Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 10


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 10 (всего у книги 18 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Раздзел сёмы. Як Пранціш Вырвіч віна не пакаштаваў

Пранціша пабудзіў штуршок у плячо. Над драгунам стаяла ў цьмяным святле раніцы, шэрай, які нябелены лён, Міхалішыўна, захутаная ў чырвоны аксамітны халат, расшыты чорнымі цмокамі.

– Пан Пранціш, карабель прыйшоў!

Дзяўчына шаптала ледзь чутна, але была не напалоханая, а напятая, як перад бойкай. З суседняга ложка прыўзняўся Лёднік.

– Здаецца, я нанач зачыняў дзверы…

Міхалішыўна моўчкі пакруціла ў пальцах шпільку – падобна, яна перастала баяцца злоснага доктара. Лёднік усміхнуўся.

– Ясна… Замкі для нас не перашкода. Дзе Батыста?

– Замкнуў мяне і пацягнуўся некуды са Шрэдэрам. Стары ісці не мог, дык двое слуг на насілках панеслі.

Вырвіч паглядзеў у вакно, дзе шэрае неба злівалася з морам і чарнелі на светлым пяску рыбацкія чаўны, быццам чыісьці самотныя сны. Ад прычалу, дзе стаяў карабель, да іх дома ішлі людзі… А вось і насілкі… Вяртаюцца галубочкі езуіцкія.

– Нам трэба паслухаць іх размову, – сурова сказаў Лёднік. Міхалішыўна на імгненне задумалася, потым матнула галавой, і яе чорныя валасы рассыпаліся па плячах – а пачцівая паненка абавязкова перацягнула б іх стужкай, мімаволі прыйшло ў галаву Пранціша.

– Пойдзем у мой пакой, там чутно і бачна ўсё, што робіцца ў зале, а яны звычайна там і перамаўляюцца. Толькі ціха…

Пранціш паспеў на хуткую руку зладзіць з вопраткі і футраў балваноў і сунуць пад коўдры, Лёднік пакруціў галавой, але не стаў высмейваць шкалярскія хітрыкі. Колькі разоў у Вільні, у доме з зялёнымі аканіцамі, прыходзячы будзіць студыёзуса Вырвіча, каб не спазніўся на заняткі, заспяваў вось такую імітацыю. Воўк кожны год ліняе, але нораву не мяняе.

У пакой актрысы слуцкага тэатра можна было прайсці толькі праз залу, дзе спыніўся Батыста – фактычна, апартаменты Раіны былі альбо гардэробнай, альбо катухом для прыслугі. Цеснавата і беднавата, з раскошы толькі маленькі срэбны збаночак для ўмывання, які глядзеўся зусім недарэчы побач з глінянай шчарбатай місай, як разбагацелы родзіч на хрэсьбінах у сваёй ушчэнт згалелай радні. Недарэчна выглядалі і клеткі са змеямі. Адна тварына, здаровая, зялёная, ляжала сабе, як п’яны млынар, а маленькая, чорная, якую Міхалішыўна звычайна насіла на шыі, злавесна соўгалася па сваёй турме, аж млосна рабілася ад ейных пруткіх рухаў.

– Туды станьце! – шапнула Міхалішыўна, і драгун з доктарам паслухмяна ўціснуліся справа ад дзвярэй у завешаную грубым выцвілым сукном нішу для адзення, якая замяняла шафу. Цяпер, нават калі б Батыста расчыніў раптоўна дзверы да сваёй наложніцы, заставалася надзея, што госці застануцца незаўважанымі. Але быў і яшчэ адзін сакрэт Міхалішыўны: у сцяне паміж дзвума бярвеннямі свяцілася пракалупаная шчыліна, з таго боку завешаная карункамі. Падобна, якраз пад абразам Маці Божай. Спрактыкаваная шпіёнка паўсюль знойдзе зручнае месца для асочвання.

Строі, яркія, стракатыя, прапахлыя экзатычнымі зёлкамі, былі прыдатныя для выступленняў, але стаяць, уткнуўшыся ў іх носам, не надта выгодна. Тым больш страшэнна хіліла ў сон: хоць кавы б глыточак… Пранціш здушыў пазяханне, уцягнуў носам саладкавата-ёлкі пах сукенкі… І чамусьці аж галава закруцілася, уявілася, што пад тканінай пругкае гарачае цела. Лёднік ткнуў драгуна ў бок: пачуліся галасы. Абодва шпегі прыпалі да шчыліны, а Раіна Міхалішыўна прыхінулася да дзвярэй.

Цяпер дом быў повен народу. Гаварылі па-італьянску, па-польску, па-беларуску. Двое слуг усадзілі Шрэдэра ў мяккі фатэль. Батыста пачакаў, пакуль застанецца са старым сам-насам.

– Я выканаў яшчэ адно заданне. Дапамог давезці золата, вось карабель, вось вы ў бяспецы… Вы абяцалі мне, што гэтае даручэнне будзе апошнім, і мне аддадуць, нарэшце, ліст. Але я пачаў ужо сумнявацца, ці ён у вас ёсць… Можа, вы мяне проста палохаеце, трымаючы за дурня?

– Гэты ліст? Мне яго сёння перадаў пасланец з Рыму… Вельмі цікавы змест, дарэчы.

Шрэдэр паказаў італьянцу пажаўцелы канверт, падпісаны дробным почыркам. Батыста глядзеў, нібыта зараз кінецца… Шрэдэр усміхнуўся і схаваў аркуш за пазуху.

– Не раю, спадар Манчыні… Прашу прабачэння, граф Батыста. Слабога старога вы, напэўна, адужаеце, але ж я не сам па сабе, вы і трох крокаў за парог гэтага пакою не ступіце. Ды й не варта недаацэньваць старую гадзюку, яна ўсё яшчэ можа ўджаліць.

Графа калаціла ад гневу і страху, рот яго перакрывіўся, быццам зараз разаб’е паралюш.

– Што вам яшчэ ад мяне трэба, гнюсныя стварэнні?

Шрэдэр глядзеў ласкава-ласкава, як на неразумнае немаўля.

– Вам нагадаць, спадар Манчыні, хто з нас аўтар гнюсных учынкаў, за якія ў любой дзяржаве вас павесяць?

Батыста рыпнуў зубамі. Ён быў на той стадыі злосці, калі загнаная котка гатовая кінуцца ў вочы сабаку-медыялану і дзёрці, і кусацца, не зважаючы на тое, што вораг непазбежна яе парве.

– Аддайце ліст!

– Толькі пасля таго, як золата апынецца на караблі і мы яго пералічым. Мала што магло знікнуць за доўгую дарогу… Гэта хутка, пан Батыста. Скрыні перанясуць ноччу, не прывабліваючы ўвагі.

Круглы твар італьянца зрабіўся пунсовым, незразумела, ці ад злосці, ці ад страху.

– Ну і пасля таго, як нашы спадарожнікі апынуцца таксама на караблі – у бяспечным для нас стане, – дадаў Шрэдэр, звузіўшы вочы і раптам страціўшы ўсю дабрэннасць. – Спадзяюся, вы зможаце напаіць пана Лёдніка і пана Вырвіча адпаведнымі парашкамі? Хлопчык, здаецца, закахаўся ў сіньёру. А вось доктара беражыцеся. Калі западозрыць… Я вас не абараню. А ўжываць грубыя гвалтоўныя метады супраць вартых і карысных людзей не хочацца.

Батыста пакланіўся. Ён паступова супакойваўся, на твары нават з’явілася з’едлівая ўсмешка.

– Пастараюся зрабіць усё, як найлепей.

– Ну і добранька… Вы ж егіпецкі жрэц, вам колькі, тры тысячы гадкоў? Будучыню прадказваеце, думкі бачыце, лыжкі позіркам згінаеце… Усемагутны вы чалавек, пан Батыста, аж страшна з вамі знаходзіцца ў адным пакоі простым смяротным. Што вам нейкі доктар!

Паздзекваўшыся над самазваным графам, езуіт пляснуў у ладкі, і адразу ж у пакой зайшоў здаравучы слуга, але які напэўна больш звык да вайсковага мундзіра, чым да лёкайскай курткі – аbeunt studia in mores, заняткі накладаюць адбітак на характар. Слуга абмерыў поглядам Батысту, ад чаго італьянец інстынктыўна адступіў падалей да сцяны, бо такім позіркам прыкідваюць, куды зручней усадзіць кінжал, але прыхадзень проста дапамог Шрэдэру падняцца.

Італьянец нерухома стаяў, ажно пакуль дзверы не зачыніліся і не сціхлі крокі на калідоры. Потым вызірнуў за дзверы, пераканаўся, што ніхто не падслухоўвае, асцярожна павярнуў ключ у замку і кінуўся да Міхалішыўны. Тая ледзь паспела ўсесціся ў крэсла з кніжкай лацінскіх вершаў і набыць засяроджаны выгляд.

– Не прыкідвайся, ведаю, што ўсё чула, пройда, – Батыста размаўляў з уяўнай жонкай зусім не так, як на людзях. – Зараз жа бяжы да гэтага дурня драгуна і запэўнівай, што страціла галаву ад кахання да яго, што я цябе за гэта заб’ю, і трэба неадкладна ўцякаць. Можаш выкрыць план езуітаў, што збіраюцца іх з доктарам атруціць. Што хочаш рабі – кладзіся пад яго, плач, ручкі цалуй – але каб узяў два мяхі, што ляжаць пад маёй буркай – ты ведаеш, дзе, і ехаў з імі ў карчму ля Ганевіч. Скажы, што гэта твой пасаг. Няхай рыцар цябе чакае, і з’едзеце вы з ім у шчаслівую будучыню. Схлусі пра сваякоў – ты ж графіня, прынцэса егіпецкая, а можа, я скраў цябе з палацу… Абяцай хоць трон плюс вернае каханне. Галоўнае – каб твой драгун адсюль непрыкметна з’ехаў з мяшкамі! А то скуру злуплю і ў куфар замкну не на два дні, а на дзесяць! Ты мяне ведаеш! Ну што стаіш, як намалёваная?

Батыста груба штурхануў Міхалішыўну, і тая выбегла за дзверы, кінуўшы перасцерагаючы позірк на нішу за фіранкай. Вырвіч з усяе моцы намагаўся не чхнуць, бо нейкая пушынка так і лезла ў нос. Але італьянец не збіраўся сыходзіць. Ён нешта мармытаў на роднай мове і зласліва падсмейваўся, і Вырвіч зразумеў, што ў пана ёсць яшчэ ў рукаве пара вострых стылетаў… Батыста высунуўся за дзверы:

– Джавані!

Лёднік і Пранціш асцярожна вярнуліся да плённага занятку падглядвання. Праз нейкі час прыбег чарнявы, як падгарэлы блін, італьянскі слуга мага, які ехаў з імі за фурмана вазка з дэкарацыямі і прыкідваўся, што ні зернейка не разумее па-тутэйшаму. Батыста пра нешта з ім загаварыў, злуючыся і хвалюючыся, Джаванні залапатаў у адказ, ківаючы галавой. Вырвіч са здзіўленнем пачуў у плыні слоў імёны князя Мікалая Рапніна і Міхайлы Разанцава, а таксама пана Рысі і Караля Радзівіла. А яшчэ Лёднік побач так напяўся, што, здавалася, зараз выскачыць з шафы, і Пранціш, папярэджваючы, сціснуў ягонае плячо. Сядзець тут, як двум шкалярам – дурноцце, вядома, але выяўляць сваю прысутнасць – яшчэ большае глупства.

Батыста ўважліва выслухаў слугу, перапытваючы па некалькі разоў, твар ягоны прасвятлеў зласлівай радасцю. На развітанне маг даў Джавані цяжкі кашалёк, слуга раскланяўся і сышоў, ззяючы, як начышчаная спражка жаўнерскай дзягі, а італьянец усеўся ў крэсла з пераможным выглядам, бы кароль Жыгімонт Аўгуст, які абвесціў суровай матулі, што насуперак ёй ажаніўся з ліцвінкай Басенькай, і тая ўжо замовіла сабе новы ўбор для каранацыі. Падобна, Шрэдэр з кампаніяй будуць мець яшчэ ад яго непрыемнасцяў… А Лёднік сядзеў, сціснуўшы кулакі.

Пачуліся лёгкія крокі, у пакой забегла Міхалішыўна. Яе гожы твар быў звыкла спакойны.

– Ён згадзіўся.

Батыста задаволена хмыкнуў.

– Яшчэ б… Ты і не такіх жаўтадзюбікаў разводзіла, як муку на клёцкі. Калі ён з’едзе?

– Як толькі сцямнее. Зараз ніяк не атрымаецца – кругом адзін пясок, дзюны, усё відно, людзі шастаюць ля коней…

Голас Міхалішыўны гучаў так натуральна, што нельга было западозрыць спадману, як у роўненькай зялёнай палянцы, якая раптам аказваецца бяздоннай дрыгвой. Пранціш зацяўся – яго пакрыўдзіла параўнанне з “чарговым жаўтадзюбікам”.

– Мне трэба пасля ехаць да яго?

– Навошта? – насмешна сказаў Батыста. – Галоўнае, каб усе пабачылі, што ён з’ехаў і звёз мяшкі.

– Але ж мяшкі трэба забраць? Там каштоўнасці? – працягвала пытацца роўным голасам Міхалішыўна – Пранціш зразумеў, што хоча выцягнуць як мага больш звестак для схаваных у шафе. Батыста злосна засмяяўся.

– Усё каштоўнае я даўно пераправіў у іншае месца. Мне трэба, каб думалі не на мяне, а на хлопца. А з ягоным апекуном як? Хлопец яму раскажа, альбо ўцячэ тайна?

– Думаю, яны паедуць разам. Я распавяла, што іх хочуць атруціць.

Батыста ўстаў і захадзіў па пакоі.

– Напачатку я думаў, што доктара лепей усё-ткі ўсыпіць ды адправіць на карабель… Хай бы ганарлівец гэты пакруціўся ў нераце. Але няхай з’язджаюць абодва, хай за імі пагоняцца, і шалёны доктар пачысціць нашым працадаўцам пер’і…

Італьянец зноў нядобра пасміхнуся.

– А калі ўмяшаецца пан Рысь са сваймі слугамі? – як бы мімаходзь запыталася Раіна. – Ён жа таксама шалёны, і невядома, чый бок прыме. З доктарам пасябраваў…

– Не бойся, з’ехаў той Рысь, – паведаміў Батыста. – Атрымаў з Рыму ліст ад свайго князя і паскакаў у Вільню разам з усёй світай – агучваць, каму трэба. Патрыётаў збіраць.

Маг, як сыты кот, падыйшоў да егіпецкай прынцэсы, абняў:

– А мы з табой, мія кара, паедзем у Санкт-Пецярбург! Цяпер нам туды – дарога вольная! Няхай толькі ўсё скончыцца, як я планую – абяцаю, ты станьчыш свой вогненны танец перад расейскай імператрыцай!

Батыста па-гаспадарску правёў рукой па целе актрысы, даткнуўся вуснамі да яе тонкай шыі… Але Міхалішыўна не магла ж забыцца, што тут ёсць сведкі, і паспрабавала выслізнуць з абдоймаў мужа. Батыста схапіў яе за валасы.

– Зноў за сваё? – засычэў ён. – Табе не падабаецца маё каханне?

– Я проста зараз стамілася, Луіджы… – ціха прамовіла дзяўчына, адводзячы вочы. Батыста адштурхнуў яе ад сябе.

– Падзякуй, што не хачу зараз псаваць тваё аблічча. Табе трэба быць сёння прыгожай. Пайшла… Натхняй свайго драгуна, толькі асцярожна, каб не надта з ім разам свяціцца.

Раіна выбегла за дзверы. Маг пахадзіў па пакоі, насвістваючы вясёлую песеньку, паперабіраў шкляначкі ў сакваяжы, некаторыя парассоваў па кішэнях і таксама выйшаў з пакою, замкнуўшы яго на ключ.

Нічога, калісьці Пранціш навучыўся адчыняць замкі не менш спрытна, чым Раіна Міхалішыўна.

Дзяўчыну яны і знайшлі ў сваім пакоі. Раіна сумна паглядала ў вакно, усеўшыся на ложак каля фальшывага Пранціша Вырвіча, зробленага з рызманоў. Шэрая раніца за вакном была не цяплей за мора, і гэтак жа хавала ў сваіх нетрах пачвараў.

Пранціш злосна піхнуў нагой ножку стала, нібыта той быў ворагам, але ж колькі ні пхай мёртвае дрэва, жывей ад гэтага не станеш.

– А я ж гэтаму Шрэдэру жыццё выратаваў у Менску!

– Можа, каб не выратаваў – цябе б проста забілі, – змрочна сказаў Лёднік. – Мяне іншае хвалюе… Падобна, граф Батыста вырашыў пайграць на два бакі. Пан Рысь з’ехаў у Вільню з лістом ад князя Радзівіла, у якім той заклікае моладзь Вялікага княства і Польшчы ехаць да яго ў Рым, атрымліваць вайсковую адукацыю і змагацца з узурпатарам Панятоўскім. Пан Рысь зачытае ліст натхнёным юнакам, тыя прысягнуць, што адправяцца на калядных вакацыях дружненька пад штандары Пане Каханку, а тут іх усіх і павяжуць… З доказамі злачынства. Каб выкараніць бунт у парастку.

– Як гэта? – разгубіўся Пранціш.

– Батыста пра гэта са сваім Джавані гаварыў… Ён загадзя дамовіўся з Рэпніным праз Міхайлу Разанцава, што здасць ім атрад змоўшчыкаў, а тыя ўзамен забяспечаць яму абарону, магчымасць выступаць у Санкт-Пецярбургу і зробяць пратэкцыю перад царыцай.

– Праўда… – ціха прагаварыла Міхалішыўна. – Ён мне распавядае не ўсё, але я ведаю, што з расейцамі звязваўся, і сам сустракаўся, і Джавані пасылаў, і тут чакаў нейкага пасланніка. А частку золата ён даўно скраў, яшчэ ў Гародні. Вось і баіцца, што зараз пералічаць і спахопяцца. А галоўнае не золата – а нейкую рэліквію прысабечыў, за якую спадзяецца шмат выгандляваць.

– Такі залаты змяты пасак? – ажывіўся Пранцысь.

– Так… Казаў, што гэта наш запрашальны ліст да ўсіх каралеўскіх двароў.

Што ж, гісторыя сведчыць, што чым болей скрадзена, тым менш верагоднасці, што злодзей будзе пакараны. Вунь каралева Бона пасля сваркі з сынам уцякла з каралеўства са сваімі “неапалітанскімі сумамі”, і шукай ветру.

Лёднік ускочыў і захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.

– У любой інтрызе заўсёды гінуць лепшыя, наіўныя, маладыя, гатовыя памерці за ідэалы. Гэта неабходна прадухіліць… Каб я толькі ведаў, дзе адбудзецца сход будучых кадэтаў! Прасцей за ўсё папярэдзіць Шрэдэра – але гэта не адменіць нашага выкрадання… А Батыста ўсё будзе адмаўляць… І нас вінаваціць. Ды яшчэ на панну накінецца за здраду…

Павярнуўся да Раіны.

– Нам трэба пабыць на вячэры!

Дзяўчына кіўнула галавой.

– Добра, зараз я пайду да Батысты і скажу, што вы хочаце з’ехаць пасля развітальнага застолля. Толькі я ж мушу вам падсыпаць соннага парашку! Батыста будзе незадаволены… Не падсыплю – Шрэдэр нас з ім западозрыць. Падсыплю – вы не зможце з’ехаць і адвесці ад Луіджы падазрэннні…

– Гэта наш клопат… – задумліва прамовіў доктар, складаючы ў галаве часткі будучай інтрыгі. – Чым будзеце нас усыпляць? Назавіце ўсе складнікі…

– Чысты опій. Без дамешкаў. – Міхалішыўна цвёрда гледзела на доктара празрыста-зялёнымі вачыма. – Рэакцыя наступае праз дваццаць хвілінаў. Сімптомы – рэзкае звужэнне зрэнкаў, замаруджанае дыханне, пахаладненне скуры…

– Ведаю… – нецярпліва кіўнуў доктар. – Але, спадзяюся, сімуляваць не давядзецца, што-небудзь іншае прыдумаем. А вы рабіце, як скажа ваш гаспадар. Кажыце ўсё на мяне, я вас змусіў, нікога не слухаю, пагражаў Батысту забіць, а вы мяне ледзь адгаварылі. Карацей, усё, каб самой не пацярпець. Я насіў рабскі ашыйнік, і разумею тое-сёе… Так, і дадайце абавязкова, што калі заўважу на вас найменшыя сляды пабояў, неадкладна выклічу яго на двубой, і гнуць лыжкі ў пальцах і падмяняць лісты ў канвертах пану жрацу будзе праблематычна. Знайду за што зачапіцца – не адкруціцца, баягуз.

– Дзякую… – Міхалішыўна раптам прыўзнялася на дыбачкі, хутка пацалавала доктара ў шчаку і выбегла за дзверы імкліва, як бы сапраўды стыхійны дух. Пранціш пачуўся дужа непрыемна.

– Што, Бутрым, усё-ткі чарам егіпецкай прынцэсы паддаўся? – раздражнёна прагаварыў ён. Лёднік з неразуменнем паглядзеў на драгуна, потым у позірку доктара з’явілася злосць.

– Калі я стаўлюся да паненкі, як да роўнай, гэта не абавязкова з-за пажадлівасці, высакародны пан Вырвіч. Калі вы паглядаеце на бедную дзяўчыну, як на ніжэйшую істоту, дык мне дазвольце, як не шляхціцу па нараджэнні, быць іншай думкі. А думаю я, што Раіна Міхалішыўна таленавітая больш, чым усе вашыя князёўны, і адораная большымі душэўнымі вартасцямі, і заслугоўвае абароны і шчасця. А вам, вашамосць, нагадаю яшчэ, што вы – практычна шчаслівы жаніх багатай радавітай нявесты, і не мусіце пераймацца з-за таго, што прыгонная актрыса раптам абдзяліла вас увагай.

– Вось добра, Бутрым, што нагадваеш час ад часу, што ты не шляхціц! – выгукнуў угневаны Пранціш. – А то я і з табой на роўных пачаў… Забыўся на тыя часы, калі ты мне ў ручку цалаваў!

Не гледзячы на зледзянелае аблічча доктара, Пранціш выбег з пакою… І хутка вакол яго былі адны дзюны. Вандроўныя выдмы, якія пахавалі пад сабою не аднаго занадта смелага ці неразважнага чалавека.

Вецер навяваў у валасы дробныя белыя пясчынкі, як быццам хацеў выветрыць з галавы злыя словы, якімі драгун узнагароджваў фанабэрыстага кмета з дыпломамі. Пранціша разрывалі і гнеў на сына гарбара, ягонага былога слугу, які разыгрывае рыцара перад прыгоннай актрыскай, і сорам за сябе… Таму што ясна было, што, разважыўшы і супакоіўшы свой “вогненны тэмперамент”, як буркатаў прафесар, Вырвіч застанецца з сорамам і раскайваннем. Але цяпер так прыемна было пахадзіць між дзюнаў, пашкадаваць сябе… Чым Пранціш вінаваты, што нарадзіўся шляхціцам, а Міхалішыўна – дачкой простага збройніка, да таго ж бунтаўніка? Гэта ж Гасподзь учыніў так, што ён, падхаружы Вырвіч – мужчына, жаніх хоць куды, а яна – дзеўка, якая даўно страціла цноту.

Але цяпер пры думцы, колькі пажадлівых мужчынскіх рук дакраналіся да егіпецкай прынцэсы, Вырвіч адчуў не гідлівасць, а боль. І як бы нейкая думка паўтаралася: не вернеш… Нічога не вернеш… А што драгун хацеў вярнуць? Пабачыць трагічную прыгажосць Раіны некранутай, у сціплым дзявочым пакоі шляхецкай сядзібы, пад аховай высакародных бацькоў ды слугаў? Каб прасіць рукі, і лічыць пасаг, і мерацца радаводамі, і каб да вяселля – толькі сціплы пацалунак, скрадзены ў сенцах, пры развітанні, пакуль бацькі не бачаць, і марцыпаны на заручынах? Усё, што ён можа мець з Ганулькай Ціхнавецкай – але без п’янкой радасці, без трымцення, як лязо дамаскай шаблі трымціць, уторкнуўшыся ў сталешніцу піравальнага стала, прадказваючы, што зараз пральецца кроў.

Але ж, расказвалі, Пане Каханку ў маладосці так упадабаў адну прыгажуню-шляхцянку, дачку войскага, што не паглядзеў, што дзеўка радавітая, што ў яе жаніх – наехаў на маёнтак, звёз… Пасля, вядома, каяўся, адгаворваўся, што п’яны быў, што Валадковіч падбіў… Грошы велізарныя пакрыўджанай сям’і прапаноўваў, але позна было. Дзеўка ў манастыр сышла ад сораму. А з другой, дачкой уніяцкага святара, простай дзяўчынай, дужа хацеў ажаніцца – але маці не дазволіла. Не, няма ратунку ад чужой пажадлівасці ні ў хатах, ні ў палацах.

– Пан Вырвіч, што здарылася?

Па белым пяску імчала да яго танклявая постаць у чырвоным плашчы, чорныя доўгія валасы зблытваў вецер – вечны бясплённы заляцаннік.

І застаўся драгуну толькі сорам, які змусіў апусціць вочы і прамовіць:

– Няхай панна Раіна даруе мне, што не я за яе заступіўся.

Мора кідала свае хвалі на бераг так апантана, як прайграўшыся да кашулі гулец шпурляе на карчомны стол косткі: а раптам Фартуна! А ўдачы ўсё няма і няма…

Але ў празрыста-зялёных русалчыных вачах ззялі такія шчырыя здзіўленне, удзячнасць і нешта яшчэ, што Пранцішу стала яшчэ больш сорамна, бо не варты ён такіх пачуццяў… Успомніліся і суровыя словы Лёдніка, каб не гуляўся з Міхалішыўнай… Але ж яшчэ адзін пацалунак нічога не значыць, праўда? Ну толькі што галава круціцца, як ад ангельскага потэру, ды ад гарачых вуснаў не адарвацца…

 
А ў полi вярба
Нахiлёная,
Маладая дзяўчынонька
Заручоная.
Заручоная
I запiтая…
І пакуль яшчэ нікім
Не пабітая…
 

Перад боем асірыйцы заўсёды ўчынялі пір. Мачалі свае завітыя пад баранчыкаў бароды ў чашы віна. Кідалі вінаградзінкі за пазуху прыгожым прыслужніцам. Шпурлялі косткі ў паўлінаў, якія выдыгвалі на худых нагах паміж піравальнымі сталамі і не спяшаліся распраўляць хвасты, бо п’яныя асірыйцы – не птушыныя самкі, дзеля прывабы якіх і даводзіцца цягаць такі вось неверагодны стракаты веер на не самай зручнай частцы цела.

Напэўна, звычку застолля перад боем перанялі многія. Сапраўды, калі ведаеш, што хутка не зможаш атрымаць насалоды ні ад добрай ежы, ні ад пітва, ні ад паглядаў жаночых ласкавых – трэба ўсё пералічанае назапасіць, хай і не знясеш на той свет. Затое весялей будзе да Абрама на прывіднае піва выпраўляцца…

Але гэты развітальны стол цяжка было назваць пірам. Мусібыць, кухар тут быў беларускі, бо на стол патрапіла бацьвінне, з-за якога ляхі дражнілі ліцвінаў бацвіннікамі, наліснікі, панцак… Як за сялянскім сталом. А што зробіш – посны дзень. Затое віно было… Праўда, пакуль не разлітае па крышталёвых келіхах, чырванела сабе ў графіне з накрыўкай у выглядзе вінаграднай гронкі, магчыма, ужо атручанае. Пан Шрэдэр са светлай усмешкай працягнуў Лёдніку і Вырвічу па складзеным аркушы:

– Тут засведчана, што вашыя мосці выканалі ўзятыя на сябе абавязкі і могуць вяртацца і атрымліваць усё абяцанае. Шчаслівай навуковай працы на кафедры, доктар Лёднік! Шчаслівай вайсковай службы ў новым чыне, пан харужы Вырвіч!

Найміты з належнай пачцівасцю прынялі лісты, якія насамрэч каштавалі не болей, чым леташняе лісце. Шрэдэр кіўнуў Міхалішыўне:

– Цяпер можна і адзначыць завяршэнне нашага шляху. Няхай менавіта чароўныя рукі графіні Батысты разліюць гэтае віно, надаўшы яму болей смаку – думаю, такое паслабленне посту не будзе грахом, бо надта важлівая падстава.

Міхалішыўна зараз жа ўстала і разліла віно па крышталёвых келіхах. Старонні чалавек убачыў бы перад сабой толькі важную свецкую даму, багатую і ўпэўненую ў сабе, магчыма, жорсткую какетку. Граф Батыста сядзеў з самай крывой фізіяноміяй і намагаўся не глядзець на Лёдніка – італьянец ужо засведчыў сябе, як не самага смелага і спрактыкаванага ў вайсковай справе чалавека, і перададзеная пагроза доктара пра двубой пана трывожыла. Батыста, відаць, лічыў хвіліны, пакуль доктар і драгун не ўцякуць.

Вырвіч гадаў, што ж прыдумае Лёднік, каб не піць віно. А той пакруціў у доўгіх пальцах келіх, паглядзеў праз яго на агонь у каміне і нязмушана папытаўся Шрэдэра:

– Перш чым мы развітаемся, дарагі пан Якубе, хацелася б пачуць пра святую рэч, пра якую не пасуе мянціць п’янымі языкамі. Мой сябар, ягоная мосць Франтасій Вырвіч распавёў мне, як выглядае рэліквія, здабытая ў менскіх сутарэннях, і ў мяне з’явіліся такія-сякія меркаванні… Асабліва калі мой малады сябар па маёй просьбе намаляваў арнамент, які прыкрашае тую рэч. Гэта праца друідаў… Англія, дзевятае стагоддзе. Ці не так?

Шрэдэр нічым не выявіў незадавальнення, што доктар не спяшаецца хлябтаць віно.

– Вы дасведчаны чалавек, доктар. Значыць, здагадаліся, што маем справу з каронай святога Альфрэда.

– Той, у якой каранаваўся Эдуард Спаведнік? – удакладніў доктар нудным голасам. – І, выбачайце, якім жа цудам трапіла такая рэліквія ў Менск?

Батыста, які сядзеў як на распаленых вуголлях, злосна ашчэрыўся.

– А цуд не мае патрэбы ў тлумачэннях, васпан.

Шрэдэр усміхнуўся.

– Ну чаму не? Промысел Божы існуе, аднак інструменты выбірае падчас самыя дзіўныя. Праз трыццаць гадоў пасля рэвалюцыі Кромвеля ў Ангельшчыну прыехаў стольнік жамойцкі Тэадор Білевіч, той, які дапамог каранацыі Яна Сабескага і па ягоным даручэннні катаўся па ўсёй Еўропе, шукаючы саюзнікаў для супрацьстаяння шведам. Магчыма, вы нават чыталі ягоны “Дзённік, пісаны ў Англіі пра тое, як там вандравалася і жылося”.

– Дзённіка не чытаў, – прамовіў Баўтрамей, – а вось працу “Трайная філасофія, рацыянальная, натуральная і маральная”, пісаную ў нашай жа Віленскай акадэміі гэтым панам, чытаў. І пан Вырвіч мусіў вывучаць яе на занятках…

Лёднік кінуў строгі позірк на Пранціша. Але той зрабіў выгляд, што заўважыў нешта цікавае на столі, хаця акрамя сучкоў ды куродыму ад свечак на ёй нічога не было, гэтак жа, як у галаве студыёзуса Вырвіча не затрымалася праца шаноўнага стольніка жамойцкага…

Шрэдэр паблажліва кіўнуў і працягваў аповед.

– У Лондане пан Білевіч асаблівую ўвагу аддаваў наведванню каралеўскіх скарбніцаў – упадабаў смарагд з галубінае яйка, які ўпрыгожваў каралеўскую карону, скіпетр з аметыстам велічынёй з грэцкі арэх, купель з чыстага золата… А яшчэ хадзіў у каралеўскі звярынец, дзіваваўся на слана, які хобатам вырабляў штукі з мушкетам, на барана з чырвонай поўсцю, марскога ката, які паліў тытунь. Але было тое, што шаноўны Білевіч у дзённік не запісваў. А менавіта свае вандроўкі па ігорных клубах, да чаго пан таксама меў вялікую схільнасць. Вось там аднойчы наш зямляк і выйграў у нейкага разбойніка дзіўны кавалак золата. Як запэўніваў яго шалбер – з каралеўскай скарбніцы. Пан Тэадор асаблівай увагі набытаму не надаў, кінуў сабе ў куфар… І праваляўся б той прадмет у куфры, пакуль хтось са спадчыннікаў не пусціў бы яго на пераплаўку, каб не адзін сябар пана Тэадора па акадэміі, які прысвяціў сябе служэнню Богу і ўвайшоў у Ордэн Ісуса. Той і пазнаў арнамент на залатым пасе, бо такі быў намаляваны на кароне святога Альфрэда з хронікі Роберта Глочэсцерскага. Рэліквія адметная! Апошні раз яе адзявала Ганна Балейн, адна з жонак караля Генрыха Восьмага…

– Якой адсяклі галаву за здраду… – удакладніў занудлівы прафесар. – А ў скрутак, пазбаўлены камянёў, яе ператварылі жаўнеры Кромвеля, так?

– Дакладна так, – згадзіўся Шрэдэр. – На шчасце, нехта з іх аказаўся дастаткова сквапным, каб прыўлашчыць святую рэч, з якой павінны былі, як з іншых каронаў, нешта выплавіць.

– І цяпер святая карона дастанецца ягонай мосці князю Радзівілу, які мусіць стаць нашым наступным каралём? – падрахункаваў Пранціш.

– Усё ў волі Божай! – пабожна вымавіў Шрэдэр і пацягнуўся за келіхам, каб нарэшце ўзняць тост. Але Лёднік з поснай фізіяноміяй заявіў:

– Не хачу пакуль паганіць віном вусны, бо мару, каб яны дакрануліся да кароны святога Альфрэда і Эдуарда Спаведніка, першых хрысціянаў Брытаніі, якіх павінны шанаваць вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій.

– І мне таксама хочацца такога гонару, пан Шрэдэр! Як жа не скарыстацца магчымасцю дакрануцца да святыні! – ялейным голасам падтрымаў Баўтрамея ўвішны драгун, які зразумеў ягоную гульню. Зараз павінна высветліцца прапажа кароны, а сутыкнуць ілбамі ворагаў – самы лепшы шанец выратавацца самому…

Батыста ледзь не скрышыў зубы. Шрэдэр пастараўся схаваць незадаволенасць і павярнуўся да дзвярэй, ля якіх чакаў здаравучы слуга з бледным абыякавым абліччам…

Але маг ускочыў, быццам сапраўды з гарачых вуголляў:

– Я сам перахоўваў святыню, таму хутчэй яе знайду.

І рушыў да дзвярэй… І калі праходзіў за спінай пана Шрэдэра, зрабіў рэзкі, такі хуткі, што вока ледзь усочыць, рух рукой, як тады, калі гасіў на адлегласці свечку.

З усіх прысутных у зале штукарства Батысты заўважыў толькі Пранціш, бо сядзеў на рагу стала, праваруч ад Шрэдэра… Удар на адлегласці, які не толькі гасіць агонь, але пашкоджвае ўнутраныя органы.

Стары, не паспеў граф выйсці за дзверы, схапіўся за сэрца і пачаў асядаць на падлогу. Яго падхапіў слуга. Той, вядома, нават не западозрыў, што да хваробы пана мог быць датычны граф, які, не прыпыняючыся, прайшоў ад хворага далей, чым дастане рука, нават узброеная кінжалам. А вось Шрэдэр напэўна нешта зразумеў, бо кінуў на Батысту, які схіліўся над ім з клапатлівым выглядам, ненавісны позірк. Аднак гаварыць ужо не асабліва мог, толькі хрыпеў.

Лёднік, які таксама штось западозрыў, расшпіліў камзол старога, агледзеў грудзі, спіну – ніякіх слядоў…

– Прынясіце маю валізку з лекамі! І збярыце ўсе бутэлечкі са стала ў маім пакоі… – крыкнуў ён, і слуга пакрочыў у другое крыло будынка… Да прыступаў хворага ўсе звыклі, і вэрхалу ўзнімаць ніхто не збіраўся. А Батыста хуценька выцягнуў з-за пазухі старога канверт і кінуў у печку.

Граф стаяў, абапершыся абедзьвума рукамі аб цёплую зеленкаватую кафлю, нібыта назіраў праз цэглу, як у вантробах печкі агонь круціць у чырвоных пальцах паперу, і тая рассыпаецца на попел, і ў паставе мага адчувалася такая палёгка, як бы скінуў цяжар, што мусіў валачы на сабе доўгія мілі. А Пранціш між тым адчуў, што Шрэдэр укладае ў ягоную руку нейкую скамечаную паперку. Пальцы старога былі халодныя і вільготныя… Амаль нежывыя. Але вочы разумныя, хворы патрабавальна глядзеў на Вырвіча, і калі той забраў і схаваў у кішэню ўкладзеную у ягоную руку паперу, ухвальна прымружыўся.

Міхалішыўна трымала галаву паміраючага на каленях… Ёй і давялося закрыць яму вочы. Батыста стаяў, як смуткуючы святы… І Лёднік, упэўніўшыся, што ягонае майстэрства ўжо бескарыснае, ірвануўся да мага, схапіў таго за грудкі і заціснуў у кут за печкай.

– А ну кажы, паскуднік, дзе пан Рысь будзе зачытваць ліст Радзівіла! А то зараз усім скажу, што ты забіў старога і скраў карону!

Маг паспрабаваў вырвацца, але погляд Лёдніка як прыбіў яго да сцяны.

– Вам ніхто не паверыць, доктар! Хутчэй мне ўдасца ўсё зваліць на вас. Таму што ў людзей, якія прыплылі на караблі, загад – вас забіць! Гэта Шрэдэр угаварыў усыпіць вас з маладым панам ды забраць з сабою. А цяпер – вы нябожчыкі! Нават калі загубіце мяне – вам не ўратавацца!

Па калідоры нехта бег, відаць, вяртаўся слуга з валізай. Лёднік сціснуў горла мага мацней:

– Кажы, дзе будзе сход, і мы з Вырвічам зараз жа з’едзем!

Батыста быў баязлівец, але не дурань. Ён крыва пасміхнуўся і прамовіў:

– У Віленскай акадэміі, вядома. У нядзелю, пасля ўрачыстай службы.

Пранцысь аж застагнаў. Можна было і самім дадумацца! Дзе больш зручнае месца? Моладзь з усёй Рэчы Паспалітай, уся патрыятычна выхаваная…

– Мы яшчэ пабачымся, пан Батыста! – пагрозна сказаў Лёднік. – І барані вас Божа спаганяць злосць на ні ў чым не вінаватай кабеце.

Гідкая ўсмешка перакрывіла вусны італьянца.

– Трэба ж, адразу дваіх ахмурыла!

Тут ужо не вытрымаў Пранціш, але паспеў толькі, сыходзячы, страсянуць графа так, што пудра з парыка пасыпалася.

Каля цела Шрэдэра ўжо мітусіліся заклапочаныя слугі…

Цямнела, як быццам у паветры разлілі бутэльку атраманту. Да стайні, дзе доктар і Вырвіч паспешліва сядлалі коней, падыйшлі шасцёра, агонь паходні выхапіў з цемры іх абыякавыя, пасечаныя шнарамі абліччы. На жаль, тут не было альбанчыкаў, якім можна было штось патлумачыць, адны маракі са шхуны, найміты, якія проста выконваюць за грошы загады, не ўдаючыся ў іх слушнасць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации