Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 18 страниц)
Праз нейкі час лёкай вярнуўся, запатрабаваў, каб госці назваліся, і знік зноў. На гэты раз чаканне было карацейшым: дзверы расчыніліся, і слуга з нізкім паклонам запрасіў вельмішаноўных паноў Баўтрамея Лёдніка і Пранціша Вырвіча да пані Гартэнзіі Гадлеўскай.
У доме пахла чымсьці агідна-салодкім і ёлкім… Лёднік прынюхаўся і шапнуў Пранцішу:
– Пазнаеш, што за лекі?
Вырвіч паціснуў плячыма: навука лекарская даўно выпарылася з галавы, чаго Лёднік чапляецца – часам і Гамер дрэмле, аliquando dormitat Homerus.
– Ад лёгачных хваробаў…
Зараз жа і высветлілася, хто хворы. Пані Гадлеўская з Макавецкіх, невысокая, кругленькая, з разумнымі цёмнымі вачыма, адкінуўшыся ў мяккім фатэлі, накрытым дарагой цюленевай скурай, пацягвала з парцалянавага кубка маленькімі глыточкамі вохкі настой. На шчоках пані гарэў нездаровы румянак, хаця твар быў старанна напудраны. У куце дыміліся зёлкі ў металёвым прыстасаванні на ножках, што нагадвала японскую пагаду з падручніка па геаграфіі.
Але пані ніяк нельга было назваць кволай альбо недалужнай. Адразу відаць – не з тых, хто, захварэўшы, стогне, жаліцца ды з ложка не вылазіць. Апранутая ў багатую сукню з чорнага аксаміту з устаўкамі з галандскіх карункаў, на галаве – каптур, таксама з карункамі і жаўтлявымі атласнымі стужкамі, рукі ў пярсцёнках, пагляд цвёрды – у крыўду не дасць ні сябе, ні падданых. Хоць зараз парадны партрэт пішы.
– Вашыя мосці пыталіся пра Ганну Макавецкую? Навошта яна вам патрэбная?
Пранціш пакланіўся:
– Маю выканаць даручэнне, перадаць панне каштоўны падарунак ад яе былой гаспадыні, княжны Паланэі Багінскай.
І паказаў куфэрачак.
Пані Гадлеўская гнеўна падціснула вусны.
– Нам нічога не трэба ад Багінскіх! Адкупіцца ўздумала падшыванка Паланэя. Дзякуй Богу, у Ганулькі цяпер няма патрэбы ў чужых падачках! Можаце пакінуць гэта сабе, панове, якія б скарбы там ні хаваліся, альбо аддайце на кляштар. Дзякую за клопаты, але думаю, на гэтым місія вашых мосцяў завершаная.
Пані адвярнулася, што трэба было разумець як канец візіту. Пранціш разгублена трымаў куфэрак, раздумваючы, ці не паказаць ягонае змесціва – не можа быць, каб бляск дыяментаў не зрабіў уражання! Але тут пачуўся спакойны дзявочы галасок:
– Не праганяйце гэтых людзей, цётачка. Гэта мае старыя знаёмыя.
У пакой зайшла Ганна Макавецкая. Але зусім не такая, якой чакаў яе ўбачыць Пранціш. Апранутая, як магнатка, на шыі і ў вушах дыяменты не драбнейшыя, чым у куфэрку Багінскай. Постаць ганарыстая, цёмныя вялікія вочы не патупленыя… Хаця ўсё гэтак жа рахманыя.
Ганулька падыйшла да старой, пацалавала ў шчаку – пані ласкава паглядзела на дзяўчыну.
– Я ж распавядала вам пра пана Пранціша Вырвіча, цётачка, – сказала Ганулька. – А гэта – доктар Баўтрамей Лёднік, вялікі вучоны, папрасіце, каб ён вас агледзеў. А раптам дапаможа…
Пані падазрона зіркнула на драгуна, не менш падазрона на лекара:
– Добра, дачушка. Калі ты за іх просіш, няхай застаюцца, павячэраюць з намі…
Лёднік ступіў наперад:
– Перапрашаем пані, але, на жаль, доўга затрымлівацца не можам – да ночы павіны з’ехаць. Таму хацеў бы прапанаваць свае паслугі, не адкладаючы. Я – прафесар Віленскай акадэміі, дыпламаваны доктар, лячыў многіх вядомых асобаў.
– І вялікага гетмана таксама! – уставіў Пранціш, які зразумеў, што Лёднік хоча даць маладому сябру магчымасць застацца сам-насам з паненкай.
Гартэнзія Гадлеўская сумна паківала галавой.
– Наўрад мне дапаможа нават самы лепшы доктар. Усё ў волі Божай. У мяне адно пытанне: чаму паны так доўга чакалі, каб знайсці Ганульку? Беднаму дзіцяці давялося прайсці праз страшныя выпрабаванні, і нікому не было да яе справы.
Госці апусцілі вочы, Пранціш горка ўздыхнуў:
– Паверце, каб мы толькі ведалі, што паненка Макавецкая ў бядзе, неадкладна кінуліся б на выручку! Да нас толькі нядаўна дайшоў ліст ад князёўны Багінскай з просьбай даведацца пра лёс яе камерысткі і перадаць ёй на пасаг каштоўнасці…
Пранціш адчыніў куфэрак, прадэманстраваўшы, як пабліскваюць маністы і бранзалеты, быццам раса на лузе сонечным ранкам. Але Ганулька засталася абыякавай, а пані Гадлеўская раззлавалася зноў, аж заперхала, і лёкай адразу ж паднёс ёй сінюю бутэлечку з нюхацельнай соллю. Пані некалькі разоў уцягнула вохкі пах лекаў.
– Яшчэ раз гавару – Ганульцы падачкі не патрэбныя! Бог паслаў мне ў маёй самотнай старасці анёла – я ўдачарыла Ганну, і ўсё, што вы навокал бачыце, і яшчэ пяць вёсак, і дзве мануфактуры, і лес, і шмат чаго іншага будзе належаць ёй. Не давядзецца беднаму дзіцяці больш ніколі пакутваць з-за распусных гаспадароў. Яна цяпер – адна з самых зайздросных нявестаў у Кароне, і я паклапачуся пра яе будучыню і не дам скрыўдзіць нікому.
– Цётачка, пан Вырвіч мяне не скрыўдзіць, – прагаварыла Макавецкая, пачырванеўшы. І Гадлеўская, сурова зірнуўшы на Пранціша, дазволіла доктару праводзіць сябе ў спальны пакой дзеля кансультацыі.
Пранціш не ведаў, як паводзіцца ў новых варунках, але Ганна сама падыйшла да яго, нясмела ўсміхнулася.
– А я вось усё думала, як адбудзецца наша сустрэча. Я ж мала што ведаю… З размоў паны Паланэі толькі і пачула, што вы і пан Баўтрамей выпраўляецеся далёка за мора, у небяспечную вандроўку, і панна хоча ехаць з вамі. А куды, навошта – не гаварыла.
Пранціш, трошкі асмялеўшы, прыняў куртуазную паставу, грацыёзна схіліўшыся ў бок дамы.
– Панна Багінская сапраўды ездзіла з намі – ажно ў Ангельшчыну. І прыгодаў мы перажылі шмат… І збіралася яна вяртацца, але здарылася з ёю вялікае каханне – і яны з панам Гервасіем Агалінскім, нашым спадарожнікам, пашлюбаваліся і з’ехалі ў Амерыку насуперак волі найяснейшага брата панны Багінскай. Цяпер дзіця гадуюць.
Пранціш ледзь стрымаў уздых. Нялёгка вось так нязмушана распавядаць, як твая каханая знайшла шчасце з іншым. Асабліва таму, хто пасвечаны ў гісторыю тваіх заляцанняў. Шчокі Ганны трохі паружавелі, яна кінула на драгуна цікаўны пагляд.
– А як жа вы, пан Вырвіч? Вы ж…
– Я аддана служыў панне Багінскай, – Вырвіч пастараўся гаварыць як мага больш весела. – І рады, што яна шчаслівая. А я атрымаў дыплом Віленскай акадэміі, званне доктара навук філасофскіх, потым стаў падхаружым коннага рэгіменту вялікай булавы. Там і цяпер служу… Самотны, але вольны, як вецер.
Вочы панны радасна бліснулі пры звестцы, што Вырвіч болей не ёсць кавалерам какеткі Паланэі… І Пранціш зразумеў: няхай панна стала багатай нявестай, не роўня шарачку, няхай навучылася трымацца, як належыць радавітай даме, але сэрца яе ўсё яшчэ належыць беднаму драгуну…
Худаваты тварык Ганулькі падаваўся сумным, вочы цёмныя, вялікія, з доўгімі чорнымі вейкамі, яркія вусны маленькія, скура белая… “Ды яна ж прыгожанькая!”– нарэшце прыйшло ў галаву Вырвічу, бо натура чалавечая такая, што ў рысах багатай спадчынніцы заўсёды можна лёгка разгледзець прыгажосць, якая была надзейна схаваная ў абліччы сціплай прыслугі. Пранціш узяў кволую ручку панны, як азяблае птушаня.
– Давайце ж, як старыя сябры, раскажам адзін аднаму, што адбылося за гэтыя гады…
Што-што, а красамоўна расказваць Вырвіч умеў. І як яны з Лёднікам жылі на праклятым млыне, і як Пранціш сапраўднага цмока забіў, і як на караблі плылі, ледзь не патапіліся… Распавяла трохі і Ганулька. Найміт Багінскіх Герман Ватман прыязджаў у кляштар, прывёз з сабой пані Саламею. А потым захацеў пабачыць панну Багінскую, якая мусіла перад заручынамі замольваць у кляштары грахі – а пабачыў ейную камерыстку. Тады шум яшчэ не паднялі, Ватман дамовіўся з ігуменняй, і Ганульцы толькі забаранілі выходзіць з келлі. Але ішоў час, панна Багінская ўсё не з’яўлялася, і калі ігуменні паведамілі, што і не з’явіцца, і абяцанай шчодрай узнагароды за тое, што прымала пад яе імем іншую, не дачакацца – і пачаліся Ганульчыны пакуты…
Дым ад зёлак віўся ў паветры пакоя, нібыта таньчылі змейкі, падобныя ўплеценым у парык графіні Батысты. Лёднік кансультаваў гаспадыню Ляшчынаў, мусіць, цэлую гадзіну. Відаць, нагаварыліся пра ўсё – таму што на вячэры пані Гартэнзія паглядала на маладога госця больш прыхільна, а ўжо на доктара – як на даўняга сябра.
– Мне б толькі паспець выдаць маю дачушку замуж! – абвесціла пані, змусіўшы Ганульку пачырванець, а Пранціша адчуць у сэрцы балючы ўкол рэўнасці. – Засталося пажыць няшмат, доктар Лёднік пацвердзіць… А пакідаць Ганульку без абароны нельга. Яна ж не з тых бессаромніц, што носяць сукенкі, у якіх грудзі аголеныя, ды ўжываюць бялілы, чарнілы, чырванілы ды блакітнілы, даруй, Госпадзе. Я ўжо і сватала ёй добрых людзей… З адным ледзь не зладзілася. Пан Ладыслаў, сын суседа, адзіны ў бацькоў, і гожы, як Апалон, і паводзінаў самых прыстойных, пачцівы, ціхмяны, слова рэзкага не скажа. Але, вядома, выбіраць будзе Ганулька. Бо ў дзяўчыны могуць быць свае сардэчныя схільнасці…
Пані кінула шматзначны позірк на Пранціша, так, што той ледзь не задушыўся кавалкам качаціны з імбірнай падлівай. Няўжо ў яго, загоннага шляхцюка з Падняводдзя, ёсць шанец?
Лёднік зараз жа ўкінуў свае тры шэлегі ў скарбонку.
– Сёння рэдка сярод маладых людзей сустрэнеш чалавека добрага і сумленнага. Я вось ужо колькі гадоў ведаю пана падхаружага Вырвіча – і не расчараваўся ў ім. Род у пана знакаміты – Вырвічы з Падняводдзя гербу Гіпацэнтаўр, ад самога Палямона. Гонар свой пан абараняць умее. Чалавек надзейны, верны. Бо столькі спакусаў у гэтым свеце, і толькі моцны духам, добры хрысціянін іх адпрэчыць.
Пранціш вушам не верыў. Лёднік што, яго сватае? Заўсёды насмешнічаў над абагаўленнем радаводаў і пошукам міфічных продкаў, а тут сам пра Палямона завёў. Цноты Вырвіча ўхваляе, якога ў студэнцкія часы колькі разоў у карцэр садзіў за пракуды.
Ганулька чырванела і пільна разглядала небагатае змесціва сваёй талеркі. Пані Гартэнзія ўздыхнула.
– Сапсаваўся свет, праўду кажа ваша мосць. На змену залатому веку надыйшоў жалезны. Нават святое права ліберум вета абмяжоўваюць! Мой муж-нябожчык, хай яму на тым свеце шчасна будзе, быў узорам сармацкіх цнотаў. Ён служыў у судзе, пачаў з падсудка, потым стаў суддзёю, нястомнай працай і справядлівасцю заслужыў пашану, а рупнасцю памножыў багацце. Ажаніўся ён у сорак гадоў, а да гэтага з белагаловымі і не размаўляў. Нават мяне да шлюбу толькі два разы кароткі час бачыў, побач з маімі бацькамі. І такога чалавека аднойчы ў бездань ледзь не заманілі.
Пані перажагналася, завёўшы вочы ўгору, нібыта са столі на яе паглядаў нябожчык-муж, пацверджваючы кожнае прачулае слова.
– З’явіўся ў магістраце саслужывец, распусны малады чалавек, нічога святога. І вось папрасіў ён майго будучага мужа і ягонага сябра, такога ж годнага і цнатлівага чалавека, памагчы беднай удаве з двума дочкамі, якія прыехалі ў Гародню, каб вырашыць складаную справу пра спадчыну. А калі муж з сябрам, поўныя дабрачынных намераў, прыйшлі да тых кабетаў, аказалася, гэта жанчыны непачцівыя, гасцей апаілі нейкай дрэнню… Прачнуўся мой бедны Нічыпор уранку без кашалька, у пустым доме на ўскрайку места, ды яшчэ з адчуваннем ганьбы… Той паскуднік, які іх заманіў у логвішча граху, бо зайздросціў іхняй чысціні, знік разам з грэшніцамі, якім – мой муж абавязкова б дабіўся – адрэзалі бы паводле Статута вушы і насы на рынкавым пляцы. І вось прыйшоў Нічыпор з сябрам у магістрат… І такі жаль на іх напаў, так мучыла пакута, што давай яны плакаць ды маліцца, кленчачы… А тады сябар і кажа: “Мусім мы сплаціць за свой грэх. Давай, браце Нічыпор, вазьмі бізун і адмер мне пяцьдзесят удараў, не шкадуючы”. Што мой муж і зрабіў, а потым і сам лёг, каб тое ж пакаранне атрымаць. Тады лягчэй абаім на душы сталася. Вось так даўней сармацкія звычаі захоўвалі!
Пані аж расчулілася ад аповеду, выцерла насоўкай слёзы. А Пранціш падчас ейнай павучальнай гісторыі ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць. Вось жа святошы тыя юрысты! З прыгожымі паненкамі ў адным пакоі пабылі, і потым ад жаху абрыдаліся, ды яшчэ адзін аднаго адсцябалі. А можа, нябожчык Нічыпор усё-ткі не ўсе падрабязнасці жоначцы расказаў, ці моцна прыкрасіў аповед? Але Вырвіч пастараўся надаць сабе самы прыстойны выраз – асабліва пад пагрозным паглядам Лёдніка, які выдатна памятаў сумніўныя подзьвігі Пранціша на куртуазным полі.
Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць – бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?
Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе – і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.
Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам – гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.
Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя – віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:
– Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!
Памаўчаў і дадаў:
– І беднай Раіне Міхалішыўне галаву не тлумі. Яна, як пабітае кацяня, да цябе прывяжацца, а ты з ёй толькі пагуляцца можаш. А ёй і так па жыцці дастаецца. Я ведаю, як гэта, бо сам быў рабом. Калі надзяваюць ашыйнік на чалавека, які ўмее мысліць і ствараць, і дакрануўся да мудрасці асветы, і адчувае, што такое годнасць – гэта часам горш за смерць. І яшчэ адна здрада можа стаць тым каменем, пасля якога і без таго перапоўнены човен апусціцца на дно безнадзейнасці назаўсёды. І не ўздумай пра сваё жаніхоўства нават рэкнуць. Ты ж павінен падавацца закаханым у графіню Батысту…
Пранціш разумеў, што Лёднік мае рацыю. І нічога супраць Ганулькі Макавецкай не меў. Але чагось не хапала, каб п’янкое шчасце ўдарыла ў галаву, як шампанскае, каб не карцела паспрабаваць якіх іншых сцежак-дарожак. А на адной з тых дарожак свяціліся празрыста-зялёныя вочы Раіны Міхалішыўны, на другой – блакітныя гарэзныя вочы Паланэі Багінскай… Дый карчмарку Рыўку з Вільні не хацелася зусім занядбаць… А давядзецца. А можа, на якойсьці са сцежак на Пранціша Вырвіча прыхільна зірнуць вочы яшчэ не сустрэтай каралеўны?
– Рамантыка з дурной галавы не выветрылася, – паставіў дыягназ Лёднік. – Зразумей, век не будзеш у вокны паненак шастаць ды ў карчмарак на дурніцу піва выпрошваць. А паколькі двойчы з адной кветкі яблык не выспее, не дапусці, каб хто іншы яго сарваў. Бо пані Гадлеўская прызналася, што да наступных Пакроваў збіраецца Ганульку выдаць замуж, і слова ў яе ўзяла на гэта. Той сусед пан Ладыслаў не такі ўжо багатай нявесце брыдкі.
Вырвіч зноў атрымаў укол у сэрца – а гэта на пачуцці дзейнічае, як падзьмуць на чырвоныя вуглі, – і дэкляраваў урачыста, што ён не дурны, і шчасця не ўпусціць. Вернецца да Ганулькі Макавецкай, толькі вось адправяць Шрэдэра за мора.
У маёнтку, куды прывёз іх Шрэдэр, было цёмна і ціха, як на дне марскім – дзіва што, ноч на двары. Загасцяваліся драгун з былым алхімікам.
Таму Пранціш, як толькі зайшоў у адведзены яму пакой – на мансардзе, амаль што на гарышчы, паваліўся на ложак, лежачы, так-сяк сцягнуў з сябе боты… Добра, што ў Ляшчынах не начаставаліся віном, а то б зараз галава гула, як скінутая з дрэва борць.
За вакном буркатаў дождж, як прафесар на студэнтаў, якія не падрыхтаваліся да практычных заняткаў. Адзін раз ён грукнуў у шыбу асабліва гучна. Так што Пранціш, якога ахутала першая салодкая драма-паўява, з прыкрасцю прачнуўся. Цяпер грукнула так, як не мог бы зрабіць сваёй празрыстай лапай дождж. Спрасоння Вырвіч ажно пералякаўся: хто можа стукацца ў вакно пад самым дахам, ноччу, у залеву? Птушка? Альбо… прывід? Русалка? Начніца? Кікімара? Дамавік?
А за шыбай нешта варушылася і нібыта чуўся голас… Не птушка, не… Значыць, нячыстая сіла!
Але няўжо адважны драгун герба Гіпацэнтаўр спалохаецца здані?
Вырвіч перахрысціўся, схапіўся за шаблю і на дыбачках падыйшоў да вакна.
– Пан Вырвіч, адчыніце!
Голас Раіны Міхалішыўны? Альбо ейнай бесцялеснай сутнасці? А можа, яна – ламія, граф Батыста цалкам мог ператварыць прыгажуню ў начную пачвару, якая высмоктвае па начах кроў з даверлівых мужчын… А можа, Міхалішыўна, пакуль яны ездзілі, памерла, і ейны неспакойны дух захацеў наведаць маладога шляхціца?
Па шкле зноў забарабанілі тонкія пальцы:
– Ды ўпусціце ж мяне, дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста!
Пранцішу стала сорамна за свой страх – ён успомніў, як калісьці яго самога прымалі за прывіда. І аднакурснік па Менскім калегіюме езуітаў Міхаська Міцкевіч баяўся адчыняць вакно канвенту, пакуль Пранціш не назваў імя Гасподне.
Шыбы, на шчасце, не былі забітыя, але адчынялася толькі ніжняя частка, з двума шкельцамі. У такую адтуліну толькі птушка й пралезе… Ці танклявая акрабатка.
– Не запальвайце агонь!
У пакой праслізнула гнуткая постаць. Пранціш схапіў здань за руку: халодная, мокрая – але жывая! Графіня Батыста!
А тая ціха засмяялася.
– Ды не прывід я, пан Вырвіч, я на хвілінку, мне неабходна вас папярэдзіць…
Пранцысь узрадваўся, што ў цемры не бачна, як ён чырванее. Але ж, падобна, дзяўчына праслізнула ў ягоны пакой, апранутая толькі ў шаўковую кашульку. Вымакла ўся… А як яна прабралася ў вакно? Па сценцы караскалася?
– Там вузкі карніз ёсць, – прашаптала Міхалішыўна, як быццам умела чытаць думкі. – А я спрытная. Батыста мяне замкнуў, таму й давялося…
Дзесьці адрывіста гаўкнуў сабака, гэткі сабачы цівун, падаючы знак, што за ўсім сочыць, і дзяўчына ўздрыгнула.
– Вырашыла не адкладаць размову – мала што… Пан Вырвіч, калі прыедзем у Лебу, вас паклічуць за развітальны стол. Нічога не ешце і не піце.
– Чаму? – Пранціш прыабняў Міхалішыўну – таненькая, але моцная, як лаза, мокрая шаўковая тканіна слізгала пад рукой, нібыта абымаўся з русалкай.
– Вас з доктарам хочуць апаіць і завалачы на карабель, звезці ў Італію.
Пранціш схаладнеў. А ён паверыў, што ўсё так проста скончыцца.
– Навошта?
– Не ведаю… – Міхалішыўна сутаргава ўздыхнула. – Магчыма, проста баяцца, што вы зашмат ведаеце.
– А ў цябе адкуль такія звесткі?
– У крышталёвым шары пабачыла, – ціха засмяялася дзяўчына. – Ну вядома ж, падслухала. Будзьце асцярожныя, пан Вырвіч. Усё, мне час.
Раіна нечакана кранула вуснамі вусны Пранціша – лёгенька, як пялёстак кветкі – выслізнула з абдоймаў драгуна і зноў знікла ў дажджы і цемры.
Пранціш высунуў галаву ў вакно – амаль нічога не было відаць, угадвалася толькі, як перасоўваецца ўздоўж сцяны светлы цень.
Вырвіч зачыніў вакно, яго пачынала калаціць – ад гневу і незразумелай тугі. Магчыма, шчаслівае сямейнае жыццё шляхціца Вырвіча можа не адбыцца… Цяпер трэба старацца пазбегнуць атруты, падлітай у каву альбо падсыпанай у бігас.
Ды яшчэ хоць бы адчайная Міхалішыўна не папалася свайму гаспадару. Бач, якая… Ні агню не баіцца, ні вады, ні вышыні. Хаця панна Паланэя Багінская таксама спрытная была, як хлапчук. І на кані скакаць, і цераз сцяну пералезці, і з кінжальчыкам управіцца…
Вырвіч уздыхнуў. Але ўспамін пра блакітнавокую княжну ўжо не так кроіў сэрца, вастрыё страты затупілася, як аловак, якім занадта шмат пісалі адно і тое ж, падлічваючы згубленае. Пранціш крануў пальцам вусны, там, дзе яго пацалавала Міхалішыўна, бо ўсё яшчэ адчуваў дотык – хоць сама ўся вымакла пад халодным дажджом, а вусны цёплыя. Урэшце, гэта першы выпадак, калі ў вакно да Вырвіча, рызыкуючы, залезла дзяўчына – раней ён сам неаднаразова здзяйсняў такія подзвігі. Калі яна даведаецца пра ягонае жаніхоўства – наколькі гэта яе закране? Вось Ганулька ўсё б даравала. Усё сцярпела… Найлепшая ліцвінская жонка для воя. Як у казцы: прыйшоў муж, памяняўшы карову на мех з гнілымі яблыкамі, а яна толькі радуецца.
Хаця, можа, карысней усё-ткі было б паганяць нягеглага сужонца чапялой.
Заснуў драгун, толькі на ўсялякі выпадак падсунуўшы да дзвярэй цяжкі куфар. Хто аглядаецца, той не каецца. Заўтра з самай раніцы трэба перагаварыць з Лёднікам, “сватам” сваім. Хто б мог падумаць, што куплены за шэлег халоп будзе калісьці пасажоным бацькам на вяселлі свайго гаспадара!
А нікога іншага на гэтым месцы Пранціш Вырвіч уявіць не мог і не хацеў.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.