Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Для хлапца ўсё выглядала гранічна проста.
І Лёднік прыжмурыў цёмныя вочы, нібы пабачыў сонца, і схаваў сваю шкеліцу…
– Дзіця мудрэйшае за цара Саламона, так… Твая праўда, пан Вырвіч. Відаць, Гасподзь не дарэмна паслаў цябе на дарогу да Валожына.
Доктар дастаў з кішэні хустачку, акуратна прамакнуў драпіну на ілбе, якая пачала ўжо зацягвацца, абцёр твар і агледзеўся вакол зусім іншым позіркам – як кухар глядзіць на тушку каплуна.
– Зброя ёсць? – папытаўся. – Можа, хоць сцізорык які прыхаваў?
Пранціш паматаў галавой. Акрым як зберагчы ліст ваевадзянкі, нічога яго не цікавіла падчас арышту. Алхімік палез у свой бот і дастаў нататнік Вараняці. Потым з сілай тузануў вокладку – Пранціш не паспеў яго спыніць – і вынуў з карэньчыка кнігі жалезны востры стрыжань. Вырвічу ажно дух заняло: гэта ж старажытнагрэцкае сціло Вараняці, з якім той так насіўся! Вось дык Лёднік, што значыць вучоны! За раніцу вынюхаў скарб, а Пранціш колькі нататнік з сабой цягаў – нават да канца прачытаць не даў рады.
Між тым Бутрым нахіліўся і пачаў асцярожна калупацца сцілом у замку кратаў з такім выразам твару, нібыта рабіў складаную непрыемную аперацыю на гнайніку. Невядома, як хутка яго чакаў бы поспех, і якім чынам намерваўся лекар, узброены сцілом, справіцца з жаўнерамі, але пачулася вар’яцкае галёканне, коні панесліся, фурман гарлаў, як падпечаны… Вязні стукаліся аб сцены, як дзве бульбіны ў гаршку, што коціцца з гары.
Што б ні здарылася, у гэтым для іх была надзея. Тым больш што Юдыцкі лаяўся, зрываючы голас, пагражаў камусьці каралеўскім судом і радзівілаўскай помстай…
Карэта тузанулася, рэзка пахілілася набок, відаць, страціўшы кола, яшчэ трохі працягнулася па зямлі і спынілася… Адразу дзверы расчыніліся: жаўнер Юдыцкага, на чыім мяккім твары заблукала абыякавая бязлітасная ўсмешка, трымаў два пісталеты скіраванымі на вязняў і не збіраўся траціць час на пагрозы альбо малітвы… Вось яна, смерць хуткая і неспадзяваная. Пранцысь, да свайго расчаравання, не паспеў прыняць мужнай паставы, хаця б горда скрыжаваць рукі на грудзёх, як належала сустракаць апошнюю хвілю носьбіту герба “Гіпацэнтаўр”. А вось лекар паспеў нібыта чорная вужака слізнуць наперад і, наколькі мог у цеснай клетцы, захінуць сабой маладога гаспадара… А яшчэ зрабіў пры гэтым нейкі дзіўны маланкавы рух рукою ад шыі. Стрэлы з пісталетаў прагучэлі, але разам з крыкам болю.
Пранцысь усвядоміў, што жывы… І нават не паранены. І Лёднік стаяў на нагах на пахіленым дне карэты… А вось жаўнер, енчучы, трымаўся рукамі, што згубілі пісталеты, за вока, з якога тырчэла жалезная спіца… Старажытнагрэцкае сціло, якім, магчыма, пісаў на васковых дошчачках вершы кучаравы паэт, а магчыма, нехта таксама даставаў вочы бліжняму свайму. Паранены выкуліўся з карэты… Але замест яго з’явіўся новы персанаж з тым жа атрыбутам, а менавіта настаўленым на зняволеных пасажыраў пісталетам. Твар незнаёмца быў завязаны шалікам, зверху яго прыкрывалі шырокія брылы капелюша… Разбойнік? Прыхадзень ссунуў шалік. Белыя бровы і вейкі, спаласаваны шнарамі ружовы твар, дзіўныя бяздонныя вочы… Пан Герман Ватман! Пранціш мімаволі сунуў руку ў халяву бота, дзе быў прыхаваны ліст Багінскай. І не ўцячы, і не абараніцца… Лёднік прасычэў скрозь зубы нешта падобнае да “Не кароста, дык адзёр”, і зноў паспрабаваў захінуць сабой Пранціша.
Пачуўся стрэл… Але пан Ватман, якога, падобна, дужа забаўляў спалох пасажыраў, цэліў не ў іх, а ў замок на кратах. Куля перабіла дужку, краты нарэшце з незадаволеным рыпеннем адчыніліся. Але вязні неяк не спяшаліся выходзіць, надта няпэўным выглядала іх становішча. Ватман усміхаўся са злой весялосцю.
– Ну што, кураняткі, па-ранейшаму хочацца да Радзівілаў на булён? Я б параіў не спяшацца на кухню. А ты, хлапчыска, падзякуй адной пекнай неслухмянай паненцы… Яна прасіла табе перадаць – выконвай даручанае. І асцярожней – наступны раз, можа, сам цябе прыдушу, калі пад руку пападзешся ды не на той бок станеш.
Сунуў пісталет за пояс і выскачыў з карэты. Лёднік і Пранцысь насцярожана высунуліся за ім. Вакол былі сляды сапраўднай баталіі. Два жаўнеры – ці мёртвыя, ці непрытомныя – ляжалі ў кустах спінай уверх, у карэце застаўся запрэжаным адзін конь, які ўжо і не спрабаваў зрушыць яе з месца. Ні двух другіх жаўнераў, у тым ліку і параненага ў вока, ні пана Юдыцкага не было. Ватман падхапіў канцом шаблі з зямлі нешта бела-шэрае, калматае, падобнае да здохлай курыцы.
– Ну, суддзя, усё-ткі згубіў свой парык!
Ватман грэбліва кінуў судзейскае ўпрыгожванне на куст ядлоўцу, парык пачапіўся якраз на вершаліну, ад чаго куст адразу прыпадобніўся да прывіда з зялёным цёмным тварам.
– Бывайце, чарадзейнічкі!
Пранціш агаломшана глядзеў услед Ватману, які скакаў на белым дрыгканце прэч, у той бок, адкуль яны прыехалі… Каля павароту дарогі да Ватмана далучыўся яшчэ адзін вершнік. І шкаляр ведаў, хто той другі, зграбненькі ды невысокі, што нават рукой яму памахаў… Не забылася, не кінула свайго пасланца! Ад гарачага пачуцця ў Пранцыся аж слёзы на блакітныя вочы навярнуліся – хоць хмарку здаля расцалаваць, хоць бліжэйшую ялінку абняць ад паўнаты душэўнай… Але грубы Лёднік, далёкі ад тонкасцяў куртуазных, тузануў хлапца за рукаў:
– Пан, вядома, можа мроіць сабе тут да раніцы, але радзівілаўскія найміты вернуцца ў любы час. А мы, між іншым, збеглыя арыштанты…
Пранцысь ачомаўся. І сапраўды, не да абдоймаў з ялінкамі, трэба ўцякаць, калі хочаш у будучым жывую дзяўчыну да сэрца прытуліць. Але Лёднік, замест таго, каб выконваць свае ж словы, падыйшоў да аднаго з небарак, што ляжалі у кустах, стаў на калені, перавярнуў яго, памацаў шыю…
– Жывы… Нічога… Поўгадзіны паляжыць, ачомаецца.
Падыйшоў да другога, таксама абгледзеў, нават павека прыўзняў:
– І гэты выжыве, хаця сатрасенне мозгу займеў.
Ён што, лячыць сваю смерць магчымую збіраўся?
Рука Пранцыся між тым сама схапіла шаблю-аўгустоўку, што ляжала каля рукі жаўнера. Нарэшце ён зноў трымае зброю! Махнуў на спробу раз, другі… Уга, цяпер беражыцеся, усе Юдыцкія на свеце!
– Вашае фехтавальнае ўменне, акрым вожыкаў, няма тут каму ацаніць, – з’едлівы голас Лёдніка вярнуў Пранціша з рыцарскіх пераможных мараў на калюжную лясную дарогу. – Рушылі, пакуль жаўнераў не наехала!
Але ж і Лёднік не пагрэбваў зброяй разжыцца, расшпіліў свой чорны балахон і засунуў за пояс пісталет і шаблю, сканфіскаваныя ў пераможаных. Ды яшчэ прамовіў павучальна, заўважыўшы падазроны позірк гаспадара:
– Як вучыў італіец Макіявелі, дурная справа спадзявацца на тое, што ўзброены чалавек падпарадкуецца няўзброенаму, а ferrum ferro acuitur, жалеза жалезам вострыцца.
На галаве Лёдніка красаваўся таксама не ягоны чорны капялюш, і цяпер алхімік са сваім драпежным носам, цёмнымі патламі і свежым шнарам на ілбе дакладна прыпадобніўся да рыцара вялікай дарогі, а не да мужа вучонага.
Ісці вырашылі ў бок Слуцка… Па-магчымасці, не па дарозе, а па гушчарах, наўзбоч. Накірунак спрэчак не выклікаў. Па-першае, Лёднік разважыў, што наўрад пераследнікі ўявяць, што вязні скіруюцца менавіта ў той бок, дзе мусяць знайсці пагібель. Па-другое, ясная справа, Лёднік ірваўся да сваёй Саламеі – Пранціш шчыра не разумеў, якую цікавасць у мужчыны можа выклікаць кабета, што мае за трыццаць гадоў. Цётухна! Пекнай паненцы павінна быць год пятнаццаць– шаснаццаць, як Паланэйцы Багінскай. Але ў Слуцак і Пранцішу трэба… Выканаць даручэнне ваевадзянкі, знайсці Аляксандра Сапегу… Але слузе пра гэта ведаць не абавязкова.
А падобна, Пранціш мае слугу не толькі абазнанага, але і вернага – пры ўспаміне, як Лёднік захінаў яго ў карэце ад куль, Вырвічу стала трохі няёмка, але й неяк цёпла на сэрцы… Ніхто раней не спрабаваў аддаць за Пранціша жыццё. Свой уласны ўчынак – адмову прадаць доктара з усімі наступствамі – Пранціш не лічыў чымсьці адметным.
Калі яны, зняможаныя, прыселі на паваленым бервяне пад разлапістай сасной, Лёднік, здымаючы з твару наліплае павуцінне, задумліва прагаварыў:
– Раней я б склаў наш гараскоп і вызначыў, ці прарокуюць зоры поспех, і адкуль набліжаецца небяспека… Цяпер застаецца маліцца ды спадзявацца на літасць Божую. Ну, і куды ты, хлопча, улез? Чаму стары выжал Герман Ватман цябе вызваляць узяўся? Ягоныя паслугі вялізныя грошы каштуюць, не кожны магнат такога здолее наняць. Чым ты стаў такі дарагі Багінскім?
Пранціш трохі павагаўся, паглядзеў на восеньскае лісце, што гніло пад ягонымі нагамі, нагадваючы пра тленнасць зямнога быцця, і распавёў пра знаёмства з чароўнай ваевадзянкай…
– Ліст пакажы! – уладна сказаў Лёднік, працягнуўшы руку. Пранціш падумаў, ці не абурыцца дзёрзкасцю слугі, але ж дастаў памяты канверт. Алхімік пакруціў яго ў руках і раптам рашуча зламаў пячатку. Шкаляр ускочыў і замахнуўся на лекара:
– Ах ты!.. Што робіш, паскуднік! Гэта ж ганьба – чытаць чужыя лісты, шляхціцу давераныя!
– А я не шляхціц, мне гонар не рупіць, – холадна прагаварыў Лёднік. – А ведаць, дзеля чаго жыццём рызыкуем, я павінен, так што ўвесь грэх і ганьба – на мне. Та-ак…
Лёднік пільна вывучаў аркуш, на якім усяго і было пару радкоў без подпісу накрэмзана. Пранціш, як ні віраваў ад абурэння нізкім учынкам слугі, не мог утрымацца, каб не прачытаць таксама…
“Леў гатовы скочыць, але не можа забыцца пра ланцуг.
Калі адзінарог прывядзе грыфона да брамы і знойдзе з дапамогай Дзевы Вянец Палямона, ланцуг парвецца. Ружа будзе чакаць ля белага калодзежа”.
Што за блёкат? Пранціш расчаравана адвярнуўся. Але алхімік расчараваным ці азадачаным не выглядаў.
– Вось жа кабета… Калі нават ліст дастанецца ворагам – ніякіх зачэпак. Ні адрасу, ні подпісу, адныя іншаказанні. Ды й вызваленне наша – яшчэ давесці трэба, што Багінскія да яго датычныя. Карэту сваю адправілі загадзя на Менск. Ватман пераапрануўся, хаця ён такі адметна здаровы, што западозрыць можна. Але, вядома, стане ўсё адмаўляць. Мала якія разбойнікі на людзей Юдыцкага напалі. А каму панна прасіла перадаць ліст? Князю Аляксандру Сапегу?
Пранціш разгублена памаўчаў. Як відаць, слузе загадкавы ліст быў куды больш зразумелы, чым ягонаму гаспадару. Але распытваць, што да чаго, паказаць сябе недасведчаным, было ганебна. Лёднік насмешна скасавурыўся на гаспадара, разумеючы ягоныя пакуты.
– Перш чым увязвацца ў палітыку, трэба хаця б сваю партыю свядома выбраць. Хаця ў нас, ліцвінаў, ды яшчэ праваслаўных, якая можа быць партыя, калі мы па звычаі апынуліся паміж патэльняй ды ражном? Ведаеш, якія жарсці бушавалі, калі польскі трон дзялілі? Аўгуст на яго сеў не толькі таму, што расейцы падтрымалі, ды партыя Чартарыйскіх, але й таму, што іншыя не маглі адзін аднаго перамагчы і вырашылі “Няхай ні вашым, ні нашым”.
– Дый пан бацька мой яго не любіць, – заківаў Пранціш, жадаючы паказаць і сваю дасведчанасць. – Кажа: “Які ж гэта кароль, прабач мяне, Божа? Да таго, як вайна яго з Дрэздэну выкурыла, пару дзён у Польшчы й пабыў, мовы не ведаючы, з каханкамі разабрацца не можа, тут усё фаварыты вырашаюць”. Кажа, ягоным пераемнікам Чартарыйскія маладога Панятоўскага хочуць зрабіць.
– Смаркача Панятоўскага не ведаю, – прабурчэў Лёднік. – Але бачыў, як старэйшы Юзаф Панятоўскі па Варшаве ў карэце раз’язджае ў кампаніі амараткі Юзэфкі… А тая – у касцюме Евы, прабач, Госпадзе.
Пранцысь уздыхнуў ад шкадавання, што сам не пабачыў таго спакуснага відовішча. Лёднік асцярожна крануў свой разбіты лоб.
– Та-ак… Страшна ўявіць, што нас чакае. Вось табе і алхімічны працэс: перамалоўшы каштоўныя камяні, атрымліваюць кучку фанабэрыстага пылу. Магнаты ўлады каралеўскае не прызнаюць, войскі маюць куды мацнейшыя за кароннае. Геранім Радзівіл падаткі адмовіўся плаціць, пляменнік ягоны, Пане Каханку, заявіў, што гэта ён, Караль, заўсёды быў тутэйшым каралём. Калі спрэчнае пытанне – даводзіцца звяртацца да расейцаў, каб прыслалі жаўнераў.
– Але ж Расія праваслаўных абараняе… – прамовіў Пранціш. – Лізавета Пятроўна патрабуе, каб нас перасталі лічыць дысідэнтамі, ураўнавалі ў правах. Можа, для нас і лепей хаўрус з Расіяй?
– Так, пад Польшчай не соладка ліцвінам… – пагадзіўся Лёднік. – Сам бачыў, як праваслаўных братчыкаў камянямі закідваюць. Храмы паадбіралі, ва ўніяцтва заганяюць. Адзін такі… місіянер нават загадаў праваслаўных з магілаў выкопваць і, як падлу, кідаць. Тут мы – схізматыкі, але і для расійцаў – схізматыкі, каталікамі папсаваныя. Нас выпраўляць будуць… Так, што кроў пацячэ. А што з тымі, хто прыняў унію, зробяць… Асабліва з простымі мужыкамі, якіх з веры ў веру бізунамі перахрышчваюць…
Былы алхімік задумліва ўзіраўся ў шэрыя нябёсы, нібыта спадзяваўся на старонках аблокаў прачытаць нешта важнае.
– Ведаеш, Вальтэр… ёсць такі французскі філосаф… неяк сказаў, што ён гатовы аддаць жыццё, каб ягоны вораг мог свабодна выказваць сваё меркаванне. Як па-мойму, дык варта памерці не толькі за сваю веру, але і каб не забівалі, не катавалі людзей за тое, што яны гэтую тваю адзіна правільную веру не прымаюць. Я падобнага ўжо столькі нагледзеўся, мой пан… А калі пачынаюць чужацкія войскі рабункі ўчыняць, не разбіраюць, хто ў якую царкву ходзіць. Таму што ў падбіўцы ўсяго – звычайная хцівасць. Жаданне захапіць паболей зямлі.
Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў… Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі… Дарэчы, наконт дам.
– А пры чым тут Багінскія?
– Увязаўся ты, хлопча, у змову магнацкую супраць Аўгуста Саксонца, – змрочна патлумачыў доктар. – Багінскія мараць пра карону. Падбіваюць змагацца за трон князя Міхала. Лізавета Пятроўна моцна хварэе. І князя Міхала пазнаёмілі з жонкай ейнага спадчынніка Кацярынай, якая з мужам не ладзіць і завяла раман са Станіславам Панятоўскім. Багінскі Панятоўскага не перамог, затое, кажуць, не на жарт закахаўся ў маладую царыцу. Доўга ў Санкт-Пецярбурзе не затрымаўся, паехаў па Еўропе… І давядзецца яму змагацца за карону самому. Але Міхал Багінскі адчувае на сабе ланцуг – прысягу, што даў каралю… І ўвогуле палітычных інтрыг не любіць. Вось і сястру малодшую, відаць, падалей ад палітыкі адаслаў пад прыглядам Ватмана.
– Значыць, Багінскія у змове з Сапегамі? – глыбакадумна заўважыў Пранціш.
– А чаму і не? – Лёднік сарваў з ядлоўцавага куста сіня-чорную ягадзіну, пакруціў у пальцах, нібыта яна была чорнай перлінай. – Змаганне за ўладу, хлопча… Ворагі цішком хаўрусуюцца, сябар са шчырымі слязьмі жалю заганяе сябру нож у спіну… Аляксандр Сапега таксама цяпер страшэнна пакрыўджаны. Ён дамагаецца булавы гетмана польнага літоўскага, кажуць, даў графу Брулю, амарату каралеўскаму, нямерана грошай… Нават жонку сваю падаслаў да ягонага сына, каб яго сваімі вабнотамі адарыла. Ганьбы займеў – але нічога не здабыў. Так што карона для яго – трафей, які за ўсё ўзнагародзіць.
Вырвіч глядзеў на засыпаную ігліцай ды іржавым лісцем зямлю, па якой яшчэ сноўгалі падманутыя восеньскім сонцам мурашкі. А ў гэтых нікчымных казюрак таксама ж ёсць жаўнеры, і мужыкі, і каралева, ёсць і крылатыя асобіны, якім бліжнія хуценька абкусваюць крылы. Няма чаго лётаць, калі трэба ігліцу цягаць, тлю пасвіць ды нападнікаў грызці. Пранцысь на хвілю ўявіў Лёдніка такім вось чорным крылатым мурашом з абкусанымі крыламі, які ледзь варушыцца на сцежцы, бо калі няможна лётаць, то паўзці – усё роўна куды, і ўсё роўна, пасвіць табе давядзецца альбо цягаць, альбо зараз цябе раздушаць. Глухое раздражненне зварухнулася ў душы шкаляра, змяшанае з зайздрасцю: скажы ты, які разумнік – сын гарбара, у тонкасцях палітычных разбіраецца, магнатаў асуджае… Крылы адрасціў… Ды хто ён такі?
– Слухай, Лёднік, калі леў – гэта князь Багінскі, значыць, паводле гэтага ліста, ён можа пайсці супраць караля, толькі патрэбны нейкі штуршок… Вянец Палямона. Гэта што?
– А хто ж яго ведае… – абыякава адказаў доктар. – Карона Вітаўта? Світак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік гербу такога ці гэткага? Святы Грааль, які адразу зробіць уладальніка выбранцам? Мне, на жаль, ясна адно – з гэтай штукай звязаны Рэнічы. Спадар Іван усялякія дзівосы збіраў, нават зямлю на месцы старых будынкаў раскопваў… Можа, што і раскапаў. Шляхціцы любяць усялякія сімвалічныя бескарысныя рэчы, кшталту абломка мяча прапрапрадзеда, які хадзіў на мядзведзя разам з царом Дадонам.
Цярпенне Пранцыся лопнула, як бурбалка на паверхні лужыны. Лёднік што, над шляхтаю смяецца? То пячатку на чужым лісце разломвае, то выстаўляе ўладальнікаў гербаў легкавернымі ёлупамі… Нельга гэтага спускаць! Кроў кінулася шкаляру ў голаў, аж у скронях дзятлы застукалі. Пранціш ускочыў, выхапіў шаблю, прыставіў да горла свайго слугі і зароў:
– Не твая справа разважаць пра шляхецкую годнасць! Ды за такія словы я маю права табе галаву бязродную адсякчы!
У гэты момант Пранціш адчуваў сябе чамусьці падобным да свайго бацькі ў маладыя гады, зуха і буяша на ўвесь павет, вялікага Вырвіча. Адчуванне п’яніла, як такайскае віно.
Лёднік прыкусіў губу, відаць, разам са з’едлівымі словамі, памаўчаў і выціснуў з сябе, гледзячы ў зямлю:
– Прашу прабачэння ў майго гаспадара. Я не меў права гаварыць, што думаю пра тых, хто вышэй за мяне. Я забыўся, хто я такі. Гэта больш не паўторыцца.
Лязо Пранцішавай шаблі дрыжэла ля ўпартага падбароддзя доктара. Той не рабіў спробы адхінуцца, але ўсмешка больш не крывіла ягоныя вусны. Зухаватасць выпарылася са шкаляра, як вада з варэння. Вырвіч прыбраў шаблю, сеў. Запанавала маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слугу трэба было паставіць на месца… А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца, ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? І не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага надзейнага пляча побач?
Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй:
– Пан загадвае ісці далей?
Гэткім бяздушным, сухім, як чараціна, голасам, з належнай дозай ветласці… Пранціш ажно ўзвыў:
– Ну добра! Добра! Я пагарачыўся! Я шкадую! Але ж у шляхціца ёсць святыя рэчы… Табе не зразумець… Што мне цяпер, прабачэння прасіць да вечара?
Лёднік скептычна хмыкнуў:
– Дзе ўжо мне, бязроднаму, зразумець шляхецкія тонкасці!
Але ў Пранцыся палягчэла на душы, бо ён адчуў у доктаравым голасе знаёмыя з’едлівыя ноткі. Усеўся побач, загаварыў прымірэнча:
– Бацька мяне вучыў, што радавая зброя – не проста шабля, яна аплочаная крывёй продкаў… Як і ўсе нашыя прывілеі. І мой бацька ваяваў, ішоў у паспалітае рушэнне, не за сябе – за радзіму, за Княства Літоўскае, за беларускую зямлю… На ім ведаеш, колькі шнараў ад варожай зброі? І мяне з дзяцінства прывучаў, што я павінен увесь час быць гатовы аддаць жыццё за Айчыну. Без развагі, па першым поклічы. Загартоўваў… Калі я быў малы, адпраўляў мяне, напрыклад, ноччу на поле прынесці некалькі каласкоў – а поле каля самых могілак… А колькі Вырвічаў галовы склалі ў бойках – з маскоўцамі, з татарамі, са шведамі!
– Я шаную тых, хто аддае жыццё за радзіму, ваша мосць… – ціха сказаў Лёднік. – Я не хацеў абразіць вашых продкаў і вас. Мае продкі таксама, хоць і не былі шляхціцамі, гінулі за вольны Полацак. Прадзед з братамі стаяў на мурах, калі горад асаджвалі войскі Івана Жахлівага. Маскоўцы нагналі гарматаў вялікага нараду, закупленых у Ангельшчыне, што стралялі ядрамі па дваццаць пудоў… Сеча была страшэнная, на абарону сталі ўсе – жанчыны, дзеці, старыя. Хаця напачатку нават малебны служылі за праваслаўных братоў, спадзяваліся, што скончацца з іх дапамогай напады каталікоў ды ўніятаў, пакінуць у спакоі праваслаўныя храмы… Але з чужымі гарматамі воля не прыходзіць. Тады малады князь Ян Глябовіч, які кіраваў абаронай Запалоцця, прапанаваў даць зброю “чорным людзям”, сялянам… І што ты думаеш? – доктар правёў рукой па твары. – Ваявода Давойна адмовіўся… І горад быў узяты. І больш паловы жыхароў выразана. А самых радавітых шляхціцаў пагналі ў маскоўскі палон, хоць многія з іх былі такімі ж праваслаўнымі, як маскоўскі цар. А ўсё з-за таго, што высакародны пан не прызнаў за чорнымі людзямі права мець радзіму і бараніць яе. А сто гадоў таму пятнаццацітысячнае войска ваяводы Трубяцкога спыніў аддзел простых мужыкоў з Калеснікаўскага павету – іх было ўсяго тры тысячы, але ім абрыдлі рабаўнікі. Калі маскоўцы бралі Магілёў – ключы ім месцічы паднеслі, таксама радаваліся прыходу праваслаўных братоў, ды атрымалі рабункі ды гвалт. І простыя мяшчукі знішчылі за ноч сем тысячаў чужацкіх жаўнераў – увесь гарнізон.
Лёднік паглядзеў у вочы Пранцысю цёмнымі сумнымі вачыма.
– Я не шляхціц, але ў мяне таксама ёсць радзіма. І мне балюча бачыць, як яна гіне з-за…
Доктар змоўк, але Вырвіч зразумеў, што ён хацеў сказаць. І запярэчыць было цяжка, бо старэйшы Вырвіч гэтаксама наракаў на магнатаў, якія гатовыя хаўрусавацца з любым чужаземным ворагам, абы перамагчы адзін аднаго. Абодва нейкі час маўчалі, гледзячы, як сосны гайдаюць галінкамі, нібыта просяць паратунку ад немінучай сцюжы.
– Доктар, а твой настаўнік Ян Рэніч мог ведаць рэцэпт філасофскага камня?
Лёднік скептычна хмыкнуў.
– Не памятаю такога за спадаром Іванам… Ён і мяне адгаворваў у дурную справу лезці – шкада, я не паслухаўся ад гардыні сваёй.
– Але ж Марцін Радзівіл кнігі ў яго замаўляў!
– Вось я і думаю, якія… – прамовіў доктар. – Наўрад псалтыры. Марцін Радзівіл дужа паверыў у метэмпсіхоз… Перасяленне душаў. Увесь час сцвярджаў, што быў у мінулым жыцці птушкай, бо мае доўгі нос. А ў наступным жыцці спадзяваўся быць сланом. Што не перашкаджала яму ў гэтым быць апошняй свіннёй. А ў настаўніка кнігі меліся рэдкія, нават з Кітаю, з Індыі. Эх, трэба Саламею спытаць… А калі яна зараз у сутарэннях слуцкага замку…
Лёднік аж зубамі скрыгатнуў.
– Нічога! – Пранціш выхапіў ліст з рук слугі. – Знойдзем Аляксандра Сапегу, папросім дапамогі!
Лекар спахмурнеў.
– Сапега супраць Радзівіла, ды яшчэ ў ягонай вотчыне, нават з рашэннем Трыбуналу і трыма сотнямі жаўнераў – бяссілы. Добра, калі Геранім Шалёны не наважыцца яго гвалтам са сваёй зямлі вытурыць. І заступніцтва магнатаў – справа ненадзейная. Ён табе келіх падасць, і тут жа тым келіхам зубы выб’е. Пляменнік Гераніма Пане Каханку так жартаваць любіць. Магнаты… – Лёднік уздыхнуў і адмахнуўся ад худога восеньскага камара, што так і цэліў да ягонага доўгага носу. – Няма чаго беднаму чалавеку ў іхнія гулі ўвязвацца. Мой знаёмы па Празе, доктар Бахстром, да Гераніма Радзівіла быў уладкаваўся… Золатам думаў засыпацца. А пан у кожнай лыжцы атруту падазраваў, гэтак жа, як у кожным позірку жонкі сваёй, Тэрэзы, здраду. Кабету пад замок пасадзіў, сачыў за кожным крокам… А яна ж не абы-хто – дачка падскарбія надворнага! Вось Бахстром і пашкадаваў прыгажуньку. Дапамог ёй збегчы… Паненка ўцякла, бацька за яе заступіўся, развод зладзіў. А Бахстром апынуўся кульгавым лісянём, якога пакінулі ў перадушаным куратніку. Збягаў ад радзівілаўскай хеўры на злом галавы, папрасіў прытулку ў Аскеркаў у Шацку… Дык Радзівілы туды цэлае войска прыгналі! І што, думаеш, сваякі пані Тэрэзы доктару дапамаглі? Хто ён такі? Пыл на шляхецкіх ботах. Вось табе і служэнне чароўнай даме.
Лёднік злосна насунуў глыбей на галаву зняты з жаўнера капялюш, прыкрыўшы шнар ад шаблі суддзі.
– Але ж ты сам пайшоў на службу да Марціна Радзівіла, дзе бяды спазнаў! – папікнуў Пранціш. – Чым ты тады думаў?
– Чым думае апантаны чалавек? – цяжка ўздыхнуў Лёднік. – Я недалёка тады ад вар’ята Марціна адыйшоўся. Уяўляеш, калі брат ягоны замак штурмаваў, Марцін натхнёна граў на скрыпцы! Праўда, я гэтага не чуў, бо ў сутарэнні гукі не даходзілі. Але і я, калі судовыя выканаўцы дзверы ў мой дом ламалі, з адной колбы ў другую вадкасць пераліваў і кроплі лічыў, як акорды найлепшай музыкі.
Былы алхімік пакаяльна ўздыхнуў.
– Цяпер бы не музыку слухаць, а паесці… – прабурчэў Пранціш, азіраючыся па баках. Урэшце, у ліцвінскім лесе тутэйшы чалавек з голаду памерці не можа: хоць грыб які ўхопіць… А вунь, здаецца, лісічкі наіўна-нахабна так жаўцеюць, знак падаюць – з’еш нас, бедны шкаляр!
– Тсс… На зямлю… – трывожна шапнуў Лёднік і, ухапіўшы гаспадара цвёрдай рукою за каршэнь, паваліў тварам у цвілае лісце, відаць, канчаткова забыўшыся на сваю крыўду і дэкляраванне памятаць сваё рабскае месца. На дарозе чуўся стукат капытоў. Пранціш ляжаў, сціскаючы дзяржальна шаблі, і страху не было. Дзесяць вершнікаў, Юдыцкага не відаць… Ды яны з Лёднікам, калі што, удвух пасякуць гэтых выжлаў, як лапушыны!
Вершнікі праехалі, стала ціха, толькі камары дзумкалі.
– Рушым! – Лёднік штурхануў гаспадара. – І шаблю больш не выхоплівай без прычыны… Ваяка… Госпадзе Божа мой, усё ў мяне не па-людску, нібы жыццё маё выдумаў паэт з багатай, але бяздарнай фантазіяй! Адну панну вызваляць, ад другой ліст перадаваць…
Сонца вырашыла, што на сённяшні дзень выдаткавала ўсё сваё жабрацкае золата, і з палёгкай схавалася за бліжэйшую хмару. Тая незадаволена сыпанула дажджом.
– Подзьвіг у імя чароўнай дамы – гэта не бяздарная фантазія! – аптымістычна азваўся Пранціш, уявіўшы гожыя вачаняты панны Багінскай, а ягоны слуга толькі ўздыхнуў. Да Слуцку заставалася тры дні шляху, не кароценькага і не лёгенькага.
…З капытоў будуць кубачкi,
З капытоў будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Кубачкi!
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?