Электронная библиотека » Леанід Лаўрэш » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 26 сентября 2024, 07:02


Автор книги: Леанід Лаўрэш


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

У тагачаснай Беларусі не хапала добрых рамеснікаў, і інжынер здаўна хацеў арганізаваць у Лябёдцы школу садаводства, і таму здабыў у адпаведным міністэрстве дазвол на яе адкрыццё. Школа пачала працаваць перад Першай сусветнай вайной, і разам з садаводствам ў Лябёдцы неафіцыйна выкладалася і польская мова. Гэтым займаліся жонка Леанарда Ядвіга і яе сястра Хэлена. З таго часу ў сям’і памяталі амаль што анекдот, як падчас вывучэння назваў раслін беларускія дзеці на слых успрынялі фразу: «Дуб ёсць дрэва, а ляшчына куст» як «Дуб ёсць дрэва, але сцыць на куст». Маладых сялян прымалі ў маёнтку для практыкі ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла– і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Для будучай школы выбралі месца ў блізкім суседстве з Лябёдкай, у вёсцы Банюкі. Будаўнічы матэрыял даў дзяржаўны лес, але ў 1914 г. пачалася Сусветная вайна, і будынак школы не быў пабудаваны.

У апошнія гады перад Сусветнай вайной Лябёдка перажывала свой «залаты век». У гаспадарцы ўсталяваўся добры парадак, палепшылася агратэхніка, з’явіўся дрэнаж, усталявалі сучасныя машыны, купілі статкі пародзістага быдла, вырас добры сад. Гэта быў момант найвышэйшага ўздыму маёнтка. Але выбухнула вайна, край агарнула гарачка мабілізацыі. Як і звычайна, увосень 1914 г. Іваноўскі меў чарговы адпачынак. Пасля заканчэння адпачынку ён вярнуўся ў Пецярбург і адразу пайшоў у адстаўку. Пра адстаўку марыў даўно і бачыў сваё жыццё на пенсіі ў рамантычным свеце: будзе жыць у Лябёдцы, займацца гаспадаркай, меліярацыяй ці іншымі добрымі рэчамі. Думаў, што яго высокі ранг сапраўднага дзяржаўнага дарадцы гарантуе аўтарытэт і павагу, акрамя таго перад пенсіяй спадзяваўся атрымаць ранг тайнага дарадцы1414
  Ранг тайнага дарадцы Леанарду Іваноўскаму быў нададзены 4 лютага 1916 г. калі ён жыў пад нямецкай акупацыяй.


[Закрыть]
. Усё змянілася: знікла старая ўлада, яго чыны страцілі значэнне, знік капітал, які захоўваўся ў пецярбургскіх банках. А ў 1915 г. раскватараваныя ў маёнтку рускія войскі знішчылі сады і школку маладых дрэў.

Хутка прыйшлі немцы. Начальнікам павета (kreіsu) быў прызначаны нейкі Фікель, і ў Лябёдцы пасялілася група гвардзейскіх афіцэраў. Адстаўны інжынер перастаў панаваць у сваім доме, і яго нават на нейкі час пасадзілі пад варту ва ўласнай піўніцы за спробу аказваць супраціў. Некаторыя суседзі, якія раней не прапускалі ніводнага дня нараджэння ці імянін сапраўднага дзяржаўнага дарадцы, каб не выказаць сваю павагу, цалкам перасталі звяртаць на яго ўвагу.

Пад канец Першай сусветнай вайны здароўе Іваноўскага пахіснулася. Новыя акалічнасці жыцця паламалі яго, і гэта быў ужо не той генерал (як любілі яго называць суседзі), а звычайны ўладальнік спустошанага маёнтка. Памёр Леанард Іваноўскі ў 1919 г.

Яго жонка, Ядвіга Іваноўская, расказвала дзецям, як у яго апошнія дні яна вызвала для споведзі з Васілішак ксяндза Сакалоўскага, але бацька катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Тады маці пачала прасіць Іваноўскага хоць проста паразмаўляць з госцем – спадзявалася, што размова натуральным чынам перарасце ў споведзь. Размова першапачаткова ішла ціха, але хутка інжынер пачаў нешта гучна казаць. Жонка зразумела, што ён востра распякае ксяндза, і паспяшалася закончыць візіт.

Леанард Іваноўскі быў пахаваны ў Лябёдцы. Яшчэ за некалькі гадоў да смерці ён атрымаў дазвол на адкрыццё могілак для сваёй сям’і ў межах свайго маёнтка. Месца было выбрана ў кіламетры ад дома і мела назву Буянаўшчына – сухі пагорак ў сасновым лесе, абсаджаны дубамі. Да могілак правялі дарогу.


Унук Леанарда Казімір Іваноўскі ўспамінаў: «Бабулю Ядвігу памятаю па Лябёдцы і па Вільні, куды яна прыязджала штогод пагасцяваць у наш дом. Памятаю, як яна прыходзіла ў наш пакой, каб пажадаць добрай ночы і прачытаць апавяданне Джэка Лондана. Памерла 11 верасня 1934 г. ва ўзросце 83 года. Калі яна ўжо цяжка хварэла, з Варшавы ў Вільню прыехаў Стэфан Іваноўскі (сын Вацлава Іваноўскага. – Л. Л.) і прывёз у Лябёдку доктара Умястоўскага. Гэты чалавек быў старым сябрам сям’і і пажыццёвым доктарам бабулі…

Добра памятаю пахаванне бабулі. Сабралася ўся сям’я і ваколічны народ. Жалобную імшу правёў пробашч касцёла. …Памятаю кароткую жалобную прадмову сябра сям’і Абрама Гардона, яўрэя з Васілішак. Сваю прамову Абрам закончыў гэтак:

– Ці пані Іваноўская заслужыла неба?

– Так, – выдыхнулі ўсе людзі.

– Голас народа – голас Бога, – закончыў Абрам. Быў ён ужо добра падпіты, бо пасля гэтага народнага рэферэндуму па прызначэнні неба для нашай бабулі, дадаў:

– Хай жыве пані Іваноўская! …у сэнсе… у нашай памяці.

Якой вялікай павагай карысталася бабуля сярод суседзяў, гэта бачна з таго, што было вырашана ўзяць труну з катафалка і ўсю дарогу да могілак, даўжынёй больш за кіламетр, несці на руках. Была пахавана ў вялікім сямейным склепе, разам з дзедам Леанардам. Калі ў 1939 г. прыйшла Савецкая ўлада, удзячны народ павыцягваў труны, павыкідваў парэшткі і гуляў чарапамі як мячыкамі. Калі прыйшлі немцы, мы пазбіралі косткі і там жа ў склепе проста закапалі іх глыбока ў зямлю».

Маёнтак Лябёдка

Лябёдка разам з фальваркамі мела 500 га зямлі. Знаходзілася яна 40 км ад Ліды і 120 ад Вільні. Валасным (потым гмінным) мястэчкам з’яўляліся Васілішкі, да якіх было 6 км. Каля паловы жыхароў Васілішак складалі яўрэі. З Лябёдкі туды ездзілі па пошту, на закупы, на кірмашы, там жа быў і пастарунак паліцыі. Закупы рабілі ў краме спадарыні Фэйгус, якая гандлявала «і мылам і шылам». Там можна было купіць усё, ад шмаравідла для воза і газы да селядца з галантарэяй. У мястэчку меўся яшчэ аптэчны склад Каўфмана, які славіўся рэцэптурай мазі для росту валасоў.

З гэтай маззю адбылася такая справа. Падчас Першай сусветнай вайны мясцовы нямецкі камендант мястэчка паслаў свайго ардынарца да Каўфмана па гуталін. Сапраўднага гуталіну ў продажы не знайшлося, і Каўфман прадаў немцу саматужны выраб. Пасля чысткі ботаў гэтым саматужным гуталінам прыгожы раней абутак каменданта стаў мець выгляд варты жалю. Каб пакараць гандляра, камендант загадаў вымазаць Каўфману галаву яго саматужным гуталінам. І ў раней лысага, як калена, гандляра выраслі валасы! Пасля гэтага Каўфман больш не гандляваў гуталінам, а прадаваў толькі свой цудоўны эліксір для валасоў.

Мястэчка Васілішкі мела барочны касцёл, у якім шмат гадоў працаваў ксёндз-дэкан Цыраскі. Ксёндз быў вельмі энергічным чалавекам і кожнаму казаў толькі праўду. Расказвалі пра яго такую байку. У яўрэйскім аўтобусе, які ішоў у Вільню, ехаў знаны ў акрузе дзялок, пан Віславух. Каля яго сядзеў сціплы ксёндз у старой сутане. Свецкі чалавек Віславух пачаў расказваць вясковаму пробашчу пра цуды матарызацыі. Ксёндз падтакваў. Каб яшчэ больш узвысіцца над прастаком, Віславух сказаў:

– Калі будзеце ў Вільні, дык запытайце, дзе вуліца Віленская. Там пад нумарам 4 ёсць кнігарня Руцкога. Прашу туды зайсці і спытаць кнігу «Маё жыццё і справы» Генры Форда. Гэта такі спадар, які першым пачаў вырабляць добрыя аўтамабілі, ксёндз, пэўна, пра яго не чуў. У той кніжцы Форд гэтак проста ўсё патлумачыў пра аўтамабілі, што нават і ксёндз зразумее.

На што святар адказаў:

– А калі вы будзеце ў Вільні, дык прашу зайсці ў тую ж кнігарню і папрасіць тую ж кнігу, адгарнуць яе на тытульнай старонцы і ўбачыць тое, што напісана пад загалоўкам: «Пераклаў з англійскай мовы А. Цыраскі». Дарэчы, Цыраскі – гэта я1515
  У другой версіі гэтай байкі ксёндз ехаў у Варшаву.


[Закрыть]
.

Аднак парафіяльным касцёлам Іваноўскіх быў касцёл пад вызнаннем св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках – 2 км ад мястэчка Васілішкі ў бок рэчкі Лябёдка. Гэты неагатычны касцёл быў пабудаваны амаль што ў адзін час з лябёдскім домам, г. зн. каля 1904 г. Леанард Іваноўскі з’яўляўся адным з яго фундатараў, і таму па правы бок ад алтара стаяла лава калятараў Іваноўскіх (перад ёй мелася меншая лава сям’і Райхеляў). А вітраж з гербамі Райхеляў і Іваноўскіх на адным з вокнаў касцёла быў фундаваны бабуляй Ядвігай Іваноўскай. Гэты вітраж зрабілі ў кракаўскай майстэрні. Касцёл меў багаты роспіс на сценах і столі, па легендзе, мастак, які гэта намаляваў, не меў рук і працаваў нагамі. Потым адукаваныя парафіяне казалі, што калі ацэньваць мастацкі ўзровень роспісаў, дык у гэта можна і паверыць…

Тадас Іванаўскас успамінаў, што самымі набожнымі з яго родных быў дзед Станіслаў і яго жонка бабуля Стася. «А самым вялікім тэолагам з’яўляўся сталяр Казюк Пятачок. Пятачок – гэта не прозвішча, а мянушка. Пятачок меў славу самага вядомага тэолага ў Лябёдцы, бо прызвычаіўся каментаваць тэксты касцельных малітваў. Напрыклад, ён быў глыбока перакананы, што Хрыстос меў вялікія сантыменты да палякаў і таму выбраў час і месца сваёй смерці «за польскім Пілатам». На слых сталяр у касцёле ўспрымаў слова «понскім» як «польскім».

Іванаўскас пісаў, што яго бацька жыў сапраўдным вальнадумцам, якім чалавека магло зрабіць толькі XІX стагоддзе. Маці была веруючай, але вельмі талерантнай, і ніколі не прымушала сваіх дзяцей да рэлігійных практык. Пра веру ў Бога яна казала, толькі калі хварэлі дзеці.


Ад пачатку двор у Лябёдцы складаўся з самой Лябёдкі і фальварка Тэрэспаль, які Леанард Іваноўскі купіў у сваёй мачыхі, нейкім чынам абмінуўшы пры гэтым закон, які забараняў продаж зямлі рыма-католікам. У Тэрэспалі не было ніякіх будынкаў, і таму фальварак проста далучылі да Лябёдкі. Тут раслі толькі дзве вельмі старыя пірамідальныя таполі і мелася старая студня, якая патроху западала, покуль цалкам не знікла. Каля 1900 г. таполяў ужо не было, не было ўжо і назвы Тэрэспаль – месца пачало называцца Зязюлька. Потым да Лябёдкі далучылі яшчэ адзін фальварак – частку Галавічполя, які Леанард Іваноўскі таксама купіў у бабулі Стасі, а яшчэ пазней – калі былі зняты абмежаванні для католікаў – у Франскевічаў купіў двор Рагачоўшчына (некалькі кіламетраў на поўдзень ад Лябёдкі).

У канцы XІX ст. у Лябёдцы стаялі старыя, драўляныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі па чарзе іх бурыў і замяняў новымі, з якіх частка была цалкам мураванымі, а частка – толькі на палову з цэглы. Самымі галоўнымі будынкамі лічыліся: дом для службы – афіцына, дом дзеда Станіслава ў садзе (у сям’і яго звалі дамок), вялікая стадола, дзве стайні, абора, два хлявы, млын з рухавіком і кузня каля яго, старая кузня каля лесу, чатыры шопы, тры хаты для парабкаў (у кожнай хаце па некалькі кватэр), птушнік, шэсць малых стадол, свіран, тры будынкі пад садавіну, некалькі піўніц пад гародніну ды іншыя малыя будынкі.

Акрамя гэтага фальваркі Галавічполе і Рагачоўшчына мелі ўласныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі вельмі любіў свой маёнтак, увесь час прыдумляў нешта новае, развіваў і паляпшаў старое. Іваноўскія мелі шмат лугоў, і ён, выкапаўшы асушальныя равы, паправіў усе свае лугі. Звазіў камяні з палёў і выкарыстоўваў іх для будаўніцтва. Асушаў палі, выцінаў хмызняк і малавартасныя дрэвы і на іх месцы пасадзіў ладны кавалак лесу. Іваноўскі клапаціўся пра сад і школку маладых дрэваў. Новы сад у Лябёдцы быў пасаджаны каля 1867 г., а школка маладых дрэў з’явілася каля 1885 г. Школка і сад забяспечвалі мясцовы рынак, але хутка для збыту маладых дрэўцаў і садавіны інжынер знайшоў новыя рынкі: такія вялікія гарады, як Пецярбург, Масква і Варшава патрабавалі шмат садавіны. Хутка садавіна з Лябёдкі атрымала добрую рэпутацыю ў гандляроў і пакупнікоў, да таго ж яна неаднаразова ўзнагароджвалася рознымі медалямі на выставах. Восенню маштабы працы ў лябёдскім садзе ўражвалі: нанятыя працаўнікі пад наглядам усіх мабілізаваных членаў сям’і збіралі садавіну і звозілі яе ў склады, тут ураджай перабіраўся, пакаваўся, пералічваўся і потым грузіўся на вазы, пасля чаго яго везлі да бліжэйшай чыгункі. Раней гэта была Ліда (45 км), а з 1907 г., калі пабудавалі новую чыгуначную лінію, – станцыя Скрыбаўцы (каля 20 км ад Лябёдкі). Пасля гэтага пачыналі назапашваць садавіну на зіму ў вялікай піўніцы пад домам. Шмат пладоў вывозілася для ўласнага ўжытку ў Варшаву ці Пецярбург, бо ўсе Іваноўскія былі аматарамі садавіны – за час, калі дзеці вучыліся ў гімназіях, а потым набывалі вышэйшую адукацыю, яны самі і іх шматлікія сябры з’елі неверагодную колькасць лябёдскай садавіны.

У школцы маладых дрэў таксама было шмат працы, і працаваў там не толькі садоўнік з 4—5 памочнікамі, але яшчэ і практыканты, шмат нанятых працаўнікоў і члены сям’і – часцей сыны Вацлаў і Тадас. Бацька даверыў ім лекаванне дрэўцаў, іх сарціроўку, прышчапленне і г. д. Дзеці мелі шмат працы, і таму больш старшы і хітры Вацлаў стараўся перакласці яе на Тадаса, а той як мог імкнуўся цалкам пазбегнуць працы. Але дзеці мелі строгага бацьку, і таму ў іх нічога не атрымлівалася.

Гаспадарка ў Лябёдцы адрознівалася ад суседніх. Яна патрабавала шмат служачых і яшчэ больш рабочых рук. Лябёдка насамрэч больш нагадвала прамысловае, а не аграрнае прадпрыемства, тым больш, што ўвесь час будаваліся новыя спецыялізаваныя будынкі, закупаліся машыны, бурыліся артэзіянскія свідравіны і г. д.


У Лябёдцы з былых часоў стаяў вялікі, тыповы для старых двароў драўляны дом, крыты гонтай, з дужым ашклёным ганкам з боку падворка, з шырокім балконам і мансардай уверсе. З боку сада знаходзілася вялікая веранда з дошак. Яе дах апіраўся на белыя, драўляныя слупы, а сходы з веранды вялі ў парк. З другога боку дома быў «чорны» ўваход у пякарню і кухню. У доме меліся наступныя памяшканні: слынны ў сям’і «дамскі пакой», «пакой дзядулі», сталовая, дзіцячы пакой, спальня, «птушыны пакой», найбольшым быў гасцінны пакой, альбо па-іншаму «салон», два кабінеты, далей, каля пякарні, меўся пакой ахмістрыні, потым «цёмная ізба», кухня, вялікая камора – «спіжарня» і нарэшце, наверсе, малая зала, у якой толькі ўлетку жыла цётка – малая зала не мела печкі.

Гэты дом, з якім звязаныя найлепшыя ўспаміны ўсіх дзяцей Леанарда Іваноўскага, быў пабураны ў 1901 г., і на яго месцы пабудаваны вялікі, мураваны, двухпавярховы з чырвонай цэглы сапраўдны палац у стылі мадэрн з элементамі неаготыкі. У плане ён нагадваў літару «L» (Lebіodka) і меў вялікую колькасць пакояў.

Ад старога дома захавалася толькі частка з верандай. Трохі пераробленая, яна была перанесена ў сад. Потым, пасля Першай сусветнай вайны, Алена Іваноўская перанесла гэты дом у вёску Капцюхі, дзе ён згарэў падчас пажару.

Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра гэты стары дом, які, каб адрозніць яго ад «палаца», усе звалі «дамком». Казімір Іваноўскі ўспамінаў, што дамок быў вельмі мілай, драўлянай, аднапавярховай халупкай памерам 22 на 15 м. Уваходзілі ў яго праз зашклёны ганак. Летам там прыемна было пасядзець на лавах, а зімой ганак з’яўляўся добрай заслонай ад халоднага ветру, снегу і марозу. Менавіта тут у свой час зладзілі алтар і хрысцілі малога Казіміра.

З ганку ўваходзілі ў вялікі перадпакой, адтуль двое дзвярэй вялі ўнутр дома. За левымі дзвярыма была вялікая сталовая, адначасова яна з’яўлялася і салонам. За правымі дзвярыма мелася вялікая кухня з вялікай хлебнай печчу. Каля печы стаяла вялікая кухонная пліта на чатыры фаеркі. У ёй заўсёды гарэў агонь. Тут гатавалася ежа для сям’і малодшага з братоў – Станіслава Іваноўскага, а ў вялізным чыгунным сагане варылася бульба для парсюкоў. Часта, прагаладаўшыся, дзеці кралі тую вараную бульбачку. На ўскрайку пліты заўсёды стаялі вялікія чорныя гладышы – гліняныя збаны з сквашаным малаком, якое адстойвалася на тварог. За печчу меўся ўмураваны ў яе 100-літровы кацёл, у ім грэлася вада для мыцця і прання бялізны. Кухня была цёплай, утульнай, пахла малаком і свежым хлебам. Не шкодзіла ёй нават вялікая колькасць мух улетку. За кухняй меўся яшчэ адзін жылы і адзін службовы пакой, у якім у 1930-я гг. жыла ахмістрыня Мяланья. Мяланья кіравала хатняй гаспадаркай – кухняй, хатняй птушкай і свінкамі. Страціла сваю сям’ю і ў Іваноўскіх знайшла другую.

Усе пакоі, за выняткам кухні, былі высланы карычневым лінолеумам, што дазваляла, нават маючы дзяцей і сабак, утрымліваць чысціню.

Дамок стаяў у 30 метрах ад палацу і аддзяляўся ад яго парканам. Вокны дамка мелі невялікі памер і ўлетку заўсёды адчыняліся, што вечарам значна палягчала хлопцам вяртанне дахаты. Узімку мароз маляваў прыгожыя ўзоры на двайным шкле, з-за чаго не патрэбны былі фіранкі. А ўлетку, калі глядзець вонкі, заўсёды быў бачны дзікі вінаград, які аплятаў увесь дамок.


Дом у Лябёдцы, 1930-я гг. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl


Калі будаваўся Лябёдскі палац (у сям’і яго называлі проста домам) разам з рознымі прысядзібнымі гаспадарчымі пабудовамі, Леанард Іваноўскі, як інжынер, задзейнічаў на будаўніцтве шмат розных машын, якія на месцы выраблялі бетон, цэглу, дахоўку, трубы і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Дзеля ўсяго гэтага выкарыстоўваўся жвір і пясок з ямаў недалёка ад будоўлі. Потым жвір здабываўся для будаўніцтва дарог у ваколіцы і ў выніку недалёка ад палаца паўсталі жвіровыя ямы ў 6 метраў глыбіні і каля 20 даўжыні. Заслоненыя ад ветру, ямы мелі свой мікраклімат і ўвесь год мелі на сваім дне ваду. Але адмысловую цэглу для будаўніцтва старавасілішкаўскага касцёла і лябёдскага палаца прывозілі з польскага Влацлавека.

Як выглядаў Лябёдскі палац у 1930-я гг.? Увайсці ў палац можна было праз вялікія зашклёныя дзверы. Адразу ад увахода меўся невялікі зашклёны перадпакой, а за ім другі, больш вялікі. Па левым баку тут стаяла вешалка для вопраткі, а далей вялікі стэлаж з поручамі, на якім спачывалі прыгожыя конскія прылады Алены Іваноўскай: лёгкія англійскія сёдлы з светлай скуры, далікатныя аброці з кольцамі, спражкі і цуглі, упрыгожаныя слановай косткай. Насупраць стаяла вялікая зашклёная вітрына на ножках з выразанымі на ёй птушкамі. У гэтай вітрыне захоўваліся рэчы, якія нагадвалі пра захапленне паляваннем як мінімум чатырох пакаленняў Іваноўскіх.

Дзесьці з другой паловы 1930-х гг. сям’я малодшага брата Вацлава і Алены – Станіслава Іваноўскага – атрымала ў палацы тры пакоі на першым паверсе, гэтую частку дома раней займаў Леанард Іваноўскі, а на сценах пакоя, у які пасяліліся дзеці Станіслава – Лех і Казімір, да канца 1930-х гг. тут віселі дыпломы дзеда Леанарда, гэты пакой раней быў яго кабінетам. На найбольшым, каляровым, у саліднай дубовай раме дыпломе, быў намаляваны чалавек, які трымаў у руцэ італьянскі сцяг, а каля сцяга меўся надпіс: «Esposіzіone Іnternazіonale dell’Undustrіa e del Lavoro. DІPLOMA DІ BENEMERENZA. Sіgnore Leonardo Іwanowskі. Torіno 1911». Гэта была ўзнагарода за прадстаўленае дзедам Леанардам абсталяванне для вінакурні, у гэтай справе дзед быў выбітным адмыслоўцам. Каля першага вісеў другі, менш прыгожы дыплом з нейкай выставы ў Вене, арганізаванай аўстрыйскай манаполіяй алкаголю і тытуню. Апошні дыплом на французскай мове быў дадзены за выгадаваную ў Лябёдцы гародніну. У гэтым жа пакоі стаяў жалезны ўмывальнік з тазам – зімняя лазня для дзяцей. Улетку ролю лазні выконвалі малыя сенцы каля былога кабінета Леанарда, яны вялі на задні, малы ганак. У сенцах мелася ладная кафляная падлога з фірмовым надпісам пасярэдзіне: «Дзявульскі і Ланге, Апочна». Каб не паслізнуцца, на гладкай паверхні кафлі меліся аб’ёмныя малюнкі кветак. Уся падлога была аблямавана бронзава-жоўтым плінтусам.

На другім паверсе палаца некалькі пакояў займала жонка Леанарда Іваноўскага, бабуля Ядвіга, той жа Казімір помніў, што «У бабуліных пакоях заўсёды цёпла і ўтульна, на сценах вісяць фотаздымкі яе пецярых дзяцей і ўнукаў. Дзядзька Ежы трымае на каленях сваю малую дачушку Ванду, каля яго – фотаздымкі Стэфана, Вацака, Юркі, Ганкі (фотаздымкі ўнукаў, – Л. Л.), таксама і маёй сям’і. Каля свайго вялікага ложка бабця мае ліхтар, у якім заўсёды гарыць свечка. Пад свечкай стаіць талерка, у якую сцякае парафін. У бабулі мы нядоўга, дамаўляемся пра сустрэчу на заўтра і ляцім аглядзець гаспадарку. Па дарозе сустракаем цёцю Алену, як заўсёды, яна мае для нас шырокую ўсмешку, пахне коньмі і хартамі».

Суседні маёнтак Шайбакполе

Лябёдка знаходзіцца ў старажытным месцы гістарычнай Літвы. Пра міфічную гісторыю суседняга Шайбакполя1616
  Паходжанне назвы вёскі звязана з паданнем, паводле якога ў 13 ст. на гэтым месцы былі разгромлены войскі мангольскага хана Шайбака. Адпаведна іншаму паданню, на месцы сучаснай вёскі размяшчаўся ваенны лагер хана, а бітва адбылася каля вёскі Галавічполе. Згодна з пісьмовымі крыніцамі, у 1567 г. Шайбакполе – вёска Лідскага павета, уладанне Александровічаў. У 1690 г. на тэрыторыі Васілішкаўскай парафіі знаходзіліся Шайбакішкі – уладанне Гурыновіча (4 дымы). У 1770 г. каля вёскі дзейнічаў Шайбакпольскі францысканскі кляштар.


[Закрыть]
, у свой час расказалі Тэадор Нарбут і Адам Кіркор. І насамрэч на палях гэтага суседняга з Іваноўскімі маёнтка стаялі курганы і Алена з Іваноўскіх, мела знойдзены ў адным з тых курганоў мела цяжкі, масіўны і досыць прымітыўны пярсцёнак які меў выгляд быццам двух сплеценых вужоў. Алена любіла і часта насіла гэтую рэч.

Ня дзіва, што людзі з ваколіц Лябёдкі лічылі, што старажытныя духі ўпадабалі сабе руіны палацу ў Шайбакполі. У 1930-я гг. ад палаца засталіся толькі фрагменты сцен з гнёздамі бацяноў, але навакольныя людзі ведалі, што каля руін павінны былі з’яўляцца 7 паненак у белых кашулях са свечкамі ў руках ці рыцар на белым кані. Пляменнікі Алены спрабавалі спраўдзіць гэту легенду і неяк прасядзелі ўсю ноч, але, акрамя гукання савы, палётаў кажана, піску шчуроў, крокаў вожыка, нічога не ўбачылі і не пачулі. Таксама, у Лябёдцы расказвалі зімовай ноччу конна вяртаўся з мястэчка. Стаялі моцныя маразы, і, зразумела, эканом добра «пагрэўся» ў карчме. На мяжы Лябёдкі пры дарозе стаяў стары трухлявы драўляны крыж, цалкам сівы ад марозу. Калі эканом ехаў каля крыжа, той упаў на яго. Эканом адразу працверазеў і, непрытомны ад страху, памчаўся галопам на падворак. За той вечар адразу стаў поўнасцю сівы.


Думаю, трэба трошкі падрабязней расказаць пра суседні з Лябёдкай маёнтак Шайбакполе. Пачну з дарогі на Шайбакполе з Лябёдкі, раскажу якой яна была ў 1930-х гг. – менавіта тады па ёй ездзілі Алена, Вацлаў і ўсе іншыя Іваноўскія. Зараз жа наваколле там моцна змянілася.

Шайбакполе палягала на адлегласці трох кіламетраў на паўночны захад ад Лябёдкі. У залежнасці ад транспорту і ўзросту падарожніка, патрапіць туды можна было рознымі дарогамі. Калі ехаць коньмі, трэба было рушыць ад галоўнага ганка лябёдскага дома праз шырокую выязную алею, з аднаго боку агароджаную жывым плотам з глогу, а з другога боку – ляшчыннікам. Па левым баку меўся сад Пяскі – у ім раслі пераважна грушы. Па правым баку быў стары сад, ад дарогі яго аддзяляла падвойная алея з ляшчынніку, у якім жылі вавёркі. Выязная дарога даўжынёй каля 200 метраў вяла на ўсход і даходзіла да гасцінца, які ішоў улева на Васілішкі, а ўправа праз Галавічполе дарога ішла на Верх-Лябёдку. Але да гасцінца можна было прайсці сцежкай праз сад і там дзе сцежка праз сад выходзіла на гасцінец, раслі дзве стройныя высокія бярозы. Мелі яны сваю гісторыю, бо былі пасаджаны на «магіле» двух пальцаў дзядзькі Вацака, брата майго бацькі. Гэтыя пальцы ён страціў у маладым веку, калі неасцярожна рабіў набоі для дубальтоўкі. З таго часу ніхто з сям’і не майстраваў у доме амуніцыі, усё куплялася ў краме для паляўнічых, і дзве бярозы раслі самотнымі. З-за таго, што на адной руцэ Вацлаў Іваноўскі меў толькі два пальца, потым ён узяў сабе псеўданім «Вацюк Тройца».

Далей па трасе, за нейкія 200 метраў управа ад тых бяроз, гасцінец перасякаў ручай. Быў гэта маленькі струменьчык, які цёк праз лугі. Але падчас паводак на лугах з’яўляліся азёры, а ручай ператвараўся ў рэчку, якая змывала мост на гасцінцы.

Менавіта гэты ручай быў мяжой з фальваркам Галавічполе. Калі на гэтым перакрыжаванні, павярнуць управа, дык хутка на гарызонце ўжо было бачна Шайбакполе. Тут, каля перакрыжавання, раслі дзве прысадзістыя дзікія грушы, на якія часта сядалі сокалы-каршачкі. За грушамі пачыналася багна Кятуркі (назва балцкага паходжання азначае «чацвёрка»). Кятуркі адвеку былі месцам паляўнічых подзвігаў роду Іваноўскіх. Гэта была група лугоў паверхняй каля 2 кв. км, тут было шмат вокнаў з вадой і глыбокіх багністых саджалак. Кятуркі нельга было прайсці без рызыкі ўтапіцца.

Але ідзём наперад, пераходзім масток і бачым 30-метровы ўзгорак. На ім старыя ліпы ствараюць вышчарбленую, непрыгожую алею. Адсюль пачынаецца Шайбакполе – ладны, 500-гектарны, маёнтак Райхеляў, блізкіх сваякоў Іваноўскіх (як яны атрымалі гэту маёмасць, я пісаў вышэй).

Сам падворак Шайбакполя меў каля гектара. З аднаго боку стаялі вялікія стадолы, стайні, аборы. З другога – быў прыгожы драўляны свіран, руіны палаца і вялікі сад. Жылога дома не было. Райхелі жылі ў адрамантаваным старым лямусе. У наш неспакойны час, калі здараліся ўсялякія наезды і напады, лямусы выконвалі ролю не толькі сямейнага архіва, але і крэпасці. Гэтак было і ў Шайбакполі. Лямус меў муры метровай таўшчыні, малыя ваконцы, замест печаў вялікі камін з напалову адкрытым вогнішчам. Зімой там было надзвычай холадна і ў любы час года цесна, месца для жыцця не хапала.

Шайбакполе ў 1930-я гг. славілася вялікай колькасцю сабак, якіх было каля 10. Гэтых сабак кармілі рэдка, і яны вынішчалі ваколіцы маёнтка. Калі на падворку з’яўляўся нехта чужы, уся зграя адразу з гучным лаем кідалася на яго. Уязджаючы на ровары, перад брамай трэба было добра разагнацца і потым высока ўздымаць ногі, ажно на руль, і маліцца, каб разгону хапіла даехаць да ўваходных дзвярэй.

Калі госці прыязджалі коньмі, частка сабак скакала да мордаў і горла коней, частка хапала іх за ногі, а частка кідалася да воза, каб ухапіць гасцей. Пры гэтым з лямуса выбягаў нехта з гаспадароў і, вырваўшы пас з штаноў, адганяў сабак, прытрымліваючы спадаючыя штаны. Госці бараніліся ад сабак усім, што ўхапілі ў рукі. На шчасце, праз нейкі час сабакам гэтая забава надакучвала, гаспадары заканчвалі свае «палавецкія пляскі» і міла сустракалі гасцей, пасля чаго яны сходзілі з воза. Госці ўваходзілі ў дом, а там ім у ногі кідаліся іншыя кудлатыя стварэнні!

З тымі сабакамі бывалі розныя гісторыі. Казімір Іваноўскі ўспамінаў, як яго стрыечныя браты, сыны Вацлава Іваноўскага з фальварка Рагачоўшчына, знайшлі малога ваўчка з хворай нагой і выхавалі яго з шчанюкамі. Воўк атрымаў мянушку Акела. Гэта быў вельмі спакойны звер і толькі калі-нікалі выў на месяц.. «Неяк у пошуках сукі дабег да Шайбакполя, дзе чарговая сука сабрала вакол сабе з ваколіц вяршкі сабачай моладзі. … Пасля гэтага жыў то ў Рагачоўшчыне, то ў Шайбакполі», – пісаў Казімір, пляменнік Вацлава і Алены Іваноўскіх.

Гэтак воўк знайшоў дарогу да Райхеляў. Дзядзька Іваноўскіх – Мечыслаў Райхель меў шмат неўжытковай зямлі і таму гадаваў на ёй некалькі сотняў авечак. Калі надыходзілі халады, авечак заганялі ў абору. Неяк, калі была поўня, Акела, гэтак звалі гэтага воўка, пачуў кліч продкаў. Падкапаўся пад абору і за душыў каля 20 авечак, яшчэ столькі ж пакалечыў. Мечыслаў Райхель, як суддзя, вырашыў, што за воўка адказвае яго гаспадар і таму адаслаў Сабіне Іваноўскай, першай жонке Вацлава, рахунак за задушаных авечак. Па меры таго як пакалечаныя авечкі здыхалі, адсылаў ёй наступныя рахункі. З таго часу сяброўскія адносіны паміж домам Сабіны Іваноўскага і Райхеляў і Райхелямі вельмі астылі. Сям’я Сабіны да вайны не магла больш нават глядзець на бараніну, і пасля гэтага ў сябе гадавала толькі таксаў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации