Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 10


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 10 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Сакратара прыгаварылі толькі да пажыццёвага заключэння. Па святах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.

Я не надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да смерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозненне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў… А ваза раптам і разляцелася на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс…», – тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.

Я адсунула паперы і зняможана апусціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго… Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што раздзіраюць уяўленне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі змяняліся сюжэтамі з сутарэнняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі… Беларускія паэты і пісьменнікі Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка… Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі… Нават катаванні не змяніліся. Божа, будзь літасцівы да майго розуму… Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасцяцца пачвары мінулага…

– Ну што, Ганначка, начыталіся?

Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй спінай і белазуба ўсміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні… Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная – гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!

– Сілкуйцеся… Я ведаю, дакументы не з простых. Дазвольце, прысяду?

Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.

– Цікава, якія сны вам сняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?

– Чаму вы так вырашылі? – здзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.

– Мора – сімвал ініцыяцыі асобы, жаданне прыняць сябе такім, якім ёсць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцці…

Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка… Я толькі буркнула:

– Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа – фалічны сімвал, то…

Макс бесклапотна засмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равеснік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.

Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сцены, са столі струменіць роўнае зыркае святло, ціхенька гудзе камп’ютар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца смешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы… «Цісні сюды!» Ад сярэднявечча – далей не прыдумаеш. Нават не верылася, што гэтыя сцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае здзіўленне – чаму гэта я пры сваіх уменнях сяджу без працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё здзіўленне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.

– Сёння вам павінны прысніцца горы. Сімвал жыццёвага поспеху.

Цікава, напэўна, жыць са спецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?

Юрась абдымаў гадзіннік з караблём… Выглядала гэта смешнавата, нібыта ён збіраўся з ім танчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку… Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адышоўся, гадзіннік раптам ажыў… Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон… Пранізлівы, журботны… Непрыемны голас у гэтых гадзіннікаў. Не дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаванне, нібыта яны слухалі салаўіны спеў.

Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.

– Ну вось і ўсё… Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова…

Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь не подбегам рушыў за дзверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць… І, гледзячы ў прыгорбленую спіну рэстаўратара, што знікала за дзвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваннем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.

І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.

– Не думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш – я нібыта галоўны сведка, а мяне ні разу больш не выклікалі… З’ехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя – вялізныя грошы. Я не веру, што гэта – Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся, – разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэранню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым голлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчаслівей за нас?

– Гадзіннікі, вядома, незвычайныя, – працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў.– Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіннікі з вежы, мяне не здзівіла – яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзінніка – цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіннікі выкупіць не здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік – на мільёны ідзе.

– А ці не падазрона, што да гадзіннікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? – заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсветцы выразна бачыліся шнары, паходжанне якіх я цяпер ведала.

– Які там прафесар! – уздыхнуў былы муж. – Я пытаўся ў Янчына… Сапраўды, калісьці дзед быў «свяцілам», але даўно «з’ехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю… Праўда, у механіцы я лепей за прафесара разбіраюся…

Я не схавала іроніі.

– У акадэмікі цэліш? Юрась не пакрыўдзіўся.

– Я проста адчуваю старажытныя рэчы… Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіннікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі… Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.

Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на светлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыццём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэннем новых адносінаў, а проста – прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі…

– Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! – гэта Юрась расказваў пра Стэлу – пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы не звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасці.

– Я не ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо… Наркотыкі… Клялася, што – усё, больш ніколі… І сачыў я за ёй, нават замыкаў… А прыйду пасля працы – у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі – з макавінку… А яна такая даверлівая, такая таленавітая… Вось – пакінуў яе адну, цяпер не магу… Хвалююся… Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезці? І грошы тэрмінова трэба – дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэння крыві… Як усё далёка… Мае мары, глабальныя клопаты – пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаванне гістарычнай праўды… Госпадзе, а я ж гатовы быў жыццё аддаць за такія смешныя і непатрэбныя большасці рэчы, як мова – нібыта праз маю смерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная… Або каб Крыж Еўфрасінні Полацкай вярнуўся на Беларусь – сапраўдны, а не адноўлены… Нібыта невядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі… А цяпер мяне хвалюе толькі адно – што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць… Можа, маё «прыватнае» існаванне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку… Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумлення. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі – гэта быў мой унёсак… Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам…

Калі мы наблізіліся да маёнтка, які ўпрыцемку здаваўся пагрозліва змрочным, нібыта патрывожаны ад векавога сну зачараваны волат, Юрась раптам пацалаваў маю руку.

– Дзякуй…

– За што? – прашаптала я.

– За тое, што слухала. За тваё ўважлівае маўчанне – яно часам больш дарагое, чым пустыя словы шкадобы і парады. За тое, што пасля ўсяго, што я з табою зрабіў, ты яшчэ не ненавідзіш мяне…

І пайшоў у свой часовы пакой, няшчасны, трывожны, чужы… Госпадзе, ён усё яшчэ дакарае сябе за нашу юначую гульню ў шлюб… А я?..

– Ты звар’яцеў, лекар! – Лаўрын Рожа злосна расхаджваў па пакоі з белай ружай над уваходам. – Гэта, магчыма, у тваёй Фларэнцыі паненку можна прывалачы за валасы на свой ложак. Але ў нашай дзяржаве за гэта караюць горлам!

Бернацоні сядзеў у крэсле з высокай драўлянай спінкай, скрыжаваўшы на грудзях рукі, знізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі, і спакойна пазіраў на новага войта.

– Я не зрабіў гэтай дзяўчыне нічога кепскага. Наадварот – выратаваў жыццё. Але яна была ў шалёным карагодзе, яе розум пашкоджаны. Магчыма, яна дасюль апантаная.

– Дык нашто яна табе? – выкрыкнуў Рожа, спыніўшыся проста перад італьянцам. – Зараз жа адышлі яе прэч, у кляштар!

Ад крыку Рожы, здавалася, усхадзілася нават вада ў шклянцы на стале. Але Бернацоні і брывом не зварухнуў.

– Гаспадар даў мне даручэнне… Ведаеш, якое… Прывесці гэты горад да пакоры. Любым спосабам! Любым! Разумееш, Рожа? Дзеля вялікай мэты, якую раскрыў перада мною Вялікі князь, можна пераступіць шмат. І я буду служыць яму, што б для гэтага ні спатрэбілася. Я бачыў сваю любую Італію, якая ляжыць на скрыжаванні свету, разбітая на дробныя аскалёпкі пыхай яе князёў.

Кожны горад імкнецца да вольнасці, кожны князёк хоча стаць каралём… А ворагі прыходзяць і нішчаць краіну па частачках, не сустракаючы супраціву. Больш за тое – заўсёды знаходзяць памагатых у суседніх гарадах… Дзічэюць розумы, чарсцвеюць сэрцы… У Італіі пакуль няма вялікага чалавека, які аб’яднаў бы яе, змясіў, як цеста, у адзін кавалак, з якога атрымаецца хлеб – няхай спечаны на крыві і слязах. Вам, ліцвінам, пашанцавала.

– А пры чым тут Ляскевічава дзеўка? – Рожа наблізіўся да лекара ўшчыльную, перайшоў на даверлівы шэпт. – Ну паслухай… Мы адзін аднаго не першы год ведаем. Табе што, гэтак раптам закарцела жаночай плоці?

Бернацоні халодна засмяяўся:

– Я даўно ўжо зацугляў свайго Амура, і юр ніколі не заглушыць ува мне голасу розуму. Проста гэтая кволая, хворая дзяўчына валодае моцай, якую я не мог знайсці і ў дужых мужчынах. Яна дапамагае мне… у маіх доследах.

– Адладжваць твае чортавы гадзіннікі? – крыва пасміхнуўся Рожа. – Я чуў, што для спраў цемры патрабуецца чыстая душа цнатліўкі. Ніколі не разумеў, чаму князь паблажлівы да чараўнікоў.

Бернацоні рэзка ўзняўся:

– Я не чараўнік, Рожа. Я табе ўжо колькі гаварыў. Я – хрысціянін, проста Бог даў мне болей клёку і ведаў, чым табе. І на дзяўчыне я выпрабоўваю адвар, які, можа, выратуе аднойчы і твой розум ад шаленства. Мае гадзіннікі ахвяраў не выбіраюць, як не выбірае паводка. Таму не пашкодзіць мець ад іх… супрацьяддзе.

Твар Рожы перакрывіла застарэлая нянавісць, але войт стрымаўся.

– Добра. Князь загадаў мне быць з табой у лучнасці і слухацца тваіх парадаў. Я абвяшчу, што дзяўчыны ў вежы няма. А ты паклапаціся, каб мае словы сталіся праўдай. Мяне не тычыцца, як ты гэта зробіш. Тут глыбокія лёхі, у камінах можна распаліць вялікі агонь. Калі цела пасячы…

Бернацоні бліснуў вачыма.

– Я не хачу забіваць яе! Рожа сціснуў сківіцы.

– А я больш за ўсё хацеў бы паднесці паходню да твайго вогнішча, вядзьмак, бо з-за цябе рызыкую сваім вечным выратаваннем. Тое, што ты зрабіў гэтаму гораду, не можа быць іншым, як справай цемры. І толькі дзеля свайго князя я трываю… Але маё цярпенне не вечнае. Дзяўчыны ў вежы – няма! Ты зразумеў?

Сказаў, нібыта абрынуў магільную пліту – і выйшаў.

…Анэту пабудзіў нечы здзеклівы смех проста над вухам. Яна расплюшчыла вочы і ўскрыкнула: над ёй схіліўся нечы звыродлівы твар. Запалыя шчокі, пакрытыя цёмнай шчэццю, рот, ашчэраны ў дзікай усмешцы, глыбокія вочы… Але не насмешныя, а хутчэй тужлівыя…

– Хе-хе-хе…

Анэта ўскочыла, прыкрываючыся коўдрай.

– Хто вы?

Мужчына ў дзіўнай стракатай адзежы адышоўся ад ложка, але застаўся з нізка схіленай спінай, сагнутай абаранкам.

– Прывітанне, дзяўчына, якая танчыла са смерцю… Хе-хе-хе… А ты смелая, белагаловая…

– Хіба можа чагосьці баяцца той, хто танчыў са смерцю? – Анэта ганарыста зірнула на госця. – Але хто вы?

Прыхадзень, усё гэтак жа не разгінаючыся, галава амаль ля каленяў, дзіўнай падскокваючай хадой прайшоўся ўправа, улева, пазіраючы на дзяўчыну.

– Хто я? Адказаць на гэтае пытанне не так проста, паненка. Кожны з нас у гэтым свеце мае шмат лічынаў. Бачыла, як на карнавале: зараз ты – кароль, праз імгненне – блазан, а пасля – сама смерць… І твая лічына падае ў куфар разам з пунсовай спадніцай акрабаткі і бізуном дзеля змірэння плоці… Я – ніхто, мая панна, і таму я магу быць усім. Хе-хе-хе…

Анэта глядзела на худы твар госця, на якім, нібыта хвалі, мяняўся выраз. Што ён – плача? Смяецца? Гневаецца? Што азначае ягонае прыйсце? Нягледзячы на ганарыстыя словы, страх мімаволі запаўзаў у сэрца, варушыўся вострай ільдзінкай…

– Цябе прыслаў пан Бернацоні?

– Бернацоні? – насмешна перапытаў незнаёмец. – Не, мая даражэнькая. Твой гаспадар толькі думае, што яго вядзьмарства ўсёўладнае… Але і за ім ёсць незаўважныя вочы і вушы. Як за кожным, хто мае хоць маленькую – але ўладу. Цяпер ад мяне засталося мала, паненка. Я – смех, вочы і вушы ўладароў. Але што ўладары – без мяне? Хе-хе-хе!

Анэта гнеўна зірнула на прыхадня.

– Пан Бернацоні не гаспадар мне. Я – вольная шляхцянка!

– Хіба? – іранічна прагаварыў госць. – І ты можаш ісці, куды хочаш? Баюся, што цябе няма больш, чым мяне, ясная паненка.

Вусны дзяўчыны здрыгануліся, нібыта яна стрымлівала плач.

– Калі прыедзе новы войт, я папрашу ў яго абароны!

– Хе-хе-хе! Новы войт ужо прыехаў. Думаю, ён наўрад ці дапаможа табе. Хіба ты не служыш разам з ведзьмаком-лекарам ягонаму цёмнаму гаспадару? Іншаму князю?

Вочы госця спадылба пільна ўглядаліся ў вочы дзяўчыны. Тая з годнасцю сустрэла ягоны пагляд.

– Я ніколі не буду служыць цемры. Хутчэй памру.

– Што ж, магчыма, табе давядзецца адказаць за свае словы, паненка… Магчыма…

Нешта падобнае да шкадавання мільганула ў цёмных вачах мужчыны, ён адвярнуўся… Спіна ягоная ўсё гэтак жа была сагнутая ў крук, і Анэта зразумела, што ён і не можа яе выпрастаць. Дзяўчыне падалося, што незнаёмец зараз знікне гэтак жа таямніча, як і з’явіўся. І яна назаўсёды застанецца ў гэтым пакоі са схаваным дошкамі акном, ва ўладзе страшнага лекара. Анэта адкінула пострах і схапіла прыхадня за кашчавую руку.

– Паслухайце… Малю вас імем Госпада нашага, Ісуса Хрыста…

Дапамажыце мне выйсці адсюль. Я магла б адправіцца ў кляштар… Усё роўна мае блізкія памерлі. Я буду маліцца за вас усё жыццё!

Раптам за дзвярыма пачуліся крокі. Нехта набліжаўся да дзвярэй пакоя, у якім была замкнутая Анэта. Нечакана сагнуты ў крук незнаёмец спрытна падскочыў, як каціны цар Варгун, прыладкаваўся на невялікім выступе над скляпеністымі дзвярыма, нібыта пачварная скульптура, і прыклаў да тонкіх вуснаў палец на знак маўчання. Анэта лягла на ложак і заплюшчыла вочы. У дзвярах павярнуўся ключ… Марцэля прынесла сняданак. Анэта не зварухнулася, пакуль тая ставіла на стол прынесенае. Імгненні, пакуль рыкуння чагосьці чакала – магчыма, хацела ўпэўніцца, што дзяўчына спіць, – падаліся вечнасцю… Нарэшце Марцэля нешта прасіпела скрозь зубы і выйшла. Зноў бразнуў замок. Незнаёмец лёгка саскочыў на падлогу, абапершыся аб яе рукамі, нібыта сапраўды каціны цар.

– Хе-хе-хе… Ну і кабета… Яна падобная да Марэны… Яе варта, як пудзіла Марэны-смертухны, утапіць у першай лужыне за вёскай. А ты, паненка, падобная да Ядзеркі… Чула – ёсць такія марскія каралеўны, з залатымі валасамі, ідуць – перад імі коціцца дыяментавая раса. Мая дзяўчына таксама была падобная да Ядзеркі. І таксама замест расы былі слёзы.

– Ляскевічы не плачуць! – прамовіла Анэта. Але прыхадзень працягваў, як не чуючы.

– Калісьці мая спіна не была сагнутая ў кола, паненка. І мяне кахала самая лепшая дзяўчына ў свеце. Але ў яе мелася сямёра братоў. А спадчына на ўсіх – адна! Па законе сястры вылучаецца чацвёртая частка спадчыны ў пасаг, незалежна ад таго, колькі братоў. Уяўляеш, як пабяднелі б яны? Агата мусіла заставацца старой дзеўкай… Але каб не здрада пахолка – мы з’ехалі б, і нас абвянчалі б, і… Хе-хе-хе! Маю спіну ламалі цэлы год, паненка… Цэлы год я штохвілі маліў аб смерці. Цяпер магу сказаць, што і я танчыў з кашчавай. Чаму яна выпусціла маю руку? Не ведаю… Але мне ўсё яшчэ часам здаецца, што я скачу ў яе карагодзе.

– Ты дапаможаш мне? – з надзеяй спытала Анэта.

Дзіўны госць толькі ашчэрыўся ў вар’яцкай усмешцы:

– Як можна дапамагчы таму, хто так блізка пазнаёміўся са смерцю? Ты просіш волі… А ты ведаеш, што такое воля? Сабака, які ліжа сляды свайго гаспадара, лічыць сябе вольным… І пакусае кожнага, хто вызваліць яго ад гаспадаровай палкі… Дзе твая воля, паненка? Цябе няма.

Госць дастаў нейкую прыладу, спрытна павярнуў у замку і – выслізнуў з пакоя. Анэта глядзела на зноў зачыненыя дзверы, і роспач сціскала яе ў сваіх халодных абдоймах.

– Адпусціце мяне! Адчыніце!

Анэта стукала ў дзверы, не чуючы ўласнага крыку.

– Я хачу дадому!

– Я хачу дадому!

* * *

Пранізлівы жаночы крык змусіў мяне падскочыць на ложку.

Нейкі час я здранцвела сядзела, прыслухоўваючыся да шуму ў калідоры. Нарэшце падышла да дзвярэй, асцярожна прыадчыніла… Прыгажуня з чорнымі валасамі, раскіданымі, нібыта ў іх жыў ветрык, раздражнёна тузала Юрася за рукаў швэдара. Твар мужчыны не быў ані ўгневаны, ані раззлаваны… Проста сумны і безнадзейны, як водбліск ліхтара ў восеньскай лужыне.

– Ну што ты маўчыш, як стод! Ён усё-ткі прывёз сюды жонку…

Я зачыніла дзверы і прытулілася да іх. Што я мушу рабіць? Выйсці, мірыць, суцяшаць? Ніколі не лезу ў чужыя справы. Але Юрася было так шкада…

– Пані, я магу вам дапамагчы? – голас Макса гучэў і жыццярадасна, і спачувальна, і даверліва… Я з палёгкай уздыхнула. Няхай прафесіяналы займаюцца сваёй справай. А я магу зноў застацца ў сваёй ракавінцы.

Але падчас сняданку аніхто не сказаў бы, што з кабетай вытанчанай прыгажосці нешта не так. Кармілі нас цяпер не ў шыкоўнай гаспадарскай гасцёўні, а ў пакоі для абслугі на першым паверсе, за шэрымі пластыкавымі столікамі. Я апынулася побач са Стэлай і Юрасём. Гаворка за сталом лунала, як матылёк. Стэла ветліва ўсміхалася, дасціпна падавала рэплікі… Яна была бездакорнай… Напачатку я мімаволі кідала пагляд на доўгія рукавы ейнай чорнай сукенкі, элегантна-артыстычнай, і з жахам уяўляла на белай, далікатнай скуры сляды ўколаў… Але хутка я на гэтыя асацыяцыі забылася. Ёсць людзі, якіх мне лёгка прызнаць больш значнымі за сябе. Яны, не заўважаючы, ператвараюць прастору ў мільёны тоненькіх павуцінак, што сыходзяцца на іх. Талент, якім я не валодаю. А Стэла – валодала напоўніцу. Калі яна глядзела на мяне, у яе вачах не было і ценю злосці або паблажлівасці… Можа, хіба трохі адчуджанасці. Я гадала, ці ведае яна, што Юрась калісьці называўся маім мужам…

А пасля я ішла калідорам і пачула, як нехта весела смяецца. Перад адным з эркерных вокнаў мелася невялікая круглая гасцёўня, нібыта альтанка – шырокая канапа, часопісны столік, пальмы. Добрае месца для спатканняў… Юрась і Стэла стаялі на канапе на каленях, Юрась быў распрануты да пояса, а жонка старанна малявала на яго целе складаны тонкі ўзор. Рэстаўратар перашкаджаў, намагаючыся пацалаваць руку, што трымала пэндзлік. Бесклапотны смех нібыта ахутваў пару празрыстым павуціннем пяшчоты. Я застыла, схаваная прыцемкам калідору, і маё сэрца нечакана для мяне разбівалася на маленькія аскалёпкі, нібыта тонкі лёд, па якім цяжка крочыць мінак. Няўжо я такая зайздросная да чужога шчасця? Тым больш ведаю, наколькі яно ў гэтых людзей крохкае і хвіліннае, як жыццё заблукалай у хату сняжынкі.

 
Ты марыш пра шчасце, якога здабыць не ўдалося?
Упалі гады на зямлю, як пустое калоссе…
І што засталося? Паперы не вартыя вершы?
І вечная прага быць першым. І вера: «Я першы…»
 

А потым я стаяла на пляцы Старавежска, перад адноўленай ратушай, нібыта з дыснееўскага мульціка – белая, бліскучая, з новенькімі пластыкавымі вокнамі і чырвонай металачарапіцай, і Пётр Піліпавіч Калейка, былы настаўнік гісторыі, крычаў на мяне, зрываючы голас:

– Як вам не сорамна! Вы – і на баку тых, хто нявечыць адзінае, што засталося ад нашай гісторыі! Былое начальства хаця не руйнавала, гібеў паціху будынак у чаканні лепшых часоў. А Баркун ваш загадаў нават падмурак разабраць і наноў, з нейкай сінтэтыкі скласці. А тут кожны каменьчык – каштоўнасць! А можа, вам гэта падабаецца, як боўдзілам з райвыканкама? «Прыгожанька»?

Калейка тыцнуў кавенькай у напрамку вежы, туды, дзе над дзвярыма красаваўся ўсімі фарбамі Баркуноў герб.

– Ганьба! Ды за такое забіць мала! І з музея ваш гаспадар усё забраў – за капейкі… Крамы для турыстаў будуюць, рэстараны… Апошнюю капліцу ўчора знеслі. Планіроўку пляца незваротна парушылі. Дзе могілкі мо тысячу гадоў – падземны гараж… Падлеткі чарапамі ў футбол гуляюць. Людзі гінулі, каб гэты горад абараніць! А ён сам пад ногі кладзецца. Баркуны, Калыванавы… Гэтай навалачы адно трэба – грошы зарабіць. Баркуноў у гэтым горадзе ніхто добрым словам не згадае. Дзед гэтага вашага багацея Аркадзя паспеў яшчэ да вайны ворагаў народу навыкрываць. Дырэктар школы, сумленнік, беларус шчыры, з-за яго ў Сібіры згінуў. А цяпер унучок сваіх дабротаў Старавежску дадаў, хай Бог яму на тым свеце даруе. Не хачу з вамі больш размаўляць! Самі шукайце звестак для лжывых артыкулаў.

І пакульгаў у сваім доўгім шэрым паліто, у капелюшы з абвіслымі брыламі, рассякаючы вільготнае паветра, нібыта патрапаны ў бурах, але ўсё яшчэ ваяўнічы карабель…

– Мы проста робім сваю працу, – пераконваў мяне і сябе прыгнечаны Юрась, пакуль мы вярталіся назад у маёнтак. – Аркадзь, вядома, учыніў сапраўднае барбарства. Калі б я ведаў, умяшаўся б… А я ўпёрся ў свае справы. Ведаю, не апраўданне… Але… я ж як у акварыуме жыву, прапускаю праз сябе ўсё тую ж ваду, у якой меней і меней кіслароду. Аркадзь запэўніваў, што будоўлю выдатныя замежныя спецыялісты вядуць. Я веру, ён лічыў, што робіцца як найлепей.

Я моўчкі глядзела, як за акном машыны мільгаюць голыя дрэвы, нібыта пакараныя грэшнікі. А я ж думала, што за святую справу ўзялася… Што Аркадзь сапраўды гораду дапамог… Як жа цяпер быць? Артыкул перапісваць? Ад працы адмовіцца? Ну… можа, не так усё страшна, як дзед на плошчы крычаў? Усё-ткі… турыстычны бізнес… Пабагацее мястэчка… Я сама сабой пагарджала за баязлівыя думкі і спробу схавацца ад патрэбы прымаць непрыемныя рашэнні. Адвыкла я ад такога максімалізму. Вось Калейка і ягоныя аднадумцы – захавалі былую зацятасць… А можа, да смерці Аркадзя і датычныя тыя, хто лічыў ягонае абыходжанне з гісторыяй злачынствам?

– Чытаў я адзін беларускі дэтэктыў, у якім забіваюць вучонага за тое, што меў намер напісаць кнігу з выкрыццём народнай беларускай міфалогіі,– змрочна азваўся на маю гіпотэзу Юрась. – Але ў жыцці забіваюць з-за таго, што скраў бутэльку гарэлкі, падрапаў аўто, не пазычыў грошы… А вось з-за разбуранай вежы ці знішчанага кургана – нават пысу не наб’юць.

А ў былым уладанні Людвісараў Стэла, такая чужародная ў чорным строі на фоне лагодна-ружовых сценаў калідора, зусім не падобная на тую вытанчаную кабету, з якой я размаўляла за сняданкам, і на гарэзную мастачку з гасцёўні перад эркерным акном, чагосьці лаялася на Янчына. І Віталь, пачырванеўшы, спрабаваў схавацца за дзвярыма свайго пакоя.

– Ты ж быў яго сябруком! Ты ведаеш, што мне трэба!

І Юрась зноў кінуўся супакойваць, угаворваць, пакутваць… А я зноў глядзела ў акно, на голыя дрэвы і кволы снег, і хацелася неадкладна з’ехаць. Схавацца, адасобіцца, каб нічога не бачыць і не чуць… Што я тут раблю? Навошта сюды прыехала?

Ды дзеля грошай, даражэнькая… Прызнайся нарэшце самой сабе, што проста прадалася. Месяц працы – за цэлы год бесклапотнага існавання…

– Не чапайце мяне! Пусціце!

Голас Стэлы зрываўся, як струны скрыпкі, якая цэлы век праляжала ў нейкіх лёхах.

Вар’ятоўня! Але ж я нічога не змяню… Хутчэй зрабіць тое, што ад мяне патрабуецца… Тысяча даляраў на дне валізы, мой аванс – чым не падстава для цярплівасці?

Але цярплівасці мне заўсёды бракавала…

І нараніцу я ўзялася за паперы, як рупная гаспадыня за пустазелле – толькі шамацелі… Баркунова біяграфія ўзнікала на маніторы камп’ютара, як палац з мармуровымі калонамі. Я супакойвала сваё сумленне тым, што нічога не напісала пра «выдатную рэстаўрацыю»… Што ж, колькі людзей лічылі сябе сумленнымі толькі таму, што прамаўчалі, не далучыліся да агульнага гарлання ўхвалаў. Вось толькі час іхняга маўчання не пачуў.

Затым радок за радком высноўвалася стракатая гісторыя Старавежска з ягонымі легендамі… А вось што тычыцца калекцыі гадзіннікаў, тут зразумела не да канца…

Я ўявіла тую эпоху. Позняе сярэднявечча. На самым парозе Адраджэння… Пошасць, спусташыўшы амаль усю Еўропу, пазбавіла чалавека страху смерці, якім была напоўнена свядомасць ранейшых пакаленняў. Нядаўна я была на рыцарскім фэсце, моладзь узнаўляла старажытныя танцы… Сярод іх «танец смерці». Прыгожы. Павольны… Адзін за адным танцоры выходзяць з кола… Павінна ўяўляцца, што жывыя ў гэтым танцы чаргуюцца з мерцвякамі… Але чароўныя дамы і рыцары ў пашытых з парцьераў касцюмах, з мабільнымі тэлефонамі ў кішэнях задаволена ўсміхаліся, відаць, не надта ўдумваючыся ў застрашлівы сэнс танцавальных фігураў. А між тым калісьці гэтыя скокі былі абавязковым і нялёгкім рытуалам. Чалавек прывучаўся жыць са сваёй смерцю. Адчуваць побач з сабой агіднага мерцвяка, у якога ў любое імгненне ператворыцца сам.

«Кожны вучыцца танцаваць гэты танец. Непазбежны для мужчынаў і жанчын гэты лёс. Смерць не шкадуе ні вялікіх, ні малых», – са змрочнай іроніяй пісаў сярэднявечны тэолаг Герсан. Ён налічыў дваццаць пяць асобаў у гэтым танцы… Кароль, блазан, мніх, высакародная дама, купец, рыцар, шкаляр, лекар, біскуп, самадайка…

– Проста мы вельмі мала ведаем пра псіхічныя захворванні,– патлумачыў мне Макс, які заявіўся ў мой кабінет з нязменным кубкам кавы. – Я перакананы – яны заразныя… Як грып. Яшчэ прыхільніцы Вакха бегалі па вуліцах Афінаў і Рыма ў святарным шале, яны маглі разадраць на кавалкі мінака… Гэтак і абышліся з Арфеем, дарэчы.

– Міфічным спеваком?

– Ну чаму ж міфічным… – Макс даверліва паклаў сваю руку на маю. – У кожнага міфа – рэальная падбіўка.

Што ён, заляцацца да мяне ўздумаў? Я без асаблівай далікатнасці прыбрала руку. Макс не паказаў крыўды, нават трохі адсунуўся і нязмушана працягваў:

– Арфей быў рэальнай асобай, паслядоўнікам культу Апалона, паганскім святаром… Культы Апалона і Вакха-Дыяніса не тое што варагавалі, але былі двумя процілегласцямі. Апаланічнае натхненне – дыянісійскі шал… Прасветлены сакральны роздум – і інстынктыўная жарсць… У сярэднявеччы эпідэміі псіхічных захворванняў ахоплівалі не тое што тысячы – сотні тысяч людзей, цэлыя гарады. У 1374 годзе ў італьянскім горадзе Аквісграна скакалі ўсе: і старыя, і дзеці, і цяжарныя жанчыны. Тыя, хто танчыў, мелі аднолькавыя відзежы – напрыклад, святых, або раскрытае, як сіняя брама, неба… З’яўлялася агіда да чырвонага колеру, да вострых прадметаў… Гэтая манія распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дайшла да Кёльна, Страсбурга, Меца… Тыя, хто выжыў у скоках, ішлі да магілы святога Віта, па ацаленне… А манія падарожжаў! У 1212 годзе маленькі пастушок з Вандома абвесціў, што да яго з’явіўся Бог. Малеча звёў за сабой у крыжовы паход 30 тысячаў дарослых мужчынаў! А манія прароцтва сярод дзяцей! Уяўляеце – стрыгункі па восем-дзевяць гадоў сотнямі прарокуюць і прамаўляюць такія паэтычныя і ўзнёслыя словы, што даступныя рэдкаму філосафу. А эпідэмія флагелянтаў – натоўп, які крочыць па вуліцах і збівае сябе бізунамі! Дзень, два, месяц! А паляванне на ведзьмаў – яно ж не проста так узнікла. Тысячы жанчын вар’яцелі на тым, што адчувалі зносіны з нячыстай сілай. І ў падмурку ўсяго – страх… Страх смерці…

– Усё, хопіць… – я нават кубак адставіла. – Добра, што мы не ў сярэднявеччы жывем.

– Вы так думаеце? – Макс весела прыжмурыў шэрыя вочы. – Чалавек не змяніўся ад таго часу, як адкусіў ад вядомага яблыка. Што з ім адбывалася – тое і адбываецца, толькі ў іншым выглядзе. Хіба не нагадваюць сярэднявечныя эпідэміі харэі паводзіны натоўпу дзенебудзь на рокерскім фестывалі? А ўспомніце канцэрты «Бітлзаў», або якой «Аббы»… Ці палітычныя мітынгі… Уключыце сёння тэлевізар – і перад вамі вынікі масавых псіхозаў.

– І, магчыма, іх прычыны, – падала ярэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла. – Прабачце, я стамілася…

Юрась і прафесар стаялі перад гадзіннікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак… Такі вялікі ў параўнанні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула змяя…

– Боммм…

Мужчыны пераможна заўсміхаліся, я нават пазайздросціла, што не маю дачынення да іх перамогі.

Макс абняў за плечы даследчыкаў.

– Самы час паведаміць – Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць – за кожны адрамантаваны гадзіннік вам прэмія па пяцьсот даляраў!


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации