Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 12 (всего у книги 18 страниц)
Але доктар быў усяго толькі чалавек. Пот сцякаў па ягоным твары, дыханне рабілася хрыплым, на плячы і баку крывавілі драпіны…
– Варфаламей, спыніся! – крычаў Разанцаў. – Цябе зараз заб’юць!
Але Бутрым толькі страсянуў валасамі і, сцяўшы зубы, крутануўся, дзве шаблі са свістам акрэслілі вакол яго смяротнае кола, у якое нікому не хацелася патрапіць – хаця ніхто пакуль не загінуў і не быў сур’ёзна паранены. Ды ясна было, што сілы адзінага абаронцы на сыходзе, і каб не забарона яго забіваць, канаў бы ён ужо, прастрэлены-пасечаны.
Дзесьці далёка за вакном пачуўся стрэл з пісталету і адразу ж – другі… Лёднік прыслухаўся, твар ягоны прасвятлеў – ясна, чаканы знак. Тыя некалькі хвіляў, якія ён выйграў, сталі ратункам многіх. Але цуды скончыліся, зняможанага фехтавальшчыка нарэшце адцяснілі, у залу ўварваліся жаўнеры. Абедзьве шаблі Лёдніка ўпалі на каменную падлогу. Ён, хістаючыся, выпрастаўся, скрыжаваў рукі на грудзях. Аблічча было спакойным, як у чалавека, які нарэшце зрабіў складаную, непрыемную, але неабходную справу.
Нейкае імгненне да яго яшчэ баяліся падысці… Але гэтая бойка для прафесара была скончаная.
Чакала новая, куды больш цяжкая.
Усе вязьніцы, напэўна, падобныя адна да адной… Не столькі выглядам, як назапашанымі там пачуццямі – болем, страхам, адчаем, якія, каб можна было іх пабачыць, сівой вільготнай плесняй пакрываюць сцены, столь, запаўзаюць у кожны куток і шчыліну… Падобныя і ролі, якія там раздаюцца – кат, ахвяра… І той, хто задае пытанні, не пэцкаючы сам рукі ў крывавай працы.
– Ты мусіш назваць прозвішчы ўсіх студэнтаў, якія збеглі, – халодна прамовіў Разанцаў, але вочы яго былі апушчаныя, як ад гневу, быццам і бачыць не хацеў таго, да каго звяртаўся. Прафесар пакуль што спакойна сядзеў на зэдліку, паклаўшы рукі на калені, бы знаходзіўся не ў каменным мяшку, дзе са столі звісалі ланцугі, грувасціліся драўляныя прылады, аб прызначэнні якіх страшна было нават здагадвацца, і паўсюль ляжалі інструменты, вынайдзеныя чалавекам, каб рабіць балюча другому чалавеку. Пісар з пляскатым, як у рапухі, тварам, што сядзеў за столікам ля вакна, натапырыў вушы і падрыхтаваўся запісваць паказанні.
– Прабач, Міхайла… Ты ж разумееш – не назаву. Кожны з нас робіць тое, што павінен… Я – сваё, а ты рабі сваё.
Разанцаў павярнуўся да яшчэ аднаго з прысутных у гэтым пакоі, велізарнага, як мядзьведзь, у скураной куртцы, з паголенай галавой – яна была чамусьці ўся ў драпінах і шнарах.
– Рукі не калечыць, косткі не ламаць. Гэта знакаміты доктар, ягонае лекарскае ўменне яшчэ можа прыдацца.
Павярнуўся да былога аднакурсніка і прамовіў, на гэты раз з горыччу:
– Прабач, Варфаламей, больш нічога не магу для цябе зрабіць.
І выйшаў, ляснуўшы жалезнымі дзвярыма, быццам яны павінны былі адсячы кавалак памяці.
Раздзел дзявяты. Як Пранціш ператварыўся ў егіпецкага слугу
Калі чароўная птушка Алканост, спевы якой робяць усіх шчаслівымі, адкладае яйкі на беразе мора, а тады на восем дзён апускае іх у хвалі, то восем дзён мора спакойнае, як люстэрка.
Вядома, не тое, з якога падчас магічнага сеансу з’яўляецца, як скула на ілбе, егіпецкая прынцэса.
Павінны ж быць такія нечакана спакойныя дні ў самым бурлівым жыцці, у самым пякельным колазвароце, і павінны сустракацца людзі, што як абыдзённікі – рушнікі, вытканыя за адзін дзень удовамі і чыстымі дзяўчатамі вёскі, забіраюць у сябе ўсё нядобрае, захіляюць ад зла…
Перад вачыма драгуна лунала белае аблічча, прахалодныя рукі мянялі вільготную тканіну на ілбе… Было так спакойна, так хораша гайдацца ў хвалях гэтых хвілінаў на мяжы блёкату і явы…
Але вось рысы схілёнага твару пачалі набываць пэўнасць… Вялікія сінія вочы з цёмнымі кругамі стомы, дасканалыя ружовыя вусны з цвёрдай складкай, цёмныя, гладка зачасаныя валасы… Пані Саламея!
Адразу ж успомнілася і іншае – Баўтрамей Лёднік!
Пранціш ірвануўся, каб прыўзняцца, але ў вачах паплылі кругі, як на вадзе…
– Ляжыце, пан Вырвіч… – на лоб зноў лягла халодная мокрая тканіна. – У вас моцнае запаленне ад раны. І як толькі Бутрым дадумаўся пацягнуць вас у цяжкую дарогу? Доктар называецца…
– Гэта я сам… Сам напрасіўся… – язык ледзь варушыўся, але ў вачах патроху разімглялася. Пранціш змог усё-ткі адарвацца ад падушкі, абапёрся на локаць здаровай рукі. – Дзе… ён? Дзе Бутрым?
Саламея адвяла вочы.
– У вязьніцы.
Значыць, зусім дрэнныя справы. Наўрад пасля мірных перамоваў доктар бы там апынуўся.
– Колькі ўжо?
– Тры тыдні.
Не можа быць! Няўжо Пранціш столькі праваляўся ў ложку, пакуль…
Вырвіч сціснуў зубы і, нягледзячы на пратэсты пані Саламеі, сеў, свет, вядома, паплыў вакол, як карусель, але не час для слабасці! Калі дыханне выраўнялася, і ў скронях перасталі грукаць маленькія кавалі сваймі балючымі малаткамі, драгун нарэшце агледзеўся. Незнаёмы пакой з новенькімі сінімі ў залатыя кветачкі шпалерамі, якія пачалі вырабляць на пастаўскіх мануфактурах. Дамы і кавалеры, што ганарыста паглядалі з партрэтаў, былі таксама раней не бачаныя. Пранціш прыгледзеўся да герба, намаляванага на парсунах: “Парай”… Белая кветка з пяццю пялёсткамі на чырвоным фоне… Такім гербам карыстаюцца многія.
– У нашым доме вам было б небяспечна… – вінавата прамовіла Саламея. – Да мяне ж прыходзілі судовыя, дапытвалі… І пра вас таксама. А гэта дом сябра пана Караля Рысі, які зараз у Італіі. Тут ніхто вас не знойдзе. Дом пусты, для догляду за вамі нанялі двух добрых кабетаў, і я прыходжу. А яшчэ спадар Чунь Лі наведваўся – гэта дзякуючы яму вы, мабыць, і апрытомнелі: ён учора рабіў вам кропкавы масаж…
Вось яно што… Дом змоўшчыка… І раз сюды не з’яўляюцца з ператрусам, значыць, з гэтага вынікае, што ад Лёдніка ніякіх звестак следчыя не дабіліся, і магчымых удзельнікаў закалоту не чапаюць.
– Як Бутрым? – горла зноў пераціснула ад гора. Саламея сутаргава ўздыхнула і ціха прамовіла:
– Кепска…
Памаўчала, збіраючы сілы, яе тонкі профіль, здавалася, яшчэ больш вытанчыўся ад перажыванняў, і ціха патлумачыла:
– Ён жа ў Акадэміі біўся, жаўнераў затрымаў. Нікога не засек, так, падрапаў, шаблі павыбіваў з рук… Сам ведаеш, як доўга ён адпрацоўваў методыку – як абязбройваць ворагаў, у якія кропкі на руцэ наносіць удары, пад якім вуглом выкручваць… Спецыяльна, каб не забіваць. Але ўяўляеш, у якім усе шаленстве! Яго там, калі нарэшце здаўся, жаўнеры з-за свайго прыніжэння ледзь на часткі не раздзёрлі. На шчасце, Бутрым у горадзе многім дапамог, як доктар, і паўсюль знаходзяцца ўдзячныя яму людзі. І ў турме таксама. Ён калісь выратаваў сына аднаго з наглядчыкаў, у якога гнойнае запаленне было. Той чалавек мне і расказвае ўсё… Носіць Баўтрамею добрую ежу, коўдру здабыў, каб на саломе не ляжаў, вопратку цёплую. Нядаўна я зноў перадала праз яго драўлянае масла… Цэлы збан. Турэмшчык папярэдзіў, што яшчэ спатрэбіцца. Шмат лекаў перадала… Для спынення крыві, ад запалення, абязбольваючае… Спадар Лі нейкі бальзам адмысловы нарыхтаваў.
Саламея адвярнулася, каб схаваць плач. Вырвіч прыгнечана маўчаў. Драўляным маслам змазвалі раны, якія марудна зажывалі… Калі скура здзёртая, напрыклад, ударамі пугай. Але доктар сам вучыў – пакуль чалавек жывы, усё можна перамяніць, біблейскі Іоў вунь сядзеў на кучы гною ды язвы свае чарапком расчэсваў, а потым Гасподзь зноў яго ўзвысіў ва ўладары зямныя…
– Прыдумалі, як Бутрыма выручаць?
Пані Лёднік паціснула плячыма.
– Пан Рысь ужо столькі пражэктаў выдаў… Ад падкопу да патопу. Але ён зараз дома, у маёнтку – жонка павінна нарадзіць. Студэнты, якія тады на сходзе былі, хочуць проста напасці на вязніцу, глупства, зразумела. Хадзіла да Міхайлы Разанцава – вочы хавае, сам ледзь не плача, але ён – расейскі патрыёт, адданы царыцы, для яго дзяржаўнае злачынства – недаравальны грэх, і дапамагаць не стане. Яго ў Санкт-Пецярбург выклікалі, магчыма, па гэтай самай справе. Суддзя Юдыцкі таксама з’ехаў – на лекавыя воды. Лісты напісала каралю, у Трыбунал, рэктару Акадэміі… Праўда, ад езуітаў аднаго баюся дачакацца – з самых лепшых намераў возьмуць ды Бутрыма атруцяць, каб не пакутваў, небарака, ну і, вядома, іх не выдаў. А кароль, можа, адгукнецца – ён вучоных людзей шануе, а ніякіх прамых доказаў, што мой муж удзельнічаў у змове супраць яго, няма – толькі даносы. Праўда, не толькі вашага мага Батысты, але і кагось з Акадэміі…
Вырвіч пры згадцы пра Батысту ледзь не падскочыў – боль перашкодзіла.
– А дзе камзол, які на мне быў? Вы з яго нічога не даставалі?
Саламея, мудрая жанчына, не стала нічога перапытваць, а хуценька прынесла Пранцішаву вопратку.
– Не стала мыць, каб чагось не сапсаваць, мала што ты мог прыхаваць…
Вырвіч, як мог паспешліва, абмацаў кішэні: вось ён, ліст, перададзены Шрэдэрам! Магчыма, дапамога егіпецкага жраца, здрадніка, з-за якога Бутрым і патрапіў у турму, спатрэбіцца, каб доктара ж і выцягнуць. І ўспамін пра Міхалішыўну прымусіў сэрца здрыгануцца… Што маг з ёй вытварыў за гэты час?
– А не чуваць нічога пра нягодніка Батысту? – спытаў Пранціш праз зубы.
Саламея горка ўсміхнулася.
– Яшчэ як чуваць! Уся Варшава толькі пра іх і гаворыць, аж сюды чуткі дайшлі: пра вялікага прадказальніка і чарадзея графа Рудольфіюса Батысту і ягоную прыгажуню-жонку, як яна на гарачых вуголлях таньчыць і бессаромна ногі паказвае. Пан Рысь збіраўся быў паехаць мага на двубой выклікаць, але яго адгаварылі: Батыста ў фаварытах у Панятоўскага, кароль нават за жонкай яго валочыцца, і, кажуць, быў адораны ейнымі ласкамі…
Пры гэтых словах Вырвічу стала так балюча, што, здаецца, сэрца спыніцца… Пані Саламея ажно спалохалася:
– Табе кепска? Прыляж…
Вырвіч адкінуўся на падушку, сцяўшы зубы. А чаго ён чакаў, што егіпецкая прынцэса ні з поля вецер будзе захоўваць яму вернасць? Што ж, яна дастаткова прыгожая, таленавітая, разумная і… і незвычайная, каб счараваць нават караля, тым больш маладога і кідкага на кабетаў. А Батыста яшчэ, пэўна, і змушае нявольніцу да выгаднага флірту з манархам. А можа, Міхалішыўна ў Цялка і закахалася – а чаму не, прыгожы, дужы, далікатны, на флейце грае, Шэкспіра перакладае… А яна для яго ў спачывальні Афелію або Віёлу разыгрывае… А што ж, усемагутная мадам дэ Пампадур, фаварытка французскага караля, таксама з беднаты, з гразі вылезла, а ўсёй дзяржавай кіруе, каралева ёй кланяецца… Пазалаці вароне пер’е – вось табе і пава.
– Кажуць, Батысту расейская царыца да сябе запрашае на Каляды… А ў Расіі яго зусім не дастанеш, – скрушна прагаварыла Саламея.
– Нічога, я яго адусюль дастану… – ненавісна прагаварыў Вырвіч. – У мяне ёсць чым яго на наліснік раскатаць. А ты не чула, ці не перадаваў ён Панятоўскаму адну дужа рэдкую рэліквію?
– Не, не расказвалі такога…
Для каго ж італьянскі шалбер прыберагае карону святога Альфрэда, якую везлі для Пана Каханку? Бо трымаць такую рэч пры сабе – усё роўна што ездзіць з бомбай з запаленым кнотам. Няўжо для імператрыцы? Эх, з Лёднікам бы параіцца…
Успамін пра доктара зноў увагнаў у тугу.
Саламея лекаркай была дасведчанай, рану драгуна спрытна перавязала, паабяцала, што праз некалькі дзён можна паспрабаваць устаць.
Некалькі дзён! Ды для Бутрыма кожны дзень у вязніцы – пакутлівае стагоддзе… Драгун не збіраецца адлежвацца, калі ўжо ачомаўся. Ды зараз ён усю Вільню на ногі паставіць, каб доктара вызваліць! І Батысту знойдзе, і Разанцава…
– Вітаю ягамосць Вырвіча і пані Лёднік.
Граф Міхайла Разанцаў зайшоў у пакой, як быццам да сябе дахаты. У дарожным плашчы і капелюшы, з якога яшчэ не строс першы, вільготны, снег, рука яго нервова камячыла дарагія шчыгрэневыя пальчаткі.
– Рады бачыць, што пан Вырвіч апрытомнеў.
Па голасе графа, аднак, гэтага не было чуваць. Халодны быў голас, са стрыманым гневам і горыччу, быццам гаварыў з сябрамі, якія яго моцна расчаравалі.
Саламея ўскочыла, у яе руцэ апынуўся кінжал. Вырвіч пакутліва азіраўся ў пошуках шаблі.
– Не хвалюйцеся, вам нічога не пагражае. Калі будзеце паводзіць сябе разумна. Калі б я хацеў, пана Вырвіча даўно б арыштавалі.
А граф змяніўся. Схуднеў, на твары стома, вочы пачырванелыя, зморшчыны паглыбіліся… Здаецца, гады, а не месяцы прайшлі ад Бутрымавай лекцыі, пасля якой ягоны сябар Міхайла Разанцаў, абараняючы дакладчыка, распавядаў пра расейскую кунсткамеру…
– Спадзяюся, вы зацікаўленыя ў тым, каб доктар Лёднік быў жывы і здаровы?
Саламея і Пранціш перазірнуліся, жанчына насцярожана спытала:
– Што ад нас для гэтага патрабуецца?
Граф нават не пасміхнуўся.
– Нічога, што было б для вас ганебна.
Памаўчаў, пахадзіў па пакоі, нібы наважваючыся на шчырасць, невясёлая ўсмешка перакрывіла ягоны твар.
– Кола Фартуны круціцца незалежна ад нашых жаданняў… Я сёння вярнуўся з Санкт-Пецярбургу. Выклікалі мяне па справе закалоту, які я па даручэнні канцлера Паніна павінен быў выкрыць. Справа мусіла быць гучнай, з прыцягненнем многіх вядомых родаў… Усе мы ведаем, што дзякуючы майму сябру Баўтрамею Лёдніку і ягонаму своеасабліваму пачуццю доўгу гучная справа пераўтварылася ў фарс.
Разанцаў з сілай сцебануў пальчаткамі аб край стала, нібыта той быў ва ўсім вінаваты.
– Майму рапарту ніхто не паверыў! У мяне, як і ў кожнага больш-менш прыкметнага чалавека, шмат ворагаў, якія не супраць заняць маё месца або нашкодзіць тым, хто мной апякуецца. Дзвесце ўзброеных жаўнераў супраць аднаго прафесара! Ну, добра, у бойцы ў зале змаглі ўзяць удзел не больш трох дзесяткаў… Але – ён быў адзін! Ніхто не забіты. Не паранены… Ды нада мной проста пасмяяліся!
Граф хадзіў туды-сюды, як звер у клетцы.
– Яе вялікасці даклалі, што я згаварыўся з маім сябрам Варфаламеем Лёднікам, што я дазволіў змоўшчыкам сысці, зрабіўшы імітацыю бойкі… І што ягоная мосць князь Рапнін, мой апякун, атрымаў за гэта вялікія грошы ад князя Радзівіла. А вы ж ведаеце, што канцлер Панін – дзядзька ягонай мосці Мікалая Рапніна, таму падазрэнне падае і на яго, чаму многія ў Санкт-Пецярбурзе вельмі рады, бо дасюль ніяк не маглі ачарніць яснавяльможнага канцлера ў вачах яе вялікасці. Вось бачыце, што нарабіў наш агульны знаёмы, вучоны доктар?
Пан Міхайла быў амаль у адчаі, так што Пранцішу нават зрабілася яго трохі шкада. Але Лёдніка было шкада куды больш. І Вырвіч спытаўся насмешна:
– Выходзіць, вы цяпер таксама дзяржаўны злачынца, ваша мосць?
Разанцаў злосна бліснуў шэрымі вачыма:
– У нашым родзе ніколі не было здраднікаў! І не будзе! Ёсць адзін сродак давесці, што рапарт быў праўдзівы… Князь Рапнін пацвердзіў і ягонай мосці канцлеру Паніну, і яе вялікасці Кацярыне, што прафесар Лёднік сапраўды з’яўляецца выбітным майстрам фехтавання і здатны на падобныя подзвігі. Але яе вялікасць не можа даць веры такому цуду, не ўбачыўшы сваймі вачыма.
– І гэта значыць… – пачаў здагадвацца Пранціш.
– І гэта значыць, што ў мяне загад прывезці дзяржаўнага злачынцу ў Санкт-Пецярбург, дзе ён мусіць пацвердзіць праўдзівасць маіх слоў. Альбо абвергнуць… Яе вялікасць літасціва дала згоду высветліць усё падчас калядных карнавалаў, калі ў яе з’явіцца вольны час. Але…
Разанцаў апусціў вочы і кусаў вусны, быццам яму стала страшэнна няёмка.
– Але… Варфаламей у кепскім стане.
– Што вы з ім зрабілі, нягоднікі? – Саламея кінулася на графа.
– А што вы хацелі, каб дзяржаўнага злачынцу пернікамі частавалі? – выкрыкнуў знерваваны граф, адчапляючы ад сябе ўгневаную кабету. – Ён сам вырашыў свой лёс – сваім учынкам і сваёй упартасцю падчас следства! Я і так загадаў яго не калечыць, косткі не ламаць… Проста, пакуль мяне не было, ён паводзіўся занадта дзёрзка, ну і тыя, хто дапытваў, перастараліся…
– Я павінна яго ўбачыць!
Вочы Саламеі гарэлі сінім агнём, так, што Разанцаву было відавочна не па сабе.
– Я і хацеў прапанаваць… Я ведаю, што вы, пані Саламея, таксама выдатная лекарка… Доктар, думаю, жадаў бы, каб менавіта вы яго і лекавалі, ад рук любай усё ж хутчэй зажывае, праўда? Мы перавядзем Варфаламея ў добрыя ўмовы… Усе лекі, якія патрэбныя, дамо… Зможаце сына да яго прывесці… Пану Вырвічу, нават калі паправіцца, лепей не паказвацца – ён таксама пад падазрэннем, але ліст зможаце яму напісаць.
– Карацей, гатовы на ўсё, каб толькі Бутрым ачуняў і згадзіўся вас абяліць перад царыцай, – саркастычна прагаварыў Пранціш. – Вы ж цяпер усе ад ягоных словаў і ягонага самаадчування залежыце, ці не так?
– Так… – Разанцаў цвёрда зірнуў Вырвічу ў вочы. – Магу легчы пад тыя ж бізуны. І я зразумею, калі цяпер Варфаламей не захоча за мяне заступацца. Але гэта шанец выратавацца і для яго. І, паверце, я не зраблю закладнікамі ягоную сям’ю. Вам у любым выпадку нічога не пагражае, даю слова.
– Вязіце мяне да яго зараз жа! – пані Саламея хапала бутэлечкі з лекамі і ссыпала ў чорную валізку, якой карыстаўся Лёднік, калі хадзіў да пацыентаў. Павярнулася да Разанцава, і ў яе быў такі твар, з якім царыта Іпаліта змагалася за свой пояс з нахабным афінянінам Тэсеем.
– Але калі з маім мужам здарыцца штосьці непапраўнае, я вас выклічу на двубой і заб’ю!
У абодвух прысутных мужчын не ўзнікла і цені сумніву, што менавіта так і станецца.
Тое, што Разанцаў даверыў лячыць вязня Саламеі, ні яе самую, ні Пранціша не здзіўляла: па-першае, пані Лёднік сапраўды была добрай лекаркай, навучанай геніяльным мужам, а па-другое, у доктара ўтварылася такая рэпутацыя, што ні адзін віленскі медык не наважыўся б без ягонай згоды ўзяцца за лячэнне, калі заставаўся шанец, што злосны прафесар ачуняе і выкажа ўсё, што думае, пра здольнасці калегі. Дый звязвацца з бунтаўніком і блюзнерам мала хто захацеў бы.
…За вакном згушчаўся чорна-белы прыцемак – снег яшчэ толькі намацваў свае новыя ўладанні, і першыя сняжынкі, пасланыя на выведку, утваралі сіня-белыя лапікі на жабрацкіх рызманах ліцвінскай глебы, якая зараз жа абтрасала са сваіх лахманоў прыгожыя, ды халодныя латкі. Але тыя ліцвіны, хто ўвесну, на святога Марціна, варажыў на грудной костцы марціновай запечанай гусі, ведалі дакладна, што зіма чакаецца снежнай і марознай.
– Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне свінню,
Бо зіма падходзіць,
Свіння боса ходзіць, – напяваў Пранціш дзіцячую песеньку і нецярпліва пазіраў праз цьмяныя шыбы – ці вернецца сёння пані Саламея? А пакуль спрабаваў вярнуць целу былы спрыт, што не так проста пасля трох тыдняў у блёкаце і гарачцы. Паціху соўгаўся, трымаючыся за сцены і мэблю, рабіў дыхальныя практыкаванні, якім навучыў Лёднік.
Прыйшла кабета, немаладая, маўклівая, у белай хустцы. Не здзівілася, што хворы прытомны, на ўсе пытанні адказвала: “А Бог яго ведае, мой пане…”. Зато прыгатавала смачны булён і аўсяную кашу, якая падалася драгуну далікатэсам. А раз есці зноў хочацца, значыць, будзем жыць, і трымціце, ворагі, і чакайце нас, прыўкрасныя дамы… Ганулька Макавецкая, пэўна, сядзіць у Ляшчынах і тужыць, і лье слёзы па бравым драгуне. Вось яна б зараз вакол яго насілася з лекамі і напоямі, тонкія ручкі б дрыжэлі, цёмныя вочы напаўняліся слязьмі – то ад жалю, то ад шчасця. А Пранціш паблажліва б камандаваў: гарбату падагрэй! Кнігу падай! Люльку пачысці! О, трэба яшчэ вывучыцца курыць – Лёднік дужа не ўхваляў гэтую агульную моду, і Вырвіч падпаў пад занудны ўплыў доктара. А гэта ж так мужна выглядае – адкінуўся ў фатэлі, нага за нагу, і пускаеш дым з доўгай люлькі…
Вось Міхалішыўна, напэўна, толькі пасмяялася б над тым, як важна драгун пыхкае дымам – не раўнуючы цмок… І даглядала б яго, як пані Саламея – не плакала, а спрытна рабіла перавязкі, змушала захоўваць дыету, жартамі ды трапнымі гісторыямі не давала б хвораму надта шкадаваць сябе… “Вось ваш святы Франтасій змог нават пазбаўлены галавы дайсці да храма, развітацца са сваім біскупам. А ў вас, пан Франтасій, і галава, і рукі-ногі на месцы… Ёсць людзі, якім нашмат горай, чым вам!”. Вырвіч нібыта наяве пачуў іранічны голас Міхалішыўны. Якую цяпер, магчыма, абдымае кароль і цалуе празрыста-зялёныя русалчыны вочы…
Вырвіч ажно замыкаў ад гневу і болю і пастараўся адагнаць непрыемнае відовішча… Праўда, яшчэ больш балюча было ўяўляць, як зараз валяецца ў каменным мяшку непрытомны доктар Лёднік…
Хворая рука пачынала патроху ажываць, боль у плячы ўжо не ірваў на часткі. Вырвіч абшукаў камзол: вось ліст для палкоўніка Масальскага, у якім нябожчык Шрэдэр запэўніваў, што падхаружы Вырвіч як найлепей выканаў даручэнне па суправаджэнні хворага шляхціца ў паломніцтве да святых мясцінаў. Каб ведаць, чым абернецца – адразу паслаў бы да Хута суддзю Юдыцкага з ягонай спакуснай прапановай! Вось скрэмзаныя паперы і аловак – а вершаў набралася парадкам, хаця што гэта за вершы – няўклюдныя, як матылі з абарванымі крылцамі, хоць зараз адпраўляй іх у вогненную магілу… Толькі абяцанне Лёдніку не давала так учыніць.
…Люструюцца ў вострым лязе вочы майго Алканоста,
Што напявае пра свет без нянавісці і крыві…
Здацца і адысціся, змірыцца – гэта так проста,
Ды шабляй адной аддзелена смерць ад маёй любві.
Саламею прывезлі назад у карэце Разанцава, калі было ўжо зусім цёмна, і цені ад полымя свечак варушыліся па сценах, абклееных цёмна-сінімі шпалерамі ў залатыя кветкі, як начніцы. Жанчына зайшла ў пакой, валізка выпала з яе рукі на падлогу. Жонка доктара бяссіла апусцілася на крэсла, закрыла твар рукамі, і раптам плечы яе затрэсліся – Вырвіч яшчэ ні разу не бачыў, каб яна так адчайна плакала, хаця перажыць давялося разам нямала. Ён у самых жахлівых прадчуваннях падкульгаў да пані і крануў рукой за плячо. Яна падняла твар, велічная прыгажосць якога змусіла б не аднаго рыцара кінуцца зараз жа на абарону хай бы і ад крыважэрнага цмока.
– Прабач, нервы не вытрымалі…
Выцерла тонкай рукой слёзы, цяпер у яе рысах праз адчай вызірала тая ўнутраная сіла, якая робіць прыгажосць нечым большым, чым аб’ект для прыемнага сузірання.
– Збілі яго так, што жывога месца няма, – голас Саламеі быў суровы, толькі ледзь прыкметна дрыжэў. – Спіна – адна суцэльная рана, так што давялося цэлае палатно бальзамам вымачыць і прыкласці… Апрытомнеў толькі на хвілю… Каб прабурчэць, што я ў бальзам не дадала дастаткова ладану.
Усмешка кранула куточак вуснаў Саламеі. Доктар, напэўна, і на тым свеце пачне вучыць прабацьку Абрама правільнай рэцэптуры піва, а херувімаў – гігіене наконт падтрымкі пер’яў у чысціні.
– Перанеслі Бутрыма ў самы лепшы пакой, здаецца, каменданта выселілі, – працягвала жанчына. – Вырашыла адразу заехаць да цябе, каб Алесіка слязьмі не палохаць – бо адчувала, што не вытрымаю, а пры… гэтых таксама плакаць не хацелася.
Жанчына здушыла ўсхліп, страсянула галавой, яе нізкаваты голас зноў загучэў цвёрда.
– Зараз заеду дадому, суцешу сыночка, набяру яшчэ лекаў – і назад… Да Бутрыма… Алесік з Хвелькай перабудзе. Прабач, і да цябе ў бліжэйшыя дні наўрад выберуся, застанешся з Агапай, яна маўклівая, але старанная. Трэба яшчэ спадара Лі абавязкова да мужа прывезці. З ягонымі нетрадыцыйнымі метадамі весялей справа пойдзе…
– Як ты думаеш, доктар ачуняе? – у страшнай трывозе папытаўся Пранціш.
– Не ведаю… Усё ў волі Божай… – ціха прагаварыла Саламея, голас яе дрыжэў. – Але Бутрым моцны. Будзем маліцца і спадзявацца…
Памаўчалі…
– А гэтыя ж хочуць, каб я паставіла яго на ногі за месяц, – з горыччу прагаварыла жонка доктара. – На Каляды ён мусіць быць у Санкт-Пецярбурзе… Разанцаў ажно манжэты згрыз ад нецярпення – Бутрым жа непрытомны ўвесь час, дык пан Міхайла дасюль не змог з ім дамовіцца і штось патлумачыць. Нічога, пацерпіць, – Саламея нядобра пасміхнулася. – Наколькі я ведаю Баўтрамея, ён, калі свядомасць вернецца, яшчэ добра прыпячэ языком сябрука нашага.
І пацягнуліся дні панылыя і трывожныя, як час паміж позняй восенню і ранняй зімой, калі дрэвы ўжо ўсе голыя, страшныя, як пакараныя грэшнікі, а неба ўсё не скідвае на іх белае цнатлівае покрыва снегу.
Хаця снег, трывалы, сыпкі, нарэшце выпаў… Пад капытамі каня пана Караля Рыся ён разлятаўся іскрыстымі фантанамі, і пляваць было альбанчыку, ці сочаць, ці не сочаць, арыштуюць, заб’юць: шляхціц конна – каралю роўны! Твар пана свяціўся ад шчасця:
– Сын! У мяне нарадзіўся сын, пан Вырвіч! Я назваў яго Станіслаў Баўтрамей!
Пранціш ледзь не заперхаўся ад навіны. Вядомы шляхціц назваў спадчынніка ў гонар сына полацкага гарбара! А першае імя, Станіслаў – гэта адно з імёнаў Пане Каханку, князя і магната. Ну што ж, кожны сам каваль свайго лёсу, можна нарадзіцца князем, а пра цябе загавораць уголас толькі тады, калі спадчыну дзяліць давядзецца.
Ідэі з пана Рыся па вызваленні Лёдніка білі гданьскім фантанам, чорныя вусы тапырыліся, як дзве шпагі, гатовыя да бою, але Пранцішу хутка надакучыла выслухоўваць гэтыя “А тады мы як кінемся…”, і ён паставіў перад альбанчыкам канкрэтную, як пляшка гарэлкі, задачу: любым спосабам выведаць, калі і якім шляхам маг Батыста выправіцца ў Санкт-Пецярбург, на якіх станцыях будзе спыняцца, хто з ім паедзе. У Вільні, дзе вакол паўжывога Лёдніка аховы і шпегаў было, як машкаты над лужынай, разлічваць на ўдалы напад не даводзілася.
Найбольш, вядома, чакалася візітаў пані Саламеі. Тая прыходзіла змучаная, але ўсё больш радасная: вось Бутрым перастаў траціць прытомнасць… Зрабіў ласку нармальна пад’есці… Пачаў уладна кіраваць працэсам свайго лячэння… Адбылася і нялёгкая размова з Міхайлам Разанцавым. Да гонару апошняга, той ні аб чым ні прасіў зняволенага, не ўгаворваў. Проста паведаміў пра абставіны, якія склаліся, і даў зразумець, што цяпер цалкам залежыць ад словаў былога аднакурсніка, але прымушаць гаварыць тое ці іншае не збіраецца.
– Маеш магчымасць мне адпомсціць, – толькі і сказаў, апусціўшы вочы. На што Баўтрамей, які ўсё яшчэ не мог перавярнуцца на спіну, прабуркатаў “Кожны павінен выканаць свой доўг і захаваць гонар”.
Як гэта разумець – Разанцаў мог толькі гадаць. Следства па справе прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка часова прыпынілася. А, каб не ягонае маўчанне, магло раскруціцца адчувальна і для ягоных блізкіх. Бо, аказваецца, усплыло і падарожжа прафесара з драгунам Вырвічам у якасці суправаджаючых падазронага хворага: з Менску даклалі, што яны праязджалі праз заставу. На шчасце, Батыста не стаў у даносе распісваць вываз езуіцкага золата, бо сам быў уквэцаны ў “залатой” справе, як котка ў смятане. Аднойчы на допыт прывялі для апазнання яшчэ аднаго вязня: Зыгмунд Грос абыякава агледзеў скрываўленага прафесара і запэўніў, што яго не ведае. Лёднік, у сваю чаргу, рашуча адмовіўся ад усялякага знаёмства з падазроным панам. І ясна было, што хоць збівай кожнага да смерці або другіх сведкаў прывядзі, меркавання не зменяць. Сапраўды, кожны мусіць выканаць свой доўг, якім чынам бы ён яго ні разумеў, як аднойчы сказаў над паміраючым Шрэдэрам Грос.
Прыйшоў наведаць Пранціша і кітаец. Сунуўся ў дом, ступаючы бязгучна, як дух-Хатнік, нізенькі, у сінім халаце, падбітым ватай, з вечнай усмешкай на маршчыністым твары, са смешнай казлінай бародкай. Так і здавалася, што зараз вымавіць якое-небудзь пагрознае “Фух-фух, чур мяне, дай-дай, гаспадар, без солі яечні, а то атрымаеш у плечы”.
Але спадар Лі гаварыў ветліва і ціха, смешна перакрыўляючы словы. Ён агледзеў Пранціша, балюча націскаючы на асобныя кропкі цела, павадзіў рукой над ранай, якая ўжо зацягнулася, паглядзеў у вочы, ды так, што галава закруцілася – хаця вузкія вочы кітайца з жаўтаватымі бялкамі зусім не здаваліся страшнымі ў параўнанні з цёмнымі пранізлівымі вачыма Лёдніка.
– Паправішся хутка, малады чалавек! – паляпаў Чунь Лі Вырвіча па спіне. – Будзеш жыць доўга, ажэнішся, прыгожыя словы напішаш!
Вырвічу ажно стала непамысна: чаму кітаец сказаў пра словы, а не пра слаўныя бойкі? Няўжо, як і Лёднік, хоча з яго выхаваць вершаплёта?
На роспыты пра здароўе Бутрыма Чунь Лі сказаў, што доктар “Моцны, вельмі моцны. Але жарсны. Жарсць перашкаджае, бо толькі халодны розум павінен кіраваць высакародным мужам у часы небяспекі, стрыманасць прыводзіць да поспеху”. І дадаў, што Канфуцый вучыў, не з тым трэба быць у бойцы, хто можа кінуцца на тыгра з голымі рукамі ці кінуцца ў раку, не чакаючы лодкі.
– Але Чунь Лі сам чалавек жарсны… – заўздыхаў скрушліва дзядок і прызнаўся, што з радзімы давялося яму ўцякаць пасля таго, як ягоны гаспадар, вельмі важны чыноўнік, патрапіў у няміласць да імператара, і прыйшлі жаўнеры з загадам усё сямейства чыноўніка забіць. Чунь Лі, улюбёны вучань і целаахоўнік, не змог разам з гаспадаром ды іншымі слугамі добраахвотна прыняць смерць, а наадварот, пачаў біцца з прыхаднямі… А калі ўсіх перабіў – выратаваны гаспадар з раздражненнем на занадта стараннага слугу сябе зарэзаў, бо волю імператара парушаць нельга. Вось і блукае цяпер Чунь Лі па чужыне, як бяздомны сабака…
Пранціш трошкі не разумеў такой філасофіі, а калі спытаўся, як дапамагчы доктару Лёдніку, зноў сустрэўся з дзіўнотай.
– Канфуцый вучыў, калі табе скажуць, што высакародны муж, вядомы сваёй чалавечнасцю, патрапіў у студню, кідацца яму на дапамогу не трэба. Таму што высакародны муж можа ісці на смерць, але не можа гінуць неразважна.
Як з такой філасофіяй спалучалася выбітное баявое ўменне, невядома. Відаць, для ўжывання ўсялякіх хітрамудрых удараў у кітайца былі свае вучоныя абгрунтаванні – філосаф заўсёды здольны абгрунтаваць самы дзікі свой учынак такім высокім ды наймудрым слогам, што не тое каб упікнуць мудраца – яшчэ і ў ладкі яму папляскаюць прасцякі. Але ясна, што разлічваць на спадара Лі ў вызваленні доктара не выпадае. Добра, палечыць яго ды дапаможа аднавіцца… Нетрадыцыйнымі, хаця й жорсткімі, метадамі. Калі паедуць у Пецярбург, Лёднік павінен быць у як мага больш добрым стане.
Дзядок аказаўся вясёлы, жартаўнік… Цяпер было зразумелым, чаму перадаваў Лёднікам стравы, у якіх плавалі вочы ды іншыя жарсці. Распавядаў Пранцішу і пра звычаі кітайскіх паэтаў – як толькі такі паэт дасягаў вяршыні славы, тут жа ўсё кідаў, перасяляўся на іншае месца, дзе яго ніхто не ведаў, мяняў імя і пачынаў усё спачатку… Дзівакі, адно слова.
Распавядаў і пра свае вандроўкі па Сібіры. Як сустракаўся з тунгусамі, яны ўсе былі з тварамі, расфарбаванымі ў розныя колеры, так, што нельга адрозніць жанчын ад мужчын. Тунгусы вандруюць ад ракі да ракі, ловяць рыбу, з забітага звера смокчуць цёплую кроў, памерлых сваіх не хаваюць, а ставяць на дрэвах, страляюць з лукаў незвычайна трапна. Чунь Лі пабываў у адным іх племені ў палоне цэлы год, пакуль не абмянялі яго ў рускага пасланніка на дзесяць нажоў.
Алесіка доктар дазволіў прывесці да сябе, толькі калі змог больш-менш прыўзнімацца і, каб не напалохаць малога, пагаліў бараду, якая ўжо ладна адрасла. А Пранцішу перадаў, каб не рабіў глупстваў і не ўздумаў арганізоўваць фантастычныя планы па ягоным выратаванні. Баўтрамей Лёднік сам пра сябе паклапоціцца.
Пранціш толькі фыркнуў. Ведаем, як гэты высакародны муж умее пра сябе клапаціцца.
Праз пару тыдняў доктар пачаў сам хадзіць. Яшчэ праз тыдзень – займацца з Чунь Лі гімнастыкай. Паколькі Лёднік, як праўдзівы беларус і палачанін, валодаў усімі якасцямі трыпутніка – здольнасцю ўставаць, калі чужым колам пераехала, капытом прытаптала, зноў і зноў, і лекаваць іншых, і трымацца за неласкавую родную зямлю, Вырвіч зразумеў, што час дзейнічаць і яму. Бо пан Рысь пра шлях Батысты даведаўся дакладна…
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.