Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 11


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 11 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Куды сабраліся, панове?

– Пан Шрэдэр даў нам тэрміновае даручэнне. Мы мусім ехаць да пана Рысі, папярэдзіць, што ў Віленскай акадэміі яго чакае пастка! – адрывіста прамовіў Лёднік.

– Ды я проста так пытаўся. Нам усё роўна, куды пан сабраўся і навошта. Бо гэта апошні прычал для карабля вашай мосці,—марак наставіў на Лёдніка шпагу.

– Ды ці не ўчыняць тую пастку сабраліся самі паны схізматыкі, – дадаў адзін з кампаніі, захутаны ў плашч з капюшонам, напэўна, пасланец ад езуітаў, больш пасвечаны ў справу.

А ў іх пісталеты, гэта кепска…

– А можа, напачатку паны папытаюцца ў графа Батысты, дзе карона святога Альфрэда, і чаму да яго прыязджаў пасланец ад Міхайлы Разанцава? – бязвінным голасам прамовіў Пранціш.

Чалавек у плашчы трохі разгубіўся і заазіраўся, нібы жадаючы сапраўды знайсці Батысту, да якога даверу было не больш, чым да схізматыкаў. І тут пачуўся стук капыт і грукат колаў – ад дому ірванула карэта, два ліхтары на ёй здаваліся балотнымі згубнымі агеньчыкамі, якія заводзяць у дрыгву. Воз са скрыняй, у якой на вуголлях таньчыла егіпецкая прынцэса, застаўся ў доме на дзюнах, пэўна, назаўсёды, і хто-небудзь з будучых гаспадароў доўга будзе ламаць галаву над прызначэннем жалезных шчытоў. А карэта, запрэжаная шасцю сытымі коньмі – Батыста відавочна падрыхтаваўся да ўцёкаў – імчала ў вечаровым змроку так, што дагнаць было немажліва, агеньчыкі ліхтароў усё аддаляліся. Пакуль людзі раіліся, што рабіць, а ім трэба ж найперш золата грузіць ды вывозіць, Лёднік агаліў шаблю, Пранціш узяў коней за аброці.

– Слова гонару, мы едзем ратаваць будучых кадэтаў! – пракрычаў драгун.

Але слова гонару тут значыла няшмат. Галоўнае, што ад’езд Батысты, які справядліва вырашыў, што былыя спадарожнікі яго таямніцы хаваць не стануць, зблытаў людзей Шрэдэра, частка пагналася за карэтай… А Вырвічу і Лёдніку давялося працярэбліваць шлях зброяй. Засвісталі кулі… І Вырвічу, калі ўжо ўскочыў на каня, апякло плячо.

Перавязаць толкам рану ўдалося толькі праз гадзіну, у лесе, навобмацак, бо ноч была цёмнай, як сумленне егіпецкага жраца.

І толькі нараніцу, калі ўжо валіўся ад стомы, болю і бяссоннай ночы, Пранціш змог пры святле, што скупа прасявалася праз хмары, прачытаць ліст, што пакінуў яму Шрэдэр. І нават ускрыкнуў ад узрушэння. Лёднік зараз жа забраў аркуш і толькі й змог вымавіць: “Вось падлюка…”

Бо ў тым лісце пан Батыста адчытваўся перад князем Геранімам Радзівілам пра сваё выступленне перад Аўгустам Трэцім. Аказваецца, падчас свайго сеансу магіі Батыста па замове князя мусіў караля атруціць. Хітра, з адцягнутым дзеяннем. Выпарыўся б атрутны газ з адтуліны ў магічным шары, у які зазірае кароль… Пачалася б лёгачная хвароба з разладжваннем страўніка… І праз які месяц – гамон.

Лысы і заіклівы князь Геранім шчыра лічыў сябе прыгажэйшым мужчынам краіны і самым вартым кароны рыцарам. Дзеля здзяйснення сваёй мары не пагарджаў звяртацца да містычных рэчаў, хоць ведзьмакоў караў сапраўды бязлітасна. Але забойства не ўдалося, кароль пасля візіту мага толькі паперхаў ды ў прыбіральні даўжэй пасядзеў… І зноў узяўся папяровых чалавечкаў выразаць, да чаго быў вялікі аматар. Батыста апраўдваўся тым, што кароль пабаяўся надта зблізу пабачыць сваю будучыню, і ў пакоі быў скразняк… Хаця, можа, і наблізіў сеанс магіі смерць манарха, бо апошнія гады Аўгуст быў зусім недалужны.

І хаця бачыць караля ў залатой труне жадалі многія, але выкрыты замах на каралеўскую персону мусіў быць пакараны! Гэта сапраўды смяротны прысуд – у любой краіне, у любым асяродку. Як кажуць ліцвіны, здраду прымаем, а здрадніка вешаем. Мёртвы Геранім Радзівіл абаронай свайму найміту быць не мог, і гонар Радзівілаў ад ягонага ўчынку, калі б той выкрыўся, не цярпеў, бо Геранім карыстаўся славай шаленца, і радзіна ад яго даўно адраклася. Так што езуіты трымалі Батысту моцна!

А цяпер, выходзіць, ён у залежнасці ад ненавіснага драгуна і яшчэ больш ненавіснага віленскага доктара! Бо спаліў у грубцы ўсяго толькі пусты канверт, і зараз дарэмна радуецца. Шрэдэр, ясная рэч, прадугледжваў, што прайдзісвет-маг можа паспрабаваць выкрасці ліст, і на ўсялякі выпадак трымаў паперку ў нейкай таемнай кішэні асобна ад канверту.

І, можа быць, цяпер удасца палегчыць лёс Міхалішыўны… Дзякуй Шрэдэру хаця б за гэтую спадчыну.

Раздзел восьмы. Як Баўтрамей Лёднік у акадэміі зноў даклад рабіў

Чаго толькі не ўспомніць былы студыёзус пра часы свайго навучання! І непрыемнае можа падацца праз гады смешным, напрыклад, як аднойчы ў саламянай “аслінай кароне” вадзілі па вуліцах за непаспяховасць у лаціне, а пакараны з самай жаласнай фізіяноміяй умудрыўся сцягнуць па дарозе пернік, жменьку разынак і мігдалавую цукерку ў разявакаў-вулічных гандляроў, якія ціснуліся бліжэй, каб парадвацца прыніжэнню пракудлівага шкаляра. А як давялося ў езуіцкім калегіюме іграць князя Святаполка ў містэрыі пра дабраверных князёў Барыса ды Глеба, і падвязаная на вяровачцы барада з афарбаванай у чорнае кудзелі ўвесь час спаўзала набок, а з ложы ганаровых гасцей паглядала сястра князя Міхала Багінскага ў сукенцы, падобнай да торту з узбітымі вяршкамі альбо клумбы, ды міла пасмейвалася… А як на першым курсе Віленскай акадэміі ўзяліся пераплываць Вяллю ў бочках, а потым біліся з падмайстрамі залатарскага цэху на палках-пальцатах!

Не, праз гады студэнцкае жыццё падаецца куды больш рамантычным – а вось некаторыя ўласныя выбрыкі ды крыўды дурнымі.

Баўтрамей Лёднік, выпускнік Полацкага калегіюма, а таксама факультэта вольных навукаў Пражскага ўніверсітэту ды медычнага факультэта Лейпцыгскага ўніверсітэту пра свае пракуды ў студэнцкія часы расказваў скупа. Вядома, да навукі сын полацкага гарбара з маленства імкнуўся, як прапойца да келіха, і нат у юнацтве больш хадзіў па таемных навукова-эзатэрычных таварыствах ды дэманстрацыях рызыкоўных эксперыментаў, чым па карчомках, але што пракуды былі – Вырвіч не сумняваўся. Навучыўся ж Лёднік у Лейпцыгу фехтаваць, каб быць першым у абавязковых буршаўскіх двубоях. А стрэчаны аднойчы аднакурснік па Лейпцыгу, вынаходнік Пфальцман адразу нагадаў Баўтрамею, колькі піва яны папілі ў карчомцы “Пад карасём”.

Не, нават такога зацятага чалавека, як Баўтрамей Лёднік, не маглі прамінуць радасці студэнцкага жыцця… Але выпытаць у яго штосьці было не лягчэй, чым дастаць з нерата жывога спалоханага вугра.

Але пакуль Бутрым важдаўся з куляй, што засела ў Пранцішавым плячы, распавядаў, відаць, замест абязбольваючага, як у Празе ягоны аднакурснік, балгарын родам, упадабаў адну паненку з Градчанаў, дачку прафесара. І каб зрабіць уражанне на пекную даму, упрасіў Баўтрамея, які ўмудраўся спасцігаць курс і вольных навук, і прыродазнаўчых адначасова, зладзіць пад вакном красунькі феерверк, каб ракета вымалёўвала ў паветры сілуэт Купідончыка, што будзе прызнаннем у каханні… А ўзамен паабяцаў выпісаць з радзімы адзін дужа рэдкі інгрэдыент для доследаў, а менавіта жывую смалу, якая ўтвараецца на камені і вылечвае ад усіх хваробаў. Пасля двух бутэлек някепскага вінца – таксама балгарскага – палачанін згадзіўся. І ўсё было б цудоўна… Каб не невялічкая памылка будучага доктара, які быў выдатна абазнаны як у логіцы, так і ў механіцы, але з маляваннем меў праблемы.

Амурчык у аблоках дыму і ў суправаджэнні мілых выбухаў вымаляваўся на фоне аксамітна-чорнага неба вельмі эфектна, але меў чамусьці нейкую перакрыўленую фізіяномію, а на галаве замест кудзерак выразна бачыліся рожкі… Красунька, пабачыўшы проста перад сваім вакном вогненны абрыс нячысціка, пералякалася так, што ад ейнага віскату абудзіліся ўсе пеўні, сабакі і п’янюгі карчомныя ад Градчанаў да Залатога гораду, дзе жылі паважаныя алхімікі ды залатары, а радзіна паненкі ўзняла вэрхал, быццам іх дом пачала штурмаваць уся Асманская імперыя. І ўцякалі студыёзусы цёмнымі завулкамі, як зайцы, замест таго, каб святкаваць перамогу саюза Мінервы і Амура над дзявочым сэрцам.

Дарэмна Бутрым апраўдваўся, што рожкі ў паветранага Амурчыка выраслі выпадкова. Давялося абменьвацца з раззлаваным сябруком кухталямі, аж пакуль зубы ў роце абодвух не захісталіся, як у старэчаў, а потым запіваць афронт слівавіцай. А назаўтра намагацца захаваць сур’ёзнымі пабітыя фізіяноміі, выслухоўваючы неверагодную навіну пра з’яўленне над Прагай д’ябальскага знаку, што неадменна прадвяшчае… Што менавіта прадвяшчае – кожны распавядаў у межах сваёй фантазіі, і толькі два студыёзусы ведалі дакладна, што прадвяшчае гэта канец адной сардэчнай схільнасці, а калі не пашанцуе і ўсё выкрыецца – знаёмства са святой інквізіцыяй і развітанне з надзеяй атрымаць дыплом.

Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што закаханы студыёзус змог павярнуць прыкрае здарэнне на сваю карысць, перадаўшы пераляканай красуні асабліва святыя сакраменты: кавалачак плашча благавернага балгарскага цара Барыса і слёзы святой Параскевы ў крышталёвай шкляніцы, якія любыя сурокі і ўплыў нячыстай сілы адганяюць, і змог пераканаць прафесараўну, што з’яўленне здані пад яе вакном было выклікана ні чым іншым, як зайздрасцю вядзьмацкай хеўры да цнотаў красунькі, а таму для гэтых цнотаў тэрмінова патрэбны надзейны абаронца.

Так што для балгарына ўсё скончылася шчаслівым шлюбам, тым болей быў ён багаты княскі нашчадак, і бацька ягоны, і ён сам праславіліся ў барацьбе з басурманамі-туркамі. А вось Баўтрамей так і не атрымаў каменнай смалы.

Пранціш шчыра павесяліўся, наколькі гэта было магчыма для пацыента, у свежай ране якога калупаюцца хірургічнымі інструментамі. Ганулька Макавецкая стаяла побач з місай гарачай вады, і вада плёхалася мініяцюрным штормам, аж пакуль доктар не загадаў дзяўчыне паставіць місу на стол, а самой – добра выплакацца за дзвярыма. Гаспадыня Ляшчынаў нават не асабліва здзівілася з’яўленню гасцей, задыханых, запырсканых гразёй, адзін з якіх быў паранены – у краіне, якую ўвесь час раздзіралі войны, для шляхцюка звычайнае здарэнне. Хаця бачна было, што ўсё-ткі больш ухваляла б пані Гартэнзія жыццё ціхамірнае і нораў не ваяўнічы.

Лёднік спадзяваўся пакінуць Пранціша тут, пад надзейным даглядам – але, калі трэба, Вырвіч мог быць упартым не менш, чым доктар. Урэшце, гэта ў фехтаванні Лёднік – майстар, а вось з коньмі драгун Вырвіч упраўляўся куды лепей. Таму, дазволіўшы сабе самы неабходны – абы не зваліцца з каня – адпачынак, драгун і доктар выправіліся ў шлях. Ганулька глядзела ўслед заплаканымі вачыма, і Пранціш адчуваў сябе апошнім нягоднікам. Ласкавая жонка будзе, клапатлівая…

Але ў Вільню яны мусілі паспець да нядзелі. Коней у Ляшчынах здабылі, а вось Фартуна адвярнулася. Да корчмаў пад’язджаць баяліся, калі бачылі побач жаўнераў… Вельмі верагодна, што Батыста папярэдзіў сваіх цяперашніх апекуноў наконт двух шпегаў ад князя Радзівіла, якія будуць прабірацца ў Вільню. Але неабходна было зноў памяняць коней, дый Вырвіч, як ні трымаўся, усё-ткі саслаб, і варта было б пасядзець у цяпле хоць пару гадзінаў… Прынамсі, так лічыў Лёднік. Таму да наступнай карчмы пад назвай “Парыж”, каля якой не бачна было ні жаўнераў, ні жаўнерскіх коней, усё-ткі пад’ехалі. Дождж абыякава паліваў сціплы будынак карчмы пад гонтавым дахам, сосны, на ствалах якіх ваяўнічыя госці не аднойчы выпрабоўвалі вастрыню сваіх палашоў ды стылетаў, і двух падарожных, якія і без таго вымаклі, бы вярнуліся ад вадзяніка. Вырвіч цяжка злез з каня.

– Пачакай тут, зазірну ў карчму, ці бяспечна, – хаваючы трывогу, прамовіў Лёднік. – А то пападземся, як небарака Грос.

У драгуна не было сіл запярэчыць. Ён жаваў нейкую дужа лекавую і страшэнна горкую траву, якую яму сунуў Лёднік для прафілактыкі запалення, і злаваўся на сябе – рана лёгкая, кулю дасталі, сам такіх ранаў колькі на другіх залячыў, а вось жа – саслаб, як паненка. Дый не такая, як Раіна Міхалішыўна, якая любога драгуна па трывушчасці ды спрыце перагоніць.

У карчме прыветна свяціліся вокны, гула басэтля. Ніяк не хацелася верыць, што і тут – аnguis in herba, змяя ў траве, як казалі лаціняне пра таемную небяспеку. Подбегам вярнуўся Лёднік.

– Сядзяць, заразы, як гарох у струку. Жаўнеры ды шпегі. Сыходзіць трэба, пан Вырвіч. Ну чаму ты не застаўся ў Ляшчынах…

Раптам з цемры вынырнулі нечыя постаці.

– Пан доктар, сюды! Не бойцеся! Хутчэй, хутчэй! Зараз за вамі ўланы прыйдуць!

У змроку і дажджы можна было толькі й разгледзець, што падбеглі двое, дзяўчына і хлопчык.

– Пане, бацькамі клянуся, што хачу вам дапамагчы! Там далей, на дарозе, засока, і з карчмы вас убачылі. Іцка вашых коней зараз схавае, і вам трэба…

У дзявочым голасе чуўся сапраўдны адчай, а далёка ў цемры перагаворваліся мужчынскія грубыя галасы, і вось шчаўчок, нібы хтось узводзіў курок пісталету.

– Пайшлі…– шапнуў Лёднік Пранцішу.

Іх пацягнулі да карчмы, але не да дзвярэй, а ў абход, па кустоўях. Працісквацца давялося праз нейкі лаз, зладжаны ў павеці, караскацца па вузкім ходзе, умацаваным бярвеннямі, і вось абодва апынуліся ў катуху, які знаходзіўся, як можна было зразумець па гуках, пад падлогай карчомнай залы. Дзяўчына, паўнаватая, у акуратным каптурыку, павесіла на адмысловы крук ліхтар:

– Пасядзіце тут, вашыя мосці, пакуль уланы не сыдуць. Там матуля з імі разбіраецца. А я вам пакуль есці-піць прынясу…

І збегла.

Госці агледзеліся, бо пакуль не было зразумела, ці пастка гэта, ці ратунак. Катух быў завалены скруткамі тканінаў, пачкамі гарбаты і кавы, нават персідскі дыван ляжаў, укручаны ў палатно: Вырвіч з цікаўнасці прадраў накрыўку.

– Ну што, падобна, мы ў патаемным сховішчы гаспадароў, – шапнуў Лёднік. – Калі сюды пусцілі – ёсць надзея, што не здадуць.

Наверсе чуўся п’яны гуд, стукалі аб сталешніцы келіхі і косткі, спявак выводзіў пад дуду і басэтлю:

 
– А былі ж людзі ды няверныя,
А паверылі пагану цмоку.
Ой, таму цмоку на дзень па чалавеку,
А ў пятніцу рана яму двух мала.
Прышла радавая да самаго цара,
А ў таго цара ні чалядачкі,
Ні чалядачкі, ні дзіцятачкі,
Толькі ў таго цара прамудра царэўна.
Прамудра царэўна, адзявайся,
Надзявай шаты, шаты дарагія,
Абувай боты да ўсё залатыя,
Да ідзі ў поле пад сіне мора.
 

Раптам нехта з гульцоў зароў, што ягоны партнёр такі ж махляр, як Рыгор Осцік, што фальшывыя манеты чаканіў, на расейскага цара шпегаваў і якому ў Вільні галаву адсеклі. У адказ пачулася лаянка, потым крык ад болю… Потым ляснулі дзверы, і крыкі сціхлі. А спявак усё выводзіў:

 
– А сіняе мора ўскалыхнулася,
Прамудра царэўна ўлякнулася.
Выплываець з мора паганы цмок,
У яго з роту агонь валіць…
Як зачуў Госпад да ўсю праўду,
– А святы Юры, адзявайся,
Надзявай шаты, шаты дарагія,
Надзявай боты да ўсё залатыя,
Да ідзі ў стайню, выбірай каня.
Да едзь у поле пад сіне мора
Прамудру царэўну да й бараніць.
– Ой, Госпадзі ж Божа, сам я баюся,
Ад паганага цмока не адбаранюся.
– А святы Юрай, чаго баяцца?
Сячы канём, войстрым кап’ём,
Закідай ланцуг, ланцуг на рогі,
Ой, вядзі цмока па ўсяму свету.
 

Спявак, мяркуючы па голасе, быў зусім малады, але голас ужо надтрэснуты, з тымі ноткамі вечнай скаргі ды нуды, якія з’яўляюцца ў голасе жабракоў і якіх не павінна быць у голасе таленавітых артыстаў – але, на жаль, на гэтай зямлі чуюцца…

Раптам песня абарвалася, бо голас кабеты, які загучаў, немагчыма было ні перапець, ні перакрычаць:

– Ой, вой мне, гора маё, каб пада мной зямля трэснула – не было тут ніякіх бандзюкаў! І не бачыла, і не чула! Каб мне дзетачак маіх не дагадаваць! І не пушчу нікога такога! Ды ў нас паважаная самая карчма, у нас пан Лапушынскі бывае, не грэбуе келіх выпіць! Самыя шаноўныя госці начуюць, а вы нас падазраеце невядома ў чым, каб з вас чорная юшка палілася, а галоўка мая гаротная, каб вас распрынзіла, каб вы жыватом ездзілі, а праз вушы вецер свістаў… Паелі ўсё, папілі, па свеце нас пусцілі, не заплаціўшы, ды яшчэ вінавацяць, што злачынцаў хаваем!

Гэты голас не пазнаць было нельга. Карчмарыха Майсеіха з Чорных Соснаў, якую яны з Лёднікам выкупілі ў пана Лапушынскага! Значыць, заехалі яны з Лёднікам якраз у ейную карчму, якая, аказваецца, носіць горды назоў “Парыж”…

– Паночкі мае, а літасцівыя мае, даруйце жоначцы, хворая яна… – дрыжачы танклявы голас належаў, пэўне ж, гаспадару карчмы.

– Каб вам на Крэўскі замак давялося каменне цягаць! – тут жа азваўся магутны “глас” карчмарыхі.

Гэткі гармідар доўжыўся яшчэ хвілінаў дзесяць, потым, відаць, жаўнеры не вытрымалі дзікай сумесі галашэнняў і праклёнаў і сышлі. У таемным ходзе пачуўся шолах, паказалася дачка карчмара, нагружаная, як на кірмаш. Паставіла на падлогу збанок піва, гаршчок, ад якога пахла нечым смачным, кінула на падлогу два кажухі, ад якіх патыхала цвілой скурай, але ў якасці коўдраў маглі паслужыць, а галоўнае – сухую вопратку.

– Няхай вашыя мосці тут пераначуюць, там два жаўнеры яшчэ засталіся, маці іх зараз напоіць добранька. Усю карчму перавярнулі, латругі, наваколле абшукалі, каб іх вантробы на плоце сохлі… – а карчмароўна, падобна, вырасце ў годную пераемніцу маткі. – Добра, што маці вас, пан доктар, угледзела, калі вы ў карчму зазірнулі. У матулі маёй вока, як у ахоўніка брамы нябёснай, – з гонарам паведаміла Майсееўна, яе цёмныя вочы глядзелі не па-дзявочы смела, а постаць была ганарлівай, як у царыцы амазонак. – А ранкам два кані будуць стаяць там, дзе мы з Іцкам вас перастрэлі.

– Дзякую, панна… Як, дарэчы, вас завуць? – папытаўся Лёднік.

– Я Рахель, ваша мосць. Але гэта мы мусім вам павек дзякаваць. Каб не вы – давялося б нам карчму прадаваць, каб матулю выкупіць з палону, і пайшлі б мы блукаць па свеце, гаротныя…

Галасіць ды бедаваць, падобна, панна Рахель магла, як і маці, не менш таленавіта, чым клясці.

– Папрасіў бы яшчэ панну прынесці хлеба з цвіллю і трошкі спірытусу – пан Вырвіч паранены…

Карчмароўна з годнасцю кіўнула галавой – сапраўдная гаспадыня, уладарка вар’яцкага карчомнага каралеўства:

– У нас аптэчка добрая… Прынясу, што ёсць – хай пан доктар выбірае. Зёлкі якія там, настоі…

А ў Вырвіча ўжо зліпаліся вочы, і ўсё цела ламала, як бы хтось па ім патаптаўся, і рана пульсавала балюча. Драгун асцярожна пакруціўся на кажуху, зручней прыстройваючы параненае плячо. Карчма наверсе заціхала, апошнія п’яныя мармытанні раставалі ў шуме дажджу. Як жа добра пасля небяспекі, холаду і стомы патрапіць у ахоўнае цяпло! Успомніліся словы Лёдніка, які казаў, што ніколі не трэба шкадаваць пра тое, што ўдалося камусь дапамагчы…

А наранку іх чакалі коні – ды не два, а чацвёра, з мяшкамі, набітымі неабходнымі ў дарозе прыпасамі. Хаця дарогі было, калі хутка ехаць, усяго суткі…

Але суткі тыя даліся ў знакі. Тройчы давялося збочваць у гушчар і перачыкваць, пакуль праедуць падазроныя атрады. Да прыдарожных корчмаў пад’язджаць баяліся. Лёднік трывожна паглядаў на драгуна, паіў мікстурамі, якія змог здабыць у карчме, нават зрабіў з дошчачак і бінтоў такую павязку, каб параненая рука найменш варушылася, і ўсё ўгаворваў параненага дзесьці застацца, а Пранціш лаяўся і выскаляўся, паказваючы, што драгуну такая рана – як камар укусіў.

У Вільню ўляцелі, як начніцы за імі гналіся, пад нядзельны святочны перазвон. На шчасце, ці ніхто не насмеліўся затрымаць знакамітага доктара, які водзіцца з дэманамі, і ягонага сябрука, зухаватага харужага, ці не паспелі сюды яшчэ паведаміць, што іх належыць затрымаць. Капыты звонка цокалі па мокрай брукаванцы, люд паспаліты раздражнёна шугаўся ўбакі – гоніць жа паноў у святую нядзельку некуды… Лёднік змэнчыўся ўвесь ад трывогі – ці не спазніліся? А Вырвіч думаў толькі пра тое, як не зваліцца з каня – бо рабілася млосна…

У Акадэмію доктар заляцеў, як чорны віхор, і адразу кінуўся ў кабінет да рэктара. Пранціш, абліваючыся потам, бег следам, перад вачыма мітусіліся залатыя пчолкі.

А ў калідорах і аўдыторыях пуста, як у каморы пасля каляднага карнавалу… Можа, зманіў Батыста?

Рэктара не было на месцы, знайшоўся толькі намеснік, паўнаваты ўсмешлівы пан, знаўца рыторыкі. Прарэктар, калі выслухаў упэцканага і знерваванага прафесара, збялеў, як варанае яйка.

– Яны там… У зале, дзе вы рабілі даклад… Пан Рысь, ксёндз Марэк… І студэнтаў з сотню, але ўсе правераныя, рэкамендаваныя! Што рабіць? Калі іх тут схопяць – Акадэмію могуць зачыніць!

За зашклёнымі дзверцамі шафы стаялі кнігі па юрыспрудэнцыі – не так даўно гэтую свецкую навуку ўпусцілі ў акадэмічныя муры.

– Вы лепш думайце пра лёс маладых людзей! – раўнуў Баўтрамей. – Іх жа перастраляюць, як куранятаў! А хто выжыве, пасадзяць – і хто быў, і хто не быў. Ключы ад маёй лабараторыі ў каго?

Прарэктар трошкі памарудзіў, потым моўчкі палез у шуфляду стала, пабразгаў там жалеззем і дастаў звязку розных ключоў памерам з добрую вінаградную гронку.

– Ваш – вось гэты, з самай доўгай бародкай… А ад сутарэнняў – з шышачкай…

Паколькі ў начальства аказаліся ўсе ключы, было зразумелым, як у свой час з таемнай лабараторыі Лёдніка знікалі некаторыя каштоўныя рэчы, а менавіта лялька-аўтамат па імені Пандора, і якім чынам рабіліся рэгулярныя ператрусы ў крамольнага прафесара.

– Дзякую, калега, не сумняваўся, што ад вас ніякіх таямніцаў у акадэміі не захаваеш, – не прамінуў з’едліва азвацца Бутрым. – Паспрабуем маладых вывесці такім шляхам.

– Думаю, мне лепей застацца тут… – адвёў вочы прарэктар. – Вы ж разумеце, пан Лёднік, што ў інтарэсах Акадэміі трэба, каб кіраўніцтва не было замешанае… А вось каб вы, калега, узялі на сябе перагаворы!

Знаўца рыторыкі лісліва ўсміхнуўся.

– Вы ж чалавек аўтарытэтны, ваша мосць, з Рапніным і Разанцавым сябруеце! Перастрэньце тых, хто прыйдзе арыштоўваць студэнтаў, патлумачце, што юнакі ўсяго ў карты гулялі, што не было закалоту… Вам павераць!

– Усе мне давер аказваюць, – гнеўна адказаў Лёднік, – Толькі пасля чамусьці ў аддзяку хочуць забіць!

І шпурнуў на стол ліст ад Шрэдэра.

– Спадзяюся, хаця б мае вучні не пацерпяць ад такога даверу!

Ясна, што дапамогі тут не дачакацца, і акадэмікі дружненька запэўняць улады, што нічога не ведалі, студыёзусы самі па сабе сваволілі…

Калі Лёднік, як з шыбеніцы сарваўся, уляцеў у залу вучонай рады, у дарожнай вопратцы, зарослы чорнай шчэццю, а побач быў яшчэ Пранціш з рукой на перавязі, студэнты ў жаху расступіліся, пан Рысь падавіўся ўрачыстым словам, а той-сёй і схапіўся за шаблі.

Тая самая зала, куды харужы Вырвіч з’явіўся, каб паслухаць блюзнерскі даклад прафесара Лёдніка пра крывезварот у арганізме чалавека. Цяжкія лаўкі, высокія скляпеністыя вокны… Вунь там сядзела пані Саламея з малым Алесікам… Там – выкрыкваў свае рэплікі граф Міхайла Разанцаў… А за кафедрай стаяў фанабэрысты прафесар.

За кафедру ён і стаў зноў, сагнаўшы агаломшанага пана Рыся. Лёднік быў па—прафесарску лаканічны, абмалёўваючы сітуацыю. Твары студэнтаў паказвалі гнеў, расчараванне, а часам і страх – юнаку можна адчуваць страх, бо толькі ў ягоным пераадоленні выспявае сапраўдны вой. Вядома, спрабавалі крычаць, што зараз пачнуць біцца – розум не кулеш, у галаву не ўвальеш, але прафесар быў як вопытны вайскаводца і некалькімі словамі суцішыў бунт. Далучыўся і ксёндз Марэк, жыццярадасны таўстун, які выдатна ўмеў натхняць моладзь на патрыятычныя дзействы, але разбіраўся і ў палітычных кампрамісах. Пераможныя бойкі – наперадзе. А пакуль – разумны манёўр дзеля ўратавання вайсковага патэнцыялу і роднай альма матэр. Хто ж будзе вучыцца ў акадэміі Пане Каханку, калі ўсе тут палягуць, не стаўшы кадэтамі? А за таемнай лабараторыяй Лёдніка пачынаўся шлях у сутарэнні, якія вялі за межы ўніверсітэту, ажно да каралеўскіх стайняў.

Ксёндз адамкнуў дзверцы насупраць галоўнага ўваходу ў залу, справа ад кафедры:

– Ціха! Выходзім моўчкі! Бог нас абароніць!

І тут у дзверы залы грукнулі. Пачуўся ўладны голас:

– Адчыніце імем караля!

– Не паспеем… – схаладнеў Пранціш. Лёднік стамлёна перадаў ксяндзу Марэку ключы.

– Паспееце… Давай, Пранціш, ідзі! Ты ведаеш усе хады-выхады…

Студэнты адзін за адным знікалі ў вузкім ходзе. Пан Рысь падскочыў да Лёдніка:

– Давай гасцей пасячэм на капусту!

Прафесар сумна пахітаў галавою.

– Паверце, тут будзе дастаткова войска, каб перабіць усіх. І Акадэмію зачыняць… Нават калі проста вас тут пабачаць, пан Рысь – адразу выявіцца сувязь з князем Радзівілам. Закалот, антыдзяржаўная змова… Расейцам толькі таго і трэба! Падставы ўмяшацца. Можа пачацца сапраўдная вайна! Колькі народу бязвінна і дарэмна загіне… А так – сабраліся студэнты ў карты гуляць, а я іх разагнаў. І акрамя ўсяго – можа, яшчэ атрымаеце сваю бойку, калі на юнакоў нападуць па дарозе. Ну, хутчэй жа сыходзьце!

У галоўныя дзверы пачалі калаціць чымсьці цяжкім, як бервяно.

– Бутрым, я не пакіну цябе! – выкрыкнуў Пранціш. – Што за глупства – ты што, адзін збіраешся стрымаць цэлае войска?

– Ды не бойся, там мой сябар, граф Міхайла Разанцаў, я пазнаў ягоны голас, дамоўлюся як небудзь, час пацягну, – нудна прагаварыў Лёднік, падыйшоў блізка да пана Караля Рыся і нешта зашаптаў яму на вуха. Той пачціва пакланіўся, раптам рашуча схапіў Пранціша за параненую руку і выкруціў яе… Вырвіч ускрыкнуў ад болю, у вачах заімглілася… Так, што ўсвядоміў, што яго ганебным чынам нясуць, як мяшок, толькі тады, калі над галавой была не каменная столь, а шэрае ліцвінскае неба.

Пан Рысь асцярожна паставіў драгуна на напоеную дажджыма і спалоханую блізкімі замаразкамі зямлю, падтрымаў за плечы:

– Ісці самі зможаце, ваша мосць? А то ваша рана адкрылася, выбачайце… Але пан Баўтрамей папрасіў так зрабіць, сказаў, што адзінае, што ён просіць – вывесці вас.

Вакол былі дрэвы – сосны, пахіленыя на адзін бок, бо іх карэнні падмывала рачулка, голыя пруты ляшчыны. Непадалёк шарэў будынак гарадской лазні. Самая ўскраіна Вільні, далей ціснуліся хаціны беднаты прадмесця.

Вырвіч адчуў, што па шчоках коцяцца пякучыя слёзы, але яму зусім не было сорамна за гэта. Сорамна было за іншае… І пану Рысі, падобна, таксама, бо і ён плакаў, адвярнуўшы твар з чорнымі, як прыклеенымі, вусамі.

– Як вы маглі кінуць яго аднаго! Я вас заб’ю! І езуітаў гэтых падлючых – таксама! Яны яго атруціць хацелі, а ён жыццё паклаў з-за іхніх інтрыгаў!

Вырвіч не мог крычаць – бо горла пераціскала ад гора і гневу… Пан Рысь скрушна ўздыхнуў:

– Даю слова, што калі адважны пан Лёднік загіне, дазволю Вашай мосці пакараць смерцю й мяне. Але спачатку даю слова, што калі ён застанецца жывы – а я ў гэтым упэўнены, бо, нават калі пачнецца бойка, яго абавязкова захочуць узяць жывым, каб дапытаць – мы яго выратуем! Слова гонару! Нічога не пашкадую…

Пан Рысь памаўчаў, паглядзеў на зусім зняможанага Пранціша:

– А студэнтаў усіх удалося вывесці… Бо ніводзін жаўнер не выйшаў за намі з залы, пакуль апошні з нас не прайшоў сутарэнні і мы не падалі дамоўленага знаку. Як пану Лёдніку ўдалося іх затрымаць? Можа, сапраўды дагаварыліся мірна, як дэкляраваў доктар?

Вырвіч горача захацеў, каб менавіта так і сталася. Доктар жа разумны, ён жа і збіраўся загаварыць зубы нападнікам, прадухіліць сутычку…

Дождж сыпануў халодныя слёзы, але каго ён аплакваў – наўрад сам ведаў.

Што рабілася ў тую злавесную нядзелю ў зале вучонай рады, было пасля апісана не раз, і ва ўсіх падрабязнасцях. Так што даведаўся ў свой час і Пранціш Вырвіч.

Калі дзверы зламалі, і паперадзе жаўнераў забег граф Міхайла Разанцаў, перад ім было нечаканае відовішча: пустое, як трэснуты збан, памяшканне, а на краі бліжняй да дзвярэй лаўкі, у праходзе, сядзеў прафесар Баўтрамей Лёднік, стамлёна абапершыся абедзьвума рукамі на дзяржальна аголенай шаблі, упёртай у падлогу. На худым дзюбаносым твары прафесара люстравалася сусветная туга з дамешкам лёгкай грэблівасці, вопратка была ўпэцканай, і боты па самыя халявы ў гразі, чорныя доўгія валасы звісалі неахайнымі пасмамі… Мала падобнае да прафесарскага аблічча.

– Варфаламей! Што ты тут робіш? А дзе… ўсе? – разгублена папытаўся Разанцаў, даючы свайму войску знак затрымацца.

Лёднік не зварухнуўся.

– Я выконваю свой доўг, Міхайла. Дысцыпліну падтрымліваю. Сабраліся тут студыёзусы ў карты гуляць, давялося паганяць іх.

– У карты? – у голасе Разанцава з’явіліся саркастычныя ноткі. – Ці ў іншыя, небяспечныя гульні? Дзе змоўшчыкі?

– Ваша мосць граф, яны праз тыя маленькія дзверы выбеглі! Чуеце, там тупочуць! – закрычаў нехта з жаўнераў, але калі Разанцаў ступіў крок наперад, Бутрым падняў галаву і цвёрда прамовіў:

– Прабач, сябар, але я не магу даць вам туды прайсці.

– А ты навошта ў гэта ўлез, Варфаламей? – з горыччу спытаў Разанцаў. – Нашто табе змовы магнатаў, езуітаў, каталікоў? Ты ж праваслаўны, вучоны! Жарты скончыліся… Адыдзі!

Вучоныя мужы паглядалі з партрэтаў так абыякава, быццам у іхнім жыцці ніколі не было ні болю, ні нянавісці, ні здрады… Ні пакутлівага выбару: адысціся ўбок і атрымаць спакойнае і шчаслівае жыццё, ці рызыкаваць за такое плыткае паняцце, як гонар, каб не мець нават удзячнасці. Лёднік устаў і скіраваў шаблю насустрач былому аднакурсніку.

– Прабач, не магу…

– Хопіць! – угневаўся пан Міхайла. – Хочаш, каб цябе зараз на кавалачкі пасеклі? За бунтаўнікоў, разбойнікаў, якія цябе ж за чалавека не лічаць?

– Гэта ўсяго толькі юнакі, – цвёрда сказаў Лёднік. – Таленавітыя, шчырыя, палкія, соль, рошчына любой нацыі… Я не магу дазволіць іх знішчыць. І я не хачу забіваць ні цябе, ні тваіх жаўнераў. Давай скончым ладам – не было тут ніякай змовы, я разагнаў гульцоў у карты…

Жаўнеры за дзвярыма раздражнёна гулі, не разумеючы прычыны затрымкі.

– Вашамосць, хопіць балбатаць з гэтым бунтаўніком! Уцякуць заразы! – бялявы афіцэр каралеўскай гвардыі ірвануўся наперад, але зараз жа быў спынены шабляй Лёдніка, якая зрэзала ягоны вус.

– Што ты творыш! – угневаны Разанцаў выхапіў шаблю, але яна адляцела да сцяны, заваліўшыся са звонам пад лаву. Граф, чырвоны ад злосці, адступіўся:

– Ну, ты сам захацеў… Дагнаць змоўшчыкаў! У доктара не страляць, узяць жывым! Ён важны сведка!

І пачаўся балаган… Таму што толькі ў балагане часам можна пабачыць такія штукарствы. Доктар умела карыстаўся тым, што праход між лаўкамі вузкі, лаўкі цяжкія, доўгія, з высокімі разнымі спінкамі – з месца не зрушыш, а жаўнеры не маглі так спрытна скакаць па тых лавах, як прафесар. А галоўнае, дзверы залы абмяжоўвалі магчымасці нападнікаў, больш чым некалькім чалавекам прафесар зайсці не даваў, і тых жа змушаў вяртацца. Пракляты доктар, мроілася, быў паўсюль, арудуючы адразу двума шаблямі, адной – сваёй, і другой – здабытай у ворага. Лязо ягонай зброі здавалася размытым, як крылцы страказы ў палёце. Нехта з тых, што стаялі ў калідоры і назіралі за бойкай праз выламаныя дзверы, са злосці прыцэліўся ў фехтавальшчыка, але граф Разанцаў выбіў пісталет.

– Я ж сказаў – браць жывым!

Доктар скакаў па спінках лаваў і абрушваўся зверху, як віхор, а неяк – у гэта было немагчыма паверыць – калі яго амаль абкружылі, заціснулі ў кут – скочыў проста на сцяну, адштурхнуўся ад яе і апынуўся за спінамі ворагаў.

– Гэта д’ябал! – заверашчалі людзі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации