Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 9 (всего у книги 18 страниц)
Раздзел шосты. Вандроўныя выдмы і двубой Лёдніка
Горы белага пяску высіліся паўсюль, куды сягала вока, толькі на поўначы замест іх спявала сваю адвечную песню мора. Шэрае, у дробных зморшчынках, там-сям пазначаных белымі мазкамі. Вецер дзьмуў так, што часам займала дыханне, быццам ад хуткага бегу, і пакідаў у роце, у валасах калючыя пясчынкі. На тле белага пяску чорныя мёртвыя дрэвы, пахіленыя ўсе ў адзін бок і нібыта абгарэлыя, глядзеліся, як пакараныя грэшнікі у пекле.
– Тут яшчэ не так даўно быў лес… – прамовіў пан Караль Рысь, які сустрэў вандроўнікаў у Лебе, забяспечыў жытлом і вось – пацягнуў глядзець мясцовыя дзівосы. – Яны рухаюцца… Гэтыя выдмы… І ўсё на сваім шляху знішчаюць, як бы лава падчас вывяржэння вулкана.
Пан Рысь, гадоў трыццаці, высокі, плячысты і гожы, быў адным з альбанчыкаў, гаварылі, што ён зухаваты і дужы не менш, чым Міхал Валадковіч, расстраляны ў Менскай ратушы, і гэтаксама карыстаўся прыхільнасцю Караля Радзівіла. Чорныя вусы пана тырчэлі на адной лініі паралельна зямлі, і на бледным ад прыроды твары здаваліся прыклеенымі. Нават тут пан быў ва ўлюбёным мундзіры Віленскага ваяводства: цёмна-сіні кунтуш, жупан з чырвонымі адваротамі, белая шапка з каракулем, бурка, жоўтыя боты.
– Дык што, гэтыя пяскі і горад замятуць? – здзівіўся Пранціш.
– Ужо замялі, – патлумачыў альбанчык. – Горад быў раней тут, дамы стаялі… Потым людзі перабраліся далей. Бо не могуць чалавечыя высілкі стрымаць гнеў Божы…
Пан паказаў на роўныя шэрагі драўляных сваяў, акаваных жалезам, што былі ўбітыя ў пясок.
– Вось так і нас нішчаць і змінаюць, і ператвараюць у вартыя жалю руіны! – з пафасам, як на сойме, прамовіў альбанчык. – Падумайце толькі – палякі не захацелі падтрымаць пана Караля Радзівіла, бо ён болей любіць ліцвінаў, у Варшаве нудзіцца па Нясвіжы. Маўляў, што за кароль, які адну палову каралеўства любіць больш за другую. І мы атрымалі на сваю шыю Цялка! Таму хутка з усёй дзяржавай будзе, як тут – паглядзіце, стагоддзе таму там стаяў касцёл!
Праз пясок чырванелі цагляныя абрысы падмурка, быццам засохлая кроў. Здавалася, гэтым руінам не менш за тысячу гадоў. Пранціш глядзеў вакол і намагаўся запомніць радкі, што складаліся ў галаве – запісваць на вачах ва ўсіх не было як, гэта Удальрык Радзівіл мог спыніцца пасярод залы з радавітымі гасцямі і крэмзаць у раптуляр прадыктаванае натхненнем, не зважаючы на насмешкі і пытанні. Але ж на тое ён і магнат, які можа быць хоць жорсткім тыранам, хоць дзіваком, замовіць партрэт неіснуючай ідэальнай дамы і суткамі распяваць карціне мадрыгалы. А Вырвіч – бедны шляхцюк і нікому не вядомы паэт, да якога проста прыходзяць вершы.
…Выдмы ідуць. Паглынаюць дамы і касцёлы.
Чорныя мёртвыя дрэвы – як помнікі ім.
Хвалі марскія ўсё прагнуць прасторы і волі,
І наступае ўсё далей імперыя выдм.
Белы пясок, а за ім – цёмна-шэрыя хвалі,
Што ні імперыя – межы свае праміне.
Ну і навошта мы храмы свае будавалі,
Раз апынуцца пад выдмамі, потым – на дне?
Мовай пяску загавораць лясы і паляны,
І балаты ператворацца ў белы пясок.
І застанецца над выдмамі крыжам драўляным
Мачта майго карабля, што нікуды не ўцёк.
– Выдатныя дэкарацыі! – прамовіў граф Батыста. Вецер раздзімаў ягоны чорны плашч так, што здавалася, маг зараз ператворыцца ў кажана і ўзляціць у шэрае неба. – Ты згодна, міа кара?
Тужліва закрычалі чаіцы. Міхалішыўна, якая ў пунсовым плашчы нагадвала дзівосную кветку сярод мёртвага саду, з насалодай удыхнула халоднае марское паветра.
– Так, менавіта ў падобных месцах павінны разыгрывацца самыя вялікія трагедыі!
– Ну што ж, – прамовіў Батыста, адварочваючыся ад парываў ветру, – падары нам незвычайнае ўражанне. Думаю, арыя Дыдоны, пакінутай Энеем, тут прагучыць дарэчы… Стань вунь там, на адхоне, ля дрэва!
Міхалішыўна пакорліва схіліла галаву і, правальваючыся па шчыкалаць у пясок, узбегла на адхон дзюны – Пранціш нават не паспеў прапанаваць ёй руку.
– Асцярожней, тут месцамі можна ўваліцца, як у дрыгву! – папярэдзіў Рысь, але Міхалішыўна ўжо застыла на месцы.
– Ёй будзе цяжка спяваць, пан Батыста! – змрочна прамовіў Лёднік. – Моцны вецер, да таго ж з пяском… Яна можа пашкодзіць звязкі!
– Серафіна мацней, чым вы думаеце, – насмешна адказаў маг. – Яна ўладарыць над стыхіямі…
– Як толькі чалавек вырашае, што над чымсьці ўладарыць, Гасподзь адразу ж даказвае яму адваротнае, – адрэзаў доктар.
– З такімі поглядамі васпану найлепей было б у кляштары, – не хаваючы раздражнення, адказаў Батыста. А Пранціш і пан Рысь глядзелі на актрысу: яна нейкі час пастаяла каля чорнага пахіленага дрэва, паклаўшы на яго руку і пра нешта думаючы… А потым, калі ўскінула галаву, з якой зняла шапку, і чорныя валасы яе ляцелі па ветры, і лунаў чырвоны плашч – драгуна як па сэрцы разанула… Бо гэта была ўжо не прыгонная актрыса і не асістэнтка шалбера-фокусніка, а царыца Карфагену Дыдона. Бровы трагічна выгіналіся над глыбокімі гораснымі вачыма, белыя тонкія рукі сціскаліся ў адчаі.
– Калі на горад, грэшны і распусны,
Багі абрушваюць свой гнеў – зямлю ўзразаюць
Расколіны, у студнях – соль і жоўць,
І гора тым, хто толькі нарадзіўся…
Мая душа – нібы пракляты горад…
З расколінаў надзеі льецца кроў,
І здрады жоўць пячэ, і вочы слепнуць
Ад солі слёз… Каханне, ты – праклён!
Словы, магчыма, былі не надта зграбныя, але пра гэта не думалася. Таму што пачуццё, укладзенае ў іх, было сапраўдным. Пранціш успомніў, як Міхалішыўна іграла ў Слуцкім тэатры – і тады яе майстэрства зачароўвала, а ад тых часоў яшчэ ўзрасло. Яе голас быў глыбокі і гучны, без дрыготкі, якая часта псуе самы лепшы тон. Батыста паглядаў на Пранціша і пана Рыся з выглядам князя Радзівіла, які дэманструе гасцям сваю скарбніцу, набітую па самую столь, упэўнены, што тыя не ўразіцца проста не могуць, і больш за ўсё на свеце жадаюць займець хоць частку ўбачанага…
Міхалішыўна скончыла спяваць, грацыёзна раскланялася… Яе чырвоны плашч лунаў, як ветразь.
– Ну як, панове? Чароўнае відовішча? – задаволена папытаўся італьянец, чый парык на фоне шэрага неба і белага пяску здаваўся брудна-шэрым, як быццам ім выціралі пыл.
Пан Рысь падкруціў вусы, ад чаго іх кончыкі ваяўніча прыўзняліся.
– Цалую пані ручкі і ножкі… Вам пашанцавала, пан Батыста, валодаць такой прыгажуняй… У мяне ажно слёзы на вочы навярнуліся. Хаця мая мілая жоначка ў мяне слёзы яшчэ вярней здабывае.
Альбанчык весела і мройна засмяяўся сваім успамінам.
– А што, пані Рысь таксама прыгожа спявае? – хаваючы раздражненне, спытаў італьянец, які, пэўна, разлічваў, што егіпецкая прынцэса разам з драгунам счаруе і альбанчыка, раз уздзейнічаць на зацятага Лёдніка – гэта разумелася ад пачатку – было бескарысна.
Пан Рысь ганарыста ўсміхнуўся.
– О, мая Магдуля ўмее ўсё! Яна, панове, амазонка, Дыяна, каралеўна мая! Я ж яе адбіў у аднаго пястуна мамчынага, смятанніка… Я на сотні двубоях біўся, і на ўсіх перамог! А той без цёплага каптанчыка і ўлетку не выйдзе. А Магда ў бякаса на скаку трапляе! Мы з ёю – дабраная пара… Дык вось, упадабаў я адну забаву – страляць па абцасах жончыных туфлікаў… Ну так міла атрымліваецца… А паслухаць жоначку пасля ды кухталя атрымаць, і пацалункамі выбачацца – мілата! – твар пана Рыся расплыўся ва ўсмешцы. – А яна зараз цяжарная, дык забараніла мне гэтую гульню… А на днях не вытрымаў я… Былі мы ў спачывальні, а Магдуліны чаравічкі так спакусна стаяць ля дзвярэй… Прыцэліўся… А жоначка хапае са стаўбурка другі пісталет: “Як васпан мой абцас адстрэліць, дык я яму такім жа чынам пас развяжу!”. Стрэліў… А тады й яна… Я бокам да яе сядзеў, а куля мне і развязала пас!
Пан шчасліва засмяяўся, а Пранціш мімаволі зірнуў пану на жывот, нібыта там хацеў убачыць дзірку. Батыста крыва пасміхнуўся, усвядоміўшы, што альбанчык шчыра закаханы ў жонку, і пакіраваць ім праз егіпецкую прынцэсу не ўдасца.
Лёднік падыйшоў да Міхалішыўны, усмешка той стала змушанай. Падобна, доктара актрыса баялася не менш, чым мужа.
– Я б не раіў пані ў бліжэйшы час спяваць на холадзе. Я заўважаю прыкметы застуды. Перадам вам лекі, а то запаленне пяройдзе глыбей, да бронхаў. І пасядзець бы вам у цяпле колькі дзён…
– Я сам здольны вылечыць сваю жонку, – тут жа азваўся Батыста, ягоныя шэрыя, шырока расстаўленыя вочы былі калючымі, як студзеньскія ледзяшы. Чайкі закружлялі над шэрымі хвалямі і закрычалі асабліва жаласна, як людзі, што вярнуліся ў роднае паселішча ды пабачылі адны папялішчы. Лёднік не стаў спрачацца з італьянцам, паціснуў плячыма і адыйшоўся. Ён выдатна ведаў, што калі заступаешся за нявольніка перад ягоным уладаром, той спагоніць гнеў на тым, за каго ты заступаўся.
А Міхалішыўна раптам загледзелася на чаек, распрастала рукі, як крылы, засмяялася і затанцавала, пераймаючы парывістыя рухі крылатых гараватак – чырвона-чорная птушка, абрынутая на белы пясок… Артыстка, што з яе ўзяць! Але была ў гэтым такая юная дзёрзкасць і прыгажосць, што нават Лёднік усміхнуўся. In arte libertas!
Батыста, праўда, скрывіўся і злосна бліснуў вачыма – мусіць, перападзе зноў дачцы крычаўскага збройніка за тое, што забылася на годнасць егіпецкай прынцэсы.
А белыя горы павольна працягвалі свой рух, і што ім было да казюрак, якія варушацца на іх спінах, думаючы, як падмануць адна адну.
Дом, які яны займалі, знаходзіўся ля самага мора, наводшыбе. Аднапавярховы, але даўжэзны, як каралеўскія стайні, з высокім дыхтоўным плотам, ён не здаваўся асабліва багатым. Але ўнутры было дзіўна: быццам нехта вываліў воз магнацкіх рэчаў у хату шарачка, каб прыкрасіць непрывычна для сябе бедны побыт. Драўляная, неахайна выструганая лава – а побач столік вытанчанай разьбы з чырвонага дрэва. Сцяна з голых бярвенняў – а на ёй раптам італьянскі пейзаж у залачонай рамцы.
Пан Шрэдэр, з якім сустрэліся за вячэрай, з заўсёднай ласкавай усмешкай абвесціў, што карабель прыпазняецца з-за неспрыяльнага надвор’я, але будзем маліцца, і справа атрымае годнае завяршэнне.
Значыць, пакуль можна смела вячэраць: атруту падсыпаць рана.
Сцены залы былі завешаныя габеленамі з выявамі сцэн Хоцінскай баталіі, калі войска кароннага гетмана Яна Сабескага разбіла войска Гусейн-пашы – яшчэ адна праява недарэчнай у сціплым будынку палацавай раскошы. У бойцы пад Хоцінам загінуў прадзед Вырвіча, але шаблю ягоную, Гіпацэнтаўра, напоенага варожай крывёй, баявыя таварышы перадалі сям’і загінулага, і была яна цяпер у Пранціша, апошняга з роду. На габелене гусары Ябланоўскага несліся ў атаку, за іхнімі спінамі біліся і гулі крылы на драцяных каркасах, коні пакрытыя лемпардавымі скурамі… Эх, слаўная была бітва! Не брат на брата ішоў…
Пан Рысь, асушыўшы трэці келіх віна, стукнуў рукой па стале.
– І карона, бласлаўлёная папам, знойдзе, нарэшце, годную галаву! Qui desiderat pacem, praeparet bellum! (Хочаш міру – рыхтуйся да вайны. – лац.) Я прывёз сюды сто тысячаў дукатаў – сабраў з усіх сваіх маёнткаў і з маёнткаў братоў маіх альбанцаў, каб перадаць пану свайму Каралю Радзівілу, і калі трэба будзе апошні срэбны кубак закласці – закладу. Гэта ж выдатная задума – адкрыць у Рыме кадэцкі корпус! Станіслаў Ляшчынскі зладзіў жа такі ў Францыі, у Люнэвілі… Няхай хоць далёка ад радзімы гадуюцца сапраўдныя патрыёты!
Строгія погляды Шрэдэра на пана Рыся ўплыву не мелі. Ён, асабліва падагрэты мальвазіяй, лічыў, што знаходзіцца ў кампаніі адзінадумцаў, і не збіраўся нічога ўтойваць.
– А хто больш годны? Князь Міхал Багінскі, які пра тую карону марыў, з Цялком сябруе, і кажуць, завёў сабе каханку-мужычку, за сэрца якой яны з Панятоўскім зараз змагаюцца. О то ж высакародныя асобы! Аляксандр Сапега прыняў булаву вялікага гетмана – і радуецца, як дзіця цацку атрымала. Толькі пан Караль – сапраўдны шляхціц, захавальнік сармацкіх традыцый! Памятаю, як у юнацтве апынуліся мы з ім за адным сталом. Я – сын слуцкага арганісты, ён – сын князя. І пан Караль сказаў, што мне пасуе не шляхецкая шапка, а дактарантка, якія арганісты носяць. А я выклікаў яго на двубой, бо і я шляхціц такі ж, як ён! Пабіліся добра… І мне пашана толькі ад пана Караля была – за смеласць. А пасля, калі памёр ягоны дзядзька, пан Геранім Радзівіл, які мной апекаваўся, пан Караль узяў мяне да сябе, і прыняў у альбанскую банду. І міласцямі сваймі адорваў…
Тры чалавекі за сталом пачуліся не лепшым чынам. Значыць, пан Рысь бываў у Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле і мог бачыць там Пранціша і Баўтрамея, якія ледзь той замак на кавалачкі не разнеслі, вызваляючы Саламею Рэніч. І актрысу Міхалішыўну мог пазнаць… Але калі б такі відны пан тады ў замку прысутнічаў, Пранціш абавязкова б яго запомніў! Мусіць, размінуліся яны з ім, слава святому Франтасію…
– А вось чараўнікоў пан Геранім не любіў! – як па намове, заявіў пан Рысь, падымаючы чацвёрты келіх і кідаючы хуткі позірк на Батысту. – Чараўнікоў у нас на ланцуг у сутарэнні садзілі. Яны брата пана Гераніма, князя Марціна, з розуму звялі!
Пра чараўнікоў на ланцугу Пранціш і Лёднік ведалі выдатна. Бо абодва ў слуцкіх сутарэннях пабывалі. На шчасце, Батыста занадта раззлаваўся, адчуўшы выпад у свой бок, каб прамаўчаць.
– Ёсць чараўніцтва, а ёсць высокія духоўныя практыкі! – завёў ён. – Не кожнаму проста пад сілу іх асэнсаваць. Мяне запрашалі праводзіць сеансы каралеўскія фаміліі Еўропы! Я паказваў тое, чаму навучыўся ў бесцялесных субстанцый, перад ягонай мосцю Аўгустам III, перад ягонымі мосцямі французскім каралём і герцагам Брандэнбургскім, мяне запрашае да сябе расейская імператрыца, і ў дамах іх мосцяў Радзівілаў я з поспехам выступаў, і чуў ухвалы і сустракаў пашану!
Пан Рысь пазіраў зялёнымі шалёнымі вачыма – ён толькі што асушыў пяты келіх, і Пранцысь разумеў, што пан шукае толькі найменшай падставы, каб схапіцца за шаблю.
– У Варшаву прыехаў ваш зямляк, такі фацэт Казанова. Таксама яго прынялі ў лепшых дамах, нават Цялок-Панятоўскі прыгалубіў… Што мяне не дзівіць, бо Цялкі – не самая старажытная шляхта, і нюху на высакародную кроў не маюць. З-за нейкай італьянскай балярыны Казанова пасварыўся з князем Браніцкім, падстоліем, і выклікаў на двубой… Ды не на сумленных шаблях біліся, а на пісталетах! Няшчасны князь быў падступна паранены ў жывот – ляжыць цяпер, дактары не ведаюць, ці акрыяе. Тады пачалі высвятляць, што за асоба можа стацца прычынай смерці падстолія і ваяводы. І што б вы думалі? – пан Рысь выжлуктаваў яшчэ адзін келіх, выцер кроплі з вусоў, якія пачалі стамлёна абвісаць. – Высветлілася, што Казанова – нат не дваранін, а звычайны шалбер, прайдзісвет, у Італіі сядзеў у турме за зганьбаванне высакароднай дзяўчыны, з Францыі ўцёк, бо скраў грошы… Вядома, усе дзверы пасля такіх звестак перад махляром зачыніліся, і ён хуценька з’ехаў. А Браніцкі яшчэ й высакародна прасіў, каб ягонага магчымага забойцу не пераследвалі. Я б з тым Казановам шаблі не скрыжоўваў! Я б яго на зямлі расклаў ды загадаў сто дзягаў усыпаць!
Батыста трохі збляднеў і прыкусіў губу. Пан Рысь угледзеўся ў яго каламутнымі зялёнымі вачыма і расчаравана адвярнуўся, зразумеўшы, што гэты шаблю не выхапіць, хоць ты яго віном аблі. Цяпер пад прыцэл патрапіў Лёднік.
– Не прызнаю, як і князь Караль Радзівіл, новай шляхты. Але ведаю, што пан Лёднік зарабіў шляхецтва паводле Статута, на полі бойкі, выратаваўшы жыццё вялікаму гетману, светлай памяці ягонай мосці Міхалу Радзівілу, бацьку пана Караля. Бачыў пана Лёдніка на хаўтурах гетмана ў Вільні… Напэўна, пан добра валодае шабляй? Тады чаму ён не пайшоў служыць свайму дабрадзею, як шляхціц? У войска? Няўжо клісцірная трубка больш годная, чым сумленная зброя?
– Пан Лёднік – знакаміты вучоны, – умяшаўся Вырвіч. – Ён лячыў пана Міхала Радзівіла!
– Вось яно што… – пагрозна прамовіў Рысь. – Відаць, доктар вы не такі добры, як фехтавальшчык.
– Усё ў волі Божай. Я ўсіх лячу аднолькава, і жабрака, і князя, укладаючы ўсё сваё ўменне. Відаць, я быў няварты таго, каб праз мяне Гасподзь даў ацаленне майму дабрадзею, ад чаго шчыра сумую.
Лёднік глядзеў у талерку і здаваўся каменным помнікам, які чамусьці вырашыў павячэраць. Пранціш ведаў, што доктар угневаны, але ведаў, як сын полацкага гарбара не любіць звычая шляхты чапляцца, падвыпіўшы, адзін да аднаго, каб паказаць зухаватасць ды пабіцца. Ён часта казаў, што ад дурной смерці не ўратуе нават дасканалае ўменне – бо аднойчы і качарга страляе.
Рысь нейкі час сядзеў, утаропіўшыся ў доктара вачыма, якія здаваліся ўжо не зялёнымі, а жоўтымі, як у сапраўднай рысі. Лёднік калупаўся лыжкай у гуляшы, жаданы двубой зноў зрываўся. Тады пан перавёў вочы на Пранціша.
– А адкуль родам пан Вырвіч? Якімі маёнткамі ўладае?
Пранціш адчуў, як загарэліся шчокі, кроў застукала ў скроні. Колькі яму ў юнацтве давялося выцерпець насмешак за тое, што бедны, што разам з бацькам поле арэ! Таму падобныя закіды падалі на ягоную свядомасць, як вада на распаленую патэльню. Лёднік паспяшаўся перавесці размову на апошні сойм – той, дзе абмежавалі ліберум вета, выклікаўшы незадавальненне шляхты, але ж і расейцаў з прусакамі раззлавалі, бо гэта азначала, што новы кароль усё-ткі наважыўся на рэформы, насуперак дамове, і краіна, якой наканавана згінуць, можа ўзмацнець. Згадкі пра сойм звычайна адразу выклікалі буру, але пан Рысь быў занадта напіты, і бачыў перад сабой адну мэту: пабіцца.
– Чаму пан Вырвіч не адказвае мне? Ён саромецца сваёй радзіны?
Пранціш адсунуў талерку, Ян Сабескі на габелене замахнуўся шабляю на туркаў.
– Я – Франтасій Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр, апошні ў родзе, які ідзе ад самога Палямона. З намі ў сваяцтве князі Слуцкія і Астрожскія…
– А яны пра гэта ведаюць?
Гэта была сапраўдная абраза, якой ні адзін праўдзівы шляхціц сцярпець не можа. Вырвіч, сціснуўшы зубы, падняўся, каб узяць шаблю, пакінутую разам са зброяй іншых гасцей на спецыяльнай падстаўцы ля дзвярэй – па звычаі, за стол са зброяй не садзіліся, бо тады ў келіхі занадта часта налівался б цёплая кроў.
Шрэдэр нарэшце ўмяшаўся… Але ягоныя словы з пана Караля Рыся сцякалі, як вада з воску.
– Ты, манах, пацеры свае чытай, а ў шляхецкія справы не лезь.
Вось тут, мабыць, Шрэдэр пашкадаваў, што пазбавіўся ад баявітага Зыгмунта Гроса.
– А ці не станьчыць мне дзеля высакароднай кампаніі? – ускочыла з месца Міхалішыўна. – А пан Рысь будзе маім кавалерам… Я ўпэўнена, што вашамосць гжэчна таньчыць…
– Егіпецкіх скокаў не ўмею, – з’едліва адказаў Рысь, нат не перавёўшы позірк на прыгажуню. – А вось пан Вырвіч, падобна, захацеў са мной патаньчыць…
Вырвіч ужо схапіў сваю шаблю, але перад Каралем Рысем вырас Баўтрамей Лёднік.
– Я не толькі клісцірнай трубкай валодаю, вашамосць. Хаця вам не пашкодзіла б добра прамыць… толькі не вантробы, а мазгі.
– Бутрым, не ўмешвайся! – крыкнуў Пранціш. – Ён мяне абразіў!
– Але мяне ён абразіў першым. Праўда, вашамосць? – спакойна прамовіў доктар. Рысь задаволена выскаліўся, адзін вус у яго зноў тырчэў баявіта, другі быў апушчаны.
– Гатовы зараз жа задаволіць крыўду васпана!
Альбанчык быў п’яны, але не так, каб хістаўся. Наадварот – прадчуванне хуткай сутычкі нібыта працверазіла пана, вочы яго блішчэлі, ноздры раздзімаліся… Адразу было відно, што зараз ён – у роднай стыхіі, як стронга ў вадаспадзе, і ніякія ўгаворы не падзейнічаюць.
– Толькі ў мяне адна ўмова, – цвёрда сказаў доктар. – Калі я тры разы запар выб’ю шаблю з рукі васпана, ён папросіць прабачэння ў пана Вырвіча.
– Тры разы? – пан Караль зарагатаў, схапіўшыся за пояс, быццам пабачыў, як заяц нюхае табаку. – Ну, калі гэта неверагоднае здзейсніцца, гатовы папрасіць прабачэння і ў пана Вырвіча, і ў цябе, і больш з вамі абаімі на двубоях не біцца – бо толькі нячыстая сіла можа даць подобнае ўмельства, а супраць нячысціка толькі наш князь Караль Радзівіл здольны выстаяць, а не мы, простыя шляхціцы.
Пане Каханку, як вядома, любіў частаваць гасцей і прыдворных байкамі пра ўласныя прыгоды, як нарадзіў з русалкай селядцоў ці выбраўся з бітвы на палове каня, а таксама пра сваю пераможную бойку з нячысцікам. Чым збіў з тропу калісьці свайго сябра Валадковіча, які зажадаў здзейсніць падобны ж подзьвіг і бегаў п’яны ноччу па могілках, выклікаючы суперніка з рожкамі.
Гусары на габеленах скакалі ўсё гэтак жа баявіта і няўмольна, змінаючы купку ворагаў у цюрбанах. Шрэдэр незадаволена хмурыўся, але маўчаў.
– Пайшлі на двор! – альбанчык узяў шаблю і рушыў за дзверы. Граф Батыста з задавальненнем застаўся б у пакоі са Шрэдэрам, але нікуды не дзенешся, калі выдаеш сябе за графа – у высакароднай асобы свае абавязкі. Пайшла за мужчынамі і ўстрывожаная, збялелая Міхалішыўна.
Зямля размокла ад дажджу, ад травы засталася толькі рудая каша. Лёднік стаяў у расслабленай паставе, апусціўшы шаблю, чорныя пасмы валасоў захіналі ягоны змрочны худы твар. Пан Рысь паблажліва глядзеў на суперніка, які не выклікаў ніякай перасцярогі. І, калі Пранціш падаў знак сыходзіцца, альбанчык нават не зразумеў, як гэта ягоная шабля аказалася на зямлі. Пачырванеў, як кармазынавы жупан, патрос рукой, схапіў сваю зброю і кінуўся на доктара, што, нібыта засумаваўшы, стаяў насупраць.
Лязо зноў уторкнулася ў вільготную зямлю, эфес загайдаўся, як бы ад ветру.
Цяпер назіраць двубой было цікавей за любы сеанс магіі. Віленскі доктар рухаўся імкліва, не ўсочыш, гэта сапраўды нагадвала пагрозны танец. Шабля раз’ятранага пана Рысі зноў вылецела з рукі гаспадара, той і сам некалькі разоў паваліўся, не ў змозе стрымаць ворага ці хаця б угнацца за ім. Жоўтыя боты пана цяпер былі жоўтымі толькі часткова, пераняўшы плябейскі колер глебы.
Нарэшце задыханы пан, змушаны круціцца ваўчком, паваліўся проста на тое месца, пад якое высакароднай асобе на цвёрдую лаву падкладаюць аксамітную падушачку. Тут жа дзесьці побач закукарэкаў певень, яму азваліся таварышы па ўсёй Лебе, быццам птушынае войска праводзіла пераклічку перад рашучай бойкай з усімі кухарамі свету.
– Тры! – пераможна выгукнуў Пранціш, на ўсялякі выпадак не здымаючы рукі з дзяржальна свайго Гіпацэнтаўра. Мала што зараз выкіне гэты шалёны!
Але пан Рысь устаў, крэхчучы, абцёр рукавом спацелы твар, падняў здрадлівую шаблю, сунуў яе за пояс і паматаў галавою, як чалавек, які толькі што прачнуўся ад начнога жаху і спрабуе хутчэй вярнуцца да свядомасці. Доктар стаяў, як нічога не было, ягоная шабля таксама месцілася за поясам, рукі скрыжаваныя на грудзях, аблічча спакойна-грэблівае.
– Трэба ж, ні кроплі крыві… Што ж гэта за бойка, у якой кроў не пралілася! – трохі пакрыўджана прамовіў пан Рысь, як малы, які ўпэўніўся, што алавяны жаўнерык сам не ходзіць.
– Васпан незадаволены? – халодна прагаварыў Лёднік. Рысь шумна ўздыхнуў.
– Дамова ёсць дамова, шляхціц слова стрымае, нават калі за гэта яму ў чыстцы пяты падсмажаць.
Павярнуўся да Пранціша, урачысты, як штандар.
– Пан Вырвіч, прыношу сваё шчырае выбачэнне. Не сумняюся, што вашамосць мае самых высакародных продкаў.
І зноў паглядзеў на доктара.
– І перад васпанам выбачаюся. Прызнаю, што пан умела валодае не толькі клісцірам, але і шабляй.
Махнуў рукой і аж застагнаў ад роспачы.
– А я слова даў, што з панам больш біцца не стану! А як жа я хацеў бы яшчэ выпрабаваць ваша майстэрства!
Лёднік паціснуў плячыма.
– Для гэтага не абавязкова сыходзіцца на двубоі. Я магу проста пафехтаваць з панам дзеля ўзаемнага трэнінгу.
Аблічча Рысі прасвятлела, вусы ваяўніча натапырыліся.
– Скарыстаюся літасцівай прапановай вашамосці!
– Толькі не зараз жа, – паспешліва прамовіў Лёднік. – Давайце пойдзем у дом – а то графіня Батыста зусім змерзла.
І праўда, Міхалішыўна выбегла з дому ў адной сукенцы, і цяпер абдымала сябе тонкімі рукамі, спрабуючы сагрэцца. Граф Батыста, зразумеўшы, што выглядае не надта галантна, падыйшоў да жонкі, накінуў на яе свой плашч, абняў за плечы і павёў у дом. А пан Рысь, падобна, прасякнуты самымі цёплымі пачуццямі да свайго нядаўняга праціўніка, запатрабаваў ад таго адзначыць шчаслівае сканчэнне бітвы. Рука пана, з якой выбівалі шаблю, была ўсё-ткі пашкоджаная, Лёднік паставіў дыягназ – расцягненне звязак, наклаў шчыльную павязку, і пан Рысь запэўніваў, што найлепшыя супернікі па двубоі – гэта дактары: сам параніць, сам вылечыць.
Напаіць доктара не ўдалося, ён абмяжоўваўся карысным для стрававання бураковым квасам, але затое пан Рысь, змораны практыкаваннямі, якія ўчыніў яму Лёднік, суцешыў сябе, як мог, і мальвазіяй, і медавухай, і ядлоўцавым лікворам крамбамбуляй, і ў ложак пана аднеслі слугі. А доктар нарыхтаваў адвары Шрэдэру і яшчэ з дапамогай Пранціша перадаў зелле Міхалішыўне. Батыста як бы выпадкова час ад часу пакідаў маладога драгуна са сваёй жонкай, ад чаго было і прыемна – чаму б лішні раз не патрымацца за белую ручку, і трохі непамысна – як шчупаку, які спазнаў, што спакусны кавалачак ежы, які сам просіцца ў пашчу, неаддзельны ад сталёвага кручка.
Мора шумела, як быццам незадаволеныя сваім лёсам вадзянікі і русалкі праводзілі сойм і ніяк не маглі прыйсці да адзінай думкі, як лаўчэй затапіць абрыдлую сушу халоднымі хвалямі. Белыя дзюны няўмольна і незаўважна набліжаліся да чалавечага жытла, ламаючы, як сухія травінкі, векавыя сосны.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.