Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 18


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 18 (всего у книги 18 страниц)

Шрифт:
- 100% +

– Пан Рысь, гэта ж адбудзецца па дамове з Расеяй… – дакорліва сказала Раіна Міхалішыўна. – Расейцы ў нашых рэформах не зацікаўленыя, і паабяцалі князю Радзівілу вярнуць сканфіскаваныя маёнткі, калі ён правядзе сойм, на якім усе рэформы скасуюцца.

Пан Рысь разадзьмуў ноздры.

– Каб не дзеўка была, на двубой выклікаў бы!

Раіна смела пасміхнулася.

– І не абавязкова, што перамаглі б! На пісталетах пан са мной не зладзіць!

Альбанчык фыркнуў, злосць ягоная трохі суцішылася.

– Ну чыста мая Магдуля! Шкада, яна прыехаць не змагла. Зноў занядужала… Не забудзься, доктар, лекаў для яе нарыхтаваць з запасам… Не, наш правадыр не здраднік! Мы яшчэ пакажам гэтым канфедэратам! Сваю канфедэрацыю створым! А можа вы, пан Пранціш, далучыцеся да нашага гурту?

Вырвіч задумліва глядзеў блакітнымі вачыма ў блакітнае полацкае неба.

– Не хачу скрыжоўваць шаблі са сваймі ж ліцвінамі. Хапіла з нас інтрыгаў ды наездаў… Паеду з Бутрымам у Ліён, толькі ўжо не лектарам, а вярнуся ў студэнцкі статус. Французская паэтыка таксама вартая ўважлівага вывучання. Яшчэ адзін дыплом не зашкодзіць. І Раіна нарэшце душу адвядзе… Доктар кажа, у Ліёне тэатр добры. Пан Антоній Тызенгаўз хоча ў Гародні такі ж зрабіць, каб Раіна была там першай зоркай, ды каб паставіць п’есу мясцовага аўтара… Ужо мне п’есу і замовіў.

– Перастаньце згадваць гэтага нягодніка Тызенгаўза, кашалёк Цялка! – угневаўся пан Рысь. – Калі вы вернецеся, на троне, можа быць, будзе ўжо іншы кароль!

– Усё можа быць… – згадзіўся Пранціш. – Галоўнае, каб Беларусь была.

– А куды яна падзенецца? – усміхнуўся Лёднік. – Нават калі яе пачнуць па-новаму называць, застануцца яе лясы і балаты, трыпутнік і дзядоўнік, і ўжо, напэўна, ніяк не зменіцца беларускі характар, які змушае нас сядзець на цвіку і казаць, што, магчыма, так і трэба.

– Затое, калі даціснуць нас да нейкай мяжы, мы такі адпор даем, што лятуць нахабы з нашай зямлі, як кроплі з распаленай бляхі! – ваяўніча заявіў пан Рысь. – Мае прадзеды біліся на Сініх Водах, пад Воршай, пад Хоцінам! Ліцвінская шабля не затупіцца, панства!

І тут заплакала маленькая Сафійка, яе тварык смешна зморшчыўся, бяззубы раток патрабавальна адкрыўся…

Тут жа падбег Алесь, які займаўся плённай справай лоўлі ўсялякай жыўнасці з наступным знявольваннем здабычы ў слоіках. Навуковыя схільнасці паніча праяўляліся, як і баявіты характар.

– Хто скрыўдзіў маю панну-сястрычку?

Саламея запэўніла, што ўсё добра, і пайшла ў бацькоўскі дом, карміць немаўля. Лёднік цяжка ўздыхнуў і апусціў чарнавалосую галаву, у якой там-сям паблісквалі срэбныя ніты.

– Ніяк не магу дараваць сабе, што з’язджаю.

– Я таксама з’язджаю да Пане Каханку, пакідаючы дома жонку і малое дзіця, – паціснуў плячыма пан Рысь. – І не ведаю, ці вярнуся. Такі наш шлях. Кожны павінен рабіць тое, што яму належыць, не чакаючы за гэта ўдзячнасці.

– Што ж, тады будзем рабіць, што павінны. Ну і… часам тое, што дае чыстае задавальненне…

І Лёднік дастаў з-пад стала непачатую бутэльку з сінім лікворам, на святаянніку настоеным, і пан Рысь узрадваўся, як радуецца пісец, выводзячы апошнюю літару кнігі.

– Ну, за тое, каб усе ліцвіны ўрэшце вярнуліся дадому. Будзем жыць мы, будзе жыць Беларусь!

2012

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации