Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 14 (всего у книги 18 страниц)
Батыста аж загайдаўся ад такіх слоў. Вось табе і карона святога Альфрэда, “запрашальны ліст да любога каралеўскага двара”. У манархаў свой гонар, пан жрэц… Людзі зашапталіся, спрабуючы адгадаць, што паднёс імператрыцы маг, але царыца ўдакладняць не стала, а загаварыла пра самае цікавае.
– Ты, Разанцаў, сцвярджаеш, што не быў у змове са сваім сябрам прафесарам Варфаламеем Лёднікам, і калі прыйшоў на чале войска ў дзвесце жаўнераў арыштоўваць змоўшчыкаў, той проста сілай не даў вам гэта зрабіць, не пусціўшы ў залу.
– Так, ваша вялікасць… На жаль, Варфаламей не паслухаўся голасу розуму, – Разанцаў схіліўся ў нізкім паклоне. Жанчына на троне перавяла позірк на палачаніна.
– І ты можаш пацвердзіць, Варфаламей Лёднік, што адзін спыніў дзвесце чалавек?
Высокі маладзён ля трону выразна хмыкнуў, абмерваючы пагардлівым позіркам худую постаць злачынцы.
– Я не Галіяф, ваша вялікасць, каб справіцца з двумя сотнямі, – пачціва пакланіўся Лёднік. – Мне проста давялося цягам некалькі хвілінаў абараняць уваход у залу, у дзверы якой адначасова могуць прайсці не больш двух чалавек…
– І на колькі ты іх затрымаў? – з паблажлівай зацікаўленасцю спытала імператрыца.
– Думаю, хвіліны на дзве, ваша вялікасць.
– Разанцаў, тваё слова?
Пан Міхайла цвёрда адказаў:
– Не менш пяці хвілін пратрымаўся, ваша імператарская вялікасць.
У зале зашапталіся, заварушыліся, як госці на вяселлі, на якое спазняецца жаніх. Пранціш ад хвалявання пераступіў з нагі на нагу, праклятая рэптылія зноў варухнулася ў клетцы, на гэты раз не захутанай, таму на егіпцяніна з ягонай пачварай увесь час раздражнёна касавурыліся.
– Матухна, царыца, ды яны хлусяць табе! – выступіў наперад Арлоў, які адзіны мог дазволіць тут сабе дзёрзкасць умешвацца ў размову ўладаркі. – Ды паглядзі на гэтага чарнявага палячышку, я ж яго адной рукой размажу! Трубка клісцірная, а не ваяр! Падзялілі золата ад бунтаўніка Радзівіла, і табе, матухна, вочы зацярушваюць…
– Я не паляк, ваша светласць, я ліцвін, – дазволіў сабе нечуваную дзёрзкасць і Лёднік, насмеліўшыся запярэчыць. – І даю слова, што граф Міхайла Разанцаў, хоць і аднакурснік мой па Лейпцыгскім універсітэце, у змову са мной не ўступаў, сумленна выконваў свой доўг перад вашай імператарскай вялікасцю і ніякай паблажлівасці да мяне не праяўляў. Следства было самым суровым, доказы чаму ёсць на маёй спіне.
Загаварыў рашуча і Міхайла Разанцаў:
– А я мушу засведчыць, што доктар Баўтрамей Лёднік адразу заявіў, што не хоча нікога забіваць, толькі абараніць сваіх студэнтаў, і ніхто ад ягонай шаблі не загінуў і не быў паранены. Ён здаўся сам. І падчас допытаў прызнання віны ад доктара атрымаць не ўдалося.
Арлоў ганарыста пасміхнуўся:
– Вось бачыш, матухна, як яны адзін аднаго абяляюць… Дазволь, пасля таго, як іх абаіх адправіш у таемную канцылярыю, я вазьму пару палкоў ды тое бунтоўнае кубло ў Вільні з зямлі прыбяру.
Відаць, Мікалай Рапнін вырашыў, што час пераводзіць размову на іншае:
– Няхай ваша імператарская міласць дазволіць мне выказаць сваё нявартае меркаванне, але, думаю, мы зможам лёгка даведацца, хто гаворыць праўду. Паколькі ў нас ёсць галоўны герой, – Рапнін паказаў на Лёдніка, – дык няхай ён і прадэманструе нам, як змог затрымаць адзін узвод жаўнераў.
Ясна было, што менавіта на гэтую пастаноўку і разлічвалі. Царыца павесялела:
– Што ж, гэта будзе цікавы працяг карнавалу!
Звярнулася да Лёдніка:
– Ты гатовы да выпрабавання?
Доктар паціснуў плячыма.
– Баюся, што я не ў лепшым стане зараз і магу расчараваць вас… – азірнуўся на збялелага Рапніна і не менш збялелага Разанцава. – Але пакажу, што змагу.
– Вось і выдатна! – кіўнула царыца. – Тут справа не ў закалоце студэнтаў, а ў тым, што пастаўлена пад сумніў вернасць маіх людзей. Так што пастарайцеся, пан Лёднік. Забіваць забараняю, а лёгкія раны будуць на сумленні тых, хто схібіў і прапусціў удар.
– Ваша імператарская мосць, – ступіў наперад Рапнін. – Мы адчынім вось гэтыя бакавыя дзверы, і няхай з галерэі паўз доктара паспрабуюць прабіцца жаўнеры ў дзверы насупраць.
– А людзей я падбяру сам! – заявіў Грыгорый Арлоў. – Каб пану ліцвіну яшчэ лепей спіну начысцілі!
Дэкарацыі хуценька арганізавалі. Від на імправізаваную сцэну для ўсіх адкрываўся выдатны, хаця Лёднік папрасіў усіх пасунуцца падалей, каб не здарылася няшчаснага выпадку, калі вылеціць выбітая з рукі шабля.
“Ага, зараз шаблі ў яго дажджом паляцяць”, – бурчэў Арлоў. Дамы ў прадчуванні відовішча хутчэй замахалі веерамі, ажно свечкі замігцелі, і жыва абмяркоўвалі дэманічнае аблічча ліцвіна, які, кажуць, з’яўляецца магутным чараўніком. А мужчыны, наколькі мог чуць Пранціш, рабілі стаўкі на доктара, але часцей – супраць яго, а яшчэ на тое, колькі чалавек ён зможа абяззброіць. Усім было весела… Акрамя некаторых дужа зацікаўленых асобаў.
– Ён справіцца? – прашаптала Пранцішу Міхалішыўна, яе абцягнутая белай шаўковай пальчаткай тонкая рука, якая трымала веер з пухнатых страўсавых пер’еў, пазалочаных па краях, бы аблачынкі сонцам, трохі дрыжэла.
– Справіцца, калі не надта пагана пачуваецца… – шапнуў у адказ устрывожаны Пранціш. Бо што далей – не ведалі нават егіпецкія багі, таму што далей мог быць і змрочны Шлісельбург, і зноў катоўня, і Сібір…
Лёднік рыхтаваўся да вызначальнай бойкі спакойна, як да трэніроўкі з вучнем, але грунтоўна. Зняў камзол, застаўшыся ў белай кашулі і пералівіста-срэбнай камізэльцы, сцягнуў парык, і цёмныя валасы, перавязаныя стужкай, упалі на спіну. Выбраў з прапанаваных дзве шаблі, адыйшоўся, крутануў зброю ў апушчаных руках, рухам адных кісцей – шаблі са свістам выпісалі ў паветры кругі, і той-сёй задумаўся наконт правільнасці ставак. Спыніўся насупраць бакавых дзвярэй, у расслабленай паставе, апусціўшы шаблі. Худы дзюбаносы твар выказваў трохі грэблівы сум…
– Можаце пачынаць.
Дзесьці непадалёк рака моўчкі несла свае цёмныя думкі пад ільдом. Сумленныя мяшчукі пазяхалі, углядаючыся праз маленькія вакенцы туды, дзе над царскім палацам згасалі рознакаляровыя ўспышкі, санліва хрысціліся і клаліся спаць, настолькі далёкія ад панскіх крывавых гульняў, што не прыходзіла ў галаву зайздросціць тым, хто зараз у асветленых тысячамі свечак залах атрымлівае асалоду ад сузірання розных цудаў. Цуд для добрага хрысціяніна – справа небяспечная, бо можа ўвесці ў спакусу.
А ў палацы імператрыца кіўнула, і відовішча пачалося.
Гвардзейцы былі ўсе, як адзін, не ніжэй за Лёдніка, а многія больш плячыстыя, і стараліся, як маглі. Тым болей задача выглядала смешнай: прыбраць з дарогі ўсяго аднаго чалавека. Але той чалавек больш нагадваў пруткую змяю, а ягоныя рухі – злавесна-прыгожы танец, за якім немагчыма было ўсачыць. Вырвіч неаднойчы падобныя выступленні доктара назіраў, у ангельскім байцоўскім клубе той біўся за грошы, якія ім тэрмінова былі патрэбныя, і ўсіх мясцовых чэмпіёнаў перамог. Можа, цяпер, пасля гасцявання ў катаў, Лёдніку было і цяжэй, чым калісьці, але гэтага ніхто не заўважыў. Ён круціўся ваўчком, зразаў вусы і гузікі, выбітыя шаблі са звонам бразгаліся на паркет, а абяззброеныя жаўнеры з выццём хапаліся здаровымі рукамі за выкручаныя.
Людзі ажно крычалі ад азарту, падбадзёрвалі і лаялі вояў, верашчалі ад страху, калі ў іх бок адлятала шабля ці адступалі тыя, хто біўся… А вось і балаганныя трукі ў ход пайшлі, хаця Пранціш і так быў упэўнены, што калі Лёднік хоць трохі ачуняў, не папусціцца прадэманстраваць незвычайныя ўменні: скачок на мармуровую калону, неверагодны пераварот – і шабля бліскае ўжо за спінамі разгубленых ворагаў.
Шаблі ліцвіна са свістам разразалі паветра, а маглі жывую плоць. А кідацца на лязо, каб гераічна стрымаць коштам жыцця ворага, ніхто не збіраўся, таму ўрэшце пад націскам палачаніна ўсе гвардзейцы аказаліся за дзвярыма. На тым бойка па дамоўленасці і была скончаная. На паркеце валяліся шаблі, гузікі, зрэзаныя манжэты і напудраныя пасмы, была і кроў – хтось атрымаў свае баявыя драпіны. Лёднік з той жа нудна-фанабэрыстай фізіяноміяй паклаў шаблі на падлогу перад імператрыцай, пакланіўся і выпрастаўся, як і не вытанцоўваў толькі што тут імклівы танец смерці. Імператрыца папляскала ў ладкі, і зала выбухнула воплескамі і выкрыкамі захаплення. Пранціш перавёў дух і адчуў, што Міхалішыўна лёгка паціснула яго руку.
Але наперад лянівай хадой моцнага драпежніка выходзіў Грыгорый Арлоў.
– Паскакаць перад жаўнерамі – справа няхітрая. А вось са мной разбярыся, цвыркунок!
– Грыша! – угневана сказала імператрыца ў спіну фаварыту. – Суніміся.
– Матухна, дазволь, я пакажу яму, што такое бойка! – прамовіў Арлоў і пагрозна насунуўся на Лёдніка, які нават не зварухнуўся. – Бяры шаблю, палячышка!
Арлоў выхапіў зброю, лязо небяспечна дрыжэла ля горла ворага, прагнучы напіцца крыві. Лёднік застыў на месцы:
– Я не паляк, а ліцвін, ваша мосць, – упарта паўтарыў ён. – І тут павінны выконвацца толькі загады яе вялікасці.
Фаварыт павярнуўся да царыцы:
– Хрыстом-Богам малю, матухна, дай з ім пабіцца! Слова даю, забіваць не стану, але не вытрымаю, калі фанабэрыю з яго не саб’ю!
Царыца зрабіла выгляд, што ўгневаная, хаця Вырвіч здагадваўся, што ёй самой хочацца працягу відовішча.
– Толькі, калі што, вінаватых не шукай, Грыша! – сурова папярэдзіла яна.
Па фізіяноміях Разанцава і Рапніна Вырвіч зразумеў, што лепей бы Лёдніку не біцца з фаварытам. Прыніжэння на вачах імператрыцы той ніколі не даруе, а калі, не дай Бог, Баўтрамей суперніка параніць – тут ужо царыца раз’юшыцца.
І Пранціш ведаў, што выйсця няма, бо Лёднік сваім гонарам таксама ніколі не паступіцца, хоць з гарматы па ім страляй, і не падумае паддацца ці паддобрыцца. Вось, гуляе з супернікам, як з мышкай… Вельмі вялікай, прызнаемся, і дужа злоснай мышкай… Мядзведзем, сказаць праўдзіва. Хаця б для прыліку даў усемагутнаму пану пакрасавацца! Не, з той жа зануднай фізіяноміяй змусіў выпусціць шаблю, арудуючы сваёй так імкліва, што вока не паспявала сачыць. І другі раз. І трэці. А на чацвёрты Арлоў ужо не стаў падымаць здрадлівую зброю, а кінуўся на суперніка з кулакамі. Кулакі пудовыя, морда перакрыўленая, вочы белыя ад шаленства… Усё, гамон…
Толькі выкрыкі імператрыцы, на гэты раз з непадробным гневам, змусілі фаварыта спыніцца.
– Ды я яго на пыл… – сычэў Арлоў.
– Можа, і на пыл, дружа мой, але зараз астынь, з’ездзі ў Царскае Сяло, праветрыся, прывязі мне новыя клавікорды, што на днях з Нямечыны прыслалі.
У голасе імператрыцы цяпер гучала сталь, гэта быў голас улады, якой немагчыма аслухацца, бо значыць кінуць выклік яе моцы… Тут ніякая сардэчная схільнасць не ўратуе. Арлоў пакланіўся і толькі ўдакладніў праз зубы:
– Клавікорды? З Царскага? Цяпер?
– Менавіта цяпер, – імператрыца глядзела светлымі невыразнымі вачыма. – Думаю, як раз раніцай вернешся. А доктар Лёднік пакуль пабудзе маім госцем.
Фаварыт яшчэ раз пакланіўся, развярнуўся і сышоў размашыстымі крокамі, але позірк, які ён кінуў на доктара, быў як смяротны прысуд.
У залу зноў вярнулася весялосць. Але наступная частка вечарыны была ўжо не для ўсіх. На сёння карнавал заканчваўся. Царыца загадала накрыць стол у малой зялёнай зале, але патрапіць за яго маглі толькі выбраныя. Стамлёныя і поўныя ўражанняў госці паціху раскланьваліся, разыходзіліся, каб разнесці плёткі па ўсёй сталіцы, як мухі разносяць на лапках прыліплы бруд… Злосны і расчараваны Батыста, атрымаўшы ад імператрыцы халодную ўсмешку, сыйшоў адным з першых. Пранціш, які мусіў сысці следам, паспеў толькі пабачыць, як у куце залы, ля трону, Разанцаў і Рапнін размаўляюць з Лёднікам, які паспеў апрануць камзол і парык, і відавочна нікуды не спяшаюцца.
У камяніцы, знятай у самым цэнтры горада за шалёныя грошы, Батыста нарэшце даў выхад разражненню.
– Усё, праз пару дзён з’язджаем… Заўтра яшчэ выступім у княгіні Дашкавай, пакуль ад нас усе не адвярнуліся, пастрыжэм авечак. Зарабілі дастаткова, паездка акупілася. Царыца падарунак не вярнула, прыслала ўзамен куфэрак залатых. Ды ў ангельскага караля я б за такую рэліквію добрае месца пры двары выкупіў! На ўсё жыццё сябе забяспечыў! А тут… Не любіць, ці ж бачыце, імператрыца чарнакніжнікаў… – Батыста злосна хмыкнуў. – Тады, спадзяюся, вашага доктара яна спаліць на вогнішчы.
Вырвіч абурыўся:
– Мы нікуды не з’едзем, пакуль не даведаемся пра лёс Бутрыма і не паспрабуем яго вызваліць!
Пан Рысь, які ўсё яшчэ быў узрушаны расповедам пра тое, што адбылося ў палацы, Пранціша горача падтрымаў… Але Батыста стамлёна махнуў рукой.
– Самі пабачыце, праз два дні нам тут не будзе чаго рабіць, нас перастануць пускаць у дамы, а затрымаемся – вышлюць. Вялікі свет – гэта калі хутка ўспыхвае захапленне, і яшчэ хутчэй гасне, змяняецца расчараваннем, а потым жаданнем пазбавіцца ад таго, на каго патраціў захапленне. Думаю, ваш доктар адчуе ў хуткім часе гэта на сабе. Усё, пайшлі спаць… Заўтра нешта вырашыцца.
Абняў уладна Міхалішыўну за тонкі стан і павёў у спачывальню. Здаецца, апошнім часам ён наложніцу не б’е…. У Вырвіча раптам узнікла проста дзікае жаданне ўсадзіць нягодніку шаблю між лапатак. Відаць, гэтае жаданне адлюстравалася ў Пранціша на твары, таму што пан Рысь паклаў яму руку на плячо:
– Супакойся, егіпцянін. Паспеем прыкончыць паскудніка. Лепей раскажы мне яшчэ раз, як пан Лёднік маскалям лазні даў.
Халодная зімовая ноч была непрагляднай, як магіла. Але тут, у ганарыстым горадзе, яе праціналі выстраеныя шыхтамі ліхтары, бы пакорлівыя салдаты, якія нават задумацца не хочуць, што задачу ім паставілі немагчымую, і ўпарта трымаюць абарону. Холадна і няўтульна было так, што нават сабакі не брахалі, толькі павісквалі жалобна. Часовыя насельнікі камяніцы, што прыехалі сюды з далёкай Беларусі, гэтай ноччу выспацца не паспелі. Яшчэ не развіднела, у дзверы загрукалі. Потым у доме пачуліся ўстрывожаныя галасы, вось верашчыць Батыста…
Пранціш, спатыкаючыся, апрануў яркія егіпецкія анучы і кінуўся ў вітальню. Граф Міхайла Разанцаў з памятым абліччам, ясна, што ноч была бяссоннай, адрывіста камандваў:
– Аддаю сваю карэту… Толькі хутчэй грузіцеся!
– Што такое? – устрывожыўся Вырвіч.
– А, вось вы дзе, пан Вырвіч… Чорныя валасы вам пасуюць. Ягоная мосць Грыгорый Арлоў пабудзіў ягоную мосць Мікалая Рапніна і запатрабаваў, каб зараз жа, пакуль яе вялікасць не прачнулася, звозілі прэч Лёдніка. Усе правіны яму даруюцца, дый іншым таксама. Акадэмію загадана не чапаць, усім, хто заслужыў, дадуць марцыпанаў… – Разанцаў быў страшэнна стамлёны, але ўстрывожана-шчаслівы. – Галоўнае – каб сёння ж духу ліцвінскага ў горадзе не было. Ягоная мосць Арлоў хоча з царыцай мірыцца, нешта выключна-цікавае для яе падрыхтаваў… Ну а Варфаламей адмовіўся з’язджаць без вас.
Міхалішыўна прабегла міма, апранутая па-дарожнаму, з кучай стракатай вопраткі ў руках.
– Змей не забудзьцеся! – гарлаў у пакоі побач Батыста.
– Дзе Бутрым? – ускінуўся Пранціш.
– Там, у маёй карэцэ, сядзіць… Хутчэй збірайцеся, ваша мосць, і сустрэнецеся!
Вырвіч, блытаючыся ў рукавах, улез у світку, схапіў шапку і кінуўся на вуліцу. Перад брамай стаяла невялікая ладная дарожная карэта з гербам Разанцава. У стайні пад камандай пана Рыся запрагалі коней у Батыставы экіпажы. Воз ужо чакаў на вуліцы, на яго грузілі прыстасаванні для фокусаў. Мільгалі заспаныя фізіяноміі двух віленскіх студыёзусаў, бялявага ды чарнявага – абодва, па сваім статусе насільшчыкаў, асабліва нікуды не траплялі, затое рассмакавалі мясцовую гарэліцу, настоеную на журавінах, і яшчэ нейкі фінскі напой каламутна-белага колеру, і патрабаваць ад абодвух маладзёнаў жвавасці ў такі ранні час было, што гнаць сабаку на дрэва.
Вырвіч ускочыў у разанцаўскую карэту:
– Бутрым!
У водсвеце святла ліхтароў толькі і была бачная цёмная постаць, што бяссіла адкінулася на падушкі. Пранціш абняў доктара:
– Жывы!
– Калі цяпер не задушыш, дык буду жывы…
Голас доктара гучаў стамлёна і хрыплавата… Падобна, што і ён ноччу не спаў. Вырвіч адкінуўся на мяккае сядзенне такі шчаслівы, якім даўно не пачуваўся. Цяпер засталося як найхутчэй уцячы з гэтай Паўночнай Пальміры.
Палазы слізгалі па снезе з бадзёрым пасвістваннем. За вакном святлела, хоць сонца толькі ўгадвалася за шэрым сувоем неба. Вырвіч прадраў блакітныя вочы пасля кароткай драмоты. А Лёднік яшчэ спаў, як чужое вяселле адгуляўшы. Вырвіч угледзеўся ў ягонае худое дзюбаносае аблічча. Вочы выпадкова слізганулі ніжэй, там футра расхінулася, пад ім была бялюткая кашуля, відаць, таксама з Разанцаўскага пляча, і на гэтай кашулі, ніжэй ключыцы, набрыньвала цёмная пляма…
– Бутрым! – Вырвіч у жаху патрос доктара. – Ты паранены? Што гэта ў цябе?
Упарты палачанін цалкам мог не прызнацца да апошняга, нават калі б яго ў дзесяці месцах наскрозь праткнулі. Але доктар лена сунуў руку ў адварот кашулі, правёў па грудзях, дастаў нешта дробнае, страсянуў грэбліва з пальцаў на падлогу.
– Гэта цукерка… Вішнёвая… Ліпучыя, зараза…
Пранціш з непаразуменнем глядзеў на сонную фізіяномію доктара, які нават вачэй не адплюшчыў.
– Нешта не памятаю, каб ты так любіў цукеркі, каб аж качаўся ў іх.
Лёднік трохі памаўчаў і прамармытаў:
– Яе вялікасць захацела праверыць, наколькі спрытна я буду ўварочвацца…
У Вырвіча на нейкі час адняло мову, потым ён яскрава ўявіў, у якіх абставінах такая праверка магла адбывацца… Значыць, нездарма Арлоў гэтак запанікаваў і на золку адправіў дадому дэманічнага доктара з усімі магчымымі выгодамі! Пранціш змог выгукнуць толькі адно:
– Ну, доктар, ну, пройда…
– Памаўчы… – злосна буркатнуў прафесар, закруціўшыся на падушках, і ясна было, што абмяркоўваць нічога не збіраецца. Але гаварыць прыйшлося, калі развіднела і прыкідвацца, што спіш, было дурноццем.
– Нічога добрага нас усё роўна не чакае, – паныла паведаміў Бутрым. – Езуітаў, ясная рэч, пагоняць, але горш, што прышлюць на іх месца сваіх, расейцаў. Дарэчы, мне ўжо прапанавалі ў недалёкім будучым стаць рэктарам… Калі, вядома, я прыму прысягу, давяду сваю лаяльнасць і гэтак далей. З Акадэміі выключаць усіх нядобранадзейных…
– А ты што? – захваляваўся Пранціш.
– Адмовіўся. Адгаварыўся, што заняты навуковымі доследамі, не хачу лезці ў палітыку… І ў адсутнасць змовы не надта паверылі, нягледзячы на мой спектакль. Зжаруць краіну, не задушацца.
Лёднік сумна ўздыхнуў.
– Паўстануць лепшыя, загінуць… А яе вялікасць запэўніла, што Пане Каханку з ёй перапісваецца, намякае, што гатовы папрасіць прабачэння… Магнаты заўсёды сваё месца знойдуць. Вунь Аляксандр Сапега пра каралеўскую карону марыў, потым Пане Каханку горача падтрымліваў… А цяпер перад Панятоўскім прагінаецца, жонку сваю да яго падсылае фіглі строіць, як калісьці да маладога Бруля, сына сакратара Аўгуста. Такім месца ёсць, а нам – не. У Санкт-Пецярбурзе я таксама адмовіўся заставацца… Бо не магу даць імператрыцы слова, што ніколі не апынуся на баку ейных ворагаў. Цалкам магчыма, што і апынуся. І што далей рабіць – незразумела. Хаця адно пэўнае ёсць: цябе ажэнім.
Пранціш адвёў вочы: ясна, што ад свайго шчасця не адмаўляюцца, але ж часам яно з’яўляецца, як абухом па галаве, трэба радавацца – а ў цябе ў вушах звініць і ў вачах мухі мітусяцца… Ці нечыя празрыста-зялёныя вочы падміргваюць.
– А што яшчэ царыца паабяцала?
Лёднік паціснуў плячыма.
– Абацанка-цацанка, дурню радасць. Куфэрак нейкі перадала, зараз паглядзім…
Доктар пакруціўся, намацваючы нешта вакол сябе, і паставіў на калені квадратную скрынку, абцягнутую пунсовым аксамітам, з залатымі зашчапкамі. Трохі паваждаўшыся з зашчапкамі, доктар адкінуў накрыўку, і… На сіняй падушцы ляжаў няроўны, са шматлікімі выёмінамі, залаты абруч, прыкрашаны незвычайным арнаментам, з пустымі мацаваннямі для камянёў. Карона святога Альфрэда…
– Проста колазварот каронаў у прыродзе… – разгублена прамовіў Пранцысь. – Нібыта яна прыліпла да нас, як неразменны склют.
– Гэта ж я сказаў яе вялікасці, што людзі, якія маюць кароны, кіруюцца сваймі законамі, далёкімі ад звычайных чалавечых, і маюць між сабой асаблівыя рахункі, незразумелыя простым смяротным… Ну вось цяпер і я маю па ейнай волі карону… – прагаварыў агаломшаны Лёднік.
Пранцысь дастаў са скрынкі рэліквію, пакруціў туды-сюды і насунуў на галаву сына полацкага гарбара.
– А што, табе пасуе! Кароль – не кароль, але такі пагрозны друід, які вядзе племя зразаць амялу, не папярэджваючы, каго прынясуць у ахвяру пад дрэвам.
Лёднік з незадаволенай мінай сцягнуў з сябе карону і паклаў у куфэрак.
– Проста такія рэчы не могуць, відаць, знаходзіцца ў выпадковых руках і выпадковых месцах. Вось і шукае сабе месца рэліквія… Падумаем, што з ёй зрабіць. Глядзі толькі, нікому не разбалбачы, што яна ў нас, і тым больш, якім чынам дасталася.
– Думаеш, тое, што робіцца ў палацы, можа заставацца таямніцай? – насмешна адказаў Пранціш. – Ды аб тваю персону ў Санкт-Пецярбурзе ўжо ўсе языкі абмазолілі… Пэўна, хутка і ў Варшаве запляткараць.
– Галоўнае, каб нікога не чапалі, – прабуркатаў доктар і пазмрачнеў. – Сітуацыя дурная… Чым больш стануць пляткарыць – тым мацней мы будзем абароненыя. Але тым больш ганьбы для мяне і гора для маёй сям’і… Для Саламеі…
Пранціш скептычна хмыкнуў – шмат каму тая ганьба за найвялікшы гонар, а сам аж гарэў ад цікаўнасці: што ж здарылася з Лёднікам у палацы? Колькі праўды акажацца ў плётках? З доктара ўдалося выцягнуць толькі, што яе вялікасць пасля вячэры зажадала ўпэўніцца ў праўдзівасці сцверджання, што Разанцаў сябра не шкадаваў і следства ў дачыненні прафесара было суровым, а для гэтага ж неабходна пабачыць доказы на ўласныя вочы. Для чаго загадала даверанай фрэйліне таемна прывесці вучонага ліцвіна ў свой пакой.
А як там далей – снегам замяло. Полацкі алхімік зацяўся, як камень.
І хаця снег за вакном карэты паўсюль ляжаў аднолькава белы, неўзабаве павінны былі пачацца беларускія землі.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.