Текст книги "Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць"
Автор книги: Леанід Лаўрэш
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Лябёдка Іваноўскіх
Дакументальная аповесць
Леанід Лаўрэш
© Леанід Лаўрэш, 2024
ISBN 978-5-0064-6265-6
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Лябёдка Іваноўскіх
Дакументальная аповесць
Ад аўтара
Гэтая аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям’і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.
Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава – Ежы і Тадаса – шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай маёй аповесці будзе сястра Вацлава – Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886—1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў11
Аповесць грунтуецца на мемуарах Тадаса Іванаўскаса і яго сына Ежы Іваноўскага, Ганны Карнецкай з Іваноўскіх (дачкі Вацлава Іваноўскага) і Казіміра Іваноўскага (сына малодшага брата Станіслава Іваноўскага).
[Закрыть].
Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі22
Сын малодшага брата Вацлава Іваноўскага, адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх з маёнтка Лябёдка Лідскага павета.
[Закрыть] пісаў пра сваю сям’ю: «Сям’я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі – Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці – Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям’і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, – такога больш ні ў каго не было.
Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу33
Пра Вацлава Іваноўскага гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006.
[Закрыть].
Мае дзядзькі мелі адно хобі – часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак44
Ежы Іваноўскі меў трох жонак: Казіміру Зямецкаю (1880—1967), Мілабедзка-Гарчынскую (1878—?), Зоф’ю Газдзенскую (1913—1979); Вацлаў Іваноўскі быў двойчы жанаты: з Сабінай Яцыноўскай (1877—1954) і Лігіяй Федаровіч (1890? —?); Тадас Іванаўскас меў трох жонак: Марыю Вольскую (1884—?), Ганарату Паскаўскайце (1891—1949) і Марыю Наткевіч (1905—1996).
[Закрыть]. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў – якога з Іваноўскіх яна жонка?
– Таго, які мае толькі адну жанчыну, – адказала мая маці.
– А, значыць, Станіслава, – заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх».
Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876—1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.
Вацлаў Іваноўскі (1880—1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, – чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.
Тадэвуш Іваноўскі (1882—1970) – прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.
Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887—1970) прымаў удзел у польскай «Самаахове» Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго я таксама трошкі раскажу…
Аўтар выказвае самую шчырую падзяку слыннаму беларускаму гісторыку Генадзю Семянчуку і Анджэю Іваноўскаму (праўнуку Вацлава Іваноўскага), якія шмат зрабілі ў справе вывучэння генеалогіі роду Іваноўскіх і дапамаглі аўтару пры напісанні гэтай аповесці.
Лябёдка і Іваноўскія
Род Іваноўскіх
Навукова абгрунтаваны радавод Іваноўскіх з ласкавай згоды яго стваральнікаў Анджэя Іваноўскага і Генадзя Семянчука я падаю ў дадатках да гэтай кнігі.
З афіцыйнага дакумента №3896 ад 9 сакавіка 1848 г., выдадзенага Канцылярыяй Бюро шляхецкай дэпутацыі Віленскай губерні, бачна, што Кшыштаф Іваноўскі валодаў дваром Забалаць у Лідскім павеце і ў 1720 г. перадаў яго сыну Міхалу. Міхал у 1750 г. гэты двор з усёй маёмасцю падараваў свайму сыну Дамініку Іваноўскаму, які ў 1776 г. на падставе дароўнага акта перадаў двор з прыгоннымі сялянамі сваім двум сынам Юзафу Вінцэнту Ферар’ю Іваноўскаму і Людвіку Іваноўскаму, якія ў 1790 г. прадалі двор князю Радзівілу. Сынам Юзафа Вінцэнта Ферарыя Іваноўскага быў Тамаш Іваноўскі, прадзед нашых Вацлава і Алены Іваноўскіх. У Слонімскім павеце ён купіў двор Яварова Руда. Хадзілі чуткі, што зрабіў гэта таму, што там быў закапаны скарб, пра які больш ніхто не ведаў.
Сын Тамаша Іваноўскага Станіслаў (1818—1900), дзед Вацлава і Алены, ажаніўся з Антанінай Рыла-Быкоўскай, якая была адзінай дачкой свайго бацькі і таму ўспадкавала пасля яго двор Лябёдка. Шлюб адбыўся 2 ліпеня 1844 г. у касцёле Старых Васілішак. У Лябёдцы нарадзіўся Леанард Іваноўскі, а потым усе дзеці Леанарда.
Тадас Іванаўскас цытуе дакументы, з якіх бачна, што «прывілеям караля польскага Жыгімонта І ад 7 лістапада 1510 г. фальварак Дварэц нададзены Яго Каралеўскай Мосцю двараніну Івашку Рыла-Быкоўскаму і яго нашчадкам», і пасля гэтага ён чатыры стагоддзі заставаўся маёмасцю фаміліі, пераходзіў ад бацькі да сына, і апошнім у чарадзе ўладальнікаў стаў Юрый Андрэевіч Быкоўскі. Апошні меў адну дачку Антаніну ў замужстве з Станіславам Іваноўскім і пакінуў ёй сваю маёмасць. Пасля смерці Антаніны маёнтак перайшоў у рукі яе адзінага сына, інжынера Леанарда Іваноўскага.
У прывілеі караля Жыгімонта І гэта маёмасць называецца Дварэц з вёскай Пацкі. У дакуменце ад 12 ліпеня 1568 г. маёнтак ужо мае назву Лябёдка, нагодай змены назвы быў перанос двара на тое месца, дзе ён стаіць і цяпер – у вусце рэчкі Лябёдка. Сяляне вёскі Пацкі перасяліліся ў Ваейкаўцы і Верх-Лябёдку. Там, дзе быў двор Дварэц і вёска Пацкі, у XІX ст. заставалася толькі ўрочышча з гэткімі назвамі, якое належала фальварку Лябёдка. Прозвішчы сялян усе гэтыя гады засталіся нязменнымі.
Прадзед Тамаш ІваноўскіУ сям’і памяталі гісторыю, якая сведчыць пра зухаваты і свавольны характар прадзеда. Неяк ён з-за нейкай дробязі паспрачаўся з пробашчам з Васілішак і, доўга не чакаючы, загадаў сваім служкам у цэнтры мястэчка распрануць і высекчы ксяндза розгамі. Справа была вельмі сур’ёзная і пагражала яму смерцю, але прадзед з цяжкасцю і за вялікія грошы ўратаваўся.
Дзеці Тамаша Іваноўскага – Станіслаў і яго брат Вінцэнт – мелі такі ж нястрыманы характар, казалі праўду ў вочы і нярэдка ўблытваліся ў скандальныя гісторыі. Вінцэнт закончыў жыццё трагічна. Закахаўся ў прыгожую, але жанатую кабету, якая адказала яму ўзаемнасцю. Калі сітуацыя дайшла на скандалу, жонка атруціла свайго мужа. Ёй пагражала суровая кара, і падчас суду Вінцэнт Іваноўскі ўзяў яе віну на сябе. Прыгожую даму апраўдалі, а Вінцэнта арыштавалі і засудзілі на катаргу. Па дарозе ў Сібір ён дачакаўся адпаведнага моманту і напаў на вартаўніка, але раззброіць жаўнера і ўцячы не змог – і быў забіты.
Дзед Станіслаў ІваноўскіУ сям’і Іваноўскіх захавалася школьнае пасведчанне Станіслава, з якога бачна, што ён нарадзіўся ў 1816 г. у Яваровай Рудзе Слонімскага павета. Закончыў трохкласную павятовую вучэльню ў Слоніме і ў 1833 г. быў прыняты ў гімназію. Служыў у канцылярыі Гродзенскага дваранскага дэпутацкага сходу і Гродзенскай палаце дзяржаўнай маёмасці.
Дзед дажыў да старэчага веку і памёр, калі ўнукі былі ўжо падшпаркамі. Станіслаў шмат часу бавіў з імі, і таму яго ўнук Тадас добра памятаў свайго дзеда.
Станіслаў Іваноўскі толькі ў сівым узросце перастаў займацца маёнткам. Але і ў старым узросце, летам ён трохі назіраў за гаспадаркай, размаўляў з працаўнікамі, а потым паліў люльку і раскладаў пасьянсы. Меў час расказваць гісторыі з свайго жыцця ці шматкроць паўтараць адны і тыя ж жарты. Любіў паразмаўляць з вяскоўцамі, пачаставаць іх тытунём ці прапанаваць кілішак гарэлкі. Тадас памятаў: неяк да іх прыйшоў вясковы стараста, дзед пасадзіў яго за чысты стол і пачаў частаваць гарбатай з печывам і сухім сырам. Стараста пачаставаўся, а недаедзены сыр схаваў у сваю скураную торбу і забраў з сабой. У сям’і з гэтага моцна смяяліся.
Згодна з старым звычаем, сяляне цалавалі пану руку (асабліва старому пану). Гэтак было і ў Лябёдцы, але дзед Станіслаў звычайна рабіў пры гэтым адзін і той жа фінт. Калі чалавек хапаў яго за руку, ён прыкідваўся напалоханым, крычаў «Што, што?» і ўздымаў рукі ўверх. Тыя, хто ведалі гэты жарт, усё ж цалавалі яму руку, а чужыя пужаліся ці нават абражаліся.
Але час ад часу праяўляўся і гарачы характар Станіслава Іваноўскага. Неяк касцы суседа перайшлі мяжу і выкасілі кавалак лугу Іваноўскіх (на балоце Кятуркі, там дзе луг Лябёдкі межаваў з лугам Макрэцкіх). Якраз у той момант на сенакос прыехаў сам стары. Пабачыўшы, што робіцца, ён атакаваў суседа, які там таксама знаходзіўся. Слова за слова – пачалася спрэчка, якая закончылася тым, што Станіслаў апрацаваў суседа кіем. Аднак доўга не гневаўся, хутка супакоіўся і не толькі выбачаўся, але і запрасіў Макрэцкага на сняданак. Той жа ад такога «гонару» адмовіўся.
Аднак сяляне ведалі, што Станіслаў Іваноўскі меў добрае сэрца і быў зычлівы да ўсіх, яшчэ падчас прыгону ён адносіўся да сваіх сялян як да людзей. Пра гэта можа сведчыць такі факт. Паўстанцам 1863 г. стары Іваноўскі аддаў свайго вельмі добрага каня. Пасля падаўлення паўстання рускія, каб даведацца, хто быў гаспадаром каня, вадзілі яго па ваколіцах і пыталіся ў сялян, каму ён належыць. І хоць усе ведалі, чый гэта конь, ніхто дзеда не выдаў55
Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі так падаў гэту гісторыю: «Пасярод лесу быў крыж, каля якога маліліся за паўстанцаў 1863 г. Тут казакі наскочылі на лагер інсургентаў, у лагеры меліся вазы з маёнтка Лябёдка з рэчамі для паўстанцаў. Следства так не ўстанавіла, чые былі тыя вазы і коні – ніхто з суседзяў не выдаў Іваноўскіх (за дапамогу паўстанцам клады канфіскоўвалі маёнткі)».
[Закрыть].
Станіслаў Іваноўскі меў вясёлы і прыязны нораў, любіў забаўныя гісторыі і часта шуткаваў. Расказваючы гісторыі з былога жыцця, стары не надта выбіраў словы, і таму слухачы (асабліва маладыя жанчыны) часам чырванелі ці ад сораму апускалі вочы. Але маладзёны трымаліся інакш. Ведаючы звычкі дзеда, яны стараліся справакаваць яго і ўзбудзіць перапалох сярод паннаў і паненак. Аповяды Іваноўскага не былі надта ўжо цікавымі і, тым не менш, мелі свайго слухача.
Вось адна з гэтых гісторый. Неяк стары ехаў з Вільні. Недалёка ад горада, у Папішках затрымаўся каля карчмы. Там на плоце ці сцяне знайшоў надпіс «У панны Вінцэсі ёсць на што сесці»66
Па-польску: «U panny Wіnсenty tyłek wypіęty».
[Закрыть], а ніжэй, іншым почыркам, нехта дапісаў: «Ёдкаўны». Маладыя кавалеры заўсёды прасілі дзеда, каб расказаў, што ж было напісана на карчме ў Папішках, а ён зноў і зноў сур’ёзна згаджаўся выканаць іх просьбу і зноў і зноў засмучаў паннаў і паненак.
Але Станіслаў Іваноўскі любіў шуткаваць і з маладымі кабетамі. Неяк, калі па справе ён знаходзіўся ў Гродна, пачалася бура з залевай. Потым дождж спыніўся, распагодзілася, але па вуліцах яшчэ цяклі ручаі бруднай вады. Іваноўскі падпільнаваў маладую даму, якая стаяла, падняўшы спадніцу, і не ведала, як перайсці на другі бок вуліцы. Дзед незаўважна падкраўся да яе, ухапіў на рукі і перанёс на другі бок. У першую хвіліну дама аслупянела, але потым апрытомнела і пачала гучна папракаць неспадзяванага кавалера. Станіслаў гжэчна перапрасіў і прапанаваў перанесці яе назад, але дама не згадзілася.
Часам ён любіў удаваць сябе за нейкага непрыстойнага старога, але непрыстойнасць не была характэрнай рысай яго жартаў. Такія паводзіны з’яўляліся звычайнымі для тагачаснай шляхты і знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры. Але калі-некалі яго жарты стаялі блізка да той мяжы, пасля якой пачынаецца дрэннае выхаванне. Да таго ж з сялянкамі ён размаўляў яшчэ вальней, тым больш што і яны таксама любілі пагаманіць. Калі чуў нейкую навіну ці проста нешта яго ўражвала, звычайна ўскрыкваў: «А каб ты ўсікаўся!»77
Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі піша, што любімым прыслоўем Станіслава Іваноўскага было: «А каб ты абасраўся (лася)!», і ў яго тэксце гэта лаянка запісана па-беларуску.
[Закрыть] Гэтую лаянку ведалі ўсе суседзі і лічылі звыклым элементам стылю размовы старога пана. Унук Тадас распавёў адну звязаную з гэтым гісторыю. Ён тады вучыўся ў другім класе Варшаўскай гімназіі і прыехаў у Лябёдку на калядныя вакацыі. Дзед узяў яго з сабой на паляванне. Яны абышлі вялікі абшар і пры канцы, вырашыўшы вярнуцца дадому, выйшлі на дарогу. Дзед добра стаміўся, унук таксама змучыўся, і таму, пабачыўшы кабету, якая ехала санямі, папрасілі яе падвезці іх. Кабета адмовілася, патлумачыўшы гэта тым, што конь стаміўся, а ёй яшчэ трэба прывесці хрусту з лесу.
«Каб ты ўсікалася!» – адрэзаў дзед сваёй любімай фразай. І раптоўна твар кабеты праясніўся: «А, дык гэта пан Іваноўскі! А я пана не пазнала, прашу сядаць, падвязу…»88
Казімір Іваноўскі падаваў гэту гісторыю трохі інакш: «Расказваў мне дзядзька Тадэвуш, што, калі яшчэ быў хлопцам, неяк узімку змучаныя разам з дзедам Станіславам вярталіся з палявання. Той жа дарогай ехала санямі баба. Дзед папрасіў, каб яна падвезла. Баба адмовіла, кажучы, што дарога цяжкая і кабылка ўжо змучылася. Тады Станіслаў пачаў лаяцца: – А каб ты абасралася! Баба затрымала каня і саромеючыся адказала: – Прашу сядаць, падвязу. Я, дурная, адразу пана Іваноўскага не пазнала».
[Закрыть]
Неяк Станіслаў Іваноўскі невядома адкуль прывёз некалькі трусоў і даручыў ахмістрыні Лябёдкі апекавацца імі. Потым ён часта пытаў яе пра гэтых звяркоў, і праз некалькі дзён сам прыйшоў да гаспадыні ў пакой, які знаходзіўся на другім канцы дома, і ўбачыў, што адзін трус ужо здох. Узяў яго і паклаў гаспадыні ў ложак паміж матрацам і металёвай рамай. Праз нейкі час зноў спытаў пра трусоў і атрымаў адказ: «Жывыя, здаровыя і добра ядуць». Мана выявілася, калі трус засмярдзеў.
Без злой волі, але сурова адносіўся стары да маладых кавалераў, якія заляцаліся да дзяўчат. У Лябёдцы часта гасцявала моладзь, і таму заляцанак не бракавала. У прыбыўшых з візітам маладзёнаў, у якіх ужо пачыналі расці першыя вусікі, стары заўсёды пытаў: «Ці ж бацька дазволіў табе гадаваць вусы?»
Неяк дайшло да здарэння, якое назаўсёды сапсавала адносіны Іваноўскіх з адным з сваіх сваякоў. Калі ў Лябёдцы сабраліся госці, з-за Нёмана на кані прыехаў пляменнік старога Палікарп Лункевіч99
Генерал-маёр Палікарп Лункевіч пахаваны на Варшаўскіх Павонзках.
[Закрыть], які толькі што атрымаў афіцэрскі чын. Калі з’явіўся стары Іваноўскі, ён якраз з поспехам заляцаўся да прыгожай панны. Дзед прывітаўся з Палікарпам і пахваліў яго, сказаўшы, што той добра выглядае ў ваенным мундзіры, а потым дадаў: «А памятаеш, Палікарпка, як ты прыехаўшы неяк, не мог рашыць практыкаванне па геаметрыі і я загадаў на гэтым каменю даць табе дзесяць бічоў?». Палікарп пачырванеў як рак, пайшоў на стайню, асядлаў каня і з’ехаў. Больш у Іваноўскіх ён не паказваўся.
Часам у Лябёдку на паляванне запрашаліся госці. Звычайна такія паляванні арганізоўваліся падчас сямейных урачыстасцяў. Паляўнічыя збіраліся з вечара, і калі дазваляла надвор’е, спалі на сене на падворку. Ім выдаваліся коўдры з падушкамі, і ўдзельнікі палявання клаліся ў радок адзін каля аднаго. Устаць належала да ўсходу сонца. Неяк дзед, абудзіўшыся першым, выйшаў на падворак і ўбачыў, што ўсе паляўнічыя яшчэ моцна спяць. Пастаяў хвілінку, потым загадаў свайму «стральцу», старому Вінцуку Крывашэю, трымаць доўгі кій і стаяць каля спячых, а сам узяў у рукі стрэльбу. Раптоўна паляўнічыя пачулі стрэл і адчулі ўдары па спінам і нагам. Усе імгненна паўскоквалі. Для ўсіх такі пачатак палявання быў у навіну!
Стары меў вялікі запас паляўнічых апавяданняў і ахвотна іх расказваў. Звычайна пры гэтым дадаваў да расказаў розную небывальшчыну. Дзясяткі разоў расказваў пра спрытнага зайца, якога гналі сабакі, а ён расплыўся ў паветры, і сабакі страцілі яго след. Потым даведаліся, што заяц заскочыў на высокі пень, таму ганчакі яго не заўважылі і прабеглі міма. Аднак пра адно паляўнічае здарэнне дзед не любіў узгадваць. Было гэта так. Ён паляваў на зайца і пачуў, што сабакі гоняць звярка ў яго бок. Заяц ужо павінен быў выскачыць на дарогу, і стары падрыхтаваўся яго сустрэць, як раптоўна пачуў: «Хай будзе пахвалёны», – па дарозе ішла вясковая кабета. Дзед замест «На векі вечныя» закрычаў: «Пацалуй сабаку пад хвост!» І як раз у гэты момант заяц збочыў і ўцёк.
Запомніўся ўнукам яшчэ адзін забаўны эпізод з бясконцых паляўнічых гісторый дзеда. Падчас адпачынку пасля палявання, адзін з гасцей, нахіліўшыся, нешта прашаптаў старому на вуха. Станіслаў Іваноўскі меў кепскі слых і, недачуўшы, гучна адказаў: «Што такое… а… добрае месца? Пачакай трохі, зараз закончу расказваць пра справы з тым зайцам… Зараз пакажу». І няспешна закончыў свой аповед, не звяртаючы ўвагі на тое, што госць не мог ужо дачакацца фіналу. У канцы ён зноў пачаў шаптаць нешта дзеду на вуха. Тады абодва выйшлі на падворак, і дзед выцягнуўшы перад сабой руку, павярнуўся вакол сябе на адной назе і сказаў: «Дзе толькі хочаш, ажно да самага гарызонту»1010
Камічнасць сітуацыі ў тым, што госць запытаў пра прыбіральню – «wyсhodek», а Іваноўскі напачатку падумаў, што справа ідзе пра «добрае месца» для палявання.
[Закрыть].
Да сваякоў дзед адносіўся па-рознаму. З нявесткай быў вельмі лагодны і падчас размовы з ёй не дазваляў сабе розных дрэнных словаў. З сваёй апошняй жонкай, бабуляй Стасяй, размаўляў трошкі свабадней. З сваімі ўнукамі размаўляў вольна, час ад часу ўстаўляў пікантнае слоўца. Аднак часта бываў сентыментальным, і тады называў унукаў «душачкамі». Перад і пасля абеду хрысціўся. Падчас абеду патрабаваў цішыні і казаў: «Падчас абеду – як у касцёле». Крошкі са стала трэба было сабраць і спаліць, каб не трапілі на сметнік ці іншае бруднае месца. Такім жа чынам дзед шанаваў і жыта. Дажынкавы вянок заўсёды вісеў у яго каля святых абразоў.
Гэта быў сапраўдны чалавек XІX ст., і ў тым стагоддзі ён і застаўся. Але, у той жа час, быў ён прадстаўніком амбітнага і свавольнага класа, які ўжо дажываў свой век.
Першая жонка Станіслава Іваноўскага – Антаніна з дома Рыла-Быкоўскіх, маці Леанарда, памерла ў 1852 г. у досыць маладым веку. Станіслаў застаўся ўдаўцом. Было яму самотна, і ён адчуваў патрэбу ў другім шлюбе. Паўторна Станіслаў ажаніўся з Каралінай Клімантовіч, але і яна, пакінуўшы дзве дачкі, рана памерла.
Калі яго сын Леанард узяў шлюб, Станіслаў Іваноўскі жаніўся ў трэці раз з дачкой свайго суседа Губарэвіча – Стасяй (1843—1917), якой здаўна аказваў сімпатыі. Гэтак у сям’і з’явілася бабуля Стася, якая любіла ўсіх унукаў Станіслава, і яе таксама ўсе любілі як родную.
Пра Губарэвічаў Тадасу Іванаўскасу расказваў стары ляснік Іваноўскіх Вінцук Крывашэй. Стары Губарэвіч, уладальнік двара Галавічполе, быў прадстаўніком збяднелай шляхты, якая ў той час ужо пачала знікаць. Часткова ў гэтым была вінаватая і сама шляхта, бо пасля адмены прыгону не прыстасавалася да новай эканамічнай сітуацыі. Пасля паўстання 1863 г. шмат двароў знаходзілася ў цяжкім стане, эканамічны стан пагаршала яшчэ наложаная на шляхту так званая кантрыбуцыя – грашовая кара за паўстанне.
Маёмасць Губарэвічаў Галавічполе лічылася занядбаным дваром. Ляснік Вінцук казаў, што Губарэвіч нават быў не ў стане абслугоўваць свой статак быдла і здаваў яго ў арэнду яўрэю (таму меў толькі частку малака ад статку). З-за гэтага нават самім панам Губарэвічам не хапала смятаны. Яны бралі малочныя прадукты ў яўрэя ў крэдыт і давяралі ягоным бухгалтарскім запісам. Такая сітуацыя трымалася шмат гадоў, і калі яўрэй пачаў патрабаваць грошы, каб заплаціць, сям’і трэба было прадаць кавалак зямлі.
Аднак Губарэвіч не страціў добрага настрою і ўсё жыццё самааддана паляваў. Трымаў статак сабак, якіх потым перадушылі ваўкі. Стары Вінцук апавядаў, што неяк сабакі схапілі ваўка, а Губарэвіч, які знаходзіўся з тылу, саскочыў з каня і голымі рукамі ўхапіў ваўка за заднюю лапу, пасля чаго паламаў яе на сваім калене.
Губарэвічы часам наведвалі двор у Ішчалне, дзе жылі іх сваякі Важынскія. Бабуля Стася расказвала пра адну непрыемную прыгоду, якая здарылася з ёй падчас такога візіту. Яна ўзяла з сабой любімага коціка і неяк разам з ім пайшла на шпацыр. Кот ішоў каля гаспадыні, калі яго раптоўна атакавалі ішчалнянскія паляўнічыя сабакі. Ратуючыся, кот кінуўся да гаспадыні – ганчакі за ім. Бабуля таксама пабегла, але хутка заблыталася ў крыналінах і ўпала. Тады кот, як у адчыненую браму, убег ёй пад спадніцы і схаваўся. За катом палезлі і сабакі… Пачалася мітусня, енкі, крыкі і ўсё гэта закончылася валяр’янавымі кроплямі.
Бацька Леанард Іваноўскі
У памяці дзяцей ён застаўся нешматмоўным і строгім. Любіў і песціў толькі сваю дачку Алену, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.
З дакументаў бачна, што Леанард Іваноўскі нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. (па старым стылі) у Лябёдцы. Яго маці памерла ў адносна маладым веку, і Леанард рос самастойна, бо бацька Станіслаў меў невялікі ўплыў на свайго нашчадка.
Пасля паўстання 1863 г., з-за матэрыяльных цяжкасцяў, большасць шляхты не магла паслаць сваіх дзяцей вучыцца, і таму трэба з павагай узгадаць старога Станіслава Іваноўскага: ён зрабіў усе, што мог, каб даць сыну сапраўдную адукацыю.
Напачатку Леанард Іваноўскі паступіў у Віленскі шляхецкі інстытут, пасля яго закрыцця ў 1863 г. перавёўся і з добрымі адзнакамі закончыў гімназію №1 у Вільні (знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай1111
Цяпер – Dіdžіojі gatvė.
[Закрыть] і Святога Яна1212
Цяпер – Šventojo Jono gatvė.
[Закрыть] – цяпер гмах універсітэта). Пра яго жыццё ў Вільні вядома не шмат. Здымаў пакой недзе па вуліцы Святога Яна, і потым, калі сын Тадас ужо сам быў студэнтам, паказаў яму вакно сваёй кватэры. Неяк праз тое вакно да яго заляцеў стрыж, Леанард злапаў птушку і зрабіў з яе экспанат, які папоўніў калекцыю ў Лябёдцы.
У гімназіі Іваноўскі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і добра ведаў флору і фаўну Віленшчыны. З гімназічных часоў і да першага прыходу бальшавікоў у Лябёдцы захоўваўся яго вялікі гербарый. Падчас паляванняў у ваколіцах Вільні ён вывучаў раслінны і жывёльны свет. Але пасля паўстання 1863 г. у гімназіста канфіскавалі паляўнічую зброю, і Леанард страціў магчымасць паляваць.
Улетку Іваноўскі прыязджаў да бацькі ў Лябёдку і там аддаваўся сваім захапленням – збіраў гербарый, паляваў, прэпараваў казурак і птушак. Цікаўнасць да біялогіі засталася на ўсё жыццё, але ён выбраў сабе іншую і, верагодна, больш перспектыўную прафесію. Пасля гімназіі малады Іваноўскі працягнуў вучобу ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце.
Пасля заканчэння вучобы, з дыпломам інжынера-тэхнолага, ён паехаў у Сібір, якая прыцягвала сваімі бясконцымі магчымасцямі, тым больш, што там меліся сваякі. Адным з іх быў Юзаф Козел-Паклеўскі, ссыльны ўдзельнік паўстання, які потым стаў у Сібіры багатым чалавекам, ён меў вялікі маёнтак, капальні золата, заводы і шмат лесу. Каля самай мяжы з Кітаем, у Маймачыне, стаяла яго дыстылярня спірту. Хімік Леанард Іваноўскі атрымаў тут сваю першую пасаду, але доўга на ёй не затрымаўся, а дэталёва разабраўшыся з тэхналогіяй дыстылярні, выехаў у Францыю і прадоўжыў там адукацыю. У Францыі працаваў і вывучаў новыя прамысловыя тэхналогіі вырабу спірту і пераканаўся пры гэтым, што ў Расіі справа вырабу спірту знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Потым, праз укараненне еўрапейскіх тэхналогій, малады інжынер змог значна знізіць сабекошт вырабу спірту ў Расіі і зрабіць сабе на гэтым кар’еру.
Ганаровы грамадзянін горада Ліда Леанард Іваноўскі (1845—1919). Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl
Пасля вяртання дахаты Іваноўскі прымяніў веды на вялікім спіртзаводзе ў Варонежскай губерні. Вынікі былі выдатнымі, яму далі вялікі заробак і запрасілі ў склад кіраўніцтва завода. Аднак і тут Леанард Іваноўскі доўга не працаваў, бо яго інжынерныя здольнасці ўжо атрымалі агульнае прызнанне, і яму прапанавалі дзяржаўную пасаду – на пачатку ў Варшаве, а потым і ў Пецярбургу. Працуючы ў Варшаве, па просьбе Міністэрства фінансаў, Іваноўскі напісаў працу па спецыяльнасці («Устройство винокуренных заводов»). Быў вялікім і паважаным аўтарытэтам у сваёй сферы.
Неўзабаве Іваноўскі быў пераведзены ў Міністэрства фінансаў у Пецярбург. Здаецца, інжынер быў задаволены сваёй пасадай, бо дзякуючы ёй не быў прывязаны да аднаго месца. Шмат часу праводзіў у розных дэлегацыях, часам у самых аддаленых кутках Расіі: у Сібіры ці на Урале, дзе кіраваў пабудовай вялікіх хімічных прадпрыемстваў. Быў чалавекам шырокай кваліфікацыі, і неяк яму нават даручылі рэарганізаваць чаканку манет у Пецярбургу, працу выканаў добра і быў узнагароджаны.
У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут (яны пасябравалі падчас перабудовы вінакурні ў Рокішаках) – пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Хэленай Райхель з ваколіц Пятркова. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і, як на тыя часы, мелі добрую адукацыю. Леанард атрымаў за жонку ў пасаг частку маёнтка Райхеляў над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы. Унук Леанарда Іваноўскага Казімір пісаў: «Дзед Леанард, жадаючы выхаваць маладую жонку, цалкам ізаляваў яе ад сваякоў, перасяліўшы на 600 км у Лябёдку, дзе яна мела толькі яго аднаго».
З роду Райхеляў нам вядомы цесць Леанарда Іваноўскага (дзед Алены і Вацлава Іваноўскіх) – барон Амон фон Райхель. Ён паходзіў з Вялікага Княства Пазнанскага і па сямейнай легендзе, служыў у прускім войску ротмістрам гусарскага палка. Гэты полк стаяў каля Гданьска, Райхель нейкім чынам пакінуў ваенную службу і, ажаніўшыся з паннай Хжаноўскай, асеў у Польскім каралеўстве.
Ядвіга Іваноўская з Райхеляў мела сясцёр – Хэлену, Антаніну, Ванду Мамэрту, Хэлену Валерыю, і братоў – Уладзя, Браніслава і Мечыслава. Уладзь меў слабасць да кабет і моцных напояў, і яшчэ яму заўсёды не шанцавала ў карты. Канец свайго жыцця ён дажываў каля сястры ў Лябёдцы. Брат Ядвігі Браніслаў меў сына Мечыслава, які ў ваколіцы Лябёдкі пазнаёміўся з багатай паннай Марыяй (усе звалі яе Мануля) Кандраценка. Пасля паўстання 1863 г. рыма-католікам нельга было набываць маёнткі, і канфіскаваны маёнтак Шайбакполе (раней належаў паўстанцам Александровічам і Плятэрам) за заслугі быў прададзены казацкаму генералу Кандраценку (памёр у 1880 г.). Калі пляменнік Ядвігі Іваноўскай Мечыслаў ажаніўся з Марыяй (дачкой Кандраценка), гэты стары маёнтак перайшоў у рукі Райхеляў.
Як ужо адзначалася, Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой: прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад, бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда падчас свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.
Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім таварыстве аматараў прыроды. У 1898—1905 гг. займаў пасаду прэзідэнта Варшаўскага садоўніцкага таварыства і прымаў актыўны ўдзел у яго працы. Як адзін з заснавальнікаў і фундатараў лідскай гімназіі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ліды.
Паводле ўспамінаў, Леанард быў чалавекам працавітым, любіў парадак і акрэслены рытм жыцця: уставаў рана, заўсёды ў адзін час. Напачатку трошкі працаваў у сваім кабінеце, а потым, хоць Міністэрства фінансаў у Пецярбургу было досыць далёка, заўсёды пешшу ішоў на працу. Вяртаўся з працы таксама пешшу. Жыў далёка ад бацькаўшчыны, але сэрцам быў заўсёды з ёй. Шляхі ўсіх ягоных паездак праходзілі праз Лябёдку. Відавочна, калі вяртаўся з Заходняй Еўропы, адведаць Лябёдку было проста. Але калі нават ён ехаў з усходу, заўсёды выкройваў дзень ці два, якія абавязкова праводзіў дома. Пры гэтым аглядваў сваю гаспадарку і кантраляваў працы, асабліва ў садзе. Калі яго дзеці жылі ў Лябёдцы, яны павінны былі аглядаць гаспадарку разам з ім і слухаць яго заўвагі.
Восенню, звычайна ў верасні, Іваноўскі меў месяц адпачынку. Свядома выбіраў сабе гэты час, каб у маёнтку асабіста займацца ўборкай ураджаю і асабліва ў яго любімым садзе. Сад быў галоўным захапленнем інжынера. Кожную восень часткова выконваўся план Леанарда Іваноўскага: садзіўся новы кавалак саду, новая алея, новая школка маладых дрэўцаў. У апошнія часы перад Першай сусветнай вайной сад займаў ужо каля 20 гектараў. Падчас адпачынку гаспадар рана ўставаў і сам кантраляваў працу. Бываў паўсюдна, усё бачыў, і не дзіва, што мучыў сваіх рабочых, служак і ўсю сям’ю. Калі ён ад’язджаў, усе, нават жонка, уздыхалі свабадней.
Дзеці шанавалі бацьку за яго справядлівасць, працавітасць і мудрасць. Ім нават не прыходзіла ў галаву казаць пра яго дрэнна, бо быў для іх вялікім аўтарытэтам. Аднак сын Тадас заўважыў, што яго бацька меў і недахоп: ён быў кепскім псіхолагам і не бачыў таго, што робіцца ў душы не толькі жонкі, але і дзяцей. Яго адносіны да дзяцей былі суровыя і бескампрамісныя, з-за гэтага даходзіла да балючых канфліктаў, у якія, баронячы дзяцей, заўсёды ўступала маці. Дзеці вельмі баяліся гэтай рысы характару бацькі, і паступова паміж імі з’явілася мяжа, праз якую ўжо немагчыма было перакрочыць. На жаль, гэтая мяжа не дазваляла мець больш блізкія, сардэчныя адносіны. Толькі для адной сваёй дачкі Алёны Іваноўскі быў іншым, больш лагодным і разважлівым, а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.
Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым з сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты ў кароткі гаспадарскі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты.
У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур’ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа… Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя… У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў… У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць… Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве… На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў: гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі, – усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, – простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці… Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў… Але вырабы з Лябёдкі былі па-за канкурэнцыяй. …Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх…»1313
Трэба заўважыць, што і насамрэч 400 гадоў, але «па кудзелі».
[Закрыть]. А ў верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка правеў выставу жывёлы.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?