Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 27 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
…ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых… (Адкрыцьцё 21:12)
Якаў быў адзіным Патрыярхам, чые дзеці ўсе да аднаго рушылі ў сьлед рэлігіі і традыцыям свайго бацькі. Габрэйскія мудрацы кажуць: «Якаў не памёр. Да тых часоў, пакуль жывыя яго дзеці, працягваючы ісьці яго шляхам, ён таксама жывы». Праўдзівая жыцьцё не вымяраецца даўжынёй дзён чалавека. Яно вымяраецца каштоўнасьцямі яго жыцьця і здольнасьцю перадаць гэтыя каштоўнасьці будучым пакаленьням.
Ад дванаццаці сыноў Якава паходзяць дванаццаць кален народу Ізраіля. Кожны старажытны Ізраільцянін ведаў, зь якога калена ён паходзіць. Таму сыны Якава часта ўспамінаюцца на старонках Сьвятога Пісьма, а пра вялікіх герояў веры даецца інфармацыя аб іх прыналежнасьці да патомства аднаго з сыноў Якава.
Ужо напачатку адраджэньня краіны Ізраіль у 1955—56 гадах пошта Ізраіля выпусьціла дзьве сэрыі марак з імёнамі сыноў Якава і сымбалямі родаў.
Сымбаль роду Рувіма мандрагора. Картмаксімум пошты Ізраілю «Імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых», выдадзены ў 1955 годзе
На першай марцы з сэрыі 1955 году сымбаль роду Рувіма мандрагора. Мандрагора згодна з паданьнямі спрыяла цяжарнасьці. Рувім знайшоў мандрагору і прынёс сваёй маці Леі. Лея перадала мандрагору Рахілі і яна неўзабаве зацяжарала і нарадзіла Якаву доўгачаканага сына.
Пад паштовымі маркамі разьмешчаны так званыя прывескі. На прывесках тэксты на іўрыце з Кніг біблейскіх, якія характэрныя для дадзенага пакаленьня.
На другой марцы брама Сыхему – сымбаль роду Сымона, як напамін аб крывавай помсьце Сымонам і Левіем жыхарам Сыхема за згвалтаваньне сястры Дзіны сынам «Эмора Эвэяніна, князя зямлі той» (Быцьцё 34:2).
Трэцяя марка прысьвечана Левію. На ёй малюнак двайнога чатырохвугольнага нагрудніка з 12 каштоўнымі камянямі (па ліку плямёнаў Ізраілевых). Патомкамі Левія былі Майсей і Аарон, зь якіх пачалася лінія служыцеляў у Храме Ерусалімскім.
Сыны Леі. Сымбаль роду Сымона. Сымбаль роду Левія. Сымбаль роду Юды. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе
Чацьвёртая марка з відарысам льва – сымбаля Юды. Калі Якаў благаслаўляў Юду, то сказаў наступныя словы: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся» (Быцьцё 49:9). І далей «Не адыдзе скіпэтар ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў» (Быцьцё 49:10). Згодна з гэтай запаведзьдзю Юда стаў Прабацькам галоўнага ізраільскага роду. З гэтага роду паходзіць Давід і заложаная ім дынастыя, якая кіравала да 587 году да Р.Х. аж да Вавілонскага выгнаньня. З роду Юды паходзіць Язэп, муж Дзевы Марыі і апякун Ісуса Хрыста.
На пятай марцы, прысьвечанай Дану, вагі – сымбаль справядлівага вырашэньня спраў. «Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля…» (Быцьцё 49:16).
Сыны Валлы. Сымбалі родаў Дана і Напталіма. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе. Сыны Зелфы. Сымбалі родаў Гада і Ашэра. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе
Відарыс касулі на шостай марцы, прысьвечанай Напталіму – спасылка на дабраславенства Якуба: «Напталім – вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы» (Быцьцё 49:21).
У 1956 годзе Пошта Ізраіля працягнула выпускаць сэрыю марак, якія паказваюць астатніх сыноў Якуба.
Сёмая марка паказвае сымбаль роду Гада, а менавіта намёт, які падкрэсьлівае характар Гада, як воіна.
Восьмая марка ў гонар роду Асіра. Яго сымбаль – дрэва. Дрэва на Блізкім Усходзе зьяўляецца сымбалям урадлівасьці, дастатку і багацьця.
Дзявятая марка прысьвечана роду Ісахара. Яго сымбаль сонца і зоркі. У першай кнізе летапісе сказана, што нашчадкі Ісахара адрозьніваліся глыбокім разуменьнем часу і «якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю» (Першая Летапісаў 12:32). Сонца і зоркі – вобразнае стаўленьне да гэтага.
Сыны Леі. Сымбаль роду Ісахара. Сымбаль роду Забулона. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе. Сыны Рахелі. Сымбаль роду Язэпа. Сымбаль роду Веньяміна. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе
Дзясятая марка адлюстроўвае сымбаль роду Завулона – карабель. Гэта вельмі дзіўна, улічваючы, што старажытныя Ізраільцяне былі людзьмі пустыні і рэдка выходзілі ў далёкія марскія выправы. Але менавіта род Завулона павінен быў стаць выключэньнем. «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона» (Быцьцё 49:13).
Адзінаццатая марка паказвае сноп пшаніцы, сымбаль Язэпа. Сымбаль спасылаецца на сон Язэпа (Быцьцё 37:7), які ўяўляў сабой прадвесьце яго незвычайнага ўзвышэньня ў Егіпце. Сон, у якім сноп Язэпа падняўся і снапы яго братоў аддаюць яму паклон, стаў першапрычынай яго няшчасьця: Язэп быў прададзены братамі ў Егіпет.
Апошняя, дванаццатая марка з сэрыі, адлюстроўвае ваўка, сымбаль Веньяміна, наймалодшага сына Якава і Рахілі. Сымбалем Веньяміна зьяўляецца воўк, бо бацька кажа пра яго: «Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу» (Быцьцё 49:27).
Якаў перад сваёй сьмерцю ўсынавіў Яфрэма і Манасію, сыноў Язэпа. У выніку замест аднаго калена Язэпа, стала два (Быцьцё 48:5), так што ўсіх каленаў было 13. Аднак пры падзеле зямлі Ханаанскай лічылі толькі 12 каленаў, бо калена Левія, аддзеленае для сьвятарскага служэньня, не атрымала ніякага надзелу.
Пошта Уганды ў 2003 годзе выпусьціла марку з фрагмэнтам карціны галяндзкага жывапісца Рэмбрандта ван Рэйна «Якаў дабраслаўляе сыноў Язэпа Манасію і Яфрэма». Якаў, шаноўны Патрыярх, паказаны са стрыманай, велічнай годнасьцю, у той час як Язэп і яго жонка назіраюць за ім з пакорай і набожнай павагай. Рэмбрант абраў не самы эфэктны, але вельмі значны эпізод біблейскага аповеду. Язэп, падводзячы сваіх сыноў да састарэлага Якава для дабраславеньня, ставіць старэйшага, Манасію, справа ад бацькі, а малодшага, Яфрэма, – зьлева. Аднак асьлеплы Якаў ускладае правую руку на галаву малодшага ўнука, маючы намер дабраславіць яго першым. Язэп вырашае, што адбылася прыкрая памылка. Ён спрабуе аднавіць належны парадак і перакласьці правую руку бацькі на галаву свайго першынца, але Якаў пярэчыць: «…ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ» (Быцьцё 48:19).
Якаў бласлаўляе сыноў Язэпа Манасію і Яфрэма (1656). Рэмбрандт ван Рэйн (1606—1669). Дзяржаўны музэй Касьсель. Марка пошты Уганды, выдадзеная ў 2003 годзе
Менавіта гэты момант прадстаўлены на карціне: лядашчы старац дакранаецца да залатых кучараў Яфрэма, а Язэп спрабуе асьцярожна перакласьці руку бацькі на галаву Манасіі. Галоўны герой карціны, цэнтар яе духоўнасьці – сьляпы стары. Над чырвоным покрывам, якое займае ўсю ніжнюю частку палатна, зьзяюць яго белыя адзеньні. Сьвятло, зыходзячы з рукі старца, выліваецца на хлопчыка. «І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых…» (Быцьцё 48:22).
Сымбалі дванаццаці каленаў захаваліся на працягу стагодзьдзяў. Іх крыніца – дабраслаўленьне Якавам дванаццаці сыноў Язэпа, а таксама некалькіх іншых тэкстаў Старога Запавету, якія вызначаюць спэцыфічныя асаблівасьці радоў і іх прабацькаў.
Менора і сымбалі 12 каленаў Ізраіля. Марка пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1952 годзе
Дванаццаць сыноў Якава – гэта слупы Ізраіля часоў Старога Запавету. Іх адпаведнікам у Новым Запавеце было дванаццаць апосталаў, выбраных Ісусам і спадарожных яму ў яго жыцьці, якія затым сталі сьведкамі Яго Ўваскрэсеньня.
Гісторыя ЯзэпаЯзэп-галіна пладаносная. (Быцьцё 49: 22)
Гісторыя Язэпа настолькі цікавая, насычаная «фантастычнымі» падзеямі і павучальная, што зь яе кароткага аповеду ў Кнізе Быцьця можна напісаць вялізную рамантычную кнігу. Гэту ідэю ажыцьцявіў нямецкі пісьменьнік Томас Ман. У ракавыя для сваёй краіны гады, з 1933 па 1943, ён стварыў манумэнтальны раман «Язэп і яго браты». У той час, калі ўсе дасягненьні цывілізацыі, здавалася, назаўжды адступалі пад напорам хаосу, гісторыя Язэпа дапамагла пісьменьніку здабыць надзею на выратаваньне: у сваім рамане ён распавёў пра станаўленьне маральнага пачатку ў чалавеку, зараджэньне маралі на сьвітанку гісторыі, пра тое, што ў аснове сьветабудовы ляжыць стваральны пачатак.
Язэп («Яхве дадасьць» на іўрыце) – перадапошні сын біблейскага Праайца Якава ад каханай жонкі Рахілі (яго называюць таксама Язэп Выдатны). Напэўна гэта было адной з прычын, чаму Язэп быў любімым сынам Якава, які адкрыта выказваў гэтую сваю любоў. Такі стан рэчаў не мог падабацца братам Язэпа і яны яго неўзьлюбілі. І бацька і сын сваімі паводзінамі толькі пасільвалі гэту нелюбоў і ператваралі яе ў нянавісьць.
Так аднойчы Язэпу прысьніўся сон, што ён разам з братамі вязаў снапы. І раптам яго сноп падняўся, а снапы братоў сталі адбіваць яму паклон. У другім сьне ўжо сонца, месяц і адзінаццаць зорак аддавалі палон Язэпу.
Язэп стаіць перад братамі, якія ў задуменьні слухаюць яго. У верхняй частцы намалёваныя ў двух кругах сонца, зоркі і месяц вакол Язэпа і снапы, якія пакланіліся снапу Язэпа. Язэп расказаў свае сны бацьку. «І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя» (Быцьцё 37:8).
Язэп тлумачыць сны сваім братам. Рафаэль Санці (1483—1520). Фрэска лоджыі Рафаэля ў Ватыкане. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1983 годзе
Дзесяцігадовы кучаравы хлопчык Язэп – вельмі ўсхваляваны і імкнецца як мага дакладней перадаць падрабязнасьці сваіх цудоўных сноў, цьмяна прадказваючых, што ён, Язэп, узвысіцца над усімі роднымі.
Язэп распавядае свой сон сям'і (1638). Афорт. Рэмбрандт. Нацыянальная мастацкая галерэя, Вашынгтон. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 2009 годзе
Язэп ведае, што сны яго прарочыя. Пра гэта ж здагадваюцца дванаццаць слухачоў, якія сядзяць па баках ад Язэпа тварам адзін да аднаго – зьлева сівабароды бацька Якаў, справа – малодшы брат Язэпа, Веніямін, які падняў галаву ад кнігі, слухаюць: бацька – у глыбокім роздуме, Веніямін – з чыста дзіцячай цікаўнасьцю. Адна толькі хворая маці Язэпа – Рахіль, якая ляжыць у глыбіні зьлева, ахопленая трывожнымі прадчуваньнямі, прыпадняла галаву, у той час як старэйшыя браты Язэпа насьмешліва перашэптваюцца, шумяць, абменьваюцца непрыстойнымі жартамі і пырхаюць. Але на самой справе яны вельмі ўважлівыя, хоць і недаверлівыя. За іх увагай хаваецца бясконцая, якая зьядае іх душы, зайздрасьць.
Язэп і яго браты. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе
Апошняй кропкай для братоў стала, калі бацька купіў Язэпу прыгожы рознакаляровы халат. Калі Язэп у сваім убраньні прыйшоў да братоў у поле, яны вырашылі яго забіць. Але старэйшы брат Рувім, які нёс адпавядальнасьць за ўсіх малодшых, адгаварыў братоў ад забойства. У выніку Язэпа кінулі ў глыбокаю яміну. Калі Рувім адлучыўся да статка, браты ўбачылі караван купцоў і Іуда прапанаваў прадаць Язэпа. Браты пагадзіліся і прадалі Язэпа за 20 срэбраніка.
На блёку тры маркі з надпісамі на ангельскай мове і адпаведнымі малюнкамі: Браты дамаўляюцца прадаць Язэпа; Язэп у сваім рознакаляровым халаце; Ісмаіліты забіраюць Язэпа.
Пасьля продажу браты вымазалі кроўю казьляняці адзеньне Язэпа і паказалі бацьку, які вырашыў, што Язэпа зьеў драпежны зьвер.
Купцы прыбылі ў Егіпет і прадалі Язэпа начальніку аховы фараона. Язэп заставаўся ў апецы Бога, таму ён стаў кіраўніком гаспадаркі ў доме царадворца Паціфара. Але здарылася нечаканае. Язэп быў вельмі прыгожы (адна зь яго назваў такая і ёсьць – Язэп Прыгожы) і ў яго закахалася жонка гаспадара дому Паціфара. Яна пачала спакушаць Язэпа.
Язэп і жонка Паціфара (1555). Якопа Тынтарэта (1518—1594). Музэй Прада. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1970 годзе
Бліскучы прыклад адлюстраваньня спакушэньня Язэпа – карціна Якопа Тынтарэта «Язэп і жонка Паціфара». Быццам бура праносіцца па палатне – бура нездаволенага жаданьня. Цела жанчыны і юнака выцягнутыя па дыяганалі карціны, кожнае зь іх да таго ж выгінаецца, закручваецца сьпіральлю. Аголенае цела спакусьніцы нібы зараджае паветра нейкай агнявой энэргіяй, і складкі пунсовай заслоны на фоне пазалочанай столі здаюцца перапалахамі полымя.
Сто гадоў пазьней за Тынтарэта да тэмы пра Язэпа зьвярнуўся Рэмбрант. У 1655 г. ён піша два варыянты карціны «Язэп і жонка Паціфара». На палатне, якое захоўваецца ў Бэрліне, Рэмбрант малюе ня сцэну ўцёкаў Язэпа ад юрлівай Егіпцянкі, а момант абвінавачваньня юнака перад Паціфарам.
Жонка Паціфара, якая абвінавачвае Язэпа (1655). Рэмбрандт (1606—1669). Дзяржаўны музэй, Бэрлін. Блёк пошты Уганды, выдадзены ў 2003 годзе
Замест высланага каштоўнымі тканінамі ложа белая не зьмятая пасьцель, замест руху цел – характэрныя асобы і красамоўныя жэсты рук. На палатне, якое захоўваецца ў Бэрліне, юнак падняў руку з раскрытай далоньню, сьведчачы сваю невінаватасьць. Захопленая сваім ілжывым расповедам, жанчына «праўдзіва» прыціскае руку да сэрца. Магчыма Паціфар не паверыў жонцы, але не пакараць Язэпа не дазваляў гонар царадворца. Язэп быў пасаджаны ў цямніцу. Але Бог не пакінуў вернага яму маладога чалавека. Неўзабаве лёс яго павінен быў зьмяніцца. У турме Язэп растлумачыў сны сваіх таварышаў па няшчасьці – чашніка і пекара фараона. Першаму прысьнілася вінаградная лаза, у якой было тры галінкі. Лаза зацьвіла і з кветак вырасьлі і дасьпелі ягады. Чашнік сабраў ягады, выціснуў сок і падаў чашу з сокам фараону. «І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі – гэта тры дні; праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё» (Быцьцё 40:12,13).
Язэп тлумачыць сны ў турме. Джавані Батыста Ланджэці (1625—1676). Музэй выяўленчых мастацтваў, Будапэшт. Картмаксімум пошты Вугоршчыны, выдадзены ў 1970 годзе.
Падавальшчык хлеба расказаў свой сон, што ў яго на галаве стаялі тры кашы. У верхнім было ўсё, што пяклі фараону, а птушкі наляталі і ўсё дзяўблі. «І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы – гэта тры дні. Праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе» (Быцьцё 40:18,19).
Язэп тлумачыць сны ў турме. Ота Семлер з гравюры Карольсфельда. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
Прадказаньне Язэпа збылося.
Толькі праз два гады чашнік успомніў пра Язэпа. А здарылася гэта таму, што на гэты раз сны прысьніліся фараону. У першым сьне стаіць фараон ля ракі і выйшлі з ракі сем сытых кароў і сталі пасьвіцца. Сьледам выйшлі з ракі сем худых кароў і паелі сытых. Фараон прачнуўся і зноў заснуў. І сьніцца яму другі сон. З адной сьцябліны вырасла сем каласоў поўных. Радам вырасьлі сем каласоў худых, якія зьелі поўныя каласы. Ніхто ў Егіпце ня мог разгадаць гэтыя сны. Тады чашнік успомніў пра Язэпа, які працягваў сядзець у турме. Ён расказаў фараону пра Язэпа і яго здольнасьць разгадваць сны.
Язэп вытлумачыў фараону сны аб худых каровах, паеўшых сытых, і аб каласах, прадказаўшы, што адбудзецца.
«Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай; пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю…» (Быцьцё 41:29,30).
Язэп тлумачыць сны фараону (1655—1660). Антоніа дэль Касціла Сааведра (1616—1668). Нацыянальны музэй Прада. Марка пошты Грэнады Грэнадзінас, выдадзеная ў 1992 годзе
На другім пляне статкі сытых і худых кароў.
Язэп тлумачыць сны фараону. Рафаэль Санці (1483—1520). Лоджыі Рафаэля. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1983 годзе
Над галавой фараона ў двух кругах намаляваныя худыя і сытыя каровы, худыя і поўныя каласы. І парадзіў Язэп фараону: «Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай; хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць; і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду» (Быцьцё 41:34—36).
«І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты; ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе. І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю» (Быцьцё 41:39—41).
Слава Язэпа. Джэймс Жозэф Жак Тіссье (1836—1902). Габрэйскі музэй, Нью-Ёрк. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
Ушанаваны Язэп сем ураджайных гадоў назапашваў збожжа на сем галодных гадоў. «І насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб» (Быцьцё 41:54). Так Язэп з Божай дапамогай дасягнуў становішча намесьніка фараона найбагацейшай краіны старажытнага сьвету, якую ён выратаваў ад голаду сваёй мудрай прадбачлівасьцю.
Іосіф і фараон. (1874). Альма-Тадэма (1836—1912). Прыватная калекцыя. Егіпецкая паштоўка – картмаксімум, выдадзеная ў 1903 годзе
На картмаксімуме маркі, выпушчаныя поштай Егіпту ў 1888—1902 гадах.
Праз сем гадоў на ўсёй зямлі стаў голад. У Егіпет пацягнуліся зусюль караваны, каб купіць збожжа. Двойчы браты Язэпа прыбывалі ў Егіпет, каб купіць хлеб. Яны не пазналі Язэпа, Язэп жа адразу пазнаў сваіх братоў. Ён вырашыў зрабіць ім выпрабаваньні, каб даведацца, ці раскаяліся яны ў сваім злым учынку, прадаўшы яго ў рабства. Апошнім было выпрабаваньне з чараю. «І загадаў Язэп правадыру дома свайго, кажучы: напоўні мяшкі гэтых людзей ежаю, колькі яны могуць несьці, і срэбра кожнага пакладзі ў мяшок ягоны; а чару маю, чару срэбраную, пакладзі ў мяшок малодшаму, разам са срэбрам за куплены хлеб. І зрабіў той паводле слова Язэпа, якое сказаў ён» (Быцьцё 44:1,2).
Калі браты адышлі, Язэп паслаў ім уздагон «правадыра дома свайго», ка ён абшукаў. «Ён абшукаў, пачаў са старэйшага і скончыў малодшым; і знайшлася чара ў мяшку Веньямінавым» (Быцьцё 44:12). Цяпер згодна з умовай Веньямін павінен быў застацца рабом Язэпа ў Егіпце. Італьянскі мастак Якопа Амігоні адлюстраваў той момант, калі браты раскайваюцца ў сваім мінулым учынку і просяць Язэпа не забіраць Веньяміна, бо стары бацька не перажыве ўтраты другога каханага сына.
Чара ў мяшку Бенджаміна. Якопа Амігоні (1682—1752). Нацыянальны музэй Прада. Блёк пошты Сьера Леоне, выдадзены ў 2000 годзе.
Калі гнаныя голадам браты Язэпа зноў прыбылі ў Егіпет, Язэп адкрыўся ім і прымірыўся зь імі. Затым ён перасяліў увесь свой род, з прывезеным братамі па просьбе Язэпа састарэлым Якавам на чале, у Егіпет, дзе фараон адвёў ім для паселішча акругу Гешам. «Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай. Ідзеце хутчэй да бацькі майго і скажэце яму: так кажа сын твой Язэп: Бог паставіў мяне гаспадаром над усім Егіптам: прыйдзі да мяне, не марудзь; ты будзеш жыць у зямлі Гесэм і будзеш блізка ад мяне, ты і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і дробнае і буйное быдла тваё, і ўсё тваё; і пракармлю цябе там, бо голад будзе яшчэ пяць гадоў, каб не згалеў ты і дом твой і ўсё тваё» (Быцьцё 45:8—11).
Язэп і яго браты. Блёк Мікранезіі, выпушчаны ў 1998 годзе.
Пошта Гаяны выпусьціла маляўнічы марачны ліст «Гісторыя Язэпа».
Гісторыя Язэпа. Марачны ліст рошты Гайяны, выдадзены ў 1994 годзе
На лісьце ў выглядзе чатырохмарачных блёкаў адлюстравана шэсьць эпізодаў з жыцьця Язэпа. Пад імі цытата з Бібліі на ангельскай мове: «І сказаў Язэп братам сваім: падыдзеце да мяне… Я – Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет; але цяпер не маркоцьцеся… бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё…» (Быцьцё 45:4,5).
Язэп, калі прыходзіць яго тэрмін, памірае і наказаўшы сваім нашчадкам, калі Гасподзь зьвядзе іх зь Егіпта, не пакідаць яго цела ў Егіпце. Язэп памёр ва ўзросьце 110 гадоў, пакінуўшы пасьля сябе двух сыноў – Яфрэма і Манасію.
Гісторыя Язэпа паказвае, што жыцьцё біблейскіх герояў не было лёгкім і мірным, наадварот, яно напоўнена цяжкасьцямі, праблемамі, канфліктамі з роднымі, утрымлівае ў сабе як перамогі, так і паразы. Асоба Язэпа далёкая ад дасканаласьці. Але Бог ператварае свае пляны праз недасканалых людзей. Разуменьне гэтага дапамагае нам лепш зразумець саміх сябе і нашу ролю ў жыцьці.
Патрыярхі Ізраіля і іх жонкіНайвялікшая фігура Пяцікніжжа, Абрагам, праз давер і безгранічную паслухмянасьць Божай волі, стаў родапачынальнікам Ізраільцян і Арабаў. Таксама ён зьяўляецца Прабацькам усіх, хто верыць у адзінага Бога і насьледуе тую ж веру, якую ён вызнаваў і насьледуюць яго ў нязломнасьці, якую ён праявіў. З гэтых прычын яго называюць Патрыярхам. Па-грэцку pater значыць бацька, arche – пачатак.
Патрыярхамі таксама зьяўляюцца сын Абрагама Ісак і яго ўнук Якаў. Усе трое заўсёды былі вернымі Богу і насуперак шматлікім перашкодам зьдзяйсьнялі Божы плян выратаваньня. Сапраўднымі памагатымі ў гэтым былі іх жонкі: Сарра ў Абрагама, Рэбэка ў Ісака, Рахіль і Лея ў Якава.
Патрыярхі і іх жонкі адлюстраваныя на двух сэрыях паштовых марак, выданых у Ізраілі. На кожным паказана тое, што найдакладней апісвае жыцьцё і дасягненьні гэтай асобы.
Патрыярхам прысьвечаныя тры маркі, выдадзеныя ў 1978 годзе.
На першай бачым Абрагама, які прытуліў да сябе Ісака пасьля таго, як Анёл затрымаў руку Абрагама, занесеную над сынам, каб прынесьці яго ў ахвяру, як яму загадаў Бог. Побач заблыталася рагамі ў кустоўе ягня, якое стане ахвярнай жывёлай.
Патрыярхі: Абрагам. Ісак. Якаў. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1978 годзе
Другая марка прысьвечана Ісаку. Ілюстрацыя на марцы паказвае прыбыцьцё будучай жонкі Ісака Рэбэкі, якая набліжаецца да яго на вярблюдзе.
На трэцяй марцы малодшы сын Ісака Якаў, Прабацька Ізраільцянаў. На марцы адлюстраваны сон Якава: лесьвіца ў неба, па якой спускаюцца і падымаюцца Анёлы.
У 1977 г. выданая сэрыя марак, прысьвечаных жонкам патрыярхаў.
Спачатку бачым Сарру, якая прыгатавала пачастунак для трох вандроўнікаў (Тройца Старазапаветная), якія прарочылі ёй нараджэньне сына.
На наступнай марцы жонка Ісака Рэбэка. Яшчэ ў дзявоцтве сустракае яна слугу Абрагама Эліязэра, які шукае нявесту для сына свайго гаспадара.
Сарра. Рэбэка. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1977 годзе
Яшчэ дзьве маркі прысьвечаныя двум жонкам Якава.
На першай – малодшая каханая жонка Рахіль, ажаніцца на якой Якаў дамагаўся некалькі год цяжкай працай.
На другой – старэйшая жонка Лія, маці шасьці сыноў, якіх мы бачым на малюнку.
Лія. Рахіль. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1977 годзе
Для габрэяў Патрыярхі не зьяўляюцца гістарычнымі фігурамі з далёкага мінулага, а часткай штодзённага рэлігійнага жыцьця. Малітва Аміда, якая чытаецца тройчы на дзень, пачынаецца словамі: «Дабраслаўлёны Гасподзь, Бог наш, Бог бацькоў нашых, Бог Абрагама, Бог Ісака і Бог Якава».
Патрыярхі пражылі незвычайна доўгія жыцьці: Абрагам 175 год, Ісак 180, а Якаў 147. Рабі Гюнтар Плот заўважыў, што гэтыя лікі ўтвараюць геамэтрычную прагрэсію:
175 = 7 х 52; 180 = 5 х 62; 147 = 3 х 72.
Гісторыя сям'і Патрыярхаў не вольная ад чалавечых недахопаў і нават грахоў, хлусьні, махлярства (Быцьцё 20,1—13; 26,6—11; 27; 29—31), кровазьмяшэньня (Быцьцё 19,30—38), нянавісьці і помсты (Быцьцё 37). Чытаючы, аднак, іх гісторыю, мы можам заўважыць, што чалавечая слабасьць і гнеў не ў стане перакрэсьліць Божага дзеяньня. Бог можа пісаць прама на крывых лініях чалавечага жыцьця. Лепшым прыкладам тут лёс прададзенага ў Егіпет Язэпа, які пасьля многіх гадоў дараваў братам, кажучы: «але цяпер не маркоцьцеся і не шкадуйце пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё…» (Быцьцё 45:5).
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?