Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Раздзел другі. Як Бутрым Лёднік і Пранціш Вырвіч у карчме балявалі
Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?
Гэтая карчма пад гучнай шыльдай “Рым” не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў – ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак – будзе з каго браць даніну!
Паветра ў карчомцы можна было рэзаць нажом. Адразу чулася, што любімыя стравы заўсёднікаў – капуста і шкваркі, а улюбёныя напоі – піва і гарэліца. Шкляны бог меў тут сталую паству. “Тры! Васьмёрка! Венера! Сабачыя вочы!” – выкрыквалі гульцы ў косткі. Сляпы спявак, худы, як чараціна, з выцягнутым бледным тварам, выводзіў тонкім голасам “Дароту” ў суправаджэнні скрыпкі ды басэтлі. Стары шляхцюк з абвіслымі вусамі, у сармацкім строі, футра якога пабіла моль, як Міхал Глінскі – татараў, пацягваў піва з самай кіслай мінай. Маладая слічная карчмарка з чорнымі валасамі, прыбранымі пад сляпуча белы каптур, пачціва выслухоўвала ягонае шляхецкае буркатанне пра падзенне нораваў.
Лекар і ягоны “асістэнт” сціпла ўселіся за кутні столік, ледзь не млеючы ад спакусных пахаў, і Вырвіч пачаў выведку. Пяцёра мужыкоў, падобна, з Гарадзеншчыны, гэтак падазрона паглядалі па баках, відаць, спалоханыя чуткамі пра неверагодных прайдзісветаў, што чакаюць сумленнага хрысціяніна ў кожнай карчомцы, што спадзеву развесці гэтых дзікуноў на нешта было мала. Ад гарадзенцаў вельмі заўважна патыхала казліным лоем, якім прасталюдцы, выпраўляючыся ў шлях, змазваюць вопратку ад паразітаў. А вось трое шляхцюкоў, апантана занятыя гульнёй у косткі, былі вельмі абнадзейваючай кампаніяй, дыяментавыя гузы на іхніх шапках паблісквалі, як жарынкі, і не паспрабаваць абчысціць іхнія кішэні проста грэх… Праўда, не відаць было нікога, падобнага да асобы, што магла б прыехаць у шыкоўнай карэце без гербаў, якая стаяла ля карчмы. Шляхціц у пабітым моллю футры дакладна быў не з такіх. Напэўна, асабліва важныя госці адпачывалі на другім паверсе, дзе мелася пара пакойчыкаў. Можа, тым гасцям удасца збыць алхіміка? Пранціш, як хлопец сумленны, не супраць быў падшукаць лекару прыстойных гаспадароў. А той малец за столікам пад самай лесвіцай, падобны да “юрысты з палестры”, дробнага чыноўніка, які выконвае чарнавую працу ў судзе, неадменна віж: вунь як прыкідваецца, нібы яму абыякава, што вакол яго гавораць, а сам так і шнырыць бляклымі вачыма, вышукваючы крамолы. Гэтага трэба асцерагацца… Невядома, на каго працуе. 1759 год ад Нараджэння Хрыстова, часіны смутныя, маскоўскія войскі раз’язджаюць па краіне, адны магнаты хаўрусуюцца з расейцамі, другія інтрыгуюць супраць, соймы зрываюцца адзін за адным… У Прусіі вайна, кароль-саксонец уцёк са свайго Дрэздэну ў Варшаву. З уласным народам зладзіць не можа, а да тутэйшага яму й зусім як да сухой ігрушы… Ён нават па-польску, седзячы на польскім троне, не навучыўся гаварыць, не кажучы пра беларускую мову. А суседзі, слабасць уладаў адчуваючы, не супраць зноў прайсціся па ліцвінскіх землях. Бо землі гэтыя – спаконвек на скрыжаванні, здабываюць іх, як філасофскі камень, зацята, стагоддзямі, не шкадуючы сродкаў і жыццяў чалавечых, і калі б з костак і крыві вырасталі белыя дрэвы з чырвоным лісцем, як у бабулінай казцы, дык пушчы й лясы зямлі гэтай нагадвалі б чырвонае мора…
Пранцысь азірнуўся на Лёдніка: той сядзеў, выпрастаўшы спіну, як быццам рыхтаваўся прымаць іспыты, і нат па баках не глядзеў, і здаваўся ў сваёй чорнай апранасе тут гэткім жа звычным, як гармата на таку. Чарнявая карчмарка, якая сноўгала між сталамі са збанамі піва, як лёгкі чоўнік між чаратоў, падазрона слізганула вачыма па цёмнай фігуры ў куце… Пранціш зразумеў, што трэба пачынаць сваю справу. Сарваў шапку з аблезлым собалем і ўрачыста махнуў ёю, нібы выклікаў бога паўночнага ветру.
– Шаноўнае панства! Толькі сёння, праездам у Парыж з Лемберку – вядомы лекар пан Баўтрамеюс Лёднік, майстар ацаленняў, знаны алхімік і зоркавед, які лячыў каралёў ды князёў. Любую хваробу ён пазнае і лекі ад яе прызначыць! Мяне ацаліў за адзін дзень ад самай акрутнай ліхаманкі! Усяго тры шэлегі за кансультацыю!
Лёднік падціснуў вусны, быццам яго абзывалі шыбенікам, але есці, відаць, хацеў і ён, таму дастаў з кішэняў сваёй упэцканай чорнай світкі паперкі і аловак і паклаў перад сабой на стол, рыхтуючыся выпісваць рэцэпты.
– Пане-браце, а ад нарываў у горле пан лекар дапаможа? – насцярожана папытаўся стары шляхцюк, адсунуўшы келіх піва.
– Ад усяго! – упэўнена сцвердзіў Пранціш. – Тры шэлегі!
Да заезжага эскулапа пацягнуліся кліенты. За старым шляхцюком, які, відаць, усё яшчэ замест шкарпэтак загадваў насыпаць у свае боты нацярушаную салому – гульцы ў косткі, за імі – чорнабароды рамізнік, у якога круціла рукі перад дажджом, тады – дзве кабеты-кухаркі… Нават сімпатычная карчмарачка доўга сядзела перад алхімікам, і той цярпліва правяраў ейны пульс па чарзе на абедзьвух руках. Грошы браў Пранціш, і хутка яму ўжо не падалася добрай ідэя прадаць лекара. Калі вось так вадзіць яго па карчомках ды засценках, як цыганы мядзведзя, дык можна някепска жыць! Лёднік абслугоўваў хворых найлепшым чынам. Важна выслухоўваў, абмацваў, сурова дапытваў і выпісваў мудрагелістыя рэцэпты, каму oleum mentha, каму unguentum commune, каму syropus koraiba. Пад ягоным паглядам людзі мізарнелі, як шкаляры, але й у выратаванне лёгка верылі, па тым жа прынцыпе, чаму лічыцца, што чым гарчэйшыя лекі, тым мацнейшыя. Лёднік аднаму возніку нават руку пашкоджаную спрытна на месца ўставіў, пакруціўшы ды тузануўшы. Адразу відно было, што лекару не ўнове ніякія раны.
Пранціш замовіў піва і свіных скабак з капустай столькі, колькі маглі з’есці двое дужа галодных мужчын. Вядома, з лекарам побач не сеў – дзе гэта бачылі, каб шляхціц еў за адным сталом са слугою! Асабліва сагравала думка, што фанабэрыстаму доктару, напэўна, даводзілася сядаць за адзін стол з такімі радавітымі асобамі, якія Пранціша, сына збяднелага шляхцюка-апойкі, і на ганак не пусцілі б… Каб не даводзілася выяўляць з сябе асістэнта, Пранціш паказаў бы халопу ягонае месца! А пакуль проста прыстроіўся падалей… Заўважыў, што слуга ягоны, перш чым падсунуць да сябе талерку, перахрысціўся па праваслаўным звычаі, шчопаццю.
Піва было не самым паганым, не заяц зварыў, але Пранцысь прыкмеціў, што маладая карчмарка, якую, як увішны шкаляр даведаўся, звалі Адэля, некалькі разоў бегала наверх са збаночкам, куды налівала віно з адмысловай бочачкі. Віно, як відаць, куды смачнейшае, чым тое піва. Пранцысь вырашыў, што лепшы спосаб пакаштаваць добрае пітво – падлабуніцца да карчмаркі. Але тая толькі зморшчыла кірпаценькі носік: маўляў, шаную вашу мосць, але не пра васпана далікатэсы, тытулаванымі панамі выкупленыя.
Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама… Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту?
Вырвіч азірнуўся. Лёднік змрочна ўтаропіўся ў келіх, нібыта хацеў убачыць скрозь яго сваю вартую жалю будучыню… Але ў келіху ўсяго толькі пенілася не самае лепшае піва. Музыкі завялі чарговую песню, заплакала скрыпка, загула басэтля, задрыжэлі па кутах вечаровыя цені, якія не магло разагнаць дрогкае полымя бледных свечачак, што рыхтаваліся стаць бруднымі лужынамі воску.
Куды едзеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
На кірмаш, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
Алхімік правёў доўгімі пальцамі па худым твары, нібыта не пазнаваў сам сябе. Палез у кішэню і дастаў маленькую шкляную бутэлечку… Пранцысь ведаў, што ў ёй.
А што вязеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
Воз дзяўчат, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
Пачым цэніш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
Па чырвонцу, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
Скрыпка галасіла, нібыта была жывой істотай, якая страціла самае дарагое. Нават за суседнім сталом на імгненне прыціхлі галасы гульцоў у косткі. Бутрым паднёс блізка да вачэй бутэлечку, страсянуў, углядаючыся ў сваё апошняе золата… Нават здалёк Пранцысь бачыў, як крывяцца ягоныя вусны.
Куды едзеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
На кірмаш, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
А што вязеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
Воз хлапцоў, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
Пачым цэніш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом.
Па талеру, васпане!
Ой, вір-вір, бом-бом.
Каго прадаюць за талер, а каго й за шэлег, усім ёсць цана ў гэтым не лепшым са светаў… Басэтля глуха падтаквала высокаму голасу сляпога спевака. Пранціш намацаў у кішэні вежачку – кубак з астрагаламі, косткамі для гульні. Можа, далучыцца да кумпаніі? Часам удавалася ж выйграваць ды мухляваць, калі не натрапіш на мацнейшага махляра. У калегіюме ён ды адзін шчаўлік з малодшага курсу, Міхась Міцкевіч, таксама з небагатай шляхецкай сям’і, былі самымі моцнымі гульцамі. Міцкевіч, праўда, асаблівыя здольнасці меў: мог тры разы запар выкінуць “венеру” – усе шасцёркі, і ніхто падлавіць не мог на ашуканстве. Той шчаўлік цвёрда збіраўся, як падрасце, ехаць у Лемберк, каб павучыцца ў лепшых шулераў і пасля каралёў абыгрываць. Пранцысь жа марыў стаць славутым ваяром і здабыць багацце і тытулы шабляй, якую, дарэчы, таксама ў бліжэйшы час варта было раздабыць. Выпітае піва прыемна круціла галаву і змушала да подзьвігаў.
Чарнявая карчмарка зноў спусцілася ўніз і наліла ў збан з маленькай бочачкі адмысловага віна. Пранцысь зараз жа падскочыў да маладзіцы, як бусел да наладаванай жабкамі калюгі, залапатаў, зажартаваў… Але карчмарка і сама мела язычок востры, як шабля каралеўскага улана, і блакітныя вочы Пранцыся ніяк не маглі прабіцца да ейнага загартаванага досведам карчмарскага рамяства сэрца. Гэта яна шляхціцу адмаўляе? Эх, была б у яго шабля!
Збанок у руце Адэлі прыцягваў, як гарачая смала – парушынку… Кабета спрытна абмінула нахабнага юнака і рушыла, аглядаючы сваю гаспадарку, як гетман – поле бітвы. Параўнялася са сталом, дзе сядзеў Лёднік… Нешта ціха таму сказала… І – што такое? Паставіла перад Пранцысевым слугою запаветны збаночак!
Шкаляра ажно працяла ад злосці. Баўтрамей падняў на кабету цёмныя вочы:
– Выбачайце, пані, я цяпер не магу дазволіць сабе такайскае.
– Гэта пачастунак ад мяне пану лекару!
А прамовіла з якой удаванай сарамяжнасцю! І нават нібы няўзнак прыхінулася да чарадзея! Пранцысь нічога не мог зразумець. Ён, Вырвіч – юны, вясёлы, гожы, а добрае віно дастаецца на дарэмшчыну старому змрочнаму чарнакніжніку з дзюбатым носам! Што ён, прысушвае кабетаў лацінкай? Альбо носіць пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым паліваным гаршку, ці валасы з канца воўчага хваста, а можа ўласную кроў, выпушчаную ў пятніцу, змяшаную з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы, у парашок ператвораную, кабетам падсыпае?
Яшчэ трохі пашаптаўшыся з лекарам, Адэля сышла, нават не зірнуўшы на блакітнавокага чубатага шкаляра. Лёднік праводзіў яе вачыма, няспешна наліў віна, чырвонага і густога, як кроў, у свой апусцелы келіх, нават нейкі мройны выраз на твары з’явіўся… Успомніў залатыя свае дзянькі, відаць, калі не такое шчэ віно смакаваў. А смалы табе гарачай!
Пранцысь ірвануўся наперад і цопнуў келіх проста з-пад носу алхіміка. Гледзячы ў вочы свайму слузе, няспешна выпіў. Ад злосці нават не распрабаваў добра. Але віно, здаецца, выдатнае… І мацнейшае за піва. Парадкам мацнейшае. Бразнуў пусты келіх аб стол. Лёднік, нібыта вывучаючы рэдкую хваробу, глядзеў на гаспадара. Зноў наліў поўны келіх. Працягнуў руку…
Пранцысь зноў апярэдзіў слугу. Павольна паднёс келіх да вуснаў, выпіў, не адрываючы позірку ад чорных вачэй, у якіх болей за ўсё на свеце хацелася пабачыць замест прыхаванай жарынкі насмешкі – праўдзівую крыўду. Але трымаць позірк на адной кропцы станавілася ўсё цяжэй, аблічча паскудніка Баўтрамея пачало нейкім незразумелым чынам дваіцца.
Пусты келіх ляснуў аб дубовы стол. Лёднік зноў прамаўчаў, пасядзеў, апусціўшы галаву. Пранцысь, крыху пагойдваючыся, навісаў над ім пагрозна, як цыклоп над Улісам. А што – ён, пан Вырвіч гербу “Гіпацэнтаўр”, моцны, вялікі… Уга, які зух! Што перад ім нейкі доктар, няхай той і ў Празе вучыўся! У галаве гралі скрыпкі і дуды, падлога пахіствалася ў такт музыцы, так што давялося абаперціся абедзьвума рукамі аб стол.
Алхімік, як нічога не было, напоўніў келіх. Пранцысь зноў паспеў першы, хаця й расплюхаў каштоўнай вадкасці… Але ягоную руку раптам імкліва перахапіла, як абцугамі, рука лекара. Лёднік холадна прамовіў, не гледзячы на шкаляра.
– Думаю, васпану ўжо досыць.
– Ды як т-ты пасмеў! Ды я ц-цябе… Хам… Біз-зуноў пакашт…шту…
Язык, аднак, не паспяваў за абуранымі думкамі, свет навокал загайдаўся, як адлюстраванне ў веснавой вадзе. Вырвіч толькі ўсвядоміў, што нехта ўзваліў яго на плячо самым ганебным чынам, як мяшок з гарохам, і некуды панёс. Ды яшчэ нізкі голас дзесьці побач бурчэў:
– Дурное хлапчыска…
На гэтым доўгі дзень прыгодаў для Пранцыся Вырвіча завершыўся.
Раздзел трэці. Як Пранціш пазнаёміўся з ваевадзянкай і ледзь не страціў алхіміка
Раніца пачалася з галаўнога болю. Гэткая нармальная шляхецкая раніца. Пранціш ледзь прадраў свае калісьці ясныя блакітныя вочы. Ён ляжаў у ложку не самым шыкоўным, але ўсё-ткі ў ложку, а не на падлозе… Хаця й на адвечным для прыдарожнай карчмы сенніку. Падобна, ім вылучылі, як ганаровым гасцям, пакойчык на другім паверсе. Адэліна ласка? Памяць патроху вярталася, і гэта не радавала. Няўжо яго сюды прынёс Лёднік? Пранціш успомніў, як выхопліваў келіхі з-пад аб’ёмістага носу доктара з радасным адчуваннем, што гэта сапраўдны подзьвіг, і шчокі загарэліся ад сораму. А дзе той доктар? Ці не збег? Вырвіч паспрабаваў прыўзняцца, але ад гэтага свет паплыў купальскім карагодам, нават водбліскі вогнішча прымсціліся… А Божачкі, як галава баліць!
– Што, нашукаўся пан ін віна верытас? – насмешны голас побач успрыняўся з палёгкай. Шкаляр павярнуў галаву, ад чаго ўваччу сцямнела. Калі туман разамгліўся, Пранціш зразумеў, што доктар, ужо без сваёй чорнай мантыі, у адной белай кашулі і саксонскіх нагавіцах, мяшае ў кубку нейкі адвар, ад якого ідзе пах сабачае мяты.
– І часта пан Вырвіч даходзіць да такога стану? – насмешна прарыпеў алхімік.
– Я не люблю быць такім… Такім, як мой бацька…
Вырвіч адразу пашкадаваў сваіх словаў… Што значыць, п’яны рот на замку не трымае, embritas et amor cuncta sekreta produnt. Але Лёднік нават не хмыкнуў. Толькі папытаўся, працягваючы нешта калбаціць у кубку:
– А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
– Ага, у сечы… – вось жа ўмее людзей цвеліць. – У канвенце забыўся.
– Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
– Падымайся…Пі…
І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць – смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
– І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
– А што, ты мог? – весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік. Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся… І Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся…
– Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі…– голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
– А я і не пераймаўся! – Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…
– Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
Лёднік шчыра здзівіўся.
– Таксама праваслаўны?
– Вырвічы веры не мяняюць! – горда паведаміў Пранціш. – А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.
– Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, – лена парушыў маўчанне Пранціш. – А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.
– Птушку на лекцыю прыцягнуў? – буркатнуў лекар. – Блазнота…
– Вараня – так сябрука майго празвалі… Ну не тое што сябрука… Як з такім сябраваць… Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны… Але разумны, халера.
Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.
Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.
З Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася – сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтку, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі – значыць, няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала – дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы… Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай – пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць… Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў – адмысловага бізуна… Затое кпіць над ім насмельваліся толькі за вочы. А над Вараняцем не здзекваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свіціцца… І не плакаў ніколі, і не скардзіўся… Затое ў вучобе – першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром… Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму “горб раўняць”. А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб не крыкнуць… І нешта Пранцыся як за сэрца рукой схапіла. І ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці… А на наступны дзень той падказаў яму ўсе спражэнні лацінскага дзеяслова “глядзець”. Так і завязалася між імі сяброўства-не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што каб на лекцыях такое распавядалі – Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага “Кніга таямніцаў”. І яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ можна ўзяць кроў асла, тлушч марскога зайца і кветку клёну, змяшаць, падпаліць каля ўласнага ложку… І ў сне пабачыш, што цябе чакае ў прышласці. Пранціш і Вараня доўга гадалі, што гэна за пачвара марскі заяц, аднак замяняць на другія інгрыдыенты не наважыліся.
Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў – Пранцысь ужо меў сваю банду, некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была – дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло – старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы – сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.
Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня – на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.
А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў – гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.
У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.
Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае “нешта” пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.
Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае “цэнзары”, прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…
Так што назад, у Менск, дарогі няма.
– І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? – зацікаўлена спытаўся Лёднік.
– А нератам! – зарагатаў Пранцысь. – Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!
Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.
– А сшытак сябрука твайго пры табе?
– Вось… – Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво, ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стамлёна адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:
– Гасподзь забірае лепшых… – памаўчаў, ціха папрасіў:—Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?
Пранцысь дазволіў… Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.
Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні… Вось ужо нехта лена лаецца на бліжняга свайго, а той, пазяхаючы, адбрэхваецца, і добрай раніцы, родная зямелька…
– Пайду здабуду пану ежы… – прабуркатаў Лёднік, захінуўся ў свой чорны балахон і выйшаў за дзверы. Шкаляр з цяжкасцю ўстаў з ложка, страсянуў галавою… Ну трэба ж, як разгаварыўся са слугою – бы на споведзі. Але шкадавання не было. Затое патроху, як пухірыкі са дна куфля са свежым півам, падымалася п’янкое прадчуванне чагосьці незвычайнага, небяспечнага і цікавага, бо прыгода, пазбаўленая небяспекі – як зацірка без солі… Пранцысь нават схапіў качаргу, што прытулілася ў куце, і некалькі разоў удаў фехтавальныя рухі… Незаўважна перайшоў ад высакародных прыёмаў фехтавання на мячах і шаблях да шкалярскага змагання на палках-пальцатах, у якім Вырвічу не было роўных. Вось так табе, злыдзень, а ў пячонку не хочаш? А вось проста ў сэрца! Кубак упаў і закаціўся пад ложак, пакідаючы цёмную дарожку недапітага адвару, нібыта хацеў схавацца ад ваяўнічага пана.
– Я сказаў, з пакоя не выходзь! Дурное дзяўчо! Адвязу да цёткі ў кляштар, а там сабе скручвай галаву і другім тлумі! Мала ў Варшаве нарабіла! Пакуль я за цябе галавой перад тваім высакародным братам адказваю, будзеш, паненка, сядзець ціха, як смажаны фазан у пірагу!
Голас належаў чалавеку грубаму і звыкламу выкрыкваць вайсковыя каманды. Але Пранціш, вядома, адразу высунуў на калідор цікаўны нос… Незнаёмец у чорным капелюшы з высокай тулляй, абвязанай блакітнай стужкай, у чорным каптане, з-пад якога бачыліся бялюткія карункавыя манжэты і каўнер-жорнаў, спускаўся па лесвіцы, прыступкі рыпелі пад ягонымі цяжкімі крокамі, пабразгвалі шпоры… Вырвіч з хваляваннем утаропіўся на непаглядныя, пасечаныя п’янымі пастаяльцамі дзверы суседняга пакоя, за якімі, падобна, пакутвала чароўная дама…
Раптам у адтуліне замка тых дзвярэй паказалася шпілька, бязладна закруцілася, як вусік хрушча, нешта шчоўкнула, і дзверы прыадчыніліся. У шчыліне збліснула блакітнае вока. Пранціша ўважліва, без усялякай боязі, вывучалі, і ён пастараўся надаць твару як мага больш самавіты, варты даверу, выраз. Відаць, гэта ўдалося, бо дзверы прыадчыніліся шырэй, і Пранцысь пабачыў самае чароўнае аблічча, якое толькі магло прымроіцца шкаляру. Праўда, тварык паненкі з трошку кірпатым носікам і пышнымі цёмнымі валасамі, сабранымі ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатру, падчас прэм’еры п’есы “Брама неўміручасці” аўтарства двух шкаляроў з апошняга курсу, а насамрэч – Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоў езуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд падобнай да вялізнага торта з крэмавымі кветкамі сукенкай-рагоўкай на абручах з кітовага вуса, з наймаднейшай ружова-блакітнай тканіны ў дробныя букецікі, як у фаварыткі французскага караля мадам Пампадур. Сукенка была “лакцёвай” – у ёй нельга апусціць рукі, даводзілася трымаць іх сагнутымі ў локцях, не ў кожныя дзверы ўвойдзеш, а з шоўку, што пайшоў на гэты ўбор, можна было пашыць прынамсі тры сукенкі звычных памераў. Малады князь Міхал меў ажно шэсць сясцёр, і выгадаваўся, як адны казалі, сярод музаў, другія – сярод гарпій. Характарам мяккі, найбольш музыцы ды маляванню хацеў жыццё прысвяціць… Але дзе там! Радня ў палітыку калом пхае, як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц. Стаў ваяводам, а яны пад’южваюць – а чым ты не кароль? Паслалі Багінскага ад саксонскага двара з дыпламатычнай місіяй ў Санкт-Пецярбург, падбілі ўключыцца ў барацьбу за схільнае да любові сэрца маладой жонкі наследніка трону Кацярыны – яна, маўляў, усё будзе вырашаць у будучым, а не ейны нягеглы мужык… Стаць каханкам расійскай царыцы – трывалая прыступка да ўласнага трону! Толькі дарэмна, не запалілася прынцэса ад гэтага агню. Відаць, ёй не падабаліся мяккія ды нерашучыя, хаця й умеў князь выдатна граць на флейце, сачыняў музыку і маляваў карціны не горш за італьянскіх майстроў. Больш да сэрца прыйшоўся будучай царыцы польскі пасол, прыгажун Станіслаў Панятоўскі. І цяпер князь Міхал казаў усім выглядам пра сваё разбітае сэрца і рамантычныя марэнні.
Вось Паланэя Багінская па характары цалкам магла б царыцай стаць. Фанабэрый было ў паненкі-кветкі, як пчолаў вакол раскіданага вулля, так што шкаляры толькі здалёк насмельваліся аблізваць спакуснае цуда позіркамі – не па галаве шапка. Пранцысь, якому выпаў сумніўны гонар іграць у п’есе падступнага князя Святаполка, асабліва запомніў дзве чорныя мушкі з тафты, якімі паненка ўпрыгожыла набелены тварык – над правым брывом і злева каля носіка, што азначала, што сэрца паненкі свабоднае, але падступіцца да яе цяжка. Тады яе цёмныя валасы былі схаваныя пад высокім напудраным парыком, у якім гняздзіліся па-майстэрску выкананыя мініяцюрныя блакітныя птушачкі…
І цяпер нібыта тыя птушачкі шчабяталі вакол русявай галавы Пранцыся. Ён нават не адразу скеміў, што паненка Паланэя яму шэпча:
– Гэй, ты што, глухі? Хочаш зарабіць дзесяць дукатаў?
Пранцысь страсянуў чубам: вось і яшчэ адна прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца… І ад якой, ясна, таксама давядзецца займець на сваю шкалярскую галаву перуноў. Але галоўнае – не здрадзіць ідэалам куртуазнасці! Так, схіліцца ў паклоне, руку пакласці на нябачную шаблю…
– Няхай ваша мосць вельмішаноўная панна толькі выкажа сваю просьбу, і я выканаю яе як мага больш пільна і дасканала, не прамарудзячы ані хвілі дзеля ясных вочак найяснейшае панны, і дзеля палкага жадання майго сэрца служыць яснай панне!
Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?