Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 13


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 13 (всего у книги 18 страниц)

Шрифт:
- 100% +

На маленькай прыдарожнай станцыі давялося прачакаць два дні. Каб быў пры сабе птах-кабец, па чыім палёце продкі варажылі, дык запусцілі б у сіняе неба… Бо цяпер удзень неба сінела, і ўсё здавалася прыгожым, як на нямецкай парцалянавай талерцы. Дом, з шэрых бярвенняў, з гонтавым дахам, зацярушаным снегам, нагадваў палац Зюзі, славянскага боства холаду. Падслепаватыя вакенцы зацягнула шэранню, як самымі каштоўнымі фіранкамі. Хвойкі ля весніцаў, улетку, напэўна, здратаваныя мінакамі, цяпер прыбраліся ў аксаміт і дыяменты, як сіроткі, якіх узяў пад апеку магнат, даў пасаг і вывез на баль, падабраць вартых жаніхоў. Унутры карчма была, як карчма – смярдзела лоем ды кіслай капустай. Госці пілі яшчэ больш, каб сагрэцца, спявалі яшчэ грамчэй, каб адагнаць тугу доўгіх цёмных зімовых вечароў… Пранціш, пан Рысь і яшчэ двое ўвішных хлапцоў, з выратаваных Лёднікам студэнтаў, па мянушцы Рак ды Сак, пілі і спявалі, як і астатнія. І каб не прывабліваць увагі, і проста таму, што як яшчэ маладым воям перад бойкай прабавіць час?

 
…Дзяўчо маё маладое, маеш вока цудаўное,
Я з-за тварыка твайго страціў коніка свайго.
З-за тваіх белых ручок страціў залаты лучок,
З-за тваіх харошых вочак чатырох не выспаў ночак…
 

А пан Рысь, хаваючы ў чорныя вусы ўсмешку, вучыў студыёзусаў, як змусіць закахацца ў сябе дзяўчыну. А ўсяго толькі трэба зачапіць яе кажановым кручком. Робіцца ён проста: трэба злавіць кажана, пасадзіць у гаршчок, завязаць анучкаю з дзірачкаю, пайсці ў лес і закапаць у мурашнік. А тады бегчы бегма, каб не пачуць з гаршка крыку кажана, якога мурашы пачнуць заядаць, бо як пачуеш – дык памрэш. Праз сем дзён у гаршку застануцца адно белыя костачкі, з якіх трэба выбраць кручок і вілку. Калі ўзяць іх у рот – можна нябачным стаць, а кручком дзевак прыварожваюць. А як дзеўка надакучыць – адпіхні яе кажановай вілкай, і адчэпіцца. Вось толькі калі ты схопіш таго кажана, у якога пасля смерці ператварыўся чараўнік – гамон табе. Самога ўночы мурашы заядуць… І застанецца раніцой у ложку ад цябе адна скура, з якой якая-небудзь вядзьмарка патрапіць барабан вырабіць, каб твая душа пасля смерці ёй слугавала…

Пранціш ціха рагатаў, паглядаючы на пераляканых маладзёнаў, якія храбрыліся і дэкляравалі, што ніякіх кажаноў не баяцца, і без кручкоў чароўных дзевак чапляюць, а сам крадма мацаў плячо, пакручваў рукою: ці зможа, як раней, валодаць шабляй? Лёднік у свой час натрэніраваў яго біцца абедзьвума рукамі, але левай усё-ткі Пранціш валодаў горш.

А Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, расказваў яшчэ, што карчмары прывабліваюць наведнікаў, прыбіваючы кажана да сцяны карчмы. Мусіць, вісеў забіты звярок і дзесьці тут – бо ў наведніках недастачы не было. Мніхі, купцы, шляхцюкі, судовыя… Але калі ўвечары падкаціла карэта Батысты, не заўважыць яе не змог бы нават глухі Піліп, які да печы прыліп: вялікі пан прыехаў! Карэта ззяла пазалотай, як новы куфэрак. На ёй красаваўся герб з выявай арла і змяі, якога Пранціш раней у вочы не бачыў, а значыць, быў ён фальшывы, як начаканеныя ў Прусіі польскія талеры. Ззаду, быццам грахі за валацугам, цягнуўся воз з дэкарацыямі, шчыльна ўхутанымі прасмоленай тканінай. Нават лёкаі апранутыя ў сает і чырвоныя боты. А ўжо калі выйшлі граф з графіняй, карчмар ледзь на калені не паваліўся. Надзьмутая фізіяномія Батысты выяўляла такую пагарду да гэтага вартага жалю свету, што назапасіцца яна магла сапраўды толькі за тры тысячагоддзі быцця егіпецкага жраца. Затое графіня, захутаная ў белае казачнае футрачка, была такой узнёсла прыгожай, што нават п’янтосы, якія не маглі адняць галавы ад стала, заўзіраліся, разявіўшы раты.

Для важных гасцей адвялі асобны пакой, вытурыўшы з яго кагось менш самавітага і страшэнна абуранага несправядлівасцю. А што ж небрака хацеў, у гэтым свеце каму матавіла, каму булава. Людзі часалі языкі ды лупіліся на прыезджых. Толькі маладыя шляхціцы, якія вось ужо два дні праседжвалі ў карчомцы, гулялі ў карты, гучна размаўлялі і нахабна разглядалі ўсіх, не паказваліся, і ніхто не ведаў, што за паляндра ў іх учамерылася.

Але граф Батыста з прыгажуняй жонкай даведаліся.

Калі ў іх пакоі раптам вымалявалася чужая постаць, быццам проста са сцяны выйшаў дух яшчэ аднаго егіпецкага жраца.

Батыста ненавісна-насмешна паглядаў на маладога драгуна:

– Вы сур’ёзна спадзяецеся, пан Вырвіч, што можаце беспакаранна напасці на госця польскага караля і расейскай царыцы? Ды вас зараз…

Вырвіч развёў рукамі, паказваючы, што не трымае зброі.

– Ну што вы, пан Батыста, які напад… Усяго толькі гутарка старых знаёмых. Пра вельмі прывабную і карысную прапанову…

– Вы ўпэўненыя, што вам ёсць што мне прапанаваць? – Батыста намацваў рукой пісталет. Міхалішыўна, якая пры з’яўленні Пранцыся не змагла стрымаць здзіўлена-радаснага ўскрыку, напружылася, падабралася бліжэй да графа, і драгун, намагаючыся не глядзець на яе, разумеў, што дзеўка прыкідвае, як не дапусціць да бойкі.

– Так атрымалася, што ў мяне ёсць адзін дужа цікавы і добра знаёмы вам ліст… – Пранціш усміхаўся, бы карчмар, што спаіў гасцям бочку бярозавага соку, прыпраўленага спірытусам, замест дарагога венгерскага віна. Батыста самую трошку занепакоіўся.

– Які ліст?

– Разумееце… – Пранціш перабольшана скрушна ўздыхнуў, – часам можна па няўважлівасці спаліць у печцы пусты канверт…

Цяпер Батыста захваляваўся ўжо прыкметна.

– Пра які канверт кажа пан?

– Той, у якім быў ліст наступнага зместу…

Вырвіч не спяшаючыся дастаў з кішэні аркуш, распрастаў:

– “Яснавяльможны пан Геранім Радзівіл, даруйце, што прамарудзіў з адказам на ліст Вашай мосці, прыніжана цалуе вам ручкі і ножкі няварты ваш слуга Рудольфіюс Батыста…” Ой, які плябейскі стыль… Вас вучылі рыторыцы?

Маг ірвануўся і выхапіў з рук Пранціша аркуш… Гэта была копія, знятая з арыгіналу, засведчаная подпісамі двух сведкаў.

Аблічча мага зрабілася аднаго колеру з напудраным парыком.

– Што вам патрэбна? А, здагадваюся… Наша чароўная дама!

Батыста кінуў позірк на Міхалішыўну, нібы ацэньваў, наколькі зможа без яе абысціся. І Пранціш з няёмкасцю ўсвядоміў, што Міхалішыўна раптам уся затрымцела, і яе вочы загарэліся надзеяй – паверыла, што драгун вярнуўся за ёю… Няўжо апякунства караля ёй аказалася мала?

Вырвіч з цяжкасцю адвёў вочы ад актрысы, не жадаючы бачыць яе расчаравання, і змусіў сябе зноў жорстка ўсміхнуцца.

– Не пацэлілі, пан Батыста.

Маг здзіўлёна прыўзняў бровы.

– А вы паразумнелі, малады чалавек… Значыць, спакусіліся каронай святога Альфрэда, ці заадно і езуіцкім скарбам? Але ў мяне засталося не так шмат…

Пранціш адмоўна пакруціў галавою.

– Мы вернем вам той ліст, які зараз захоўваецца ў надзейным месцы і ў выпадку вашай здрады будзе адпраўлены ў Трыбунал, і дамо слова ніколі не распавядаць пра ваша злачынства, калі вы дапаможаце патрапіць інкогніта мне і яшчэ тром ліцвінам у Санкт-Пецярбург і пабываць там, дзе нам спатрэбіцца.

– За доктарам Лёднікам сабраліся? – насмешна, але з дамешкам нянавісці прагаварыў Батыста. – Павінен папярэдзіць, што ўсе пражэкты па ягоным вызваленні не спраўдяцца. Надта сур’ёзная справа.

– А што здарылася з панам Лёднікам? – Раіна Міхалішыўна шчыра ўстрывожылася, і Пранціш мімаволі заглядзеўся на яе зялёныя вочы, хаця даваў сабе слова аніяк не выяўляць увагі да новай каралеўскай фаварыткі. Вырвіч коратка апісаў сітуацыю. Батыста злосна засмяяўся і выказаў свае меркаванне.

– Я не сумняваўся, што доктар скончыць дрэнна. Ён у вас проста герой гішпанскага раману Дон Кіхот, які з тазікам на галаве і іржавай дзідай кідаецца на ветракі. І што пасля дзівіцца, калі атрымлівае па галаве? І гэта замест таго, каб спакойна карыстацца дадзенымі небам талентамі, за якія многія душу б заклалі. Што ж, абяцаю, вы будзеце побач са сваім доктарам, але вызваляць яго я не збіраюся. І палец мачаць у гэта не стану. Якая мне розніца, за што быць павешаным, за старую справу ці за новую?

Вырвіч нахмурыўся.

– Вы павінны забяспечыць нам магчымасць быць побач з доктарам і сачыць за ягоным лёсам.

– Ну, гэта я магу… – Батыста пасміхнуўся. – А цяпер падумаем, што з вамі рабіць. Паклічце сюды вашых трох ліцвінаў…

Калі пан Рысь і двое студыёзусаў, высокі бялявы Рак ды плячысты чарнявы Сак, зайшлі ў пакой, пад дзвярыма якога вычыквалі, Батыста, зноў упэўнены і зласліва-іранічны, абыйшоў невялікі атрад, крытычна аглядаючы кожнага.

– Ну што, адважная банда Дон Кіхота, будзем падбіраць кожнаму адпаведную ролю!

Пан Рысь паспрабаваў быў абурыцца і паказаць нахабнаму блазну ягонае месца, таму што больш за ўсё на свеце хацеў засячы здрадніка, але пан Батыста звузіў шэрыя вочы, выскаліўся, і хаця да Лёдніка, які поглядам прыбіваў да месца, яму было далёка, спрачацца чамусьці ўсім расхацелася. Не, баязліўцам назваць мага ўсё-ткі нельга.

Італьянец абмерыў вачыма высакародную постаць пана Рысі, затрымаўшыся на чорных баявітых вусах.

– Ну, вас, вашамосць, магу зрабіць фарэйтарам… Будзеце з коньмі ўпраўляцца. Бо вам пры вашай паставе абавязкова трэба мець мундзір! І зброю тады зможаце пры сабе пакінуць.

Пакуль пан Караль буркатаў нешта няўхвальнае, маг спыніўся каля бялявага Рака ды чарнявага Сака.

– А гэтых куды, мія кара? – азірнуўся на Міхалішыўну. – У асістэнты не падыходзяць, занадта няўклюдныя. З роляй лёкаяў таксама не справяцца – упусцяць прылюдна пару разоў паднос альбо грэлку, і што тады, лупцоўку ім даваць, каб легенду не разбураць?

Павукі разбегліся па кутах пакою, бо адчулі, што зараз людзі могуць пачаць шпурляцца адзін у аднаго не толькі словамі і парвуць павуту, столькі працы ляснецца… Хіба людзі здольныя гэтак карпатліва высноўваць ды пераплятаць таненькія ніты! Не, ім бы секануць, загадаць і атрымаць сваю муху адразу, пад анісавай падлівай на саксонскай парцаляне…

Раіна агледзела абураных студыёзусаў.

– А няхай паны едуць у карэце на дваццаць чатыры вакны… Ну, на возе пры дэкарацыях, быццам насільшчыкі! Будуць дапамагаць сцэну абсталёўваць, рэчы грузіць, здаецца, хлопцы дужыя.

– І праўда… – пагадзіўся Батыста. – Паступіце ў распараджэнне майго Джавані. Ён дасць вам вопратку. А што рабіць з вамі, пан Вырвіч?

Пранцішу зрабілася няўтульна, надта іранічны позірк быў у мага.

– Пан Вырвіч, напэўна, пад падазрэннем, – нагадала Міхалішыўна. Батыста задумаўся.

– Яшчэ як… Яны ж з доктарам – як нітка ды голка, усім вочы скалолі. Тут простага пераапранання мала…

Маг нядобра так прыжмурыўся, як цэнзар з калегіюма, які дакладна ведае, што ў гэтага шкаляра ў кішэні схаваныя карты, і зараз з’явіцца прычына адхвастаць гульца бярозавымі розгамі.

– Вось што, вы, пан Вырвіч, будзеце маім асабістым егіпецкім слугою! Лічыце сябе хоць нашчадкам фараона… Валасы пафарбуем, скуру вымажам, касцюмчык падбяром… Затое зможаце паўсюль за намі соўгацца, апахалам графіню абмахваць, у фокусах мне дапамагаць – вы ж чалавек спрактыкаваны ў розных пракудах, гэта я адразу ўбачыў. Паспрыяеш яму пераўвасобіцца, мія кара?

Міхалішыўна весела засмяялася.

– Басмы хапае. Крэм для скуры намяшаю. Цюрбанчык накручу…

– Ну вось і добранька! А на досвітку з’едзем, каб ніхто не пабачыў, што былі вашамосці – паважаныя шляхціцы, а сталі прыслугай егіпецкага жраца Атхесенпаамона, прыемна пазнаёміцца.

Вось і адкрыўся сакрэт чарнавалосасці Раіны… А што зробіш, калі ў егіпецкай прынцэсы русявых ліцвінскіх косаў быць не можа. Уночы артыстка з вясёлымі жарцікамі пафарбавала Пранцішу валасы і бровы найлепшай індыйскай басмай, якой карысталася сама. Пранціш мімаволі млеў ад дотыку далікатных, але моцных ручак, і нат не засмучаўся пераменай аблічча, бо цікаўнасць у вырвічаўскай авантурнай натуры заўсёды перамагала ўсе разумныя і практычныя разважанні. Брунатны тлусты крэм і адпаведны касцюм давершылі пераўвасабленне. З люстэрка ў круглай жалезнай раме на Пранціша глядзеў нахабны смуглявы юнак, з-пад цюрбана з бліскучай жоўтай матэрыі выбіваўся смаляны чуб, вочы з-пад падведзеных сурмою броваў блішчэлі блакітным гарэзным агнём, падпярэзаны жоўтым пасам чырвоны халат ладна абцягваў драгунскую постаць.

Міхалішыўна падыйшла з-за спіны, паклала рукі юнаку на плечы:

– А вам пасуе, пан Вырвіч. Так і хочацца павучыць вас таньчыць на вуголлях – эфектна б глядзеліся.

Вырвіч рэзка абярнуўся і абняў прыгажуньку.

– Мы і так таньчым на вуголлях, дарагая панна.

І само зляцела з вуснаў недарэчнае пытанне, якое смыліла і назаляла, як ні адганяў яго, быццам авадзень у спёку.

– Ты… была з каралём?

З празрыста-зялёных вачэй знікла шчырая весялосць, велікаватыя ружовыя вусны падціснуліся.

– Ягоная каралеўская мосць вельмі ўпадабаў мае танцы ды спевы, і драматычны мой талент ацаніў…

Выкруцілася з абдоймаў, зноў усміхнулася па-блазенску дзёрзка:

– А асабістае жыццё караля – дзяржаўная таямніца, пан Вырвіч! Вы не мусіце гэтага ведаць, пан… Ахмед, давайце я вас буду клікаць Ахмедам!

І затаньчыла на дыбачках усходні танец, загайдала клубамі, уздымаючы ўверх сцябліны рук… Артыстка!

Раніцай Батыста з крывой усмешкай паведаміў, што жаданне пана Вырвіча быць побач з ягоным сябрам Лёднікам выконваецца няўхільна. Экіпаж егіпецкага мага на адной са станцый перастрэнецца з карэтай, якая ў суправаджэнні цэлага атраду гвардзейцаў вязе ў Санкт-Пецярбург дзяржаўнага злачынцу. Аказваецца, у Батысты і Разанцава запланаваная сустрэча… Батыста, праўда, адмыслова папярэдзіў, каб найміты сядзелі ціха, бо атрад будзе не менш чым у сотню вояў, не жартачкі.

Палазы парыпвалі па сыпкім снезе, пакідаючы ў ім глыбокія шнары. Карэта з закратаванымі вокнамі спынілася каля прыдарожнай карчмы, дзе ўжо два дні знаходзіўся маг са спадарожнікамі. Разанцаў, захутаны ў мядзвежае футра, выйшаў на стаптаны снег, падазрона азірнуўся і адправіўся ў будынак. А жаўнеры заняліся тым, чым спрадвеку займаюцца тыя, хто спыняецца каля карчомкі. Вядома, асабліва шляхетных гатункаў віна тут не было, але піва налівалі някепскае. А хутка яшчэ з вокнаў пачуўся дзівосны жаночы спеў на італьянскай мове… Нават фурман злез з аблучка і пацягнуўся, як зачараваны, бліжэй да дому. Жаўнеры, якія дзяжурылі ля карэты, таксама адышліся, задраўшы галовы да вакна, за якім разводіла рулады райская птушка.

У закратаванае вакно экіпажу з адваротнага ад карчмы боку зараз жа зазірнуў, выслізнуўшы невядома адкуль, егіпецкі хлопец:

– Бутрым!

Дзяржаўны злачынца, які драмаў, адкінуўшыся на мяккім сядзенні, адплюшчыў цёмныя вочы, абведзеныя кругамі, адчыніў знутры зашклёную шыбу:

– Пранціш! Ну і выгляд у цябе… Адкуль?

– Ціха! Зараз паспрабуем цябе адбіць… Мы разам з Батыстам прыехалі. Там пан Рысь, яшчэ колькі чалавек пазбіралі з суседніх маёнткаў… Жаўнераў ля карэты ціха прыкончаць, і бяжым. Іншай магчымасці не будзе. Трымай пісталет і нож…

Але Лёднік пакруціў галавой з адрослымі чорнымі валасамі, на яго схуднелым абліччы была стома:

– Выбачай, не магу…

– Ты што, прыкаваны? Справімся…

– Не, дарагі! – доктар з мяккай усмешкай паціснуў праз краты руку нечаканага госця. – Я даў слова Міхайле, што паеду з ім. Я павінен пацвердзіць, што ён не здраднік.

Вырвічу на імгненне мову адняло. І сапраўды падалося, што на галаве доктара – дзіравы медны тазік, апрануты ён у іржавыя рыцарскія латы, а рука сціскае дзіду, нацэленую на вятрак. Дон Кіхот няшчасны, рыцар сумнага вобразу!

– Ты што, здурэў? Якое слова? Цябе ледзь не замучылі! Выратуеш яго, твой сябручок зноў цябе на крук павесіць! І яшчэ мяне побач!

Лёднік трохі змяніўся ў твары:

– Ты не павінен папасціся… Сыходзь!

– Пайшлі разам! – Вырвічу хацелася проста аглушыць зараз упартага доктара, як рыбіну, і звалачы сілком. – Пра Саламею падумай! Пра Алесіка! У Італіі пажывем, там вучоных шмат!

Спевы ў карчме скончыліся, людзі ўхвальна загулі.

– Зразумей, у мяне ёсць магчымасць заступіцца не толькі за Міхайлу… – з тугою адказаў Лёднік. – Магчыма, удасца пераканаць, каб не чапалі Акадэмію, не пераследвалі студэнтаў. Сам ведаеш – наш кароль зробіць тое, што скажа Пецярбург… Ты лепей Батысту прыцісні, каб ад даносу адмовіўся… Зараз мне збегчы – гэта здрада! Гэта пацвердзіць, што ўсё-ткі ёсць змова, і трэба ўсіх арыштоўваць і дапытваць! Увядуць ваеннае становішча, і… Да таго ж – пагоня, кроў, загінулыя людзі… Ды жаўнеры тут пекла ўчыняць! Навошта тады ўсе мае высілкі былі?

Пачуўся ціхі свіст, што азначала – егіпецкаму слузе, які так і не падаў знаку на пачатак аперацыі, трэба ўцякаць. Калі вядзецца, дык і на трэску прадзецца, а калі Фартуна маўчыць, дык і мёд гарчыць.

– Дурань! Усё роўна будзе вайна! – Пранціша аж калаціла ад злосці і адчаю. – Шляхта збірацца скласці канфедэрацыю супраць Панятоўскага і расейцаў, расейцы агітуюць, каб у іхнюю канфедэрацыю ўступалі…

– Тым больш я павінен абараніць хоць тое, што магу. Не трэба ўчыняць тут безнадзейнай бойкі. Сыходзь, Вырвіч!

Адзін афіцэр ужо заўважыў, што ля карэты с арыштаваным круціцца падазроны тып, і сярдзіта закрычаў. Пранціш паспеў яшчэ абмяняцца з доктарам тужлівымі паглядамі і змушаны быў хуценька слізгануць між коламі карэты…

Нягоднік Батыста, які да гэтага не быў пасвечаны ў бліскучы план выкрадання вязня на станцыі, паводзіны доктара ўхваліў, затое Пранціша і пана Рыся аблаяў на чым свет… Авантурысты, гатовыя загубіць усё і ўсіх непрадуманымі планамі! Калі ўжо яны вымушаны дзейнічаць разам, трэба хаця б трохі пытацца, хто і што збіраецца рабіць… Ледзь усё не сапсавалі, у тым ліку і свайму доктару! Amicus incommodus ab inimico non differt! (Някемны сябар не адрозніваецца ад ворага – лац.)

Пан Рысь выхапіў шаблю, а Пранцішу толькі цяпер прыйшла ў галаву запозненая здагадка – не здарма ж маг адправіўся ў расейскую сталіцу ў адзін час з Разанцавым, не выпадковая і гэтая сустрэча на станцыі! Батыста ж таксама замяшаны ў справе закалоту ў Віленскай акадэміі, гэта ж з ягонага даносу ўсё пачыналася! А Лёднік зблытаў усё і яму… І цяпер на расследванне выкліканы і Батыста. Напэўна, Разанцаў з магам пра нешта дамовіліся, і пан Міхайла па дарозе ўсё абмяркуе з Лёднікам: якой версіі хто стане трымацца, як выйсці ўсім з сітуацыі з найменшымі стратамі. Дыпламатыя, палітыка, палацавыя інтрыгі! Цяпер Вырвіч быў упэўнены, што карона святога Альфрэда будзе выкупляць правіну мага перад расейцамі. А Панятоўскі – што, яму цікавей з актрысай Шэкспіра разыграць, чым разбірацца ў даносах і змовах. Ён толькі рады, можа, што ўдалося пазбегнуць вялікай бойкі.

Батыста пацвердзіў, што збіраецца ператлумачыць уладам па-іншаму словы свайго даносу, і чым менш Пранціш з кампаніяй будуць умешвацца, тым лепей. Нават Міхалішыўна, якая выканала просьбу Пранціша пацешыць спевамі расійскіх жаўнераў, але таксама не ведала пра рызыкоўную задуму спадарожнікаў, нечакана выказалася, як і маг. Людзей бы толькі загубілі, сябе загубілі… Пацвердзілі б, што закалот існуе, а пан Лёднік на пакуты пайшоў, каб гэта абвергнуць.

Пранціш яшчэ раз падзівіўся, як выпадкова часам мяняецца ход гісторыі. Вось патрапіў між яе адладжаных, грувасткіх колаў адзін чалавек – і змусіў усю машыну спыніцца. Праўда, для гэтага чалавек павінен быць не парушынкай і не простым каменьчыкам, а адамантам, дыяментам…

Падобнае здарылася, калі па намове князя Вітаўта жонку старога Ягайлы Соф’ю Гальшанскую абвінавацілі ў здрадзе мужу-каралю, нібыта сыноў яна нарадзіла не ад яго, а ад маладога прыгожага рыцара Генрыка з Рогава. Кароль раз’юшыўся і загадаў аддаць магчымага суперніка на допыт… І каб той зламаўся пад катаваннем, прызнаў віну – прынцы, будучыя манархі, былі б пазбаўленыя права на трон, з’явіліся б іншыя прэтэндэнты, і як бы тады ўсё павярнулася? Але рыцар паўтараў: “Каралева не здраджвала каралю”, і ўсё пайшло тым шляхам, які застаўся ў летапісах…

Цяпер гэты шлях залежыць ад нязломнасці Лёдніка, якая ўжо змусіла моцных свету мяняць планы, а здрайцаў і падлюкаў прыстасоўвацца.

Пан Рысь ад злосці і расчаравання шабляй усе сцены пакоя пасек, як быццам тут начаваў галодны лемпард з вострымі кіпцямі.

Што ж, заставалася ехаць далей на Поўнач.

Раздзел дзясяты. Як Пранціш і Лёднік з Паўночнай Пальміры ўцякалі

У чорным, як пашча астылай печы, небе ўспыхвалі вогненныя кветкі і вензелі. Асабліва часта паўтараліся ініцыялы імператрыцы. А што вы хочаце – хто на куце, для таго й булкі…

А неба тут было асабліва цёмнае… Як столь у сутарэннях, дзе дагарэла апошняя свечка. Але й удзень не пакідала адчуванне, што да гэтага нізкага паўночнага неба можна, добра падскочыўшы, дакрануцца рукою, асабліва паміж шэрых камяніцаў і раўнюткіх, як накрэсленых, брукаваных вуліцаў і каналаў.

Смуглявага юнака ў чалме, які трымаў нешта вялікае, захутанае ў футра, штурханула паненка ў сукенцы, расшытай перлінамі. Крыналіны спакусна шаргатнулі, паненка азірнулася, у мігатлівых агнях феерверкаў і паходняў толькі і можна было разгледзець бліскучыя вочы ў проразях чорнай аксамітнай паўмаскі, ды ярка нафарбаваныя вусны ўсміхаліся… На карнавале любая дама сыдзе за прыгажуню.

Цяпер штурхаліся з усіх бакоў, і паненка пабегла далей… Мала што тут малады блакітнавокі егіпцянін… Навокал хапала самых неверагодных персанажаў, з велізарнымі дзюбамі, у капелюшах-караблях… Нехта нават у мурына пафарбаваўся – а можа, гэта і насамрэч быў мурын, у вясёлай мітульзе карнавалу нельга было адрозніць сапраўднае ад несапраўднага.

Вось пад карліка не падробішся… А іх тут было столькі, быццам спецыяльна вырошчвалі (а хадзілі чуткі, што так і ёсць – калечаць дзяцей адмыслова, трымаюць іх у спецыяльных прыстасаваннях, каб косткі раслі няправільна, і вось – жывая забаўка для багацеяў). І як ні любіў Пранціш Вырвіч пагулянкі ды зухаватыя бяседы, не было яму весела пад гэтым нізкім, як скляпенне, небам, між бліскучага натоўпу, кожны з якога ў любы момант мог ператварыцца з усмешлівага прыдворнага ў атласе і карунках у апальнага раба з вырванымі ноздрамі і кляйном дзяржаўнага злачынцы на ілбе… Хто ведае, дзе паслізнешся на наваскаваным палацавым паркеце? Тут шляхціц не выкрыкне таму, хто займае трон, што гэта ж ён і выбіраў цяперашняга манарха на элекцыйным сойме, а раз яны ўсе – роўныя ў шляхецтве сваім, дык няхай Трыбунал вырашае, чыя праўда. Вунь Панятоўскі паспрабаваў цыдулкі адной замужняй пані перасылаць з давераным чалавекам, муж высачыў, пасланца дзягай збіў, а з цыдулкай на суд прыйшоў… Кароль ледзь адкупіўся, а пані ў кляштар адправілася грахі замольваць.

Тут такое ніколі не было магчымым… А вось што дзесьці побач могуць знайсціся землякі, ліцвіны, захопленыя падчас змагання супраць новага польскага караля – цалкам верагодна. Але што толку… Нават у Ангельшчыне Пранціш не адчуваў сябе такім загубленым і самотным.

Ад чарговага выбуху змяюка, якую насіў Пранціш у пазалачанай клетцы, цяпер захутанай у футра, прачнулася і закруцілася, нягледзячы на холад, які павінен быў надзейна ўганяць яе ў сон. Такая роля выпала шляхціцу Вырвічу гербу Гіпацэнтаўр – насіць за магам і ягонай жонкай залаціста-зялёную пачварыну, з дапамогай якой егіпецкая прынцэса нібыта зносілася з духамі, а насамрэч проста для важнасці.

– Пойдзем, Ахмед, фейерверк закончыўся… – прашаптаў за плячом знаёмы голас. Вырвіч удзячна азірнуўся: графіня Батыста ў неверагоднай шырыні і багацці сукенцы хутала аголеныя плечы ў белае футрачка. Пранціш пакланіўся сваёй часовай гаспадыні і рушыў за ёю ў палац, які нагадваў залаты куфэрак вужынай каралевы, у якім ззяюць незгасальным агнём дыяменты, але простаму смяротнаму лепей да іх не дакранацца.

Егіпецкі жрэц і егіпецкая прынцэса паспелі ўжо паказаць сваё майстэрства, і танец на гарачых вуголлях прынёс парачцы залаты дождж. А трое падпітых зухаватых прыдворных, якія вырашылі здзівіць усіх і паўтарыць подзьвіг графіні Батысты, залечвалі апечаныя ногі.

Пранцішу давялося на вачах зацікаўленай публікі здымаць з Міхалішыўны чаравічкі, потым абуваць, і, нягледзячы на лёкайскую ролю, ён адчуваў сябе не лёкаем, а зняволеным Ланцэлотам, і, трымаючы ў руцэ чаравічак, страшэнна хацеў усю гэтую бліскучую публіку загнаць замест Раіны ў пякельнае карыта.

Цяпер графа-жраца прасілі неадкладна прадказаць будучыню, нагадаць жаніха, павялічыць смарагд ды чапляліся з іншымі вечнымі просьбамі, з якімі па ўсім свеце звяртаюцца да вандроўных чарадзеяў і алхімікаў. Чароўная графіня адпалохвала закаханых кавалераў тым, што насіла на шыі жывую змяю, нашмат меншую за тую, якая сядзела ў клетцы, але застрашліва чорную, ды паведамляла заляцаннікам млявым тонам, што за тры тысячы гадоў балі зрабіліся куды больш вытанчанымі, вось двесце гадоў таму з-за яе пры двары Людовіка Чатырнаццатага чатыры двубоі адбылося. Кавалеры падлічвалі розніцу ва ўзросце між сабой і прынцэсай Семпенсентрай і трохі сумнелі. Дапамагаў і Пранціш, тут жа падсоўваючыся са сваёй змяюкай, якая жадала перамовіцца з прынцэсай. А галоўнае – чарадзейнай парачкі пабойваліся, і наконт сурокаў, і наконт таго, што знаёмства з прыезджымі магамі можа адгукнуцца падазрэннем у захапленні чарнакніжніцтвам, якога імператрыца не ўхваляла. Бо пакуль не было зразумелым, як яе вялікасць ставіцца да італьянскага гастралёра: у ладкі пляскала, але стрымана, і прыдворныя пакуль не спяшаліся з прагнозамі.

Натоўп стаяў уздоўж сцен доўгай залы з белымі мармуровымі калонамі, абвітымі пазалочанымі вінаграднымі гронкамі. Пранцішу падалося, што нават пры Варшаўскім каралеўскім двары не бачыў такіх багацюшчых убораў. Успомніліся сустрэтыя ў мінулым годзе запарожскія казакі: плячыстыя вусатыя малойцы прыехалі на кірмаш, пераапрануліся ў такія ж багатыя саеты ды парчу, гулялі-балявалі, а як свята скончылася – па чарзе ў сваёй дарагой вопратцы залезлі ў бочку з дзёгцем, а тады ўпэцканае паскідалі і зноў пераапрануліся ў звыклае, зручнае на полі бойкі. Бо не павінен сапраўдны казак, рыцар, даражыцца ўборамі, як кабета альбо палацавы шваркун.

Раптам гуд сціх, усе нізка схіліліся…

Хаця зала была асветленая ярка – сотні свечак палалі ў крышталёвых падвясных свяцільніках і пры сценах, агонь адбівалі шматлікія люстэркі, але Пранціш дасюль не мог толкам разгледзець імператрыцу. Хто ён такі, слуга, які стаіць за спінамі паноў… Цяпер таксама бачыў толькі здалёк: невысокая, паўнаватая… Але лупіцца ды праштурхоўвацца бліжэй не станеш, не на кірмашы.

Чаму разгляд “віленскай справы” быў прызначаны менавіта на гэты вечар, можна было толькі здагадвацца. Мусіць, канцлер Панін палічыў, што яму выгадней, каб імператрыца была ў добрым гуморы пасля карнавалу і феерверкаў, і паабяцаў уладарцы яшчэ адно цікавае відовішча. Гэта вельмі ўдалы прыдворны прыёмчык – ператварыць рашэнне сур’ёзнай справы ў тэатральнае прадстаўленне, стварыць забаўныя дэкарацыі, звесці да жарту… Каб сама абстаноўка навязвала ролю велікадушнага, дасціпнага ўладара.

Пранціш пазнаў Мікалая Рапніна, галоўнага расейскага “спецыяліста” па Рэчы Паспалітай, які стаяў па той бок залы з самым вясёлым выглядам, фанабэрыстага польскага пасла Ржэвускага, які не рабіў нат спробаў усміхацца. Звярнуў увагу і на маладога высокага прыгажуна, што аціраўся паблізу ад імператрыцы з такой пыхай, што мог быць толькі царскім фаварытам Георгіем Арловым. Казалі, царыца так яго пакахала, што хацела пашлюбавацца. Але Панін асмеліўся сказаць яе вялікасці ў вочы, што пані Арлова не можа быць расейскай царыцай. Пры гэтым, ганарыста адкінуўшы галаву, канцлер так стукнуўся патыліцай аб сцяну, што на ёй утварылася белая пляма ад пудры парыка. Панін нажыў смяротнага ворага ў асобе Арлова, а маладыя прыдворныя празвалі сцяну з плямай ад пудры “сцяной смеласці” і бегалі даткнуцца да яе перад важнай справай.

Але сёння Паніна не было. Магчыма, і праўда прыхварэў, а можа, хвароба была “дыпламатычнай”, каб у выпадку няўдалага вырашэння “віленскай справы” канцлер мог сцвярджаць аб сваёй непасвечанасці.

Калі ў залу ўвайшлі граф Міхайла Разанцаў і доктар Баўтрамей Лёднік, Пранціш ледзь не парушыў ролю слугі, бо падаўся наперад, каб лепей усё бачыць і чуць, ледзь сваю змяюку не выраніў.

Разанцаў і Лёднік выглядалі самым важным і гжэчным чынам. На Лёдніку быў акуратны парык, сіні камзол, расшыты срэбрам, белыя панчохі, чаравікі… Напудраная фізіяномія фанабэрыста-засяроджаная, быццам на вучонай радзе. Толькі тое, што быў без зброі, сведчыла пра статус арыштаванага злачынцы, ды рэзкія цені ад вечаровага асвятлення рабілі аблічча трохі злавесным.

Абодва расшаркаліся і раскланяліся, як мае быць. Імператрыца прыняла з рук важнага пана з выцягнутым тварам паперу, перачытала… І, цэдзячы словы, звярнулася да доктара з рэзкім дакорам, маўляў, вучоны чалавек, прафесар, яна, царыца, ягоныя артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе чытала, і ўвязаўся ў змову, падбухторваў сваіх студэнтаў са зброяй у руках выганяць з Вільні рускіх і звяргаць законнага караля.

– У вас не ўніверсітэт, а пітомнік для дзяржаўных злачынцаў!

Пранціш не мог бачыць аблічча Лёдніка, але голас таго гучаў спакойна і ветліва. Лёднік патлумачыў на расейскай, праўда, з акцэнтам – але ж і сама імператрыца размаўляла з заўважным акцэнтам – што яе вялікасць падманулі, дакладней, мае месца некаторае непаразуменне.

– Студэнты, вядома, сваволілі… Але на тое яны і студэнты, такія ж, як па ўсім свеце, ваша вялікасць – пасля імшы замкнуліся ў зале, дасталі карты, віно… Вядома, гэта падлягае пакаранню, і я сам перасаджаў бы блазнюкоў у карцэр. Але калі наляцелі жаўнеры, якія гатовы былі страляць, гэта ўжо занадта… Я – прафесар, я адказваю за сваіх вучняў. Я павінен быў іх абараніць. Мне нічога не вядома пра іх палітычныя сімпатыі, але губіць з-за аднаго падазрэння маладых людзей, з якіх могуць вырасці карысныя для Айчыны людзі, нельга.

І пачалося. Разанцаў сцвярджаў, што ў Акадэміі антырасейскія настроі, што многія сімпатызуюць адпраўленаму ў выгнанне князю Радзівілу, таму звесткі пра закалот выглядалі вельмі верагодна. Князь Мікалай Рапнін пацвердзіў пра няправільныя настроі віленскай моладзі, але пэўна сказаць, ці ўдзельнічаў прафесар у закалоце, не мог, бо доказаў не знайшлі. Кіраўніцтва Акадэміі, як будысцкія малпачкі, сцвярджалі ў лістах, што нічога не ведалі, не бачылі, не чулі і занятыя выключна асветніцтвам, а што там доктар Лёднік вытварыў, чаму счапіўся з жаўнерамі – гэта ягоная асабістая справа.

Успомнілі і пра Батысту.

На егіпецкага жраца царыца глядзела трохі грэбліва, як на змяюку ў клетцы. Ягоныя дасканала велягурыстыя і прыніжаныя запэўніванні пра вернасць трону, жаданне папярэдзіць пра бунт і непаразуменні наконт месца і часу зборышча выслухала няўважліва.

– Ясна, усе стараліся, усе мне адданыя, і ніхто нічога толкам не ведае, бо не злоўлены – не злодзей. Мы цэнім ваша старанне, граф Батыста, і мне перадалі ад вас незвычайнае паднашэнне. Толькі прыняць яго не магу. У мяне, па волі Божай, свая карона ёсць, і ў чужых патрэбы не маю. Праўда, і ў вашых руках такой рэліквіі не месца. Мы падумаем, што рабіць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации