Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 16


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 16 (всего у книги 18 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Раздзел дванаццаты. Як Пранціш і Лёднік карону Святога Альфрэда абменьвалі

У “Кнізе Кайранід” расказваецца пра марскога аленя, які ўздымае над паверхняй мора галаву з галінастымі рогамі і прываблівае птушак, якія садзяцца на ягоныя рогі, каб адпачыць.

А тады марскі алень хапае іх і зжырае, нібыта мала яму водарасцяў.

На шчасце, у беларускіх рэках, нават велічным Нёмане, такіх пачвараў не вадзілася. А вось алень Святога Губерта з крыжам у лобе быў – на гарадзенскім гербе. Аленя, паводле легенды, пабачыў Губерт з Аквітаніі, калі быў на паляванні, і раскаяўся ў сваім грэшным жыцці…

Наўрад, праўда, беларускія алені плююць вадой у кожную шчылінку, каб адтуль выпаўзлі змеі, і раздушваюць гадаў сваймі капытамі, як сцвярджаюць пра гэтых звяроў сярэднявечныя бестыарыі. Затое бясспрэчна, што грэцкі цар Андранік загадваў прыбіваць на дзверы дамоў жанчын, з якімі ён спаў, рогі аленя, бо мужыкам тых жанчын даваў паляўнічыя прывілеі.

Так атрымалася, што Вырвіч ніколі раней у Гародні, горадзе, на чыім гербе красаваўся алень Святога Губерта, не быў, таму круціў галавой па баках, як шкаляр. Слаўны горад! Адзін Фарны касцёл чаго варты… Каменныя скляпенні ўзлятаюць уверх, як пена марская на высокай хвалі…

А ўсё места чамусьці нагадвала хату, дзе спехам рыхтуюцца да неспадзяванага прыезду вельмі ганаровых гасцей. І там, і тут узводзяцца новыя будынкі, кладзецца брук, ставяць ліхтары… Часам адбывалася гэта трохі бязладна, калі ліхтарны слуп укопвалі каля дарогі, якая яшчэ ўяўляла з сябе яміну, дый хто ў мерзлую зямлю брукаванку кладзе? Але загадалі – і дзяўбуць рыдлёўкамі родную глебу мужыкі з панылымі да адчаю абліччамі…

Незвычайна выглядала і зала ў доме пана Антонія Тызенгаўза, старосты гарадзенскага, сябра дзяцінства сённяшняга караля, якому той даверыў усе фінансавыя справы каралеўства. Падобна, там сабраўся сапраўдны Бабілон – вунь гучна гутараць рудаватыя чэхі, там – немцы ў чорных камзолах, там балбочуць чарнявыя французы, там – паважныя галандцы… Ніхто не хаваў твараў пад маскай, ніякай таемнасці, як падчас сеансу ў палацы Радзівілаўны пад Менскам. Ясна, Батыста за гэты час узняўся ад падазронага шалбера да прызнанага каралеўскімі асобамі артыста, і прыйсці на ягоны спектакль больш не лічылася нечым заганным.

Да доктара Лёдніка падляцеў пузаценькі невысокі пан у багатым камзоле, расшытым срэбнымі галунамі.

– Баўтрамеюс!

– Якуб Пфальцман! Вось дык сустрэча…

Былыя аднакурснікі па Лейпцыгу прывіталіся са стрыманай радасцю, але абдымацца не сталі. Апошняя іх сустрэча скончылася тым, што давялося ўцякаць са Слуцкага замка Гераніма Радзівіла, і вынаходніцтва Пфальцмана, жалезная чарапаха на вадзяным рухавіку, была расстраляная з гарматаў.

Пранціш, ва ўрачыстым мундзіры харужага, быў таксама радасна прывітаны і пачуў, што вырас, узмужнеў, сапраўдны рыцар…

– Што ты тут робіш, Баўтрамеюс? – трохі насцярожана папытаўся Пфальцман. – Цябе запрасіў дзеля нейкіх праектаў пан Антоній?

У голасе ясна чулася боязь моцнага канкурэнта. Лёднік паспяшаўся супакоіць знаёмца, што ён тут прысутнічае ўсяго толькі ў якасці гледача.

– Адкуль столькі замежнай публікі? – не мог не пацікавіцца доктар. Твар Пфальцмана заззяў ад захаплення.

– О, гэта справы пана Антонія Тызенгаўза! Гэта вялікі чалавек! Які рухавік прагрэсу! Ён хоча, каб любая вытворчасць, якая існуе ў свеце, была годна прадстаўленая і тут. У прадмесці горада будуюцца дзесяткі мануфактур! Пан Тызенгаўз – геній! Вам хочацца чэшскага піва? Ён выпісвае лепшых чэшскіх півавараў, і тыя ладзяць тут бровар. Ёсць попыт на ліёнскі шоўк? Вунь сядзяць майстры з Ліёну… Персіянскія паясы, брабанцкія карункі, саксонская парцаляна… Усё ў хуткім часе будзе рабіцца тут, па самых лепшых узорах. І кожны з майстроў падпісвае кантракт, што возьме ў навучанне некалькі тутэйшых вучняў і перадасць ім дасканала сваё майстэрства. Мне, як ты разумееш, тут таксама знайшлося пачэснае месца! Адно з самых важных!

Таўсманы твар Пфальцмана наздьмуўся ад гонару. Лёднік паківаў галавой.

– Вельмі паважаю такія пачынанні. Падобным чынам дзейнічаў расейскі цар Пётр Першы. А якімі сіламі будуюцца ўсе гэтыя мануфактуры? Сялянаў, напэўна, зганяюць?

Пфальцман надзьмуўся яшчэ больш.

– І ты паўтараеш за ўсёй гэтай зацятай магнатэрыяй пра заганнасць метадаў пана Антонія! Маўляў, сялянам зноў увялі паншчыну, халопы пішуць скаргі, бунтуюцца… Ніякі прарыў да лепшага не адбываецца без ахвяраў! Хто б піраміды егіпецкія пабудаваў, каб простых людзей бізунамі на будоўлю не гналі?

Доктар скептычна глядзеў на разгарачанага вынаходніка, які, падобна, блізка да сэрца прымаў рэформы пана Тызенгаўза.

– Я толькі падтрымаю любую праяву прагрэсу. Але ведаю і іншае, калі простых людзей давесці да адчаю, любы прагрэс абернецца сваёй супрацьлегласцю. І што ім брабанцкія карункі, калі не стане часу засейваць сваю ніву?

– Ты проста рэспубліканец нейкі, – раздражнёна сказаў Пфальцман. – Пры чым тут быдла? Пан Антоній, між іншым, не дэспат які-небудзь, а натурфілосаф, сябруе з Жан-Жакам Русо… Тых жа мужыкоў адукоўваць збіраецца. Проста павінен прайсці нейкі час, каб усе ўсвядомілі карысць ад рэформаў. Калі па загадзе яго вялікасці Пятра будавалі на балатах Санкт-Пецярбург, таксама цара клялі, бо людзі, як мухі, мерлі. А цяпер горад які прыгожы! Ягоная мосць князь Багінскі ў мінулым годзе мяне туды з сабою браў. Дзе дрыгва была – масты каменныя, на кожнай мілі пяць слупоў з шыльдамі, на якіх надпісы па-маскоўску, па-нямецку і на лаціне, аўстэрыі з выгодамі… А вуліцы шырокія, чысціня – але таксама не з паветра ўзялася, бо калі мужык з горада выязджае, дык мусіць заплаціць дзве капейкі. А калі вывозіць з сабой смецце, дык з яго платы не бяруць. А калі ў горад едзе – таксама мусіць заплаціць дзве капейкі, альбо прывезці з сабою камень ці дрэва для рэпарацыі мастоў. Вось што значыць – кіраваць народам!

– Слушныя законы… – пагадзіўся Лёднік, хаця пры згадцы пра Паўночную Пальміру яго ажно скаланула.

Людзі між тым рассаджваліся ў крэслы, пачыналі нецярпліва азірацца, чакаючы вызначальных персон вечарыны… Зазбіраўся і Пфальцман, які з гонарам паведаміў, што ў чацвёртым радзе сядзіць яго жоначка.

І тут здарылася тое, чаго б не хацеў нямецкі вынаходнік. Людзі змоўклі, бо ў залу імкліва ўвайшоў хударлявы падцягнуты пан з крыху запалымі вачыма і вострым носам. Здавалася, за ім развяваецца чырвоны ўладарскі плашч, хаця ніякага плашча не мелася, а быў белы ўрачысты касцюм з залацістай камізэлькай. Пільныя вочы пана нібыта маглі ахапіць залу з усімі дробязямі, да апошняга веера і спражкі. Вось погляд спыніўся на Пфальцмане.

– Ваша мосць Пфальцман, сёння бачыў у дзеянні ўдасканалены вамі ткацкі станок. Думаю, такіх трэба зрабіць штук дзесяць… Зможаце? А гэта хто?

Погляд пана слізгануў па Пранцішы і затрымаўся на Лёдніку, фанабэрыста-важным і на галаву вышэйшым за шчуплага пана ў белым строі.

Пфальцман пастараўся не скрывіцца і зрабіць усё згодна палітэсу.

– Ваша мосць пан Тызенгаўз, дазвольце прадставіць, гэта доктар Баўтрамей Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, мой былы аднакурснік, і ягоны сябар пан Пранціш Вырвіч…

– Харужы каралеўскай харугвы, ваша мосць, – удакладніў Вырвіч, спрытна адвесіўшы паклон.

Але позірк ягонай мосці Тызенгаўза засяродзіўся на прафесары, і неяк падазрона загарэўся.

– О, пан Лёднік! Прыемна пазнаёміцца з вашай мосцю… Чуў, што вы нядаўна былі ў Санкт-Пецярбурзе… Мелі аўдыенцыю ў яе вялікасці імператрыцы…

Усмешка прафесара была ветлівай, але Вырвіч мог прысягнуць, што за ёй хаваецца скрыгат зубоўны. Працуе “сарафанная пошта” ад палаца да палаца, сарокі ў кармазынавых жупанах стракочуць заўзята…

– Так, вашамосць, мне выпаў такі гонар.

Твар Лёдніка зрабіўся яшчэ больш фанабэрыстым. Тызенгаўз абмерыў вачыма постаць доктара, падобна, ацэньваў ягоныя Геркулесавы вартасці.

– Імператрыца чароўная жанчына, ці не так, ваша мосць?

Гэта была ўжо наўпростая правакацыя, і звычайны часовы фаварыт зараз жа пачаў бы хваліцца атрыманымі рэспектамі ды намякаць на сваю значнасць… Але прафесар толькі ветліва схіліў галаву.

– Яе імператарская мосць – уладарка вялікай краіны.

Антоній Тызенгаўз нейкі час вывучаў засяроджанае аблічча суразмоўцы, потым усміхнуўся нейкім сваім думкам, падхапіў Лёдніка, чыя стрыманасць яму, падобна, спадабалася, пад руку.

– Думаю, вы – менавіта той чалавек, які мне патрэбны, ваша мосць. Напэўна, да вас даходзілі чуткі, што я не чытаю кніг, таму што не хачу быць залежным ад чужой думкі. Але змест газет і часопісаў мне пераказвае сакратар. Мяне вельмі ўразілі вашы артыкулы пра неабходнасць медычнай адукацыі ў нашай краіне. Маю тут вельмі цікавыя планы… Пойдзем у маю ложу разам з вашым маладым сябрам, я тое-сёе з вамі неадкладна абмяркую.

Пфальцман застаўся стаяць у праходзе між крэслаў, злюшчы і натапыраны, як вожык, у якога варона здзяўбла з калючак спакусны яблык.

Так Вырвіч і Лёднік апынуліся ў ложы ўсемагутнага міністра фінансаў – а менавіта гэта і азначала пасада каралеўскага падскарбія. Варта было Тызенгаўзу заняць сваё месца, тут жа пачалося прадстаўленне.

Прыгасілі частку свечак, запалалі на сцэне паходні… Зноў было эфектнае з’яўленне егіпецкай прынцэсы з люстэрка, ад чаго ў аднаго маладога драгуна ледзь сэрца не выскачыла ад узрушэння. Пераліваўся вялізны крышталёвы шар, паказваючы карціны светлай будучыні Гарадзенскага краю і ўсяе Рэчы Паспалітай пад моцнаю рукою пана Антонія Тызенгаўза, каралеўскага падскарбія. Графіня Батыста расхаджвала па сцэне, упрыгожаная жывой змяюкай… А потым былі танцы на гарачых вуголлях, праўда, на гэты раз прынцэсу не змусілі дэманстраваць усім свае аголеныя ножкі, седзячы на крэсле, і прапаноўваць іх пакратаць – мусіць, у зале знаходзіліся пільнавальнікі сармацкіх нораваў, і Батыста вырашыў не рызыкаваць абвінавачваннямі ў распусце. Увогуле італьянец пазбягаў трукаў, якія нагадвалі вядзьмарства, думак не чытаў, таямнічых памаванняў рукамі пад злавесныя формулы не рабіў… Ды яшчэ час ад часу заклікаў на дапамогу святых Хрыстафора ды Антонія Падуанскага. Пра сваю кар’еру ў якасці егіпецкага жраца Тот-Амона таксама асабліва не распаўсюджваўся. Гэткі свецкі варыянт “прыстойнай” магіі, якая больш забаўляе, чым страшыць.

Скрыня для вуголляў была новая, на гэты раз круглай формы, і егіпецкая прынцэса слізгала па коле, гнуткая, прыўкрасная, як Мятлушка, а Пранціш Вырвіч з абміраннем сэрца сачыў за яе рухамі. Таму што ўжо ведаў, што хаця Міхалішыўна ўмее пазбягаць апёкаў, часам выстрэльвае які-небудзь вугалёк, і тады ўтвараюцца раны, а паказваць, што балюча, нельга. І драгуну здавалася, што вось да ножкі танцоркі прыпаў у згубным пацалунку агеньчык… І страшэнна злавала тая прага, з якой гледачы назіралі за відовішчам, асабліва позіркі мужчын, ад якіх на скуры артысткі быццам заставаліся сляды, як ад выпацканых у тлушчы пальцаў. А яшчэ Вырвіч ніяк не мог зразумець, заўважыла яго Міхалішыўна ў зале ці не, і кожны раз, калі яна паварочвалася ў ягоны бок, сэрца драгуна абрывалася. Каб не Лёднік, які час ад часу сярдзіта касавурыўся на падапечнага, дык Пранціш не вытрымаў бы ды пачаў як-небудзь падаваць актрысе знакі…

А прафесар між тым перагаворваўся з панам Антоніем Тызенгаўзам, і тое, што далятала да Пранціша, сведчыла: мара Лёдніка пра медычную акадэмію на Беларусі можа здзейсніцца!

Пан Антоній быў імклівы, амбіцыйны і ўсемагутны, яго не спынялі ніякія мяркуемыя цяжкасці. Тое, што вытваралі на сцэне маг з асістэнткай, пакідала яго абыякавым: вось каб там дэманстравалі дзеянне новага станка, больш уважлівага гледача не знайшлося б.

Падскарбій проста прапанаваў Лёдніку, без усялякіх нюансаў ды ўгавораў, скласці праект стварэння ў Гародні вышэйшай медычнай школы. Якія мусяць быць кафедры, якое абсталяванне, колькі студэнтаў, каго браць на вучобу… Ну і хто мог бы там выкладаць. Зразумела, Лёднік быў адным з галоўных кандыдатаў.

Бутрым дапамагчы згадзіўся, і адразу параіў запрасіць прафесара медыцыны з Каралеўскага Ліёнскага каледжу Жана Жылібера, з якім меў ліставанне і агульныя погляды на тое, якім мусіць быць медычнае навучанне і шпіталі, а ў іх не павінны хворыя валяцца на саломе, ці па трое на адным ложку, як паўсюдна здаралася.

Вырвічу нават прыйшло ў галаву, ці не лёс ім цяпер надоўга затрымацца ў Гародні?

Так што калі Батыста разлічваў уразіць фанабэрыстага доктара новымі штукарствамі, яму гэта не ўдалося, бо Лёднік прадстаўленне глядзеў у паўвока, адцягнуты сур’ёзнымі дзяржаўнымі размовамі. Толькі тады, як Міхалішыўна заспявала арыю Дыдоны, нават Тызенгаўз змоўк і ўтаропіўся на сцэну праз павелічальнае шкельца на ручцы са слановай косткі.

– Вось бы такую актрысу для майго тэатру… – прамармытаў ён, а гэта быў ужо амаль план дзеянняў.

А Вырвіча ажно да душы кожная нотка спеваў даставала… Гэх, нашто такі талент на фокусы траціць – няхай бы Раіна Міхалішыўна іграла проста ў оперы ці ў п’есе, гэта было б самае ўражлівае… Гэта было б мастацтва… А так – балаган, дзіцячы бой на палках-пальцатах, у якім змусілі браць удзел дарослага і знакамітага вайскаводцу.

Між тым прадстаўленне падыходзіла да канца. Хто хацеў, атрымалі прагнозы на паспяховую будучыню. Хто хацеў, налюбаваўся егіпецкай прынцэсай… Магі раскланяліся, і Вырвіч ажно падскокваў, каб хутчэй адправіцца з імі на спатканне. Дакладней, пабачыць Міхалішыўну. Ледзь дачакаўся, пакуль скончыцца цырымонія развітання з ягонай мосцю падскарбіем.

Цяпер з віленскім прафесарам раскланьваліся асабліва ветліва ўсе, хто бачыў, што ён сядзеў у адной ложы з гэткай важнай персонай і меў з ёй доўгую і змястоўную гутарку. Той-сёй, праўда, пазіраў зверавата, бо рэформы Тызенгаўза пачыналі выклікаць і сапраўднае шаленства, асабліва ягоныя рэвізіі каралеўскіх уладанняў ды правядзенне добрых дарог, якія часцяком праставалі праз шляхецкія землі, што лічыліся непарушнымі.

Пара Пфальцманаў расчынілася ў натоўпе, як цукар у кіпні. Асцярожлівы Якуб добра памятаў, чым заканчваюцца спатканні з былым аднакурснікам.

Але і тут для Вырвіча выпрабаванні не скончыліся. Лёднік, замест таго, каб нарэшце пайсці сустракацца з Батыстай, моцна ўхапіў Вырвіча пад руку і павалок некуды ў другую частку залы, спрытна слізгаючы між прыбраных гасцей, занятых свецкай гаворкай. І вось – невысокая пані ў старасвецкім багатым каптуры і строгай чорнай сукенцы, а побач з ёю танклявая дзяўчына з вялізнымі цёмнымі вачыма, рахманымі да наіўнасці. Ганулька Макавецкая з цёткай! Вось што Лёднік, апякун клапатлівы, утварыў…

Шчокі Пранціша запалалі, але чамусьці не ад радасці. Між тым пані Гартэнзія расцалавалася з Лёднікам, і драгуна доўга туліла да грудзей, той аж ледзь не зачхаўся ад моцнай саладкаватай парфумы з прысмакам лекаў. А Ганулька зачырванелася амаль да слёзаў, калі Пранціш пацалаваў яе халодную, як пралеска, ручку…

– Дай вам Бог здароўя, пан доктар, так вы мяне палекавалі, такія парады далі! Год таму я б да Гародні не дабралася.

Пані Гартэнзія падала знак, і лёкай спрытна паднёс ёй сінюю шкляніцу з нюхацельнай соллю. Пані некалькі разоў удыхнула пах лекаў, адкашлялася, прыкрываючы рот хустачкай.

– Але не, ваша мосць Лёднік, больш я на такія вядзьмарскія вечарыны не пайду! – рашуча заявіла пані. – Зусім свет сапсаваўся… Змеяў, гадаў сатанінскіх, абдымаць! А гэтая распусніца з голымі нагамі! Чаму ёй толькі пяты не падсмаліла?

Вырвіч ледзь стрымаўся, каб не заступіцца за Міхалішыўну.

– Але добра, хоць нагода надарылася дачушку ў свет вывезці. Мы спыніліся ў камяніцы насупраць Новага замку. Заўтра сходзім на імшу ў Фарны, а тады чакаем вас з панам Пранцішам, і разам адправімся ў Ляшчыны.

Пані Гартэнзія азірнулася на Пранціша і Ганульку, якія, здавалася, вялі ветлівую размову, і нейкі сумніў адбіўся на яе твары.

– Часам мая Ганулька нагадвае мне слуцкую князёўну, Сафію Алелькавіч, – прамовіла да Лёдніка пані Гартэнзія. – І абліччам, і рахманасцю сваёю, і дабрадзейнасцю… Княжна Сафія стала жонкай Януша Радзівіла, і напакутвалася, бедная. Бо хоць муж яе і кахаў напачатку, але ён быў ваяр, буяш, любіў тлум ды небяспечныя забавы. Нічога добрага не атрымліваецца, калі такія розныя натуры з’яднаць.

– Што ж, усё ў волі Божай, – сур’ёзна прамовіў Лёднік. – Я, як і вы Ганульцы, хачу толькі шчасця для гэтага маладога чалавека. А Гасподзь управіць, як належыць.

– Амін, – прагаварыла пані Гартэнзія.

Калі яны ішлі да фурманкі, каб нарэшце адправіцца да Батыстаў, Лёднік папытаўся Вырвіча, як прайшло спатканне з патэнцыйнай нявестай.

А Пранціш толькі мармытаў нешта няпэўнае. Ганулька яму падабалася, асабліва як чырванела ды трапятала перад ім, але пра што з ёй на гэты раз размаўляць, так і не прыдумаў. Вядома, паненка цікавілася, як здароў’е пана Вырвіча, ці зажыла ягоная рана… Пранціш, у сваю чаргу, пытаўся, як здароўе цётухны… Здаецца, у драгуна заўсёды быў язык добра падвешаны ў куртуазных справах, любую кабету мог загаварыць, забалбатаць, хоць карчмарку, хоць магнатку. Вунь перад князёўнай Багіскай якія вензеля плёў. Але ж тут– будучая жонка, тут мянціць абы што не станеш, тым болей яна такая сціплюсенькая… Пранціш такіх звычайна пазбягаў. Гэтай не пачнеш, як пан Рысь, абцасы адстрэльваць, бо памрэ ад страху, небарака.

Што ж, многія пачыналі сямейнае жыццё з яшчэ меншага, нават не бачылі абліччаў адно аднаго. Драгун у іхнім палку хваліўся, што, як ажаніўся, з жонкай за пяць гадоў ні разу не пагаварыў болей хвіліны. А што з белагаловай размаўляць? Яе справа – загады мужа выконваць ды ў ложак класціся.

А вось і дом вандроўных артыстаў. З фурманкі доктар выйшаў з цяжкой валізай і самай суровай фізіяноміяй, быццам збіраўся лекаваць складаную хваробу. Пранціш нервова прыгладзіў па-ранейшаму русявы чуб…

Батыста сустрэў гасцей у пакоі, асветленым трыма свечкамі ў кандэлябры, ад чаго вечаровыя цені клаліся густа, як масла на лусту пасля посту. Вырвіч ледзь не замыкаў ад расчаравання, калі не пабачыў Міхалішыўны. Дзе яна, што з ёю?

Але вось паказалася танклявая фігурка, наблізілася да згаслага каміну, на якім стаў кандэлябр, і шчыпчыкамі для нагару падправіла свечкі… Падалося, ці не, што ў пакоі адразу стала светла? Міхалішыўна нарэшце падняла вочы на драгуна, усміхнулася куточкамі вуснаў… Здаецца, яе трагічны твар трошкі абсунуўся…

Лёднік між тым абменьваўся з Батыстай рытуальнымі ветлівымі фразамі, потым усеўся з магам за столік. Вырвіч бачыў, што доктар дастаў складзены ў чатыры столкі пажаўцелы ліст, які Батыста схапіў прагна і тут жа спаліў на свечцы, попел расцёр па каміннай дошцы і садзьмуў…

Пазбавіўся, нарэшце, ад доказаў свайго злачыства. Тады пачаў скандаліць наконт знятай з ліста копіі, якую яму хацелася таксама неадкладна спаліць.

А потым разгарэлася гарачая дыскусія наконт новых трукаў, паказаных магам не ў апошнюю чаргу ў разліку ўразіць суперніка.

Вырвіч скарыстаўся момантам і адвёў Міхалішыўну падалей ад разгарачаных алхімікаў і магаў у самы далёкі і цёмны кут.

– Як ты, Раіна? Ён цябе не крыўдзіць?

Міхалішыўна сумна пахітала галавой.

– Крыўда – паняцце адноснае, пан Вырвіч. Кагось можа смяротна пакрыўдзіць недастаткова нізкі паклон, а другі нават удар бізуна ўважае за “добры дзень”. Не, мяне цяпер не крыўдзяць… Батыста трохі напалоханы ўсімі гэтымі палітычнымі інтрыгамі і хоча вярнуцца ў Італію. Кажа, што ажэніцца са мной, купім добры дом у яго роднай Таскане, вінаграднікі… Апрану каптур і буду гаспадарыць, пералічваць куфры і бочкі з віном. А вы як, пан Вырвіч? Якія планы?

Міхалішыўна гаварыла сумна і проста, як паведамляла, што на вуліцы снег. У Пранціша ажно зайшлося сэрца.

– Я таксама жанюся… – вымавіў ён, таму што змаўчаць было ганебна. – Добрую нявесту мне знайшлі, багатую… Вайсковую службу кіну…

Актрыса толькі ўсміхнулася, празрыста-зялёныя вочы не напоўніліся бескарыснымі слязьмі.

– Рада за вас, пан Вырвіч. Мне будзе прыемна думаць, што дзесьці вы ў бяспецы і шчаслівы. Гэтае ўсведамленне… самае дарагое, што ў мяне застанецца.

Яна стаяла перад ім, танклявая і моцная, як лазінка, і проста лёгенька правяла пальцам па шчацэ пана, амаль не дакранаючыся, нібыта хацела найлепей запомніць ягоныя рысы…

І тут Вырвіч збурыўся, як маладое піва. Вогненны тэмперамент, з’яднаўшыся з імклівай вадой, якая, па сцвярджэнні Лёдніка, у характары драгуна таксама прысутнічала, даў такую выбуховую сумесь, што не толькі жалезную пфальцманаву чарапаху змусіла б скрануцца з месца, але й цэлую гару зруйнавала б. Пранціш схапіў Раіну за плечы:

– А са мной хацела б быць?

Вусны дзяўчыны ўздрыгнулі.

– Гэта немагчыма, пан Вырвіч. Батыста мяне не прадасць.

– Ну і кадук з ім!

Драгун азірнуўся. Магі сядзелі насупраць адно аднаго, выскаліўшыся, як два ваўкі над адным кавалкам мяса. Раптам Лёднік выкінуў руку ў бок каміну, і свечкі на ім згаслі.

Налаўчыўся ўсё-ткі, вось упарты! Саламінай сцяну прадзяўбе, калі заманецца. Батыста напружыўся…

Падобна, паны магі ў бліжэйшы час будуць грунтоўна занятыя.

Вырвіч вывеў Міхалішыўну ў калідор між жылымі пакоямі, які заканчваўся вакном-эркерам. У святле ліхтара, да якога на вуліцы падляталі снежныя пчолы, афарбоўваючыся ў мядзяны колер, Пранціш зазірнуў у зялёныя спалоханыя вочы.

– Пойдзеш са мной?

– Пайду! – дзяўчына нават на імгненне не прамарудзіла, быццам адказ быў гатовы раней, чым прагучала пытанне.

Пранціш прагна прыпаў да яе вуснаў, потым змусіў сябе адарвацца, хаця галава знаёма круцілася. Amantes sunt amentes. (Закаханыя – гэта вар’яты – лац.)

– Тады бяжым! Зараз жа!

І зноў яна нават не перапытала, куды бегчы, навошта… Не згадала, што трэба штосьці з сабой прыхапіць. І ён ведаў, што яна сапраўды пойдзе за ім паўсюль, і вытрымае ўсё, і нічога не папросіць… Асаблівага плану ў драгуна не было, ён ведаў адно: ён мусіць забраць гэтую дзяўчыну з сабой зараз жа і ніколі не адпускаць. Можна рушыць у Падняводдзе. Дамок там стаіць, зямлю ў арэнду здалі, а хата пустуе.

Пранціш зняў з сябе кунтуш, захутаў дачку крывіцкага паўстанца і ірвануў раму вакна… І хаця яно было зачыненае наглуха, пад націскам распаленага драгуна дасталася з праёму, як рамка з вулею.

Вырвіч ужо адной нагой стаў на падваконне, калі ў калідор забег раз’ятраны Лёднік:

– Стой, блазнюк! Што ты творыш!

– Бутрым, не мяшайся! – крыкнуў Пранціш, але Лёднік ужо агаліў шаблю і адным скачком апынуўся ля вакна.

– Пану цацак мала? – доктар быў угневаны, як ніколі. – Карчмарак паціскаў, цяпер артыстку захацелася?

Вырвіч выхапіў шаблю.

– Я з ёй ажанюся! Сёння ж абвянчаемся!

У калідоры паказаўся Батыста, які, аднак, умешвацца не стаў, бо туды, дзе блішчаць шаблі, набліжацца не любіў. Проста скрыжаваў на грудзях рукі і перадаверыў разбірацца са сваім вучнем віленскаму прафесару. Лёднік крыва пасміхнуўся.

– Жаніцца, значыць, сабраўся? А як жа Ганулька Макавецкая?

– Я яе не люблю!

Пранціш упарта нахіліў галаву, трымаючы шаблю напагатове.

– А гэтую актрысу, прыгонную, між іншым, з прыгажосці якой скарысталіся шмат разоў, хто хацеў, любіш? Прабач, не веру. Проста пабачыў чужую прыгожую забаўку і захацеў прыўлашчыць.

Міхалішыўна вінавата апусціла галаву, яе вусны дрыжэлі. Пранціш наставіў на Лёдніка лязо.

– Я яе кахаю! Яна вінаватая ў тым, што з ёй адбылося, не больш, чым ты, разумнік, калі ў рабстве быў! Яна чысцей за цябе! Дай сысці!

– А ты яе спытаўся, можа, яна проста ад гора гатовая збегчы з кім заўгодна? А актрыса яна выбітная. Сыграе любую любоўную пакуту…

Пранціш, схаладнеўшы, кінуў позірк на Раіну, у яе вачах стаялі слёзы.

– Мія кара, заканчвай з гэтым жаўтадзюбікам. Пацешылася, і хопіць, – голас Батысты быў вальяжна-насмешны. – А то зараз увесь дом выстудзіш. Не выспімся, а нам з’язджаць рана…

Лёднік выпрабавальна глядзеў на Раіну. Тая смела сустрэлася з ім вачыма.

– Я не прыкідваюся. Я гатовая быць пакаёўкай пана Вырвіча, чорную работу рабіць, абы з ім…

– Ты будзеш пані Вырвіч, альбо я ўвесь свет нашаткую! – заявіў Пранціш, і адчуваў у сабе сілы здзейсніць пагрозу. – Без цябе мне нічога не трэба, нават самога жыцця! Усё, што маю, прадам, калі спатрэбіцца, а цябе выкуплю!

– Не гаварыце так, пан Пранціш… – па шчоках Міхалішыўны каціліся слёзы ўжо ручаямі.

– Хопіць разыгрываць сцэну з Рамэа і Юліі…– незадаволена кінуў Батыста. – Доктар, ды ўтаймуйце вы ўжо свайго маладога сябра!

– І праўда, хопіць драмы… – прагаварыў Лёднік, і Пранціш ускінуў шаблю.

– І ты будзеш біцца са мной, блазнюк? За прыхамаць, якая прынясе ўсім толькі гора? – Лёднік пакруціў шабляй, як бы лёгенька, але лязо са свістам разрэзала паветра. – У цябе ўсё роўна ніякіх шанцаў супраць мяне, сам ведаеш…

– Ведаю… Але буду біцца! – Пранціш пільна сачыў за кожным рухам доктара. – І калі ты мяне не заб’еш зараз – я ўсё роўна вярнуся за Раінай!

– І пану не будзе сорамна, што ажаніўся з мужычкай? Ты ж пра князёўну, між іншым, марыў, – здзекваўся доктар.

– Вось я яе і знайшоў, – упарта прагаварыў Пранціш, не зважаючы на шчыры рогат Батысты. – Давай, Бутрым, не марудзь! Альбо адпусці нас, альбо давай біцца!

Міхалішыўна дрыжэла, пазіраючы з адчаем на адкрытае вакно… Але доктар схаваў шаблю ў ножны і пахмура кіўнуў у бок другога канца калідора.

– Пазнаю пана Вырвіча. Ні плана ніякага, ні разумных дзеянняў… Выбухнуць, кінуць, рынуць, і хоць трава не расці… Пайшлі ў залу, дамовімся па-даросламу. Слова даю, трымаць вас больш не стану, захочаце – сыдзеце. Acta est fabula. (П’еса адыграная – лац.)

Вырвіч змрочна паглядзеў на Лёдніка, але шаблю хаваць не стаў, абняў левай рукой Раіну і павёў услед за доктарам і Батыстам.

Свечы свяцілі яшчэ больш цьмяна, быццам іх абразіла магічнае загашэнне.

– Ну што, пан егіпецкі жрэц, колькі вы хочаце за вашу асістэнтку? – стамлёна прагаварыў Лёднік. Батыста раззлаваўся.

– Ды я за яе ў свой час пяцьсот дукатаў адваліў! А колькі ўклаў у ейнае навучанне, каб адшліфаваць гэты талент! Ды цана найменш удвая ўзрасла!

– Значыць, тысяча дукатаў…—задумліва прамовіў Лёднік, адчыніў валізу і раптам кінуў на стол цяжкі мяшок.

– Пералічыце і давайце сюды паперы…

Пранціш разгубіўся: адкуль у доктара з сабою такое багацце?

А Батысту як вада з гусі.

– Грошы немалыя… Але з дапамогай графіні Батысты я магу зарабіць яшчэ больш. Да таго ж, пан Лёднік, вы не думаеце, што ў мяне могуць быць свае сардэчныя схільнасці? Я ажаніцца са сваёй прыгажунькай сабраўся… Ужо столькі гадоў разам, у адным ложку, пачуцці правераныя… Лепшую наўрад знайду.

– Знайдзі хаця б тую, якую ванітаваць ад тваіх дотыкаў не будзе! – выкрыкнула Міхалішыўна, і Батыста злосна прыжмурыўся. Цяпер ясна, калі Раіна застанецца ў гэтым доме, яе чакае самае суровае пакаранне. І Пранціш вырашыў біцца да апошняга…

– Значыць, тысячы дукатаў пану за ягоную асістэнтку мала… – задумліва прагаварыў Лёднік.

– Запэўніваю, у вас ніякіх грошай не хопіць! – насмешна пацвердзіў Батыста. – А паводле закону, калі звезяце маю маёмасць, я заўтра ж падам у суд, і дзеўку мне вернуць з жаўнерамі, а вы сядзеце ў вязніцу.

Лёднік на насмешкі італьянца ўвагі не звярнуў, зноў палез у валізу і дастаў знаёмы квадратны куфэрак, абцягнуты пунсовым аксамітам, адчыніў.

– Карона вульгарыс, звычайная, трохі памятая, але пазнавальная, арнамент друідычны…

Пакуль Лёднік блазнаваў, Батыста ажно ўсякую раўнавагу страціў, ягоны рот ледзь сліну не пускаў, а рукі самі цягнуліся да рэліквіі, як у прапойцы да кварты.

– Адкуль… – прахрыпеў ён.

– Шпегі вашы слаба працуць, – усміхнуўся Лёднік. – Усё законна, падарунак яе вялікасці імператрыцы.

– А, – саркастычная здагадка з дамешкам зайздрасці мільганула ў шэрых, шырока расстаўленых вачах мага. – Плата за палкую ноч… А я думаю, чаму ваша мосць дасюль не генерал і не ўладальнік вялікіх маёнткаў, яе вялікасць шчодрая да фаварытаў. А вы вось што атрымалі…

– А пан Манчыні, трэба разумець, са свечкай каля мяне ў тую ноч стаяў, каб у фаварыты запісаць. У любым выпадку, я не бяру платы за каханне, – халодна прагаварыў Лёднік. – А гэта – так, сувенір, забаўка напамяць… Магу прапанаваць як дадатак за выкуп вашай асістэнткі.

Батыста перавёў позірк на Міхалішыўну, якая ўхапілася за Пранціша, як той, хто патанае, за човен.

– Жанчын час ад часу трэба мяняць… Тым болей такіх, якія могуць цябе нажом пырнуць. Не паверыце, пан Пранціш – спрабавала, і не раз. Добра, пан Лёднік, пагодзімся…

Папера на куплю-продаж актрысы Раіны Міхалішыўны была падпісаная ў прысутнасці сведкаў, прыведзеных прыслугай з бліжэйшай карчмы, дзе заўсёды аціраліся “юрысты з палестры”. Потым Пранціш Вырвіч засведчыў, што адпускае сваю набытую кметку Міхалішыўну на волю, на што таксама была складзеная адпаведная папера.

– Калі яшчэ адзін чалавек у гэтым свеце выходзіць са стану рабства, свет робіцца на прыступку вышэй да неба, – задаволена прамовіў Лёднік. – Бывайце, пан Батыста! Паслухайцеся маёй парады: едзьце ў Ангельшчыну! Карона святога Альфрэда – рэч не простая, бачыце, як гаспадароў мяняе… Проста як валан у гульні. Магчыма, сапраўднае месца ёй толькі на радзіме, у скарбніцы ангельскіх каралёў. Да таго ж, там вам заплоцяць даражэй за ўсё. Кароль Георг неадменна захоча пакрасавацца перад сваім бунтоўным народам у кароне, якую насіў святы Эдуард Спаведнік, ды ўцерці нос вігам.

– Слушная парада, прафесар, – усміхнуўся маг, прыціскаючы абедзьвума рукамі да сябе куфэрак, як вясельны каравай. – Шчыра спадзяюся больш з вамі не сустрэцца.

Перавёў позірк на Міхалішыўну.

– А ты, мія кара, заўсёды можаш вярнуцца, калі надакучыць засцянковае жыццё і засумуеш па вялікіх сцэнах ды ўвазе каранаваных асобаў.

– Хутчэй памру! – з нянавісцю прамовіла Раіна, і госці сышлі з дому, асветленага чужым золатам і цьмянымі свечкамі.

У фурманцы Пранціш, тулячы да сябе Міхалішыўну, падняў на Лёдніка шчаслівы твар.

– Ты ж з самага пачатку гэта задумаў, Бутрым! Яшчэ ў Вільні! Грошы ўзяў, карону… Выпрабаваць мяне вырашыў?

Аблічча Лёдніка было задаволеным, як пасля дыспуту, на якім удалося ўсіх апанентаў абвергнуць.

– З табою нешта задумаеш… Хіба я мог уявіць, што ты ў вакно станеш з дзеўкай сігаць? А з’ясаваць трэба было. Ты сам мне казаў, што не ведаеш, чаго хочаш. І заставаўся варыянт, што высакародны пан Вырвіч выбера не прыгонную актрысу, а панну Макавецкую.

– І што тады? – насцярожана папытаўся Пранціш.

– Тады я проста выкупіў бы ў Батысты панну Раіну і ўладкаваў яе дзесь згодна ейнаму жаданню. На такіх актрыс у Еўропе попыт вялікі.

– Дзякую, пан Лёднік… – ціха прагаварыла Міхалішыўна, у яе вачах было столькі ўдзячнасці, што доктару стала няёмка.

– Мяне самога куплялі і прадавалі, – нагадаў ён.

Вырвіч крануў вуснамі фарбаваныя басмай валасы каханай, якім абавязкова павінен вярнуцца першапачатковы русявы колер:

– Я не буду замыкаць яе ў хаце. Яна зможа выступаць на сцэне…

Лёднік скептычна паглядзеў на маладзейшага сябра.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации