Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Гісторыя пра начны спектакль у Менскім тэатры

Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ свята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр – сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыццё маё складзецца цікава і слаўна, не горш, чым у маленькага, аднойдзенага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Не самая горшая, як я пасля ўпэўніўся, але і нічым не лепшая за іншыя местачковыя трупы. Герой-палюбоўнік з увесьчасна напудраным тварам і завітымі, як у Антыноя, кудзеркамі (ён паласкаў горла мятнай мікстурай – дзеля прыемнага паху і мяккасці голасу); гераіня, падобная да высушанага аеру, у якім жыве крыклівая птушка бугай; субрэткі з вуснамі сардэчкам і марай пра шчодрага і непатрабавальнага купца першай гільдыі; комік з фіялетавым носам; сівагаловы «высакародны бацька» з надзвычайным уменнем лаяцца з дапамогай медыцынскіх тэрмінаў, кшталту «Ах ты клісцір няшчасны, трахеатамію тваю перытаніт»… Гэта быў свет штучны і прыўкрасны, грубы, прыніжаны – і высокі. Свет блазнаў і фігляраў, далучаны да вышэйшых ісцін. Касцюмы іспанскіх грандаў з грубага паркалю, упрыгожаныя распушанай вяроўкай і апырсканыя залатой фарбай… Кардонны месяц на прэнце і сасновая вада, якой палівалі сцэну перад кожным спектаклем, каб не ўздымаўся віхурай вечны пыл… Я блытаўся за кулісамі, стараючыся як найчасцей патрапіць на вочы рэжысёру, пану Рэўзару, мажному, як старасвецкі буфет, дзядзьку з неверагодна пышнымі вусамі і сінім аксамітным бантам замест гальштуку, і быў неверагодна шчаслівы, калі мне давяралі патанчыць у натоўпе нямецкіх сялянаў, што сустракалі свайго герцага з крыжовага паходу, альбо пастаяць з пыльным, як вясковая дарога ў сухмень, апахалам ля трона ўсходняга цара. Атрымліваў я такія капейкі, што каб не пусціў мяне таварышаваць Арцёмка Растаргуеў, артыст на другіх ролях і горкі прапойца, туліўся б я ў начлежцы ў Траецкім… Так, са шкляным богам здраджвалі пані Мельпамене многія ейныя служкі… Трупа страчвала чальцоў, як рота на поле бойкі. Тым больш час быў трывожны, пачыналася вайна, у горад увесь час сцягваліся вайсковыя часткі, што давала тэатру публіку, але не дадавала веры ў будучыню. Адсутнасць тае веры спраўджвалася знікненнем у горадзе цукру, солі і мукі. Нават свечкі стала не купіць… Некалькі артыстаў мабілізавалі… Мне было сямнаццаць, але выглядаў я на ладнага дзецюка. І мне паступова пачалі даручаць ролі са словамі. Што, акрым гонару, давала права на атрыманне дадатковага селядца ў пайку. Божа, як я ганарыўся і хваляваўся, як ночы цалюткія паўтараў ролю перад люстэркам… Асабліва мне падабалася іграць ролю вартавога ў «Гамлеце». Таго самага, які распавядае прынцу аб з’яўленні прывіда. На гэтым мой удзел у спектаклі не заканчваўся, я мяняў бутафорскую кірасу на камзол альбо расу і ператвараўся то ў прыдворнага на каралеўскім бале, то ў мніха, які ідзе за труной Афеліі, то ў воіна, які прыехаў з таямнічым Фартынбрасам… Адзін раз я нават быў самім гэтым Фартынбрасам, калі выканаўца ролі прыняў у антракце кактэйль, адным з састаўных якога была высокаякасная старадарожская самагонка. Вядома, я марыў пра славу… Ну не можа быць, каб ніхто не звярнуў увагу, як я раскаціста вымаўляю «р» у слове «пр-рашу» і горда закідваю галаву… І калі аднойчы мае марэнні спраўдзіліся, я нават не здзівіўся. Самавіты пан з чорнымі, завітымі ў колцы вусікамі, у такім элегантным шэрым касцюме ангельскага сукна, што, здавалася, сышоў з паштоўкі, пасля чарговага прадстаўлення перахапіў мяне за кулісамі з кампліментамі майму артыстычнаму тэмпераменту і тонкаму псіхалагічнаму малюнку ролі… Незнаёмец размаўляў па-руску з лёгкім акцэнтам. Чарнявы, тэмпераментны… Француз? Італьянец? Іспанец? Вядома, у душы я з усім, што прамаўляў мой гарачы прыхільнік, пагаджаўся, хаця дзесьці на ўскрайку свядомасці сядзеў, як ушчэнт збяднелы карчмар на ганку пустой карчмы, сумніў: ці праўда ў маім «пр-рашу…» вібрыравалі сусветныя эфіры? Але мы, нават пасталеўшы, ахвотней верым у прыемнае, чым ва ўласныя сумнівы.

– Ці хочаце вы, малады чалавек, сыграць Гамлета?

Ну хто б у сямнаццаць гадоў ад такога адмовіўся! Верагодней карасцелю адмовіцца ад яловых шышак, а гарадавому ад гербавай бляхі. Але далей пачалося дзіўнае. Мяне прасілі сыграць гэткі монаспектакль, прамовіць самыя знакамітыя маналогі дацкага прынца, і не дзе-небудзь у прыватным тэатрыку, перад клумбай-жонкай і прышчавымі пляменнікамі, а тут, на сцэне тэатра… Але – уночы. Памяшканне будзе дзеля гэтага выкупленае ў дырэкцыі. Публікі чакаецца не шмат, але самая што ні на ёсць выкшталцоная і дасведчаная. І за гэта – сто рублёў ганарару. Шалёныя грошы. Здаралася, увесь збор нашай трупы за вечар не дасягаў гэтае мяжы. Укладзеныя ў маю руку дваццаць пяць рублёў авансу падбадзёрвалі, просьба нікому не расказваць пра меркаваны начны спектакль выглядала адкрыта падазрона, быццам курыныя пер’і на пысе хатняй коткі. Вядома, усё тлумачылася маім талентам, ад якога знаўцы хочуць атрымаць асалоду без усялякіх перашкодаў.

– Гэта ваш вялікі шанец, малады чалавек! – даверліва сакатаў вусаты пан. – Згаджайцеся! Запэўніваю, што ніякага злога замыслу тут няма, і ні ў якую ганебную справу вас не ўцягваюць. Ну, вы ж прыроджаны артыст!

І сунуў мне яшчэ дзесяць рублёў.

Я вярнуўся ў свой катух на Францысканскай. Мой таварыш валяўся на ложку п’яны і ціхі, як фаршыраваная рыбіна. Я хадзіў з кута ў кут, быццам навязаны баранчык, і мроіў, нібыта ў гарачцы. То закулісны пан бачыўся мне падступным Мефістофелем, то высакародным Гарунам-аль-Рашыдам… Нарэшце я схапіўся за томік Шэкспіра, як касцельная дэвотка за ружанцы, і паспрабаваў уявіць сябе Гамлетам… І – уяўленне зацягнулася да апоўначы… Цяпер мне проста невыносна карцела паказаць камусь дасведчанаму ўсе гэтыя аднойдзеныя позы і інтанацыі, усе жывапісныя драпіроўкі плашча, замест якога я выкарыстаў коўдру… У дзверы пастукалі. Не стану хаваць – я скалануўся ад містычнага жаху. Арцёмка замыкаў, закруціўся на ложку… Я не стаў яго растурхваць, тым больш лягчэй было прымусіць размаўляць качан капусты, і, набраўшыся смеласці ад Гамлета, расчыніў дзверы. Так пачаліся мае начныя прыгоды.

Да тэатру мяне давезлі ў закрытым экіпажы, пустым, як галава субрэткі, але з абабітымі аксамітам сядзеннямі. Я крадма вышукваў дзе-небудзь выяву герба – вядома, каралеўскага або, на горшы выпадак, княскага, але акрым вытанчаных раслінных арнаментаў з мосенжу не знайшоў нічога адметнага. У такіх карэтах герояў звычайна выкрадаюць… Але мяне высадзілі на прыступках тэатра, і зараз жа падхапіў пад локаць вусаты знаёмец.

– Мы вельмі вам удзячныя… Хутчэй, хутчэй, рыхтуйцеся…

Мы амаль подбегам увайшлі ў будынак, там да нас кінулася дама ў сукенцы з чорнага шоўку, з валасамі, таксама падобнымі да чорнага шоўку. У цьмяным святле газавай лямпы, якая асвятляла калідор, я разгледзеў тонкія арыстакратычныя рысы… І зноў думкі пра таемнае жыццё князёў і каралёў палезлі ў галаву. Вялізныя цёмныя вочы жанчыны блішчэлі незразумелай трывогай, ледзь не адчаем. Яна хутка загаварыла высокім голасам, які, здаецца, перарываўся ад гора. Вусаты адказаў ёй… Ну вось хоць гэта высветлілася – італьянцы! Я разбіраў асобныя словы, якія заселі ў памяці з оперных арый: «далорэ» – здаецца, боль… «падрэ» – бацька, альбо, можа, святар, «рагацца» – хлопчык… Гэта што, пра мяне? Ну так, пра мяне… Дама змоўкла і пачала з недаверам вывучаць маё аблічча, можна было б сказаць, бесцырымонна, каб не тая трывога і горыч, якія ахутвалі незнаёмку, як водар куста язміну. Італьянка нешта спытала ў вусатага, я зразумеў, сумняецца, ці спраўлюся. Але вусаты энергічна замахаў рукамі, паляскаў мяне па плячы. «Сі, сі…» Залапатаў нешта, напэўна кшталту «Самае тое, не бойся, хлопец-ураган»…

Дама, перырывіста ўздыхнуўшы, сышла, кінуўшы мне на развітанне дзіўны позірк, адчайна-ўмольны, і вусаты пацягнуў мяне далей.

– Толькі, вельмі вас прашу, нічым сябе не стрымлівайце. Дайце волю свайму тэмпераменту, грайце ў поўную сілу, імправізуйце! – мармытаў мой спадарожнік мне на вуха, і я пачынаў патроху шалець ад усяго гэтага.

За кулісамі мяне чакала адчыненая грымёрка першага героя і касцюм дацкага прынца.

Электрычнасць у тэатры не была ўключаная, і сцэна асвятлялася, як даўней, свечкамі. Ніколі не забуду гэты спектакль. Наўрад мне ўдасца перажыць калі-небудзь такое неверагоднае хваляванне і натхненне, падагрэтае небяспечнай таямніцай. Я вылецеў у прывіднае святло сцэны, адчуваючы сябе Кінам, Сальвіні і Качалавым у адной асобе. «Быць ці не быць – пытанне вось у чым!» Вядома, нават у апантанасці роляй я крайком свядомасці прагнуў агледзець публіку. Яе сапраўды было няшмат. Сем чалавек сядзелі ў першым радзе партэра. Так, відовішча ледзь мяне не збянтэжыла. Вялізная чорная прорва залы, незвычайная цішыня, водбліскі агню на тварах гледачоў… Вось мой вусаты імпрэсарыё, вось – знаёмая чароўная дама. Нейкая пажылая кабета ў капелюшы ўвесь час падносіла да вачэй хустачку, як я пасля вырашыў, расчуленая маёй ігрой. Увогуле, цяжка ўявіць больш удзячную публіку. Усе сачылі за кожным маім рухам, вельмі сур’ёзна і засяроджана, нават не перашэптваліся. Але мая ўвага адцягвалася на старога ў сурдуце, які сядзеў пасярод кампаніі… Я заўважыў, што на яго скіроўваліся час ад часу позіркі ўсіх, запытальна-ўстрывожаныя. Выглядаў старэча, як праўдзівы Гарпагон, фанабэрысты, аскетычны скупеча. Прыгажуня італьянка сядзела побач з ім і час ад часу пяшчотна гладзіла па руцэ, нібыта прасіла быць больш паблажлівым. Ага, значыць, вось ён і ёсць, мой галоўны крытык!

Я паддаў тэмпераменту. Мой Гамлет насіўся па сцэне, як прывід у «чароўным ліхтары». Усе прыдуманыя перад люстэркам позы, узмахі і ўзвівы – фортэ, фортэ, фартысіма! Стары пень сядзеў у крэсле, нібыта праглынуўшы пожаг, яго вочы глядзелі проста наперад, не міргаючы, нібыта ён паказваў, што не хоча мяне бачыць. Між тым старую пані так праняло, што яна аж заплакала, панурыўшы галаву. Яе рыданні дадалі мне сілаў. Я ўскінуў рукі і загаласіў: «Я яе любіў, як сорак тысяч браццяў!»

І мае намаганні займелі нарэшце плён. У вачах старога палыхнуў сапраўдны агонь. Маўклівы дасюль крытык затросся, затузаўся, ускочыў з месца і пачаў нешта выкрыкваць па-італьянску, жэстыкулюючы рукамі не горш за майго Гамлета. Астатнія таксама паўскоквалі, неяк дзіўна зашумелі…

Зараз жа на сцэну ўскочыў вусаты, яго твар свяціўся ад радасці. Ён схапіў мяне за плечы і літаральна выштурхнуў за кулісы.

– Грацыё, грацыё… – прыгаворваў ён з непадробным пачуццём. – Вы – грандыёзо! Вялікі артыст! Мы вам так удзячныя! Ваша ігра – сапраўдны цуд. Вы ўвойдзеце ў гісторыю тэатра!

Я пачуваўся агаломшаным і шчаслівым. Вусаты праводзіў мяне ў грымёрку, дапамог пераапрануцца – ён, гэты важны, выкшталцоны пан, падаваў мне мой зношаны пінжак, як прыслуга! Мяне ўсадзілі ў той самы экіпаж і зноў папрасілі пакуль нікому не расказваць пра начны спектакль, маўляў, іначай я сапсую свой лёс, які абяцае быць бліскучым.

Ужо пад’язджаючы да дому, я агледзеўся, што ў маёй кішэні – капэрта з двума сотнямі рублёў.

На наступны дзень маё захапленне ўласным поспехам прыгасла, і ў галаву палезла зусім іншае. Падрабязнасці прыгоды здаваліся ўсё больш і больш дзіўнымі. Хто была тая маладая італьянка, чаму ўстрывожаная і заплаканая? Можа, старэча – ейны нялюбы муж, і яна спадзявалася расчуліць яго ўзнёслымі словамі Шэкспіра? А можа быць, я патрэбны, каб выканаць ролю чыйгосьці двайніка? Наследніка знакамітага роду, дафіна, інфанта ці як там яшчэ? Я быў пэўны, што прыгода будзе мець працяг. Можа, запросяць на першыя ролі ў які-небудзь знакаміты тэатр? Таемна выкрадуць? Або… Не стану хаваць, уяўленне малявала салодкія рамантычныя сітуацыі, у якіх адну з галоўных роляў выконвала тая, што назвала мяне смешным словам «рагацца». Я захоўваў таямніцу, але пачаў вучыць італьянскі, а заадно заняўся французскай барацьбой і бегаў у цір у Губернатарскім садзе, так што кожная бляшаная качка ў тым ціры мае на сабе выбоіны ад маіх драбінак.

Прайшло тры месяцы. Я па-ранейшаму распавядаў дацкаму прынцу пра з’яўленне прывіда старога караля і сустракаў у гурце пейзан пераможнага герцага. Аднойчы, калі я прыйшоў у тэатр, рудзенькая субрэтка, мадэмуазэль Ніні, альбо проста Нінка, папярэдзіла: «Рэжысёр ізноў у жалобе… Пастарайся не трапляцца яму на вочы з вясёлай пыскай». Сапраўды, на лацкане пінжака пана Рэўзара ў чарговы раз красаваўся чорны бант. Трэба патлумачыць гэтую традыцыю нашай трупы. Пан Рэўзар з’яўляўся ў жалобе са страшнаватай рэгулярнасцю. Напачатку я думаў, што ў пана часта паміраюць родзічы. Але старажылы патлумачылі, што калі памірае якісь вялікі артыст, пан Рэўзар лічыць сваім абавязкам спраўджваць па ім асабістую жалобу. І гора таму, хто не адгукнецца спачуваннем.

Таму цяпер, пачуўшы пра жалобную стужку на рукаве Рэўзара, я пабег да Панаса Панасавіча, памочніка рэжысёра, які кінуў выгодную кар’еру адваката дзеля вар’яцкай службы ў тэатры, быў чалавек добры і незвычайнай эрудыцыі, і стаў яго распытваць, хто з тытанаў на гэты раз атрымаў ангажэмент на нябёсныя ролі… Пачуўшы прозвішча – італьянскі трагік М* – збянтэжыўся… Панас Панасавіч, адданы Мельпамене аж да прыгоннага стану, зразумеў мае ваганні і ўскіпеў, як зялёная гарбата. Як я магу не ведаць геніяльнага артыста! Я пакорліва папрасіў прасвятлення…

– Трагік М* дзесяць гадоў як пакінуў сцэну, – пачаў расповед Панас Панасавіч з непадробным імпэтам і піетэтам. – Сярод ягоных роляў – і Атэла, і Радрыга, і Дон Карлас… Але самая ўлюбёная роля, якая прынесла яму славу – Гамлет. Кажуць, ён усё жыццё адточваў яе, нешта мяняў, дадаваў… Пан Рэўзар, шчасліўчык, бачыў яго ў гэтым спектаклі. Мне не давялося… Бедны, бедны М*… Так, юнача, артыст павінен плаціць высокую цану за сваё натхненне. Багі не даруюць тым, хто прамаўляе іх словамі на зямлі. Не хацелася б мне пра гэта распавядаць… Вялікія свету гэтага мусяць заставацца ў памяці нашай у бляску і велічы. Але… Што ж, табе карысна ведаць… У апошнія гады ў М* развілася нервовая хвароба. Нешта накшталт каталепсіі. Ён нечакана ўпадаў у паралюш, рабіўся, як лялька… І ніякія дактары не маглі вывесці яго з гэтага стану. Але аднойчы знайшлі рэцэпт: аказваецца, М* магло прывесці да прытомнасці сузіранне спектакля «Гамлет»… Але толькі тады, калі яго ўлюбёную ролю асабліва пагана выконвалі. Праўда, з цягам часу гэта дзейнічала ўсё слабей. Жонка і дачка, апошняя, дарэчы, сама цудоўная актрыса, да якіх толькі дактароў не звярталіся. Кажуць, незадоўга да смерці вазілі хворага, нягледзячы на ваенныя падзеі, у Маскву. Напэўна, і праз Менск праязджалі. Эх, каб я пра гэта ў час даведаўся – паглядзець на вялікага М*!

Панас Панасавіч застаўся бедаваць, а я паціху сышоў… Дзякуй Богу, у мяне хапіла гумару ўсміхнуцца над сітуацыяй… Хаця рана на самалюбстве аказалася балючай. З надзеяй на багатую спадчыну ці прэм’ерства ў вядомым тэатры я развітаўся… Затое валодаю італьянскай мовай і французскай барацьбой. Не кажучы ўжо пра ўменне цэліць у бляшаных качак.

Гісторыя, расказаная Уладам, прымусіла ўсіх шчыра рассмяяцца і на некаторы час забыцца на страхоцці.

– А я думала, ты гэткі самазакаханы прэм’ер, – з нечаканай шчырасцю прамовіла Зося. – Ведаеш, а ты, напэўна, больш спадабаўся б мне ў той час, калі быў наіўны і верыў у цуды.

Улад знямеў і адвярнуўся да акна, відаць, каб ніхто не заўважыў, як чырвань кінулася да шчокаў… А Дарота з перабольшанай абыякавасцю загаварыла, гладзячы тонкімі пальцамі звычайны парцалянавы кубак, нібы гэта было кацяня.

– А я бачыла цябе, Уладзе, у ролі Арыеля ў пьесе «Бура»… Гэта было… здорава.

Улад з уздыхам прамовіў:

– Было адзін раз. Захварэў выканаўца, вось мяне і апранулі ў залацісты парык ды белы хітон… Палову словаў не ведаў, суфлёр ледзь не надарваўся, шэпчучы. Ну і арыя, вядома… Лепей не згадваць.

– Ну чаму ты так пра сябе? – у голасе Дароты гучэў непадробны боль. – Я пасля тры разы бегала на той жа спектакль, каб цябе ўбачыць. Але былі ўжо іншыя выканаўцы.

Зося фыркнула, як раззлаванае кацянё:

– Ну, Даротка, а я ўсё думала – чаму ты мяне на гэтае занудства цягаеш…

– Калі занудства – дык чаго не адмаўлялася? – Дарота падціснула вусны і ад гэтага яшчэ больш зрабілася падобнай да віктарыянскай класнай дамы.

– Чаму не адмовілася? – павольна перапытала Зося і мройна адкінулася ў крэсле. – Таму што… таму што… я была дачкой швачкі, у якой твая маці замаўляла аксамітныя сукенкі і карункавыя блузкі, і без цябе патрапіць у тэатр, ды яшчэ ў партэр – гэта было мне не па грашах.

Дарота густа пачырванела.

– Зося… Хіба між намі калі-небудзь узнікалі такія… пытанні? Як сёння кажуць – класавыя? Ды мне ніколі ў галаву не прыходзіла, што я ў нечым… іншая…

– А шкада, што не прыходзіла, – у голасе Зосі раптам загучэла нешта жорсткае: – А вось мне даводзілася часта думаць пра падобныя рэчы… Напрыклад, каб ніхто ў класе не заўважыў, што ў мяне адзінай не тонкія, шаўковыя, як у вас, а старыя вязаныя панчохі.

– Дзяўчаты, не сварыцеся, – умяшаўся пан Беларэцкі. Але тут жа падаў голас Ной:

– А нікуды ад класавых пытанняў не дзенешся. Таму што рэвалюцыя ўсіх зраўняе. І тым, хто мусіць нешта страціць, цяжэй за іншых… Параю адно: не варта шкадаваць па тым, што было.

Дарота прагаварыла:

– Хіба мне шкада? Калі б тут зладзілі нешта вартае, ды дзеля беларускай справы… Я б з радасцю сама аддала гэты дом. Але ж тут будзе нейкая чарговая ўправа.

– Не «нейкая», а камітэт па справах адукацыі! – з выклікам прагаварыла Зося.

Улад выказаў агульнае здзіўленне:

– А ты адкуль ведаеш? Працаваць там, ці што, збіраешся?

– А чаму б і не? – Зося агледзела ўсіх зялёнымі дзёрзкімі вачыма. Пан Беларэцкі павольна прагаварыў:

– А яна ўжо згадзілася на гэтую працу… Праўда, Зося?

У доме на хвілю запанавала маўчанне.

– Ну і што?

Вусны Дароты дрыжэлі.

– Я не маю права цябе дакараць..

Зося горда ўскінула галаву, яе валасы нібыта іскрыліся рудым агнём.

– Дакараць? За што? За тое, што я збіраюся працаваць дзеля асветы свайго народу? Вы тут, як слепакі, спалохаліся першага халоднага вятрыска. Калі адбываюцца перамены – гэта заўсёды пакутліва, але калі не зламаецца вонкавая, цвёрдая абалонка – не пакажацца жывое, датклівае цела часу. Трэба толькі перацярпець боль. Колькі мы марылі пра рэвалюцыю? І вось – мары, вашыя ж мары, збываюцца. Ствараецца акадэмія… Доўнар-Запольскі, Карскі, Лёсік, Ігнатоўскі – яны ж зусім розныя, з рознымі перакананнямі. Але працуюць разам, на стварэнне Беларусі. Вам, пан Беларэцкі, варта стаць побач з імі. Улад, замест таго, каб удаваць рамантычную расчараванасць, прасіўся б у трупу Галубка. Вядома, ролю Гамлета табе там не дадуць. Але гэта беларускі тэатр!

Ной захоплена ўсміхнуўся ў адказ.

– Згода, Зося! Нам ёсць на што спадзявацца.

– Можа быць, на з’яднанне Беларусі? – сумна прамовіў Улад. – Гэта ж ганьба якая – падзялілі край напалам, усе маўчаць… Карацей, «Кавалі другія, а ланцуг той самы – песні ўсе старыя неаджытай гамы…» Фабіяна Шантыра расстралялі, хоць ужо такі бальшавік быў – замест штандару насі. На Украіне паэта Грыцко Чупрынку да сцяны паставілі… У Расеі – Мікалая Гумілёва, які пра мурынаў ды прынцэсаў пісаў…

– Гэта неабходныя ахвяры, – няўпэўнена сказаў Ной. – Помніце, Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустцы, бо тыя, хто пасталеў у рабстве, не маглі стаць вольнымі і мусілі памерці. Але гэта часова. Універсітэт жа ствараецца… І мастацкая вучэльня ў Віцебску працуе… Кандзінскі горад распісвае у канструктывістскім стылі.

Пан Беларэцкі сумна глядзеў скрозь акуляры на энтузіястаў.

– А вам ніхто не расказваў, як шаноўнага Доўнар-Запольскага студэнты кіеўскага ўніверсітэта зняволілі ў ягонай кватэры, нібыта прыслужніка царызму? Усе сябры і знаёмыя разбегліся… Тых нешматлікіх, хто наважваўся наведаць прафесара, затрымлівалі, абшуквалі… У мяне адабралі нават аловак і нататнік. Толькі цуда – дакладней, адна адданая прафесару вучаніца, якая здолела «прарвацца» да мясцовага камісара – уратавала прафесара ад расстрэлу. Вось дзе парадваліся недараслі, якія ў свой час атрымалі ад строгага выкладчыка «нездавальняюча»… Пакуль што паслугамі «спяцоў» новыя ўлады карыстаюцца… Але – паглядзіце – гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю – крывёю скончыцца.

Дарота адвярнулася да акна, хаваючы хваляванне.

– Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя… такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.

Беларэцкі паківаў галавою:

– А як толькі патрэба ў іх адпадзе… Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца… Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе – як апошні, стамлёны чаканнем смерці, цмок…

– Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Свіслачы! – падаў голас Улад. – Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.

– А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або змяі слізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельцы… – прамовіў Ной.

– І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? – насмешна папытала Зося.

А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой… Грукнулі дзверцы шафы… І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок… Праўда, невялікі – з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд – моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозліва разяўленая, а вочкі – як жывыя – з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.

– Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось… ёсць? – амаль з багагавейным жахам спытаў Дароту Улад. – А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты і прынясеш яе… На талерцы, як Саламея…

Даротава абурэнне кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася…

– Бедненькі…– Зося пагладзіла свіслацкага цмока па чорнай спіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзіліся б менавіта гэтак.

– А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсць еўрапейскіх памераў,– паведаміў Ной. – І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў меч у цмокава чорнае сэрца… Але і сам быў смяротна паранены. Так іх апусцілі ў Свіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі – на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры…

– Вечна цмок ва ўсім вінаваты… – прабурчэў Беларэцкі.– Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік спяваў на Ніжнім рынку: «Скуль узяўся той святы Юры ды забіў нявіннага цмока»…

– А што здарылася з рыцаравай нявестай? – папыталася Дарота. Ной паціснуў плячыма.

– Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?

– Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі не надта вясёлую, – прамовіла Зося.

– Ну вось і раскажы! – ўзрадваўся Улад. – А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.

Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации