Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
– Гэта як? – не зразумела я.
– Свечкі з нанесенымі на іх дзяленнямі,– патлумачыў Юрась. – Нават у князя Вітаўта ў пакоях гарэла такая свечка – велізарная, на цэлыя суткі… І калі згарала адно дзяленне – гэта значыць, прайшла гадзіна – слуга абвяшчаў пра гэта на ўвесь палац…
Я падышла да гадзінніка, падобнага да маленькага гатычнага храма. На цыферблаце з жоўтага металу – дваццаць чатыры дзяленні, гатычныя літары замест лічбаў…
– Ой, усяго адна стрэлка засталася… – пашкадавала я. Мой былы муж усміхнуўся.
– Хіба не заўважыла – у іх усіх адна стрэлка. Гадзіннікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў – навошта? Ну а простым месцічам ці сялянам – якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень… Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі з’яўляцца вежавыя гадзіннікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя – гэта была падзея…. А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.
– А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?
Юрась схіліўся ля бакавой сценкі аднаго з гадзіннікаў, на якім смешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постаццю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх шнарах, пры першым поглядзе амаль не заўважных.
– Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіннік. Я яго рэстаўраваў. Зірні…
На чорным дрэве – выпалены надпіс: BERNACCONІ.
– На астатніх гадзінніках – тое самае, – патлумачыў Юрась. – Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіннікі з вежы.
– Кляйно майстра? – Я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і не мог узняць свой малаток…
– Хутчэй, прозвішча ўладальніка, – азваўся Юрась. – Гадзіннікі – розных майстроў. Гэты, са смерцю і каралём – з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са Святым Сямействам, другі з грыфонам – з Нюрнберга. Хто такі Бернацоні – я не ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіннікі, а вывезці не змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.
Я асцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіннікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі – нібыта перахварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчаслівы быў той час?
– Вось тут звесткі пра кожны экспанат, – акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.
«Чорны Ганс»… Гадзіннік са шпіндзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм – скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры свінцовыя на вяроўцы з авечых кішак…»
– Што?.. – адарвалася я ад папераў.– Чаму з авечых кішак?
– Таму што звычайныя вяроўкі расцягваліся. А гэтыя – сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука – таксама трывалая, найчасцей яе майстры ўжывалі.
«Святое Сямейства… Гадзіннік механічны… Невядомы майстра, Нюрнберг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота…»
Раптам за дзвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усмешлівым самавітым панам у элегантным касцюме. Усмешка пана была вытрымана-спачувальная… Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна – чарнявы, каржакаваты, як старасвецкая шафа з пукатымі дзверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытанні… І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіннікаў. Але было позна.
– Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!
– У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандавіч, – нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»…
– А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцця… – расчаравана працягнуў госць, нібыта збіраўся быць нашым сватам. – Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.
Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку… Віталь Янчын ніколі не адрозніваўся далікатнасцю. Затое ніхто і не думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Ён усіх – на «ты», і да яго – «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты, і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасля надрукавання гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза… Яго фірма закупіла для музея калекцыю карцінаў. Я падчас уручэння моўчкі абуралася – набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў з’явілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі… Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.
– Ганначка стане пісаць пра Аркадзя, так, Ліля? Цудоўны выбар! Гэтая дзяўчынка напіша, як мае быць! – каб не патрэба захоўваць жалобны выраз твару, жыццярадаснасць струменілася б з Віталя, як вада з рэшата. – А ты, Юраська, значыць, усё па-ранейшаму пакутуеш? Вось жа «пашанцавала» табе, беднаму…
Віталь звяртаўся да майго мужа, як да цяжкахворага, змоўніцкім шэптам. Юрась збялеў і, апусціўшы вочы, сказаў нечакана цвёрда:
– Гэта мая справа, Віталь Аляксандравіч.
Я са здзіўленнем пераводзіла вочы з аднаго на другога, спрабуючы здагадацца, пра што гаворка.
– Ну, ну, не крыўдуй… Ты малайчына. Выпаў крыж – нясі… Ведама…
Апошняе прагучала трохі фальшыва. Я нічога не распытвала пра асабістае жыццё майго былога мужа, а тут, відаць, мелася нейкая таямніца. Але мне не атрымалася на гэтым засяродзіцца. Удава абвяла рукой вакол.
– Вось яны, гадзіннікі з вежы. Віталь пацокаў языком:
– Ай-яй, даўніна якая… Антыкварыят! Хаця ў калекцыі Пятра Апанасавіча ёсць некалькі вельмі падобных. Ды вось хоць бы нядаўна з Польшчы прывёз цэлы фургон гадзіннікаў – і вялікіх, як гэтыя. І малых… Нават цыферблат ад вежавых…
Юрась шапнуў мне:
– Гэта ён пра Калыванава… Прэс-сакратаром у яго працуе.
Нішто сабе прыладкаваўся! Калыванаў – расейскі магнат, меў тут сумесныя прадпрыемствы. Удава дужа зацікавілася пачутым:
– Аркадзь марыў, каб сабраць усе дванаццаць гадзіннікаў! Наш былы выкладчык спачувальна паківаў галавой:
– Пётр Апанасавіч твайго мужа вельмі паважаў. Не сумняюся, што, калі ў яго калекцыі выявяцца патрэбныя экзэмпляры – падорыць. Шырокай душы чалавек…
Лілія Пятроўна перарывіста ўздыхнула:
– Як было б цудоўна – сабраць усе дванаццаць, паставіць у вежы, і каб яны ішлі… Аркадзь мне тысячу разоў пра гэта казаў, а я не прыслухоўвалася…
Голас яе перарваўся. Госць спачувальна дакрануўся да яе пляча.
– Не плач, Ліля… Паспрабуем арганізаваць… – і дастаў сотавы. Пасля нядоўгіх перамоваў радасна паведаміў:
– Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіннікаў старых у яго сотні з дзве. І маленькія, і большыя за гэтыя… Калі не знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!
Юрась запярэчыў:
– Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.
– Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжака. – У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамонце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіннікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!
Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою:
– Не ведаю… Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш… Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі…
– Ну вось і бярыся неадкладна! – уладарна загаварыў Віталь. – Фігуры – бог з імі, пасля дапрацуеш. Галоўнае – каб цікалі. Якіх дэталяў не хапае – ты толькі намалюй, за суткі зробяць. Пяць тысячаў баксаў гарантую, калі атрымаецца. Вось што… Гэтыя скрынкі ўсё адно трэба ставіць у вежу… Напачатку завязём іх у майстэрню, і Юрась разбярэцца, што да чаго, складзе «чароўную дванаццатку». Ён жа – майстар-цуда! І Ганначку з сабой возьмем – будзе там пісаць, фатаграфаваць… Усе архіўныя дакументы, якія трэба, даставім. А на саракавіны ўрачыста адчынім у ратушы музей імя Аркадзя Баркуна. Я праязджаў учора, зірнуў – там ужо ўсё амаль расчысцілі, трэба толькі вокны зашкліць. Пятро Апанасавіч прафінансуе. Дый мы ўсе скінемся. Усе ж пад Богам ходзім… У Калыванава пару гадоў таму таксама нейкі гад страляў. Не любяць у вялікім бізнесе сумленных людзей… Вось пра што пісаць трэба было, – гэта Віталь дакорліва кінуў мне на развітанне.
Мы ехалі ў звычайным гарадскім тралейбусе, і раскоша Баркунова дома здавалася мне прыснёнай. За вокнамі мчаліся агні начнога гораду, быццам згубныя балотныя агеньчыкі. Уяўляю, якімі нечувана прыгожымі здаюцца гэтыя падсвечаныя фасады дамоў на сталічным праспекце якой-небудзь дзяўчынцы з Аляхновіч, дзе ўзімку трэба вучыцца ў школе, не здымаючы футра, а ўвечары гэтая дзяўчынка стаіць разам з усімі месцічамі на чыгуначнай станцыі і выглядае, калі прывязуць цыстэрну саляркі, якая хоць на нейкі час верне цяпло ў кватэры… А міма, не спыняючыся, пралятаюць цягнікі далёкага накірунку, вокны якіх гараць нетутэйшымі прыветнымі агнямі… Як цікава было б гэтай дзяўчынцы, якой магла б быць я, ехаць у гэтым тралейбусе вось тут, на задняй пляцоўцы, і разглядаць залітыя святлом дамы…
Але я развучылася радавацца таму, што жыву ў вялікім горадзе. Юрась зацята маўчаў, абапершыся локцямі на парэнчы і ўглядаючыся ў збягаючую назад бліскучую чорную стужку мокрага асфальту. Чорны швэдар на локці зацыраваны… Няўжо так мала зарабляе сваёй рэстаўрацыяй, што на куртку сабе не агорае? Я ведала, што Юрасёў бацька памёр. Але ж нібыта і рэстаўратары такога палёту не жабруюць… Напэўна, проста не сочыць за сабой. Так, немагчыма паверыць, што калісьці між мною і гэтым мужчынам былі нейкія… іскры цікаўнасці.
Паўпусты тралейбус пагрукваў, нібыта развальваўся. Я на хвілю ўявіла, што так можа выглядаць сучасны Харонаў транспарт. Вось прыпыніўся, каб прыняць у сябе новыя памерлыя душы…
Раптам Юрась азірнуўся і ўвесь напружыўся, і нібыта між намі ўпала нейкая сцяна. Ён пільна глядзеў на дваіх, што ўвайшлі ў сярэднія дзверы і ўсаджваліся на адно з абабітых карычневым, скрэмзаным шматлікімі непаўналетнімі пасажырамі дэрмацінам, сядзенне. Высокая худая дзяўчына ў чорным скураным плашчы і капелюшы і хлопец у джынсоўцы. Неахайныя пасмы валасоў амаль закрывалі яго твар. Пара была дзіўная. Не п’яныя, але рухаліся неяк нязграбна, нібыта толькі што, пасля доўгага блукання, выйшлі з цемры сутарэнняў на сляпучае святло. Юрась ірвануўся да іх, нават нічога мне не патлумачыўшы. Я бачыла, як ён схіліўся над дзяўчынай, нешта ціха ёй сказаў, пасля пацягнуў за руку да дзвярэй. Я здагадалася, што хутчэй за ўсё прысутнічаю пры сямейнай разборцы, і з прыкрасцю адвярнулася.
– Адкасніся… – голас дзяўчыны быў гучны, але нейкі санлівы.
– Стэла, дадому! Уставай!
Бач, які ўладарны! Я зноў кінула пагляд у іх бок… Юрась падвёў дзяўчыну да дзвярэй. Дзіўна, але хлопец, з якім тая зайшла ў тралейбус, нават галавы не павярнуў. І тут Юрасёва кабета паглядзела на мяне… Божа, якая прыгажосць! Эльфійская князёўна… Твар бледны, як парцаляна, і худы, з тонкімі рысамі, вочы вялізныя, бліскуча-цёмныя… І чорныя прамыя пасмы валасоў звісаюць з-пад капелюша, нібыта невыпадкова, а нейкі мастак доўга падбіраў, як іх укласці, каб падкрэсліць незвычайную, нейкую трагічную і хваравітую гожасць уладальніцы. Я глядзела на ўсе вочы, забыўшыся на прыстойнасць. Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ўсміхнулася – горкай, імгненнай усмешкай, і выйшла ў ноч і восень, у суправаджэнні ўнуранага, напружанага Юрася, які, дарэчы, нават і не зірнуў у мой бок…
Я ніколі не зайздросціла дзяўчатам, якія былі прыгажэй за мяне.
Зайздрасці не было і цяпер. Але… нейкая туга. Так, дзеля гэткай жанчыны можна сцярпець усё… І дараваць здраду, і цярпліва дабівацца кахання. А мне застаецца гэты паўпусты тралейбус, мокры асфальт, што ляціць за вокнамі, быццам чорная рака, і ўсе лістапады, па якіх я буду блукаць – сама, сама, сама…
Белы анёл біўся ў вітражнае акно, адчайна прасіўся ў пакой. Напэўна, гэта была проста птушка, скрозь слюдзяныя падфарбаваныя пласцінкі можна было разгледзець толькі што белая. Але ў тым паўсне, у якім жыла Анэта, чаму б не з’явіцца анёлу? Вокны адчыняць забаранялася. Але анёлам адмаўляць нельга. І нават птушкам – бо гэта стварэнні Божыя. Шыбы з цяжкасцю паддаліся… Над галавою Анэты імкліва праляцела нешта светлае… Дзяўчына не разгледзела крылатага госця, бо ад струменю свежага паветра, што ўварваўся з вуліцы, галава закружылася так, нібыта вярнуўся шалёны карагод. Анэта мімаволі падалася наперад, ухапілася за падаконне, каб не ўпасці… Горад ляжаў перад ёю, нібыта скалечаны вой. Чорнае голле дрэў (няўжо такая позняя восень?)… Дым ад вогнішчаў… Зусім няма людзей… А яшчэ нядаўна на гэтай плошчы віраваў стракаты натоўп. Які крык падымаўся, калі на плошчы збіралася капа – сойм, каб вырашыць нешта важнае. Вароны тады не наважваліся і блізка падлятаць да горада. А ў звычайныя дні тут можна было пачуць самую розную гаворку, і выбраць сабе ў шматлікіх лаўках з вясёлымі навязлівымі гандлярамі каралі з чэшскага шкла або персіянскую хустку, пералівістую, як вясёлка. Старыя бурчэлі – маладая паненка добрага роду бегае па горадзе адна. Але гарэзе Анэце, адзінай дачцэ пана Варавы Ляскевіча, дазвалялася больш, чым яе сябрынькам. Татусь звык размаўляць з ёю як з роўнай, і Богуш не стаў бы замыкаць сваю «белагаловую» ад гасцей, як пан войт. Праўда, войтава жонка, чарнабровая маскавіцянка Марыя, сама хавалася, калі ў дом прыходзілі мужчыны. Войт Марка Доўмель, бацькаў добры сябра, апраўдваўся – у такіх звычаях вырасла. Варта было паглядзець на пачварныя ўборы тае Марыі, што рабілі яе падобнай да вялізнай падушкі – ні шыі не відаць, ні стану – каб зразумець, што за звычаі ў ейнай Масковіі. Войцісе ж такое апрануць, як тутэйшыя шляхцянкі носяць – грэх.
Анэта любіла выбіраць сабе ўборы… Яны з Богушам зараз хадзілі б па гэтай плошчы разам, і яна купляла б сабе падарункі да вяселля. Тонкі ядваб, зялёны, як першае бярозавае лісце… Гафтаваныя перлінамі чаравічкі, у якіх гэтак вольна бегаць-слізгаць па нацертай воскам да вадзянога бляску падлозе… Рукавічкі са срэбнага дзівоснага футра… Богуш ні ў чым ёй не адмаўляў. Навошта даражыцца, калі заўтра ці нават сёння на горад могуць напасці крымчакі, ці шведы, ці маскоўцы, і знікне кароткая радасць… Богуш заўсёды біўся ў першых шэрагах, яе слаўны рыцар… І ейная зялёная стужка была ў яго на шлеме. Іх каханне і нарадзілася ў бойцы… Богуша і Анэту сасваталі яшчэ малымі. Але дзяўчына зусім не была ў захапленні ад задзірастага хлапчука з непакорлівымі цёмнымі віхрамі…
Ён паехаў у Кракаўскі ўніверсітэт, вярнуўся… У стракатых штанах і дзюбастых чаравіках са званочкамі на насах. З плоймай лацінскіх выказванняў, якія ўстаўляў да месца і не. На бацькавы ўгаворы Анэта капрызіла: «Не хачу замуж за гэтага боўдзілу! З яго ж усе смяюцца!»
Пад сцены Старавежска прыйшлі татары. Да Вялікага князя паслалі па дапамогу. Але пакуль княскае войска падыдзе, даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы. Богуша прынеслі ў ратушу, дзе зладзілі лазарэт, калі напад быў ужо адбіты. Вялікі князь так і не прыслаў войска ў непакорлівы горад, што не прымаў ягонага войта і заключаў гандлёвыя дамовы з ягонымі ворагамі. Ганец вярнуўся са словамі: «Каму служыцьме, у таго і дапамогі прасіцьме».
А Старавежск не служыў нікому.
Паважныя воі расказвалі пра геройствы маладога Радчыца і шкадавалі, што такі добры ваяр памрэ. Анэта нахілілася над параненым… Ён быў зусім бледны, валасы прыліплі да скрываўленага лба. Раптам веі задрыжэлі, бліснула сінь вачэй… Ён пазнаў яе. І… паспрабаваў усміхнуцца. Каб падбадзёрыць сваю палахлівую дзяўчынку. «Не плач, Анэта, а то жабы ў пакоі развядуцца». Яна хутчэй адгадала, чым пачула яго ўлюбёную дражнілку.
І ўспамін пра тую ўсмешку на збялелых ад болю вуснах дасюль прымушае сэрца сціскацца…
Тады ён выжыў… Было кароткае шчасце. Анэта ведала – Богуш абраў бы лепей смерць ад варожага мяча, чым ад хваробы… Але пані Смерць дыспутаў не ладзіць.
Няма болей Багуслава Радчыца…
Сцелецца над брукаванкай горкі дым, карычневая лістота ўжо не шасціць, прыбітая дажджамі да зямлі. Толькі дзіўныя застрашлівыя постаці вартаўнікоў па краі плошчы. Захутаныя ў цёмныя плашчы, што напінаюцца зброяй, твары да вачэй абвязаныя белымі палотнамі – як у сарацынаў…
– Анэ-эта-а! – зноў мсціцца далёкі голас Богуша… Цёмныя постаці ўнізе зварухнуліся, зрушыліся…
Моцныя рукі адштурхнулі дзяўчыну ад акна.
– Дурное дзяўчо! Пошасць прыходзіць з паветрам!
Бернацоні злосна зачыніў шыбы, нібыта за імі стаілася сама смерць. Шоргат крылаў прымусіў яго азірнуцца. Белы голуб сеў на плячо лекара. Анэта са здзіўленнем убачыла, што суровы твар італьянца прасвятлеў ад радасці. Бернацоні схапіў птушку, нешта адвязаў ад яе лапкі, няўважна падкінуў птушку ўверх, і тая, спалохана пакружляўшы, села на адзін з гадзіннікаў… Анэта здагадалася, што голуб прынёс чаканыя весткі. Можа, ад самога Вялікага князя. Відаць, бедная птушка зблудзіла ў смярдзючым дыме і не даляцела да адмысловага акенца на гарышчы. Але ўсё-ткі шкада, што прыляцеў не анёл.
Раптам Бернацоні раздражнёна ўскрыкнуў:
– Маледэтта! Я мушу гібець тут аж да пачатку посту! Ну які ёлуп увёў у вушы Яго Вялікасці, што гэтае панішчанае, няшчаснае мястэчка мае волю да супраціву! Ды тут яшчэ сто гадоў не будзе моцы нават зладзіць начную варту! А, гэта, відаць, Яго правялебнасць, шаноўны біскуп, пастараўся…
Анэта скаланулася. Чужынец казаў пра яе горад, пра яе ўлюбёны, вольны Старавежск.
– Наш горад аджыве! – дачка радцы не магла змаўчаць. – І пошасць была. І пскавічы нас палілі, і крымскі хан… Старавежск можна параніць. Але нельга забіць.
Бернацоні прымружыў вочы, нібыта дзяўчына знаходзілася ад яго далёка-далёка.
– Вось як, бамбіна… Ты любіш свой горад? Магчыма, ты любіш яго нават так, што можаш за яго памерці?
Анэта з выклікам паглядзела ў цёмныя вочы лекара.
– Многія больш вартыя за мяне аддавалі жыццё за гэты горад. У вачах італьянца не заўважалася насмешкі.
– Так, дона, так… Велічыня чалавека суразмерная таму, за што ён здольны памерці. Гэта можа быць усяго толькі ягоны дом, з нажытымі ім дабром і дзецьмі, з улюбёнай ружовашчокай матронай, а можа быць – ягоны народ… Яго вера… Яго Гасподзь… Калі ж нехта больш за ўсё на свеце даражыцца сабою – ён такі малы, што вочы Неба абмінаюць яго, як нявартую парушынку… У цябе вялікая душа, дона.
Лекар адышоўся і працягваў разважаць, нібы спрачаючыся сам з сабою:
– А вось усё чалавецтва… Якое ёсць, якое будзе. Стракатае, забыўлівае, асуджанае знішчаць самое сябе, як скарпіён у коле вуголляў… Ці варта паміраць за чалавецтва? Хіба можна ашчаслівіць яго – усё? А, дона?
Анэта спалохана паціснула плячыма – у такія хвілі Бернацоні нагадваў ёй вар’ята…
– Не ведаеш? Вось і я не ведаю… Калі для адных гэта будзе шчасцем, для другіх – жахам… Няхай ашчасліўленых станецца больш… Але, магчыма, тыя, хто застаўся ў абдзеленай меншасці, больш вартыя? Адзіна вартыя? – Лекар падышоў да гадзінніка з фігуркай смерці, што адсякае галаву каралю, дакрануўся да застылага ў жаху бронзавага ўладара, які ўкленчыў перад страшнай госцяй. – Калі я толькі яшчэ вучыўся лекаваць, і замест залатога ланцуга на маёй шыі заўсёды матлялася хустачка чарговай прыгожанькай сіньёры, што засумавала ў высакародным замужжы, – вох, які я быў блазнюк! – я засвоіў, што часам, каб выратаваць чалавека, трэба адняць ад яго цела невылечна хворую частку. Гэта балюча, і чалавек застанецца калекам… Але ён будзе жыць. Здараецца, варта пазбавіцца добрага, разумнага, памяркоўнага караля, каб яго народ змог паўстаць супраць ворагаў. Пральецца шмат крыві, але краіна ажыве. А калі дзеля шчасця краіны належыць ахвяраваць адным горадам… Гэта праўдзіва? А, дона?
Анэта разумела, што ад яе не чакаюць адказу. Разважаць пра такія складаныя рэчы з дзяўчынай… Але яна адказала.
– Гэта бязбожна!
– Вось як? – Бернацоні быў угневаны. – Не табе судзіць. Мая любая Італія ляжала ў руінах, таму што кожны горад хацеў быць асобным каралеўствам, і ўсе ваявалі з усімі.
Але Анэта крыкнула, нібыта глыток свежага паветра вярнуў ёй былыя сілы, аж галуб спалохана ўзляцеў пад скляпеністую столь.
– У нашым горадзе жылі шчаслівыя людзі! Мы нікога не чапалі. Толькі бараніліся. Гасподзь выпрабоўвае нас, але не дасць знікнуць! Я не хачу болей слухаць вашыя гадзіннікі! Я хачу выйсці з вежы! Можа быць, нехта з маёй сям’і жывы…
Так, яна больш не сядзе сярод яго гадзіннікаў, ад голасу якіх то млосна, то непрыстойна весела, нібыта ад чары віна… А лекар пытаецца пра яе адчуванні і нешта падлажвае ў хітрых механізмах… Дае выпіць адвар… І зноў заводзіць гадзіннікі.
– Ніхто, акрамя смерці, не чакае цябе, – лекар гаварыў вельмі спакойна. – Ты застанешся тут, пакуль не прыедзе новы войт, прысланы князем. Тады я перадам цябе пад ягоную ўладу. А зараз – час піць адвар…
У пакой, нібыта падслухоўвала пад дзвярыма, увайшла рыкуння, ключніца Марцэля, высокая немаладая кабета з тварам, нібыта выразаным з дрэва, з глыбока запалымі вачыма, падала дзяўчыне кубак з чырвонага венецыянскага шкла. Чырвоны колер мусіў дадаваць сілы зёлкам.
– Не!
Бернацоні толькі прыўзняў бровы.
– Той, хто адмаўляецца лячыцца – грашыць, бо лекара стварыў Бог. Пі!
– Не буду! Ад вашых напояў я нібыта ў воблаку…
– Ты што, думаеш, я цябе атручваю? – усміхнуўся лекар. – Глядзі…– Ён адпіў з кубка. – Бачыш? Гэта ўсяго толькі зёлкі. Ну!
Марцэля паднесла кубак проста да вуснаў Анэты, зірнула ненавісна… Адкуль гэтая нянавісць? Дзяўчына адчула: не вып’е – увальюць у рот… Як вар’ятцы… Прысмак чорнай арабіны… Звязвае ў роце…
– Правядзі сіньярыту ў яе пакой.
Анэта павольна рушыла ў маленькі пакойчык, хутчэй – нішу, завешаную цяжкім сінім палатном, якая межавала з гасцёўняй. Услед даляцеў вясёлы голас лекара:
– Ты яшчэ не з усімі маймі гадзіннікамі пагутарыла, донна!
– Не хачу-у-у!
– Не хачу-у-у!
Эльфійская каралеўна па імені Стэла адчайна, як спалоханае дзіця, тузанула Юрася за рукаў.
– Ты нікуды не паедзеш!
Я сядзела ў машыне Віталя Аляксандравіча, якая мусіла адвезці нас у Калыванаўскія ўладанні, да старавежскіх таямніцаў, і рабіла выгляд, быццам мяне больш за ўсё на свеце цікавіць шэрая цагляная сцяна за акном. Чаго кабета ўсхадзілася? Можа, да мяне раўнуе? Каб яна ведала, наколькі беспадстаўна. Юрась між тым пакорліва выйшаў з салона. Нешта не памятаю, каб ён гэтак жа слухаўся маіх капрызаў. Я зірнула. Яны стаялі наводдаль, абодва ў чорным, як дзве пацямнелыя ад часу статуэткі на засланым залацістым абрусам стале. Юрась нешта гаварыў, супакойваў, гладзіў жонку па бліскучых, як чорны шоўк, валасах, а Стэла ўсё гэтак жа адчайна чаплялася за яго. Нарэшце спадар рэстаўратар палез у кішэні сваёй паношанай курткі, дастаў грошы… Стэла прагна схапіла іх, палічыла… І зноў нешта адчайна загаварыла. Юрась адмоўна пакруціў галавою. Раптам жанчына замахнулася на яго, Юрась перахапіў яе тонкую руку, здавалася б, занадта далікатную нават для таго, каб рваць кветкі… Мінакі пачалі зацікаўлена азірацца. Я разгублена назірала за брыдкай дзеяй.
– А нічога не паробіш, – меланхалічна пракаментаваў Віталь, які сядзеў наперадзе, побач з шафёрам, маўклівым маладым чалавекам у скуранцы, з чорнымі прылізанымі валасамі і вузенькімі вусікамі на манер акцёраў нямога кіно. – З такімі хоць па-добраму, хоць па-злому – вынік адзін…
Кіроўца няспешна азірнуўся, ацаніў сітуацыю – відаць, паедзем не хутка, уздзеў навушнікі плэера і загайдаўся ў толькі яму чутным бадзёрым рытме. Маўляў, мая справа маленькая, разбірайцеся, паны, самі.
А Юрась раптам прыціснуў да сябе Стэлу, якая рвалася з яго рук, і моцна пацалаваў… Яна прыціхла, абхапіла яго тонкімі рукамі… Потым Юрась крыкнуў у бок машыны:
– Пачакайце мяне хвілінаў дваццаць!
І павёў некуды сваю нервовую прыгажуню.
– І навошта гэта яму? – шчыра азваўся Віталь. І распавёў мне гісторыю Юрасёвага шлюбу.
…Мой былы муж не любіў журналістыку, затое цягнуўся да мастакоўскага свету, як грэшнік да крыжа. Вось у адной вясёлай майстэрні, сярод недамаляваных карцінаў і старажытнай керамікі Юрась і напаткаў сваю Стэлу. Таленавітую і дзіўную. Будучы рэстаўратар – ён вучыўся на другім курсе вучэльні – не спяшаўся сыходзіць з майстэрні, якая і належала чароўнай Стэле – бацька, вядомы мастак, паспрыяў. Настрой гаспадыні між тым сапсаваўся. З ейных цёмных самотных вачэй без дай прычыны паліліся паэтычныя слёзы… Астатняя публіка неяк вельмі хуценька разбеглася… Мусіць, ведалі, які «цырк» пачнецца. І Юрась атрымаў задавальнення напоўніцу. Наркаманка са стажам у час «ломкі». Калі Юрась зразумеў, што за лекі вытанчаная Стэла збіраецца ўпароць сабе ў вену, учыніў «мудра» – выхапіў шпрыц ды выкінуў праз акно. Мастачка паспрабавала адправіцца ўслед за сваім «ратункам»… Юрась з апошніх сілаў утрымліваў яе на падаконні, а прыгажуня несамавіта лаялася… Ды яшчэ трапіўся ёй пад руку мастыхін – вострая металёвая лапатка, якой счышчаюць фарбу з халста… Вось так і ўпрыгожыліся твар і рукі майго былога мужа шнарамі.
Дзесьці пад раніцу дзяўчына апрытомнела… І што першае зрабіў Юрась, парэзаны вострым лязом, як пасля бойкі з тузінам адмарозкаў? Правільна, прапанаваў выйсці за яго замуж. Ясна, чаму: збіраўся стаць выратавальнікам. Але нават гэты легкадумны рамантык не ўяўляў, з чым сутыкнецца.
Ён пераспрабаваў усё. Звычайных дактароў і гіпнатызёраў, вазіў да святароў, аднойчы ўгаварыў пажыць разам у скіце дзесьці ў Карэліі… Але вера мелася толькі ў ім. Звярнуўся аднойчы і да былога выкладчыка. Віталь якраз ладзіў чарговую рэкламную кампанію свайго гаспадара – хоспіс ды наркалагічны цэнтр.
– Ніхто ёй не дапамог і не дапаможа, – зазначыў мой суразмоўца. – А без «дозы» загнецца… Вось Юрась і зарабляе на «дурноту».
– Ён купляе жонцы наркотыкі?!! – жахнулася я. Віталь меланхалічна паціснуў плячыма:
– Калі не выбрацца з балота, застаецца квакаць. А шкада хлопца! Светлая галава, хаця з дзівацтвамі. У палітыку палез, калі гэта было яшчэ модна. За адным апазіцыянерам партфель насіў… Пасля пасварыўся… Каб яму добрага дарадчыка ды кіраўніка – абапіраючыся на такіх людзей, адказных, палкіх – шмат можна дасягнуць. Але ж вось – згас чалавек, звузіўся… Я такіх лёсаў шмат бачыў.
Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі не мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны збіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях… Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі светлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай… Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.
Юрась моўчкі сеў у машыну. У яго быў такі твар, што ў мяне скаланулася сэрца. Як ён яе кахае… А чаму не? Хворых і няшчасных, ад каго адны клопаты, часам кахаюць куды глыбей і адданей, чым здаровых ды ўдалых.
Кіроўца ўсё гэтак жа моўчкі зняў навушнікі і завёў машыну. Я так і не зразумела, чуў нашы размовы гэты прылізаны хлопец, або не? Ідэальная прыслуга.
Калыванаўская сядзіба, як я і чакала, была абкружаная высозным бетонным плотам. Сосны палахліва спыніліся перад ім раўнюткім шэрагам. Можа, гэта рэшта «савецкага» выхавання, але да такіх платоў у мяне трывалая агіда… А калі бачу, як перада мной бязгучна раз’язджаюцца жалезныя вароты, ахоплівае дурны дзікі страх – нібыта штурхаюць у турэмную камеру…
Восеньскі дзень кароткі, яго твар ужо цямнеў ад стомы. Але пейзаж за жалезнымі варотамі быў падсвечаны нізкімі – нібыта для гномаў – круглымі ліхтарамі, і бачыўся выразна і адначасова прывідна. Рэшткі старой брамы… Дзве мармуровыя багіні па абодва бакі дарогі вартуюць прысаду; адна трымае ў руцэ аліўкавую галінку, другая – меч. Але час адняў у велічных каменных постацяў антычны бляск. У адной багіні не хапала рукі, у другой адбіты нос… Здавалася, што па гэтых абшарпаных, патрэсканых статуях абавязкова поўзаюць смаўжы…
Я не магла пазнаць, што за дрэвы сашчапілі ў прыцемку над дарогай свае пазбаўленыя лісця густыя галіны – нібыта ведзьміныя валасы, выпрастаныя ветрам і залітыя святлом поўні. Але гэтым волатам, відаць, была не адна сотня гадоў. Фары машыны высвечвалі каржакаватыя сівыя ствалы. Мы ехалі зусім павольна, і мяне ўразіла цішыня вакол… Нішто сабе маёнтак! Раптам паказаўся яшчэ шэраг статуй. На п’едэсталах узвышаліся постаці, падобныя да рымскіх імператараў. Гэтыя скульптуры яшчэ больш пацярпелі ад часу. На некаторых пастаментах засталіся толькі ногі невядомых герояў… Дарога вільнула ўбок, і я нарэшце ўбачыла рэзідэнцыю пана Калыванава. Не падобна да жытла алігарха. Двухпавярховы дом з чатырма калонамі, з вострым дахам і вежамі па кутах. Зусім не цацачная падробка, на якія я нагледзелася. Гэты будынак паглядаў на нас нібыта з-пад старасвецкага капелюха – гэткі састарэлы, але ўсё яшчэ ганарысты шляхцюк…
– Людвісарава, – шапнуў мне Юрась.
Вось яно што… Маёнтак славутых магнатаў… А я лічыла, што ён зруйнаваны. Праўда, непадалёк у прыцемку бялелі самотныя калоны, нібыта разгубленыя тым, што больш не трэба падтрымліваць цяжар даху… Відаць, новыя гаспадары аднавілі толькі частку палаца.
Але ўнутры дома нічога не нагадвала пра старасвеччыну. Пунсовыя дываны, белыя сцены, а на іх – яркія і стракатыя, нібыта спадніцы аперэтачнай Сільвы, пастэлі ў металёвых рамках. Ды яшчэ мёртвае зыркае святло лямпачак, падобных да вачэй робата.
– Ну, вось і дома! – Віталь Янчын шырока разводзіў рукамі, нібыта ўсё бачанае належала яму. Двое мужчынаў у аднолькавых швэдарах колеру кавы з малаком і з аднолькавымі квадратнымі сківіцамі і пляскатымі баксёрскімі насамі ветліва ўсміхаліся. Той, што быў вышэй, з кароткімі рудымі валасамі, паказаў рукой налева.
– Вось па тым калідоры вашыя пакоі. Вячэра а восьмай, гаспадар абяцаў прыехаць, так што пазнаёміцеся.
Голас яго нагадваў трамбон, на якім звар’яцелы музыка спрабаваў сыграць партыю флейты. Такім голасам добра крычаць: «Выходзіць па аднаму! Рукі за галаву!» Другі мужчына, каржакаваты і чарнявы, гэтак жа ветліва дадаў:
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?