Текст книги "Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць"
Автор книги: Леанід Лаўрэш
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Абшарнікі і шляхта
Гэта быў вельмі неаднародны клас. Да яго належалі вышэйшыя, сярэднія і дробныя ўладальнікі маёнткаў, якія ў матэрыяльным сэнсе маглі не надта адрознівацца ад сялян (можа, толькі тым, што жылі не ў вёсках, а ў фальварках). Інтэлектуальны ўзровень таксама моцна адрозніваўся, але збольшага адпавядаў матэрыяльнаму стану асобы.
Паўстанне 1863 г. зменшыла колькасць шляхты. Удзельнікі паўстання былі ці забітыя, ці сасланыя ў Сібір, і лёс сасланых быў вельмі розны. Некаторыя прыжыліся ў Сібіры, сярод сасланых было шмат інтэлігентаў (лекары, навукоўцы), і праз нейкі час яны пачалі зарабляць грошы, а адзінкі нават сталі мільянерамі. Іншыя вярнуліся ў Літву, але сваіх двароў не атрымалі, бо былі яны канфіскаваныя і пераважна па нізкім кошце альбо ў растэрміноўку аддадзеныя розным нікчэмнікам, у асноўным ваенным, якія якраз і задушылі паўстанне. Другая частка ўладальнікаў двароў былі агаломшаныя, стэрарызаваныя і думалі толькі пра захаванне сваёй скуры і сваёй зямлі. Мелася забарона на набыццё зямлі католікамі, таму тыя, хто меў зямлю, стараліся ў любым выпадку захаваць яе, а не прадаць прышлым элементам. Цяжкім ціскам для тутэйшай шляхты была гэтак званая кантрыбуцыя, ці грашовая кара, за паўстанне. Гэтыя грошы плаціла ўся шляхта, але я не знайшоў Леанарда Іваноўскага ў спісе асоб, якія плацілі кантрыбуцыю, магчыма таму, што ён фармальна не жыў у Лябёдцы1717
Гл: Виленские губернские ведомости. 1890. №81. С. 5.
[Закрыть]. Да гэтага дадаваўся яшчэ нацыянальны і рэлігійны ўціск. Усе гэта абцяжарвала псіхіку і нараджала безнадзейны настрой, які панаваў сярод нашых уладальнікаў двароў у другой палове XIX ст. У гэткай атмасферы вырасла цэлае пакаленне, і толькі адзінкі з моцным характарам маглі перамагчы прыніжэнне.
Большасць суседзяў Іваноўскіх мелі дрэннае выхаванне і адукацыю. Сярод шляхты цяжка было знайсці чалавека з вышэйшай ці нават сярэдняй адукацыяй. Большасць з іх лічылі, што ў сельскай гаспадарцы навука непатрэбна. Трэба толькі гаспадарыць гэтак жа, як рабілі бацькі. Аднак па-старому ўжо было немагчыма, бо бацькі мелі яшчэ прыгонных сялян, а пасля адмены прыгону працаўнікоў трэба было наймаць. Каб атрымаць грошы, тыя, хто меў лес, прадавалі яго. Пра дынамічнае развіццё гаспадаркі размова не ішла. Усё рабілася па-старому, павольна і прымітыўна.
Пасля паўстанні 1863 г. адбылася селекцыя, у выніку якой край страціў найлепшых людзей – сваю эліту. Ідэалы тых, хто застаўся, не выходзілі за межы дасягнення дабрабыту, але такога дабрабыту, якога можна было асягнуць без вялікіх высілкаў. Тадас Іванаўскас пісаў, што гэтыя людзі ўнікалі ўсяго, што магло парушыць іх спакой, і вельмі баяліся ўладаў – нават з’яўленне жандара ў мундзіры ўзбуджала ў іх страх. «Урадник», а тым болей «пристав» былі іхнім кашмарам, пры іх з’яўленні яны станавіліся ліслівымі і падлыжнымі. А калі ў правінцыю прыязджаў функцыянер высокага рангу, дык яны, каб яму спадабацца, вылузваліся са скуры.
Вялікай страсцю нашай шляхты была гульня ў карты. Для гасцей рыхтаваўся па частунак, пасля якога моладзь танцавала, а старыя, каб не траціць часу, сядзелі за зялёным сталом і гулялі ў карты. Пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які сам быў уладальнікам двара ў Літве, кпіў з недахопаў свайго грамадскага слоя. Ён неяк некалькіх сваіх суседзяў намовіў з’ездзіць у Парыж на Сусветную выставу. Пасля выставы яны яшчэ ўсе разам планавалі наведаць некалькі знакамітых гарадоў. Ваньковіч адправіў сваіх сяброў цягніком, а сам павінен быў выехаць праз некалькі дзён і сустрэцца з імі ў парыжскім гатэлі. Гэтак і адбылося. Пісьменнік прыехаў у Парыж і ў адпаведным гатэлі застаў сваіх суседзяў за зялёным сталом з картамі. Іх не цікавіла сталіца Францыі – ужо два дні і дзве ночы яны не ўставалі з-за картачнага стала.
Напрыканцы XIX ст. наша шляхта не вызначалася выбітным інтэлектам. Мала хто з паноў меў бібліятэку ці нават выпісваў нейкае перыядычнае выданне – усё замяняў каляндар. Рэдка пісалі, і калі была такая патрэба, дык па ўсім доме шукалі атрамант і пяро. Мала хто меў замілаванне да прыроды ці садоўніцтва – усё замяняла паляванне. Некаторыя паны праз паляванне цалкам занядбалі свае гаспадаркі і таму з ахвотай бывалі ў гасцях. Ездзілі па суседзях з нагоды Божага Нараджэння, Вялікадня, Зялёных святаў ці імянінаў, каб выпіць і пад’есці ўдосталь.
Іванаўскас піша, што падчас святаў грошай не шкадавалі, нават калі іх і не было. Не важным было тое, што пасля святаў давядзецца доўгі час адмаўляць сабе ва ўсім. Падчас Божага Нараджэння ці Вялікадня багатыя паны прымалі ў сваім доме шмат гасцей. Госці прыязджалі з касцёла, і пачастункам не было канца: калі адны з’язджалі, другія прыязджалі, і гэтак увесь дзень. Да велікоднага стала не трэба было запрашаць – госці самі знаходзілі талеркі, нажы і відэльцы, наразалі сабе кусы, налівалі трункі ў кілішкі – адным словам, паводзілі сабе вальней, чым у сваёй хаце. Падзяліўшыся на групы, размаўлялі пра гаспадарку, пра тое, колькі пашы яшчэ засталося, пра кароў, банкаўскія пазыкі, новага пробашча. Можна было пачуць урыўкі сенсацыйных размоваў, напрыклад: «Ці чуў пан-сусед, што сын губернатара Аржэўскага, калі вучыўся ў гімназіі, абрабаваў ахвярную скрынку ў Вострай Браме, а на наступны дзень на коўзанцы зламаў нагу?» «То Божая кара», – быў адказ. У іншай групе размаўлялі пра новы гатунак бульбы. «Ён лепшы», – казаў першы. «Гэта праў да», – адказваў другі.
Адбываліся танцавальныя вечарыны, нават вельмі гучныя, якія пачыналіся зранку. Большасць паноў мелі фартэпіяна, і сама пані ці цёця альбо нехта з сваякоў маглі на ім іграць і таму ігралі да раніцы. У Лябёдцы на важных вечарынах іграў аркестр з Васілішак, якім кіраваў шавец Манчынскі. У аркестры акрамя шаўца звычайна быў яшчэ адзін музыка. Яны ўмелі іграць адзін вальс, адну мазурку, адну польку, адзін контрданс – здаецца, гэта быў увесь рэпертуар аркестра. Іванаўскас помніць, што на ўсіх вечарынах ігралі адно і тое, і нават праз шмат гадоў усе іхнія матывы яшчэ жылі ў яго памяці. «Стаіць перад вачыма карціна, як аркестрант Шмуль, дзьмуўшы ў свой інструмент, заснуў на хаду. Але вось галава яго тарганулася, і ён зноў энергічна зайграў. Пачаўся перапынак, і аркестранты адразу засынаюць на крэслах, а моладзь парамі выбягае на падворак, каб падыхаць свежым паветрам і весела пагаманіць. Світанак ужо хутка, ветрык аслабеў, зараз узыдзе сонца, але ў хаце пры свечках каля зялёнага стала старыя яшчэ гуляюць у карты. На падворку вазніцы пачынаюць запрагаць коней».
Сярод уладальнікаў двароў былі таксама і рускія. Гэтыя новыя паны найчасцей атрымалі маёмасць рознымі нячыстымі спосабамі. Сярод іх было шмат ваенных – удзельнікаў задушэння паўстання 1863 г. Менавіта гэтыя новыя ўладальнікі маёнткаў уваходзілі ў склад такіх нячыстых арганізацый, як Саюз рускага народа ці Саюз Міхаіла Арханёла.
Усё расказанае вышэй тычылася сярэдніх ці дробных землеўладальнікаў, але апрача іх былі і вяльможныя паны. У суседстве Лябёдкі знаходзіўся вельмі вялікі двор у Шчучыне – уласнасць князёў Друцкіх-Любецкіх, далей вялікая маёмасць князя Святаполк-Мірскага ў Жалудку, а самым вялікім з магнацкіх быў двор графа Аўгуста Патоцкага ў Гародне. Гэты апошні са ўсімі фальваркамі і лясамі займаў некалькі дзясяткаў тысяч гектараў. Ва ўласных маёнтках гэтыя багачы не жылі – праводзілі час у Варшаве ці за мяжой. Мелі давер да сваіх эканомаў, чыім абавязкам было выцісканне з двароў і дасыланне ўладальнікам максімальных даходаў. Пан з візітам прыязджаў рэдка, заставаўся на некалькі дзён і зноў з’язджаў. Менавіта так рабіў знаны гуляка, уладальнік Гародна Аўгуст Патоцкі, які мог за адну ноч прайграць у карты свой найлепшы фальварак. Ня дзіва, што яго маёмасць растала, як вясновы снег: першымі былі прададзеныя лясы, а сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю за малыя грошы купіў рускі генерал Асатураў1818
Потым у генерала Асатурава маёнтак купіў беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч, жонка якога Ада стала апошнім уладальнікам гэтага маёнтка.
[Закрыть]. Да 1944 г. ў Гародне стаяў палац, які пабудаваў уладальнік маёнтка Людвік Скумін-Тышкевіч каб прыняць там караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пабудаваў уладальнік маёнтка Людвік Скумін-Тышкевіч (кароль быў стрыечным дзядзькам яго жонкі). Палац быў выдатна ўпрыгожаны – ядвабы, габелены і іншыя рэчы для яго купляліся ў Парыжы. Кароль, аднак, гэтак і не наведаў Гародна.
Навакольныя яўрэі
Спецыфічным грамадскім элементам у тыя часы былі яўрэі, у значнай ступені ад іх залежалі ўладальнікі двароў.
Тадас Іванаўскас адзначаў, што які б землеўладальнік не быў – заможны ці бедны – без яўрэя ён абысціся не мог. Усё, што неабходна было з маёнтка прадаць – лес, збожжа, быдла, воўну, лён, садавіну і гародніну, усё гэта куплялі яўрэі і звычайна за нізкі кошт, бо канкурэнцыі не было. Яны былі выдатна арганізаваныя, галоўным у яўрэяў з’яўляўся местачковы равін. Усіх ваколічных паноў равін дзяліў паміж сваімі яўрэямі – кожнаму прыходзіўся адзін ці некалькі землеўладальнікаў. Такім чынам, кожны пан меў свайго яўрэя, а кожны яўрэй – свайго пана. Яўрэі былі вельмі салідарныя паміж сабой і працавалі толькі са сваімі панамі, пры гэтым ніколі не пераходзілі дарогу супляменнікам. Таму не існавала ніякай канкурэнцыі, і ўладальнікі двароў цалкам залежалі толькі ад «сваіх» яўрэяў. «Свой» яўрэй мог быць і карысным для землеўладальніка. Нярэдка можна было пачуць ад таго ці іншага пана, што ўсе яўрэі – гэта банда крывасмокаў, але «мой яўрэй» – чалавек добры і незаменны. «Свой» яўрэй, незалежна ад таго, ці меў нейкую справу, рэгулярна наведваў двор «свайго» пана. Звычайна з’яўляўся на цэлы дзень і размаўляў з пані, з бабуляй, з іншымі членамі сям’і і эканомам, калі той быў. Абходзіў увесь маёнтак, паўсюдна, дзе трэба і дзе не трэба, утыкаў свой нос. Таму дакладна ведаў усю гаспадарку «свайго» пана і разумеў, што можна будзе купіць ці прадаць.
Часам «свой» яўрэй прывозіў з сабой прэзенты. Падчас яўрэйскіх святаў гэта магла быць бутэлька яўрэйскага віна ці маца. Уладальнікі двароў таксама любілі паехаць у мястэчка, асабліва ў гандлёвы дзень, якім у Васілішках быў аўторак. Нежанатыя панічы з дробных гаспадарак не прапускалі ніводнага аўторка. У гэты дзень сюды з’язджаліся розныя людзі і кожны пан прыязджаў да «свайго» яўрэя, а калі яўрэй «меў» некалькіх паноў, дык усе яны збіраліся ў яго. Звычайна візіт быў доўгі. Абмяркоўваліся розныя справы, пілі піва, гарбату, планавалася работа для шаўцоў, краўцоў, рэзнікаў, і «свой» яўрэй потым своечасова арганізоўваў працу гэтых рамеснікаў, дастаўляў усе замоўленыя тавары: цукар, гарбату, баранкі, дрожджы, мыла, цвікі і шмат іншых рэчаў, патрэбных для гаспадаркі. Мала хто з паноў плаціў грашыма. Найчасцей, выдаўшы квіток, усё атрымлівалі ад яўрэя ў крэдыт. Разлічваліся потым, пераважна восенню, пасля продажу збожжа, цялят ці іншага дабра. Тады, уласна, і даходзіла да найгоршых непаразуменняў. Пан часта не мог паверыць у пададзены яму яўрэем рахунак за год, вывучаў выдадзеныя яўрэю квіткі, не пазнаваў свой подпіс і г. д. Калі спрэчка абвастралася, яўрэй звычайна саступаў, але толькі для таго, каб з наступным рахункам кампенсаваць свае выдаткі.
Калі пан здаваў яўрэю ў арэнду цэлы статак кароў, гэта азначала, што арандатар забіраў сабе ўсё малако. Такая дамова называлася «пактам». Уладальніку двара заставалася тады нейкая абмежаваная колькасць малака, але часта і гэтую колькасць ён браў у крэдыт і ў канцы года, калі трэба было разлічвацца, трапляў у складанае становішча. Тое самае было і з садам: яўрэй атрымліваў увесь ураджай. Часта гэта даводзіла да цяжкіх вынікаў: каб атрымаць максімальны збор, сад ламаўся і г. д.
Часам, і нават вельмі часта, яўрэі фінансавалі паноў, пазычаючы ім грошы. Было б гэта не дрэнна, каб не вялікія адсоткі і каб гаспадары двароў інвеставалі сродкі ў развіццё сваіх гаспадарак. Але найчасцей грошы выдаваліся на розныя прыемнасці, напрыклад, на паездку за мяжу, на карнавальны выезд у Варшаву, падчас якога пані і паненкі мелі магчымасць міла праводзіць час і знайсці для паненкі мужа. Для гэтых жа мэтаў браліся пазыкі ў земскіх банках, і большасць суседніх двароў танула ў даўгах. Усё гэта добра апісана ў раманах Элізы Ажэшкі.
Пазычаючы грошы панам, яўрэі маглі калі-некалі і ашукаць. Напрыклад, сусед Іваноўскіх Валейка на вэксаль атрымаў у пазыку ад аднаго з мясцовых яўрэяў немалую суму грошай. Калі надышоў час плаціць, яўрэй прадставіў дакумент, і Валейка заплаціў. Тады яўрэй прынёс яшчэ адзін вэксаль на гэткую ж суму. Сусед адмовіўся плаціць і атрымаў судовы працэс. У судзе стала вядома, што вэксаль і подпіс Валейкі сапраўдныя. Аказалася, што падробленым вэксалем быў першы, але Валейка гэтага не ўбачыў і заплаціў па ім. Судовыя архівы поўняцца падобнымі гісторыямі.
Бывала і адваротнае. Іванаўскас узгадвае гісторыю, калі «католік падмануў яўрэя». Рэктар былога Віленскага ўніверсітэта на добры працэнт пазычыў яўрэям каля 300 рублёў, пры гэтым у заставу атрымаў срэбныя рэчы, як быццам, адпаведнай вартасці. Праз нейкі час рэктар зразумеў, што насамрэч рэчы не срэбныя, а пасрэбраныя. Трэба было неяк ратавацца, і рэктар пачаў расказваць, што застаўныя рэчы ў яго скрадзены і ён аказаўся ў цяжкай сітуацыі. Пачуўшы гэта, яўрэі прыйшлі да яго як быццам вярнуць грошы і забраць свае рэчы, бо меркавалі, што рэктар будзе не ў стане аддаць «срэбныя» рэчы і таму не будзе патрабаваць назад сваю пазыку. Той аднак з вялікай радасцю ўхапіў свае грошы і вярнуў «срэбра».
Тадас Іванаўскас лічыў, што ў часы яго маладосці мелася вялікая розніца паміж яўрэямі ў Польшчы і ў Беларусі. Польскія яўрэі былі салідарныя з палякамі і самі сябе называлі палякамі іудзейскага веравызнання, а нашы, наадварот, маглі толькі дэманстраваць салідарнасць, а насамрэч стараліся быць бліжэй да рускіх. Хто ў гэтым павінен – пытаўся Іванаўскас? І сам адказваў на гэта пытанне: «Думаю, вялікая частка віны ляжыць на нас. Не памятаю, хто сказаў, што кожны край мае такіх яўрэяў, якіх заслугоўвае».
Каталікі не мелі права набываць зямлю, і таму кошты на яе былі нізкія. Гэта выкарыстоўвалі ўсе некаталікі, у тым ліку асобы пратэстанцкіх канфесій. Яўрэі ахвотна куплялі б зямлю, але таксама не мелі такога права. Але яны мелі грошы і куплялі зямлю праз рускіх (беларусаў), запісаўшы яе на чужое імя ці ўзяўшы ў арэнду. Гэткія камбінацыі сустракаліся нярэдка, і ў купленых маёнтках адразу пачынаў высякацца лес на продаж, а зямля распрадавацца па частках1919
Пра аднаго з такіх арандатараў у ваколіцах Лябёдкі Іваноўскіх пісала газета «Кур’ер Віленскі» ў студзені 1913 г.: «Каля маёнтка Ваверка забілі арандатара маёнтка яўрэя Ляса, які ехаў з фальварка Лябёдка ў Багданаўшчыну. Цела арандатара пасеклі на кавалкі… Ляс быў вядомы сваім нялюдскім стаўленнем да ваколічных сялян, і таму яго будынкі перад гэтым неаднаразова падпальваліся». – Гл.: Kurjer Lіtewskі №12, 15 (28) styсznіa 1913.
[Закрыть]. Часта рускі абшарнік, на якога быў запісаны маёнтак, атрымліваў цэнтральную частку маёнтка з дваром, а ўсё астатняе распрадавалася. Такія новыя ўладальнікі двароў усімі спосабамі жадалі зблізіцца з суседзямі, але гэта не заўсёды ў іх атрымлівалася. Большасць сапраўдных гаспадароў маёнткаў глядзелі на іх зверху ўніз. Прыбышы, аднак, мелі заступнікаў сярод чыноўнікаў адміністрацыі родам з цэнтральных губерняў. Сярод чыноўнікаў трапляліся таксама балтыйскія немцы, якія былі большымі русіфікатарамі, чым самі расейцы.
Татары
У гістарычнай Літве жыло нямала татараў. Адны з іх мелі малыя двары, іншыя валодалі толькі кавалкам зямлі і не адрозніваліся ад сялян. Татары самі пра сябе расказвалі, што іх продкі – уцекачы, а можа і добраахвотнікі, якіх князь Вітаўт перасяліў з Крыма ў Літву. Сярод іх найчасцей сустракаліся прозвішчы Шчансновіч, Гасеневіч, Туган-Бараноўскі, Чайзбіевіч і іншыя. У асноўным гэта былі прыстойныя і працавітыя людзі, якія захоўвалі свае традыцыі і веру. Яны не елі свініну, і ў Іваноўскіх расказвалі, як адзін з іх, калі быў у гасцях у Лябёдцы, выбраў з тушанай бульбы ўсе кавалкі смажанай свініны на край талеркі.
Прытрымліваючыся сваіх традыцый, татары імкнуліся да вайсковай службы: стараліся, каб хоць адно дзіцё з сям’і трапіла ў кадэцкі корпус ці хоць бы ў жандары. Улада лічыла татараў «надзейным элементам», бо яны не былі каталікамі ды імкнуліся служыць.
Большасцю ж насельніцтва былі беларускія сяляне – адвечная народная стыхія. Нацыянальнае самаўсведамленне ў нашых сялян толькі пачынала з’яўляцца, – і менавіта для свайго, кроўнага народа, працавалі Вацлаў і Алена Іваноўскія…
Алена Іваноўская і яе браты
Алена (Хэлена) Іваноўская нарадзілася 3 мая 1885 г. у Лябёдцы Лідскага павета чацвёртым дзіцём у сям’і. Як і браты, сярэднюю адукацыю атрымала ў Варшаве. У гэтым горадзе сям’я жыла па адрасе Маршалкоўская, 60, кв. 3. Апошнім часам я часта гуляю па Маршалкоўскай – каля гэтай вуліцы ў Варшаве жыве мой сын. Шпацыруючы тут у студзені 2019 г., я не знайшоў старога дома, дзе жылі Іваноўскія. Зараз Маршалкоўская, 60 – прыгожы, адбудаваны пасля вайны, шасціпавярховік, недалёка ад плошчы Канстытуцыі.
Леанард Іваноўскі нейкі час меў пасаду ў Варшаве, але не быў цесна звязаны з гэтым горадам і часта ездзіў па розных мясцінах Расіі. Гісторык Юры Туронак меркаваў, што ў Варшаву сям’я перабралася не дзеля бацькавых інтарэсаў, а дзеля таго, каб даць дзецям адпаведную адукацыю і акунуць дзяцей у польскае асяроддзе. Тут было больш магчымасцяў прывіць ім імунітэт супраць русіфікацыі, якую лічылі за найвялікшую пагрозу сямейным традыцыям. Калі бацька перабраўся ў Пецярбург (кватэру тут меў у адным з лепшых кварталаў горада ля Ізмайлаўскага праспекта, вул. 6-я рота, д. 10), старэйшыя браты пачалі па чарзе набываць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, а маці заставалася ў Варшаве з двума меншымі дзецьмі – Аленай і Станіславам.
Паездкі з Лябёдкі ў Варшаву ў той час былі працяглымі і запаміналіся дзецям на ўсё жыццё. Тадас Іванаўскас кранальна апісвае апошнія дні перад паездкай на вучобу ў варшаўскую гімназію (думаю, што нешта падобнае перажылі і іншыя малыя Іваноўскія): «Набліжалася восень, і хутка мне збірацца ехаць у Варшаву, дзе трэба было яшчэ падрыхтавацца да навукі ў гімназіі. Але ехаць я не хацеў, бо ведаў, што такое горад і як дрэнна ў ім жыць. А тут, у Лябёдцы, стаялі прыгожыя асеннія дзянькі – ужо выкапалі бульбу, стаяла бабіна лета, у паветры насіліся срэбныя павуцінкі, рабіна і каліна стаялі чырвоныя. У садзе здымалі апошнія яблыкі. Наш садоўнік Лявон Прускі прыводзіў у сад сваіх памочнікаў, якія былі маімі лепшымі сябрамі. Яны збіралі і заносілі ў склад поўныя кошыкі найлепшых яблыкаў. У садзе сохлі снапкі каноплі…
Станіслаў, Тадас, Алена, Вацлаў, Юры (Ежы) Іваноўскія. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl
Мой бацька па дарозе з Пецярбурга ў Варшаву павінен быў заехаць у Лябёдку і забраць мяне з сабой. Што зрабіць, каб не ехаць? Можа, захварэць? Чуў, што людзі, калі трохі замерзнуць, заўсёды хварэюць – можа, і мне паспрабаваць? Парадзіўся з малодшай сястрычкай Аленай і брацікам Стасем. Вырашылі, што трэба мне памерзнуць, для гэтай мэты выбралі балота Кятуркі, што за нашым садам, – месца, дзе пачынала свой бег рэчка Лябёдка. Пайшлі туды ўтраіх. Мае меншыя засталіся на беразе, а я адважна зайшоў у ваду. Папраўдзе, быў да гэтага прызвычаены, бо летам тут часта купаўся. Зараз, аднак, было холадна. Меў на сабе боты з халявамі, але яны хутка прамоклі. Зайшоў глыбей і прамок да паса. Брадзіў тут з паўгадзіны, нават падняў аднаго спазніўшагася бакаса, пасля чаго вырашыў, што хопіць, і вылез на бераг. Зняў боты, выліў з іх ваду, адціснуў штаны і шкарпэткі, а потым зноў апрануўся. Пахадзіў так да вечара, дамашнім не паказваўся, каб не даведаліся, што я нарабіў. Праспаў ноч і на раніцу вырашыў, што я ўжо захварэў. Але дзе там… Нічога са мной не здарылася, застаўся здаровы як рыба. Памятаю, што той ранак быў ясны, халодны, трава на падворку заінела і стала белай, як быццам выпаў снег.
Яшчэ адна ночка – і канец. У тую цёмную раніцу ўсе ўсталі раней. Сняданак елі пры свечках, а ў печках весела трашчалі сасновыя дровы. Нарэшце перад домам стаў воз, наперадзе якога сядзеў наш вазніца Ян Бароўскі. Развітаўся з цётачкай, з дзядамі, сястрычкай Аленай і брацікам Стасем і з усімі іншымі. Потым прыйшла чарга сабак, прытуляў галаву кожнага з іх да свайго сэрца, пачухаў за вушамі, а малую Муху ўзяў на рукі. Толькі ганчакі не прыйшлі развітацца, не было з імі такога сяброўства, як са звычайнымі сабакамі, з якімі я паляваў на птушак». Думаю, што трошкі раней тое самае перажыў і малы Вацлаў, а праз некалькі гадоў гэтак жа перад пачаткам навучання адчувала сябе і Алена Іваноўская. Усе дзеці прайшлі праз развітанне з Лябёдкай, і ўсе захавалі яе ў сваім сэрцы назаўсёды.
Па Тадаса ўжо прыехаў бацька, і трэба было ехаць у Варшаву. З Лябёдкі выязджалі ў бок рэчкі Нявішы, там была невялікая вёска Пілоўня з карчмой, каля якой Іваноўскія заўсёды спыняліся, каб пад’есці і даць адпачыць коням. Карчма – вялікае памяшканне з доўгім сталом і печкай, у якой гарэў агонь. Да вандроўнікаў выходзіў стары, высокі яўрэй з сівой барадой, пэйсамі і ў чорнай ярмолцы на галаве, потым выходзіла і яго жонка. Абое кланяліся Леанарду Іваноўскаму і пачыналі хутка ладзіць вялікі самавар. Вазніца прыносіў з воза кошык, у якім была запакавана ежа: печаныя качкі, хлеб, масла. На стале з’яўляліся талеркі, а каля іх на абрусе хатнія стравы і шклянкі з гарачым чаем.
Пасля Пілоўні быў яшчэ добры кавалак дарогі, але нарэшце прыязджалі на станцыю Парэчча2020
У той час яшчэ не было чыгункі Полацк—Сядлец, па якой да Варшавы можна было даехаць са Скрыбаўцаў.
[Закрыть]. Мураваны будынак вакзала асвятлялі дужыя нафтавыя лямпы. У багажнай зале стаялі вагі, каля іх – гара поўных мяшкоў. Да цягніка заставалася яшчэ шмат часу, і таму чыгуначнікаў вакол было не шмат. Вакзал меў прасторную буфетную залу – Парэчча лічылася вялікай станцыяй, і цягнікі стаялі тут ажно 18 мінут. Бацька з сынам чакалі цягніка на мяккай канапе каля стала, пакрытага белым абрусам. Пра прыезд Леанарда Іваноўскага заўсёды даведваліся розныя інтарасанты, яны штохвілінна падыходзілі да яго паразмаўляць пра свае справы.
Але вось ужо хутка павінен падысці цягнік – у памяшканні вакзала запанавала ажыўленне, запалілі больш лямпаў, з’явіліся службоўцы ва ўніформе і новыя пасажыры. Пад’ехаў цягнік, пачуўся ўдар у звон, і чыгуначнік гучна выкрыкнуў: «Станция Поречье, 18 минут». Праз адчыненыя дзверы з вагонаў выйшлі пасажыры, першыя з іх – вайскоўцы, абступілі буфет, пілі з чарак розныя напоі, а потым ішлі да сталоў, каб павячэраць, – для дзяцей Іваноўскіх гэта былі чужыя, непрыемныя, нават нікчэмныя людзі. Пакуль пасажыры вячэралі, малыя з бацькам ішлі ў вагон займаць свае месцы.
Цягнік ішоў усю ноч, і на ранку Іваноўскія былі ўжо ў Варшаве. Станцыя знаходзілася ў прадмесці Прага, адтуль да кватэры па Маршалкоўскай трэба было ехаць на другі бераг Віслы. Вазніца вёз іх праз жалезны мост над вялікай ракой, потым праз дужую плошчу, а потым шырокімі варшаўскімі вуліцамі. Было яшчэ зусім цёмна, холадна, панура. Нязвыкла для лябёдскіх дзяцей свяцілі нафтавыя ліхтары. Вось нарэшце і вуліца Маршалкоўская, 60. Тут іх ужо чакала маці і звычайна нехта са старэйшых братоў. Па белых мармуровых сходах Іваноўскія паднімаліся на трэці паверх і ўваходзілі ў добра асветленую кватэру. Віталіся з мамай і братамі. Вялікі стол, шум кіпеню, свечкі, яшчэ цёплыя булачкі і іншая ежа – тут, у Варшаве, яны мелі сапраўднае сямейнае, утульнае гняздо.
Малыя Іваноўскія з задавальненнем хадзілі ў парк Лазенкі – даўнюю летнюю рэзідэнцыю караля Рэчы Паспалітай. Быў там вялікі парк са ставам, а ў ставе карпы, якія гэтак прызвычаіліся да чалавека, што бралі дробкі хлеба з рук. У ставе плаваў статак белых і чорных лебедзяў. Лебедзі таксама былі хатнімі і ахвотна хваталі кінутыя ім кавалкі печыва. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай вялікую частку каралеўскай маёмасці забраў рускі цар, і Лазенкі таксама належалі яму. Дзеці ведалі гісторыю пра тое, як нейкі вучань гімназіі зрабіў сабе прымітыўную вуду і злавіў карпа. Яго заўважыў вартаўнік, і віну гімназіста кваліфікавалі як крадзеж прыватнай маёмасці асабіста ў цара, за што вучань павінен быў атрымаць суровую кару. Толькі пасля дапамогі ўплывовых асоб неяк удалося справу заладзіць.
У якой Варшаўскай гімназіі вучылася Алена, невядома. Яе старэйшы брат Вацлаў на пачатку 1890-х гг. паступіў у 5-ю мужчынскую гімназію, якая змяшчалася ў прыватным будынку на рагу Маршалкоўскай і Пенкнай вуліц (зараз тут плошча Канстытуцыі), і скончыў яе ў чэрвені 1899 г. Улічваючы розніцу ва ўзросце ў пяць гадоў, Алена павінна была вучыцца прыкладна да 1904 г.
На працягу года вучобы ў гімназіі дзеці мелі тры доўгія адпачынкі: два з паловай месяцы летам і па тры тыдні на Каляды і Вялікдзень. Увесь гэты час яны бавілі ў Лябёдцы. Калі падыходзілі вакацыі – пачыналі лічыць дні, а потым гадзіны да моманту, калі можна будзе паехаць дахаты. Цягнік у бок станцыі Парэчча па чыгунцы Варшава—Пецярбург адыходзіў каля поўначы. Усю ноч праводзілі ў вагоне і прыязджалі ў Парэчча каля 8-й раніцы. Дзеці ведалі, што паміж станцыямі Лапа і Беласток чыгуначная лінія праходзіць праз Нараў і што гэта рака – мяжа паміж Польшчай і гістарычнай Літвой. Нараў праязджалі каля 5-й гадзіны раніцы. Дзеці стараліся не спаць і ўважліва ўглядаліся ў цемру за акном вагона, каб убачыць тую гістарычную мяжу іхняй радзімы. Пасля Нарава цягнік хутка перасякаў Нёман і спыняўся каля вакзала ў Гродне. Ад Гродна заставалася толькі адна станцыя, толькі 25 км да Парэчча.
У Парэччы гімназісты як хутчэй беглі на плошчу каля вакзала, каб убачыць коней, прысланых з Лябёдкі. Колькі радасці яны адчувалі, калі знаходзілі дужыя лябёдскія драбіны з двума сядзеннямі, прыкрытымі вясковымі дыванкамі. Прыязджалі па іх Ян, Вінцук ці Пятрук – дзеці сардэчна віталіся з вазніцамі, а потым і з коньмі. У Лябёдку вяла доўгая, кепская дарога праз лес і палі – але якой яна была для іх мілай у параўнанні з вуліцамі Варшавы! Па дарозе, каля Глушняў, мелася вялікае возера, і далей цягнуліся лясы з малымі і вялікімі балотамі. Потым лес канчаўся і дарога ішла каля шырокага Берштанскага возера і рэчкі Котры, якая ўвесну шырока разлівалася. Праз рэчку быў перакінуты няроўны мост, выкананы з круглых калод, мост калыхаўся, калі брычка праязджала па ім – коні ішлі тут асцярожна, фыркалі і туліліся адзін да аднаго. Пасля моста пачыналася балоцістая, няроўная дарога. Толькі вечарам, у паўзмроку Іваноўскія прыязджалі дадому.
У гэтым месцы аповесці самы раз будзе паразважаць пра нацыянальнае самаўсведамленне маладых Іваноўскіх.
Гісторык Юры Туронак паказаў, што Леанард Іваноўскі быў прадстаўніком таго пакалення беларускай шляхты, якое не размяняла яшчэ традыцыйнага паняцця вялікалітоўскай бацькаўшчыны на тры сучасныя нацыянальнасці – беларускую, польскую і летувіскую. Закранаючы гэтае пытанне, яго сын Тадас (летувіс) напісаў у сваіх успамінах, што бацька лічыў сябе за ліцвіна ў гістарычным сэнсе. Ніводзін з даследчыкаў не згадвае пра які-небудзь удзел Леанарда ў працы польскіх арганізацыяў, няма ўказанняў і на тое, каб ён цікавіўся літоўскім ці беларускім нацыянальным рухам.
Магчыма, я знайшоў сляды дзейнасці яго сына Тадаса для летувіскай культуры вакол Лябёдкі, бо ў верасні 1913 г. віленская газета «Кур’ер Літоўскі» паведамляла: «У гэту нядзелю ў маёнтку Лябёдка сп. Л. Іваноўскага адбылася нарада некалькіх прадстаўнікоў летувіскага руху, якія прыехалі з Вільні з мэтай увядзення дадатковага летувіскага набажэнства ў парафіяльным Васілішскім касцёле. Гэтае жаданне летувісаў трэба лічыць беспадстаўным, бо ў васілішскай парафіі, можа, ёсць толькі пара вёсак з мешаным насельніцтвам…» Адразу, у наступным нумары, уладальнік маёнтка Леанард Іваноўскі адказаў, што насамрэч адбылася «выстава сялянскіх кароў і выступ урадавага агранома перад сялянамі, якія сабраліся на выставу. Ніякай нарады не было; пра ўвядзенне летувіскай мовы ў касцёле не можа нават ісці размовы, бо ў васілішскай парафіі наогул няма вёсак з мешаным, польска-літоўскім насельніцтвам». Магчыма, сын Тадас правеў ці жадаў правесці адпаведную нараду, але, як і ў выпадку з выданнем беларускай газеты «Свабода» (глядзі далей), умяшаўся бацька і спыніў дзейнасць свайго сына. Цікава, што праз шмат гадоў дзеці Тадаса прыязджалі ў Лябёдку як на святую, адвечную летувіскую зямлю. Не ведалі яны, што пісаў іх высокаадукаваны дзед.
Яшчэ праз некалькі нумароў «Кур’ера Літоўскага» вікары касцёла ў Васілішках ксёндз Янкянец паведаміў, што насамрэч у парафіі няма ніводнай мешанай вёскі. Трэба дадаць, што ў той час ужо меліся сур’ёзныя нацыянальныя праблемы з летувісамі ў Радунскай, Нацкай і Дубіцкай каталіцкіх парафіях Лідчыны.
Тадас Іванаўскас пісаў, што мова тутэйшых абшарнікаў мела выразныя дамешкі беларускай і літоўскай моваў, акцэнт і сінтаксіс нашай шляхты адрозніваў іх ад сапраўдных палякаў гэтак моцна, што людзі з Польшчы з цяжкасцю разумелі мясцовую польскую гаворку. Жыхары гістарычнай Літвы адрозніваліся ад палякаў псіхікай, спосабам мыслення і тэмпераментам і яшчэ лічылі сябе ліцвінамі. Існаваў нават адносны антаганізм паміж ліцвінамі і палякамі – не нянавісць, але выразны брак зычлівасці. Ліцвіны кпілі з палякаў, лічылі іх несур’ёзнымі хлусамі і ведалі сотні анекдотаў пра іх. Палякі адказвалі тым жа, высмейвалі мясцовую мову, павольны характар, звычаі і г. д. Тадас лічыў, што з боку палякаў мелася нават пэўная агрэсіўнасць. У іх вачах Літва была толькі правінцыяй Польшчы, а ліцвіны – падпарадкаваным народам, які павінен быць удзячным за унію, хрысціянскую веру, мову, культуру і іншыя польскія даброты.
У Лябёдку калі-нікалі наведваліся госці з Польшчы, часам тут працавалі людзі з Польшчы. Неяк, каб зрабіць артэзіянскую свідравіну, выклікалі гідратэхніка-паляка. Іванаўскас і праз шмат гадоў з абурэннем узгадваў словы гідратэхніка: «У Польшчы ралля прыемна пахне, а ў вас смярдзіць».
Іваноўскія жылі сярод беларускага народа – іх акружала сапраўднае «беларускае мора», якое ўплывала на іх самаўсведамленне. Не магу не прывесці некалькі вялікіх цікавых фрагментаў з успамінаў Тадаса Іванаўскаса, якія дазволяць нам зразумець, у якім асяродку гадаваліся Іваноўскія-дзеці: «Падчас хатняй працы (у Лябёдцы. – Л. Л.) спявалі прыгожыя песні. Апавядалі розныя праўдзівыя і непраўдзівыя гісторыі. Дамінуючай мовай быў страшны польскі жаргон (калі работнікі звярталіся да маёй бабулі – старэйшай пані) ці беларуская мова (калі старэйшая пані не звяртала ўвагі, засынала ці не прымала ўдзелу ў размове). Прыгодніцкія аповеды былі спецыяльнасцю жыхаркі Шайбакполя Батурыхі, на яе польская панская мова цалкам не мела ўплыву. І хоць служыла ў Лябёдцы шмат гадоў, яна і яе сын Антон захавалі сваю родную мову ў поўнай чысціні. Яны расказвалі вельмі цікавыя гісторыі. Вось адзін з іхніх аповедаў, які потым мне адмыслова нагадваў Антон: «Гэта было ўжо даўно-даўно. Адзін чалавек з нашай вёскі прамануў ісці некуды далёка-далёка-далёка. Ішоў ён колькі дзён ці колькі нядзель, ды ж захацеў есці. Ажно бачыць – хата ды чалавек на ўслоні сядзіць і нешта робіць. Прыйшоў ён да таго чалавека і просіць есці. «Добра, – кажа той чалавек, а сам нешта лічыць і кідае ў гаршчок. – Пачакай крыху, хутка будзе вячэра». – «А што гэта ты кідаеш у гаршчок?» – пытае ён таго чалавека. «Гэта лушчэнчыкі», – адказвае той. Зварыўшы гэтых лушчэнчыкаў, падалі вячэру. Падарожны, добра пад’еўшы, стаў углядацца, што гэта за лушчэнчыкі, толькі зірк-зірк, а гэта былі мышы».
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?