі пасля тэлепартацыі.[2]2
Тэлепартацыя – перанос цвёрдых цел праз сцены.
[Закрыть] Радаслаў Буслейка і Карл Гакенхольц. Дзе знаходзілася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Ці, можа, у якім-небудзь будынку на вуліцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелі ні кропелькі інфармацыі. Вакол калоны, а значыць, і вакол іх, у плаўным карагодзе кружылася незлічонае мноства яркіх малочна-белых шароў. Плазмоіды былі розных памераў: зусім маленькія, маленькія, велічынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя – штук трыццаць – дасягалі да паўметра ў папярочніку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай і прыгажосцю. Было ў ім нешта ад раўнамернага няўхільнага руху велізарных акіянскіх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных бліскучых сняжынак у навагоднюю ноч. Стаяла абсалютная цішыня, адзіным жывым гукам, які ледзь-ледзь парушаў яе, было ўсхваляванае дыханне стрэсаператараў. Радаслаў з Карлам цёрлі кулакамі вочы, глядзелі адзін на аднаго, каб пераканацца ў рэальнасці таго, што адбываецца. Гэта быў не сон, не наркатычнае ачмурэнне. Сотні, тысячы зіхоткіх шароў, падобных на таямнічыя поўні з начных нябёсаў, рытмічна кружыліся наўкола іх, пярэстымі ўзорыстымі карункамі клаліся на калону, на столь і сцены залы плямы залацістага святла і ценю. У бясшумным, бязмоўным руху адчувалася цудоўная ўнутраная музыка, найвялікшы глыбінны сэнс, недаступны, на жаль, чалавечаму мозгу. Гэты, вядома ж, рытуальны танец мог быць імітацыяй урачыстага параду зорак і планет у чорнай бязмежнасці Сусвету або імітацыяй няспынна-вечнага руху атамаў у самым асяродку ўсяго існага, нябеснага і зямнога. Стрэсаператары назіралі за фантастычнай дзеяй моўчкі, бо невядомая ўладная сіла на нейкі час пазбавіла іх мовы. «Дык вось ён – твар Старой Цывілізацыі, – спустошана і разгублена думаў Радаслаў Буслейка. – Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклівыя іскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывідаў? Недзе паміж іх, пэўна ж, кружыцца і той плазмоід, які захапіў у палон нас з Карлам. Цікава, што ён думае зараз пра нас і ці здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменні?»
Радаслаў, узняўшы позірк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сівымі кілімамі лішайніку. Адразу прыломніліся тысячагадовыя валуны, статкі мамантаў, лёд і снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавікоў зямлі. «Мы знаходзімся ў падзямеллі, – вырашыў стрэсаператар, – бо лішайнікі любяць холад і вільгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цікава, з чаго пачыналася гэта зала раней – з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымі рукамі?» Плазмоіды ў нечым здаліся яму падобнымі на першахрысціян, якія, баронячы сваю веру, хаваліся ад Нерона ў такіх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлі свечкі і паходні. Праўда, была істотная розніца – плазмоіды самаасвятляліся.
Тым часам танец патроху пачынаў заціхаць, запавольвацца. Рухі прыгожых шароў рабіліся вялымі, як бы санлівымі. Нечакана плазмоіды ўспыхнулі колерамі сонечнага спектра і спыніліся. «Вось чаму яны называюць сябе Народам Усіх Сямі Колераў», – здагадаўся Радаслаў.
Плазмоіды, перагрупіраваўшыся, стварылі сем кругоў. Яны віселі ў паветры над зямлёй на вышыні каля двух метраў. Стаяла мёртвая цішыня, пасярод якой усхваляванае сэрцабіцце і дыханке стрэсаператараў здавалася кашчунным. Трыццаць, як налічыў Радаслаў, самых буйных шароў урачыста, неспяшаючыся, падплылі да калоны, абкружылі яе. Яны знаходзіліся ад стрэсаператараў на даўжыні выцягнутай рукі, не болей, але Радаславу з Карлам ні пахаладнела ні пагарачэла. У плазмоідаў не было вачэй, наогул не было твараў, ды Буслейка адчуваў, як яго абмацваюць пільныя ўсёпранікальныя позіркі, нібы рэнтгенаўскія прамяні. На нейкі міг яму нават падалося, што з ягонага цела здымаюць адзенне, кратаюць радзімкі, што густа ўсеялі правы плячук. Прыкра і крыўдна было ўсведамляць сябе ў ролі паддоследнай марской свінкі. Каб вярнулася мова, Радаслаў, вядома ж, запярэчыў бы, запратэставаў, але таямнічая сіла паралізавала галасавыя звязкі. Асабліва цяжка было гаваруну Карлу – у бедалагі аж пот цурчэў па шчоках і цёмныя вочы зрабіліся светла-жоўтымі ад абурэння, падобнымі на гарачую смалу.
Нарэшце, мяркуючы па ўсяму, вывучэнне людзей скончылася. Трыццаць шароў збіліся ў адзін шчыльны гурт, як птушкі ў чараду, як пчолы ў рой. Пачулася лёгкае гудзенне, шыпенне, быццам закіпваў велізарны чайнік, і раптам трыццаць шароў ператварыліся ў адзін агромністы шар. Ён, гэты шар-волат, сеючы вакол сябе нястрымны бляск, узвіўся пад самую столь, прыліп там да густых лішайнікаў і загаварыў. «Гэта Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў», – зразумеў Радаслаў Буслейка.
– Слухайце, жыхары адной з намі планеты, – загаварыў шар-таўстун. – Вы ўбачылі нас, мы ўбачылі вас. Вы і мы лічым сябе мудрымі, хоць непадобныя між сабою, як вада і агонь. Успомніце ж вашага мудраца Саламона. Вось што казаў Саламон: «Ёсць чатыры маленькія на Зямлі, але мудрэйшыя за ўсіх мудрацоў. Мурашкі – народ нямоцны, ды ўлетку нарыхтоўваюць ежу сваю. Горныя мышы – народ слабы, ды ставяць дамы свае на скале. У саранчы няма цара, ды выступае ўся яна вельмі стройна. Павук лапкамі чапляецца, але жыве і ў царскіх палацах». Чым жа мы, гуманоіды і плазмоіды, мудрэй за гэтых маленькіх?»
Наступіла паўза. Радаслаў адзначыў сам сабе, што занадта квяціста і напышліва мысліць Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў. «Паболей бы яму дзелавітай канкрэтнасці, прагматызму, якія так даспадобы сучасным людзям. Адразу б узяў быка за рогі і сказаў: так і так, вы, паважаныя стрэсаператары, мае палонныя; хоць вы з бялку, а я з плазмы, але мы пакуль што існуем на адной планеце; ад вас мне патрэбна тое і тое. І кропка. А то пачынае з прытчаў пра цара Саламона, пачынае, як некалі любілі гаварыць у старадаўнім Менску, «заліваць».
Пэўна, Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў мысліў порцыямі, своеасаблівымі кулямётнымі чэргамі, бо, пагаварыўшы прыкладна дзве хвіліны, змаўкаў і маўчаў хвіліны тры. «Мысліцельныя працэсы ў яго яўна запаволеныя, – аналізаваў свае ўражанні Радаслаў Буслейка. – Наш ліцэісцік з трэцяга-чацвёртага класа папросту можа пацягацца з ім, ужо не кажучы пра нашы камп'ютэры».
– Мы, плазмоіды, аддалі вам пальму першынства, – працягваў вялізны плазмоід. – Ваша маладая цывілізацыя больш прыстасавана да прыродных умоў планеты Зямля. За вамі будучыня, вядома, няпростая, складаная, шмат у чым трагічная, але будучыня. Мы ж сёння (і аб гэтым мы ўпершыню гаворым адкрыта) вымушаны сысці з авансцэны. Але запомніце: у гісторыі не бывае лішніх старонак. Адзін з трыццаці правадыроў Народа Ўсіх Сямі Колераў па імені Пра Мет Э калісьці навучыў вашых дзікіх прашчураў карыстацца агнём.
Наступіла чарговая паўза. Радаслаў з Карлам бязмоўна пазіралі на плазмоідаў, бо іхнія галасавыя звязкі ўсё яшчэ не падпарадкоўваліся ім.
– Правадыры Народа Ўсіх Сямі Колераў паказалі вашым першабытным продкам, як з гіганцкіх камянёў рабіць дальмены, каб хавацца ад непагадзі і сачыць за начным рухам зорак. Ведайце, што мы – кентаўры, атланты і амазонкі вашых міфаў. А потым пачалася бясконцая вайна. І вось мы хочам спыніць яе, бо адну планету, адзін крохкі шар нельга раскалоць на дзве часткі. Накіруйце свае позіркі ўгору, і вы ўбачыце над сабой лішайнік, свяшчэнны лішайнік, сімвал нашай цывілізацыі.
Мяркуючы па ўсяму, плазмоіды вырашылі правесці для Буслейкі і Гакенхольца своеасаблівы ўрок лікбезу, прыўзняць заслону над некаторымі таямніцамі СЦ. Стрэсаператары даведаліся, што плазмоіды ніколі не разумелі, для чаго патрэбна каханне, і размножваюцца толькі бясполавым шляхам. Галоўнае для іх – Абавязак, які патрабуе няўхільна, у любых сітуацыях захоўваць сваю форму, гэта значыць, быць ні на грам лягчэй або цяжэй устаноўленай нормы вагі і ні на міліметр не парушаць устаноўленую норму памеру. Той, хто хоць у нечым пераступіць Абавязак, самазнішчаецца. Кланы плазмоідаў, а іх сем, дзеляцца па колерах сонечнага спектра. Апошнія паўтара тысячагоддзі вялікі аўтарытэт мае Клан Жоўтых Шаравых Маланак. Здагадкі вучоных, што СЦ з'яўляецца цывілізацыяй капіістаў, недалёкія ад ісціны. Сапраўды, валодаючы амаль неабмежаваным запасам плазмы, яна, Старая Цывілізацыя, у рытуальных або ў маскіровачных, на час вайны, мэтах можа ствараць самыя разнастайныя фігуры, целы, збудаванні і г.д. Кентаўраў грэчаскіх міфаў СЦ, напрыклад, вылепіла і растыражыравала тады, калі ў вялікім здзіўленні ўпершыню ўбачыла чалавека верхам на кані. Фантазія ў яе надзвычай багатая, можна сказаць, невычарпальная. Часам яна любіць пажартаваць. Начныя прывіды рыцарскіх замкаў, карлікі-эльфы германскіх народаў – усё гэта яе штучкі. Славян яна палохала вадзянікамі і русалкамі. Карацей кажучы, доўгі час была СЦ адзіным, акрамя ветру, скулыітарам на Зямлі, пакуль не з'явіўся Homo Sapiens. Але класічная форма яе жыццядзейнасці толькі круглая.
Калі планету Зямля пачалі наведваць экспедыцыі астранаўтаў з Далёкага Космасу, Старая Цывілізацыя вельмі хутка навучылася капіраваць іхнія лятальныя апараты. Неўзабаве ў небе лёталі шматлікія «талеркі», «сподачкі», «верацёны», «дырыжаблі». Іх было як камароў у цёплы вечар. Касмічныя прышэльцы збіліся з панталыку, адшукваючы свае экіпажы між гусцейшага рою копій. Зразумеўшы нарэшце, у чым справа, яны, гордыя сыны нябёсаў, пайшлі на паклон да СЦ, заключылі з ёй пагадненне. З цягам часу прышэльцы і плазмоіды настолькі перапляліся між сабой, настолькі зблізіліся, што СЦ пачала лічыць сваёй прарадзімай планету Вар і пры дапамозе прышэльцаў, выкарыстоўваючы іхнія касмічныя караблі, стварыла там калонію. Тады ж сімвалам, своеасаблівым гербам Старой Цывілізацыі зрабіўся пучок лішайніку на круглай каменнай пліце. Справа ў тым, што лішайнік з'яўляецца не чым іншым, як саюзам, сімбіёзам грыба і водарасці. Зліўшыся ў адно цэлае, яны ўжо не могуць існаваць паасобку, бо адразу ж загінуць. Так аб'ядналіся дзеці зямной і касмічнай плазмы, так зрабіліся яны амаль тытанамі, амаль багамі, і не было, здавалася, такой сілы, якая б магла хоць злёгку хістануць іхні цяжкі, іхні залаты і срэбны трон. Але выплыла з вады рыба, але спусцілася з дрэва малпа, але іскрынка інтэлекту ўспыхнула ў касматай галаве пітэкантрапа, і валодаць планетай, а затым і космасам прыйшоў Чалавек Разумны. СЦ зразумела, што ў яе з'явіўся наймагутнейшы канкурэнт.
Вось аб чым, калі гаварыць у агульных рысах, даведаліся Радаслаў і Карл за нейкія паўгадзіны ад Розуму Народа Ўсіх Сямі Колераў. Вядома, стрэсаператарам хацелася як найхутчэй вызначыць свой статус і сваю місію. Хто яны? Ваеннапалонныя ці госці? Чаго запатрабуе ад іх, звычайных радавых людзей, СЦ? Але ім далі зразумець, што галоўная размова адбудзецца заўтра. І адразу ж да іх вярнулася мова. Гакенхольц адразу ж заклекатаў, як вулкан Ключаўская Сопка.
– Вось і патрапілі мы ў твой Менск, – сярдзіта накінуўся ён на Радаслава. – А ты ж так заліваўся: ах, паляцім хутчэй, ах, я пакажу табе, Карл, праспект Крывічоў, вуліцу Льва Сапегі. Глядзі ж. Глядзі зараз на гэтых круглых і прамяністых.
– І гляджу. Прытым з найвялікшай цікавасцю, – цвёрда сустрэў выбух Буслейка. – Думаю, што і табе гэта дужа карысна. Чаго ты крывішся на мяне, як на мокрую шапку? Яшчэ будзеш унукам сваім хваліцца, як Радаслаў Буслейка цябе з плазмоідамі пазнаёміў.
– Хочаш, каб фігу табе пад нос падсунуў? – аж пачарнеў ад гневу Карл. Трэба зазначыць, што людзі Эпохі Вялікага Плюралізму, слухаючы парады ўрачоў і падпарадкоўваючыся багатаму жыццёваму вопыту, часам давалі выйсце адмоўным эмоцыям, спускалі, як кажуць, лішнюю пару.
– Не сярдуй, стары, – міралюбна, нібы хлапчука, паляпаў яго далонню па шчацэ Радаслаў.
– З табой звіхнешся, – зноў пачаў заводзіцца Гакенхольц, але ў гэты час Радаслаў схапіўся абедзьвюма рукамі за свой лоб ды так і застыў з прасветлена-засяроджаным тварам. Карл адразу ж прыціх, бо зразумеў – да сябра «прыйшла мазгаграма». («Што здарылася, Адзіны?» – усхвалявана загучаў у самай глыбіні душы і мозга цёплы голас Радаслававай жонкі Ніны. «Усё ў норме, Нінка-трысцінка. Як ты?» – «І ўсё-ткі, што з табой здарылася?» – «Знаходжуся з Карлам, я пра яго расказваў, у СЦ». – «У СЦ? Які жах!» – «Не хвалюйся. Са мной усё добра». – «Беражы сябе, Адзіны! Беражы для мяне і для нашага сына, які народзіцца праз чатыры месяцы і шэсць дзён». – «Дзякуй, Адзіная. Дзякуй».)
Радаслаў знясілена апусціў рукі, зірнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.
– Жонка? – спытаў Карл.
– Так. Нінка-трысцінка.
Нейкая хвіліна, за якую ён прыняў мазгаграму і даў адказ на яе, каштавала вялікай нервовай энергіі. Ён адчуваў, як кружыцца галава.
У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шліфуючы свой інтэлект, вышукваючы глыбінныя рэзервовыя сілы арганізма, навучылася намаганнем сілы волі і любові пасылаць на неабмежаваныя адлегласці думкі – ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такіх мазгаграм не патрэбны былі ні гукавыя або светлавыя хвалі, ні якія-небудзь хітрыя тэхнічныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася толькі адно – каханне. Збалелая і ўсхваляваная душа выпраменьвала энергію, якая, нібы ўспышка маланкі, ляцела праз сотні кіламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзеці маглі прыняць мазгаграму ад маці, але самі былі няздольны паслаць яе, бо няспелую і нямоцную мелі душу. Дарослыя таксама валодалі такім дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа і не бедавалі – калі што якое, званілі на тэлеграф. І ў Вялікую Эру Плюралізму ў людзей, як і заўсёды, былі розныя, вельмі непадобныя душы.
Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкім гіпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.
– Пойдзем. Усе плазмоіды ўжо зніклі. Застаўся адзін, маленькі, і ён павядзе нас некуды на начлег.
– А хіба плазмоіды спяць?
– Гэтага я, як і ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?