Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 27 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
Першыя разьдзелы кнігі Быцьця апавядаюць аб найдаўнейшым пачатку гісторыі сьвету і чалавека. Апавяданьні аб Стварэньні сьвету, аб Адаме і Еве, аб Райскім садзе і грэхападзеньні, аб Каіне і Авэлю, аб патопе, Ною і яго сынах, аб Вавілонскай вежы… ёсьць настолькі ўзрушаючымі, што ўвайшлі ў агульначалавечую спадчыну духу і культуры. Паслужылі для ўтварэньня многіх сымбаляў, якія маюць непераходнае значэньне для ўсіх людзей плянэты Зямля, а не толькі для веруючых. Вельмі характэрным доказам гэтага служыць знакамітая сымбалічная скульптура Яўгена Вучэціча «Перакуем мячы на аралы», створаная ў 1957 годзе і падораная Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Перакуем мячы на аралы. Скульптура Вучэцича (1957). Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1960 годзе
Скульптура ўстаноўлена перад будынкам ААН у Нью-Ёрку як заклік да міру і як сьведчаньне міралюбівай палітыкі СССР. Але, ці ведаў хто ў самай атэістычнай краіне, што выраз «перакуем мячы на аралы» узяты з Кнігі прарока Ісаі: «І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Ісая 2:4). Але гучыць ён тут не як заклік да міру, а як прароцтва пра будучыню. Паштовую марку з скульптурай Яўгена Вучэціча «Перакуем мячы на аралы» выдавалі ў СССР некалькі разоў. Першы раз у 1960 годзе.
У 1961 годзе пошта Ізраілю выпусьціла марку з Знакамі Задыяку. На прывесцы маркі разьмешчаны на габрэйскай і францускай мовах надпіс з Вавілонскага Талмуду: «…дванаццаць сузор'яў я стварыў на нябесным зборы…» (Беракот 32б:19). Гэтым надпісам падкрэсьліваецца, што ўсё створана Богам. «Калі я гляджу на нябёсы Твае, – твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў…» (Псалтыр 8:4).
Знакі Задыяку. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1961 годзе
У Яго усе зоркі палічаны і названыя: «Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі» (Псалтыр 147:4).
Сымбалем стварэньня чалавека стала фрэска Мікеланджэла з Сыкстынскай Капэлы. У 1962 годзе пошта Бэльгіі выпусьціла марку з нагоды ўганараваньня «Дэклярацыі правоў чалавека».
Дэклярацыі правоў чалавека. Марка пошты Бэльгіі, выдадзеная ў 1962 годзе
Справа ад постаці Адама разьмешчаны малюнак зямнога шара і разарваных кайданоў – сымбалю вызваленьня ад рабства і прыніжэньня.
Дэклярацыі правоў чалавека. Марка пошты Бэльгіі, выдадзеная ў 1962 годзе
На марцы Ватыкану відарыс райскага Дрэва жыцьця злучанага з выяваю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста. Апостал Павал, а за ім хрысьціяне лічылі Ісуса як «другога Адама». Як Адам ля Дрэва жыцьця страціў блізасьць з Богам, так Хрыстос на дзераве крыжа вярнуў яе назад.
Мноства твораў мастацтва, якія паказваюць канец біблейскага патопу, малююць вясёлку.
Вельмі прыгожая і красамоўная марка Бразыліі, выдадзеная ў 1987 годзе на Нацыянальны Дзень Удзячнасьці. Голуб, выпушчаны з далоняў, на фоне вясёлкі. Значэньне гэтай сымболікі вельмі глыбокае: усякая добрая справа гэта супраца чалавека (далоні) і Бога (вясёлка).
Дзень Удзячнасьці. Марка пошты Бразыліі, выдадзеная ў 1962 годзе
Вясёлка – гэта знак міру і гармоніі, але гэта таксама напамін пра тое, што Гасподзь Бог мае ў сваёй руцэ зброю, якая стане прыладай пакараньня для тых, хто пасьля часоў Ноя парушыць натуральны парадак у сьвеце пасьля Патопу. І з тых жа часоў Ноя белы голуб і вясёлка сталі сымбалям міру і прымірэньня. (Голуб прыносіць Ною аліўкавую галінку – знак таго, што воды патопу апусьціліся.)
Адным з самых вядомых сымбаляў стала «Галубка Пікаса».
Партрэт Пікаса і Галубка Пікаса. Блёк пошты СССР, выдадзеным ў 1981 годзе з нагоды 100-годзьдзя з дня нараджэньня Пікаса
Пошта Бразыліі выпусьціла марку «40-годзьдзе існаваньня ААН».
Саракагодзьдзе ААН. Марка пошты Бразыліі, выдадзеная ў 1985 годзе
Голуб узносіцца над сымбалічнымі сьцягамі розных краін і, як пасьля патопу, абвяшчае сьвету надыход новай эры.
«Галубка Пікаса» стала «частым госьцем» на марках розных краін сьвету, як сымбаль міру.
Пад малюнкам Пікаса «Голуб будучыні» стос паламанай зброі, якая ніколі ўжо ня будзе ўжытай для вайны, над малюнкам – сонца, як знак міру і дастатку.
Голуб будучыні. Марка пошты Бераг Слановай Косьці, выдадзеная ў 1982 годзе
У Новым Запавеце голуб становіцца яшчэ сымбалям Сьвятога Духу.
Сьвяты Дух. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1983 годзе
Біблейскае «будаўніцтва Вавілонскай вежы» сымбалізуе пыху, ганарыстасьць, манію велічы чалавека, які хоча з дапамогай сваіх зямных сродкаў без сувязі з Богам пакараць неба. Гэтыя спробы паўтараюцца ўвесь час. Спробай пераадолець зьмешваньне моў зьяўляецца сусьветная (штучная) мова Эспэранта.
Вавілонская вежа, голуб міру і сымбаль Эспэранта адлюстраваныя на марцы рэспублікі Куба.
Кангрэс Эсперанта. Марка пошты Кубы, выдадзеная ў 1990 годзе
Аўтар «Вежы ІІІ Інтэрнацыяналу» Татлін спрабаваў узнавіць гэты штурм нябёсаў у XX стагодзьдзі. Пыху, ганарыстасьць, манію велічы чалавека добра ілюструюць словы Маякоўскага: «Гэй, вы, Неба, зьніміце капялюш, я іду!.». І «Молат разгневаны неба праб'е».
Гасподзь пакінуў нам дзьве кнігі: Кнігу Пісаньня і Кнігу тварэньня. Кніга тварэньня-гэта ўсё, што нас акружае, і яе трэба ўмець чытаць. Бог хоча, каб Яго Слова было зразумелым усім: дзіцяці і старому, непісьменнаму, так і навукоўцу. Выяўленчае мастацтва выкарыстоўвае мноства знакаў для перадачы складаных і глыбокіх сэнсаў Старога Запавету. Біблейская сымболіка мастацкімі сродкамі толькі дапамагае раскрываць вялікія ісьціны для кожнага чалавека, падносячы іх на зразумелай мове і ў мастацкім увасабленьні, якое ўзьдзейнічае на ўсіх, хто іх бачыць.
Майсееў Завет – галоўны Завет Бога з Ізраілям
Цудоўнае выратаваньне немаўляці МайсеяІ ня было больш у Ізраіля прарока такога, як Майсей, якога Гасподзь знаў тварам да твару… (Другі закон 34:10)
Кніга «Быцьцё», якая завяршаецца апавяданьнем пра сьмерць і пахаваньне Язэпа, вельмі адрозьніваецца ад наступных чатырох частак Пяцікніжжа. У кнізе «Зыход» замест паданьняў пра лёс многіх пакаленьняў перад намі жыцьцяпіс толькі аднаго чалавека, Майсея.
Бог, Які ў кнізе «Быцьцё» толькі часам пасылаў людзям знакі, цяпер увесь час уяўляе сваю прысутнасьць у сьвеце. Чатыры кнігі Маісеевыя ахопліваюць пэрыяд, па біблейскіх маштабах вельмі кароткі, усяго ў 120 гадоў – тэрмін жыцьця Майсея. Аднак таго, што давялося перажыць і зьдзейсьніць першаму сярод біблейскіх прарокаў, хапіла б і на тры жыцьці. Уласна, ён і пражыў тры жыцьці, кожны даўжынёй у 40 гадоў. Першае – бліскучае жыцьцё егіпецкага вяльможы, прыёмнага сына дачкі фараона; другое – мірнае жыцьцё пастуха і сем'яніна; трэцяе – поўнае розных цудаў жыцьцё правадыра і заканадаўцы, які вызваліў свой народ ад егіпецкага рабства і быў яго правадыром у шматгадовых туляньнях па пустыні.
Прайшло многа часу. Ня стала ні Якава, ні яго сыноў. У Егіпце зьмяняліся фараоны. Ня ўсе памяталі і дацэньвалі заслугі Язэпа. Настаў час, калі наступны фараон убачыў, што ізраільцяне становяцца шматлікім і моцным народам. Ён палічыў гэта небясьпечным. Народ ізраільскі сталі прыгнятаць, зьнясільваць на працах, мардаваць. Але гэта не прывяло да жаданых вынікаў. І фараон аддае загад, каб кожнае немаўля, якое народзіцца ў ізраільцянкі, кідалі ў раку. Адна маці вырашыла даручыць Божай волі лёс свайго немаўляці, бо моцна верыла ў адзінага Бога. З малітвай яна паклала дзіця ў асмолены кошык і апусьціля яго з малітвай у трысьнёг каля берага Ніла. Па беразе гуляла дачка фараона са сваімі служанкамі. Яны пачулі плач дзіцяці і знайшлі немаўля.
Знаходжаньне Майсея (1560). Тынтарэта (1518—1594). Музей Метрапалітэн. Нью-Йорк. Блёк пошты Уганды, выдадзены ў 2000 годзе
Прынцэсе дзіця так спадабалася, што яна вырашыла ўзяць яго на выхаваньне. Гэта бачыла сястра хлопчыка. «І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля? Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці. Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго. І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго» (Выхад 2:7—10).
У 1990 годзе ў Тэль-Авіве праходзіла выстава «Дзеці і моладзь малююць Біблію». З гэтай выставы поштай Ізраілю былі адабраны чатыры малюнкі для сэрыі марак. Адна з марак зьмяшчае малюнак «Майсей у чароце», які прысьвечаны ўратаваньню Майсея з вод Нілу.
Майсей ў чароце. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1994 годзе
Гэты эпізод выразна пераклікаецца з Эвангельскім выратаваньнем Ісуса ад сьмяротнай небясьпекі. Цар Ірад, падобна Егіпецкаму фараону, загадаў забіваць усіх габрэйскіх першынцаў і бацькі Ісуса выратавалі свайго нованароджанага сына, схаваўшыся ў Егіпце. Нядзіўна, што мастакі, асабліва ў XVI – XVII стагодзьдзях, ахвотна зьвярталіся да тэмы выратаваньня Майсея.
Майсей – абаронца пакрыўджаных і слабыхБудучы вызваліцель Габрэяў рос як Егіпецкі прынц. Гэта мела прынцыповае значэньне. Бо калі б ён рос у рабстве, то наўрад быў бы здольны ўзьняць свой народ на паўстаньне. У бразільскай біблейскай тэленавеле «Дзесяць Запаведзяў» Майсей выхоўваецца побач з фараонам Рамсэсам і супернічае зь ім за любоў Нефертары.
«Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін б'е аднаго Габрэя з братоў ягоных. Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску» (Выхад 2:11,12).
На другі дзень ён убачыў, як Габрэй крыўдзіць Габрэя, і спрабаваў іх прымірыць, але крыўдзіцель сказаў: «хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна?» (Выхад 2:14).
«І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жыў у зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа» (Выхад 2:15).
Здарылася так, што Майсей стаў ініцыятарам яшчэ адной бойкі. «У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго. І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх» (Выхад 2:16,17).
Майсей абараняе дачок Ётора. Нікаля Пусэн (1594—1665). Люўр. Марка пошты Францыі, выдадзеная ў 1994 годзе
Гэтыя тры выпадкі зьвязаныя паміж сабою. У кожным Майсей дэманструе глыбокую, амаль апантаную, рашучасьць змагацца з несправядлівасьцю, не маючы ніякіх уласных інтарэсаў.
Майсей і дочкі Ётора (1524). Фрагмэнт. Россо Фіярэнціна (1494—1540). Галерэя Уфіцы, Флярэнцыя. Марка пошты Парагваю, выдадзеная у 1973 годзе
На марцы Парагваю, выдадзенай у 1973 годзе, паказаны фрагмэнт карціны, намалёванай мастаком Росса Фёранціна 1495—1540). На марцы адна з сёстраў – Сэпфора, якіх Майсей бараніў ля крыніцы і якая стала яго жонкай. 40 гадоў пасьля гэтага Майсей пасьвіў статак свайго цесьця і даглядаў сям'ю.
Божае пакліканьне з палаючага кустаАднойчы, калі Майсей пасьвіў статкі ў пустынным месцы, яму зьявіўся Анёл Божы ў выглядзе палаючага, але незгараючага куста. Сымбаль гэтага цуда мае вялікае значэньне. У сьвеце, дзе чалавек пакланяецца сілам прыроды, Бог паказвае, што Ён правіць прыродай.
Майсей і Палаючы куст. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя у 1981 1999 годзе
На першай марцы за кустом знаходзіцца сымбалічны малюнак гары Сінай. На прывесцы на габрэйскай і англійскай мовах зьмешчаны надпіс: «…цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае» (Выхад 3:2).
У 1999 годзе пошта Ізраілю выпусьціла сэрыю марак «Наведваньне Патрыярхаў, Суккот», прысьвечаных праведным продкам: Абрагаму, Ісааку, Якаву, Майсею, Аарону і Давіду. На марцы з відарысам Майсея намалёваны цярновы куст, які гарыць агнём, але не згарае.
Зацікаўлены Майсей наблізіўся да куста і пачуў: «Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я! І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая» (Выхад 3:4,5).
У 1971 годзе пошта Нікарагуа выпусьціла сэрыю марак з відарысамі карцін знакамітых мастакоў, кожная з каторых прысьвечана адной з Дзесяці Запаведзяў. Адной з асаблівасьцей гэтай сэрыі зьяўляецца тое, што на адваротным баку іх, пад клеем, утрымліваецца канкрэтная Запаведзь і аповед пра вобраз друку, мастака, і музэй, дзе знаходзіцца карціна. Першая марка ў сэрыі паказвае Майсея, які наблізіўся да куста.
Выпрабаванні і пакліканне Майсея. Фрэска (1481—82), фрагмэнт. Сандра Батычэлі (1444—1510). Сікстынская Капэла, Ватыкан. Марка пошты Нікарагуа, выдадзеная ў 1971 годзе
На полі маркі надрукаваныя словы «Любіць Бога ва ўсіх рэчах».
Голас, які прамаўляў да Майсея, прадставіўся яму: «Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава» (Выхад 3:6). Далей Майсей пачуў: «Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд» (Выхад 3:7,8).
Пчала, соты і кветкі. Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1983 годзе
На прывесцы маркі выпісаны словы: «…у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд…» (Выхад 3:8).
Захапіўшы такім цудоўным чынам увагу Майсея, Бог казаў далей: «Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых» (Выхад 3:10). Патрабаваньне было неверагодным. Як просты пастух, які ўцёк ад пакараньня фараона, мог нешта ў яго патрабаваць? І Майсей пярэчыць Богу: «Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?» (Выхад 3:11). Але Бог настойвае. І тады Майсей кажа: «І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?» (Выхад 3:13). Бог кажа: «Я – Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас» (Выхад 3:14). Цяжка было гэты адказ зразумець. Але Майсей атрымаў адказ для сябе і ніколі не тлумачыў гэта іншым… Бо Бог ёсьць тое, што Ён ёсьць для кожнага асобнага чалавека.
У вясну 1481 года Батычэлі, разам з іншымі флярэнтыйскімі мастакамі, Даменіка Гірландаё і Казіма Расьселі, П'етра Перуджына, прыступілі да працы ў Сікстынскай капэле. Тэмай росьпісу стала паралель паміж гісторыямі Майсея і Ісуса Хрыста, як сымбаль пераемнасьці паміж Старым і Новым Запаветам, а таксама пераемнасьці паміж Законам, дадзеным Майсею і Пасланьнем Ісуса.
Выпрабаваньні і пакліканьне Майсея. Фрэска (1481—82). Сандра Батычэлі (1444—1510). Сікстынская Капэла, Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 2000 годзе
На фрэсцы намаляваныя некалькі эпізодаў з жыцьця Майсея, апісаных у Кнізе Выхад. Справа Майсей забівае егіпецкага наглядчыка, які зьдзекаваўся над габрэямі, і сыходзіць у пустыню (як паралель з перамогай Ісуса над д'яблам на фрэсцы на сьцяне насупраць). У цэнтры Майсей дапамагае дочкам Ётора (у тым ліку сваёй будучай жонцы Сэпфоры), прагнаўшы пастухоў, якія не пускалі дзяўчат да калодзежа. У левым верхнім куце захаваная сцэна, дзе Майсей здымае абутак і чуе загад Бога вярнуцца ў Егіпет і вызваліць свой народ. У левым ніжнім куце фрэскі Майсей вядзе яўрэяў у Зямлю Абяцаную. Ва ўсіх эпізодах Майсей лёгка пазнаваемы па сваёй жоўта-зялёнай вопратцы, на астатніх фрэсках капэлы ён апрануты так сама.
Майсей зразумеў пакліканьне і ўпэўніўся ў падтрымцы Бога. Тады ён разьвітаўся з цесьцем і рушыў у Егіпет.
Падарожжа Майсея ў Егіпет і абразаньне яго сына Эліезэра (1482). Фрэска. П'етра Перуджына (1446 -1524). Сікстынская Капэла, Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 2002 годзе
На фрэсцы намалявана некалькі эпізодаў: на далёкім пляне – разьвітаньне Майсея (апрануты ў жоўтыя і зялёныя адзеньні, як і ў іншых эпізодах) і Сэпфоры з Ёфорам; на другім пляне – вяртаньне Майсея з сям'ёй у Егіпет; зьлева – сустрэча з Анёлам-пасланцам Бога; справа – сцэна абразаньня.
«Адпусьці народ Мой…»адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне…
(Выхад 7:16)
Верагодна, самым вядомым палітычным патрабаваньнем у гісторыі стала тое, зь якім Маісей павінен быў зьвярнуцца да фараона. У адной з самых знакамітых песьняў гучыць: «…And tell old Pharaoh, To let my people go!» (Ідзі Майсей, ідзі ў Егіпет і скажы старому фараону, адпусьці мой народ!»).
Пакліканьне Майсея і абяцаньне Божай падтрымкі – адзін з найпрыгажэйшых і найважнейшых эпізодаў Старога Запавету. Таямнічасьць сцэны маляўніча перадаў у сваім творы Марк Шагал. Вясёлка над палаючым кустом – сымбаль сувязі паміж Богам і зямлёй.
Майсей перад палаючым кустом. Марк Шагал (1887—1985). Музэй Шагала ў Ніцы. Францыя. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
Майсей да апошняга спрачаецца з Богам і знаходзіць яшчэ адзін аргумэнт: «І сказаў Майсей Госпаду: о, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы» (Выхад 4:10). Так-так, Майсей – адзін з галоўных дзеючых асоб Старога Запавету быў коснаязыкі, меў дэфэкт вымаўленьня. На што атрымаў гнеўны адказ. «І загарэўся гнеў Гасподні на Майсея, і Ён сказаў: хіба няма ў цябе Аарона брата, Лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, зарадуецца ў сэрцы сваім; ты будзеш яму гаварыць і ўкладваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць; і будзе гаварыць ён замест цябе да народу; дык вось, ён будзе тваімі вуснамі, і ты будзеш яму замест Бога…» (Выхад 4:14—16).
Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: «…так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні» (Выхад 5:1).
…let my people go… (Выхад 5:1). Майсей і Аарон перад фараонам. Марка пошты Ізраіля, выдадзеная ў 1981 годзе
Але фараон запярэчыў: «І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы» (Выхад 5:4). І загадаў фараон наглядчыкам як найбольш загружаць габрэяў працай. Стан габрэйскага народу яшчэ больш пагоршыўся. Тады Майсей зьвінаваціў Бога. «І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедзтву, навошта паслаў мяне? бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, – Ты ня вызваліў народу Твайго» (Выхад 5:22,23).
У адказ Бог пацьвердзіў сваё абяцаньне. «Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі…» (Выхад 6:6).
З 1960 гадоў словы Майсея сталі лёзунгам міжнароднага руху пратэсту супраць становішча габрэяў у СССР.
«Адпусці мой народ». Канвэрт пошты Ізраілю, пагашаны штэмпелем з датай 7.3.1972.
На марцы Ізраілю на чатырох мовах (іўрыце, арабскай, рускай і англійскай) напісаны словы «адпусьці мой народ», якая разам з надрукаванымі з такім жа надпісам налепкамі стала часткай кампаніі «адпусьці мой народ» (Shalach Et Ami) за свабоду габрэйства, каб мець магчымасьць пакінуць Савецкі Саюз і іміграваць у Ізраіль. Налепкі служылі для збору сродкаў у дапамогу эмігрантам.
Дзесяць бедзтваўФараон не адпусьціў габрэяў. Тады кажа Гасподзь: «І над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь» (Выхад 12:12). На Егіпет былі абрынутыя 10 бедзтваў, прычым, кожны раз пасьля новай адмовы фараона адпусьціць габрэяў, было чарговае бедзтва: Воды Ніла пераўтвараюцца ў кроў. Нашэсьце жаб. Нашэсьце насякомых. Напад дзікіх зьвяроў. Мор жывёлы. Язвы і нарывы. Гром, маланкі і вогненны град. Нашэсьце саранчы. Незвычайная цемра (цемра Егіпецкая). Сьмерць першынцаў.
Пакраньне градам. Ілюстрацыя. Малітоўнік Залатая Агада (1300). Гішпанія. Калекцыя Рубінштэйна з бібліятэкі Універсітэта Дзюка. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2009 годзе
Бог наслаў град, агонь і гром на Егіпет, і град пабіў увесь ураджай на палях і разьбіў кожнае дрэва. На малюнку град – чырвоныя і белыя кропкі – падаюць на дрэва, калі пастух і яго козы туляцца пад ім. Градавыя буры былі незвычайнымі ў засушлівых рэгіёнах, такіх як Егіпет, і таму надзвычай палохалі. Майсей справа прасіць Бога, каб спыніў шторм.
Бог паказвае і свайму народу, і Егіпцянам, што паганскія багі, якім Егіпцяне прыпісвалі ўладу над зьявамі прыроды – несапраўдныя.
Але пры кожным пакараньні ў Егіпцян ёсьць магчымасьць пакаяцца і пазьбегнуць бедзтва. Напрыклад, перад пакараньнем градам Бог словамі Майсея папярэджвае аб гэтым загадзя: «Вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня: дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць» (Выхад 9:18,19).
Прыйшоў час апошняга, самага страшнага пакараньня. «А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і паб'ю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь» (Выхад 12:12). Але яго таксама можна было пазьбегнуць, дастаткова памазаць вушакі дзьвярэй ахвярнай крывёю ў знак веры і паслушэнства Богу. Божы наказ ізраільцяне выканалі, а егіпцяне спакойна паляглі спаць. У гэтай гісторыі мы бачым, што Бог прыходзіць на дапамогу прыгнечаным, і, сутыкаючыся з упартым, жорсткім злом і супрацівам, зьдзяйсьняе праведны суд, хоць і пры гэтым адкрывае магчымасьць выратаваньня.
«Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы.
І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага» (Выхад 12:29,30).
На картмаксімуме» Дзесяць караў егіпецкіх: сьмерць першынца фараона» маркі, выпушчаныя поштай Егіпту ў 1888—1902 гадах, з відарысам Егіпецкіх пірамід, як сымбалю непасільнай працы ізраільскіх працаўнікоў.
Дзесяць караў егіпецкіх: сьмерць першынца фараона. Альма-Тадэма (1836—1912). Егіпецкая паштоўка 1903 года
Пасьля гэтага яшчэ ноччу фараон, паклікаўшы Майсея і Аарона, сказаў: «…устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы…» (Выхад 12:31).
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?