Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 18 страниц)
Пранціш на нейкае імгненне прамарудзіў – у пастку звычайна заманьваюць менавіта такім ласкавым, шматабяцальным галаском, але калі гэта шляхціц баяўся спакуснага спаткання з прыгожанькай дзеўкай! Гэта ж не з князёўнай Багінскай, калі зайдзі далёка па сцяжынцы Амура – галаву страціш у самым найпростым сэнсе. А з гэтай панечкай, няхай яна на агні таньчыць, Пранціш свайго не ўпусціць… Магчыма, яна проста пазнала гожага нямецкага юнака, з якім перамігвалася калісьці ў Слуцкім тэатры?
У пакоі, не забыўшыся замкнуць дзверы на ключ, пані Серафіна запаліла свечкі ў падсвечніку на сакрэтніку з чорнага дрэва і павярнулася да госця, які не збіраўся траціць час дарэмна і прыабняў пані:
– А ты мяне, мусіць, пазнала…
Прынцэса самую трошачку разгубілася, цень спалоху мільганула ў светла-зялёных вачах:
– Можа, пан нагадае, дзе мы сустракаліся з вашай мосцю? У Парыжы? У Рыме на карнавале?
Пранціш прыцягнуў красуню да сябе і прашаптаў ёй на вушка:
– У Слуцку… У тэатры… Гадоў шэсць таму… Ішла рэпетыцыя… Ты, Міхалішыўна, была на сцэне, з такой выразнасцю і майстэрствам іграла царэўну Наўсікаю, а я сядзеў у зале, і глядзеў на цябе, не адрываючыся… Я пазнаў бы цябе ў любым уборы!
Паводзіны графіні Батысты на вуркатанне кавалера проста спалохалі. Прыгажуня вырвалася з абдоймаў і адскочыла, як французскі прынц Генрых Валуа з ліцвінскай лазні, у вачах зноў плёскаўся жах.
– Я думала, памылілася… Вы падаліся мне знаёмым… Але нам сказалі, што вучань нямецкага доктара загінуў.
Пранціш самазадаволена ўсміхнуўся – вось чаго яна пералякалася, вырашыла, што мае справу з прывідам! А яшчэ магіяй займаецца, дурнічка, з духамі размаўляе! Драгун пастараўся супакоіць самазваную прынцэсу, патлумачыўшы, што ў замку Радзівіла Жорсткага яны з Лёднікам выконвалі таемную місію, таму мусілі быць пад чужымі лічынамі, і выратаваліся дзякуючы ўласнай смеласці і жалезнай чарапасе на вадзяным рухавіку, якую Геранім Радзівіл замовіў вынаходніку Якубу Пфальцману, аднакурсніку Лёдніка. У тым, што ён жывы, Пранціш пастараўся пераканаць прыгажуню куртуазным спосабам, але тая адхінулася ад пацалунка, яе па-ранейшаму трэсла.
– Пан Вырвіч… Прашу вас… Малю… Толькі не гаварыце нікому, што вы мяне пазналі!
Цяпер у Міхалішыўне не было і следу ад той свецкай какеткі, якая прывяла яго ў гэты пакой. Вочы ліхаманкава гарэлі, пальцы, якімі яна ўхапілася за даланю Вырвіча, былі халоднымі, як лёд.
– А, вось яно што, граф Батыста не ведае, з кім ажаніўся? – трохі пагардліва спытаўся Пранціш. Такая цалкам магла выдаць сябе за шляхцянку. Але Міхалішыўна толькі горка рассмяялася.
– Яшчэ як ведае… Ён жа мяне купіў – пасля смерці князя Гераніма тэатр занепадаў, артыстаў разганялі, каго куды. Мяне маглі зрабіць пакаёўкай ці ўвогуле адправіць на мануфактуру, габелены ткаць. А граф бачыў мяне на сцэне і вырашыў, што я яму спатрэблюся. – Сіньёра Батыста глыбока ўздыхнула і, наважыўшыся, прамовіла дрыготкім голасам. – Ён мне такі ж муж, як і граф. Як казалі ў нашай слабадзе – шлюб пад плотам, а вяселле потым. Хто я? Рабыня, якая іграе прынцэсу. Калі Луіджы… Яго насамрэч Луіджы завуць… даведаецца, што я… не справілася з ягоным даручэннем… што вы пазналі мяне, і цяпер уся ягоная дзейнасць пад пагрозай, бо яму могуць перастаць верыць, і егіпецкая прынцэса страціць свае чары… Кепска будзе не толькі мне, але і вам. Пан Вырвіч, ён страшны чалавек!
Пранціш хмыкнуў:
– Не бойся, я нікому нічога не скажу. І няма чаго палохацца – мой сябар, прафесар Лёднік, твайго мага як камара размажа.
Дзяўчына перахрысцілася па-праваслаўнаму, у празрыста-зялёных вачах плёскаўся спалох.
– Ратуй нас, святы Кіпрыян… І праўда, ваш сябар яшчэ страшнейшы за Луіджы. Ён так раззлаваў графа, што не ведаю, чым гэта абернецца для мяне. Батыста падманшчык, а ваш… Ён жа сапраўдны чараўнік!
Голас дзяўчыны сышоў на пераляканы шэпт. Пранціш хмыкнуў.
– Гэта ты з духамі размаўляеш, як вядзьмарка. А Лёднік – вучоны, доктар, прафесар… Праўда, тое-сёе можа, але ён добры хрысціянін, і ніколі людзям не нашкодзіць. Ну, пакуль ён без шаблі. А… што за даручэнне табе Батыста даў?
Міхалішыўна апусціла галаву:
– Нічога незвычайнага. Завабіць вас, змусіць закахацца, каб потым здабываць патрэбныя звесткі і кіраваць вашымі дзеяннямі.
На Вырвіча быццам халоднай вадой лінула. Вось табе і куртуазная прыгода, непераможнае хараство драгуна… Той Батыста наўрад верны адэпт ордэна. Хутчэй, ад страху перад езуітамі выслужваецца, каб інквізіцыя не чапала. А золата з менскіх сутарэнняў – прываба неадольная, да якой можна дабрацца праз закаханага драгуна. У душы віравала злосць на падступную дзеўку.
– І граф часта дае табе такія даручэнні? Налаўчылася?
Міхалішыўна раптам ганарліва выпрасталася, і Пранцішу стала трохі сорамна за сваю грубасць пры поглядзе на яе змучанае і ўсё-ткі трагічна-гожае аблічча. Маска, усяго толькі маска актрыскі! – напомніў сабе Пранціш.
– Я магла не прызнавацца вам. Магла падмануць. Але мне падалося, што вы, пан Вырвіч, чалавек сумленны і міласэрны. Магчыма, мне трэба было яшчэ ў Слуцку ўчыніць, як рымлянцы Лукрэцыі – засіліцца, абы не даць сябе згвалтаваць. Магчыма, трэба было зрабіць гэта яшчэ ў дзяцінстве, калі мяне забіралі з дому тыя, хто забіў маіх бацькоў. Але – што ж, і пырнік пад плотам дзеля чагосьці расце. Мастацтва замяніла мне ўсё… In arte libertas! (У мастацтве воля! – лац.) Прынамсі, ні Еўрыпіда, ні Шэкспіра, ні Лопэ дэ Вега ў мяне ніхто не адніме… І пан Батыста шмат чаму навучыў мяне. Мовам розным, іграць на клавесіне і флейце. І ў навуках таемных веды даў, і ў ложку. І я буду ўсміхацца вам, ваша мосць, і вы можаце скарыстацца з маіх вабнотаў, калі вам будзе заўгодна.
Міхалішыўна па-блазенску пакланілася і вымавіла фразу, з якой рымскія артысты звярталіся да публікі:
– Videte et applaudite! (Глядзіце ды пляскайце ў ладкі! – лац.)
Цяпер было зразумелым, адкуль на далікатнай скуры паненкі сінякі. Не столькі ў словах, колькі ў самім тоне прамовы гучала стоеная дзёрзкасць, выклік, што сведчыла – не пакорлівая авечка перад Пранцішам.
– А хто забіў тваіх бацькоў? – папытаўся Вырвіч. Прыгажуня апусціла вочы.
– Мы з Крычава. Мой бацька быў збройнік, браў удзел у паўстанні.
Ого, крычаўскае паўстанне! Тады мяшчукі і мужыкі біліся супраць войска князя Гераніма Радзівіла так, што шляхта дасюль не любіць успамінаць. І расправа над бунтаўнікамі была жорсткай. Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, тады таксама патрапіў памахаць шабляй супраць вілаў ды цэпаў. Наколькі памятаў Пранціш, увязаўся бацька ў бойку выпадкова… Мала што па дарозе з карчомкі ў карчомку з высакародным панам можа надарыцца. Але не вагаўся, які бок прыняць – вядома, шляхціцаў! Няхай прасталюдцы дзесяць разоў маюць рацыю, няхай пан беззаконнем сваім давёў іх да адчаю. Вось толькі ўспамінаць пра тыя падзеі пан Даніла Вырвіч не любіў, бо не лічыў ганаровым для шляхціца бойку з мужыкамі. Але, атрымліваецца, ён мог быць забойцам сваякоў Міхалішыўны. Пранціш пра гэта, вядома, прамаўчаў, не зводзячы вачэй з дзяўчыны: а такая і нажом можа пырнуць… Вунь як вачыма бліскае.
Але, з другога боку, пан Вырвіч ёй відавочна падабаецца, дый звязаная яна цяпер тым, што Пранціш ведае яе таямніцу. А значыць, зброю Рудольфіюса Батысты можна выкарыстаць супраць яго самога! Зловіцца рыбачок на ўласны кручок! І гэта будзе самай прыемнай помстай!
Вырвіч зноў усміхнуўся і прыабняў прынцэсу за талію.
– Я ніколі не выкарыстоўваў жанчын, я толькі дарыў ім каханне. Таму можаш мяне не баяцца. Я нават буду перад Батыстай паказваць, што ты зусім закруціла мне галаву. А вось ты можаш мне памагчы?
Вусны Міхалішыўны здрыгануліся здзіўлёна…
– Чым я магу дапамагчы васпану?
Вырвіч схіліўся да ружовага вушка.
– Ты павінна разумець, што мы з доктарам Лёднікам зараз у небяспецы. Проста расказвай мне, што прыдумае Батыста і езуіты. Напачатку скажы, куды паедзе карэта?
Міхалішыўна апусціла вочы і ціхенька ўздыхнула.
– У Лебу.
– Што? – вырачыў вочы Пранціш. – Гэта дзе?
– Маленькі порт на беразе Балтыкі. За Лембаркам.
Вось яно што, золата пераправяць морам… І не з вялікага порту, як Гданьск альбо Гамбург, дзе поўна віжоў.
– А што тут за таемнае зборышча?
Міхалішыўна пагардліва фыркнула.
– Таемнае… Проста Луіджы шмат разоў сцвярджаў, што каб падняць кошты на білеты, трэба туману напусціць, пераканаць, што гэта толькі для выбраных, пасвечаных, ёсць небяспека… І людцы збягуцца, як пацукі на сала.
Пранціш пазіраў па актрысу, і як наяве ўспомніліся даўнія падзеі, калі яны з Лёднікам у Слуцку вызвалялі Саламею, як ім дапамагаў дырэктар опернай трупы…
– А што здарылася з сіньёрам Пучыні і з ягоным братам Джавані, калі мы са Слуцку ўцяклі?
Міхалішыўну ажно перасмыкнула ад успамінаў.
– Князь тады гэтак узлаваўся, што ныркі прыхапіла, злёг у ложак… Пералякаліся ўсе, увесь горад шэптам размаўляў. А сіньёр Пучыні ў той жа дзень знік разам з братам.
– Збеглі, значыць, таксама? – узрадваўся Пранціш. Але актрыса сумна паківала галавой.
– У Слуцкім замку вельмі проста было знікнуць, ваша мосць. Я аднойчы чула, як нехта ў сутарэннях турэмнай вежы спявае італьянскія арыі.
Вырвіч панурыў галаву. Сумная звестка… На жаль, ніколі не атрымліваецца так, каб выратаваць усіх вартых, човен Фартуны малы і хісткі.
– А як ты навучылася таньчыць на вуголлях?
Пытанне было не самае карыснае, затое даўно мучыла Пранціша. Міхалішыўна правяла рукой па плячы, там, дзе таксама быў запудраны сіняк.
– Пан Батыста сапраўды бачыў такое у Балгарыі. Вучыцца давялося доўга. Атрымалася не адразу…
Крывая ўсмешка актрысы пацверджвала, што за сціплым “не адразу” хаваецца шмат пакутлівага. Вырвіч паглядаў на прыгажуню, што трымцела ў яго абдоймах, і разумеў, што дзяўчына цалкам у ягонай уладзе. І калі ён толькі захоча…
Але Пранціш уявіў, колькі разоў дзяўчыне даводзілася вось так па загадзе ўлагоджваць важных гасцей… І грэблівасць да яе адчувалася, і шкадоба. Прыгонная дзеўка – гэта ж не шляхетная паненка, якая беражэ свае цноты дзеля адзінага, вартага, рыцара, і нават не дачка гутніка з вуліцы Шкельнай, чый гонар зацята абараняе радзіна, і калі што – і на шляхціца ў суд пададуць за абразу роднай кветачкі. Мусіць, яшчэ ў палацы Гераніма Радзівіла Міхалішыўна не раз выяўляла ў аголеным выглядзе “жывую статую”, якімі магнат любіў упрыгожваць свае балі. І хто з гасцей хацеў – мог і налюбавацца, і скарыстацца. Якая ж з такой любоў… Рамантыкі менш, чым пасля кварты гарэліцы з карчмаркай у каморы. Пранціш пацалаваў ручку актрысы і адступіў.
– Скажы хоць, як цябе насамрэч завуць. Не Серафіна ж, я думаю.
Вочы несапраўднай графіні заззялі недаверлівай надзеяй:
– Раіна… Раіна Міхалішыўна.
– Ну, дабранач, Раіна Міхалішыўна.
Вырвіч ветліва пакланіўся і сышоў. Цяпер ён быў упэўнены, што сэрца графіні Серафіны Батысты, егіпецкай прынцэсы Семпенсентры і дачкі крычаўскага бунтаўніка Раіны Міхалішыўны ў адной асобе – належыць яму гэтак жа верна, як гетману – булава. Пранціш адчуваў сябе дасціпным, як тыя два шляхцюкі, у якіх была адна пара ботаў, і яны ездзілі на кірмаш, кожны звесіўшы з возу адну нагу ў боце, а другую схаваўшы ў сена.
І адначасна выспявала незадаволенасць. Так, бравага драгуна кахаюць… Але чамусьці не князёўны і прынцэсы. Ягоная доля – камерыстка Ганулька, якая, мусіць, і зараз пакорліва мроіць пра недасяжнага пана Вырвіча з русявым чубам, ды бязродная наложніца авантурыста, вандроўнага фокусніка. А амурныя прыгоды павінны дадаваць шляхціцу бляску! Вунь той дзюбаносы пахмуры мяшчук Лёднік у Ангельшчыне стаў каханкам лэдзі каралеўскай крыві, якая ўпадабала яго падчас паядынкаў у байцоўскім клубе. А да гэтага прыжыў дзіця з дачкой свайго пана, радавітай гожай шляхцянкай пані Галенай з Агарэнічаў. Праўда, кахае доктар толькі сваю Саламею, у дзявоцтве Рэніч, дачку полацкага кнігара. Затое пані Саламея прыгажэй за любую прынцэсу, нават егіпецкую.
Вырвіч зайздросліва ўздыхнуў. Ну чаго не хапае беднаму драгуну, каб скарыць сэрца якой сапраўднай графіні?
Шкада, што Міхалішыўна такой не з’яўляецца. Усё-ткі яна такая… вытанчаная… смелая… няшчасная…
Раздзел пяты. Езуіцкае сяброўства і Ганулька Макавецкая
Снілася Вырвічу, што гуляе ён каля егіпецкіх пірамідаў, пясочак жоўценькі-жоўценькі, як на адхоне Дняпра, вакол пальмы, падобныя да вялізнай папараці, і вось ідзе ўрачыстая працэсія, нясуць мурыны паланкін з ярка-чырвонага шоўку… Параўняўся паланкін з Пранцысем, расхінулася тканіна, і выглядае адтуль незямная прыгажуня, сапраўдная егіпецкая прынцэса, і кажа: “Будзеш маім фараонам, Пранцысь Вырвіч!”. А нагадвае прыгажуня адначасова Раіну Міхалішыўну, панну Паланэю Багінскую і нават амаль забытую Ганульку Макавецкую. Нібыта спалучыліся таямнічасць адной, высокае паходжанне і багацце другой і палкія пачуцці да драгуна трэцяй.
І памкнуўся драгун да прынцэсы, працягнуў ёй руку… А чырвоная тканіна раптам ператварылася ў агонь, ад паланкіна і прынцэсы пацягнула пякельным жарам…
Эх, не лёс Вырвічу пацараваць нават у сне! Пранціш патрос галавой, адганяючы драмоту. Ява ўвогуле была непрыветнай. Неба, якое бачылася ў вакно дарожнай карэты, так зацягнулі шэрыя хмары, што незразумела, ці раніца, ці дзень, ці вечар, ці мгліцца ў вачах пасля збаночка добрай мальвазіі. Буркоча сумную сваю баладу дождж, сычыць у хмызах халодны вецер, колы экіпажа правальваюцца ў яміны, як п’яныя. А насупраць – пахмурыя, як незасквараная капуста, абліччы Гроса і Шрэдэра, ды яшчэ ілжэ-граф Батыста паглядае, як сват, што вязе жаніха да кульгавай нявесты. На Лёдніка Пранціш увогуле пазіраць баяўся – той зашыўся ў кут вялізнай, як карабель, карэты з Лейпцыгскім навуковым часопісам у руках і ўсім выглядам дэманстраваў, што хацеў бы знаходзіцца хоць у пінскім балоце, абы не тут. Пану Шрэдэру, якому адвялі асобную лаўку, дзе пры жаданні можна прылегчы, час ад часу блажэе, тады экіпаж спыняецца, Лёднік перабірае бутэлечкі і адмярае для хворага мікстуры… Рэзкі пах балота, камфары і валяр’яны перабівае салодка-гаркавы пах парфумы егіпецкай прынцэсы. Потым стары ківае галавой, упарта прыўзнімаецца, і карэта рушыць далей. Жалезная воля ў пана Якуба Шрэдэра. І дзіўныя адносіны з панам Зыгмунтам Гросам, які ледзь яго не адправіў на той свет. Усміхаюцца адзін аднаму – а вочы, як у змей. Халодныя і немігучыя.
Адна прыемнасць – пераглядацца з Міхалішыўнай. Ад такіх дзявочых поглядаў праўдзівы мужчына адчувае сябе ваяводай на кані. Актрысе, пэўна, добра дасталося ад італьянскага мага – сукенку зашпіліла пад горла, каля вока відзён яшчэ адзін запудраны сіняк. Італьянец зусім глуздоў не мае, калі псуе гожае аблічча асістэнткі, прывабу для кліентаў.
Затое тым вярней перамога над спакутаваным сэрцам Міхалішыўны добрага пана Вырвіча, бо жабраку і панцак – золата.
Але трэсціся ў карэце надакучыла – лепей бы ўжо на кані праехацца, няхай і пад дажджом. Ззаду цягнуўся яшчэ і вялікі воз з прыладамі фокусніка, запакаванымі ў прасмоленую рагожу, і замаруджваў і без таго нетаропкае падарожжа. Золата дзесьці побач, і, магчыма, Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр зараз сядзіць проста над якім-небудзь залатым рэлікварыем, упрыгожаным смарагдамі, ці над той пагнутай-пашмакутанай штуковінай, якую езуіт з такой пачцівасцю цалаваў.
Граф Батыста шалбер спрактыкаваны. У яго выявіўся каралеўскі патэнт на праезд з рэкамендацыйным лістом ад самога Панятоўскага – кароль застаўся ўражаны прадэманстраванымі ў крышталёвым шары карцінамі ўласнай светлай будучыні і засведчыў лістом, што маг у яго заўсёды жаданы госць. Таму сустрэчны раз’езд жаўнераў нават у карэту зазіраць не стаў. Але калі прыпыніліся каля карчмы пад назовам “Перліна” – трэба было памяняць стамлёных коней – патэнт не дапамог. Фурман вярнуўся з той каламутнай “Перліны” мокры і злы. Гаспадар коней не дае, хаця яны ёсць. Спасылаецца на дзяржаўныя патрэбы.
Згушчалася цемра, як кісель з чарніцаў, ліў дождж, ля карчмы настаўлена экіпажаў, як свечак у вясельны каравай, так што зразумела – вольных пакояў таксама няма. Дый не з рукі таемнай кампаніі заставацца ў людным месцы са сваім залатым грузам. І так спыніліся, не даязжаючы, каб цікаўнікі не ўсачылі.
Пан Шрэдар задумліва прамовіў:
– Параіў бы з іншага боку дзейнічаць. Бо карчмар тутэйшы, наколькі я памятаю, не прыхільнік караля.
Грос кіўнуў галавою.
– Так, мы спыняліся неяк у гэтай карчомцы, гаспадар адвёў нам добры пакой, глядзеў, каб нас ніхто не турбаваў і не падслухаў. Што ж, яшчэ прасцей. У мяне маюцца такія-сякія рэкамендацыі… Не выходзьце ніхто, на ўсялякі выпадак, пакуль не здабуду коней.
Зыгмунд Грос выйшаў у залеву, насунуўшы капялюх на самы нос, з выглядам самым разбойніцкім.
Восеньскі дождж лупіў па даху карэты, быццам абураўся, што ад яго хаваюцца. У прыцемку нельга было разгледзець твараў, і пры жаданні ўяўлялася, што знаходзішся па дарозе ў Аід з іншымі ценямі, бо ўсе маўчалі. Маўчанне парушаў толькі стук пацерак Шрэдэрава ружанца, нібыта падалі ў скарбонку Харона прывідныя нябожчыцкія манеты.
Грос затрымліваўся. Батыста пачаў нервова насвістваць бадзёрую мелодыйку, выбіваючы рытм пальцамі па раме вакна… Асабліва самотна і няўтульна было ад таго, што з боку карчмы даносілася вясёлая музыка, п’яны гуд, брэх сабак – усе прыкметы вясёлага і звычайнага чалавечага жыцця, не абцяжаранага праклятым золатам сутарэнняў.
Маг перастаў насвістваць: да карэты нехта набліжаўся… І не адзін.
– Гэты чалавек прыехаў з вамі?
Вось і Харон з’явіўся… Ліхтар у руках каралеўскага ўлана гайдаўся, як у шторм на чоўне, напоўненым грэшнымі душамі. Грос з няўважнай фізіяноміяй, без шаблі і з заведзенымі за спіну рукамі стаяў паміж двух здаровых жаўнераў.
Вырвіч прыкінуў, што раскідаць нападнікаў лёгка. Вядома, у карчме – засока, павінны быць і яшчэ жаўнеры… Воз з барахлом давядзецца кінуць, з ім ад пагоні не сысці… Эх, даўно прадзедаўская шабля з гербам Гіпацэнтаўр не каштавала варожай крыві! Але Шрэдэр высунуўся з карэты, усмешлівы такі, добры дзядок.
– Не, вашамосць, першы раз бачу гэтага пана. На разбойніка падобны… Не дай Бог з такім сустрэцца на дарозе.
Пранціш толькі вочы вылупіў. Ані ценю фальшы. Вось каму ў тэатры іграць. Каб такі маляваў, дык да яго карцінаў, як да палотнаў аднаго старажытнагрэцкага мастака, прыляталі б шпакі дзяўбсці намаляваныя вішні.
– Гэта бунтаўнік, ваша мосць, – сурова адказаў харонападобны ўлан, у няпэўным святле ліхтара на ягоны твар клаліся рэзкія цені, і замест вачэй здаваліся прагалы. – У яго ліст ад асуджанага на баніцыю князя Радзівіла, у якім гаворыцца, што гэты пан – яго прадстаўнік, і яму трэба дапамагаць, як бы самому князю. Значыць, не з вамі прыехаў?
Улан зазірнуў у карэту, трымаючы ліхтар так, каб ясна пабачыць усіх. Батыста штурхануў Міхалішыўну локцем у бок, і тая ўсміхнулася жаўнеру, зірнула, і той ледзь ліхтар не ўпусціў.
– Ах, што вы, вашамосць, мы з разбойнікамі не сябруем! Мы з мужам і сябрамі едзем у Варшаву па запрашэнні ягонай мосці, яснавяльможнага нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нас дорыць сваёй міласцю…
Пры словах пра міласць грубы твар улана шматзначна змяніўся, ягоныя вусны нібыта пакаштавалі добрага вінца: Стась Цялок не прапускаў прыгожанькіх дам, мусіць, у карэце таксама ягоная амаратка. Батыста паспешліва працягнуў ліст ад Панятоўскага… Яшчэ і пажаліўся, што гаспадар коней не даў, а яны спазняюцца.
Жаўнеры апыталі на ўсялякі выпадак абодвух фурманаў – той, што на возе, залапатаў па-італьянску, паціскаючы плячыма, той, што пры карэцэ, пацвердзіў, што арыштаванага пана не ведае.
– Я казаў, што мой экіпаж даўно з’ехаў. Такая была дамова, – холадна прагаварыў Грос. – Гэтых паноў упершыню бачу.
І Пранціш зразумеў, што, як і Шрэдэр, Зыгмунд Грос вытрымае любыя катаванні і допыты, але не выдасць нікога і нічога. У гэтых людзях не мелася любові, спачування і нават простай справядлівасці, але цвёрдая вера ў агульную мэту і ў тое, што іх справа важней нават за іх саміх. Не людзі – зброя.
Шрэдэр пачаў абмяркоўваць з Батыстай тэорыю жывёльнага магнетызму маладога Месмера, дэманструючы поўную абыякавасць да схопленага шпега. Ці праўда ўвесь сусвет прасякнуты флюідамі, якія залежаць ад фазаў Месяца, гэтак жа, як акіян? Грос глядзеў запалымі светлымі вачыма ў нейкую аднаму яму відочную кропку, дзе не было ні ўланаў, ні восені, ні былых спадарожнікаў. Вырвіч разумеў, што ўмешвацца – недарэчы, але на душы было так пагана, так пагана… Здаваць таварыша – нават такога, які сам цябе лёгка здасць – ганьба! Як там Грос прамовіў над паміраючым у сутарэннях Шрэдэрам: “Усе мы ганчакі Божыя”. Маўляў, раз папаўся – сам і хлябчы.
Гроса павялі назад, у карчму. Ён не азірнуўся, не зрабіў ніякай спробы падаць знак развітання. А ўлан паабяцаў каралеўскім гасцям, што коней дастане – але, мусіць, расчуліўся не з-за ліста караля, а з-за прыгожых вочак егіпецкай прынцэсы.
І хутка яны трэсліся далей на дарозе, дзе ў адну халодную і мокрую няўтульнасць зліваліся неба, дарога, восень і небяспека.
– Мы б маглі адбіць пана Зыгмунта! – не вытрымаў Пранціш.
– Вы смелы малады чалавек, пан Вырвіч, – азваўся Шрэдэр. – Але гэта было б неразумна.
– Ахвяры не маюць значэння, абы справа ордэна была зроблена? – з’едліва запытаўся Лёднік.
– Мы ўсе гатовыя на ахвяры, – мякка адказаў Шрэдэр. – І Зыгмунд таксама.
Вось і ўся эпітафія па страчаным таварышы. З ваччу сышоў і з памяці зваліўся.
А вось Гутаўскі базыльянскі кляштар у дэкарацыях восеньскага дня здаваўся не тое што эпітафіяй, а надмагіллем – змрочныя, магутныя муры са слядамі стрэлаў гармат. Ніякага ўзлёту ў нябёсы, толькі стамлёнасць, каржкаватасць старога воя, які ніколі не бачыў спачування і сам развучыўся спачуваць. Калісьці пабеленыя сцены аблезлі, цэгла вызірала праз тынкоўку, як хворая плоць. Густыя краты ў вокнах нагадвалі, што тленнае наша цела не болей, чым клетка, у якой мэнчыцца дух на час зямнога выпрабавання, ды іншыя выратавальныя думкі прыходзілі ў галаву каля змрочнага будынка… Хаця напэўна ж луналі над ім і анёлы, і мелася ў гэтых мурах сваё шчасце, незразумелае грэшным прыземленым натурам… Але для Баўтрамея Лёдніка найперш гэта было месца, дзе князі Багінскія трымалі ў закладніках ягоную жонку Саламею. І таму абодва ліцвіны зайшлі ў браму з гнятлівымі прадчуваннямі…
На званіцу стамлёна села варона, хрыпла выкрыкнуўшы сваё меркаванне пра гэты шэры свет і сумніўныя шансы выратавацца ў ім. Але ўдарыў звон, і чорная вястунка безнадзейнасці цяжка ўзмахнула крыламі і зляцела – каб вярнуцца. Бо вакол кожнага святога месца кружляюць тыя, хто стаміўся ад цемры, але баіцца святла.
…У цёмную келлю глядзіць толькі месяца вока,
Ні гуку, ні руху… Але тут няма і самоты.
Тут лічаць не грошы, а шчырыя слёзы і крокі
Да брамы высокай, дзе ўменне даруецца лётаць.
У гэтых мурах не схаваць ні кахання, ні крыўды —
Як нельга схаваць у празрыстай вадзе анічога.
І стрэлы крылатага злоснага сына Кіпрыды
Бясшкодныя сэрцу, якое аддадзена Богу.
Перамовы з ігуменняй узяў на сябе Лёднік, як старэйшы і самавіты. Але пані-матухна, падобная да скандынаўскай Кунігунды, якая перамагла ў збройным паядынку ўсіх жаніхоў, таму й засталося адно пайсці ў кляштар, да размоваў была не схільная. Яна паведаміла, што і сапраўды, у кляштары апынулася дзяўчына, якая назвалася напачатку князёўнай Багінскай. Паводзінаў нахабных, грэшніца акаянная. На шчасце, яе забралі сваякі, а болей лёсам дзеўкі ніхто ў кляштары не цікавіўся. Што за сваякі, дзе жывуць, ігумення не ведала.
Абодва госці, сыходзячы, адчувалі, быццам між лапатак кожнаму зараз уторкнецца дзіда.
Цяпер вароны абселі не толькі званіцы, але й крыжы манастырскага храма. З неба, глухога, як атынкаваны мур, сыпаў драбнюткі дождж. Пранціш спыніў унуранага Лёдніка.
– Чакай, хто ж начальства распытвае пра мясцовыя скандалы! Трэба якога простага чалавека знайсці…
– Так з табой манашкі і будуць гаварыць, – хмыкнуў Лёднік. – Ды такіх, як ты, на гарматны стрэл да сясцёр дабрадзейных не падпусцяць.
– Нашто нам манашкі, – няўважна прагаварыў Вырвіч, азіраючыся. – Тут жа не мангольскі стэп, нехта ж дровы коле, прыпасы прывозіць…
І праўда, каля гаспадарчых збудаванняў, такіх жа непрыглядных, як і ў звычайнай вясковай сядзібе, соўгаўся стары ў світцы і аблавушцы, як самотны груган. Толькі б не глухі і не нямко – бо менавіта такім і займаць месца прыслугі ў жаночым кляштары.
Але дзед аказаўся хоць і не зусім у здаровым розуме, вочы паглядалі ў розныя бакі, ды пагаварыць можна было. Асабліва пасля некалькіх манетаў, што перакачавалі ў кішэню выцертай, як папяровая аблігацыя скнары, світкі.
Ганульку стары памятаў. Аднойчы матухна ігумення абвясціла, што ў іхнім кляштары выявіўся спадман, і адна з паслушніц ёсць страшнай грэшніцай. Хаця тую паслушніцу ўсе любілі – ціхмяная такая, а вышывала як цудоўна, такімі ружамі ўпрыгожыла покрыў на абразе Маткі Боскай… А тут – змусілі небараку да пакаяння, крыжам ляжала ад раніцы да вечара, у сутарэнні садзілі… А яна і не скардзілася. Толькі плакала ды казала, быццам выконвала загад сваёй пані. Што ж там за пані такая, што кінула бедную прыслугу на расправу?
Дзед перажагнаўся і працягваў аповед. Невядома, ці доўга вытрымала б такога жыцця паслушніца, але ў кляштар прыехала багатая ўдава, якая жыве непадалёк. Пабачыла дзяўчыну, што на каменнай падлозе крыжам ляжыць ды ўжо ўся калоціцца ад ліхаманкі, папыталася, хто такая. Ну і высветлілася, што грэшніца – нейкая далёкая радзіна пані. І госця дзяўчыну забрала.
На шчасце, дзядок ведаў назву маёнтка – Ляшчыны, і накірунак, куды ехаць.
Часу было ажно да раніцы. Ледзь жывы, але трывушчы, як нарачанскі вугор, Шрэдэр з графам і графіняй спыніліся па суседстве, у чарговых надзейных людзей. Гутаўскі кляштар ім і сапраўды быў без патрэбы, так што казку пра паломніцтва хворага да святыняў пасля знікнення Гроса перасталі нават згадваць. Нараніцу Лёднік з Вырвічам мусілі выпраўляцца з кампаніяй да Лебы. Толькі тады, як Шрэдэра разам з золатам пагрузяць на карабель, найміты атрымаюць ліст, што місія выканана, і можна вяртацца ў спадзеве на спакойнае жыццё. Так, яшчэ колькі дзён – і вандроўка скончыцца, золата паплыве ў Італію, дзе цяпер знаходзіўся Караль Радзівіл, які гразіцца, што збярэ магутнае войска і вернецца вызваляць Айчыну, а пакуль дзівіць мясцовых жыхароў сармацкімі звычаямі. Пост у яго пачынаўся тым, што гасцям прапаноўвалі зняць накрыўку з нейкай стравы – і адтуль вылятала зграйка вераб’ёў. А кожны госць, сыйшоўшы з бяседы, знаходзіў у сваёй кішэні залатую манету.
Хутчэй бы ўсё скончылася… То спалоханыя, то закаханыя, то какетлівыя позіркі Раіны Міхалішыўны толькі трывожылі: незразумела, калі прыкідваецца. А трэба ж яшчэ ўдаваць палкую закаханасць пад насмешнымі паглядамі Лёдніка, які ведаў падбіўку дарожнага раману. Век бы не бачыць і самазванага графа з ягонымі фокусамі. Дастане калоду картаў, і такое давай вырабляць – карты між пальцаў, як жывыя, слізгаюць, і ўсё намякае, а ці не згуляць у тры каралі альбо ў віст? Каб не Лёднік, Пранціш, мусіць, згадзіўся б і даўно прайграў махляру ўсё, ажно да ўласнай пячонкі.
Дзякуй Богу, маг і былы маг перасталі спаборнічаць, як шкаляры, хто мацнейшы, лыжкі не згіналі, агонь на адлегласці не гасілі, але варта было зачапіць якую-небудзь цікавую абаім тэму, ад цыркулявання крыві да енохскай мовы, на якой нібыта размаўляюць анёлы, і пачынаўся дыспут… Да здзіўлення Пранціша, Міхалішыўна магла вучоную размову падтрымаць і часам спрытна мяняла тэму якой-небудзь цытатай на лаціне ці старажытнагрэцкай, папярэджваючы асабліва жорсткія сутычкі.
Абрыдлі і нараканні Баўтрамея на тое, што беларусаў увесь час змушаюць рызыкаваць жыццём дзеля чужых інтарэсаў, і лёс іхні – гульня ў валан, які адбіваюць гульцы адзін да аднаго. Лупяць то з усходу, то з захаду, не даючы прыпыніцца і зразумець, дзе твае ўласныя інтарэсы. Кітайскі мысляр Канфуцый сказаў, што высакародныя людзі жывуць у згодзе з іншымі людзямі, але не ідуць за імі, нізкія ідуць за другімі людзямі, але не жывуць з імі ў згодзе. Вось і выходзіць, што калі ідзеш за тымі, з кім не ў згодзе, тым сябе прыніжаеш…
Таму прагулянка ў Гутаўскі манастыр успрынялася палёгкай, як для жаўнера – змена каравула.
А цяпер абаім было пагана. Калі яны з лістом ад князёўны Паланэі Багінскай забралі з кляштара Саламею, нат не падумалі пацікавіцца лёсам Ганулькі. Вядома, гэта была не іхняя справа… Ідучы на зубра, качак не страляюць. Ды маглі ж папытацца на ўсялякі выпадак!
Але Вырвіч чамусьці быў перакананы, што паненка дакараць не стане. Ганулька разумела, што пачуцці яе безнадзейныя, бо на яе вачах прыгажун Пранціш заляцаўся да ейнай гаспадыні. Ды першае каханне так проста не растае, і характар не пераменіш, як сармацкі строй на нямецкі касцюм. Вось выйдзе панна Макавецкая насустрач, сціплая такая, бедная, пакорлівая, і ўзрадуецца, што блакітнавокі Пранціш Вырвіч успомніў пра яе.
Драгун намацаў у дарожным хатулі цяжкі куфэрачак, набіты каштоўнасцямі Багінскіх. Ды з такімі скарбамі, калі разумна распарадзіцца, жыццё па іншаму пойдзе! Для Ганулькі Макавецкай радасная навіна! Засталося спадзявацца, што нечакана знойдзеная цётка пляменніцу не мучыць.
Да Ляшчынаў даехалі, расплёхваючы гразь, за якую гадзіну. А маёнтак не заняпалы. Багаты маёнтак. Мужыкі сустрэчныя ў акуратных світках, не абадранцы, не кідаюцца ў кусты ад панскай карэты. Над брамай – прыгожы герб з выявай дзевы на мядзведзі. Дзева была дзябёлай і немаладой, але мядзьведзь наўрад знаёмы з куртуазнымі патрабаваннямі да слічнай знешасці: стан, паводле гэтых патрабаванняў, у дамы мусіць быць тонкі, каб пальцамі абхапіць, вусны маленечкія і яркія, як вішня, скура белая, але на шчоках румянак, чорныя вочы, але бландынка. Маючы грошы на касметыку ды гарсэты, усё можна спраўдзіць, але дзева на гербе жадала заставацца сама сабой. І гэта заслугоўвала павагі.
Прысада з пажаўцелых таполяў, якія цягнулі да неба галлё, быццам спадзяваліся, што зараз адтуль зляціць для іх новае зялёнае лісцё, вяла да велічнага будынка – на два паверхі, з вежамі, з калонамі. Больш таго – у канцы бакавой прысады былі бачныя разваліны старажытнага замка – вядома, фальшывыя, рабіць якія каля свайго жытла было дужа модна. Гаспадыня ўсяго гэтага не збяднела, прытуліўшы бедную сваячку.
Совацца наўпрост да пані было няёмка – лепей найперш распытаць пра прытуленую сірату ў каго з прыслугі.
Перахоплены на ганку лёкай з пабітым воспай тварам, нібыта на ім Хут гарох малаціў, моўчкі выслухаў прыхадняў, мармытнуў “Пачакайце, вашамосці” і пашыбаваў у пакоі. Вырвіч і Лёднік, навязаўшы коней, пераміналіся на ганку між калонамі, не стромымі, а каржакаватымі, надзейна-нязграбнымі, якія трымалі на сабе балкон, што служыў зараз абаронай ад дажджу. Дзесьці ў доме зайгралі клавікорды – простая сумная мелодыя, якраз для восені.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.