Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 15 (всего у книги 18 страниц)
Раздзел адзінаццаты. Як Лёдніка і Вырвіча дома сустрэлі
Продкі ведалі, што хату нельга ставіць на тым месцы, дзе калісьці праходзіла дарога, пралілася чыясьці кроў ці закапаныя чыісьці косткі… А што месца чыстае, пераканацца лёгка: паставіў гаршчок з мёдам, калі мурашы набягуць – усё добра…
Невядома, ці па ўсіх правілах быў пабудаваны дом з зялёнымі аканіцамі, у якім жыла сям’я віленскага прафесара Лёдніка, ці прыбеглі б да мёду мурашы – цяжка знайсці на беларускай зямлі месца, дзе б не пралілася кроў, не ступала нага ворага. Але цяпер гэты дом больш не звязваўся з паняццем бяспекі і абароны… Баўтрамей Лёднік і Пранціш Вырвіч моўчкі стаялі і глядзелі на будынак з выбітымі шыбамі, з паламанымі бярозкамі пад вокнамі. Колькі разоў Вырвіч глядзеў на гэтыя бярозкі, то прыбраныя ў магнацкія залатыя саеты, то ў дыяменты, то ў зялёныя рызманы, і складаў вершы… Падобна, гаспадар дома проста баіцца зайсці далей брамы – твар доктара быў бялей снега, вусны дрыжэлі…
Але вось пачуўся вясёлы брэх Піфагора, а з дзвярэй выбеглі пані Саламея і паніч Алесь, паказаўся ўсхваляваны Хвэлька, і пацалункі і абдоймы на нейкі час адагналі трывогу.
Але ў доме – такім знаёмым, з партрэтам Арыстоцеля і сіня-белым гадзіннікам-вазай на каміне – першае пытанне ўсё-ткі было, “Што тут здарылася?”.
Пані Саламея апусціла вочы.
– Ведаеш, Пане Каханку адмяніў стварэнне кадэцкага корпусу ў Італіі… І чуткі пайшлі, што гэта Бутрым вінаваты.
– Што? – не вытрымаў Пранціш. – Ды ён за выратаванне будучых кадэтаў такое прайшоў!
– А што вы хацелі? – усміхнулася збялелымі вуснамі Саламея. – Гэта, панове, Беларусь. Тут першае памкненне – паспець абліць гразёю першым, знайсці ворага сярод сваіх. Кажуць, Бутрым паехаў у Санкт-Пецярбург, каб усіх змоўшчыкаў здаць, а ўзамен атрымаў ад царыцы пост рэктара, месца пры расейскім двары, ну тут ужо ў каго як фантазія працуе…
Пранціш не мог паверыць у такую подласць… Ён жа шчыра верыў, што зараз іх з Лёднікам сустрэнуць, як герояў! Пан Рысь вунь сына ў гонар Бутрыма назваў!
– Гэта ж Пане Каханку хоча з царыцай дамовіцца! Ці лянота яму стала пачынаць клопатную справу… Як маглі на Бутрыма ўсё навесіць! Чаму яны вокны не б’юць самім расейцам, ці тым, хто ім адкрыта служыць?
– Таму, што сваіх біць лягчэй, – уздыхнула Саламея. – Праваслаўныя нашы, з прыходу, таксама са мной перасталі вітацца… Гавораць, Бутрым езуітам прадаўся, у змовах іхніх удзел бярэ… Шпіталь улады зачынілі, маўляў, зараза там разводзіцца, на ўвесь горад пошасць можа пачацца. І зноў для ўсіх – доктар вінаваты…
Лёднік на імгненне прыкрыў вочы, як ад болю, але амаль не здзівіўся.
– Пазнаю цябе, Айчына… Што ж, нармальная беларуская сітуацыя, – прафесар пагладзіў жонку па галаве, дакрануўся вуснамі да цёмных бліскучых косаў. – Паколькі я праваслаўны, выходзіць, вораг тым, хто абараняе незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расіі і пры гэтым пазбаўляе праваслаўных усіх правоў… А паколькі лічу сябе не рускім, а ліцвінам, беларусам, і не хачу ісці на службу расейцам, значыць, вораг Генеральнай канфедэрацыі і Расіі. – Прафесар падхапіў на рукі сына, сумна ўсміхнуўся. – Зерне паміж жорнамі… Мне не падабаецца, што канцылярыі і навучальныя ўстановы перайшлі на польскую мову – але не хачу, каб яе замяніла расейская, бо ўсё роўна не дадуць гучаць беларускай, мове Статутаў, мове Скарыны… А значыць, мне будуць біць вокны і калом гнаць у тую ці іншую партыю.
– А што ж рабіць? – разгубіўся Пранціш, і Арыстоцель з партрэту сумна паглядзеў на запхнутыя анучамі вокны.
– Пакуль што мы будзем адпачываць, ад’ядацца і лячыцца! – рашуча скамандвала Саламея, і Алесік, забыўшыся, што ён ужо вялікі, і такому шляхціцу не пасуе сядзець на руках, яшчэ мацней абняў за шыю татку.
Асобнай размовы заслугоўвала пераўтварэнне пана Вырвіча з русявага ліцвіна ў егіпецкага брунета, якое выявілася, калі Пранціш неахвотна сцягнуў з сябе шапку. Алесік доўга скакаў вакол, паказваючы пальцам на “падмененага” дзядзьку і рагочучы, пані Саламея запэўніла, што Пранціш выглядае найлепшым чынам… А Вырвіч з тугой усведамляў, што давядзецца альбо пагаліць галаву па старажытным сармацкім звычаі – некаторыя яшчэ і сёння так учынялі, праўда, пакідаючы доўгі чуб, альбо не здымаць шапку ці хадзіць увесь час у парыку… А што рабіць у шапцы ў храме, ці пры сустрэчы з шаноўным чалавекам? І ў парыку, у нямецкім строі не ў кожную ліцвінскую кампанію сунешся, калі ты не замежнік. Шляхціц павінен шанаваць сармацкія звычаі, бо калі ўвесь час будзе хадзіць у нямецкім строі, за фармазона палічаць, высмейваць пачнуць. Гэта доктар можа сабе дазволіць у замежнае апранацца. А Вырвіч – драгун каралеўскай харугвы, у яго форма…
– Калі давядзецца ісці куды без парыка, забінтуеш мне галаву… – змрочна сказаў ён Лёдніку, які не бачыў нічога асаблівага ў часовай чарнавалосасці Вырвіча. – Пакуль валасы не адрастуць, буду казаць, што паранілі мяне ў Масковіі!
Доктар трошкі паздзекваўся, але ўрэшце, задумліва памацаўшы валасы вучня, паабяцаў, што заўтра ж намяшае расчынне, якое справіцца нават з індыйскай басмай, і верне Пранцішу няхай не дакладна такі самы колер валасоў, але найбольш падобны. Калісьці Лёднік па мянушцы полацкі Фаўст нават філасофскі камень знайшоў… Што яму перафарбаваць нядаўняга студыёзуса!
А за стол давялося сесці ў абліччы егіпцяніна.
Але як жа добра зноў паесці нармальнай ліцвінскай ежы, падрыхтаванай гаспадарлівымі рукамі самай прыгожай у княстве кабеты! Рубцы з анісам, шалтаносы, юц, бэбах, пячыста, крыпаная грыбамі… Пані Саламея прыпасла і калядныя стравы – бо Нараджэнне Хрыстовае сям’я не змагла сустрэць разам. Пернікі, паліваныя рознакаляровай глазурай, з карыцай ды бергамотам, ды сліжыны з макавым малачком раставалі ў роце… Смачныя былі і вішнёвая налівачка, і прыхаваная бутэлька сапраўднай мальвазіі, віна, якое пілі рымскія цэзары, і ў бочцы з якім кароль Рычард Трэці ўтапіў свайго брата, хаця, хутчэй за ўсё, ачарнілі няшчаснага караля, як і віленскага доктара… Нават Хвельку было дазволена выпіць кубак.
Пранціш меркаваў, ці ўмее Ганулька з Макавецкіх так вось смачна гатаваць. Але якая розніца – калі ён з ёй ажэніцца, у яго ж будуць кухары ды кухцікі… А Міхалішыўна, мусіць, проста не змагла нідзе мастацтву кулінарыі навучыцца. Артыстка, адно слова…
– Дык вып’ем жа за самыя беларускія расліны – трыпутнік, дзядоўнік ды жасцёр! – змрочна жартаваў доктар. – Мы – як дзядоўнік, што хавае прыгажосць сваіх кветак за калючкамі і вечна чапляецца за чужое крысо, мы – трыпутнік, які ўстае, як толькі прыбяруць з яго абцас альбо праедзе кола, мы – жасцёр, які не гарыць нават у агні!
Быў, вядома, і няёмкі момант. Лёднік, са знаёмай скрынкай пад пахай, хаваючы вочы, папрасіў Саламею зайсці ў ягоны кабінет на сур’ёзную размову. Палачане доўга гутарылі за зачыненымі дзвярыма – Пранціш зразумеў, доктар распавядае жонцы пра некаторыя абставіны свайго гасцявання ў Паўночнай Пальміры і паказвае карону. Была ў доктара такая прыкуда, не мець сакрэтаў ад сваёй прыгожай палавіны. Вырвічу дужа карцела падслухаць, але ўстрымаўся. Выйшлі абодва з кабінету засмучоныя, але абняўшыся. У чым бы там Лёднік ні прызнаўся, Пранціш быў упэўнены, мудрая Саламея скажа, ёй дастаткова, што Бутрыма вярнулі дадому жывым і нават адносна здаровым.
Так што Каляды, хоць і запознена, але сустрэлі, нават спяваць калядныя песні паспрабавалі хорам.
У Батлееме, у доме ўбогім
Вол ды асляця грэюць дзіцяцю…
Анёлы з неба ўсім даюць знаці,
Каб паспаліты йшлі Бога вітаці.
Саўка з Яхімам, сваім брацімам,
Скора прыспелі, зараз запелі.
Карусь з Тарасам гудзелі басам,
Бутрымка з Кантам пішчаць дыскантам…
У гэтым месцы старой шкалярскай калядкі ўсе дружна смяяліся, бо ўявіць іхняга “Бутрымку”, які пяе дыскантам, было немагчыма.
Дзямід з Данілам зайгралі міла,
Барыс з Пратэсам спяшалі лесам.
Міхайла долам спяшыў з Антонам,
Грысь з Маланнёю гналі раллёю,
Знахарка Дося спекла парося,
Покуль даспела, сама ўсё з’ела…
А назаўтра ў доме з пабітымі шыбамі былі госці. З’явіліся, як грымоты на снег.
Ды не абы якія. Пазалочаная карэта з гербам Багінскіх, на запятках якой стаялі два лёкаі, а паперадзе ехалі два фарэйтары ў расшытых мундзірах. Піфагор гаўкаў, як заведзены, ды што такое сабачая адданасць перад узброенымі жаўнерамі…
Але не столькі прысутнасць у доме доктара самога віленскага ваяводы, які ўспадчынніў пасаду пасля выгнання Пане Каханку, усхвалявала насельнікаў дому, а з’яўленне ягонага целаахоўніка. Здаровага, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі, з бяздоннымі чырвонымі вачыма…
– Ватман! Не запрашаў цябе ў свой дом, – прамовіў збялелы доктар, захінаючы сабой жонку, якая працінала ненавіснымі сінімі вачыма таго, хто калісьці яе згвалціў.
– А я не па запрашэнні, Баўтрамей, я з ягонай мосцю князем Міхалам Казімірам Багінскім! – выскаліўся найміт. – Не мог прамінуць такой магчымасці – паглядзець на вас, мае даўнія сябры. А вы не змяніліся… Ты, Бутрым, усё такі ж нецярплівы, ты, пані мая, гожая, як мадона, а ты, шкаляр, пракудлівы… А дзе ж наймалодшы Лёднік? О, кропля ў кроплю бацькавіч… Умееш ты, Бутрым, баб счароўваць, і сваіх, і чужых, і зусім-зусім чужых…
– Сціхні, Ватман! – спыніў князь Багінскі насмешны маналог найміта, ад якога гаспадар пачаў ужо азірацца ў пошуках шаблі. Вось князь змяніўся: з’явілася выразнае другое падбароддзе, постаць акруглілася, светлыя вочы сталі яшчэ больш пустымі. Князь неадрыўна пазіраў на Лёдніка з сумессю нянавісці і грэблівай цікаўнасці, як на двухгаловае цяля альбо антыкаўнда з вывернутыми ступакамі.
– Мне паведамілі, што ты маеш падарунак асабіста ад яе вялікасці Кацярыны!
Светлыя вочы князя, здавалася, засвяціліся, як у вупыра ад жадання запусціць іклы ў шыю ахвяры. Ды ён жа раўнуе! – дайшло да Вырвіча. Раўнуе да шаленства! Князь што толькі не вырабляў, абы прыцягнуць увагу Кацярыны, у Санкт-Пецярбурзе месяцамі жыў, на флейце перад тады яшчэ жонкай спадчынніка трону мелодыйкі наігрываў, паркет капелюшом падмятаў, кампліментамі сыпаў, як дзядоўнік калючкамі… Кукарэцыямі займаўся, як называлі залёты студыёзусы Віленскай акадэміі. Гатовы быў дзеля дамы самую рэдкую рэліківію здабыць ды аддаць. І дасюль надзей не страціў, медальён з пасмачкай валасоў ды партрэцікам царыцы на шыі носіць, падарункі пасылае, лісты кранальныя сачыняе. І ўсё дарэмна. Магчыма, таму, што не любіць царыца нерашучых ды мягкіх мужчынаў, а Мікалай Рапнін нездарма называў свайго сябра Багінскага мокрай курыцай.
Але такія, як магнат Багінскі, заўсёды перакананыя ў сваёй прыгажосці ды неадольнасці ўласных чараў. Таму й цяпер пазіраў князь на дзюбаносага доктара, якога памятаў яшчэ бяспраўным рабом, як індык на чырвонае, і, напэўна ж, не мог уцяміць, чым гэты прасталюдзец змог зваяваць увагу царыцы, што ў ім ёсць такога, чаго няма ў магутным прыгожым князі. Затое ўвага царыцы да доктара, відаць, падняла таго ў вачах князя настолькі, што не палічыў за ганьбу сам да яго прыехаць. Раней толькі наймітаў слаў.
– Прадай мне гэтую рэч!
Доктар ветліва пакланіўся.
– Выбачайце, ваша мосць, але хіба годна прадаваць падарункі венцаносных асобаў? Гэта абраза каралеўскай улады!
Ватман скептычна пасміхнуўся, а Багінскі злосна раздзьмуў ноздры трохі кірпатага носу.
– Я лепей за цябе ведаю, што такое годнасць і павага да трону! Забыўся, што гэта я цябе з няволі выкупіў, а, доктар?
Пранціш пачырванеў – бо князь Багінскі выкупіў Лёдніка менавіта ў яго, Пранціша Вырвіча, якому ўздумалася са злосці на ганарыстага раба прыкінуцца, што яго прадае. А давялося і прадаць. Лёднік яшчэ раз пакланіўся.
– Павек удзячны вам, ваша мосць. Але прыпамінаецца мне, што выкупілі вы мяне з умовай, каб я спусціўся ў полацкія сутарэнні за рэліквіяй, а за мной вы паслалі Германа Ватмана з загадам па вяртанні мяне забіць.
Пранціш ледзь не стукнуў доктара ў бок, каб зменшыў з’едлівасць, бо так з магнатамі не размаўляюць. Але Багінскаму нават трохі стала няёмка.
– Ну, не варта варушыць даўнія падзеі. Важна тое, што адбываецца цяпер. А цяпер, Баўтрамей, ты ў становішчы незайздросным.
– Я б на ягоным месцы адразу ў труну паклаўся і цвікамі забіўся, – дадаў Ватман. – Столькі ворагаў адразу нажылося з усіх бакоў.
– Затое мы татку любім! – выкрыкнуў Алесь і ступіў наперад з сапраўды годнай шляхецкай паставай. – Мой пан-бацька людзей ратуе! Ён доктар! А ў двубоі перад ім ніхто не выстаіць!
Саламея адразу ж адцягнула сына назад, а князь Багінскі ад здзіўлення трохі супакоіўся і адвёў вочы, памаўчаў і працягнуў больш лагодным тонам:
– Я хачу прапанаваць табе, Бутрым, месца свайго асабістага доктара. З добрай аплатай. І падару табе дом у Слоніме. І дом у Варшаве.
Гэта была шчодрая прапанова… Але Баўтрамей толькі пахітаў галавою.
– Дзякую, ваша мосць. Мне не хочацца пераязджаць у Варшаву. Дый вам было б непрыемна лячыцца ў чалавека, які вам… несімпатычны.
Багінскі ад нецярплівасці парваў карункавую манжэту. Гадзіннік на каміне адбіў час – пяшчотныя званочкі прайгралі некалькі тактаў Гайдна, і накрыўка на бела-сіняй вазе з масянжовай стрэлкай павярнулася на адно дзяленне.
– Тады скажы сам, што ты хочаш за падарунак царыцы! Нашто ён табе, што ты будзеш рабіць з каронай святога Альфрэда? На карнавал адзяваць?
– Дазвольце, ваша мосць, мы пагутарым з ім па-свойску, па– вайсковаму… – лена сказаў Ватман. – Думаю, абшукаўшы гэтую халупу, знойдзем, што трэба…
Пранціш крадма адыйшоўся і ўзяў з падстаўкі шаблі, сваю і Лёдніка… Разумеючы, што справа безнадзейная. Хай бы Лёднік лепей аддаў той кавалак золата, сам жа сказаў, што не ведае, што з ім рабіць.
Але князь Багінскі найміта супыніў.
– Такія падарункі не аднімаюць. Бо гэта абражае таго, хто дарыў. А я глыбока паважаю кожнае волевыяўленне яе вялікасці Кацярыны.
Багінскі кінуў тужлівы позірк на змрочнага доктара. Падобна, ён усё яшчэ верыў, што якая-небудзь цудоўная рэліквія альбо шчаслівы выпадак усё пераменяць і зробяць яго ўладаром над уладарамі і падораць каханне імператрыцы.
– Але я гатовы выкупіць гэты падарунак за любую цану. Як ваявода віленскі, я б мог дапамагчы табе, доктар, шмат у якіх пачынаннях. Падумай. І ў Слоніме табе было б цікава. Я хачу стварыць там Горад Музаў… – цяпер на бледных шчоках князя з’явілася фарба, невыразныя вочы загарэліся – бо князь больш за ўсё на свеце любіў мастацтва, гэтак жа, як ненавідзеў палітыку. – Я будую тэатр – самы лепшы і вялікі ў краіне, каб на сцэну артысты маглі выязджаць на конях! Набраная ўжо выдатная оперная трупа, балет. Будуецца абсерваторыя… Бальніцу хачу зладзіць. Вы б маглі там праводзіць доследы! А, магчыма, і арганізаваць медычную школу!
Багінскі захапіўся, і верылася, што ён сапраўды ўчыніць у Слоніме гэткую выспу прыгажосці і навукі…
– Я падумаю, ваша мосць, – схіліўся доктар.
– Толькі думай не надта доўга, – папярэдзіў Ватман, але глядзеў не на Лёдніка, а на ягоную жонку, якая старанна адварочвалася. – А то самому сябе лячыць давядзецца. Не адсядзішся, доктар. Усё роўна давядзецца далучацца да нейкай большасці, якая заўсёды ўсё вырашае. Дык чаму – не да пераможцаў?
Лёднік прыжмурыўся.
– Вы, пан Ватман, кепска, напэўна, ведаеце беларускую гісторыю. А вось ягонай мосці князю я нагадаю словы канцлера Льва Сапегі, якія ён сказаў, закрываючы правам ліберум вета вальны сойм: “Большасць – гэта глупства. Розум заўжды толькі ў меншасці. Дзяржава, якой кіруе большасць і глупства, мусіць рана ці позна загінуць”.
Князь Багінскі пачырванеў ад гневу, але палітычныя спрэчкі наганялі на яго заўсёды такую тугу, што ён пазбягаў іх нават у выпадку, калі на ягоным баку была перавага. Таму павярнуўся да дзвярэй.
– Дарэчы, ваша княская мосць, ваша малодшая сястра, яе мосць Паланэя, даслала нам ліст, – прамовіў Пранціш у спіну князю – надта ўжо абурыла абыякавасць Багінскага да калісьці ўлюбёнай сястрыцы.
Князь спыніўся, тузануўся, нібы яго выцялі, але не павярнуў галаву.
– І як там наша сястра?
– У вашай княскай мосці цяпер ёсць пляменнік. Францыск Казімір Агалінскі.
Пачуўшы ненавіснае прозвішча нежаданага зяця, князь махнуў рукой, ягоныя плечы бязвольна апусціліся, і Багінскі сышоў, нібыта раз і назаўсёды выкрасліў непакорлівую сястрыцу са свайго жыцця. Падобна, падарункаў ад багатага заакіянскага дзядзькі Францыск Казімір не дачакаецца.
І кітаец Чунь Лі чарговага падарунку не прынёс. Прысеў сціпла на варыўні, параспытваўся пра здароўе пана Лёдніка, з дазволу пана патрымаў яго за руку, заплюшчыўшы вочы, відаць, рабіў сваю асаблівую дыягностыку. Задаволена кіўнуў галавой – падобна, здароўе Лёдніка непакою не выклікала. А тады і перавёў размову ў няспешнай мудрагелістай манеры на свайго гаспадара, вельмішаноўнага пана Міхайлу Разанцава, які прыехаў з Санкт-Пецярбургу, каб здаць справы па купецкім прыказе і з’ехаць з Вільні па новае прызначэнне, і свайго кітайскага слугу прыхопіць.
– Пан Міхайла жадае вас бачыць, пан Лёднік, – пакланіўся кітаец. – Думаю, вам варта суцішыць свае жарсці, высакародны муж павінен быць спакойным, як вада ў шырокай рацэ. У гэтую ваду можа ўвайсці кожны без аніякай перашкоды, але калі ў яго няма сілы пераплысці такую раку, патоне. А вузкая ручаіна бурліць, пырскаецца, адпалохвае ад сябе мінакоў, але той, хто не пабаіцца, яе пераскочыць. Сёння, як сцямнее, па вас прышлюць карэту.
– Я паеду таксама, – падазрона сказаў Пранціш, незадаволены такой таемнасцю. На звычайныя сяброўскія гасцяванні ўначы, патаемна не запрашаюць.
На развітанне кітаец распавёў яшчэ некалькі баек пра мудраца Канфуцыя, які лічыў, што час мяняць імёны – што азначала, кожны павінен заняць у грамадстве месца не па праве нараджэння, а па сваіх асабістых якасцях. Такім чынам сын багдыхана можа аказацца пекарам, а сын пекара – вайскаводцам. Вырвіч надзьмуўся і выйшаў з варыўні: адмаўляць права шляхецкай крыві – гэта ж самога Палямона абразіць!
А потым спадар Лі з Лёднікам, у чаканні, пакуль не сцямнее, зноў гасілі свечку на адлегласці… Ясна, што Лёдніка да пячонак закранула, што граф Батыста змог учыніць такі фокус, а ён, знаўца навук таемных, не!
Але свечка ўсё не жадала згасаць, да шаленства доктара.
А ў доме Разанцава быў рэзрух. Спакаваныя куфры, закрытая палотнамі мэбля… Пранціш сціпла сеў у куце, каб не перакаджаць дзіўнай размове.
Былыя аднакурснікі моўчкі сядзелі за сталом, не кранаючы кубкаў з гарбатай. І надта шмат хавалася за іх маўчаннем.
– Я рады, што ты не памёр, – нарэшце прамовіў Разанцаў.—Хаця там, у вязьніцы, мне падалося, што з табой усё скончана.
– Я, напэўна, таксама павінен быць рады, што не памёр, – глуха адказаў Лёднік. – Хаця мая наяўнасць у свеце жывых усё ўскладняе.
– Не гавары так, Варфаламей! – Разанцаў падняў на сябра змучаныя вочы. – Усё ўскладняе толькі твая ўпартасць. Ведаеш… – павагаўся ён. – У Санкт-Пецярбурзе ёсць магутныя людзі, якія даўно ненавідзяць Георгія Арлова… Ён дурны, нахабны, і царыца ад яго ўжо стамілася. Часам дазваляе сабе проста неналежнае – сам бачыў… Гэтыя людзі маглі б зрабіць стаўку на цябе, Варфаламей…
– Калі б былі ўпэўненыя ў маёй вернасці, і калі б я пагадзіўся кінуць жонку і жыць у граху, загубіўшы душу. Не, запэўніваю цябе, нічога б не атрымалася. Я не Геркулес і не Апалон. І тым болей не палацавы шваркун. Я ліцвін і люблю сваю радзіму.
– Я ведаю… – пасміхнуўся Разанцаў. – Мы і самі не чакалі такога… куртуазнага павароту. Арлоў цяпер са скуры лупіцца, каб яе вялікасць забаўляць ды задавольваць найлепшым чынам. Царыца зноў падпала пад ягоны ўплыў. Вось, мяне адсылаюць у Кітай…
– Значыць, я і табе жыццё паламаў…—задумліва прамовіў Лёднік, аднак без раскайвання. Разанцаў паціснуў плячыма.
– Гэта не такое благое месца, Варфаламей. Калі вярнуся, змагу заняць яшчэ больш высокую пасаду, чым тут.
Сябры – былыя, ці не – не разабраць, ізноў памаўчалі.
– Ведаеш, хачу сказаць, як бы цябе ні цкавалі, штосьці кепскае рабіць цяпер пабаяцца. Яе вялікасць не забываецца на тых, з кім была хоць аднойчы. Ты заўсёды можаш ёй напісаць і папрасіць абароны.
Выразна перакрыўленая фізіяномія Лёдніка сведчыла, што аніколі ў жыцці такога пісьма ён не напіша, няхай бы зноў на кавалачкі дзёрлі.
– З’язджай у Вену, Баўтрамей… – ціха прагаварыў Разанцаў. – Ва ўніверсітэце цябе добра ведаюць. Альбо ў Прагу, у Лейпцыг. І там палітычныя мітрэнгі, але там ты чужы, цябе ў інтрыгі не ўцягнуць, а добрыя дактары патрэбныя ўсім аднолькава. Ты вялікі вучоны. А тут хутка будзе горача. Ведаеш, царыца перапісваецца з магілёўскім біскупам Георгіем Каніскім, пра тое, як абараніць тут праваслаўную царкву. Хутка праваслаўная і пратэстанцкая шляхта збярэцца, падпішуць зварот да імператрыцы, каб заступілася. Пачнецца вайна. Гэтыя землі ўсё роўна ўвойдуць у склад Расіі. Ты не зможаш застацца ўбаку, а куды цябе занясе пры тваім характары – не ведаю…
Прафесар правёў рукой па худым твары.
– Дзякуй за клопат. Я падумаю.
Разанцаў уздыхнуў.
– Пакідаю табе ўсё, што магу… Вось купчая на дом, коней у стайні забярэш… Усё, што ў доме – мэбля, карціны. Мне – навошта… Няма куды цягнуць.
– Не вазьму, – зацяўся Лёднік.
– А я не табе пакідаю. А твайму сыну. Можаш зладзіць тут шпіталь, як марыў… Але найлепей – з’язджай…
Памаўчаў.
– Вось жа, і браты мы па веры, і аднадумцы ў навуцы, а так атрымалася… Спадзяюся, нам не давядзецца адзін аднаго забіваць.
– Кожны павінен выканаць свой доўг перад Айчынай, – ціха прамовіў Лёднік. – Проста Айчына ў нас розная. Ведаеш, я – просты паходжаннем чалавек, але я палачанін… У 1605 годзе ў маім горадзе быў прыняты маніфест, у якім “рыцарства і абывацельства Полацкага ваяводства” заяўлялі, што “ніякія кошты, цяжары і бяспека не такія важныя, як свабода. Яна наймілейшая і найудзячнейшая, пад ёй мы нарадзіліся, жывём і хочам яе цэлую, непарушаную нашчадкам нашым пакінуць…”
На развітанне яны пастаялі моўчкі, хаваючы вочы, а потым усё-ткі рыўком абняліся.
Назад доктар з драгунам ехалі, не размаўляючы, падаў снег, мядзяна-залацісты ў святле ліхтароў, і можна было не азірацца, каб упэўніцца, што сляды твае замяло.
Гэтак жа, як і кафедру прафесара Лёдніка ў Віленскай акадэміі.
Рэктар быў з калегам выключна ветлівы, і выдаў гадавую аплату, але – паколькі лекцый прафесар з пачатку навучальнага году не чытаў, студэнты з сярэдзіны сяместру не могуць жа ўзяцца за вывучэнне прадмету… Так што пагуляйце да наступнага верасня, прафесар. У вас багатая медычная практыка, можаце чытаць факультатыўныя лекцыі… Аптэка акадэмічная зноў жа пад вашай рукою застаецца.
Але на прыём да доктара Лёдніка запрасіліся адразу ўсе… Нават той жа рэктар пачаў жаліцца, што ў спіне штось страляе, быццам фартэцыя абараняецца ад злога войска, і добра было б, каб шаноўны калега ўлучыў часу на кансультацыю, а яшчэ лепей – на свой цудадзейны масаж…
Рэшту дня прафесар правёў у лабараторыі, рыхтучы лекі – мікстуры, адвары, мазі, нават памочнікаў не папрасіў. Вырвіч ведаў, што доктар такім чынам змагаецца з моцнымі перажываннямі. Альбо фехтаваннем, альбо зельніцтвам. Але як прыехаў, за шаблю яшчэ не браўся. Відаць, хапіла пакуль з яго збройных подзьвігаў.
Новаспечаны харужы Пранціш Вырвіч таксама быў пакуль не пры справе. З палка прыйшоў ліст, што ягоная харугва перафармуецца, і, магчыма, пана Вырвіча перавядуць у другое месца, аб чым яму паведамяць лістом.
А плату за год прыслалі таксама.
– Плюнь ты на гэтую акадэмію, Бутрым! – рашуча сказала пані Саламея. – Напеклаваўся ты ўжо з-з яе. Нават калі не хочаш з’язджаць у іншы ўніверсітэт, як лекар не прападзеш, да цябе вунь Масальскія пасылаюць, Пацы, старая пані Браніцкая запрашае для кансультацыі… Ды другі б азалаціўся. Пражывем.
А назаўтра Бутрыму прынеслі нейкі ліст, запячатаны чорным воскам. Доктар пачытаў з невызначальнай фізіяноміяй, раскатурхаў драгуна, які прыдрамаў ля каміну з томікам вершаў, і заявіў:
– Збірайся, жаніх, паедзем у Ляшчыны. Хоць я не бачу, каб ты гарэў палкім жаданнем хутчэй пабачыцца з нявестай, да яе цябе давязу. І буду спакойны хоць за твой лёс. А па дарозе спаткаемся з Батыстай…
Паглядзеў, як Пранціш ускінуўся, і патлумачыў:
– Ад яго, паскудніка, ліст. Паказвацца ў Вільні не хоча, а спаткацца неабходна. Трэба тым-сім з ім абмяняцца… Гэты пазёр прызначыў спатканне ў Гародні, пасля свайго выступлення ў доме гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Вось і білеты даслаў…
Пранціш узяў у доктара два аркушыкі з выцісненымі вензелямі – пальцы чамусьці дрыжэлі – і прачытаў і пра тое, што нашчадак егіпецкіх жрацоў граф Рудольфіюс Батыста будзе дэманстраваць карціны далёкіх краінаў і часоў, і пра егіпецкую прынцэсу Серафіну, якая размаўляе са змеямі, таньчыць на распаленых вуглях і выканае для прысутных сцэну з оперы “Дыдона”.
Пранцішу адразу так яскрава ўспомнілася фігурка ў чырвоным плашчы на фоне белых дзюнаў і чорных дрэў, голас, які ўзлятаў разам з ветрам, крыкі чаіц… Горасныя вочы… Вялікаватыя ружовыя вусны…
Няўжо Раіна Міхалішыўна ўсё жыццё так і правядзе ва ўладзе бессардэчнага Батысты? І той будзе па вечарах па-гаспадарску адводзіць яе ў спачывальню, а пры выпадку прымушаць фліртаваць з уладарамі? Вырвічу нават прыйшло ў галаву, што калі б бацька Раіны, паўстанец Вашчылы, ведаў, які лёс чакае ягоную дачку, ён цалкам меў права заганяць вілы ў жываты панам…
Лёднік пахмура паназіраў за перайманнямі былога гаспадара, прабуркатаў “Ясна…” і сышоў у свой кабінет.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.