Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 9


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 9 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Уладкоўвайцеся, і што трэба для працы – адразу нам кажыце. Дамовіліся? Я – Анатоль. А гэта – Ігар.

У пакоі меліся кандыцыянер і камп’ютар. Але мне было так трывожна, што замест таго, каб раскласці прывезеныя рэчы, падпарадкаваць сабе чужую прастору, я проста села на канапу, пакрытую белай атласнай коўдрай, і так і праседзела амаль гадзіну, перабіраючы ў думках падзеі апошняга часу, нібыта пацеркі з чорных перлінаў… І я амаль жадала, каб нітка, што звязвала іх, парвалася, і нешта назаўсёды згубілася ў бездані забыцця. Але нітка часу рвецца толькі разам з жыццём.

Другі паверх выглядаў зусім іначай, чым першы. Відаць, наверсе былі панскія пакоі, а ўнізе – для «абслугі». У панскіх стаяла антыкварная мэбля, на сценах – дываны, на іх – зброя… А ў сталовай – абедзенны стол з матавага цёмнага металу, і нават без абруса. Адны сурвэткі, звязаныя з тонкіх ільняных нітак. У металёвай паверхні люстраваліся лямпачкі, і здавалася, што посуд зараз паплыве. А на мне замест вячэрняй сукенкі – стары швэдар… Добра, што і Юрась выглядае гэткім жа «бедным сваяком». Затое, у адрозненне ад мяне, пра гэта зусім не думае.

– Гэта праўда, Ганна, што вы можаце прачытаць за гадзіну пяцьсот старонак тэксту?

Голас Пятра Калыванава быў гэткі ж рэзкі, востры, як аблічча. Расейскі магнат нагадваў мне, як ні дзіўна, Скарамуша – драўляную ляльку з італьянскага вулічнага тэатра: нос і падбароддзе – як шчыпцы, чорныя вочы маленькія, але жудасна пранізлівыя, валасы зачасаныя назад – толькі стракатага раздвоенага каўпака не хапае. На экране тэлевізара магнат выглядаў больш мажным, прыемна паўнаватым, скрадвалася вуглаватая, небяспечная вастрыня. Вакол гэтага чалавека нешта адчувалася… Сказаць – «сіла» – неяк па-джэдаеўску… Сказаць «харызма» – па-газетнаму… Цяжка было ўявіць, што з ім можна спрачацца. Аднак ён нечакана шмат ведае пра мяне…

– Магу чытаць і хутка… Але насамрэч мне падабаецца цешыцца з тэксту. Калі тэкст, вядома, гэтага варты.

Мой адказ не быў надта ветлівы ад таго, што я страшэнна бянтэжылася.

– Вы валодаеце польскай і нямецкай, – працягваў гаспадар нібыта чытаў маё дасье. – І ў вас своеасаблівы талент следчага. Мне расказвалі, як вас пакінулі без нагляду на паўгадзінкі ў кабінеце судовага архіва, а пасля вы напісалі артыкул, цытуючы напамяць дзясяткі дакументаў з таго кабінета. Гаспадара якога, дарэчы, пасля гэтага звольнілі. Журналісты непераборлівыя ў сродках, га?

Калыванаў па-змоўніцку падміргнуў мне.

– У мяне было ўсяго дваццаць хвілінаў,– буркнула я. – А справа тычылася вывезеных з мясцовай царквы каштоўнасцяў, якія ў розныя эпохі па чарзе прыўлашчвала начальства. Я не люблю, калі бароняць чыноўных злодзеяў.

Калыванаў раптам шчыра засмяяўся, але ягоны смех падтрымаў толькі Віталь Янчын. Потым магнат пачаў свідраваць позіркам Юрася.

– Гэта вы адладзілі музычны куфэрак жонкі Саксаганава? Быў пару месяцаў у іх у гасцях, хваліліся… Мілая такая штучка. Лялечны тэатрык у мініяцюры. Складана было рамантаваць?

Юрась пасміхнуўся:

– «Складана!» Ды там ніводнай цэлай дэталі не засталося. Фігуркі рухаюцца на некалькіх ярусах, спектакль разыгрываюць, а дэталі медныя, усе рассыпаліся. Паўгода важдаўся.

– Добрая праца! – сур’ёзна пахваліў Калыванаў.– Саксаганскі за куфэрак дваццаць кавалкаў аддаў, і ніхто адладжваць не браўся. Нават у Швейцарыі. Я заўсёды казаў, што славянскія самародкі ўсіх замежных свяцілаў у лапці абуюць. Колькі талентаў хоць бы за гэтым сталом! – Калыванаў агледзеў прысутных. – Вось гэты паважаны чалавек, Зміцер Патапавіч – прафесар фізікі. А таксама знаўца любой найтонкай электронікі. Без дапамогі Зміцера Патапавіча гэты дом даўно б заняпаў….

Сівы старэча ў акулярах з круглымі і тоўстымі, нібы два ледзякі, лінзамі ветліва кіўнуў мне з другога канца стала.

– А той прыемны малады чалавек у белым пінжаку – спецыяліст, так бы мовіць, па мазгах, – працягваў гаспадар прадстаўляць гасцей.

«Спецыяліст па мазгах», сапраўды вельмі прыемны бялявы хлопец, які сядзеў насупраць, прыветна памахаў рукой.

– Завіце мяне Макс.

– Ужо прабачце, пераняў я на Захадзе звычку ўвесь час карыстацца паслугамі псіхолага, – ветліва патлумачыў Калыванаў.– Справа Макса – папярэджваць канфлікты, выслухоўваць скаргі, сачыць за здароўем насельнікаў гэтага дому… Ну, Віталя Янчына ўсе ведаюць, – магнат павярнуўся да нашага былога выкладчыка, які сядзеў злева ад яго. – Арганізатар геніяльны…

Янчын трохі няшчыра ўсміхнуўся – вядома, я таксама б пакрыўдзілася: ані слова пра творчыя здольнасці.

– А таленты гэтых маладых людзей я нікому не раіў бы выпрабоўваць на справе. – Калыванаў паказаў на ахоўнікаў, што выстраіліся ля сцяны ганаровай вартай, нібыта хваліўся чарговай калекцыяй.

Магнат пачакаў, пакуль афіцыянт (ці як ён там у панскіх дамах называецца, можа, як пры каралеўскім двары, падчашы?) разалье па келіхах напоі, і падняў свой келіх уверх.

– За вашыя поспехі! Заўтра раніцой – зноў да гадзіннікаў, сябры.

Прымусьце іх загаварыць. У вас для гэтага ёсць усё – талент, час, грошы… Прафесар распавёў мне, што ўзніклі складанасці з рамонтам, нейкія там старажытныя сакрэты, але я веру, што вы справіцеся. На саракавінах па маім сябры гадзіннікі мусяць працаваць дакладна так, як у пятнаццатым стагоддзі! Дакладна так!

Здаецца, нічога дзіўнага не было сказана. Толькі я заўважыла, як прафесар скрывіў вусны – з’едліва так, нядобра скрывіў. І мне стала зноў трывожна. Я зірнула на Юрася і сустрэла ягоны спакойны пагляд. Чаму я ўсхадзілася? Даюць добрую працу – рабі. Што я, пра тыя гадзіннікі не напішу, пра вежу? А пра Аркадзя, беднага, дык проста грэх не напісаць. Але пастукванні посуду аб металёвы стол не спрыялі майму спакою, а хутчэй нагадвалі непрыемнае – напрыклад, як зубны ўрач перабірае ў маленькай бліскучай місачцы інструменты.

Мне чамусьці падумалася, што свае дзве тысячы мне давядзецца адпрацаваць напоўніцу.

Войска Вялікага князя ўязджала ў горад няспешна, без асаблівай урачыстасці. Мо з сотню чалавек моўчкі назіралі за шыхтам, стоячы ля дамоў, вокны якіх былі забітыя накрыж. Яркія ўборы прыхадняў нібыта ганьбілі жалобную цёмную вопратку гараджанаў. На цнатліва белай паверхні першага снегу заставаліся чорныя сляды, і здавалася, што чужынцы нясуць за сабой гэтую чарнату, вядуць яе ў апусцелы горад, чые вуліцы былі яшчэ нечапана белымі. Чуваць было толькі, як стукаюць па бруку падковы коней ды пабразгвае вупраж. Ды яшчэ – вар’яцкае «Хе-хе-хе» княскага блазна Карэйвы, хударлявага, пачварна сагнутага ў крук – блазан і на кані сядзеў не па-людску, а амаль лежачы, у адмысловым сядле, падобным да залачоных ночваў. Усё княства ведала, што Карэйва пасмейваецца ўвесьчасна, нібы жаба квакае. Сагнула Карэйву пасля таго, як пабыў у лёхах замка аднаго з магнатаў, ды не як госць. За што небараку гэтак катавалі, ніхто не ведае. Розум востры, наколькі можа быць вострым ва ўбогага вар’ята, і блазан умеў пацешыць сваіх гаспадароў. Але, можа, менавіта гэтае пахехекванне ўрэшце надакучыла Вялікаму князю, які падарыў былога ўлюбёнца пану Лаўрыну Рожы – новаму войту Старавежску. Вось і ён, Рожа, у срэбным жупане, у гарнастаях і дыяментах. Аблічча шырокае, спрэс у шнарах. Прабіўся да высокай пасады нялёгка, не з багацеяў. Ад простага воя шлях прайшоў. Княскі хорт, гатовы перагрызці горла за гаспадара нават святому. Побач – ягоны верны хорт, соцкі Баркун, падобны да мядзведзя. Гэты не меў літасці, напэўна, нават да ўласнае калыскі.

Чужынцы ехалі праз горад. Некаторыя старавежцы шапталі скрозь сціснутыя зубы праклёны… Ляцяць каршукі на падлу… Іншыя – іх было больш – паглядалі з надзеяй. Хіба горай будзе? А раптам – да лепшага новая ўлада? Самім усё роўна не акрыяць.

Перад уездам на пляц з ратушай, там, дзе пачыналася варта, выстаўленая Гервасіем Бернацоні, гасцей чакалі. Ацалелыя ад пошасці і скокаў смерці радавітыя гараджане жадалі перамоваў. Лаўрын абвёў вачыма тых, хто перагарадзіў яму шлях: тузіны тры… Няшмат вас, панове. Погляд звыкла вылучыў тых, хто заслугоўваў увагі. Малады шляхціц з чорным віхорам, які выбіўся з-пад шапкі з дыяментавым «гузам», глядзіць дзёрзка, непакорліва; таўсматы пан з доўгімі сівымі вусамі і прыжмуранымі, нібы ад нянавісці, вачыма. І руку ўпёр у бок, а другая на дзяржальне шаблі…

– Вітаем у нашым горадзе пасланцаў Вялікага князя!

Бач, гаспадары аб’явіліся! Лаўрын грозна нахмурыўся.

– Я ваш новы войт. Увечары я вас выслухаю. А зараз – сыдзіце з дарогі.

Вочы маладога шляхціца гарэлі сінім халодным полымем, нібыта зоры ў мароз.

– Наш горад яшчэ жывы! І ягонае магдэбургскае права не адмененае! Ёсць сем чалавек з гарадской рады. Вось – бурмістр, пан Варава Ляскевіч.

Сівавусы ганарыста кіўнуў галавой.

– Ляскевічы заўсёды абіраліся ў раду. Яе ж абірала капа, веча… А рада абірала войта. І не іначай.

Шляхта за спінай сівавусага ўхвальна загула.

Лаўрын пасміхнуўся ў вусы. Бач, вадзіцца ўздумалі… Але заядацца не выпадала. Рожа быў стары ваяка, пры княскім двары за трыццаць гадоў нагледзеўся ўсялякага… Уменне весці перамовы не менш важна, чым жалезная пальчатка на руцэ, якой трымаеш цяжкі меч. Рожа няспешна злез з каня – хай бачаць, што ён не вораг. Але прыніжацца таксама нельга – стопчуць адразу.

– Хіба ў Старавежску гэтак прынята вітаць гасцей? – цяпер голас новага войта гучаў мякка, як поступ коткі, што падбіраецца да птаха. – Вялікі князь хоча дапамагчы вашаму гораду ў бядзе. У яго няма інакшых мэтаў.

Хрыплы смех блазна Карэйвы парушыў урачыстасць словаў.

– Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосці! Важныя ў вас госці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!

Новы войт злосна зірнуў на блазна – што з дурня возьмеш.

– Мне загадана ягонай мосцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.

– І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! – выкрыкнуў сінявокі рыцар. – І аддаваў на княскі суд, хто князю не ўгодзіць! У халопы месцічаў запішаце.

– Магдэбургскае права ў нас ніхто не забярэ! – крыкнуў стары шляхціц.

– А навошта князь свайго біскупа прысылаў? – азваўся яшчэ адзін. – Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака – скуру. Ганьба!

Рожа нават брывом не зварухнуў на дзёрзкасць. Яшчэ не час. Між тым дзесьці ў канцы вуліцы пачуліся радасныя выкрыкі. Лаўрын задаволена пасміхнуўся, нават не азіраючыся, ведаў: гараджане ўбачылі абоз, які ехаў за войскам – калёсы, гружаныя мяхамі з зернем, бочкамі з медавухай… Цяпер горад адданы князю. І фанабэрыстыя шляхцюкі, якіх абышла сваёй увагай нават смерць, застануцца пры сваіх крыўдах і без усялякае моцы. Такія ёсьцека ў кожным горадзе, які належыць князю. Гэта нават добра – вось яны, гарладзёры, крычаць, пустасловяць, а велікадушны ўладар ім даруе ад магутнасці і справядлівасці сваёй. І просты нямудры чалавек ведае: бяда, калі гэтыя задзіракі да ўлады дабяруцца. І яшчэ больш любіць магутнага справядлівага князя. І заўсёды ёсць каго звінаваціць у нястачах і бедах дзяржавы. Услых Лаўрын прамовіў, аднак, іншае.

– Мы – адзін народ, пане-браце. Слова гонару – я буду бараніць вольнасць Старавежску гэтак жа, як вы, панове.

– Хе-хе-хе! – зноў зайшоўся хрыплым смехам кручок-Карэйва, і рэхам прагучэла карканне варон, што кружылі над пляцам, быццам чорныя багі смерці пяшчотных сняжынак, якія апускаліся на горад.

Не, сапраўды, ад гэтага дурня варта пазбавіцца…

– Кожнае каліўца волі дарагое ліцвінскаму сэрцу, – сурова прамовіў сівавусы. – Таму без супраціву не вытапчацца ніводнае. Чаму дасланы князем лекар Бернацоні не пускае нас да ратушы?

– Італіец – вядзьмак! – выкрыкнуў нехта са старавежцаў.– Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!

Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.

– Мы не можам звінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў не маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя смерцю, куды шмат хто не насмеліўся б занесці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратавання ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну… Магчыма, гэта мая дачка Анэта.

Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў:

– Адкуль такія звесткі?

– Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў акне ратушы. Сінявокі шляхціц ступіў наперад:

– Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!

Рожа прымірэнча падняў далоні.

– Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут з’ясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсць яна ўвогуле… Вядома, гвалт над паненкай – ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты – адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.

– Мы пойдзем з вамі ў ратушу! – гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не спяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.

– На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы Святога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп не зладзіць чын выгнання шатана, пакуль не пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада, – вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.

– Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, танчыць, як лялечкі на вяровачках… – пранізлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы смяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са світай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сцяг незалежнага горада – са срэбным коннікам на барвова-белым полі.

– Хе-хе-хе! – вар’яцкі смех блазна слаўся над пляцам разам са смярдзючым дымам ад вогнішчаў. Чорныя сляды разразалі напалам бялюткае покрыва першага снегу.

– Анэ-эта! – адчайна крычаў малады шляхцюк, ірвучыся праз ахову да ратушы. – Анэ-эта!

– Анэ-эта!

У дзверы настойліва стукалі. Я падхапілася з ложка. Сэрца шалёна білася. Спатрэбілася некалькі хвілінаў, каб прыпомніць, што я знаходжуся ў маёнтку Пятра Калыванава, а за дзвярыма гучыць голас Юрася.

– Анэта, уставай! Праз пяць хвілінаў сняданак!

Мог бы і раней мяне пабудзіць… Добра, што я даўно ўжо не марную час на касметыку. Запляла касу, улезла ў джынсы і швэдар… І, замест таго, каб ірвануцца да свецкага жыцця, павольна падышла да акна… Унізе чарнелі дрэвы старога парку. Ноччу першы снег прыцярушыў зямлю, і голле скрыжоўвалася на белым фоне, як саржавелая зброя. Але ў гэтым адчувалася не злосць, а нейкая безнадзейнасць, нібыта самі драўляныя воі ведалі, што іх бітва даўно не мае сэнсу, і пераможцаў не будзе. Ды аднойчы дадзенае слова гонару змушала іх зноў і зноў сыходзіцца ў змаганні.

Калісьці гэта быў вельмі прыгожы парк. Сцяжынкі між роўна падстрыжаных кустоў утваралі ромбы і віньеткі, і лёгка было ўявіць, як па іх рухаюцца-плывуць пані і паненкі ў доўгіх сукнях, падобных да перавернутых чарак з каляровага шкла. Дзіва, што новым гаспадарам хапіла густу не вынішчаць старыя прысады. Дарэчы, наўрад ці ўзрадаваліся б былыя гаспадары, інсургенты і патрыёты, што ў іхніх сценах атабарыўся расеец, ды яшчэ, здаецца, замяшаны ў брудныя палітычныя справы… Калыванаў якраз і з’ехаў займацца палітыкай, губернатарам нацэліўся стаць.

Гадзіннікі стаялі ў памяшканні цокальнага паверха, аніяк не падобным да музейнае залы. Хутчэй да велізарнай лабараторыі. Прынамсі, незразумелай мне апаратуры тут мелася багата. У другім канцы пакоя, дзе цямнелі вялікія, нібыта гаражныя, дзверы, збліснуў лакавы бок старога аўтамабіля… Ах так, Віталь казаў пра майстэрню па рамонце антыкварнай тэхнікі… Аркадзевы гадзіннікі я пазнала адразу – яны стаялі ля сцяны і нагадвалі цяпер не рыцараў, а палонных. Прафесар Зміцер Патапавіч ледзь не носам тыцкаўся ў кожны з іх, аглядаючы. Астатніх гадзіннікаў было дзясяткі тры… Адны падобныя да маленькіх храмаў, другія – простыя і змрочныя, як труны, трэція – нібыта дзіцячыя забаўкі. Юрась так і кінуўся да іх, нібыта да аднойдзеных сардэчных сяброў. Я заўсёды зайздросціла тым, хто займаецца сваёй улюбёнай справай, хаця і сама калісьці была сярод такіх шчасліўцаў. Цяпер – толькі назіраць… Вось Юрась пяшчотна дакранаецца да старога дрэва… Вось ён нешта заўважыў на бакавой сценцы, і пагляд зрабіўся, як лязо. Прыгаворвае скрозь зубы… Упэўнена адчыняе дзверцы механізма, асцярожна кратае нешта ўнутры… Прысутныя, уся «доследная каманда» на чале з Янчыным, моўчкі назіралі за ягонымі рухамі, нібыта родзічы хворага чакалі прысуду цуда-лекара. Нават прафесійна-іранічны «псіх» Макс пасур’ёзнеў. Нарэшце Юрась павярнуўся да нас. Твар ягоны ззяў, як ва ўдалага рыбара.

– Можам павіншавацца! Гадзіннікі з вежы – усе тут! Вось гэты, з караблём… Гэты, з крыжам і ружамі… І той, чорны, з рыцарам… Калыванаў усе ў Польшчы за адным разам купіў, так? Я каталог аўкцыёну бачыў. Не паспеў Аркадзь паўдзельнічаць… Наконт гадзінніка з месяцам я не ўпэўнены, надта ж пашкоджаны, але хутчэй за ўсё – і ён належаў таемнаму Бернацоні…

Ахоўнікі, знаёмыя нам ужо Ігар і Анатоль, кінуліся паводле Юрасёвых указанняў перастаўляць патрэбныя экспанаты. Лішнія гадзіннікі беражліва і паспешна, як паважаных, але надакучлівых гасцей, адпраўлялі за дзверы. Урэшце ў пакоі іх засталося дванаццаць… Віталь Янчын абняў былога вучня.

– Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў! Юрась асцярожна вызваліўся з абдоймаў.

– Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.

– А нам любога не трэба! – Янчын захіхікаў, але абарваў смех і амаль строга дадаў.

– Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасць, так бы мовіць, агульны накірунак.

Зміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.

– Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось… Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу – усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіннікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.

Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзінніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ… Нешта пакруціў унутры гадзінніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон… Гук быў нечакана пранізлівы, непрыемны, аж зубы занылі… Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ… Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.

– Вось так, – прафесар пераможна абвёў усіх паглядам, нібыта давёў складаную тэарэму.

– Ну і што? – сярдзіта прагаварыў Янчын.

Прафесар здзекліва зірнуў на Віталя скрозь свае лінзы.

– Для вас, можа, і нічога дзіўнага, а вось для навукоўца – надзвычай. Вось што пра гэтыя гадзіннікі гаворыцца ў адным старажытным дакуменце… – Прафесар дастаў з кішэні зашмальцаваны, складзены ўчацвёра аркушык, падобны да ліста ад колішняй каханай, які носяць пры сабе і перачытваюць, настальгуючы. Зміцер Патапавіч разгарнуў ліст і зачытаў: «І які б сасуд, шкляны, або парцалянавы, ні паставіць у іх кола, ён будзе разбіты іх голасам».

– Ну, гэта казкі…– пракаментаваў Юрась.

– Прафесар, аднак, не зазлаваў, толькі ўсмешка зрабілася пагардлівай.

– Запэўніваю вас, што гэта абсалютна магчыма. Я бачу ў гэтых механізмах мноства прыстасаванняў для рэгуляцыі вышыні гука, утварэння рознага віду вібрацыяў. Гэта ўсё роўна як аркестр з невядомых нам інструментаў. Вялікія спевакі маглі голасам шклянку разбіць… Шаляпін, Каруза… Вось такая наша задача – каб гадзіннікі і сёння маглі разбіваць шкло.

Янчын шумна ўзрадваўся.

– І праўда, якая рэклама! Турысты валам папруць, каб паглядзець на такі фокус!

– А дапаможа нам спадар Юрась, які адладзіць старажытныя механізмы, і шаноўная Ганна, – бялявы псіхіятр адвесіў мне галантны паклон. – За гэтыя дні мне ўдалося здабыць тое-сёе па гісторыі Старавежска і асобе Бернацоні. Ды яшчэ Лілія Пятроўна перадала дакументы і кнігі, якія збіраў яе муж. Мы папросім вас, Ганна, як мага хутчэй прагледзець паперы і вылучыць усё, што тычыцца незвычайных падзей у Старавежску і вакол гадзіннікаў. І – пачынайце пісаць свой тэкст. Ігар праводзіць вас у кабінет.

Чарнявы ахоўнік ветліва паказаў на дзверы ў другім канцы майстэрні. На парозе я азірнулася. Юрась стаяў на каленях перад гадзіннікам з драўляным грыфонам, разглядаючы яго нутро… Я ўспомніла, як былы муж не так даўно стаяў на каленях перада мной…

Пакой, які мусіў часова стацца маім кабінетам, быў шыкоўны.

Камп’ютар з выхадам у сусветнае сеціва, паліцы, застаўленыя энцыклапедыямі і даведачнай літаратурай на любы густ, на стале – таксама папяровая гара. Што значыць – вялікія грошы! Пры адным паглядзе на стос ксеракопіяў і рукапісаў у мяне затахкала сэрца, нібыта я дагнала сарваны ветрам капялюш. Людвісараўскі летапіс у польскім перакладзе! Арыгінал ужо два стагоддзі лічыўся зніклым, і нават ягоны пераклад, зроблены напрыканцы 18 стагоддзя варшаўскім археографам, які жадаў, каб каштоўны гістарычны дакумент належаў выключна польскай гісторыі, быў рэдкасцю. Прынамсі, старавежскія краязнаўцы расказвалі мне пра кнігу, дзе напісана пра іхні горад шмат цудаў, як пра міф.

Пра Старавежск у летапісе сапраўды згадвалася часта. Праўда, складаўся гэты летапіс ужо ў 16 стагоддзі, і тое, што было раней, перадавалася па чутках. Першая згадка тычылася таго, што ў 1423 годзе на горад абрынулася «Божая кара», і палова месцічаў вымерла ад пошасці. Я ўспомніла гравюру, што вісела ў мяне дома. Што ж, у гэты час падобнае адбывалася па ўсёй Еўропе… Старавежск так і не акрыяў пасля бяды. Хаця перад Вялікай Пошасцю супернічаў з самымі магутнымі гарадамі свету і фактычна ўяўляў з сябе дзяржаву ў дзяржаве – быў час, калі кроілася карта кантыненту, больш магутныя ўладары падміналі пад сябе маленькія вольныя княствы, і наадварот, князі, якія адчулі моц, аддзяляліся ад сюзерэнаў, утвараліся ліліпуцкія каралеўствы і новыя імперыі… Шанец даваўся кожнаму.

Старавежск гістарычна, відаць, быў асуджаны стаць часткай вялікай дзяржавы. Але ж месцічы, якія жылі ў багатым вольным горадзе, напэўна, пра гэта не ведалі, і наўрад паверылі б, каб хто пачаў ім тлумачыць. Цікава, што вольнасць і моц Старавежска палягалі не на ганарлівасці ўдзельнага князя, які бярэцца «ў рожкі» з больш магутнымі. Горад уяўляў з сябе нешта падобнае да арыстакратычнай рэспублікі – самая плённая для гандлёвага места ўлада. Але з сярэдзіны 15 стагоддзя пачаў пераходзіць з рук у рукі ўлюбёнцаў Вялікага князя. Ну а ў Рэчы Паспалітай, а пасля – Расейскай імперыі гісторыкі амаль перастаюць згадваць пра заняпалае мястэчка і ягоную былую славу.

Знайшлася і легенда пра ратушу.

Прыйшла ў горад Смерць. А каб ніхто яе не пазнаў, прыняла аблічча прыгожай дзяўчыны з валасамі, як золата. І ўсе, хто бачыў яе, беглі за ёй «няістава» і паміралі, і вялікі «лупеж», здабычу залатавалосая смерць сабрала ў Старавежску. І толькі апоўначы заходзіла яна адпачыць у вежу. Роўна на адну хвіліну, пакуль б’е звон на царкоўнай званіцы. Тады паставілі ў вежу дванаццаць «дзыгароў», гадзіннікаў, якія маглі гучаць, як царкоўны звон. І, як толькі смерць у чарговы раз зайшла на адпачынак, «з апостальскім блаславеннем» пачалі яны званіць адзін за другім, і са смерцю «шаленства вялікае ўчынілася», і не ведала яна, калі праміне апоўнач, і не магла выйсці, пакуль гадзіннікі б’юць. Уваход у вежу з малітваю і асвячэннем замуравалі.

Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасцямі.

Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе… Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы смерці, «дзыгары», якія існавалі, як высветлілася, цалкам рэальна… Не варта забывацца, што ратуша – гэта сімвал волі, магдэбургскага права… Менскую ратушу знеслі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасці і незалежнасць…

Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са смешным прозвішчам Рожа, якога прызначыў кіраваць горадам Вялікі князь. Было гэта адразу пасля Вялікай Пошасці. Я хуценька пачала накідваць для артыкула Аркадзеў радавод, не шкадуючы рамантычных адценняў. Дадавала і звесткі з Аркадзевай біяграфіі, клапатліва раздрукаванай у некалькіх асобніках – мецэнат і фінансавы геній. Што ж, святая справа – сказаць добрае слова пра нябожчыка. Трэба ж такому здарыцца: толькі сустрэліся праз адзінаццаць гадоў – і некралог пішу. Бедны Аркадзь. Юрася падтрымліваў, мне дапамогу абяцаў. Дый так, лічы, дапамог, хоць вось у такіх трагічных абставінах – столькі грошай зараблю, жыву на ўсім гатовым у нечувана шыкоўных умовах… Я ўспомніла, колькі разоў Аркадзь, калі быў старастам нашага курса, дапамагаў мне хаваць «сачкаванне» з лекцыяў, як частаваў мяне на кожным перапынку булачкамі – пакуль я не звязалася з Юрасём… І ў маім тэксце з’явіўся яшчэ адзін вытанчаны эпітэт пра высакароднага мецэната.

А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакладзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 года. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіннікаў!

Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсць праца… Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказанні сведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім смяротным ворагам – гэта быў адзіны спосаб адвесці чыесьці паказанні,– але жывёльная нянавісць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Не дзіва – сведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.

«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага звання, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваннем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Святой Царквою. Мы маем таксама сведчанні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваванні і вядзьмарстве святой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расследвання і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваннем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёння ж, у тры гадзіны папоўдні».

Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі святую ваду з кропляй воску ад грамнічнай свечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія надзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаванні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэнні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі – лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі спіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на спіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат звязаў яму рукі за спінай вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі… Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара… Але, мабыць, досыць… Пытанні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся заўчасныя роды, і нарадзіла яна чарнявае д’ябалятка, падобнае да цябе» перамяжаліся цытатамі з Бібліі («чыя душа схіляецца да магаў і валхвоў, і з імі блудзіць, супраць таго хачу я ўзняць меч свой і нізрынуць са статку народа свайго»). А таксама дэталямі пра вывернутыя суставы, струменьчыкі крыві з-пад пазногцяў раструшчаных пальцаў і стогны катаванага. Ад якога, аднак, не дабіліся ні слова прызнання віны. Як несумненная праява д’ябальскага ўплыву было адзначана, што катаваны не крычаў і не плакаў, толькі «стагнаў, падобна зверу».

Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў: – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх паслядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць святую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зняможаным вязнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым спінай уперад, мелі пры сабе соль, асвечаную ў Вербную нядзелю, і штохвілі хрысціліся і чыталі малітвы.

Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.

Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказанняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумлення», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.

Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіннікі. Энрыке сцвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць слёзы раскайвання. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіннікаў, але той кожны раз губляў прытомнасць ад іх «д’ябальскага звону».


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации